Асаблівасці тэрміналогіі тураўскага вяселля

0
314
Асаблівасці тэрміналогіі тураўскага вяселля

Вусная народная творчасць беларусаў да сённяшняга часу захоўвае шмат рэгіянальна-лакальных асаблівасцей. У гэтых адносінах яскравым прыкладам з’яўляецца Тураўшчына, вясельны фальклор якой вылучаецца шэрагам спецыфічных рыс, у прыватнасці ў вобласці тэрміналогіі. Арэальнае даследаванне традыцыйнай тэрміналогіі тураўскага вяселля яшчэ не праводзілася — гэта праца на перспектыву. Зразумела адно: папярэдні разгляд некаторых асаблівасцей метамовы тураўскага вяселля нельга праводзіць ізалявана, без сувязі з адметнымі рысамі самога абраду і яго паэзіі.

З прыходам нявесты ў дом жаніха звязвалі вялікія надзеі. У ёй бачылі працавітую, старанную, клапатлівую гаспадыню, што будзе дапамагаць бацькам мужа. Калі зыходзіць з этнаграфічных апісанняў тураўскага вяселля, то заўважым, што асабліва важнае значэнне надавалася працэсу падрыхтоўкі да яго. Ужо на гэтым этапе вялікую ролю адыгрывалі пэўныя вясельныя чыны. Прыгожыя сарочкі як для жаніха, так і для нявесты шылі дружкі маладой, яны ўпрыгожвалі абразы і засцілалі лавы. Дзеянні суправаджаліся песнямі, адпаведнымі моманту. Цікава, што ў творах маглі спалучацца вясельныя і хрэсьбінныя матывы з ужываннем адметных тэрмінаў:

Часала Надзенька белы лён,
Штоб соткаць сорочэчку для родзён.
Я ж ее шыла, розшывала,
Шоб ты, Ганночка, прымерала.
Прымераўшы за мною,
Возьмеш мене кумою [3].

Дружкі жадалі заручонай дзяўчыне шчасцейка ў новай сям’і, выкарыстоўваючы пры гэтым традыцыйныя тураўскія выслоўі:

Дай бог, штоб було шчасце і доля,
Дай бог шчасця, да шчэй дай бог удацца.
Ек будзе добра свекруха, то і будзе добрэ [3].

Адзначым, што абрадавая проза тураўскага вяселля вылучаецца значнай колькасцю рэгіянальных слоў, устойлівых выразаў, прыказак, прымавак, прыгаворак. Напрыклад, па-рознаму называлі палешукі пасаг нявесты. Найболын распаўсюджанымі лічацца ў тураўлян словы «вено» і «посага». Паводле тлумачэнняў, узятых з «Тураўскага слоўніка», «вено» — пасаг у выглядзе каровы: «Ек кажуць, бацько даў доццы вено, то даў карову». З венам звязаны абрад перапой: «Колі молодую завезуць к молодому, сядуць за стол — ее родня — і перэтваюць корову, седзяць і мукаюць, а тые, шо на веселье прыглашоные, веселные, спеваюць: «Ек на праўду, то нехай бог спасе, а не на праўду, нехай воўк несе».Перапіваючы, на Тураўшчыне прыгаворвалі: «Даю тобе вено і тры копі сена» [2,1, 111-112].

Адметным чынам называліся і ўдзельнікі вяселля на розных яго этапах. Напрыклад, за жанчынамі з ліку нявесціных гасцей замацаваліся назвы «берэзянкі», «берэзьянкі», «берэзынкі», а за гасцямі з боку маладога, якія былі запрошаны, — «веселныя», «весельныя»: «А тые, шчо на веселье прыглашоныя, веселные, спеваюць» [2,1, 118].

«Боярымі», або «боярамі», былі вясельныя госці, аб якіх спявалася ў песнях:
Приехало семсот бояроў на мой двор.
Познай, познай, дзеучынонька, которы твой.
Шо ў сінем, у зелёном, то не мой,
А шо ў вотлозі, у золотом поесі, то мой.

Лік 700 звычайны для абрадавых песень. Напрыклад, у каляднай песні дадзеная традыцыйная гіпербала з’яўляецца сродкам велічання дзяўчыны: да маладой жняі прыходзяць на поле аж 700 сватоў. Вясельныя баяры малююцца як шумны натоўп: «Да гукалі баярые, цераз село едучы: / Ці ж усе му, любуе боярые, цераз село переехалії » [2,1, 78].

