Барыскавічы-1 — славянскае паселішча на Мазыршчыне

0
874
Малюнак 1 — жалезны нож, малюнак 2 — тачыльны камень, малюнак 3 — каменны глянцавальнік, малюнак 4-6 — гліняныя праселкі, малюнак 7-11 — ляпная кераміка
Малюнак 1 — жалезны нож, малюнак 2 — тачыльны камень, малюнак 3 — каменны глянцавальнік, малюнак 4-6 — гліняныя праселкі, малюнак 7-11 — ляпная кераміка

Помнік Барыскавічы-1 размешчаны на заходняй ускраіне вёскі Барыскавічы (Прудкоўскі с/с, Мазырскі р-н, Гомельская вобл.), на тэрасе правага берага р. Тур (правы прыток Прыпяці). Сляды паселішча фіксуюцца да 500 м уздоўж ракі і да 100 м ад краю тэрасы. Вышыня над сучасным рэчышчам — да 5 м. Паверхня паселішча разворваецца. Помнік выявіў у 2009 г. і даследаваў на плошчы 30 м2 М.М. Крывальцэвіч [10]. У культурным пласце магутнасцю да 0,5 м былі знойдзены крамянёвыя артэфакты, ляпная кераміка ад эпохі неаліту — бронзавага веку (днепра-данецкая культура, кола культуры шнуравой керамікі) — да X-XII стст., а таксама фрагмент бронзавай пранізкі, праселка, вытачанае з сценкі ляпной пасудзіны. Адным з шурфоў былі ўскрыты ўсходнія часткі трох аб’ектаў другой паловы I тыс. н. э.: жылой пабудовы і двух ям.

У 2011-2015 гг. археалагічнае вывучэнне паселішча Барыскавічы-1 было працягнута аўтарам. За азначаны перыяд даследаваная плошча склала 332 м2. У 2011 г. мэтай правядзення раскопак было даследаванне заходняй часткі жытла, выяўленага ў 2009 г., і ўсе наступныя раскопы разбіваліся ўстык адзін да аднаго ў накірунку на поўнач. Даследаваўся ўчастак паселішча на самым краі тэрасы. Паверхня тут адносна роўная, мае невялікае (да 0,2 м) паніжэнне ў бок ракі. З усходу ўчастак раскопак абмежаваны трасай газаправода. Па краі тэрасы (з захаду) праходзіць траншэя часоў Другой сусветнай вайны, якая, аднак, не закранула жылыя пабудовы, выяўленыя падчас раскопак.

Стратыграфія культурных напластаванняў на паселішчы вельмі простая: пласт ворнай глебы магутнасцю да 0,25 м прадстаўлены супескам шэра-карычневага колеру. Пасля яго зняцця і зачысткі, на паверхні паселішча выразна прасочваліся абрысы аб’ектаў. Пад ворывам залягае пласт супеску цёмна-жоўтага колеру магутнасцю 0,25-0,35 м, які паступова святлее дадолу. І, нарэшце, мацярык, які прадстаўлены пяском светла-жоўтага колеру, залягае на глыбіні 0,4-0,5 м ад сучаснай дзённай паверхні.

У 2011-2012 гг. была цалкам даследавана жылая пабудова, выяўленая ў 2009 г. М.М. Крывальцэвічам [6], [7]. Яе абрысы прасочваліся адразу пад ворным пластом у выглядзе прамакутнай плямы цёмна-шэрага колеру з вуголлем. Жытло рэканструюецца як пабудова падквадрашай у плане формы, якая арыентавана кутамі па баках свету. Яна згарэла, таму захаваліся рэшткі драўляных канструкцый. У паўночным куце ніжняга вянца была прасочана зрубная тэхніка збудавання. Таксама былі расчышчаны рэшткі цэнтральнай лагі, на якой верагодза мацавалася драўляная падлога. Сцены пабудовы былі складзены з сасновых бярвенняў. Памеры жытла па рэштках ніжняга вянца складалі 4,1 х 3,8 м. Ніжняя частка была заглыблена ў мацярык (у старажытную глебу) на 0,35-0,40 м. Глыбіня ад сучаснай дзённай паверхні склала 0,5-0,55 м. Уваход у жытло знаходзіўся ў паўднёва-заходняй ці паўднёва-ўсходняй сцяне.

