Адной з малавывучаных старонак гісторыі беларускага народа ў гады першай сусветнай вайны з’яўляецца трагічны лёс бежанцаў, якія пад пагрозай акупацыі Беларусі нямецкімі войскамі летам-восенню 1915 года вымушаны былі пакінуць жыллё, а таксама нажыты цяжкай працай скарб і ісці на ўсход. Гзтым людзям наканавана было перанесці нечалавечыя пакуты, шмат іх загінула ад голаду і эпідэміі тыфу. Іншыя ўжо ніколі не вярнуліся на ранейшае месца жыхарства. Перасякаючы тэррыторыю Беларусі, адна частка бежанцаў, пераважна з Прыбалтыкі, Польшчы і часткова з заходніх раёнаў Беларусі, асядала на ўсходзе Беларусі.
Важным напрамкам руху бежанцаў з’яўлялася Гомельшчына. К канцу 1915 года праз тэрыторыю Магілёўскай губерні прайшло каля мільёна бежанцаў1. Асноўны паток іх перамяшчаўся па гужавых дарогах, зрэдку па шашэйных і амаль зусім іх не перавозілі чыгункаю. Узамен шашы бежанцам указвалі абходныя грунтовыя шляхі, адзначаныя толькі на карце. Вялізная маса людзей вымушана была галадаць і з-за недахопу памяшканняў начаваць у халодны час пад адкрытым небам, нават не маючы магчымасці з-за адсутнасці паліва разводзіць агонь, каб прыгатаваць ежу і абагрэцца. Скопішча бежанцаў ва Усходняй Беларусі было выклікана таксама неразбярыхай у дзеяннях ваенных і цывільных уладаў, якія летам 1915 г. дазволілі рассяленне бежанцаў на захад ад лініі р. Днепр. Па звестках Цэнгральнага Усерасійскага бюро па рэгістрацыі бежанцаў, створанага пры Таццянінскім камітэце, на 1 чэрвеня 1916 г, ў Мінскай губерніі асела 123900 бежанцаў, у Магілёўскай губерніі — 836712.
Найбольш буйнымі пунктамі перамяшчання бежанцаў на Гомельшчыне з’яўляліся гг. Гомель, Рэчыца, Рагачоў, Мазыр. Ужо ў жніўні 1915 г. праз г. Гомель штодзённа праходзіла ад 5 да 10 тысяч чалавек3. У верасні ў г. Рагачове знаходзілася ад 35 да 42 тыс. чалавек4, а ў раёне Рэчыцы — 64 тыс. бажанцаў5. Нарастанне патоку бежанцаў у Гомелі выклікала да яго значны інтарэс з боку арганізацый, якія займаліся аказаннем дапамогі бежанцам. Адной з першых такіх арганізацый з’явіліся Усерасійскі саюз Гарадоў (УСГ) і Усерасійскі Земскі Саюз (УЗС). 18 ліпеня 1915 г. на нарадзе прадстаўнікоў Усерасійскага Гарадскога і Земскага Саюзаў у г. Брэст-Літоўску г. Гомель разглядаўся ў якасці аднаго з прамежкавых пунктаў на шляху “фільтравання”‘ бежанцаў, якія накіроўваліся ўглыб краіньі. 8 жніўня нарада пры Галоўным камітэце УСГ па пытаннях дапамогі бежанцам падтрымала план утварэння другой лініі пунктаў — заслонаў у гг. Гомелі, Мінску, Віцебску па ачышчэнні патоку бежанцаў ад усіх падазроных у заразлівых захворваннях і т.п.6. Прысутны на гэтай нарадзе гомельскі гарадскі галава Ф.М. Раеўскі праінфармаваў яго ўдзельнікаў аб цяжкім становішчы бежанцаў у горадзе, колькасць якіх складала 6 тыс. чалавек. Ён прызнаў нездавальняючай працу ў горадзе па эвакуацыі насельніцтва і падтрымаў план стварэння ў Гомелі “заслона — фільтра” для бежанцаў, таму што ў лячэбна-санітарных адносінах горад быў нядрэнна аснашчаны адпаведнымі ўстановамі. У г. Гомелі дзейнічалі восем шпіталяў па лячэнні параненых воінаў. Па ініцыятыве і пры актыўным удзеле княгіні І.І. Паскевіч быў заснаваны фонд дапамогі фронту, а таксама фінансавалася будаўніцтва шпіталя. У канцы жніўня 1915 г. для стварэння аддзялення УСГ па аказанні дапамогі бежанцам з Масквы ў Гомель быў камандзіраваны упаўнаважаны УСГ Г. Дынесман. У Гомелі ён сутыкнуўся са становішчам, калі горад быў перапоўнены вайсковымі часцямі і эвакуяванымі ўстановамі. У сваёй дакладной запісцы на імя Галоўнаўпаўнаважанага УСГ М.М. Шчэпкіна ён паведамляў, што “цягнікі прыбываюць (у Гомель — А.Б.) з халоднымі і галоднымі людзьмі. У кожным цягніку налічваюць некалькі дзесяткаў трупаў, якія знаходзіліся ў вагонах па некалькі дзён. Трупы здымаць не дазваляюць, таму бежанцы стараюцца скінуць іх на палатно, але ўлады, знашоўшы труп, зноў кладуць яго ў першы вагон, які трапіўся, назіраючы, каб там былі халерныя”7. Пад кіраўніцтвам Ф.М. Раеўскага Гомельскае аддзяленне па ўладкаванні бежанцаў наладзіла працу па будаўніцтве ў горадзе двух пунктаў па харчаванні: адзін на Палескай чыгунцы, другі — на Лібава-Роменскай. У лістападзе Гомельскае аддзяленне выдаткавала на ўтрыманне пунктаў па харчаванні 51 тыс. руб.8.
