Беларуска-ўкраінскія моўныя паралелі ў каляндарна-абрадавай лексіцы зімовага цыклу

0
66
Беларуска-ўкраінскія моўныя паралелі ў каляндарна-абрадавай лексіцы зімовага цыклу

Традыцыйная народная культура ўсходніх славян уяўляе сабой непаўторную і самабытную духоўную скарбніцу. У імклівасці руху ХХІ ст. каштоўнасці ўсходнеславянскай народнай культуры паступова страчваюцца пад уплывам аб’ектыўных фактараў: у працэсе ўрбанізацыі сельскага насельніцтва, у выніку парушэння пераемнасці пакаленняў, калі новыя генерацыі не ў поўным аб’ёме валодаюць духоўнай спадчынай і народнымі традыцыямі. Адмоўную ролю ў дадзенай сітуацыі адыгралі наступствы Чарнобыльскай трагедыі, вынікам чаго стала міграцыя насельніцтва асобных рэгіёнаў, а разам з тым — знікненне пэўнага культурнага пласта.

Важную ролю ў вызначэнні асаблівасцей гісторыка-культурных працэсаў развіцця блізкароднасных народаў мае супастаўляльны аналіз матэрыялаў, сабраных у беларускіх рэгіёнах і памежных тэрыторыях усходнеславянскіх этнасаў — даўніх суседзяў беларусаў, якія маюць агульныя гістарычныя карані і тыпалагічна блізкія па характары культуры. Указаныя фактары робяць актуальным і надзённым зварот да параўнальна-супастаўляльнага даследавання абрадавай лексікі беларускай і ўкраінскай моў як важнага складніка духоўнай культуры ўсходнеславянскіх народаў.

Каляндарныя святы беларусаў і ўкраінцаў падпарадкаваны гадавому земляробчаму і жывёлагадоўчаму цыклам, у іх налічваецца вялікая колькасць агульных найменняў, абумоўленая агульнай гісторыяй, падобнымі кліматычнымі асаблівасцямі, блізкімі рэлігійнымі памкненнямі і прыкладна роўнымі сацыяльнымі ўмовамі жыцця.

Аб’ект нашага даследавання — прадметна-тэматычная група “каляндарна-абрадавая лексіка”, прадмет вывучэння — лексіка абрадаў зімовага цыклу земляробчага календара.

Мэтай даследавання з’яўляецца вызначэнне беларуска-ўкраінскіх паралексаў у складзе каляндарна-абрадавай лексікі зімовага цыклу і апісанне іх агульных рысаў і спецыфічных асаблівасцей. Крыніцай фактычнага матэрыялу паслужыў дыялекталагічны архіў кафедры беларускай мовы ГДУ імя Ф. Скарыны, складзены па выніках дыялекталагічных практык розных раёнах Гомельскай вобласці, і асобныя выданні фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў розных рэгіёнаў Беларусі і Украіны.

Лексіка-семантычная група назваў абрадаў зімовага цыклу мае шматлікія тэматычныя падгрупы, з якіх у колькасных адносінах выдзяляюцца назвы хрысціянскіх свят пад агульнай назвай прэстольныя празнікі, прыстольныя празнікі, прыстольшчына. Асноўныя святы зімовага цыклу — Ражство, Коляды, Стары Новы год, Вадохрышча, Стрэчанне.

Калядныя і навагоднія святы вызначаюцца сярод зімовых свят і дзён асаблівай папулярнасцю. Працягваюцца святы амаль два тыдні: ад Каляд да Вадохрышча. Увесь гэты перыяд усходнія славяне спрадвеку называюць святкі, святыя вечары. Найменне вядома ўсім усходнеславянскім гаворкам і паходзіць ад старажытнарускага дзеяслова святити ‘захоўваць у святасці, непарушна’, ‘рабіць святым’ [1, 161]: Святыя вечары былі ад Раждества да Крашчэння, а на Крашчэнне — калядкам прашчэнне, значыць, канец, прайшлі святы (в. Сялец, Буда-Каш.); Каляды святкавалі да 14 студзеня. У гэтыя дні нічога не рабілі: ні дроў, ні лучыны не секлі, не шылі. На Каляды ў святыя вечары мы пелі песні [6, 77]; Святки — время отъ Рождества до Крещенья. Кто на Святки рожу надевалъ, купается на Іордани. Славятъ Христа, ходятъ съ вертепами и со звездой, гадаютъ [1, 161].

