Аднаўленне дзейнасці спажыўкааперацыі Гомельскай вобласці ў першыя пасляваенныя гады

0
495
Аднаўленне дзейнасці спажыўкааперацыі Гомельскай вобласці ў першыя пасляваенныя гады

Перад Вялікай Айчыннай вайной спажыўкааперацыя Гомельшчыны знешне выглядала як дастаткова магутная сістэма, якая дынамічна развівалася. Тавараабарот спажыўкааперацыі ў 1940 годзе складаў 212 млн.руб. (30,7% ад усяго тавараабароту вобласці) [1, с. 22]. На пачатак 1941 года ў вобласці налічвалася 100 сельпо, якія аб’ядноўвалі ў сваіх радах 124046 пайшчыкаў [2, с. 4]. Рознічная гадлёвая сетка налічвала 1 095 магазінаў і шапікаў.

Вайна нанесла вялікі матэрыяльны ўрон, было страчана больш за 40% матэрыяльнай базы кааператыўных арганізацый.

Белкаапсаюз спыніў сваю дзейнасць у сувязі з акупацыяй у пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Па меры вызвалення ўсходніх абласцей рэспублікі, у адпаведнасці з пастановай СНК БССР ад 19 кастрычніка 1943 года пачалося аднаўленне кааператыўнай гаспадаркі. Арганізацыю першых крокаў ажыццяўлялі аператыўныя групы, куды ўваходзілі кіраўнікі гандлёвых адцзелаў аблвыканкамаў, старшыні аблспажыўсаюзаў і падабраныя імі штаты арганізатараў гандлю. У другой палове 1943 года аднавіў сваю дзейнасць Гомельскі аблспажыўсаюз.

Сістэма сельпо з-за няхваткі гандлёвых работнікаў, памяшканняў для магазінаў, лавак і складоў аднаўлялася павольна. Першапачаткова ўсё гандлёвае абслугоўванне насельніцтва, забеспячэнне хлебам, развіццё грамадскага харчавання ўскладвалася на райспажыўсаюзы.

Праўленнем аблспажыўсаюза бьша распрацавана праграма развіцця прадпрыемстваў рознічнага гандлю і грамадскага харчавання, баз і складоў. Адзначым, што значная частка збярогшыхся за гады вайны будынкаў магазінаў, баз і складоў прыйшла ў заняпад і патрабавала рамонту. Неабходна было правесці вялікую работу, бо да 1945 года ўся гандлёвая сетка кааперацыі вобласці складала 30% ад даваеннага ўзроўню, у тым ліку сельмагаў – 21%. На 1.1.1945 года ў Гомельскай вобласці было створана 92 сельпо, налічвалася 66544 пайшчыка, рознічная гандлёвая сетка складалася з 377 магазінаў, палатак і ларкоў, 13 прадпрыемстваў грамадскага харчавання, 11 хлебапякарань i 11 прадпрыемстваў па выпуску тавараў спажывання [3, с. 171].

З пераходам да аднаўлення народнай гаспадаркі ў спажывецкай кааперацыі пачалася падрыхтоўка да адмены карткавай сістэмы: былі адрамантаваны гандлевыя памяшканні і хлебапякарні, вялікая ўвага ўдзялялася будаўніцтву новых гандлёвых кропак. У выніку перыяд 1946-1947 гадоў характэрызаваўся самымі высокімі тэмпамі прыроста гандлёвай сеткі – 132-137%, якія да пачатку пяцідзесятых гадоў стабілізаваліся на ўзроўні 102-104% [5, с. 9]. Разам з тым неабходна адзначыць, што аднаўленне гандлёвай сеткі спажыўкааперацыі ішло з вялікай цяжкасцю і нават на 1.1.1951 года яна дасягнула толькі 73,5% да даваеннага ўзроўню [4, с. 8].