Запаўненне пабудовы складалася з гумусаванай глебы цёмна-шэрага, часам — чорнага колеру з уключэннямі вуголля, абпаленых камянёў і фрагментаў ляпных пасудзін. На некаторых фрагментах былі зафіксаваны сляды зярновак проса [12]. Таксама з жытла паходзіць жалезны нож (малюнак: 1), фрагменты гліняных праселак шарападобнай і біканічнай формаў (малюнак: 4-5), камень з зашліфаванай паверхняй (глянцавальнік?) (малюнак: 3).

У паўночным куце жытла была расчышчана печ П-падобнай у плане формы памерамі 1 х 0,7 м, складзеная з вялікіх (30 см) і сярэдніх (10-15 см) камянёў. Некаторыя камяні былі наўмысна завостраныя для найлепшага мацавання канструкцыі. Печ збудавана на адлегласці 0,3-0,4 м ад сцен жытла, вусцем звернута на ўсход. Падчас яе расчысткі былі знойдзены фрагменты ляпных пасудзін, косткі хатняй жывёлы (пазванкі казы). Непадалёк ад печы, у паўднёва-ўсходнім накірунку, размяшчаліся верхнія часткі пасудзін. Адна з іх мела арнамент з пальцавых уцісканняў па краі венца, на знешняй паверхні — рознанакіраваныя палосы ад загладжвання (малюнак: 11), другая — добра загладжаную, амаль падглянцаваную паверхню (малюнак: 11).

З поўначы і поўдня каля жытла верагодна знаходзіліся нейкія прыбудовы, абрысы якіх прасочваюцца на старажытнай паверхні. З захаду да яго прымыкала печ, рэшткі якой дайшлі да нас у выглядзе ямы дыяметрам 1,2-1,6 м, глыбінёй 0,6-0,8 м, запоўненай камянямі. Камяні памерамі 10-15 см мелі вострыя краі, былі моцна абпаленыя, ляжалі ў межах ямы бессістэмна на рознай вышыні, найбольш шчыльна — у цэнтры і бліжэй да нізу. Прастора паміж камянямі была запоўнена чорнай вуглістай зямлёй, у якой знаходзіліся палова глінянага праселка шарападобнай формы (малюнак: 6), каменны тачыльны брусок (малюнак:2), фрагменты костак буйной рагатай жывёлы і хатняй свінні, а таксама абломкі трох ляпных гаршкоў (малюнак: 7-8, 10). Адзін з гаршкоў (малюнак:7) ляжаў на баку з захаду ад печы. Магутны пласт вуголля і моцная абпаленасць камянёў сведчаць аб высокай інтэнсіўнасці выкарыстання выяўленага ацяпляльнага збудавання. Магчыма, над печчу быў навес, які мацаваўся да заходняй часткі жытла. У канструкцыю гэтага навеса мог уваходзіць слуп, яма ад якога прасочана звонку каля паўночна-заходняй сценкі жытла.

У 2015 г. праз 20 м на паўночны ўсход ад жытла-1 была даследавана яшчэ адна жылая пабудова. Яна таксама прасочвалася адразу пад ворным пластом у выглядзе прамакутнай плямы цёмна-шэрага колеру з вуголлем, яе памеры складалі 4,4 х 4,8 м. Жытло рэканструюецца як пабудова падквадратнай у плане формы, якая арыентавана кутамі па баках свету. Мяркуючы па рэштках ніжняга вянца, памеры жытла складалі 4,2 х 4,4 м. Ніжняя частка пабудовы была заглыблена ў мацярык (адносна старажытнай паверхні) на 0,5 м. Глыбіня ад сучаснай дзённай паверхні склала 0,8 м. Падлога роўная. Мяркуючы па адсутнасці слупавых ям, жытло мела зрубную канструкцыю сцен, уваход, верагодна, знаходзіўся ў паўднёва-ўсходняй сцяне.

