У лістападзе 1917 г. у Гомелі перамагла ўлада бальшавікоў i была распачата дзейнасць па ўсталяванні “дыктатуры пралетарыяту”. Але бальшавіцкія пераўтварэнні працягваліся нядоўга — пасля зрыву 18 лютага 1918 г. Брэсцкіх перамоў пачалося хуткае наступленне на гомельскім напрамку 41 рэзервовага корпуса нямецкай арміі.
Сутычкі з дрэнна апранутымі і ледзь узброенымі чырвонаармейскімі фармаваннямі пад Калінкавічамі, Жлобінам, Доўскам і Рэчыцай не змаглі спыніць імклівага нямецкага наступлення. 1 сакавіка атрады Чырвонай Арміі пакінулі Гомель, і ў той жа дзень у яго ўвайшлі часткі 41 германскага корпуса.
Па падпісаным праз два дні Брэсцкім міры ўсходнія раёны Беларусі, у т.л. і Гомельскі павет, заставаліся пад нямецкай акупацыяй да заключэння ўсеагульнага міру і выплаты Расіяй кантрыбуцыі на карысць Германіі. У сярэдзіне сакавіка дэмаркацыйная лінія стабілізавалася на ўсход ад Гомеля ў раёне Ўнечы, і горад амаль на год апынуўся пад нямецкай акупацыяй.
Але не толькі гэта вызначыла палітычнае жыццё Гомеля. Горад і акруга сталі важным аб’ектам знешнепалітычнай дзейнасці новаўтвораных дзяржаў — Украінаскай Народнай рэспублікі, БНР і Савецкай Расіі. Адмаўленне Беларусі як этнічна-адміністрацыйнай адзінкі ў Расійскай імперыі прывяло да таго, што маладыя дзяржавы разглядалі беларускія землі як нічыйны матэрыял для пашырэння сваіх тэрыторый. Гомельшчына і Палессе з-за свайго важнага эканамічнага і геапалітычнага становішча ледзь не першымі сталі прадметам барацьбы паміж суседнімі дзяржавамі.
Паводле дамовы паміж германскім блокам і Украінскай Радай ад 9 лютага 1918 г. беларускае Палессе трапіла ў межы Украіны. У канцы сакавіка ёй афіцыйна быў перададзены і Гомельскі павет. У горад быў прызначаны ўкраінскі камендант, кіраўніцтва чыгуначным вузлом і прамысловасцю падпарадкавана Кіеву.
Са свайго боку Савецкая Расія разглядала гэтыя тэрыторыі як неад’емную частку РСФСР. Нягледзячы на афіцыйнае прызнанне УНР, бальшавіцкія ўлады ў цэнтры і на месцах не адмаўляліся ад барацьбы за Ўкраіну, а Гомелышчына разглядалася імі як “вароты паўднёвай украінскай жытніцы ў сталіцы Савецкай рэспублікі”.
Пасля абвяшчэння ІІІ Устаўной граматай незалежнай Беларускай Народнай Рэслублікі з тэрыторыяй, што “мела абняць усе землі, дзе жыве і мае лічбавую перавагу беларускі народ”, 19-20 красавіка ў Кіеве пачаліся беларуска-ўкраінскія перамовы аб сумеснай мяжы дзвюх дзяржаў. З агульнага паразумення ў аснову вызначэння мяжы быў пакладзены этнічны прынцып з улікам геаграфічнага і эканамічнага. Па прапанаваным беларускай дэлегацыяй размежаванні беларускае Палессе разам з Гомелем вярталіся б БНР. Пры поўнай падтрымцы дзяржаўнага самавызначэння Беларусі Украінскі ўрад у тэрытарыяльным пытанні праявіў ваганні. Перамовы ішлі складана, а пасля прыходу 29 красавіка да ўлады на Украіне гетмана Скарападскага былі фактычна згорнуты
Гетманскі рэжым узмацніў экспансію на поўдні Беларусі. Напачатку траўня была ўтворана Палесская губернія Украіны з уключэннем акупаванага беларускага Палесся, у т.л. і Гомельскага павета. У Гомель была прыслана ўкраінская “дзяржаўная варта”, прызначаны “павітовы камісар”, пачалася ўкраінізацыя школ і ўстаноў. Далучэнне да Ўкраіны і асабліва ўкраінізацыя былі сустрэты насельніцтвам з непрыхільнасцю.