Святкі пачынаюцца 7 студзеня — найбольш важнае і ўрачыстае зімовае свята, свята нараджэння Хрыста, асаблівая весялосць якога абумоўлена заканчэннем посту і прадчуваннем надыходу новага года. У беларускай моўнай традыцыі для назвы гэтага свята ўжываюцца амаль раўнапраўна дзве лексемы: Каляды і Ражаство. У гэты дзень у гонар Рождества Хрыстова нічога не елі да першай зоркі (г. п. Церахоўка, Добр.).

Стараславянізм Рождество з характэрным [жд’] на месцы праславянскага *dj ва ўсходнеславянскіх гаворках перажыў фанетычныя змены, абумоўленыя імкненнем кампенсаваць цяжкасць вымаўлення нехарактэрнага для ўсходніх славян зычнага. У беларускіх гаворках узніклі варыянты Ражаство, Ражэство, Раждзество, Раждество, Ражство, Раство, а ва ўкраінскай мове, акрамя таго, адбылося ўласцівае ўкраінскай мове змяненне галоснага: Різдво.

Лексема Каляды і яе варыянты Каляда, Коляды, Калядкі, распаўсюджаныя ў адзначаным рэгіёне, маюць значэнні: ‘святкі ад Нараджэння Хрыстова да Вадохрышча’: Каляды празнавалі калісь две неделі, танцавалі, гулялі (в. Старае Сяло, Ветк.); На Каляды усе свадзьбы гуляюць. От добра ў гэты час вяселле ладзіць (г. п. Церахоўка, Добр.); Святкі былі ад Раждества да Хряшчэння. У ета время былі святыя вечары, маладзёж гуляла, спраўлялі ігрішчы, гадалі, калядавалі, пелі шчодры. Нельзя было работаць, стукаць, резаць (г. Ветка), ‘зімовае свята, якое адзначалася 7 студзеня’, ‘свята Нараджэнне Хрыстова’: Святкавалі Каляды кожны ў сваёй хаце. Усё прыбіралі, мылі. Стол засцілалі святочным абрусам, пад яго клалі сена, ставілі гаршчок з куццёй, каб быў не голы, а багаты, Дзеці залазілі пад стол і кудахталі: “Кудак, кудак, наша курка нясе яйцо з кулак. У суседа вароты трасуцца, а ў нас куры нясуцца”. Дзецям сыпалі ў рукі семечкі, зерне, ці цукар (в. Насовічы, Добр.); Каляды празнавалі 7 января. Перад калядамі мылі палы, у парозе сцялілі сена, таго, што Ісус Хрістос радзіўся ў яслях і яго хавалі ў сене ад ірадаў. Каляды — бальшэй празнік (в. Старае Сяло, Ветк.); ‘абход двароў з велічальна-віншавальнымі песнямі ў ноч з 13 на 14 студзеня, калядаванне’: Каляда на сівым коніку прыяжжала (в. Барталамееўка, Ветк.); Каляды — гэта на стары Новы год сабіраліся, выварочвалі шубу, надзявалі так , хадзілі пад вокнамі, пелі, танцавалі, казу вадзілі (в. Гусявіца, Буда-Каш.); ‘калядная песня’: Хадзілі, калядавалі, каляду спявалі, перэадзяваліся, ну, іх угашчалі, дзеньгі давалі, гасцінцы (в. Жгунская Буда, Добр.).

Лексема Каляды выяўляе этымалагічную сувязь з лацінскім Kalendae першы дзень месяца ў старажытных рымлян’. Ва ўкраінскай моўнай традыцыі захавалася ўтварэнне ў форме адзіночнага ліку Коляда, а таксама сустракаецца варыянт назвы гэтага цудоўнага зімовага свята РіздвоКоляда [10]. Калядны цыкл свят завяршала Вадохрышча, якое ў беларускіх гаворках мае такія варыянтныя назвы: Крашчэнне, Крэшчэнне, Крэшчэнье, Крашчэніе, Крешченіе, Крешченне, Крешченье, Крышчэнне, Крішченіе, Храшчэнне, Хрышчэнне, Хряшченне, а таксама Вадохрышч, Вадохрышчанне, Водахрышчэнне, Водохрышча, Вадохрышч, Водопошчэ: Крашчэнне атмячалася 19 января. У еты дзень пасвяцалі ваду, купаліся ў прорубях. Пасвяцоную ваду давалі піць дзецям і бальным. Ёй брызгалі там, дзе стаяў скот і храніўся ўражай. Святую ваду леюць у калодзец, каб там вада асвячалася (г. п. Уваравічы, БудаКаш.); У Хрышчэнне хрышчыкі рысавалі на дзвярах, на варотах; Васямнаццага чысла у цэрькву ідуць, ваду свецяць — вялікая вада называецца, а патом ужэ назаўтра свецяць, хрышчэнская, святая вада называецца, яе дома хранят (в. Хальч, Ветк.).

