Антрапанімікон Гомеля: стратыграфія і этымалогія

0
200
Этымалогія імёнаў дзяцей у Гомелі

Спецыфіка антрапанімікі заключаецца ў яе гістарызме, непарыўнай сувязі з сацыялогіяй, псіхалогіяй, эстэтыкай, палітыкай. Амаль кожная краіна мае афіцыйна рэгламентаваную іменаслоўную (антрапанімную) сістэму. Такія сістэмы не спрадвечныя, яны складаюцца гістарычна і не застаюцца нязменнымі.

Гапоўнымі прычынамі змен у мове з’яўляюцца змены ў структуры грамадства. 3 двух пластоў лексікі любой мовы — апелятываў і онімаў — хутчэй рэагуе на ўсе змены ў грамадстве другі з іх. Кожнае імя заўсёды нясе з сабою пэўны аб’ём культурнай і іншай інфармацыі. Таму вывучэнне онімаў часта дапамагае вызначыць сацыяльныя працэсы.

Задачай нашага артыкула з’яўляецца вызначэнне перыядызацыі развіцця гомельскага іменаслову і яго этымалагічны аналіз.

Перыядызацыя гісторыі славянскага іменаслову, распрацаваная паводле прац У.А. Ніканава, Г.У. Суславай, А.В. Суперанскай, В.Д. Бандалетава, М.А. Пятроўскага [гл. 1, 2, 3, 4], у поўнай ступені можа быць применена да нашага антрапанімікону:

  1. Дахрысціянскі перыяд — са старажытнасці да хрышчэння Кіеўскай Русі ў 988 годзе князем Уладзімірам.
  2. XI-XVIII стагоддзі — перыяд барацьбы і ўзаемадзеяння кананічных і некананічных імёнаў.
  3. XVII стагоддзе — 1917 год — перыяд панавання кананічных імёнаў.
  4. 1917-1930 гады — т.зв. «перыяд новатворчасці», калі ў выніку дэхрысціянізацыі традыцыйнага іменніка і надання свабоды ў выбары імя назіраецца анамастычны бум. Гэта быў перыяд існавання самых гратэскных, незразумелых імёнаў, адапелятыўных найменняў і г.д. У гэты перыяд узнікла кала трох тысяч новых імёнаў, таму мы лічым абгрунтаваным вылучыць гэты перыяд асобна.
  5. 1930-1990 гады — перыяд т.зв. традыцыйнасці, калі колькасць выкарыстоўваемых імёнаў была досыць абмежаванай, а іменаванне ў значнай ступені адчувала ўплыў палітыкі.
  6. З 1990 года да цяперашняга часу (2004 год) — перыяд «вяртання да вытокаў». Мы вылучаем гэты перыяд на падставе таго, што ў апошняе дзесяцігоддзе XX стагоддзя іменнік пазбавіўся палітызаванага ўплыву. На сцэну сталі выходзіць старыя, забытыя імёны, актыўна запазычваюцца онімы з іншых моў. Цяпер неабходна ахарактарызаваць кожны перыяд развіцця іменаслову ўсходніх славян.

Першы перыяд — ca старажытнасці да X стагоддзя — характарызуецца існаваннем празванняў (або своеасаблівых мянушак), што ўтвараліся на базе апелятыўнай лексікі.

Усё багацце тагачасных імёнаў падзяляецца на дзве вялікія групы: простыя (аднаасноўныя) і складаныя (двухасноўныя). Да першай групы Г.У. Суслава і А.В. Суперанская адносяць тыя, што былі перш за ўсё звязаны са знешнімі ці ўнутранымі наяўнымі прыметамі чалавека: Черныш, Белуха, Головач, Молчан, Смеяна, а таксама імёны, звязаныя з жывёльным і раслінным светам. Гэта своеасаблівы перажытак анімізму: Волк, Кот, Корова, Пырей, Щавей і інш.[5, с.44].

Існавалі і двухасноўныя імёны. Яны былі ўласцівы княжацкаму асяроддзю. Іх асноўнае значэнне — пажадальнае (славы, міру, смеласці і г.д.): Дарагамір, Усяслаў, Любамір, Яраполк, Уладзімір, Звеніслава, Дабранега і інш.

В.Угрумаў вылучае і складанаскарочаныя імёны, якія ўзніклі шляхам спрашчэння двухасноўных. Да такіх імёнаў ён адносіць Борис (з Борислав), Мирон (з Миронег) [5, с.44].