Варыянтнасцю адрозніваюцца і найменні свацці: «свахна», «свашка», «сваха». Ёй адрасуюцца жартоўныя песні:

Дзе наша старша сваха волочыласа,
Шо по пояс умочыласа?
Ці конопелькі брала,
Ці сыночка лопатою ўстрэчала?

Свахні характарызуюцца як пяюхі: «Бо ўжэ твою галоньку дружкі обселі, свахны обпелі» [2, V, 16]. Такім чынам, варыянтныя назвы суадносяцца і з родзічамі, і з гасцямі.

Даволі часта ў тураўскім вясельным фальклоры прысутнічае слова «ваша» у значэнні «вясельная дружына»:

Маладая дзевачка,
Выйдзі за варота.
Выйдзі за варота,
Да прыляж к дарозе.
Ці шуміць ліст, дуброва,
Ці звініць дарога,
Бо то ж твая ваша едзе,
Будзе цябе ваяваць.
Будзе цябе ваяваці,
Тваё дабро забіраці.
Усей твой двор зваюе
І камору спустуе [1, 498].

Лексема панарад зафіксавана ў фальклорнай мове ў значэнні «убор дзяўчыны»:

Прадай, прадай, татусечка,
Зеляненькі сад.
Да й спраў жа ты, мой родненькі,
Увесь панарад:
Саяны зеляныя мушкаваны,
Чырвянцовы паясочкі і з махрамі,
Казловыя чаравічкі з гаплікамі [3].

Цікавасць уяўляе і абрад дзяльбы каравая, які суправаджаўся рознымі прыгаворкамі, зычэннямі:

Дарую куру-квахтуху,
Каб маладая ўсё жыццё паважала свякруху.
Дарую дзве лапаты,
Каб малады маладую не ганяў вакол хаты.
Дарую кветкі бярозы,
Каб малады прыходзіў дадому цвярозы.
Я ў бутэльку насыпала жыта,
Каб маладым была добрая жытка.
Дарую капусты бочку,
Каб у кожным куточку — па сыночку,
А пасярод хаткі
Каб бегалі дзяўчаткі [3].

Спраўляючы вяселле, людзі рыхтавалі да яго самыя разнастайныя стравы. Сярод іх был і тыя, якія сігналізавалі аб заканчэнні вясельнага частавання. На Тураўшчыне гэта кампот і каша. І вось калі на стол падавалі кампот з груш і кашу, то гаварылі наступнае: «Ек далі кашу, то няма ўжо пашы»; «Ек далі кампот з груш, то нічога ўжэ не руш» [3]. Адзначым, што ў іншых мясцінах такімі стравамі маглі быць боршч і каша, кісель. Гэта азначала, што гасцям трэба было збірацца ісці.

Вяртаючыся з вяселля, кожны з удзельнікаў прыносіў дадому весельнік — гасцінец з вяселля: «Узяў весельніка і пайшоў до того пана» [2,1, 118].

Ужо гэтыя некалькі прыкладаў сведчаць аб багатым тэрміналагічным дыяпазоне тураўскага вяселля, якое захавала да нашых дзён нямала спецыфічных рыс. Як бачым, палешукі беражліва ставяцца да сваёй духоўнай спадчыны, ганарацца багатай і змястоўнай традыцыйнай народнай культурай, сярод якой пачэснае месца займае каларытнае тураўскае вяселле.

Літаратура

  1. Вяселле. Песні: у 6 кн. / склад. Л. А. Малаш, З. Я. Мажэйка. Мн., 1983. Кн. 3.
  2. Тураўскі слоўнік: у 5 т. Мн., 1982-1987.
  3. Фальклорны архіў гарадскога Дома культуры г. Турава.

Аўтар: Настасся Кузьміч
Крыніца: Фалькларыстычныя даследаванні. Кантэкст. Тыпалогія. Сувязі: зб. арт. Вып. 4 / пад нав. рэд. Р. М. Кавалёвай, В. В. Прыемка. – Мiнск: Бестпрынт, 2007. – C.191-194.