Свята Вадохрышча набыло ва ўкраінскай народнай традыцыі некалькі найменняў: развітыя намінацыі — Святе Богоявлення, Хрещення Господа Бога і Спаса нашого Ісуса Христа, свято Хрещення Господнього, свято Йордана, свято Хрещення, а таксама кароткія, пашыраныя ў звычайным маўленні: Йордана (Ордана, ордань, ардан, Йордан), Водохреща, Богоявлення, відорощі, водохрещи: Йордана (Ордана, Водохреща, Богоявлення) [10]. Узнікненне варыянтаў выклікана адрозненнямі ў фанетычнай адаптацыі на ўсходнеславянскай глебе стараславянізма Крещение, а таксама метанімізацыяй назвы ракі, у якой адбываліся Біблейскія падзеі.

Да зімовых свят адносілася Стрэчанне, Стречанне, Стрэценіе, Встрэчанне, Устрэчанье, Страчэнне, Грамніцы — праваслаўнае свята, якое адзначаецца 15 лютага, у народзе тлумачыцца як сустрэча зімы з вясною: На Стречанне зіма з вясной стрячяюцца (в. Неглюбка, Ветк.); Стрэчанне — Грамніцы. На Грамніцы палавіна зіміцы; На Встрэчанне нада схадзіць у цэркву і прынесці святыя свечачкі. А кагда граза ці нешчасце якое ў доме, то нада іх запаліць — яны аберегают дом (г. п. Уваравічы, Буда-Каш.). Украінскія назвы свята — Стрітення, громовище [10]. Найменні, што пайшлі з кораня гром– (па-беларуску пярун), відаць, звязаны з павер’ем аб тым, што асвечаная 15 лютага свечка, запаленая ў непагадзь, абараняе ад маланкі і перуну. Паколькі лічылася, што ў гэты дзень зіма з летам змагаюцца, то ва ўкраінскай традыцыі ёсць назва зимобор [10].

У зімовага свята Увядзенне, Введеніе ‘увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы, якое адзначаецца 4 снежня’, у народным календары менш варыянтаў назвы: Увядзенне Святой Багародзіцы ў храм — ета значыт Марыя, маць Хрыста. У іх долга не было дзяцей, ані решылі: ужо хто ні радзіцца — ета божы дзіцёнак, і ў тры годзіка павялі её в цэркавь, к Богу с узелочкам. І ана там васьпітывалась (в. Неглюбка, Ветк). Па-ўкраінску свята называецца Введення. Поўная назва — Введення у храм Пресвятої Діви Марії [10]: Початок нового господарського року в введенських повірях виступає ясно: до Введення можна копати землю, від Введення до Благовіщення не можна; жінки запасаються глиною до Введення [10].

