Будаўнічая лексіка ў гаворках гомельска-бранскага памежжа

0
287
Лексіка будаўнічая беларуская мова

Традыцыйная народная культура памежжа фарміруецца пад уплывам розных гісторыка-этнаграфічных, сацыяльна-палітычных і канфесійных фактараў. Яе фарміраванне адбываецца ва ўмовах працяглых этнічных кантактаў і складанага ўзаемадзеяння розных нацыянальных груп. Гомельска-бранскае памежжа — тэрыторыя працяглых інтэнсіўных гісторыка-культурных і этнічных кантактаў. Культурная прастора гэтага рэгіёна выклткае цікавасць для даследавання як у беларускіх, так і рускіх вучоных.

Прадметам нашай увагі з’яўляюцца будаўнічыя назвы, якія ўжываюцца ў беларускіх гаворках гомельска-бранскага памежжа. Асновай для назіранняў паслужылі матэрыялы, сабраныя ў час дыялекталагічных экспедыцый на тэрыторыі Веткаўскага, Добрушскага, Гомельскага і Чачэрскага раёнаў Гомельскай вобласці (Даследаванне выконваецца ў межах руска-беларускага навукова-даследчага праекта па дагавору Г12Р-030 ад 15 красавіка 2012 г. і з’яўляецца працягам наступных публікадый [1]).

Як адзначаюць даследчыкі, народнае жыллё мела пэўныя лакальна-тыпалагічныя асаблівасці, якія праяўляліся ў функцыянальнай размежаванасці ўнутранай прасторы, колькасці пабудоў сядзібнага комплексу, адрозніваліся будаўнічай тэхнікай, унутранай планіроўкай, вонкавым выглядам жыллёвых пабудоў [2, с. 62].

Будаўнічая лексіка на тэрыторыі гомельска-бранскага памежжа надзвычай разнастайная паводле лексіка-тэматычнай характарыстыкі. Яна называе тыпы і віды жылых і гаспадарчых пабудоў і іх частак, спосабы пабудовы, назвы будаўнічага, уцяпляльнага і абліцовачнага матэрыялу.

Агульнымі назвамі жылых пабудоў на гэтай тэрыторыі з’яўляюцца лексемы хата, дом: Проста хата называем (в. Свяцілавічы, Ветк.); Дом у нас складаўся з двух пакояў, сенцаў, калідора і ганка (в. Покаць, Чач.).

Унутраныя памяшканні жылога дома называюцца: комната ‘пакой’, пярэдняя хата, пірэдня ‘частка хаты, дзе размяшчалася зала, спальня’, і задняя, у якой кухня і кладоўка з прадуктамі: У пярэдняй хаце было чысцей, чым у другіх (в. Покаць, Чач.); Задняя хата заўсёды была з печчу (в. Неглюбка, Ветк.). Заднюю хату называлі таксама кухняй, трэцяй хатай: Там, дзе печ стаіць, эта трэцяя хата (в. Грушаўка, Добр.). Была і летняя кухня, на якой гатавалі ежу ў цёплую пару года Пры ўваходзе ў хату будавалі памяшканне, дзе знаходзіцца абутак і верхняе адзенне — прыхожая, прыхадная, карыдорчык.

Печкай для ацялення хаты служыла груба, грубка, а для прыгатавання ежы — пліта: Каб цяпло было, трэба, калі выпаліш грубу, закрыць юшку (в. Неглюбка, Ветк.). На пліце вару. Пліта ў меня вось там стаіт (г. Добруш). Газавыя пліты, якія з’явіліся ў наш час, называюць газ: А газ я паставіла на летнюю кухню, там лягчэй (Івакі, Добр.). Пры выкарыстанні газавага або паравога ацяплення выкарыстоўваецца топка: Для топкі заказвалі торф (г. Добруш).

Верхняе ўнутранае пакрыццё памяшкання ў гаворках дадзенага рэгіёна называецца с толя, столь, патсиїок, суфіт, памяшканне паміж столлю і дахам — чардак, чердак, чэрдак, вышкі, гара, гарышча: Ну, столь ці патсиїок шчэ ў нас гавораць (в. Залессе, Чач.); На чардаку захоўвалі розныя непатрэбныя рэчы (в. Колбаўка, Ветк.).

