Шматлікія запісы беларускіх народных песень пераконваюць нас у тым, што балады – гэта надзвычай адметныя ліра-эпічныя творы і па сюжэтыцы, і па вобразах-сімвалах, і па мелодыцы выканання. “Творы гэтыя напоўнены яркімі малюнкамі сямейнага, асабістага жыцця нашых продкаў, шчырым пачуццём і роздумам пра лёс чалавека” [1, с. 7]. Даволі доўгі час балады ўключаліся ў раздзел пазаабрадавай паэзіі, не вылучаючыся пры гэтым канкрэтнай назвай, не была прадстаўлена і іх адпаведная класіфікацыя. На жаль, сёння вывучэнню балад надаецца мала ўвагі, але ж паспрабуем, зрабіўшы камеральную апрацоўку некаторых тэкстаў мясцовых запісаў, вызначыць адметнасці кампазіцыі жанру народнай балады. Так, Л.М. Салавей вылучае: балады з міфалагічнымі матывамі; балады казачныя і легендарныя; балады, якія змяшчаюць загадкі, балады гульнёва-каргоднага складу; навелістычныя балады. У прапанаваным артыкуле разглядаюцца прыклады балад з міфалагічнымі матывамі, запісы якіх былі зроблены на тэрыторыі Лельчыцкага раёна.
Адзначым, што для народнай балады ў параўнанні з іншымі песеннымі жанрамі характэрны найперш дзеянне і пачуццёвыя рэакцыі, “якія ўзмацняюць змест і ўтвараюць лірычны элемент песні” [1, с. 12]. Так, польская даследчыца Я. Ягела вызначыла “шэсць функцый баладнай фабулы, якія ствараюць ідэальную баладную канструкцыю: 1) устанаўленне забароны; 2) намаўленне парушыць забарону; 3) парушэнне забароны; 4) інфармацыя пра парушэнне забароны; 5) устанаўленне віны; 6) вызначэнне кары. Пералічаныя пункты яшчэ дапаўняюцца ўступам і заключэннем” [1, с. 14]. Прысутнасць усіх гэтых функцый у адным тэксце – з’ява вельмі рэдкая, але ж абавязковымі з’яўляюцца дзве асноўныя – “парушэнне забароны” і “ вызначэнне кары”.
Падкрэслім, што амаль усе тэксты балад пачынаюцца не з канкрэтнага дзеяння, не з распрацоўкі сюжэта, а менавіта з адцягненага ўступу, які дапамагаў выявіць пачуцці і лірычныя перажыванні герояў. Цікавым з’яўляецца той факт, што ў розных варыянтах баладных песень звычайна маюць месца падобныя ўступныя часткі:
У полі бяроза, у полі да кудрава,
А на той берозі зязюля ж і ковала,
Маці свайго сына ў армію адпраўляла…[2]
***
Ой, у лузе, у лузе каліна стаяла,
А на той каліне зязюля й кавала… [1]
***
Ой, бяроза ды кудравая,
Вярхом неба ўпірала… [3]
З функцыяй “устанаўленне забароны” мы сустракаемся ў баладным тэксце, дзе важнае месца адводзіцца дзеясловам загаднага ладу:
Ідзі, сыночку, доўго не борыся,
Церэз тры недзелькі назад вороціся… [3]
***
Адпраўляла маці сына ў дорогу (у салдаты),
Нелюбу невестку ў полі лёну браці.
Недаберэш лёну, не ідзі дадому…[2]
Арганічнае месца ў структуры мясцовых балад знаходзіць інфармацыя пра парушэнне забароны, якую у адным з выпадкаў дапускае сын:
Нема сынка годзік, нема сынка другі,
А на трэйці годзік едзе сын мой любы.
Ох, ці рада, мамко, ох, ці рада мною.
Ох, ці рада мною, моею жэною?
Рада я сынку, рада я табою,
Только я не рада твоею жэною… [3]
У іншых жыццёвых абставінах забарону парушае нявестка, якая засталася адна, адправіўшы свайго мужа “ў салдаты”:
Не даберэш лёну, не ідзі дадому.
