Адметнасці функцыянавання назваў некаторых захворванняў і недамаганняў у гаворках Усходняга Палесся

0
952
Адметнасці функцыянавання назваў некаторых захворванняў і недамаганняў у гаворках Усходняга Палесся

Народная медыцына — частка культурнага вопыту, накіраваная на падтрымку і ўзнаўленне здароўя, гэта вынік архаічнай і традыцыйнай свядомасці, што папярэднічае навуковай медыцыне і суіснуе з ёю як акрэсленая сфера традыцыйнай культуры са сваімі міфалогіяй, рытуалам і фальклорам [5, с. 6].

Любое захворванне ці недамаганне — натуральная жыццёвая праява, уласцівая жывым істотам. Стаўленне людзей да хвароб, тлумачэнне прычын іх узнікнення, наяўныя спосабы і прыёмы лячэння абумоўлены беларускай народнай культурай, паколькі народная медыцына фарміравалася пад уплывам разнастайных сацыяльных і гісторыка-этнаграфічных фактараў на працягу многіх стагоддзяў, ашчадна захоўвалася і перадавалася з пакалення ў пакаленне, а таму ў поўнай меры адлюстроўвае нацыянальную спецыфіку беларускага народа.

У слоўнікавым складзе беларускіх народных гаворак, у тым ліку і ўсходнепалескіх, лексіка народнай медыцыны займае адметнае месца. Назвы захворванняў, недамаганняў, іх сімптомаў — састаўная і значная частка акрэсленай лексічнай сістэмы. Варта адзначыць, што тэрмін “назвы хвароб” ужываецца некалькі ўмоўна ў адносінах да значнай колькасці разгледжаных найменняў, таму што ў народнай медыцыне вылучаюцца не толькі хваробы ў традыцыйным разуменні гэтага слова, але і сімптомы, недамаганні, якія маюць пэўныя знешнія праяўленні і суб’ектыўныя адчуванні.

Прадметам аналізу ў дадзенай рабоце з’явіліся дыялектныя назвы асобных дзіцячых хвароб, недамаганняў і іх праяўленняў, засведчаныя ў гаворках Усходняга Палесся. Так, любая гнойная ці запаленчая ранка на целі ў дзіцяці абазначаецца словам ваўка: Боляць малому ваўкі, ажно плачэ (Махнавічы, Мазырскі), якое этымолагі лічаць выклічнікавым паводле паходжання [12, т. 1, с. 263]. Разам з названым адзначаецца паралельнае функцыянаванне ўтварэння болька (ад назоўніка балячка < прасл. Ьо^ська — 14, т. 1, с. 299): У хлопчыка болька велізна (Прудок, Мазырскі). Словы болька і балячка фіксуюцца большасцю беларускіх народных гаворак [3, с. 33; 6, т. 1, с. 162; 13, с. 34]. Апошняе з іх уваходзіць у слоўнікавы склад сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Слова ж болька нарматыўныя слоўнікі беларускай літаратурнай мовы фіксуюць з паметайразмоўнае [11, т. 1, сс. 336, 394].

Найменне золотуха (< руск. золотой ‘жоўты, залацісты’ — 12, т. 2, с. 106-107): У Васіка колісь золотуха була (Мялешкавічы, Мазырскі) служыць для ўказання на дзіцячае захворванне, якое характарызуецца высыпкай, нарывамі на целе і агульным змарнелым выглядам дзіцяці. У заходняй частцы ўсходнепалескай дыялектнай зоны ўжываецца рэгіянальнае ўтварэнне солодуха, якое мае выразна акрэсленую семантыку: мяркуюць, што пазначанае захворванне выклікае празмернае ўжыванне цукру і салодкай ежы ўвогуле: Солодуха, то пузыркі вускакаюць на ногах, руках, на ўсём целі, отрываюцца вушы, росколваюцца (Запясочча, Жыткавіцкі). Фанетычныя варыянты тыпу залатуха, зылатуха засведчаны гаворкамі іншых дыялектных масіваў Беларусі [2, с. 202; 6, т. 2, с. 224;      13, с. 104]. Слова залатуха фіксуецца нарматыўнымі слоўнікамі сучаснай беларускай мовы якразмоўнае [11, т. 2, с. 336].