Насціл, па якім ходзяць у хаце — падлога, пол, мост, масніцы: Падлога ў нас з досак была, у асноўным з сасны (в. Свяцілавічы, Ветк.); У нас мастом называлі верхнія дошкі, якія аддзялялі падмосце ад памяшкання (в. Покаць, Чач.). Асновай для сцен будынка з’яўляўся фундамент, хундамент: Всегда закладывалі сначала фундамент, а тады і дом увесь строілі (в. Залессе, Чач.).

У хаце заўсёды былі окны: Окны з хаты завешвалі фіранкамі (в. Церахоўка, Добр.). Стаўні, якімі іх закрываюць, імянуюцца быконкі, абаконкі, аканіцы, стаўні, маленькі праём у акне — фортка, фортачка, верхняя створка акна ці дзвярэй — фрамуга, ніжняя частка акна — падаконнік, драўляныя карункі вакол акна — налічнікі: Быконкі размалёўваліся, аздабляліся фігуркамі (в. Пакалюбічы, Гом.); Аканіцы розныя былі: і дзеравянныя, і жалезныя (в.Залессе, Чач.); Налічнікірабілі не ўсе (в. Колбаўка, Ветк.).

Верхняя частка будынка ў дадзеным рэгіёне має найменні крыша, страха, дах; дзве дошкі, якімі накрываецца грэбень страхі — канёк, вільчык; труба на даху для праходу дыму — комін, дымнік, труба: Дах раньше з саломы рабілі (в. Свяцілавічы, Ветк.); Дымнікі ета ж трубы, комін па-другому шчэ (в. Залессе, Чач.).

Верхняя частка фасада мае назвы хрантон, франтон, закота; частка даху, што навісае над франтонам дома, — падакотнік; дошкі, прыбітыя да надвісаючай над франтонам часткі даху з двух бакоў, — ветраніцы: Вон там наверху на крышэ трэугольнік — хрантон называеща (в. Грушаўка, Добр.); Падакотнік абараняе ад залівання дажджу (в. Покаць, Чач.).

Матэрыял, які выкарыстоўваўся для пабудовы жылля, меў у гэтым рэгіёне агульныя назвы драўніна, лес: Драўніну усякую вьікарыстоўвалі, як хто мог (в. Свяцілавічы, Ветк.); Калі мы строілі хату, то лес вазілі здалеку (в. Негяюбка, Ветк.). Відавымі назвамі будаўнічага матэрыялу ў адносінах да адзначанай радавой былі сасна, дуб, елка, асіна: Сасну прывазілі, абшалёўвалі яе, а пасля ўжо будавалі хату (в. Неглюбка, Ветк.); Дуб бралі на ніжнія вянкі хаты (в. Пакалюбічы, Гом.); Елку вьікарыстоўвалі для дошак на падлогу (в. Пакалюбічы, Гом.).

Для пакрыцця даху ў розныя часы выкарыстоўвалі розны матэрыял: с алому, чарэт (чарот), дранку ‘тонкія дошкі тонкія для пакрыцця даху’, клёпку ‘кароткія дошчачкі’, чарапіцу, шыфер: На крышу клані солому, а зараз ьиыфер (в. ІДерахоўка, Добр.); Раней чарэтач пакрывалі дахі (в. Неглюбка, Ветк.).

Уцяплялі хату апілкамі, тысай, пакляй, мохам, дубовым лісцем, глінай: На чардак сыпалі тырсу (в. Старое Сяло, Ветк). Мохам тады ўцяплялі — на бярвенне лажыўся мох (в. Свяцілавічы, Ветк.); Насыпалі замест апілак і дубовы ліст, мох (в. Покаць, Чач.); Глінай уцяплялася хата. Я брала гліну да па шпарах замазывала (в. Старое Сяло, Ветк.). Для ўцяплення хат без фундамента вакол дома рабілі насып з зямлі і саломы, які называлі завалка, заўгаліна: Калі рабілі завалку, то бралі кулі саломы, рэзалі іх папалам, прысыпалі зямлёй (в. Фёдараўка, Ветк.).

Для тынкавання хаты найчасцей выкарыстоўвалі гліну. Асновай для тынкавання глінай і вапнай хаты была лучына: На сцены набівалася абрашотня з лучыны — тонкіх драўляных плямачак. Потьім абмазвалася глінай, бялілася (в. Покаць, Чач.). Для атынкоўкі хаты прыстасоўвалі таксама сеткі: Лучынкі сасны аббівсиїі сеткай. Шчыкатурылі (Свяцілавічы, Ветк.). Драўляны матэрыял для абшыўкі хаты называўся абналічка, шалёўка: У нас хаты дошкамі аббівалішалёўкай інач. А яшчэ некаторыя красілі (в. Свяцілавічы, Ветк.).