Першыя пасляваенныя гады з’явіліся часам пашырэння сферы дзейнасці спажыўкааперацыі. Адносіны да яе змяніліся. Пастанова Савета Міністраў СССР ад 9 лістапада 1946 года “Аб разгортванні кааператыўнага гандлю ў гарадах і пасёлках харчовымі і прамысловымі таварамі і аб павялічэнні вытворчасці харчавання і тавараў шырокага ўжытку кааператыўнымі прадпрыемствамі” сведчыла пра новы этап у развіцці спажывецкай кааперацыі. У пастанове дзейнасць спажывецкай кааперацыі была прызнана нездавальняючай. Указвалася, што яна абмежавала сваю ролю размеркаваннем дэфіцытных тавараў, атрымоўваемых ад дзяржавы. Лішкі сельскагаспадарчай сыравіны, якія меліся ў вёсцы, не закупляліся для забеспячэння гарадскога насельніцтва, кааператары не разгортвалі ў неабходных памерах вытворчасць тавараў шырокага ўжытку і прадуктаў харчавання [5, с. 3- 17]. Такім чынам, у пастанове ўтрымоўвалася канстатацыя існуючай сітуацыі, аналіза ж глыбінных прьгчын зроблена не было. Тым не менш спажыўкааперацыя атрымала права разгарнуць’ сваю дзейнасць ў гарадах. Гэтага права яна была пазбаўлена яшчэ ў 1935 годзе.

Вырысоўваліся асноўныя рысы новага этапа гандлю: канкурэнцыя паміж дзяржаўным і кааператыуным гандлем па абслугоўванню гарадского і сельскага спажыўца, пашырэнне сферы ўжывання цэн, якія складваліся на рынку.

Няглядзячы на тое, што фактычныя памеры тавараабароту кааператыўнай сеткі ў гарадах і пасёлках былі далёкімі ад запланаваных, спажыўкааперацыя вобласці актыўна ўплывала на ўзровень рознічных цэн на сельгаспрадукты. Так, у 1947 годзе кааператыўныя цэны ў гарадах былі на 10-12% ніжэй цэн калгаснага рынку [6, с. 83,145,170]. У пачатку 1948 года ў кааператыўных магазінах Гомельскай вобласці яны былі на 15-20% ніжэй за дзяржаўныя рознічныя цэны.Насельніцтву было больш выгадна купляць харчовыя тавары ў магазінах спажывецкай кааперацыі, чым на рынку. Гэта садзейнічала паніжэнню рыначных цэн (мяса патанела на 40%, малако – на 50%, бульба і гародніна – на 60%).Акрамя таго, даходы ад гарадскога кааператыўнага гандлю накіроўваліся на аднаўленне рознічнай гандлёвай сеткі, у тым ліку і на сяле. За 1948 год у вёсках вобласці было адкрыта 102 магазіны спажывецкай кааперацыі [7, с. 144].

Выкарыстоўванне камерцыйнай формы гандлю з’яўлялася важкай дадатковай крыніцай задавальнення матэрыяльных патрэбнасцей насельніцтва, аздараўляльна дзейнічала на рынак сельскагаспадарчых прадуктаў, выклікала паніжэнне цэн на гарадскіх калгасных рынках.

Ва ўмовах, калі будучыня кааператыўнай уласнасці бачылася як паглынанне яе дзяржаўнай уласнасцю, палітыка ў адносінах да кааперацыі, у тым ліку і спажывецкай, была непаслядоўнай. 8 жніўня 1949 года пастановай Савета Міністраў СССР гарадскі кааператыўны гандаль Цэнтрасаюза быў перададзены Міністэрству гандлю.

Такім чынам, лінія на развіцце канкурэнцыі паміж дзяржаўным і кааператыўным гандлем была звернута. Ізноў за спажывецкай кааперацьмй заставалася права гандляваць толькі ў сельскай мясцовасці. Матывавалася гэта тым, што спажыўкааперацыя, не спраўляючыся з абслугоўваннем сельскага насельніцтва, адцягвалася для работы ў горадзе. Гэта сцвярджэнне сведчыла пра неразуменне сутнасці спажывецкай кааперацыі як гаспадарчай арганізацыі, прызначанай закупляць лішкі сельскагаспадарчых прадуктаў у вёсках, перапрацоўваць іх і прадаваць як на сяле, так і ў горадзе. Рознічная гандлёвая сетка кааператыўных таварыстваў была ліквідавана ў гарадах. Неабаснаваны быў вывад аб адцягваннні спажыўкааперацыі для гарадскога гандлю ва ўрон сельскаму насельніцтву. Гарадская гандлёвая сетка спажыўкааперацыі вобласці на 1.01.1948 года налічвала 31 магазін, а сельская 685. У 1949 годзе на долю горада прыходзілася толькі 24,45 % тавараабарота.

