Архаічная вобразнасць у палескіх замовах з касмалагічнымі матывамі

0
582
Архаічная вобразнасць у палескіх замовах з касмалагічнымі матывамі

Палессе, як адна з найбольш архаічных славянскіх зонаў, здаўна прыцягвала ўвагу даследчыкаў традыцыйнай народнай культуры. Тэксты замоў, старажытнейшага па паходжанню фальклорнага жанру, запісаныя на тэрыторыі Палескага рэгіёна, ў некаторых выпадках здольны раскрыць прынцыпова важныя элементы архаічных узроўняў традыцыйнай карціны свету.

Адна з фундаментальных ідэй міфалагічнай свядомасці, згодна якой сусвет ёсць нішто іншае як касмічна велізарнае цела чалавека знайшла праяўленне ў некалькіх замоўных тэкстах, запісаных на тэрыторыі Брагінскага і Светлагорскага раёнаў. Замова «Ад дзіцячых хвароб» (Знос) невялікая па аб’ёму, таму тэкст прыводзім поўнасцю: «У вочы — сонейка, у патылічку — месячка, а ручкі — грабелькі, а ножкі — вілачкі. Сонейкам асвяціся, месячкам агарадзіся, паганаму зносу не дапускайся, паганы знос— кукіш пад нос» [1, тэкст 1180]. Астатнія прыклады трансфармацыі тоеснасці мікракосмаса макракосмасу ўваходзяць у склад апатрапеічных мадэляў замоўных тэкстаў, таму прывядзём фрагмент тэксту замовы «Ад уроку»: «Сонейка ў вачах, месяц у плячах, зоры па рабрах, ангалы на небесах, ка­мень у моры. Як таго камня ніхто не можа з мора падняць, так рабе божай ніхто не можа нічога паддаць ні ў думках, ні ў гаворках, ні ў падглядках» [1, 979]; і фраг­мент тэксту замовы «Любоўная» (прысушка): «Месяц і зоры, не давайце майму Ра­ману пакою, шчоб ён не піў, ні еў, ні драмаў, а аба мне толькі, аб Валі думаў. Бо я, Валя, раджона-хрышчона, месяцам абгараджона, сонейка ў вачах, месяц у плячах, зоры па рабрах, ангалы на небясах, камень у моры. Як таго камня ніхто не можа з мора падняць, так рабе божай Валі ў пары ніхто не можа з мора падняць, так рабе божай Валі ў пары ніхто не можа паддаць» [1, 1309].

Унутраная абгрунтаванасць выкарыстаных вобразных паралеляў — «вочы — сонейка», «патылічка— месячык» [1, 1180]; «сонейка ў вачах», «месяц у плячах», «зоры на рабрах» [1, 979] — абумоўлена ўплывам касмаганічнай суаднесенасці космасу целу чалавека, асобныя часткі якога маюць пэўныя праекцыі ў навакольным свеце. «Міфапаэтычны светапогляд касмалагічнага перыяду зыходзіць з тоес­насці (або, па крайней меры, звязанасці) макракосмаса і мікракосмаса, прыроды і чалавека. Чалавек як такі (сам па сабе) — адзін з крайніх элементаў касмалагічнай сістэмы» [2, с. 135]. Абагаўляючы прыроду і яе магутныя сілы, чалавек не проста надзяляў іх розумам і другімі ўласцівымі яму здольнасцямі, але і знешне надаваў ім падобнасць з самім сабою.

Канцэпцыі аб суаднесенасці макракосмаса (свет, як вялікі сусвет) і мікракос­маса (чалавек, як малы сусвет) у культурнай традыцыі многіх народаў свету адлюстроўвалі шматлікія астралагічныя, алхімічныя, філасофскія і іншыя трактаты. У старажытнарускай літаратуры прыпадабленне частак цела чалавека прыродным з’явам і, наадварот, з’яўлялася распаўсюджаным прыёмам, што дазваляе даследчыкам лічыць, што да таго, як стаць паэтычнымі вобразамі гэтыя прыпадабленні адлюстроўвалі рэальныя ўяўленні нашых продкаў аб прыродзе. Старажытнарускі духоўны верш «Галубіная кніга», які па сваіх фармальных і змястоўных прыкметах набліжаецца да касмалагічных апісанняў, падає яркі прыклад старажытнага светапогляду:

