Асаблівасці лексічнага складу тэкстаў песень пра каханне (на фальклорным матэрыяле Нараўлянскага раёна)

0
1026
Асаблівасці лексічнага складу тэкстаў песень пра каханне (на фальклорным матэрыяле Нараўлянскага раёна)

Нараўлянскі раён — адзін з куткоў Гомельшчыны, найбольш пацярпелых ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС: з 74 населеных пунктаў, якія размяшчаліся на гэтай тэрыторыі да 1986 г., былі ліквідаваны 35. Таму асабліва важна зрабіць усё магчымае для захавання самабытнай культуры скасаваных (Углоўскага, Даўлядоўскага, Дзярновіцкага і Вярбовіцкага) сельсаветаў. На працягу двух дзясяткаў гадоў (з 90-х гг. ХХ ст.) на тэрыторыі Нараўляншчыны арганізоўвалася фальклорная практыка студэнтаў філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, у выніку якой мы маем магчымасць прааналізаваць 357 запісаных тэкстаў пазаабрадавай паэзіі. Іх статыстычны аналіз паказаў, што 198 песень (з улікам паўтору некаторых тэкстаў у выкананні розных людзей; уключаючы 4 балады і 10 рамансаў, якія раскрываюць тэму няшчаснага кахання) можна аднесці да бытавой (сямейнай і любоўнай) і сацыяльнай тэматыкі, 34 тэксты — гэта рознатэматычныя прыказкі і прымаўкі, больш за 100 адносяцца да жанру прыпевак пераважна бытавой тэматычнай накіраванасці.

Аб’ектам нашага даследавання з’яўляюцца пазаабрадавыя бытавыя любоўныя песні. Прадмет даследавання — лексічны склад гэтай тэматычнай групы народных песень.

Нараўляншчына тэрытарыяльна мяжуе з Ельскім, Мазырскім і Хойніцкім раёнамі Беларусі, з Палескім раёнам Кіеўскай вобласці, а таксама з Народзіцкім, Оўруцкім раёнамі Жытомірскай вобласці Украіны. Такім чынам, гаворка мясцовых жыхароў уяўляе сабой вынік узаемадзеяння беларускай і ўкраінскай моў, што не магло не адбіцца на спецыфіцы лексікі названых фальклорных тэкстаў.

Асновай тэматычнай класіфікацыі пазаабрадавай лірыкі з’яўляецца бытавы і сацыяльны канфлікт у жыцці чалавека. Характэрна, што паэтычную рэальнасць 159 песень (80,3% ад колькасці разгледжаных 198 твораў) утвараюць пачуцці і перажыванні герояў у бытавой сферы існавання асобы. Такім чынам, як і ўся сучасная песенная культура, народная пазаабрадавая песня ў першую чаргу цікавіцца перыпетыямі асабістага жыцця чалавека новага часу.

У лексічным складзе тэкстаў народных любоўных песень мы не сустрэнем слоў з адкрыта эратычным сэнсам, паколькі, у адрозненне ад сучаснай культурнай песеннай традыцыі, у фальклорных пазаабрадавых тэкстах сексуальная аснова кахання па-мастацку прыхаваная: «Чаго ходзіш, кучаравы, / Я дзяўчына малада, / Чаго ходзіш ты без справы, / Часу мне твайго шкада»1 («Свеціць месяц», зап. К. Бужан, А. Мякшун, В. Касцянка ад Любові Васільеўны Кудзін, 1954 г. н., у в. Галоўчыцкая Буда); «В полі бероза, в полі кудрава, /Хто йдэ, дэй рубае, голлэчко збірае… /Хто ж мене розуе, хто ж мене роздзене?» («В полі бероза», зап. ад Алены Адольфаўны Віткоўскай, 1930 г. н., у в. Грушаўка); «Була одна волосіна, / Тую муха откусіла. / А я думала — кучаравы, / У яго чуба да нема» («Кіну кужэль на поліцу», зап. ад Любові Васільеўны Кудзін, 1954 г. н., у в. Буда Галоўчыцкая); «Адзін месяцусходзіць, / А другі заходзіць… Вочы, мае вочы, / Што вы нарабілі: / Чалавек жанаты, / Ой, а вы палюбілі» («Адзін месяц», зап. Г. Адаменка, А. Лазаравай у г. Нароўля ад Марыі Мікалаеўны Сізянок, 1953 г. н., перасяленкі з в. Ломаш Хойніцкага р-на); «Няма майго мілага, / Я пайду к яму сама» («Увечары вечарэе», зап. ад Ганны Дзям’янаўны Захілька, 1939 г. н., у в. Карпавічы).