Для ўмацавання сувязей з Гомельшчынай і абароны беларускіх інтэрэсаў Народны Сакратарыят БНР прызначыў сюды свайго спецыяльнага намесніка, ім стаў служачы Праўлення Лібава-Роменскай чыгункі Я. Няцецкі. У пасведчанні аб яго прызначэнні ўрад БНР паведамляў, што прадстаўнічыя паўнамоцтвы намесніка распаўсюджваюцца на Пінскі, Мазырскі, Гомельскі, Навазыбкаўскі. Ноўгарад-Северскі, Суражскі, Мглінскі і Бранскі паветы. Яму належыла ўвайсці ў зносіны з акупацыйнымі ўладамі, а таксама гарадамі і земствамі, іншымі грамадскімі арганізацыямі з тым, каб арганізаваць на месцах “беларускую ўладу, на каторую бы маглі апірацца ўсе тамашнія жыхары — беларусы і грамадзяне Беларусі, а ў першы чарод – уцекачы, каторыя варочаюцца на сваю бацькаўшчыну”1.
Намаганнямі Няцецкага была створана і пэўны час дзейнічала “Беларуская бежанская камісія ў Гомелі”, якая знаходзілася ў пастаянным кантакце з Народным Сакратарыятам БНР і беларускім генеральным консулам на Ўкраіне
Дзейнасць намесніка БНР і бежанскай камісіі працягвалася прыкладна да жніўня 1918 г., калі за ўдзел у чыгуначнай забастоўцы Я. Няцецкі быў арыштаваны. Пасля гэтага сувязі Гомеля з БНР аслаблі.
Новы этап міждзяржаўнай барацьбы за Гомель пачаўся восенню-зімой 1918 г. У адпаведнасці з Руска-германскім дадатковым дагаворам (27.08.1918 г.) Германія эвакуявала свае войскі, і вызваленыя тэрыторыі займала Чырвоная Армія. Пазбаўлены нямецкай палітычнай і ваеннай падтрымкі, рэжым Скарападскага быў звергнуты левымі сіламі. У Кіеве ўтварылася Дырэкторыя, лідэры якой — Вінічэнка і Пятлюра — падцвердзілі прэтэнзіі на беларускае Палессе і Гомельшчыну.
У сярэдзіне лістапада савецкі ўрад ануляваў Брэсцкі мір і абвясціў барацьбу за вызваленне Украіны, Беларусі і Прыбалтыкі ад нямецкіх акупантаў і мясцовых “буржуазных нацыяналістаў”. Складаная сітуацыя ўзнікла вакол Гомеля, які з’яўляўся стратэгічным пунктам эвакуацыі германскіх войскаў з паўднёва-усходняй Беларусі і паўночнай Украіны, а таксама для пранікнення Чырвонай Арміі ўглыб Украіны, што непакоіла УНР. Унутры горада ішла барацьба за ўладу паміж дэмакратычна-ліберальнай Дырэкторыяй, якую падтрымліваў савет салдацкіх дэпутатаў 41-га германскага корпуса, і бальшавіцкім ваенна-рэвалюцыйным камітэтам, які рабіў стаўку на надыходэячую Чырвоную Армію.
У ноч з 16 на 17 снежня ў Мазыры адбыліся перамовы паміж прадстаўнікамі дывізійнага і корпуснага нямецкіх саветаў і дэлегацыяй РСФСР аб эвакуацыі германскіх войск з Гомельшчыны і пропуску Чырвонай Арміі на Украіну. Расійская дэлегацыя была прадстаўлена ўпаўнаважаным СНК РСФСР Мануільскім, былым генеральным консулам у Германіі Мянжынскім, прадстаўніком Магілёўскага губрэўкама Гурэвічам і начальнікам гомельскага боеўчастка Заходняга фронта Абрамовічам. Тэрмін увядзення чырвоных войскаў у Гомель быў вызначаны 20 снежня, пасля чаго ўлада тут перадавалася ВРК. Да гэтага часу кантроль за парадкам у горадзе і распараджэнне чыгуначным вузлом захоўваліся за нямецкім корпусным саветам для забеспячэння эвакуацыі германскіх войскаў2.