У пасляваенны перыяд спажыўкааперацыя з’яўлялася адной з асноўных нарыхтоўчых арганізацый. Атрымаўшы згодна з пастановай Савета Міністраў СССР ад 9 лістапада 1946 года права на закупкі па рыначных цэнах у насельніцтва сельгаспрадукцыі, спажывецкія арганізацыі павялічылі аб’ём нарыхтовак. Так, у Гомельскай вобласці ў тавараабароце спажывецкай каааперацыі ў 1947 годзе ўдзельная вага дэцэнтралізаваных закупак склала ўжо 14,8% супраць 9,6% у 1946 годзе [8, с. 508].

Ва ўмовах недастатковай забяспечаннасці транспартам, складскімі памяшканнямі агароднінасховішчамі, арганізацыя нарыхтоўчай дзейнасці праходзіла цяжка. У цэлым толькі 67-69% сельпо прымалі ўдзел у нарыхтоўках. Гэта прыводзіла да падаражання прадукцыі, таму што закупкі праводзіліся ў бліжэйшых да раённых цэнтраў сельпо, а не ў глыбінцы, дзе цэны былі больш нізкімі. Вынікам была беднасць асартыменту гарадскіх магазінаў. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, толькі за 1947-1948 гады спажыўкааперацыяй рэспублікі было закуплена сельгаспрадукцыі на 656,2 млн.руб [4, с. 192].

Аднак змены ў адносінах да кааператыўнай формы гаспадарання, якія з’явіліся ў канцы саракавых гадоў, закранулі і нарыхтоўчую дзейнасць спажывецкай кааперацыі. Пастановай Савета Міністраў ад 8 жніўня 1949 года адменена права спажыўкааперацыі закупліваць прадукты па рыначных цэнах.

Замест гэтага была ўведзена закупка сельгаспрадукцыі па абмежаваных закупачных цэнах, рэгуліруемых дзяржавай, значна болып нізкіх, чым рыначныя.

Такі курс прывёў да рэзкага скарачэнню аб’ёмаў закупак сельгаспрадуктаў. Так, Гомельскім аблспажыўсаюзам у 1949 годзе гадавы план закупак бульбы выкананы на 12%, гародніны на 15%, сухіх грыбоў на 1% [9, с. 429].

Каб лепш забяспечыць насельніцтва прадуктамі харчавання і прамысловымі вырабамі, спажыўкааперацыя ў пасляваенны час прыступіла да арганізацыі ўласных прадпрыемстваў па вытворчасці тавараў шырокага ўжытку на базе мясцовых сыравінных рэсурсаў (раней яе вытворчая дзейнасць абмяжоўвалася хлебавыпяканнем, вытворчасцю безалкагольных напояў і перапрацоўкай сельскагаспадарчых прадуктаў). Пастанова Савета Міністраў СССР ад 9 лістапада 1946 года паскорыла працэс стварэння такіх прадпрыемстваў.

І ужо ў самым пачатку 1947 года ў Гомельскай вобласці створана 21 такое прадпрыемства [1, с.8], у сярэдзіне 1947 года іх было ўжо 46. За I квартал 1947 года яны выпусцілі тавараў на 2 млн. 327 тыс.руб, пры плане 900 тыс.руб. [1, с.65]. Болыыасць з гэтых прадпрыемстваў былі па сутнасці дробнымі прадпрыемствамі, аснашчанымі прымітыўным абсталяваннем, з колькасцю працуючых ад 3 да 5 чалавек. Якасць была невысокай, але гэта былі вельмі неабходныя для насельніцтва тавары: дахавае крыццё, ганчарныя вырабы, мыла, мэбля, сані, граблі, вёдры, хамуты, вяроўка, адзенне і шмат іншых. Дэфіцыт гэтых тавараў быў значным і, бясспрэчна, прадпрыемствы спажыўкааперацыі памагалі насыціць рынак.

У з’яўленні шматлікіх прамысловых кааператыўных прадпрыемстваў праявілася тэндэнцыя развіцця новага гаспадарчага механізму, накіраваная на пэўнае пашырэнне гаспадарчай самастойнасці прадпрыемстваў і ўкараненне гасразліку. Выкарыстанне рыначных цэн для закупкі сыравіны прадпрыемствамі, магчымасць самім кааператыўным таварыствам устанаўліваць цэны на прадукцыю сведчылі пра некаторы адыход ад жорсткіх прынцыпаў цэнтралізму.

