Адметнасці словаўжывання найменняў са значэннем “зуб” у гаворках Усходняга Палесся

0
43
Адметнасці словаўжывання найменняў са значэннем зуб у гаворках Усходняга Палесся

У межах выяўленых ва ўсходнепалескіх гаворках прадметна-тэматычных груп саматызмаў адметнае месца займае адносна невялікая ў колькасным выражэнні мікрагрупа, аб’яднаная значэннем ‘формы i тыпы зубоў’. Назоўнікам зуб (< прасл. zọbъ – [5, т. 3, с. 347]), што супадае з тэрміналагічным найменнем [1, с. 460], абазначаецца касцявое ўтварэнне, орган у роце для адкусвання i разжоўвання ежы: От зубу мне боляць (Дзвiжкi Ельск.).

Унутраная частка зуба, якая знаходзiцца ў дзясне, абазначаецца словам корэнь (< прасл. korьnь – [5, т. 5, с. 99]): Корэнь седзiць, а посерэдзiне зуб перэломаўса (Пагост Жытк.) і ў форме корань супадае з лексiчнай нормай сучаснай беларускай мовы [1, с. 297]. У якасці сінанімічнай назвы да пазначанай намінатыўнай адзінкі ва ўсходнепалескіх гаворках засведчана выкарыстанне наймення пень: Зубы плахiе, мо чатыры пнi трэба рваць (Дзяражычы Лоеўск.), якое ўзнікла ў выніку пераносу назвы (пень – ‘астатак зуба, які тырчыць з дзясны’). Для параўнання – адно са значэнняў да слова пень, што фіксуецца нарматыўнымі слоўнікамі беларускай мовы, – ‘астатак спiлаванага, ссечанага цi зламанага дрэва, якi тырчыць з зямлi’ [1, с. 460].

Асобныя зубы ў народна-дыялектнай мове атрымалі пэўныя назвы паводле сваёй формы, месца размяшчэння ў роце і інш. Так, словам молочнiкi (< малако) абазначаюцца зубы ў дзяцей, якiя выпадаюць пасля шасцiгадовага ўзросту: У яго молочнiкi позна вураслi (Ручаёўка Лоеўск.).

Для наймення верхніх пярэдніх парных зубоў плоскай формы выкарыстоўваюцца словы-сінонімы тыпу верхоўе (< прасл. vьrxъ – [3, т. 1, с. 302]), прыку́сы (< пры- + кусаць), перэдніе (< перад), рэ́зцы (< рэзаць): Установіла собе верхоўе і жыву (М. Малешава Жытк.); Ты прыку́самi кусай (Ручаёўка Лоеўск.); Перэдніе зубы спорчаные (Загорыны Мазыр.); Свое рэ́зцы я ўжэ поз’едала (Грышы Ельск.).

Саматызм iкла /iкол/ (< прасл. kъlъ – [5, т. 5, с. 375–376]) абазначае зуб, які знаходзiцца непасрэдна за разцамi: Iкла вурэзваюцца, так ён канозiцца (Грабаў Петрык.); Недобры iкол расце, крыві (Будкi Нараўл.).

Зуб, што з’яўляецца наступным пасля iклоў, мае назву клык (< прасл. klykъ – [5, т. 5, с. 70]): Клыкi доўгiе повуросталi (Карма Ельск.). Акрамя таго, у тураўскіх гаворках засведчана сінанімічнае ўтварэнне балясы: Балясы вушчэрыў (Запясочча Жытк.), якое ўжыта ў пераносным значэнні і стала метафарай да слова баляса, паколькі балясай прынята называць точаны фігурны слупок у агароджы балконаў, тэрас і інш. [1, с. 81]. Этымолагі мяркуюць, што назоўнік першапачаткова ўжываўся ў сэнсе ‘рэдкія зубы’ (падобныя да агароджы) [5, т. 1, с. 299].

Двухкампанентнае ўтварэнне кутнi зуб (< кут – [5, т. 5, с. 174]) служыць для наймення карэннага зуба: Сам ты кутнi зуб не вурвеш (Баравое Лельч.). Паралельна з ім у даследуемых гаворках фіксуецца ўжыванне слоў бакавы, кутнік, цеменны [4, с. 190], што матывуюцца назоўнікамі і выразна ўказваюць на месца размяшчэння зуба ў ротавай поласці.

Асобныя з разгледжаных саматычных назваў: iкол, карэнны зуб / кутнi зуб /, клык (з паметай абласное), малочныя зубы, разец – фіксуюцца нарматыўнымі слоўнiкамі сучаснай беларускай мовы [1, с. 253, 294, 331, 542; 2, т. 2, с. 517] і гаворкамі іншых дыялектных зон Беларусі [4, с. 190].

Такім чынам, акрэсленыя намінатыўныя адзінкі, што функцыянуюць у народна-дыялектнай мове жыхароў усходнепалескага рэгіёна для абазначэння зубоў, уяўляюць сабой фанетычныя ці словаўтваральныя варыянты кадыфікаваных найменняў або, увогуле, з’яўляюцца вузкарэгіянальнымі ўтварэннямі.

Літаратура

  1. Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы / пад рэд. М. Р. Судніка, М. Н. Крыўко. – Мінск: БелЭн, 1999. – 784 с.
  2. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т. / пад агул. рэд. К. К. Атраховіча (К. Крапівы). – Мінск: БелСЭ, 1977–1984. – Т. 2.
  3. Фасмер, М. Этимологический словарь русского языка: в 4 т. / М. Фасмер. – М.: Прогресс, 1986–1987. – Т. 1.
  4. Чалавек: тэматычны слоўнік / склад. В. Дз. Астрэйка [і інш.]; навук. рэд. Л. П. Кунцэвіч, А. А. Крывіцкі. – Мінск: Беларус. навука, 2006. – С. 190.
  5. Этымалагічны слоўнік беларускай мовы: у 11 т. – Мінск: Навука і тэхніка, 1978–2006. – Т. 1, 3, 5.

Аўтар: Л.М. Мазуркевіч
Крыніца: Надзённыя праблемы лексікалогіі і анамастыкі славянскіх моў: матэрыялы II Міжнароднай навуковай канферэнцыі, г. Мазыр, 22—23 красавіка 2010 г. / Міністэрства Адукацыі Рэспублікі Беларусь, Установа адукацыі “Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна”; [рэдкалегія: В. В. Шур (адказны рэдактар) і інш.]. — Мазыр: МДПУ імя І. П. Шамякіна, 2010. — С. 63.