Асобнай састаўной часткай каляндарна-абрадавай лексікі з’яўляюцца найменні ўдзельнікаў абрадаў. На каляды ў беларускія хаты з віншаваннямі і добрымі пажаданнямі абавязкова завітвалі калядоўшчыкі (каляднікі, калядоўшчыкі, каледоўшчыкі), засявальнікі, пад Стары новы год — шчадроўшчыкі (шчадроўнікі, шчадравальнікі, шчодрыкі, шчодрікі, шчодрыя, шчадрухі). У Беларусі ў святкаваннях абавязкова прымалі ўдзел баба, дзед, вернік ‘каляднік, які насіў сабраныя грошы, сала, гарэлку’, звездар ‘чалавек, які нёс зорку (звязду) у час калядавання’, каза каляднік, пераапрануты ў казла або з маскай з выявай казла’. Вядомы беларускім гаворкам Маланка ‘персанаж каляднага абраду, шчадроўшчыца’, маханоша ўдзельнік каляднага свята, які носіць сумку за калядоўшчыкамі’: На Каляды хадзілі калядаваць. Калядоўшчыкамі былі ўсе, хто хацеў. Але абязацельна ўсе пераапраналіся, каб іх не пазналі, .. з калядоўшчыкамі былі мядзведзь, каза, цыганка і дзед Мароз (в. Дуброва, Рэч.) [6, 53-54]. Адпаведнікі ўказаных намінацый фіксуюцца і ўкраінскай народнай творчасцю: колядник, щедрівник, маланкар, Маланка: В минулому столітті колядник з козою”, сподіваючись на багату винагороду, спосатку йшлі до місцевого пана [4, 91]; Колядники в масках — провісники весни і нового аграрного сезону [4, 141]; Платилі щедрівникам, що ходили із козою”, більше [4, 91]. На Маланку наведвалі хату ва Украіне маланкарі [4, 117]. У працэсіі прымала ўдзел і сама Маланка [4, 117].

У складзе каляндарна-абрадавай лексікі беларусаў выдзяляюцца найменні асобных этапаў і абрадавых дзеянняў: калядкі вечар 13 студзеня і ноч на 14 студзеня’, шчадроўкі (шчодрыкі, шчодрікі, шчёдрікі, шчодра, шчодр, шчодры вечар, шчадроўкі) ‘хаджэнне па дамах з песнямі, каб атрымаць гасцінцы’: На шчадраванні наражаліся паўсякаму. Кто смялейшы, таго наражалі казой і хадзілі ў шчодры [6, 77]. Украінская мова мае амаль дакладныя адпаведнікі: щодрий (щедрий) вечер, щодрівник: Кожну Колядку кінчать Колядники .. Старовіцькі Колядки і Щедрівки, своїм змістом так дуже не підхожі до церковнохристиянської ідеольоґії Різдва [10]. Дзень каляд у асобных мясцовасцях называўся засеўкі: Маладыя хлопцы насілі па вуліцы бліскучую звязду з лентачкамі, заходзілі ў хаты, сыпалі на мост зерне і гаварылі: Сею, сею, пасяваю, з Новым годам паздраўляю (в. Насовічы, Добр.); Пасля Каляд хадзілі засявальнікі”, яны засявалі. Ну, ужэ калі прыдуць к табе засяваць, ета ўжэ будзе багаты ўраджай [6, 52]. Беларускае каляднае абсяванне (засяванне), калі хаты аднавяскоўцаў абсыпалі зернем, каб быў добры ўраджай, ва Украіне называецца засівання (посівання, посипання). Гэты абрад ва ўсходніх славян насіў аграрна-магічны сэнс.

У асобную тэматычную групу каляндарна-абрадавай лексікі можна вылучыць найменні рытуальных прадметаў, кулінарных страў, якія выкарыстоўваюцца пры правядзенні абрадаў і свят. На Каляды насілі звязду (зорку), на якой былі намаляваны розныя казачныя фігуркі, павадыр, апрануты ў світку, паганяў казу пугай, а выканаўца ролі казы апранаў перавернуты ўверх скурай кажух. “Каза” для беларускага і ўкраінскага народаў уяўляе сабой вельмі важны абрад у сістэме калядавання. Па словах А. Курачкіна, “персонаж новорічного рядження коза в минулому був надзвичайно популярнийв Україні и Білорусі” [4, 87]. Традыцыйнай прыналежнасцю абраду шчадравання былі таксама маскі бусла і каня.

Вялікае значэнне ў правядзенні абрадаў мела куцця (украінскае кутя) ‘абрадавая страва з круп’. На святкі традыцыйна беларусы гатавалі тры куцці: перадкалядная посная (бедная, галодная, раждественская), багатая (шчодрая — пасля Каляд) і галодная перад Вадохрышчам. На 13 студзеня рабілася шчадровая куцця — страва, прыгатаваная на калядныя святы. На ўсе тры куцці каша варылася ў адным гаршку.