Статыстычны аналіз тэматыкі бытавых песень дэманструе справядлівасць той думкі, што не каханнем адзіным жывы чалавек: 131 тэкст (82,4%) — гэта сямейная лірыка, якая раскрывае тэму сямейнага дэспатызму і няшчаснай жаночай долі, а 20 (12,6%) песень — уласна любоўная лірыка. Акрамя таго, даволі значная частка сямейных песень (напрыклад, «Біла мяне маці», зап. ад Тамары Паўлаўны Цалка, 1942 г. н., у в. Антонаў; «Сваталі дзіўчыну», зап. ад Соф’і Феліксаўны Ніканчук, 1925 г. н., у в. Грушаўка; «Прадай, мілы, рабі бічкі», зап. ад Алены Адольфаўны Віткоўскай, 1930 г. н., у в. Грушаўка; «Як была я малая ў мамы на руках», зап. В. С. Новак ад Ліліі Міхайлаўны Доўгай, 1920 г. н., у в. Будкі) можа быць аднесена да сямейна- любоўных. Бо, як паказвае жыццёвы вопыт, сфера любоўных адносін — гэта толькі частка асабістага жыцця, у якой закаханыя існуюць побач з іншымі людзьмі (у першую чаргу, з членамі сваіх сем’яў).

Адзначанае філасофска-тэматычнае назіранне вызначае характар лексічнага складу тэкстаў песень пра каханне. Як і ў сямейных песнях, сярод найменняў членаў сям’і па частаце ўжывання і колькасці марфемна- стылістычных варыянтаў дамінуе назоўнік «маці»: «Як выйшла з хаты старая маці» («Лятучыя крылы», зап. К. Бужан, А. Мякшун, В. Касцянка ад Любові Васільеўны Кудзін, 1954 г. н., у в. Галоўчыцкая Буда); «… маці стояла» («Посею гурочкі…», зап. М. Прахарэнка, Г. Плахатнюк, В. Вінакуравай ад Яўгеніі Іванаўны Максіменка, 1949 г. н., у в. Антонаў); «Пусці мене, моя маці, / На ўліцу погуляць» («Ой, у полі два дубочкі»); «Я ж у сваёй мамкі /Даўненька была» («Ваня, Ванюша», зап. А. Чэкан, Ю. Расюк ад Кацярыны Францаўны Цандзер, 1946 г. н., у г. Нароўля); «Ідзі, мамочко, погледзі…» («Ой, хто пойдзе по забівало», зап. ад Галіны Пятроўны Жукоўскай, 1948 г. н., Евы Мікалаеўны Ерашэнка, 1930 г. н., у в. Буда Галоўчыцкая); «… Своей жэ маценці /Жалю наробіла» («Сваталі дзіўчыну», зап. ад Соф’і Феліксаўны Ніканчук, 1925 г. н., у в. Грушаўка).