У той жа дзень 17 снежня савецкая дэлегацыя сустрэлася з прадстаўнікамі гомельскіх бальшавікоў, і, пасля абмеркавання вынікаў перамоў у Мазыры, было вырашана заняць Гомель чырвонымі войскамі, перадаць уладу ад Дырэкторыі рэўкаму раззброіць міліцыю і прыяднаць Гомельскі павет да Расіі3.
Адчуўшы моцную падтрымку ад прадстаўнікоў савецкага ўраду Гомельскі ВРК пачаў усталёўваць сваю ўладу ў горадзе. Ужо 18 снежня ім быў прызначаны новы камендант станцыі, праведзены арышт “контррэвалюцыйны х элементаў”, у т.л. загадчыка службы руху Палескіх дарог.
Работа чыгуначннга вузла. у т.л. і эвакуацыя нямецкіх войск, была дэзарганізавана. Дзеянні ВРК былі ацэнены нямецкім саветам як парушэнне дамоўленасці. 19 снежня яго прадстаўнікі на мітынгу ў гарадскім тэатры ў і прысутнасці савецкай дэлегацыі абвясцілі, што нямецкі савет здымае з сябе абавязкі пз дамоўленасці і бярэ сітуацыю ў горадзе пад свой кантроль. Грамадзянская ўлада была перададзена Дырэкторыі, уведзена нямецкае патруляванне, камітэт чыгумачнікаў арыш- таваны, а савецкая дэлегацыя пакінула горад. Хоць праз некалькі дзён арыштаваныя былі вызвалекы, у Гомель была ўведзена 47 нямецкая дывізія, украінская Дырэкторыя накіравапа бронецягнік для блакавання чыгуначнага вузла і пранікнення Чырвонай Арміі на Ўкраіну. Чычэрын накіраваў у Берлін спецыяльную “Ноту савецкага ўраду Гомелі”.
Сітуацыя для рэўкама рэзка ўскладнілася. У гэтых умовах было вырашана скарыстаць выпрабаваны сродак — арганізаваць забастоўку і сарваць работу чыгуначнага вузла. 26 снежня быў створаны бальшавіцкі забастовачны камітэт на чыгунцы, спынілі работу ўпраўленне станцыі і майстэрні, паравозы затрымліваліся ў дэпо і дэмантаваліся, частка машыністаў была вывезена за дэмаркацыйную лінію. У два наступныя дні забастоўка пашырылася на некаторыя прадпрыемствы горада і павета, пошту, казначэйства, друкарню. Жыццё горада і чыгуначнага вузла было дэзарганізавана, але апошні быў хутка ачэплены нямецкімі салдатамі і пачаў дзейнічаць. Паміж германскім саветам і рэўкамам пачаліся перамовы, якія скончыліся ўзаемнымі саступкамі: немцы абавязваліся пакінуць гораду 10-дзённы тэрмін і не перашкаджаць падрыхтоўцы да ўвядзення савецкай улады. Рэўкам пагадзіўся спыніць забастоўку4.
Дамова ўступіла ў дзеянне 6 студзеня 1919 г. На наступны дзень было абвешчана аб перадачы ўлады ў Гомелі і павеце рэўкаму. Бальшавікі горада заявілі аб сваім рашэнні не ўваходзіць ні ў якія пагадненні з іншымі, у тым ліку і сацыялістычнымі, партыямі5. У гэтым для іх не было патрэбы, бо 14 студзеня пасля эвакуацыі апошніх нямецкіх частак у горад увайшлі атрады Чырвонай Арміі, якая i з’ўлялася галоўнай апорай і гарантыяй бальшавіцкай дыктатуры.
Праз пэўны час быў вырашаны не толькі папітычны, але i дзяржаўны лёс Гомельшчыны — утвораная напачатку красавіка 1919 г. Гомельская губерня была ўключана ў склад РСФСР магчымасць перадачы яе Беларускай савецкай рэспубліцы нават не абмяркоўвалася.
Літаратура
- НАРБ. Ф.62. Воп.1, Спр.22, Арк.162
- ГАКМ. Ф.5. Спр. 2-а. Арк.54.
- ДАГВ. Ф.52. Воп.1. Спр.10. Арк.36.
- Там жа. Арк.9.
- НАРБ. Ф.60. Воп.З. Спр.174. Арк. 176.
Аўтар: В.М. Лебедзева (Гомель, ГДУ)
Крыніца: Гомельшчына: старонкі мінулага. II выпуск. — Гомель, 1996. — Ст. 102-107