«А и белы светот лица Божья
Солнцо праведно
от очей его,
Светил месяцот темечка,
Темная ночьот затылечка,
Заря утрення и вечерняяот бровей Божьих,
Часты звездыот кудрей Божьих!» [3, с. 28]

Тэксты замоўнага жанру адлюстравалі як антрапаморфнае ўспрыняцце свету чалавекам, (калі ён не выдзяляў сябе з навакольнай прыроды і не супрацьпастаўляў сябе ёй), так і наступны эвалюцыйны перыяд светабачання — антрапацэнтрызм (чалавек — цэнтр су свету, ён супрацьпаставіў сябе сілам прыроды).

Антрапацэнтрычны падыход да свету у многім абумовіў семантыку тэкстаў замоўнага універсума; менавіта як праяўленне ідэі антрапацэнтрызму можна лічыць прыклады магічных формул: «Сонейка ў вачах, месяц у плячах, зоры па рабрах, ангалы на небесах, камень у моры» [1, 979] ; «У вочы — сонейка, у патылічку — месячка, а ручкі — грабелькі, а ножкі — вілачкі» [1, 1180]; «…сонейка ў вачах, месяц у плячах, зоры па рабрах, ангалы на небясах, камень у моры» [1, 1309]. На думку даследчыцы Валодзінай «Чалавек спасцігаў наваколле і ўвесь Сусвет, зыходзячы з ведаў пра самога сябе і перадусім пра сваё цела. Цела стала своеасаблівай мадэллю для далейшых пошукаў, арыенцірам у працэсе семіятызацыі прасторы, своеасаблівым рэестрам для другасных намінацый» [4, с. 108].

Згодна канцэпцыі тоеснасці светабудовы чалавечаму целу нябесныя свяцілы — сонца, месяц, зоркі — звязваліся міфапаэтычнай свядомасцю з верхняй часткай цела — галавой, і, у першую чаргу з вачыма. У старажытным Егіпце сонца і месяц лічыліся вачыма ўсемагутнага боства Ра, а індыйцы ўспрымалі сонца і месяц як вочы бога Нараяны. Паводле кітайскай міфалогіі, сонца і месяц утварыліся з вачэй вялікага Паньчу, цела якога адпавядала Сусвету. Старажытныя грэкі называлі Сонца (Геліоса) «нястомным вокам эфіра». Па прыведзеным вышэй прыкладам, не звяртаючы ўвагі на іх прыналежнасць да самых розных культур, прасочваецца тэндэнцыя ўпадаблення сонца і месяца вачам чалавека і надзяленне іх зрокавай функцыі. У духоўнай культуры беларусаў падобныя міфалагічныя ўяўленні трансфармаваліся і знайшлі праяўленне ў сістэме народных вераванняў, павер’яў і прыкмет, у вобразнай сістэме фальклорных тэкстаў, у шматлікіх паэтычных метафарах і фразеалагічных адзінках мовы.

На прыкладзе архетыпу сонца прасочым, як у культурна-моўнай сістэме ўсходніх славян праяўляецца семіятычны статус гэтага нябеснага аб’екта ў традыцыйнай карціне свету. «Сонца — крыніца жыцця на зямлі і па сённешні дзень называецца ў Карпатах «тварам Божым», а ў іншых месцах «вокам Божым»» [5, с. 149]. А. М. Афанасьеў лічыў, што каляндарнае абазначэнне сонца і месяца чалавечымі тварамі караніцца ў паданнях найглыбейшай старажытнасці [6, с. 198]. «Міфалагема галавы — «сонца» лягла ў аснову такіх фразеалагічных адзінак, гала­ва ідзе кругам, галава гарыць, галава закружылася, хоць абазначаюць яны стан чалавека ў цяжкай сітуацыі. <…> Большасць фразеалагізмаў з кампанентам «галава» маюць пазітыўную каннатацыю, што вытлумачваецца наяўнасцю ў менталітэце рускіх архетыпа «галава = сонца, боство»» [7, с. 77].