У паўночным куце жытла-2 была расчышчана печ-каменка П-падобнай у плане формы. Яе памеры складалі 0,8 х 0,9 м, звод збудаваны з некалькіх вялікіх камянёў (каля 30 см), прастора паміж якімі была закладзена камянямі меншых памераў (10-15 см). Некаторыя камяні былі наўмысна завостраныя для найлепшага мацавання канструкцыі печы. Яна збудавана на адлегласці 0,4-0,6 м ад сцен паўночнага кута жытла, вусцем звернута на ўсход. У якасці паўночна-заходняй сценкі печы быў выкарыстаны астанец мацерыковага пяску. Паміж камянямі печы і, галоўным чынам, за ёй, былі расчышчаны фрагменты ляпных пасудзін.

Адносна часу функцыянавання раннесярэднявечнага паселішча Барыскавічы-1 трэба адзначыць наступнае: у запаўненні даследаваных аб’ектаў (жылых пабудоў, печы і гаспадарчых ям) былі выяўлены матэрыялы, якія ў агульным датуюцца другой паловай I тыс. н.э. — X-XII стст. На падставе керамічнага комплексу з жытла-1, час яго існавання вызначаецца к. VII/VIII-IX стст. Таксама для гэтага жытла была атрымана радыёкарбонная дата 1215±25 (калібраваная дата змяшчаецца ў інтэрвале 745-889 гг).

Па формах і тэхналогіі вырабу, частка ляпных пасудзін адносіцца да пражскай культуры на малодшай фазе яе існавання (к. VI-VII стст.). Пасудзіны, якія маюць аздабленне ў выглядзе пальцавых уцісканняў па краі венца, лічацца характэрнымі для лука-райкавецкай культуры VIII-X стст. [2, с. 279-290]. У Беларускім Палессі падобная кераміка была сустрэта ў культурным пласце гарадзішча Кімбараўка (г. Мазыр) [5], на Хотамельскім селішчы (Столінскі р-н) [11, табл. 7; 8], на паселішчы Слабодка-1 (Калінкавіцкі р-н) [9], на Чачэрскім гарадзішчы, на дзяцінцы ў Гомелі [14, с. 22-23, малюнак 22-25]. Па канструктыўных асаблівасцях і знаходках з запаўнення, выяўленыя жылыя пабудовы знаходзяць аналогіі на славянскім паселішчы Обухаў-2 у Сярэднім Падняпроўі [1].

Вядомыя і могілкі жыхароў раннесярэднявечнага паселішча Барыскавічы. На заходняй ускраіне вёскі ў канцы XIX ст. адзначаўся курганны могільнік, які налічваў 15 насыпаў вышынёй 1-3 м, дыяметрам 3-6 м. У.З. Завітневіч раскапаў 6 курганоў. Былі выяўлены пахаванні па абрадзе трупаспалення на гарызонце (1) і ў насыпе (5). Другі могільнік, больш позняга часу (X-XII стст.), быў зафіксаваны на ўсход ад вёскі, ва ўр. Курганы [3], [4], [13, с. 171]. У культурным пласце паселішча Барыскавічы трапляюцца фрагменты кругавой керамікі і гэтага пе рыяду.