Нарастанне патоку бежанцаў у Беларусі вымушала ваенныя улады да прыняцця мер па ўладкаванні руху бежанцаў і аказанні ім неадкладнай дапамогі. 30 жніўня 1915 года Галоўны Начальнік забеспячэння армій Паўночна-Заходняга фронту генерал М.А. Данілаў звярнуўся да Мінскага губернатара з прапановай абсталяваць у губерні харчовыя і санітарныя пункты для аказання дапамогі бежанцам. Чакаючы масавага руху бежанцаў праз Мазырскі і Рэчыцкі паветы, Мінскі губернатар даручыў Рэчыцкай павятовай управе неадкладна абмеркаваць пытанне аб стварэнні санітарна-харчавальных пунктаў на тэрыторыі павета. У першай палове верасня 1915 г. пад старшынствам галавы ўправы П. Патона адбыўся шэраг надзвычайных пасяджанняў Рэчыцкага павятовага земскага сходу, на якіх былі абмеркаваны практычныя меры па аказанні дапамогі бежанцам. Перш за ўсё управа намеціла два шляхі іх перамяшчэння: з Мазыра на Калінкавічы, праз вёскі Даманавічы, Якімаву Слабаду з пераправай праз р. Бярэзіну ў Магілёўскую губернію. Другі шлях — з Мазырскага павета з пераправай праз р. Прыпяць у Нароўлі і Барбарове на Юравічы, Хойнікі, Брагін. Далейшае накіраванне бежанцаў з Брагіна планавалася ў трох напрамках да паромных перапраў на р. Днепр: вёскі Глушэц-Дзержавічы-Любеч; Лоеў-Каменка і далей у Чарнігаўскую губерню і напрамак праз в. Бывалькі-Радуль. Для ўпарадкавання перамяшчэння бежанцаў планавалася стварыць размеркавальныя пункты ў Калінкавічах, Нароўлі, Брагіне i Барбарове. Рэчыцкая ўправа прыняла таксама рашэнне аб стварэнні дзевяці санітарна-харчавальных пунктаў з раздачай гарачай ежы. Па хадайніцтве Рэчыцкай павятовай управы на аказанне дапамогі бежанцам з ваеннага фонду была выдаткавана ў верасні 1915 г. запатрабаваная сума ў 266 тыс. рублёў9.