Што ж датычыць Гомельшчыны, то тут мы звернемся да інфармацыі, выкладзенай у кнізе А.Ф. Рогалева «Ад Гамеюка да Гомеля». Менавіта тут на аснове вывучэння тапанамічнага матзрыялу ён робіць некаторыя антрапанімічныя высновы. А.Ф. Рогалеў рэканструяваў на аснове геаграфічных назваў імёны некаторых радзімічскіх уладароў Гомеля ІХ-ХІ стагоддзяў.

Так, у асноўным, гэта двухасноўныя імёны: Светазар, Вышамір, Жытанег, Буімір, Будзімір, Будзігост, Дамамір, Гасціслаў, Людзімір, Хацімір, Хаціслаў, Лютабор, Велемір, Міласлаў, Браніслаў, Радзімір.

Разам з тым, А.Ф. Рогалеў адзначае і скарочаныя формы прыведзеных вышэй імёнаў: Свяціла, Буй (Буйно), Будзята, Даман, Гастала, Людзін, Хацін, Лют, Лютко, Велята, Мілаш, Радзім [6, с. 52,53].

Цяпер разгледзім другі перыяд (з XI па XVII стагоддзі). Асноўная яго адметнасць — двухіменнасць, г. зн. наяўнасць у чалавека адначасова язычніцкага і царкоўнага імя.

А.Ф. Рогалеў у сваіх даследаваннях, прысвечаных XVI стагоддзю, прыводзіць для прыкладу імёны гомельскіх баяр і сялян. Так, сярод імёнаў вылучаюцца славянскія Бялко, Мілько, Нячай. Гэтыя людзі мелі, несумненна, і хрысціянскія імёны, але яны ў крыніцы не ўказваюцца. Пералічваюцца і баяры, што мелі кананічныя імёны: Леў, Васілій, Андрэй, Ісай, Павел, Сідар, Іван [8, с.7].

Сярод імёнаў гомельскіх сялян XVI стагоддзя знаходім спрадвечныя (Стома, Ждан), хрысціянскія (Яўстафій, Прохар, Акіндзін, Рыгор, Дарафей, Зіновій, Аўксенцій, Панкрацій, Панцелеймон) і нават іншаземныя (Селім) [7, с.7].

Трэці перыяд (XVIII стагоддзе-1917 год) нічым асаблівым не вызначаецца. Імёны даваліся ў адпаведнасці з імем святога, якога ўшаноўвала царква ў адзін з дзён на нрацягу тыдня з моманту нараджэння дзіцяці. Адзначым толькі, што, згодна ca «Статыстычным даведнікам асабовых імёнаў, якія сустракаліся на тэрыторыі былой вобласці Войска Данскога і Растоўскай вобласці ў 1612-1970 гг.» Л.M. Шчацініна, найбольш папулярнымі імёнамі былі:

— сярод мужчын: Іван, Васілій, Сцяпан, Міхаіл, Андрэй1,

— сярод жанчын: Марыя, Алена, Ганна [9, с.83,84].

Чацвёрты перыяд — з 1917 па 1930 год — характарызуецца небывалым усплескам новых імёнаў. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі рэгістрацыю нованароджаных сталі весці ЗАГСы, а не царква, і бацькі маглі выбраць любое імя: старое (былое царкоўнае), запазычанае (польскае, нямецкае і інш.), маглі нават прыдумаць новае імя.

Гэтых новых імёнаў было вынайдзена каля 3000. Прычынай пашырэння іменаслову з’явілася разбурэнне старога ладу (у тым ліку і прыняцце Дэкрэта аб аддзяленні царквы ад дзяржавы 1918 года), нежаданне падгіарадкоўвацца існуючаму абраду іменавання, імкненне стварыць новае жыццё з новымі традыцыямі.

У якасці асабовых імёнаў выкарыстоўваліся назвы элементаў сістэмы Мендзялеева (Радый, Ванадый, Вольфрам), мінералаў (Граніт, Рубін), геаграфічныя назвы (Алтай, Гімалаі, Казбек, Арарат, Анега), назвы месяцаў, матэматычных тэрмінаў і тэхнічныя назвы (Медыяна, Радыяна, Алгебрына, Трактор, Турбіна, Дызель і г.д.).

Шмат імёнаў было ўтворана ад рэвалюцыйных лозунгаў, назваў арганізацый: Икки (Исполнительный Комитет Коммунистического Интернационала), Роблен (родился быть ленинцем), Ревдит (революционное дитя) [4, с.7].