Гаспадарчыя пабудовы, якія прызначаліся для захавання прадуктаў сельскагаспадарчай працы, сабранага ўраджаю, інвентару, утрымання жывёлы і г. д., называліся ў гаворках Гомельшчыны на тэрыторыі гомельска-бранскага памежжа амбар, гумно, пуня, клуня, хлеў, сарай і інш.: У гумне мы заўсёды захоўвалі зерне (в. Покаць, Чач.); Пасярэдзіне гумна размяшчалася пляцоўка (звычайна гліняная) для малацьбы — ток: Ток быў з гліны такі, на тым таку снопы цапамі білі (в. Свяцілавічы, Ветк.); Свірняета той амбар, дзе зерне хаваюць (в. Свяцілавічы, Ветк.); У ёўні сушылі зерне (в. Покаць, Чач.).

Пабудова для ўтрымання хатняй жывёлы гаворках Гомельшчыны на тэрыторыі беларуска-рускага памежжа мае назвы сарай, хлеў. Акрамя іх, ужываліся таксама спецыяльныя найменні, якія ўказвалі на від утрымліваемай там жывёлы: парасячы котушок, свінарка, свінарнік, куратнік, куросадня, кароўнік, кароўскі хлеў.

Важным клопатам у хатняй гаспадарцы лічылася нарыхтоўка і захаванне сена і дроў. Будынак для захавання сена называўся пуня, сенная пуня, сяннік, сенавсиі, скірдоўка. Каркасная гаспадарчая пабудова для прасушвання і захавання сена або дроў — павець, падпавець, падпавецце, навес, драўнік, траскаўня.

Немалаважнае значэнне для вясковых жыхароў мела нарыхтоўка і захаванне прадуктаў харчавання. Прадукты захоўваліся ў хаце ў памяшканні пад назвай камора, каморка, клецъ, чулан, кладоўка, пад падлогаю ў месце, якое называлася падмосце, подмоет, падполле, падвсиі, яма або ў прыбудове да хаты з трох сцен, прыстаўленых да гатовай чацвёргай — трохецен, трысцен, трысценак, холодны прыруб, у асобных заглыбленнях у зямлю, выкапных ямах, якія былі рознымі па сваёй канструкцыі і называліся капец, пограб, погреб, сутарэнне, склеп: У пограбе захоўвалі прадукты. Там заўсёдьі холодна (в. Покаць, Чач.); У сутарэннях хранілі і бульбу, і закаткі (в. Залессе, Чач.).

Асобнай пабудовай, прызначанай для мыцця чалавека, у сядзібным комплексе была лазня, якая на гэтай тэрыторыі называлася баня: Бані тады добрыя былі. Топяцъ, а тады ўжэ і мыюцца (в. Старое Сяло, Ветк.).

Большасць з разгледжаных назваў адносіцца да сваямоўнай лексікі і мае даволі празрыстую структурна-семантычную матывацьпо. Паводле спосабаў утварэння тэта найчасцей суфіксальныя аддзеяслоўныя дэрываты тыпу капец, дранка, топка, сушня, клёпкі, адсубстантыўныя драўнік, сяннік, аканіцы, гарьішча, кладоўка, скірдоўка, прэфіксальныя: падпавець, падмост, суфіксальна-прэфіксальныя: падмосце, падполле, абрашотня, безафіксныя: навес, субстантываваныя: прыхадная, прыхожая, а таксама словы, утвораныя ў выніку асноваскладання: трысцен, трохсцен. Тыпы структурна-семантычнай матывацыі будаўнічых назваў, якія ўжываюцца на тэрыторыі гомельска-бранскага памежжа, даволі разнастайныя. Назвы найчасцей матывуюцца аб’ектам прызначэння — жывёлай, якая ўтрымліваецца ў пабудове: свінарнік, кароўнік, куратнік, або прадметам, які там захоўваецца: сяннік, драўнік, траскаўня, скірдоўка, ці да якога рэалія мае дачыненне: дьімнік, ветраніца; мэтай, прызначэннем пабудовы: сушня, топка, кладоўка’, матэрыялам, з якога яна выраблена: каменка або якім аздоблена. мазанка’, прасторавым размяшчэннем пабудовы ці яе часткі: гарышча, бакавушка; месцам знаходжання: запечак, падмоснікі, падмурак, падзагнетак; спосабам прыгатавання будаўнічага матэрыялу: дранка або спосабам яго замацавання: клёпкі, а таксама асаблівасцю канструкцыі пабудовы: трохсцен, трысцен. У складзе разгледжаных назваў як простыя аднаслоўныя намінатыўныя адзінкі тыпу склеп, навес, хлеў, так і нешматлікія словазлучэнні атрыбутыўнага тыпу: халодны прыруб, кароўскі хлеў, парасячы катушок, сенная пуня. У групе будаўнічых назваў адзначаюцца нешматлікія словы іншамоўнага паходжання: балтызмы пуня, клуня, ёўня, свіран, цюркізмы амбар, баркан, сарай, чулан, германізмы, засвоеныя праз пасрэдніцтва польскай мовы: дах, фортка, шалёўка, храмуга, шыфер, будка, грэцызмы камора, комін, лацінізмы баня, фундамент, адзінкавыя запазычанні з італьянскай: суфіт, французскай мовы: газ, франтон і інш.