Разгледжаная лексічная асаблівасць дэманструе вядучую (пры фармальным патрыярхаце сямейных адносін) ролю маці ў жыцці кожнага чалавека. Эпізадычна ў любоўных песнях сустракаюцца вобразы сватоў і бацькі. Вобраз сватоў або рэалістычны, або алегарычны: «Сват… / Плачэ па горэлцы», «… боярэ прывезлі… к сынумолоду кнегіню…». У адрозненне ад маці, якая актыўна ўдзельнічае ў працэсе станаўлення адносін жаніха і нявесты («Біла мяне маці / Бярозавым прутам, / Шоб я не гуляла / З маладым рэкрутам» — зап. ад Тамары Паўлаўны Цалка, 1942 г. н., у в. Антонаў), бацька, хутчэй, пасіўны. Для стварэння яго вобраза часта выкарыстоўваецца прыём алегорыі: «Жыў сабе, быў сабе ўдальскі кароль» («Жалобная песня», зап. у г. Гомель ад Галіны Кандрацьеўны Дрэвіла, 1928 г. н., перасяленкі з в. Вуглы Нараўлянскага р-на); «А мой папаша, злы мучыцель, // За цябе замуж не аддае» («Сем гадоў пад няволлю…», зап. ад Ніны Міхайлаўны Мікалаенка, 1915 г. н., у в. Дзёрнавічы).

Вобраз нявесты алегарычны («… боярэ прывезлі… к сынумолоду кнегіню… »), стасуецца з вобразам дома («Булай хата як цемніца, / А цепер як светліца, / Як невесткі дождала…» — «Ой, хто пойдзе па забівало», зап. ад Галіны Пятроўны Жукоўскай, 1948 г. н., Евы Мікалаеўны Ерашэнка, 1930 г. н., у в. Буда Галоўчыцкая), з маладосцю («Я малада дзяўчына» — «Свеціць месяц», зап. К. Бужан, А. Мякшун, В. Касцянка ад Любові Васільеўны Кудзін, 1954 г. н., у в. Галоўчыцкая Буда), з вобразам малодшай сястры («У младшай сястры той жаніх быў» — «Жалобная песня», зап. у г. Гомель ад Галіны Кандрацьеўны Дрэвіла, 1928 г. н., перасяленкі з в. Вуглы Нараўлянскага р-на) або сяброўкі («Ой, падружка, ты, падруга, / Ты соперніца моя» — «Ой, коліна, ой, коліна», зап. ад Лімпы Якаўлеўны Кудзін у в. Гажын; «Всем подружкам говорила: / Не влюбляйтесь так, как я» — «На крылечку я стояла. », зап. Г. Адаменка, А. Лазаравай, М. Голуб у в. Будкі ад Лідзіі Васільеўны Ядчанка, 1937 г. н., Ульяны Арсенцьеўны Майковай, 1949 г. н., перасяленкі з в. Гажын Нараўлянскага р-на). Вобразы закаханай дзяўчыны, яе сястры, сябровак часцей за ўсё сустракаюцца ў любоўна- алегарычных песнях, прыкладам якіх можа служыць варыянт «Ой, там на гары…» (зап. М. Прахаранка, Г. Плахатнюк, В. Вінакуравай ад Яўгеніі Іванаўны Максіменка, 1949 г. н., у в. Антонаў).

Цэнтральны (першапачаткова заўсёды станоўчы) мужчынскі вобраз — гэта вобраз жаніха, пры абмалёўцы якога выкарыстоўваюцца прыметнікі- субстантывы, якасныя прыметнікі ў функцыі дапасаванага азначэння і назоўнікі ў функцыі прыдатка. Гэтыя лексіка-граматычныя групы слоў даюць персанажу як унутраную, так і знешнюю характарыстыку: «Ванюша-душа…» («Ваня, Ванюша», зап. А. Чэкан, Ю. Расюк ад Кацярыны Францаўны Цандзер, 1946 г. н., у г. Нароўля); «Маладой и красивый парнишка; милый Андрей; кучеравы Андрей», «Не бачыло й міленького.», «…удалой молодец…» («За высокой горой», «Посею гурочкі…», «Ой, там на горе.», зап. М. Прахарэнка, Г. Плахатнюк, В. Вінакуравай ад Яўгеніі Іванаўны Максіменка, 1949 г. н., у в. Антонаў); «Свайго мілога шукае», «… хлопец кучаравы («Лятучыя крылы», «Свеціць месяц», зап. К. Бужан, А. Мякшун, В. Касцянка ад Любові Васільеўны Кудзін, 1954 г. н., у в. Галоўчыцкая Буда); «.Екі, мілы, ты хорошы. » («Ой, коліна, ой, коліна», зап. ад Лімпы Якаўлеўны Кудзін у в. Гажын). Пры стварэнні вобраза жаніха таксама выкарыстоўваюцца памяншальна-ласкальныя формы імёнаў уласных, што стварае эфект пэўнай (часта наўмыснай, штучнай) інфантыльнасці дадзенага персанажа песень, якога нявеста шкадуе (славянская жанчына жыве па прынцыпах: «Люблю — значыць шкадую», «Мужчына — гэта вялікае дзіця»): Ванюша, Колечка. Канкрэтныя імёны, якія спрыяюць асобаснасці апавядання, сустракаюцца ў такой разнавіднасці песень пра каханне, як любоўна-бытавыя песні, прыкладам якіх можна назваць тэкст песні «Кіну кужэль на поліцу» (зап. ад Любові Васільеўны Кудзін, 1954 г. н., у в. Буда Галоўчыцкая): «Полюбіла я Сцепана, / Вуйшла замуж за Івана. /Полюбіла Васіля — / Така долечка моя».