У паслярэвалюцыйны час значна павялічваецца прыток замежных імёнаў. Сустракаюцца імёны, што запазычаны ў розных народаў: Роберт, Ромуальд, Рудольф, Жанна, Эрык, Жазефіна, Цімур і г.д.

Пяты перыяд — з 1930 па 1990 гады — характарызуецца пэўнай устойлівасцю і традыцыйнасцю іменавання. Новыя імёны з’яўляюцца вельмі рэдка.

Г.М. Мезенка прыводзіць наступныя дадзеныя па гораду Полацку за 1976-1980 гады. Найбольш папулярнымі мужчынскімі імёнамі былі Аляксандр, Сяргей, Дзмітрый, Андрэй, Аляксей, Уладзімір, Віталій, Дзяніс, Максім, Валерый.

Самымі частотнымі па ўжыванні сярод жаночых імёнаў з’яўляюцца Наталля, Таццяна, Алена, Вольга, Святлана, Ірына, Аксана, Марына, Ганна.

Што ж датычыць іменаслову Гомеля, то, па дадзеных выбаркавага статыстычнага аналізу, ў 50-80 гады самымі папулярнымі імёнамі былі сярод мужчынскіх імёнаў: Аляксандр, Сяргей, Уладзімір, Віктор, Аляксей, Мікалай, Ігор, Міхаіл, Юрый, Леанід, сярод жаночых: Таццяна, Алена, Людміла, Святлана, Ірына, Наталля, Валянціна, Галіна, Ларыса, Любоў.

Як бачым, пры невялікім колькасным несупадзенні спісы самых папулярных імёнаў застаюцца нязменнымі ў розных рэгіёнах.

Аналіз іменаслову Гомеля шостага перыяду (1991 — да цяперашняга часу) дазваляе зрабіць наступныя вывады:

  1. Колькасць ужытых мужчынскіх імёнаў значна ўступае па колькасці жаночым.
  2. Найбольш папулярнымі за аглядаемы перыяд імёнамі з’яўляюцца (дадзеныя выбаркавага статыстачнага аналізу падаюцца на тысячу чалавек):
    Дзмітрый — 85,
    Аляксандр — 79,
    Андрэй — 57,5,
    Аляксей — 49,5,
    Уладзіслаў — 49,
    Арцём — 47,
    Сяргей — 45,
    Яўгеній — 44,
    Максім — 42,
    Мікіта — 37;
    Настасся — 97,5,
    Кацярына — 65,5,
    Ганна — 52,5,
    Вікторыя — 46,5,
    Дар’я — 43,5,
    Таццяна — 42,5,
    Юлія — 41,
    Крысціна — 40,5,
    Вольга — 40,
    Марыя — 37.
  3. Паходжанне імёнаў гомельскага іменаслову больш чым разнастайнае (звесткі аб паходжанні імёнаў пададзены, у асноўным, згодна з распрацоўкамі А.В. Суперанскай (гл. 10)). Так, у ім мы можам вылучыць чыста славянскія онімы і славянскія варыянты запазычаных онімаў у наступнай колькасці: мужчынскіх — 19, жаночых — 30. Сюды мы ўключылі і агульнаславянскія імёны (поўныя і скарочаныя іх варыянты): Богдан, Барыс, Вадзім, Вячаслаў, Расціслаў, Ратмір, Святаслаў, Станіслаў (Стас), Уладзімір, Уладзіслаў, Усевалад, Яраслаў, Лада, Людміла, Мілана, Мілена, Міраслава, Рада, Святлана (Светла, Лана), Сняжана, Станіслава, Уладзіслава, Яніна, славянскія варыянты грэчаскіх імёнаў: Георгій — Юрый, Ягор, [Елена] — Алёна, славянскія калькі грэцызмаў: Вера, Надзея, Любоў, чыста беларускія варыянты запазычанняў: Алесь, Алена, Алеся, беларускія фанетычныя варыянты ўкраінскіх онімаў- варыянтаў: Аксона [Оксана/, [Олеся], складанаскарачэнне: Уладлен, польскія: Ян, Данута, Злота, Ядвіга, Яна, балгарскія: Зарына, Ліяна, чэшска-балгарскія: Дана, Злата.

Сярод запазычанняў лідыруюць грэчаскія (35 мужчынскіх і 35 жаночых імёнаў) і лацінскія (15 мужчынскіх і 22 жаночых) імёны, да іх прымыкаюць старажытнаяўрэйскія (12 мужчынскіх і 5 жаночых онімаў).