Дабрачыннай дзейнасцю сярод бежанцаў займаўся Камітэт яе імператарскай высокасці вялікай княжны Таццяны Мікалаеўны (Таццянінскі камітэт), які стварыў з пачатку вайны на тэрыторыі Беларусі разгалінаваную сетку павятовых і губернскіх адцзяленняў. Магілёўскае губернскае аддзяленне Таццянінскага камітэта перенесла функцыі практычнай арганізацыі дапамогі бежанцам на мясцовыя павятовыя органы, надаўшы асаблівую увагу тым з іх, якія знаходзіліся на шляхах масавага руху бежанцаў. Так, у ліпені-верасні 1915 г. Гомельскаму павятоваму аддзяленню Таццянінскага камітэта было пераведзена 102 тыс. рублёў, Рагачоўскаму – 141 тыс. рублёў. Усяго ў 1915 г. Таццянінскім камітэтам было асігнавана Магілёўскаму губернскаму аддзяленню 398 тыс. рублёў, а у 1816 г. 512 тыс. рублёў. Мінскаму — адпаведна 510198 тыс. рублёў10. Сродкі былі выкарыстаны на ўладкаванне пунктаў харчавання для транзітных бежанцаў, будаўніцтва баракаў, набыццё фуражу для жывёлы. У прыватнасці, Рагачоўскім павятовым камітатам былі адкрыты харчавальні ў Доўску, Гадзілавічах, Дварцы. У Рагачове са жніўня па кастрычнік 1915 г. бежанцам было выдадзена 660 тыс, порцый ежы11. Аднак становішча бежанцаў заставалася цяжкім, на што звярнулі ўвагу губернскія ўлады. Так, праўленне Магілёўскага губернскага камітэта Усерасійскага земскага саюза заўважыла, што “у стане холаду і голаду міжвольныя вандроўнікі лёгка падвяргаюцца розным захвораванням. …Бедства давяршаецца падзеннем жывёлы ад бяскорміцы, калёсы кідаюцца на дарозе. ..Гэтыя абставіны ўносяць у неўпарадкаваны рух становішча разгубленнасці, вядуць да разлучэння сем’яў”12. З мэтаю аблягчэння долі дзяцей, пазбаўленых бацькоў, восенню 1915 г. былі адкрыты дзіцячыя прытулкі ў Чонкаўскім манастыры пад Гомелем на 40 месц і ў Рагачоўскім павеце на 60 месц. З Гомеля дзеці-сіроты накіроўваліся ў Маскву13.
З наступленнем халадоў восенню 1915 г. мноства бежанцаў ва ўсходніх раёнах Беларусі стварыла крытычнае становішча ў прыфрантавой паласе. Пытанне аб перавозцы бежанцаў углыб краіны становіцца пытаннем дзяржаўнай важнасці. 1 кастрычніка 1915 г. для яго абмеркавання была склікана нарада ў Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандуючага пад кіраўніцтвам начальніка штаба генерала М.В. Аляксеева. На нарадзе была звернута ўвага на вялізную колькасць бежанцаў у раёне Мінска-Смаленска і Гомеля-Бранска. Магілёўскі губернатар А. Пільц выказаў занепакоенасць няздольнасцю Магілёўскай губерні забяспечыць 350-400 тыс. бежанцаў харчаваннем і медыцынскім абслугоўваннем. Адзіным спосабам пракармлення бежанцаў губернатар лічыў прымацаванне іх да мясцовых сем’яў за адпаведную дзяржаўную плату. Ён таксама лічыў неабходным усталяваць дэмаркацыйную граніцу па р. Бярэзіне ці Дняпры, за якой дазволіць пасяліць бежанцаў. Нарада ў Стаўцы прыняла рашэнне арганізаваць з 5 па 15 кастрычніка масавы вываз бежанцаў углыб Расіі і вылучыла для гэтай мэты штодзённа па 1200 вагонаў14.
Бежанцам дазвалялася браць з сабою ў вагон да 5 пудоў маёмасці на сям’ю. На працягу дзесяці дзён Рагачоўскі пункт быў вызвалены ад бежанцаў. З Гомеля было адпраўлена каля 400 цягнікоў у сярэднім па 1500 чалавек у кожным15.
Літаратура
- НАРБ. Ф.295. Воп. 1. Спр.9033. А.35.
- Известия Комитета Ея Императорского Высочества Великой княжны Татіаны Николаевны. Пг., 1916, № 4, 15 июля.
- РДВГА. Ф.2005. Воп. 1. Спр.42. А.118.
- Известия …, 1916, №4, 15 июля.
- Савицкий Э.М. Революционное движение в Белоруссии. Мн., 1981, с.36.
- РДВГА. Ф.2005. Воп. 1. Спр. 42, А. 118.
- Тамжа. Ф. 12601. Воп. 1. Спр. 265. А.41.
- Тамжа. Ф. 13273. Воп.1.Спр. 195. А.12.
- Там жа. Ф.2049. Воп.1. Спр. А.41.
- Тамжа. Ф.2049. Воп. 1. Спр. 74. А. 306-307. Известия…, 1916, № 3, 1 июля; 1917, № 23, 15 июля.
- Известия, 1916, № 4, 15 июля.
- РДВГА, Ф. 13273. Воп. 1. Спр. А.2.
- Там жа. Ф. 13273. Воп. Спр.418. А.З; Спр. 422. А.З.
- Тамжа. Ф.2005. Воп. 1. Спр. 42. А.519-520.
- Известия…. 1916, № 4, 15 июля; РДВГА. Ф. 13273. Воп.1. Спр.А.40.
Аўтар: А.М. Бабкоў
Крыніца: Гомельшчына: старонкі мінулага. II выпуск. — Гомель, 1996. — Ст. 78-83.