Разам з тым, гасразлік другой паловы 40-х гадоў не быў і не мог быць поўным. Яго асаблівасць змяшчалася ў тым, што ен быў абмежаваны неабходнасцю эканоміі пры вострым недахопе ўсіх відаў рэсурсаў. Фонд зарплаты і колькасць працуючых былі фіксіраванымі – гэтыя абставіны перашкаджалі развіццю больш гібкіх гасразліковых адносін.

Фактычная адмена пастановы ад 9 лістапада1946 года прывяла да памяншэння гаспадарчай ініцыятывы кааператараў, падштурхоўвала да ліквідацыі прадпрыемстваў, замест пошука шляхоў іх мадэрнізацыі і павялічэння рэнтабельнасці. Аб’ем вытворчасці ўласных прадпрыестваў аблспажыўсаюза дасягнуў максімума ў 1948 годзе, пасля чаго пачаў зніжацца.

Гэты працэс паскорылі і некаторыя нарматыўныя акты. У асобнасці, пастанова Савета Міністраў СССР ад 14 красавіка 1948 года “Аб пранікненні прыватніка ў кааперацыю і прадпрыемствы мясцовай прамысловасці”, якая прывяла да масавага закрыцця многіх кааператыўных прадпрыемстваў.

Улічваючы рэальны стан на спажывецкім рынку ў тыя гады, патрэбна прызнаць, што закрыцце прадпрыемстваў спажыўкааперацыі было відавочна неабгрунтавана. Да таго ж кааператыўныя прадпрыемствы садзейнічалі стварэнню перадумоў для наладжвання аптымальных суадносін паміж значнай, сярэдняй і дробнай вытворчасцю. Яны выпускалі параўнальна невялікія партыі тавараў, выпуск якіх было цяжка ці эканамічна нявыгадна арганізаваць на вялікіх прадпрыемствах.

Асаблівасцю дзейнасці спажыўкааперацыі, як гаспадарчай арганізацыі, з’яўляецца тое, што далучэнне да яе дзейнасці павінна адбывацца праз прамую асабістую зацікаўленнасць людзей, спапучэнне асабістых і грамадскіх інтарэсаў.

Тыя абставіны, што пайшчыкі атрымоўваюць непасрэдна ў свае распараджэнне ці праз грамадскія фонды частку прыбытку кааператыўнай арганізацыі, а таксама маюць ільготы пры набыцці тавараў і карыстанні паслугамі, садзейнічае іх больш актыўнаму ўдзелу ў дзейнасці гандлевага апарату, у рацыяналізацыі дзейнасці сельпо, кантролі за памяншэннем выдаткаў тавараабароту.

Пайшчыкі зацікаўлены ва ўдасканальванні гаспадарчай дзейнасці і ўмацаванні фінансавага палажэння сваіх кааператываў і таму, што пры нездавальняючай рабоце іх страты могуць пакрывацца за лік належачых членам паявых узносаў.

Пастанова Савета Міністраў СССР ад 9 лістапада 1946 года аднавіла практыку налічэння дэвідэнтаў на паявыя ўзносы. На выдачу членам сельпо налічвалася сума, устаноўленая агульным сходам пайшчыкаў, але не больш 20 % ад прыбытку – гэта вызначалася прыкладным Уставам спажывецкага таварыства ад 25 студзеня 1939 г. Аднак налічэнні на аднаго пайшчыка ў год не дасягалі i 10 рублеў. Такім чынам, прамой матэрыяльнай зацікаўленнасці ва ўступленні грамадзян у члены спажыўкааперацыі ў разглядаемы час не было.

У першыя пасляваенныя гады адзначаліся шматлікія выпадкі прымусовага кааперыравання сельскага насельніцтва. Не веўся ўлік членаў таварыстваў, пайшчыкі не мелі членскіх кніжак і паявых марак, памеры ўзносаў у парушэнне Устава вызначаліся без ведама сходаў у 200-300 рублеў, на аснове распараджэнняў праўленняў райспажыўсаюзаў і сельпо. Напрыклад, у Радужскім сельпо Веткаўскага раёна, у Дзятлавіцкім сельпо Гомельскага раёна без зацвярджэння агульнага сходу пайшчыкаў памер паявога ўзносу складаў 250 руб. У Кармянскім сельпо Добрушскага райспажыўсаюза памер пая быў устаноўлены для мужчын у 400 руб., а для жанчын у 300 руб. У Пакалюбіцкім сельпо па ўказанню старшыні насельніцтву не выдавалася прызначаная па нормах соль да таго часу, пакуль не ўносіліся паявыя ўзносы.

