“Белоруссь”, або бранскія прыгоды “Талакі”

0
1160

Нашай арганізацыі ўжо больш за 25 год. Аднак мала хто ведае, што не так даўно на яе базе ўтварыўся спеўны калектыў, які спецыялізуецца на выкананні традыцыйных песень Гомельшчыны.

І вось так, знячэўку, праз паўгады пасля ўтварэння, калектыву выпала магчымасць паўдзельнічасць у бранскім фестывалі моладзевых фальклорных калектываў “Красная горка”.

Прыгоды пачаліся ўжо з прыбыццём у Бранск: кіроўца, што мусіў забраць дзяўчат і адвезці ў дзіцячы лагер “Бярозка”, дзе спыняліся выступоўцы, пераблытаў вакзалы. Хоць і са спазненнем, але талакоўкі былі дастаўлены ў лагер, і ўсё б нічога, калі б гэтая затрымка не выклікала за сабой спазненне на вячэру. Галоднымі спаць не ляглі, аднак пасля паўдня ў дарозе хацелася нечага больш грунтоўнага, чым хатні сухпаёк.

Адно з першых пытанняў да куратара калектыву па прыездзе ў Бранск было звязана са славутымі мясцінамі горада: дзяўчаты, наіўныя, тады яшчэ спадзяваліся, што ў іх будзе час гэтыя мясціны наведаць. Як высветлілася, большасць тутэйшых славутасцяў звязана з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. У першы дзень давялося наведаць гэткую мясціну: недалёка ад лагера “Бярозка” знаходзіцца комплекс “Партызанская паляна”, куды ўсіх, хто паспеў ужо прыехаць, павялі на экскурсію. Але ж распавядаць беларусам пра партызанаў… ці пра “Кацюшу”… ці, мо, пра зямлянкі… напэўна, марная справа. Дзяўчаты толькі стаміліся ды пасмажыліся на сонцы.

А дзень мусіў быць не з лёгкіх. Ужо па дарозе ў Бранск на адкрыццё фестывалю талакоўкі адчулі на сабе ўсе пакуты ад тутэйшых коркаў. Дадайце адсутнасць у аўтобусе свежага паветра і высокую тэмпературу, і вы зразумееце, чаму пасля ўсяго засталося ўражанне, што амаль увесь фестываль прайшоў у дарозе: з лагера на пляцоўку, з пляцоўкі ў сталоўку і г. д.

Яшчэ адзін сюрпрыз падкінулі арганізатары, ўручыўшы “Талацэ” таблічку з надпісам “Гомель”, з якой дзяўчаты мусілі цягацца па ўсіх паказушных мерапрыемствах фестывалю. І ўсё б, зноў жа, нічога, але ў астатніх не-расейскіх удзельнікаў на таблічках былі пазначаны краіны, а не гарады: Узбекістан, Украіна, Чувашыя, Літва… “Незалежная Рэспубліка Гомель”, – жартуе адна талакоўка. “Не, яны проста ўспрымаюць нас як яшчэ адну сваю вобласць. Імперскія замашкі”, – падхоплівае другая, не заўважаючы пільнага позірку мужчыны, што ідзе побач з таблічкай “Московская обл.”

Насамрэч, больш верагоднай у рэшце рэшт падалася тэорыя аб тым, што арганізатары проста не ведаюць, як пішацца слова “Беларусь”. Тэорыя небеспадстаўная, аднак пра гэта – пазней.

Стамлялі не толькі пастаянныя коркі ды спёка. Склалася ўражанне, што арганізатары хацелі выціснуць з удзельнікаў па максімуму, забываючы, што гэта жывыя людзі. Увесь час дадаваліся неспадзяваныя пункты праграмы, пра якія ніхто не папярэджваў. Фактычна, тыя праграмкі, што ўручылі ўсім на адкрыцці, можна было выкінуць на сметнік.

У дзень закрыцця, напрыклад, выступоўцаў не паспелі пакарміць, і пасля дзвюхгадзіннага пакутлівага шляху ў Дубраўку, што пад Бранскам, яны мусілі адыграць на санцапёку 20-хвілінную праграму. Млявыя беларускі на фестывалі час ад часу зайздросцілі нястомным чувашам – сапраўдным энэрджайзерам, а таксама ўсім тым, у каго перад днём ад’езду хапіла сілаў усю ноч гуляць у неверагодна актыўныя традыцыйныя расейскія гульні.

Але шлях да Дубраўкі і назад, спякота і іншыя непрыемнасці – не самае моцнае ўражанне апошняга дня фестывалю. Талакоўкі атрымалі сапраўдны стрэс, зазірнуўшы ў атрыманы дыплом III ступені: у ім не толькі не стаялі подпісы журы, але і было знойдзена 4 (!) памылкі. Тры з іх прыпадала на назву нашай краіны: ў дыпломе было напісана “республика Белоруссь”. Аказалася, надпіс “Беларуссия”, што фігураваў у афішы-налепцы, падоранай усім удзельнікам фестывалю, гэта яшчэ кветачкі! Над назвай нашай краіны можна павычварацца шматкроць мацней! Да стомленасці дадаўся яшчэ і стан прыгнечанасці, дзяўчатам ужо нічога не хацелася: абы хутчэй апынуцца ў лагеры.  Аднак гэткую млявасць не падзялілі ўдзельніцы з Украіны: “Вы што! Гэта ж міжнародны скандал!” Урэшце, памылкі былі знойдзены і ў іншых дыпломах, і арганізатары паабяцалі іх выпраіць.

Не ўсе, канешне ж, успаміны засталіся такімі негатыўнымі й сумнымі. Праграма была даволі насычанай: майстар-класы, лекцыі, тэатральная пастаноўка… Бяда толькі ў тым, што не хапала моцы, каб усё гэта ўспрымаць. Запомніліся і пазапраграмныя вечары ў лагеры “Бярозка” (прывітанне данскім казакам). Прыемна было бачыць вялікую колькасць моладзі, апантанай адраджэннем сваёй культуры.

Нягледзячы на ўсе арганізатарскія хібы, цешыць тое, што такія фестывалі працягваюць рабіцца: сёлетняя “Красная горка” – 11-я па ліку, а праводзіцца яна з 1996 года. “Кажуць, арганізацыя на бранскім фестывалі звычайна менавіта такая, – кажа кіраўніца спеўнага калектыву Ірына Глушэц. –  Калі параўноўваць з падобнымі беларускімі фестывалямі, з якімі я цесна сутыкалася (“Берагіня”, “Сожскі карагод”), то там мінусаў у арганізацыі таксама хапала”.

Аб тым, ці ехаць на “Красную горку” ў наступны раз, меркаванні ўдзельніц талакоўскага калектыву падзяліліся. З аднаго боку, засталося шмат непрыемных уражанняў. З другога – паступова сябры з бліжняга замежжа, верагодна, будуць ведаць і спяваць хорам не толькі “Касіў Ясь канюшыну”, па начох будуць гуляць не толькі ў традыцыйныя расейскія гульні, і, нарэшце, даведаюцца, як правільна пішацца назва нашай краіны.

P.S. Фальклорны калектыў краязнаўчай арганізацыі “Талака” выказвае падзяку Аляксею Елісееву за патрымку ў паездцы на фестываль “Красная горка”.

Аўтар: Валянціна Міронава

Фатаздымкі: Марыся Тульжанкова