Адзін з асноўных і прыярытэтных напрамкаў дзейнасці ўстаноў культуры Гомельскай вобласці ў сферы традыцыйнай народнай культуры — гэта адраджэнне, захаванне і пераемнасць рэгіянальных традыцый матэрыяльнай і духоўнай культуры, што асабліва актуальна ў 2018 г., які аб’яўлены ў Рэспубліцы Беларусь годам малой радзімы.
Фарміраванню рэгіянальнай культурнай палітыкі і задавальненню сацыякультурных патрэб насельніцтва шмат намаганняў надаюць работнікі клубных арганізацый культуры і метадычных цэнтраў народнай творчасці (культурна-асветнай работы). Значная роля ў гэтым адводзіцца фальклорным калектывам, якія з’яўляюцца папулярызатарамі традыцый сваёй мясцовасці.
Паводле п. 2 арт. 4 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры ад 20 ліпеня 2016 г. № 413-З (далей — Кодэкс), сярод калектываў мастацкай творчасці вылучаюцца прафесійныя, непрафесійныя (аматарскія) і аўтэнтычныя фальклорныя. Фальклорныя калектывы, якія дзейнічаюць у сістэме клубных арганізацый культуры, адпаведна могуць быць непрафесійнымі (аматарскімі) ці аўтэнтычнымі. І першыя, і другія складаюцца з грамадзян, якія «сумесна займаюцца мастацкай творчасцю на непрафесійнай аснове», аўтэнтычныя — з грамадзян, «звязаных з натуральным фальклорным асяроддзем пэўнай мясцовасці, якія атрымалі і перадаюць у вуснай традыцыі фальклорныя веды і навыкі» [1, арт. 44, п. 4, 5].
Непрафесійныя (аматарскія) калектывы, у тым ліку фальклорныя (розных відаў i жанраў фальклору), у сваёй дзейнасці накіраваны на «стварэнне твораў мастацтва, выкананняў твораў сцэнічнага мастацтва і (або) іх публічны паказ (публічнае выкананне) на непрафесійнай аснове» [1, арт. 226, п. 1]. Аўтэнтычныя фальклорныя калектывы займаюцца культурнай дзейнасцю па захаванні ў натуральным асяроддзі праяў аўтэнтычнага фальклору сваёй мясцовасці [1, арт. 229, п. 1, 6].
Дзейнасць непрафесійных (аматарскіх) калектываў лічыцца стабільнай, калі яны праводзяць рэгулярныя самастойныя культурныя мерапрыемствы, у тым ліку справаздачныя — з абнаўленнем іх зместу, а таксама прымаюць удзел у мерапрыемствах, якія праводзяцца заснавальнікам калектыву [1, арт. 226, п. 6]. Ступень паўнаты і інтэнсіўнасці дзейнасці аўтэнтычнага фальклорнага калектыву вызначаецца па іх мастацкай творчасці ў несцэнічных умовах: выкананню ў натуральным асяроддзі каляндарных і сямейных абрадаў, наяўнасці сцэнічных касцюмаў на аснове мясцовых аўтэнтычных строяў, веданню мясцовых музычных, танцавальных традыцый, казак, паданняў, легенд і інш. [1, арт. 230, п. 2.1].
У сістэме клубных устаноў Гомельскай вобласці, згодна са статыстычнымі дадзенымі, сабранымі намі на 1 студзеня 2018 г. дзейнічаюць 51 аматарскі фальклорны калектыў з найменнем «народны», 5 — з найменнем «узорны» і 1 — са званнем «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь». Усе гэтыя калектывы ў адпаведнасці з планам творчай атэстацыі раз у 3 гады праходзяць пацвярджэнне наймення «народны» і «ўзорны», раз у 5 гадоў — звання «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь». Пацвярджэнне праводзіцца на падставе прагляду канцэртных праграм, а таксама па выніках актыўнай канцэртнай дзейнасці і ўдзелу ў прэстыжных міжнародных, рэспубліканскіх, абласных конкурсах і фестывальна-відовішчных акцыях.
Аналіз параўнальных дадзеных па аматарскіх фальклорных калектывах сістэмы клубнай самадзейнасці Гомельскай вобласці па стане на 1 студзеня 2015-2018 гг. (табл. 1) дазваляе назіраць павелічэнне колькасці калектываў з найменнямі «народны» і «ўзорны», што абумоўлена іх выканальніцкім і творчым ростам. Зніжэнне агульнай колькасці фальклорных калектываў адбываецца з-за нізкай цікавасці значнай часткі насельніцтва да традыцыйнай спадчыны, скарачэння колькасці ўстаноў культуры ў малых неперспектыўных населеных пунктах, неадпаведнасці рэпертуару, змены накірунку і базы дзейнасці калектываў. Агульнай праблемай фальклорных калектываў з’яўляецца паўсюднае старэнне іх удзельнікаў, зыход у нябыт таленавітых «карыфеяў» народнай песні.