Паэтычнай рэальнасці любоўных песень наогул ўласціва дзіцячае ўспрыманне свету, што перадаецца з дапамогай частага ўжывання слоў (перш за ўсё назоўнікаў) у памяншальна-ласкальнай форме: «берёзки, вадзіца, вароженькі, веночок, верабейко, годочкі, гурочкі, даўненька, дачушка, дождік, долечка, дорожка, дзевочкі, Катенька, Катюша, крылечка, крыльца, кустики, лісічка, лічко, ночка, окенце, падружка, пальчыкі, парнишка, пташка, пшонца, родочкі, садочак, сватко, сердзечко, суседонькі, сыночак, Танечка» і іншых. Магчыма, гэтая словаўтваральная асаблівасць тлумачыцца з пазіцый псіхалінгвістыкі: адважваючыся на любоўныя адносіны, людзі (асабліва гэта ўласціва дзяўчатам) інтуітыўна жадаюць мець дзяцей, што адлюстроўваецца на спецыфіцы іх моўных паводзін. Дзіцячыя вобразы ў песнях пра каханне акрэслены толькі патэнцыяльна, схематычна, але нязменна станоўча: напрыклад, «дачушка», «сын-красавец», «сыночкі сінявокія».

Агульнавядомая канкрэтнасць мыслення простага чалавека, таму ў тэкстах бытавой тэматыкі заканамерна ўжыванне адносна невялікай колькасці такіх найбольш адцягненых лексіка-граматычных разрадаў слоў, як займеннікі і прыслоўі: для параўнання, 9,1% у тэксце сямейнай песні «Запалі, мамко, свечку…» (зап. ад Ніны Герасімаўны Ерашэнка, Аляксандры Герасімаўны Ерашэнка ў в. Лінаў) і 23,1% у тэксце любоўнай песні «Свеціць месяц» (зап. Г. Адаменка, А. Лазаравай у г. Нароўля ад Марыі Мікалаеўны Сізянок, 1953 г. н., перасяленкі з в. Ломаш Хойніцкага р-на) ад агульнай колькасці самастойных часцін мовы.

Нягледзячы на тое, што сярод тэкстаў пазаабрадавай лірыкі Нараўлянскага раёна мы не адзначылі жартоўных і сатырычных песень як асаблівай жанравай групы твораў, сатырычныя вобразы можна сустрэць у некаторых любоўных песнях: «Почему ты не пришёл» (зап. Г. Адаменка, А. Лазаравай у г. Нароўля ад Марыі Мікалаеўны Сізянок, 1953 г. н., перасяленкі з в. Ломаш Хойніцкага р-на), «Стаканчыкі гранёные.» (зап. Я. Васіленка, В. Селюковай ад Яўгеніі Яўгенаўны Лаворанка, 1940 г. н., у в. Гажын), «Не через сердце я болею.» (зап. ад М. Г. Саўчанка ў в. Вуглы), «А ты, Юрочка, / Что не женишься?..» (зап. Л. Малюковай ад Анфісы Нікіфараўны Далжэнка, 1920 г. н., у в. Галоўчыцы), «Матроса, матроса, / Аленькія губкі.» (зап. І. Краўцовай ад Марыі Ігнатаўны Ермаковай, 1920 г. н., у в. Углы), «Кіну кужэль на поліцу» (зап. ад Любові Васільеўны Кудзін, 1954 г. н., у в. Буда Галоўчыцкая).

