Археалагічныя крыніцы пра здабычу асятровых на Прыпяці

0
370
археалагічныя крыніцы і асятровыя на рацэ Прыпяць

Сёння ў вадаёмах Беларусі застаўся толькі адзін прадстаўнік сям’і Асіpenseridae — сцерлядзь, але раней, як сведчаць пісьмовыя крыніцы, сюды на нераст заходзілі балтыйскі і чарнаморска-азоўскі асятры, бялуга і сяўруга. Вывучэнне іхтыялагічных калекцый, сабраных археолагамі ў апошнія гады, паказала, што асятровыя шырока ўваходзілі ў рацыён старажытнага насельніцтва тэрыторыі Беларусі, прычым асноўная частка іх рэшткаў знойдзе­на на помніках басейна Прыпяці (мал. 1) (аўтар удзячны П.Ф. Лысенку. Л.У. Калядзінскаму, А.А. Трусаву, Г.М. Бяліцкай, І.У. Ганецкай, Н.П. Александровіч за іхтыялагічны матэрыял для дадзенай публікацыі). Акрамя таго, высветлілася, што косці гэтых унікальных каштоўных рыб выкарыстоўваліся ў касцярэзным рамястве. Самыя раннія звесткі пра спажыванне асятровых адносяцца хутчэй за ўсё да каменнага веку. На возеры Вячэра Любанскага р-на (басейн р. Арэсы) у донных адкладах поруч з калекцыяй касцяных мезалітычных і неалітычных вырабаў сярод жывёльных і рыбных костак трапілася жучка scutum (касцяныя шчыткі, што пакрываюць скуру) сцерлядзі [1].

Сапраўдным росквітам асятровай лоўлі стала сярэднявечча. Яшчэ ў раннеславянскі час асятровыя — важны аб’ект промыслу. Так на паселішчы Снядзін-2 Петрыкаўскага р-на (раскопкі В.С. Вяргей) іх рэшткі складі 9% ад вызначаных да віда (8 экз. костак, сярод якіх scutum, фулькры fulcrae, фраг­менты калючых промняў груднога плаўніка marginalia) [2]. На адначасовым могільніку Снядзін-3 знойдзена адзіная костка рыбы — scutum асятра (тут і надалей — рэшткі чарнаморска-азоўскага асятра).

Найбуйнейшая калекцыя рэшткаў асятровых паходзіць з Турава. Раз­мешчаны на беразе Прыпяці паміж вусцямі Гарыні і Сцвігі, горад займаў выгоднае становішча на шляху міграцый прахадных рыб. На замчышчы (п/м 1955 г., раскопкі В.В. Сядова і М.Д. Палубаярынавай, 1961 г., П.Ф. Лысенкі, 1968 г.) рэшткі асятровых зафіксаваны выключна ў выглядзе marginalia (16 экз.). З іх 13 экз. мелі прасвідраваную адтуліну, былі добра запаліраваныя. Відаць, яны выкарыстоўваліся як праколкі ці шпількі, пісалы, іглы для пляцення сетак (мал. 2:2,4). Сустрэта таксама незвычайная падвеска-амулет (мал. 2:5). На пасадзе знойдзены 33 косці асятровых (раскопкі П.Ф. Лысенкі, 1992-1993 гг., зборы Н.П. Александровіч). З іх 60% належала асятру, 36% — сяўрузе, 4% — сцерлядзі. Доля сям’і асятровых у іхтыялагічнай калекцыі 1992 г. склала 25% ад вызначаных да віда. Амаль палова костак была пададзенг marginalia з рознай ступенню апрацоўкі: праколкамі з адтулінамі і іх фраг­ментамі (10 экз.) (мал. 2:1,3), нарыхтоўкамі са зпілаванымі адросткамі (4 экз.). Астатнюю частку астэалагічнай калекцыі асятровых з тураўскагг пасада склалі крышкавыя operculum i scutum. 

Мал. 1. Вырабы з касцей асятровых. Тураў, XIV-XVI ст.
Мал. 1. Вырабы з касцей асятровых. Тураў, XIV-XVI ст.

Лоўля асятровых каля Турава паводле археалагічных дадзены суадносіцца з XIII-XVII стст., найбольшая яе інтэнсіўнасць прыпадае на ХІV-XVI стст. Улічваючы, што асятры дасягалі вагі больш за 100 кг, можна меркаваць пра іх значную ролю у старадаўнім харчаванні, а высокі працэнт апрацаваных костак (праколкі, амулет) сведчыць пра гаспадарчае і, магчымі сакральнае значэнне рыб гэтай сям’і.