Магічнае значэнне куцці ў тым, што зерне валодае якасцю захоўваць і аднаўляць жыццё, сімвалізуючы земляробчы кругаварот, бясконцасць жыцця. На святочным перадкалядным стале беларусаў і ўкраінцаў было 12 посных страў: Гатовіліся к Калядам. Казалі: Святое Ражаство радасць прынясло”. Трэба было 12 страў прыгатаваць, самая галоўная — куця (в. Роўнае, Рэч.); Риба просіл, пісний борщ, вареники, гречаники й пироги, пироги з капустою, грибами, квасолею, горохом, сливами, яблуками тощо. Зійшла вечірня зоря, й можна сідати вечеряти; починали із куті. А панувала у Святвечір кутя головна обрядова страва. Як удасться кутя буде крута ще й із «верхом» — то буде на урожай, а в оселі щастя [9; 10].

Праведзенае параўнальна-супастаўляльнае даследаванне беларускіх і ўкраінскіх каляндарна-абрадавых найменняў дае падставы сцвярджаць, што народныя святы і абрады з’яўляюцца праяўленнем традыцыйнай культуры ўсходніх славян і ў генетычных адносінах значная частка ўказанай лексікі належыць да агульнаславянскага лексічнага фонду. Гэта такія лексемы, як Вада, баба, дзед, Ражаство, Крашчэнне, Вадохрышча, Святкі, каза, звезда, шчадроўка, варажыць. Большасць зафіксаваных лексем з’яўляюцца суфіксальнымі ўтварэннямі ад дзеясловаў: абсяванне, варажба, Ражаство, Крашчэнне і ад назоўнікаў: звездар, калядоўшчык, каляднік.

Абрадавая лексіка, якая да сённяшняга часу шырока функцыянуе на тэрыторыі пражывання беларусаў і ўкраінцаў, вызначаецца багатай і складанай сістэмай лексічных сродкаў, варыянтнасцю і разнастайнасцю, семантычнымі і граматычнымі асаблівасцямі, з’яўляецца неад’емнай часткай духоўнай культуры беларусаў і ўкраінцаў, у якой захаваны старажытныя моўныя з’явы.

Літаратура:

  1. Даль В. Толковый словарь живого великорусского языка: в 4 т. / Владимир Даль. — Т. 4: Р — Я. — М.: Русский язык, 1980. — 683 с.;
  2. Жаўруковая песня Радзімы: народныя духоўныя скарбы Буда-Кашалёўскага краю / ГДУ імя Ф. Скарыны / пад аг. рэд. В.С. Новак. — Гомель: Сож, 2008. — 424 с.;
  3. Зямля чароўная дабра: Добрушскі край: гісторыя і сучаснасць / Пад аг. рэд. А.А. Станкевіч. — Гомель: ААТ “Полеспечать”, 2008. — 280 с.;
  4. Курочкін О. Українці в сім’ї європейскій: звичаї, обряди, святи / Олександр Курочкін. — Київ: Видавництво “Бібліотек українця”, 2004. — 246 с.;
  5. Лоеўшчына… Бэзавы рай, песенны край: сучасны стан традыцыйнай культуры Лоеўшчыны / Укладанне, сістэматызацыя, тэксталагічная праца В.С. Новак. — Гомель: Сож, 2007. — 472 с.;
  6. Фальклорна-этнаграфічная і літаратурная спадчына Рэчыцкага раёна /аўт. уклад. І.Ф. Штэйнер, В.С. Новак. — Мінск: ЛМФ “Нёман”, 2002. — 383 с.;
  7. Хойнікшчыны спеўная душа: Народная духоўная культура Хойніцкага краю: фальклорна-этнаграфічны зб. / пад агул. рэд. В.С. Новак. — Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2010. — 303 с.;
  8. http: https://www.library.vinnitsa.com./ — дата доступа: 29.09.2011.;
  9. http: www.pisni.org.ua. — дата доступа: 29.09.2011.;
  10. http: https://www.sviato.in.ua/. — дата доступа: 29.09.2011.

Умоўныя скарачэнні:

Буда-Каш. — Буда-Кашалёўскі раён;

в. — вёска;

Ветк. — Веткаўскі раён;

г. — горад;

г. п. — гарадскі пасёлак;

Добр. — Добрушскі раён;

Рэч. — Рэчыцкі раён.

Аўтары: А.А. Станкевіч, К.Л. Хазанава
Крыніца: Компаративні дослідження слов’янських мов і літератур. Пам’яті академіка Леоніда Булаховського. — 2012. — Вип. 19. — С. 135-141.