У некаторых сельпо (Яромінскае, Урыцкае і інш.) меліся пайшчыкі з унесенымі паявымі ўзносамі ад 700 да 2600 рублеў, і ў той жа час – ад 5 да 10 рублеў [10, с. 202]. У шэрагу месц паявыя ўзносы фактычна збіраліся шляхам пабораў з насельніцтва. У Рагачоўскім райспажыўсаюзе за кавалак мыла бралі зверх кошту 10 руб. Такім дадатковым падаткам абкладваліся самыя неабходныя тавары, тым самым як бы збіраўся паявы ўзнос [11, с. 225].

У сувязі з тым, што прымусовыя паявьш ўзносы збіраліся з усяго насельніцтва, пайшчыкамі лічыліся аўтаматычна ўсе такім чынам заплаціўшьм паявы ўзнос. Таму, ад усіх асоб, стаўшых пайшчыкамі у перыяд з 1944 па 1947 гады не мелася заяў аб прыеме ў члены спажывецкай кааперацыі [11, с. 221].

Парадак у справе збора ўзносаў быў наведзены у ходзе справаздачна-выбарчай кампаніі Белспажыўсаюза 1947 года.

Спажыўкааперацыя як грамадская арганізацыя прызнана развіваць самадзейнасць пайшчыкаў, непасрэдны іх удзел у рабоце арганізацыі.

Гарантам удзелу пайшчыкаў у рабоце ўсіх звёнаў спажыўкааперацыі з’яўляецца яе Статут. Ен вызначае задачы спажыўсаюза, яго ўнутраную арганізацыю, правы і абавязкі членаў. Статут прымаўся на агульным сходзе (сходзе ўпаўнаважаных), на аснове прыкладнага Статута, зацверджанага пастановай СНК СССР і ЦК УКП(б) 25 студзеня 1939 года, дзейнага і ў першыя пасляваенныя гады. Статут утрымліваў дэмакратычныя палажэнні. Вышэйшым органам кіравання сельпо з’яўляўся агульны сход пайшчыкаў ці ўпаўнаважаных, ен выбіраў тайным гапасаваннем тэрмінам на два гады членў праўлення сельпо і яго старшыню, рэвізійную камісію, зацверджваў наказы па паляпшэнню работы сельпо, разглядаў i зацверджваў квартальныя і гадавыя справаздачы, даваў ацэнку работы праўлення і рэвізійнай камісіі, прымаў у пайшчыкі.

Згодна з Статутам пайшчыкі мелі шырокія правы. Яны маглі прымаць удзел у рабоце схода з рашаючым голасам, выбіраць і быць абранымі ў праўленне і рэвізійную камісію, а таксама ў склад упаўнаважаныж, выносіць на разгляданне сходу пытанні аб паляпшэнні дзейнасці сельпо, атрымоўваць налічэнні на паявыя ўзносы, карыстацца правам перавагі пакупкі тавараў.

У першыя пасляваенныя гады дзейнасць Статута была часткова прыпынена. Члены праўленняў сельпо, райспажыўсаюзаў, вышэйстаячых кааператыўных органаў не выбірапіся, а назначался. Затрымка ў правядзенні выбараў была выклікана некалькімі прычынамі. Адной з галоўных з’яўлялася ўзмацніўшаяся ў гады вайны жорстка цэнтралізаваная сістэма кіравання эканомікай, дэталевая рэгламентацыя ўсіх бакоў дзейнасці прадпрыемстваў і арганізацый. Увядзенне няхай нават фармальных прызнакаў дэмакратызму ў жыцце спажывецкай кааперацыі патрабавала вызначанага пераходнага этапа. Да таго ж арганізацыйная структура спажыўкааперацыі была поўнасцю разбурана ў гады вайны.