Брала лёну, брала, брала, не дабрала [2]
Вызначэнне кары як адзін з асноўных і выразных элементаў балады ў агульнабеларускай і мясцовай фальклорнай традыцыях, праяўляецца праз смерць герояў і ператварэне іх у дрэвы:
Наліла сыночку солодкого м’ёду,
Нелюбой невехні – зелёного ёду.
Тая невехна не злюбіла,
Узяла того ёду, пополам роздзеліла.
Поховала сыночка ў вішнёвом содочку,
Нелюбу невехну ў городзі ў куточку.
Посадзіла сыночку чырвону каліну,
А невесцы сухую яліну.
Тая каліна стала ўсыхаці,
А тая яліна стала развіваці…[3]
***
Брала лёну, брала, брала не дабрала,
Да й у чыстом полі тапалінай стала…[2]
Даволі цікавым можа падацца той факт, што на магілах забітых дзяцей маці пасадзіла не “традыцыйныя” явар і каліну, а каліну – на магіле сына і яліну – на магіле нявесткі. Калі ж глыбей пазнаёміцца з лакальнымі асаблівасцямі традыцыйнай культуры Лельчыцкага раёна, у прыватнасці з міфалагічнымі ўяўленнямі, то можна знайсці рацыянальнае абгрунтаванне такога выбару маці. Каліну як сімвал прыгажосці апошняя суадносіць з сынам: “Каліна – ето добрэ дзераво, і красіве як цвіце там, напрымер, і як ягады красные спеюць” [1]
Ёлка ж жыхарамі гэтай мясцовасці ўспрымаецца як “нядобрае” дрэва, якое непажадана садзіць на падвор’і, бо маці не хацела бачыць нявестку ў сваім двары: “Ёлку не можна садзіць кала хаты” [1].
Мясцовыя запісы баладных песень дазваляюць пашырыць спектр вышэйакрэсленых функцый “ідэальнай баладнай канструкцыі”. На наш погляд варта было б да іх ліку дадаць яшчэ адну, выражаную славеснай – праклёны, скіраваныя да маці:
Ох, мамко, мамко, шо ты наробіла?
Мы так любіліса, а ты разлучыла.
Шоб табе, мамко, важко було канаці,
Як мне важко-цяжко нову жонку браці [4]
У прыведзеных радках балады гучыць матыў адкрытых непрыхаваных праклёнаў, скіраваных з боку сына да маці па прычыне здзейсненага ёю злачынства.
Наступныя ж радкі: “Посадзіла сыночку чырвону каліну, // А невесцы сухую яліну. // Тая каліна стала ўсыхаці, // А тая яліна стала развіваці…” [3] – можна разглядаць і як “вызначэнне кары”, і як прыхаваныя, завуаліраваныя “праклёны, скіраваныя да маці” ужо з боку нявесткі. Бо менавіта згодна з мясцовым звычаем “як яна (яліна, елка – Ц.П.) перарасце вільчыкам хату, то абязацельно нехто памрэ ў етай хаці” [1]. Як мы бачым, маці, нібы засцерагаючы сябе, пасадзіла“сухую яліну” на магіле нявесткі, якая пачала нібы бунтаваць, супрацьстаяць, знаходзячыся ўжо недзе ў іншасвеце, і праклінаць свякруху і наракаць ёй смерць.
Такім чынам, можна зрабіць выснову, што структура баладных песень – важная праблема будучых навуковых даследаванняў, якія абавязкова павінны ўлічваць багаты эмпірычны рэгіянальна-лакальны матэрыял.
Літаратура:
- Салавей, Л.М. Беларуская народная балада / Л.М. Салавей / [Рэд. К. П. Кабашнікаў]. – Мн. : Навука і тэхніка, 1978. – 192 с. (АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору.).
Спіс інфармантаў:
- Куціс Валянціна Мікалаеўна, 1937 г.н., в. Сіманічы
- Кенюх Кацярына Іосіфаўна, 1939 г.н., в. Сярэднія Печы
- Гаін Юлія Робертаўна, 1934 г.н., в. Сярэднія Печы
- Ранчынская Яўгенія Міхайлаўна, 1937 г.н., в. Сіманіцкая Рудня
Аўтар: П.М. Цалка
Навуковы кіраўнік: В.С. Новак, д-р філал. навук, прафесар