Такім чынам, калі сюжэт сямейных песень заснаваны на гендарным канфлікце жаночага і мужчынскага пачаткаў, то канфлікт сюжэта любоўных песень носіць гендарна-маральны і гендарна-сацыяльны характар. Гэта пацвярджаюць заканамернасці ўжывання прыметнікаў і дзеясловаў. Якасныя (адыгрывае ролю сімволіка колеру) і адносныя прыметнікі дапамагаюць супрацьпаставіць жыццё ў вёсцы (маральна станоўчае) і ў горадзе (маральна адмоўнае): «Деревенская Катя-пастушка; /Брось. /Деревенскую жизнь /И уедем с тобой в городскую… / …жёлтый бархат-атлас… / …шаль голубую… / Водку горкую пить.» («За высокой горой» зап. М. Прахарэнка, Г. Плахатнюк, В. Вінакуравай ад Яўгеніі Іванаўны Максіменка, 1949 г. н., у в. Антонаў).

Дзеясловы, што ўжываюцца ў тэкстах любоўных песень, умоўна можна падзяліць на: 1) «жаночыя» (сацыяльна і маральна станоўчыя, актыўныя); 2) «мужчынскія» (сацыяльна і маральна адмоўныя, пасіўныя). Адпаведна: 1) «Своей Танечкі не оддадзім» («Ідзіце, дзевочкі, прасці.», зап. ад Галіны Пятроўны Жукоўскай, 1948 г. н., Евы Мікалаеўны Ерашэнка, 1930 г. н., у в. Буда Галоўчыцкая); «Посла стадо овец.», «Посею гурочкі. /Сама буду поліваці.» («За высокой горой», «Посею гурочкі.», зап. М. Прахарэнка, Г. Плахатнюк, В. Вінакуравай ад Яўгеніі Іванаўны Максіменка, 1949 г. н., у в. Антонаў); «Як невесткі дождала, / То й хату прыбрала» («Ой, хто пойдзе по забівало», зап. ад Галіны Пятроўны Жукоўскай, 1948 г. н., Евы Мікалаеўны Ерашэнка, 1930 г. н., у в. Буда Галоўчыцкая); «Сястрыцародная, ратуй ад граха» («Жалобная песня» зап. у г. Гомель ад Галіны Кандрацьеўны Дрэвіла, 1928 г. н., перасяленкі з в. Вуглы Нараўлянскага р-на); «Добрые суседонькі / Сватоў напраўляюць» («Сваталі дзіўчыну», зап. ад Соф’і Феліксаўны Ніканчук, 1925 г. н., у в. Грушаўка);