Спіс асноўных крыніц

  1. Абашина, Н.С. Ранньослов’янські житла поселення Обухів-2 / Н.С. Абашина // Археологія давніх слов’ян. — К., 2004. — С. 277-300.
  2. Славяне Юго-Восточной Европы в предгосударственный период /
  3. Д. Баран [и др.]; редкол. В.Д. Баран; АН УССР, Ин-т археологии. — Киев: Наукова думка, 1990. — 484 с.
  4. Барыскавічы / Збор помнікаў гіскрыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць/ АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; рэдкал.: В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.ч;: БелСЭ, 1985. — С. 259-260.
  5. Завитневич, В.З. Из археологической экскурсии в Припятское Полесье / В.З. Завитневич // ЧИОНЛ. — Ки в, 1890. — Кн. IV.
  6. Каласоўскі, Ю.У. Мазырскія гарадзішчы і селішчы / Ю.У. Каласоўскі, Г.М. Залашка // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т.; рэдкал.: Т.У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2011. — Т. 2. Л-Я. — С. 54.
  7. Касюк, А.Ф. Асноўныя вынікі археалагічных даследаванняў на Палессі ў 2011 г. / А.Ф. Касюк // Матэрыялы па археалогіі Беларусі. — Вып. 24. — Даследаванне сярэдневяковых старажытнасцей Цэнтральнай Беларусі (памяці Ю.А. Зайца) — Мінск, 2013. — С. 355-361.
  8. Касюк, Е.Ф. Археологические исследования на территории Кали ковичского и Мозырского районов Гомельской области в 2012 году / Е.Ф. Касюк // Археологические исследования в Еврорегионе “Днепр” в 2012 году: международный сборник научных статей. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2013а. — С. 33-38.
  9. Касюк, А.Ф. Беларускае Палессе ў канцы VII-VIII ст. і ў пачатку Х ст. н.э. /
  10. Ф. Касюк // Славяне на территории Беларуси в догосударственный период: к 90-летию со дня рождения Л.Д. Поболя: в 2 кн. / О.Н. Левко [и др.]; науч. ред.: О.Н. Левко,
  11. Г. Белевец; Нац. акад. наук Беларуси, Ин-т истории. — Минск: Беларуская навука, 2016. — Кн. 2. — С. 62-98.
  12. Касюк, А.Ф. Раннеславянскія помнікі ў басейне Ніжняй Прыпяці: стан і перспектывы даследаванняў / А.Ф. Касюк // Матэрыялы міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі: Калінкавічы і Калінкавіцкі край” (у друку).
  13. Крывальцэвіч, М.М. Справаздача аб выкананні археалагічных даследаванняў у 2009 годзе на аб’екце “Размеркавальны газаправод … Прудок Мазырскага раёна” Гомельскай вобласці / М.М. Крывальцэвіч// ААНД ДНУ “Інстытут гісторыі НАН Беларусі”. — Арх. № 2661. — 49 с.
  14. Кухаренко, Ю.В. Средневековые памятники Полесья / Ю.В. Кухаренко // САИ. — М.: Наука, 1961. — Вып. Е1-57. — 39 с.
  15. Лошенков, М.И. Ботанические находки с селища Борисковичи первые / М.И. Лошенков // Археологические исследования в Еврорегионе «Днепр» в 2013 г.: Научный ежегодник. — Брянск: РИО БГУ им. акад. И.Г. Петровского, 2015. — С. 269-271.
  16. Лысенко, П.Ф. Дреговичи / П.Ф. Лысенко / под ред. В.В. Седова. — Мінск: Навука і тэхніка, 1991. — 242 с.
  17. Макушников, О.А. Гомельское Поднепровье в V — середине XIII в.: Социально-экономическое и этнокультурное развитие / О.А. Макушников. — Гомель: ГГУ им. Ф.Скорины, 2009. — 218 с.

Даследаванні і малюнкі аўтара

Аўтар: А.Ф. Касюк
Крыніца: Мозырщина: люди, события, время: материалы Междунар. науч.-практ. конф., Мозырь, 26-27 мая 2016 г. / УО МГПУ им. И. П. Шамякина; редкол.: Т.Н. Сыманович (отв. ред.) [и др.]. — Мозырь, 2016. — 143 с. 16-20.