Сярод астатніх імёнаў мы адзначым запазычанні са старажытнагерманскай (напрыклад, Альберт, Генрых, Эдгар, Караліна, Эма), французскай (Ален, Жанета, Жанна, Сюзанна, Эліна), нямецкай (Эрнест, Марта), англійскай (Рычард, Эдуард, Нэлі), іспанскай (Ізабела, Інеса, Лаліта), цюркскіх моў (Азамат, Ільяс, Руслан, Цімур, Чынгіз, Айнур, Руслана), скандынаўскіх (Алег, Ігар, Вольга), персідскай (Дар ’я), а таксама тыя онімы, што часцей за ўсё падаюцца з паметай «зах.», г.зн. тыя, што бытуюць у многіх країнах Заходняй Еўропы ў розных фанетычных варыянтах, таму вызначыць дакладна тэрыторыю ўжывання немагчыма (Рэкард, Аліса, Дзіна, Марыэта). Па большай частцы гэтыя імёны з’яўляюцца варыянтамі кананічных грэчаскіх, лацінскіх, старажытнаяўрэйскіх онімаў і складанымі імёнамі, чые асновы ўзяты з розных моў.

Хочацца зазначыць, што папаўненне іменаслову ў дадзены перыяд адбываецца за кошт трох асноўных працэсаў: запазычвання новых онімаў, з’яўлення ў актыўным іменаслове адзінак, што некаторы час былі па-за межамі ўжывання, і за кошт узбагачэння варыянтных радоў.

Так, іменаслоў Гомеля 90-х гадоў уяўляе сабой даволі разгалінаваную і абноўленую сістэму, што з’яўляецца адлюстраваннем перамен і зрухаў у жыцці грамадства. Змяняюцца звычаі, у жыццё ўваходзяць новыя з’явы рэчаіснасці, само яно становіцца больш хуткім, разнастайным і багатым. Гэты агульны працэс знайшоў адлюстраванне ў змене саставу і колькаснасці іменаслову, як асобнай праяве агульных тэндэнцый.           

Антрапанімікон чуйна рэагуе на змены ў агульнаграмадскім жыцці. Тыя сацыяльныя і палітычныя працэсы і змены, якія закладвапіся ў 70, выспявалі ў 80 і выйшлі на сцэну ў 90 гадах, усе зрухі, перамены, пераўтварзнні знайшлі адлюстраванне ў адпаведных зменах іменаслову, які паступова шырыўся, змяняўся і зараз знаходзіцца ў стадыі ўзбагачэння.

Такім чынам, на аснове вышэй разгледжанага матэрыялу, яго рознабаковага аналізу, мы можам зрабіць вывад аб тым, што антрапанімія _ дынамічная з’ява, рухомая і зменлівая, як і само жыццё, чыім адлюстраваннем яна з’яўляецца.

Вывучэнне дыяхраніі антрапанімікону паказвае, што ён ніколі не застаецца аднолькавым, стабільным, статычным. Іменаслоў звужаецца і пашыраецца, папаўняецца новымі адзінкамі, адначасова фільтруючи і ліквідуючы найбольш няўдалыя і малаўжывальныя свае элементы. Хаця трэба адзначыць, што нейкая яго доля на працягу даволі працяглага часу застаецца нязменнай, што і складає адметнасць кожнага рэгіянальнага іменаслову.

Літаратура

  1. Никонов В.А. Имя и общество. — М., 1974.
  2. Суслова А.В., Суперанская А.В. О русских именах. — Л., 1978.
  3. Бондалетов В.Д. Русская ономастика. — М., 1983.
  4. Петровский Н.А. Словарь русских личных имен. — М., 1966.
  5. Мезенка Г.М. Беларуская анамастыка. — Мн., 1997.
  6. Рогалев А.Ф. Гомельские правители: Долетописный период// От Гомеюка до Гомеля. — Гомель, 1993.
  7. Рогалев А.Ф. Имена гомельских крестьян XVI века// Гомельские ведомости. — 1999. — 23 верасня.
  8. Рогалев А.Ф. Имена бояр XVI века// Гомельские ведомости. — 2000. — 24 лютага.
  9. Ивашко В.А. Как выбирают имена. — Мн., 1988.
  10. Справочник личных имён народов РСФСР. — Под ред. А.В.Суперанской, 3-є изд. — М., 1987.


Аўтар:
Т.А. Карніеўская
Крыніца: Тураўскія чытанні: Матэрыялы Рэспублікаскай навукова-практычнай канферэнцыі (Гомель, 4 верасня 2004 г.) / Адк. рэд. У.І. Коваль. — Гомель: УА «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны», 2005. — 249 с. Ст. 70-75.