2) «Мі вашого Колечкі не хацім… / Сват. /Плачэ па горэлцы» («Ідзіце, дзевочкі, прасці.», зап. ад Галіны Пятроўны Жукоўскай, 1948 г. н., Евы Мікалаеўны Ерашэнка, 1930 г. н., у в. Буда Галоўчыцкая); «Ухади от меня, ненавижу тебя! / И смотрэть на тебя не жэлаю!», «Голуба й убіў, голубку зловіў» («За высокой горой», «Ой, там на горе.», зап. М. Прахарэнка, Г. Плахатнюк, В. Вінакуравай ад Яўгеніі Іванаўны Максіменка, 1949 г. н., у в. Антонаў); «. жаніх твой дастанецца мне» («Жалобная песня», зап. ў г. Гомель ад Галіны Кандрацьеўны Дрэвіла, 1928 г. н., перасяленкі з в. Вуглы Нараўлянскага р-на); «А злые вароженькі / Сватоў одбіваюць» («Сваталі дзіўчыну», зап. ад Соф’і Феліксаўны Ніканчук, 1925 г. н., у в. Грушаўка); «Он найшов себе другую» («На крылечку я стояла.», зап. Г. Адаменка, А. Лазаравай, М. Голуб у в. Будкі ад Лідзіі Васільеўны Ядчанка, 1937 г. н., Ульяны Арсенцьеўны Майковай, 1949 г. н., перасяленкі з в. Гажын Нараўлянскага р-на); «Я ходзіл і ходзіць буду, / Вытапчу зеленый луг, / Высушу твое сердзечко, / Полюблю одну з подруг» («Ой, у полі два дубочкі», зап. А. Чэкан, Ю. Расюк ад Кацярыны Францаўны Цандзер, 1946 г. н., у г. Нароўля).

Лексічная сістэма мовы бытавых (у цэлым) і любоўных (у прыватнасці) песень уяўляе сабой складанае адзінства розных па стылістычнай функцыі і эмацыянальнай афарбоўцы лексіка-граматычных разрадаў слоў. Так, разнастайнасць ужытых граматычных форм дзеяслова стварае часавую шматпланавасць (мінулае — сучаснасць — будучыня) сюжэта любоўных песень, рэальнасць/ірэальнасць таго, што адбываецца, развіццё падзей па спіралі. Так, наступны дзеяслоўны рад стварае сюжэт з нешчаслівым канцом (мужчынская гісторыя ў песні «За высокай гарой»): «панаравился» (прошлы час, «надзея на змены») — «брось» (імператыў, «сумненне і заклік да змен у жыцці») — «уедем, разадену, куплю» (будучы час, «абяцанне станоўчых змен») — «идёт, не едет, берёт, подрастает, растёт, встрэчает» (цяперашні час, «паўсядзённая рэальнасць») — «научилась, не видала, назвала» (прошлы час, «расчараванне, страта надзеі і вяртанне ў рэчаіснасць») — «посмотри, ухади» (імператыў, «надзея на аднаўленне адносін, страта надзеі») — «ненавижу, не жэлаю, не считаю» (цяперашні час, «паўсядзённая рэальнасць, проза жыцця»). А гэты дзеяслоўны рад увасабляе шчаслівы фінал любоўнай гісторыі з пазіцыі дзяўчыны ў песні «Свеціць месяц»: «свеціць, ходзіць/ходзіш» (цяперашні час, «паўсядзённая рэальнасць») — «зайдзі, пагуляй, пасылай» (імператыў, «заклік да змены жыцця») — «не забуду, награжу, наражу» (будучы час, «абяцанне станоўчых змен»).

Такім чынам, супрацьстаяць усяму нядобраму на зямлі, аб’яднаць гендарна процілеглую сутнасць чалавека можа толькі каханне. Этыка і эстэтыка гэтага пачуцця рэалізавана ў любоўных песнях, названых Н. С. Гілевічам адной з самых прыгожых, светлых, ласкавых і жыццяздольных старонак у фальклоры [1, с. 91]. Вера ў шчаслівую жаночую долю ўвасоблена ў ідэйнай задуме такіх песень, як «Свеціць месяц», «Ужо вечар вечарэе», «Ой, у лузе, пры лужочку, пры зелёном гаю.», «Каліна- маліна на яр похілілася.», «Скакаў казак цераз даліну.», «Ідуць дзеўкі гуляці» і іншых.

Літаратура

  1. Лірычныя песні / уклад. і рэд. Н. С. Гілевіч. — Мінск: Выд-ва БДУ, 1976. — 464 с.

1 У артыкуле выкарыстаны матэрыялы з фальклорнага архіва філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф. Скарыны.


Аўтар:
А.У. Партнова-Шахоўская
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 27 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А.І. Лакотка. — Мінск: Права і эканоміка, 2020. — С. 321-326.