У 2017 г. да агульнай гадавой справаздачнасці аб дзейнасці клубных устаноў, дзе фальклорныя калектывы вылучаліся з ліку аматарскіх вакальна-харавых, была дададзена новая форма статыстычнай справаздачнасці [2], у якой фальклорныя калектывы вылучаюцца з ліку ўсіх аматарскіх і асобна ўлічваюцца аўтэнтычныя фальклорныя калектывы. Падрабязныя дадзеныя па колькасці аматарскіх і аўтэнтычных калектываў у раёнах Гомельскай вобласці (табл. 2) можна лічыць эксперыментальнымі з-за непрацяглага часу, які прайшоў ад унясення змен да прадстаўлення статыстычных дадзеных.
Удзельнікі аматарскіх і аўтэнтычных фальклорных калектываў з’яўляюцца асноўнымі носьбітамі і захавальнікамі большасці элементаў нематэрыяльнай спадчыны, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (усяго на сакавік 2018 г. 10 элементаў ад Гомельскай вобласці). Калектывы прымаюць актыўны ўдзел у мясцовых традыцыйных абрадах і святах, мерапрыемствах, прымеркаваных да значных дат і падзей, запісах тэле- і радыёперадач. У 2016-2017 гг. прадстаўлялі беларускую спадчыну на фестывалях і конкурсах як на тэрыторыі рэспублікі, так і за яе межамі:
X Міжнародны фестываль «Kalejdoskop Kultur» (Вроцлаў, Польшча);
I Маскоўскае агульнагарадское нацыянальнае беларускае свята «Купалле» (Масква, Расія);
ХІІ і ХІІІ гарадскі фестываль славянскай культуры «Славянская ярмарка» (Санкт-Пецярбург, Расія);
Міжнароднае фальклорнае свята «Троицкие хороводы в Орловском Полесье» (Арлоўская вобласць, Расія);
II Міжнародная расійска-беларуская навукова-практычная канферэнцыя «Навечно в памяти народной. Патриотизм в системе обеспечения безопасности Союзного государства России и Беларуси» (Масква, Расія);
этнаграфічны канцэрт «Фальклор беларускай глыбінкі» ў рамках ХІ Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, успрымання (памяці антраполага Зінаіды Мажэйкі)» (Мінск);
ХХV Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску»;
V Міжнародны форум «Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства» (Магілёў);
Рэспубліканскі адборачны тур Міжнароднага конкурсу эстраднай песні «Еўрабачанне» (Мінск);
ІХ Рэспубліканскі фестываль-кірмаш «Вясновы букет» (Мінск);
ХХ Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» (Паставы);
конкурс выканаўцаў беларускіх народных танцаў «Мяцеліца» (Мінск).
Сярод шматлікіх фестывальна-канцэртных мерапрыемстваў прысвечаных традыцыйнай культуры, якія прайшлі на тэрыторыі Гомельскай вобласці ў 2016-2017 гг. , самымі значнымі для фальклорных калектываў сталі:
Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся» (н.п. Ляскавічы, Петрыкаўскі раён);
VIII Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод» (г. Гомель);
XI Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня» (г.п. Акцябрскі);
Рэспубліканскі фестываль народнага гумару «Аўцюкі-2016» (Калінкавіцкі раён);
VIII абласны конкурс выканаўцаў народных бытавых танцаў «Вытокі» (г.п. Уваравічы, г. Калінкавічы);
Абласное свята сямейнай творчасці «Сем — Я» (г. Рэчыца);
III свята Неглюбскага ткацтва «Кросенцы» (Веткаўскі раён);
VI рэгіянальны фестываль песеннага мастацтва «Гэты дзіўны спеў з глыбінь народных» на прыз мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прафесара, народнага артыста Рэспублікі Беларусь М. П. Дрынеўскага (г.п. Лельчыцы);
IX рэгіянальны фестываль гарманістаў «Грай, гармонік!» (Ельскі раён);
IV калядны рэгіянальны фестываль «Каляднае сузор’е фальклор» (г. Светлагорск);
VII адкрытае раённае свята фальклору «Траецкі карагод на Веткаўшчыне» (г. Ветка);
фальклорнае свята-конкурс «Фестываль ручнікоў на Буда-Кашалёўшчыне»;
раённы фестываль «Льняная карусель» (г.п. Карма);
раённы кірмаш народных талентаў «Фарбы спадчыны маёй» (аг. Зашыр’е, Ельскі раён).
Для аказання дапамогі фальклорным калектывам вобласці рэгіянальныя арганізацыйна-метадычныя структурныя падраздзяленні і цэнтры сістэматызавана вырашаюць пытанні захавання фальклорных адзінак, паглыбленага вывучэння лакальных абрадавых традыцый, стварэння фондаў матэрыялаў па народных святах і абрадах. Фіксацыі творчасці носьбітаў традыцыйнага фальклору, трансляцыі спадчыны традыцыйнай культуры дзецям і моладзі надаецца асаблівая ўвага ў школах маладых культработнікаў і работнікаў без прафадукацыі, на тэматычных метадычных днях, круглых сталах, семінарах-практыкумах. Для папулярызацыі народных традыцый і фальклорных калектываў метадычныя службы выдаюць рэкламна-інфармацыйную прадукцыю і рэпертуарна-метадычную літаратуру, у тым ліку брашуры, буклеты і зборнікі.