Адметнай асаблівасцю лексікі народнага дойлідства гэтага рэгіёна з’яўляецца існаванне шматлікіх сінанімічных і варыянтных назваў. У гаворках Гомешчыны на тэрыторыі руска-беларускага памежжа актыўна выкарыстоўваюцца дублетныя назвы, якія ўзніклі ў выніку міжмоўнага ўзаемадзеяння (беларуска-рускай інтэрферэнцыі): домхата, сарайхлеў клець — чулан, столь — паталок, страха крыша, гумно — амбар, падпавецценавес, пограбсклеп, чэрдак — гара, тынкавацъшчыкатурыць, апілкітырса і інш. Прадстаўлены ў складзе будаўнічай лексікі і варыянтныя формы, у тым ліку фанетычныя варыянты, у якіх вар’іруюцца зычныя гукі: хрантон — франтон, фундамент — хундамент, чардак — чердак, пограбпогреб, галосныя: пярэдняя — пірэдня; словаўтваральныя варыянты: камора — каморка, гарагарышча; марфалагічныя, што адрозніваюцца катэгорыяй роду: падмост — падмосце, свінарка — свінарнік.

Такім чынам, лексіка народнага будаўніцтва, якая фарміравалася ў беларускіх гаворках на тэрыторыі гомельска-бранскага памежжа ва ўмовах актыўнага білінвізму блізкароднасных моў, вызначаецца сваёй тэматычнай разнастайнасцю, множнасцю структурна-семантычнай матывацыі, наяўнасцю шматлікіх дублетных намінатыўных адзінак і варыянтных форм. 

Спіс літаратуры

  1. Гл.: Станкевіч, А. А. Лексіка народнага дойлідства на тэрыторыі беларуска-расійскага памежжа: назвы жыллёвых пабудоў і іх частак / А. А. Станкевіч // Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: праблемы вывучэння і захавання ў постчарнобыльскі час: матэрыялы IV Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гомель, 31 мая 2013 г.). — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2013. — С. 138-141; Станкевіч, А. А. Будаўнічая лексіка на тэрыторыі беларуска-расійскага памежжа: назвы гаспадарчых пабудоў і іх частак / A. А. Станкевіч // Российско-белорусско-украинское пограничье: проблемы взаімодействія в контексте єдиного социокультурного пространства — история и перспективы: Материалы Международной научной конференции (г. Новозыбков, Брянская обл., 17-18 октября 2013 г.) / под ред. В. В. Мищенко, В. Н. Пустовойтова, С. Н. Стародубец. — Брянск: РИО БГУ, 2013. — С. 83-87 і інш.
  2. Цітоў, В. С. Народная спадчына. Матэрыяльная культура ў лакальна-тыпалагічнай разнастайнасці / B. С. Цітоў. — Мн.: Навука і тэхніка, 1994. — 300 с.


Аўтар:
А.А. Станкевіч
Крыніца: Славянские народы и их культуры: традиция и современность : сб. науч. статей / редкол.: В.И. Коваль (отв. ред.) [и др.]; М-во образования РБ, Гомельский гос. ун-т им. Ф. Скорины. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2013. — 310 с. — Ст. 213-216