Мал. 2. Месцазнаходжанні рэшткаў асятровых
Мал. 2. Месцазнаходжанні рэшткаў асятровых

Асятровыя адзначаны і на прыпяцкіх прытоках. На замчышчы Слуцка (ХІ-ХІІІ стст.) (р. Случ) знойдзены marginalia і покрыўная чарапная асятра [3, рис. 48:18; 4], а на замчышчы Капыля (пласт Х-ХІ стст.) — marginalia сцерлядзі (раскопкі Л.У. Калядзінскага, 1998 г.). На Глускім замку (р. Пціч) (раскопкі І.У. Ганецкай, 1999 г.) у начынні гаршка з кухні канца XVII — пачатку XVIII стст. сярод костак рыбы, яйкавага шалупіння, костачак маліны трапіўся фрагмент scutum асятра. Гэтыя знаходкі сведчаць пра тое, што асятры высока падымаліся па прытоках альбо был і аб’ектамі гандлю. Цікава адзначыць, што на помніках нізоўяў Прыпяці іх рэшткі практычна не знойдзены. Напрыклад для Мазырскага замчышча мы маем пакуль адзінае сведчанне — marginalia асятра (?) [5, табл.45:4].

Рэшткі асятровых сустрэты не толькі ў гарадах і замках, але і на сельскіх паселішчах. Так, пры раскопках рытуальнага аб’екту ХІІ-ХІІІ стст, на паселішчы Струга-1 Столінскага р-на (р. Гарынь) сярод 316 костак рыб трапіліся 4 жучкі асятровых (вызначаны ў Варшаўскім універсітэце) [6].

Такім чынам, археалагічныя матэрыялы сёння з’яўляюцца важнай крыніцай па вывучэнні арэалаў прахадных рыб на тэрыторыі Беларусі ў мінулым. Яшчэ не ўсе іхтыялагічныя калекцыі з раскопак ахоплены даследаваннем, адсутнічаюць належныя эталоны для вызначэння памерных характарыстык асятровых, але спадзяемся, што распачатая праца стане ўнёскам у вывучэнне біяразнастайнасці басейна Прыпяці. У спіс беларускай сям’і асятро­вых, якая раней складалася з 4 відаў: асяцёр чарнаморска-азоўскі Acipenser gueldenstaedti Colchicus V. Marti, асяцёр балтыйскі Acipenser sturio, бялуга Huso huso і сцерлядзь Acipenser ruthenus [7], зараз з упэўненасцю можна дадаць яшчэ адзін — сяўругу Acipenser stellatus. Сярод асятровых галоўная ро­ля ў промыслах належала асятру чарнаморска-азоўскаму, затым сяўрузе і сцерлядзі. Рэшткі бялугі у археалагічным матэрыяле не зафіксаваны.

Акрэслены раён старадаўняй здабычы асятровых, магчыма, будзе пашыраны коштам новых археалагічных помнікаў, але наўрад ці сярод іх знойдзецца роўны Тураву па багацці рэшткаў гэтых каштоўных рыб.

  1. Александровіч Н., Крывальцэвіч М. Тайна возера Вячэра // Родная прырода. — 1988. — № 6. — С. 23.
  2. Ляшкевіч Э. Рэшткі рыб з раннеславянскага паселішча Снядзін-2 // ГАЗ. — 1999. — № 14, — С. 137-138.
  3. Лысенко П.Ф. Города Туровской земли. — Мн., 1974.
  4. Калядзінскі Л.У., Ляшкевіч Э.А. Іхтыяфаўна і прылады рыбалоўства з раскопак летапіснага Случеска (ХІ-ХІІ1 стст.) // ГАЗ. — 2000. — № 15. — С. 120-125.
  5. Трусов О.А. Археологический отчет о проведении раскопок на Мозырском замчище в июле 1981 г. — Архіў аддзелаў археалогіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, № 768 з.
  6. Бяліцкая Г.М. Справаздача аб палявых даследаваннях 2002 г. у Столінскім раёне Брэсцкай вобласці. — Архіў аддзелаў археалогіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, № 2052.
  7. Жуков П.И. Рыбы Белоруссии. — Мн., 1965.


Аўтар:
Э.А. Ляшкевіч
Крыніца: Славянский мир Полесья в древности и средневековье: Материалы Международной историко-археологической конференции (19-20 октября 2004 г.) / Гомельский областной исполнительный комитет, Учреждение образования «Гомельский государственный университет имени Франциска Скорины», кафедра истории славян и специальных исторических дисциплин, НИИ истории и культуры восточнославянских народов. — Гомель, 2004. Ред. кол. О.А. Макушников (гл. ред.) и др. — Гомель. — 205 с. Ст. 127-130.