Значныя недахопы ў дзейнасці кааператыўных арганізацый, крадзяжы, адсутнасць кантролю з боку пайшчыкаў за дзейнасцю адміністрацыі спажывецкіх таварыстваў вымушалі праўленне Белкаапсаюза дабівацца хутчэйшага дазвалення правядзення справаздачна-выбарчай кампаніі. Адсутнасць выбарнасці органаў кіравання і кантролю прывялі да таго, што праўленні рэдка рабілі справаздачу перад пайшчыкамі, права вырашэння ўсіх пытанняў эканамічнага і сацыяльнага развіцця спажывецкіх таварыстваў перайшло ад праўлення да старшыні. I, хоць кантралюючыя органы – лавачныя і сталовыя камісіі сталі стварацца з лета 1944 года, яны фактычна бяздзейнічалі. Створаная ў кастрычніку 1945 года рэвізійная камісія Белкаапсаюза за два гады не правяла ні адной дакументальнай рэвізіі [13, с.З].

Праўленне Белкаапсаюза прасіла ЦК КП(б) дазволіць правесці выбары ўжо ў канцы 1946 года.

З адменай карткавай сістэмы пачаўся пераход да разгорнутага тавараабароту. Гэта патрабавала ліквідацыі наступстваў ваеннага часу, карэннай перабудовы стылю і метадаў работы, павышэння актыўнасці кааператыўных працаўнікоў.

Першыя выбары праўленняў райспажыўсаюзаў. сельпо, рэвізійных камісій адбыліся ў маі – чэрвені 1947 года.

Усяго ў ходзе выбарчай капмпаніі ў Гомельскай вобласці было праведзена 806 участковых сходаў, на якіх прысутнічала 92612 пайшчыкаў, што складала 73,2% ад іх колькасці. Таксама было праведзена 15 раенных сходаў упаўнаважаных па выбарах праўленняў райспажыўсаюзаў, с. на іх прысутнічала 1408 чалавек, ці 92,3% ад колькасці выбраных упаўнаважаных. На сходах выступіла болын за 160 чалавек. Аб актыўнасці пайшчыкаў у ходзе выбараў сведчыць той факт, што з 93 у 39 рэвізійных камісій сельпо работа не атрымала даверу i была прызнана нездавальняючай. Таксама не атрымалі даверу 5 старшынь райспажыўсаюзаў, якія не былі абраны на новы перыяд [1, с. 69,70].

Выбарчая кампанія дала магчымасць спажыўкааперацыі ўмацаваць кадравы састаў і развівацца больш дынамічна.

Такім чынам, пры ўсей сваей супярэчнасці і цяжкасці першыя насляваенныя гады былі часам пашырэння дзейнасці спажыўкааперацыі Г омельшчыны.

  1. Дзяржаўны архіў грамадскіх арганізацый Гомельскай вобласці. Ф. 144, воп. 13, спр. 26, стар. 22.
  2. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ф. 7, воп. 3, спр. 1226, стар. 4,6.
  3. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ф. 332, воп 5, спр. 245а, стар. 171.
  4. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ф. 322, воп. 5, спр. 255а, стар. 9.
  5. Сборник правительственных постановлений и ведомственных указаний о кооперативной торговле в городах и поселках. М., 1947, с. 3-17.
  6. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ф. 4, воп. 44, спр. 53, стар. 83,145,170.
  7. Дзяржаўны архіў грамадскіх арганізацый Гомельскай вобласці. Ф. 144, воп. 13, спр. 93, стар. 144.
  8. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ф. 332, воп. 5, спр. 33, л.508.
  9. Дзяржаўны архіў грамадскіх арганізацый Гомельскай вобласці. Ф. 144, воп. 20, спр. 23, стар 429.
  10. Дзяржаўны архіў грамадскіх арганізацый Гомельскай вобласці. Ф. 144, воп. 13, спр. 11, стар. 202.
  11. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ф. 4, воп. 44, спр. 36, стар. 225
  12. Дзяржаўны архіў грамадскіх арганізацый Гомельскай вобласці. Ф.144, воп. 13, спр.36, стар. 221.
  13. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ф. 332, воп. 6, спр. 7, стар. 3.

Аўтар: С.А. Юрыс
Крыніца: “Гомельшчына ў Вялікай Айчыннай вайне”, навук.практычная канф. (2005, Гомель). Навукова-практычная канферэнцыя “Гомельшчына ў Вялікай Айчыннай вайне”, 7-8 красавіка 2005 г.: [прысвеч. 60-годдзю Вялікай Перамогі: матэрыялы] / рэдкал.: В.А. Міхедзька (адказ. рэд.) і інш.; Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: Выд-ва “Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны, 2005. — С. 10-18.