Сувязь сонца і зроку мае яшчэ адзін агульны семантычны пласт — светланосны пачатак як сонца, так і зроку. «Уяўленні аб тым, што зрок (як і само жыццё) абумоўлены ўнутраным светам (агнём), адносяцца да ліку даволі ўстойлівых (пар. матыў выкрадання смерцю свету з вачэй чалавека) і да гэтых пор існуюць хаця б у выглядзе такіх клішэ як «патухлы, згаслы позірк» і г. д.» [8, с. 203]. Тэндэнцыя ўпадаблення сонца вачам чалавека і прысваення яму зрокавай функцыі аўтаматычна вызначае семіятычныя і каштоўнасныя характарыстыкі вобраза сонца ў традыцыйнай народнай культуры. Пасылаючы цяпло і святло, адорваючы свет шчодрымі дарамі сваёй магутнасці, апладняючы не толькі зямлю, але і яе нетры, сонца ў свядомасці чалавека было справядлівым боством, усяправедным і ўсёмагутным, якое аб усім ведае, што робіцца на свеце, усё бачыць. «Сляды салярнага культу захаваліся ў шматлікіх апакрыфічных расказах. У іх гаворыцца пра тое, што Сонца з’яўляецца тварам Госпада Бога. Па іншых расказах, Сонца — гэта акно, праз якое Бог глядзіць на Зямлю, а да людзей праз яго даходзіць райскі свет» [9, с. 103] Ісус Хрыстос у хрысціянскай рэлігіі надзелены «всевидящим оком», той жа усяправеднасцю і ўсёмагутнасцю, як і сонца ў міфапаэтычным светабачанні. Сонца, якое ўсё бачыць, можа ашчаслівіць ці абяздоліць чалавека, выступае ў якасці дабрадзея ці суддзікарніка. Амбівалентнасць міфалагемы сонца непарыўна звязана з разумением у культурнай традыцыі славян стыхіі агню. У міфалагічным светаадчуванні гарачыя сонечныя прамяні сканцэнтроўвалі ў сабе знішчальную сілу нябеснага агню і ўспрымаліся як увасабленне кары нябесных сіл. «А ня ўнімеш свой гад і ня вынеш яд, то пайду к святому Міхаілу і вазьму меч і залато капіе, вашу гадзінскую сілу парублю і пасяку, на ўсём свеці ўвесь корань перавяду, жаркім сонцам запяку, яснымі зарамі, ясным месяцам і зямчужнымі росамі». [1, 337]. У дадзеным выпадку мы закранулі толькі пэўныя аспекты светапогляднай асновы вобраза сонца беларускай замоўнай традыцыі. Аднак відавочна, што архаічныя па сваёй прыродзе палескія замоўныя тэксты сканцэнтравалі ў сабе элементы міфалагічных уяўленняў судачынення мікраі макракосмаса і выступаюць як крыніца звестак касмалагічнага характару.

Літаратура

  1. Замовы / Уклад., сістэм. тэкстаў, уступ, арт. і камент. Г. А. Барташэвіч; Рэд. кал.: А.С. Фядосік (гал. рэд.) і інш. — Мн.: Навука і тэхніка, 1992.
  2. Топоров В. И. О космологических источниках раннеисторических описаний // Из ра­бот московского семиатического круга. — М., 1997. — С. 135.
  3. Валодзіна Т. В. Этнакультурная «анатомія» беларусаў і яе моўнае выражэнне: гала­ва // Веснік Гродзен. дзярж. ун-та. Спец. выпуск. Сер. 1. 2000. № 3.
  4. Голубиная книга. Русские народные духовные стихи ХІ-ХІХ вв. — М., 1991.
  5. Толстой Н. И. Язычество древних славян // Очерки истории культуры славян. — М., 1996.
  6. Афанасьев А. Н. Древо жизни. — М., 1983.
  7. Маслова В. А. Преданья старины глубокой в зеркале языка. — Мн.: Пейто, 1997.
  8. Байбурин А. К. Ритуал в традиционной культуре. — Спб., 1993.
  9. Капица Ф. С. Славянские традиционные верования, праздники и ритуалы: Спра­вочник. — М., 2000.

Аўтар: Марыя Леўкавец
Крыніца: Комплекснае даследаванне фальклору і этнакультуры Палесся: Матэрыялы другой Міжнароднай навуковай фальклорна-этналінгвістычнай канферэнцыі Мінск, 14-15 красавіка 2005 г. / Уклад. Васіль Ліцьвінка. — Мн.: БДУ, 2005. — С. 204-206.