Аналіз справаздач і планаў работы арганізацыйна-метадычных структурных падраздзяленняў і цэнтраў Гомельскай вобласці, справаздач і планаў вучэбна-выхаваўчай і творчай работы народных і ўзорных фальклорных калектываў паказвае, што большасць з іх надаюць сур’ёзную ўвагу пытанням захавання мясцовага традыцыйнага фальклору, планаванню работы калектыву, штогод абнаўляюць рэпертуар, з асаблівай увагай ставячыся да мясцовай фальклорнай спадчыны.
- Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры [Электронны рэсурс] : 20 ліп. 2016 г., № 413-З : прыняты Палатай прадстаўнікоў 24 чэрв. 2016 г. : адобр. Саветам Рэсп. 30 чэрв. 2016 г. // Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь. — Рэжым доступу : http://www.pravo.by/document/?guid=12551&p0=Hk1600413&p1=1. — Дата доступу : 20.03.2018.
- Аб зацвярджэнні формы дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці 1-клуб (Мінкультуры) «Справаздача аб дзейнасці клуба» і ўказанняў па яе запаўненні [Электронны рэсурс] : пастанова Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэсп. Беларусь, 30 жніўня 2017 г., № 102 // Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь. — Рэжым доступу : http://pravo.by/upload/docs/op/T21703877p_1504818000.pdf. — Дата доступу : 23.03.2018.
Табліца 1
Аматарскія фальклорныя калектывы Гомельскай вобласці
Год | Калектываў | У іх удзельнікаў | У тым ліку дзіцячых | У іх удзельнікаў | У тым ліку з найменнем «народны» («узорны») |
2015 | 199 | 1870 | 57 | 556 | 53 |
2016 | 194 | 1769 | 53 | 484 | 54 |
2017 | 191 | 1713 | 49 | 480 | 56 |
2018 | 199 | 1750 | 60 | 535 | 56 |
Табліца 2
Аматарскія і аўтэнтычныя фальклорныя калектывы Гомельскай вобласці на 1 студзеня 2018 г.
№ п/п | Раён | Усяго | Аматарскія | Аўтэнтычныя | |||
Калектываў | У іх удзельнікаў | Калектываў | У іх удзельнікаў | Калектываў | У іх удзельнікаў | ||
1 | Брагінскі | 6 | 55 | 6 | 55 | 0 | 0 |
2 | Буда-Кашалёўскі | 12 | 91 | 12 | 91 | 0 | 0 |
3 | Веткаўскі | 6 | 58 | 6 | 58 | 0 | 0 |
4 | г. Гомель | 3 | 19 | 3 | 19 | 0 | 0 |
5 | Гомельскі | 3 | 38 | 3 | 38 | 0 | 0 |
6 | Добрушскі | 0 | 0 | 0 | 0 | 0 | 0 |
7 | Ельскі | 7 | 43 | 6 | 38 | 1 | 5 |
8 | Жыткавіцкі | 48 | 406 | 48 | 406 | 0 | 0 |
9 | Жлобінскі | 2 | 14 | 2 | 14 | 0 | 0 |
10 | Калінкавіцкі | 25 | 209 | 21 | 183 | 4 | 26 |
11 | Кармянскі | 5 | 43 | 5 | 43 | 0 | 0 |
12 | Лельчыцкі | 13 | 130 | 11 | 112 | 2 | 18 |
13 | Лоеўскі | 7 | 53 | 7 | 53 | 0 | 0 |
14 | Мазырскі | 4 | 35 | 4 | 35 | 0 | 0 |
15 | Нараўлянскі | 2 | 12 | 2 | 12 | 0 | 0 |
16 | Акцябрскі | 17 | 145 | 14 | 118 | 3 | 27 |
17 | Петрыкаўскі | 14 | 157 | 14 | 157 | 0 | 0 |
18 | Рэчыцкі | 12 | 106 | 12 | 106 | 0 | 0 |
19 | Рагачоўскі | 13 | 116 | 13 | 116 | 0 | 0 |
20 | Светлагорскі | 3 | 32 | 3 | 32 | 0 | 0 |
21 | Хойніцкі | 1 | 12 | 0 | 0 | 1 | 12 |
22 | Чачэрскі | 7 | 64 | 7 | 64 | 0 | 0 |
Усяго | 210 | 1838 | 199 | 1750 | 11 | 88 |
Аўтар: Ірына Глушэц
Крыніца: Традыцыйная культура і дзеці: праблемы этнавыхавання: матэрыялы V Рэспубліканскай навук.-практ. канф. (г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл., 20 чэрвеня 2018 г.) / укл. А. Ю. Лозка; рэдкал.: В.М. Грышкевіч [і інш.]. — Мінск: ІВЦ Мінфіна, 2018. — С. 196-201.