Запаленне дзясен у дзіцяці, асабліва ў немаўлят, называецца зубішчэм (вытворнае ад слова зуб): Конозіцца дзіцятко, мо то зубішчэ (Макарычы, Петрыкаўскі). Фанетычна мадыфікаваныя варыянты гэтага наймення давялося засведчыць і ў народна-дыялектнай мове жыхароў іншых рэгіёнаў Беларусі [2, с. 124; 11, т. 1, с. 168]. Пазначаная намінатыўная адзінка з акрэсленым значэннем не ўваходзіць у слоўнікавы састаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Сып на целе ў дзіцяці, выкліканы перагрэвам, абазначаецца словам потніца (< пот): Дзіцяці боліць, ек потніца (Ліпляны, Лельчыцкі). Названы лексічны сродак даволі актыўна функцыянуе практычна ва ўсіх усходнепалескіх гаворках. У мове жыхароў Петрыкаўскага раёна ў якасці сінанімічнай адзінкі функцыянуе слова нежыт (< прасл. zrveti — 14, т. 7, с. 308-309): Укрыларэбёнка богато і запарыла нежыт (Бобрыкі, Петрыкаўскі). Толькі ў сярэднебеларускіх народных гаворках адзначаецца варыянт нежык са значэннем ‘сып у дзіцяці ад купання ў гарачай вадзе’ [13, с. 176]. У сучаснай беларускай літаратурнай мове пазначаныя лексічныя сродкі адсутнічаюць.

Помнікамі старабеларускай літаратурна-пісьмовай мовы сведчыцца тоеснае слова нежитъ са значэннем ‘катар; фурункул’: дияволъ… порази Иова нежитомъ лютымъ (Скар. КІ); христос мел фебру и споткался на мосте з нежитомъ (Зб. 261) як запазычанне з польскай мовы — meżyt [1, с. 43], якое таксама характарызуе захворванне, звязанае з пашкоджаннем скуранога покрыва.

Слова молочніца (< малако -14, т. 6, с. 202): Молочніцу неяк самі жонкі лечылі (Юравічы, Калінкавіцкі) ужываецца для наймення грыбковага захворвання слізістай абалонкі поласці рота ў грудных дзяцей. Яно функцыянуе ва ўсіх гаворках Усходняга Палесся. У форме малочніца фіксуецца нарматыўнымі слоўнікамі сучаснай беларускай літаратурнай мовы [10, с. 331]. Слова малочніца са значэннем ‘мастыт’ засведчана гродзенска-баранавіцкай групай гаворак [9, с. 11]. У сярэднебеларускіх народных гаворках назва пазначанага захворвання прадстаўлена ўтварэннямі тыпу грыбок, жабка, малачай, падбела [6, т. 1, сс. 103, 131, 258; 13, с. 154].

Намінатыўная адзінка супорышчэ выкарыстоўваецца для абазначэння задышкі з хрыпам у малога дзіцяці. Верагодна, слова ўтворана ад прыслоўя супор ‘супраць’, якое такім чынам характарызуе парушэнне працэсу дыхання: Увесь сіні і чуць сопе, то супорышчэ (Запясочча, Жыткавіцкі). Дадзенае слова не засведчана іншымі беларускімі народнымі гаворкамі і беларускай літаратурнай мовай, таму яго можна кваліфікаваць як вузкарэгіянальнае дыялектнае ўтварэнне.

Некаторыя дзіцячыя захворванні маюць інфекцыйны характар узнікнення. Так, напрыклад, для абазначэння заразнай, пераважна дзіцячай хваробы, якая суправаджаецца высыпкай, запаленнем дыхальных шляхоў і гарачкай, ужываецца назоўнік одзёр (< дзерці — 14, т. 1, с. 83): Таке малэ дзіця, ды одзёр напаў (Жахавічы, Мазырскі). Дастаткова распаўсюджаным з’яўляецца і фанетычны варыянт дзёр. Слова одзёр сінанімізуецца з намінацыяй водра (< прасл. obdьra — 14, т. 2, с. 181-182) і семантычным русізмам кор: Дзіцятка занедужала на водру (Паташня, Хойніцкі); Кор лечыцца не хутко (Прудок, Мазырскі). Прааналізаваныя варыянты сустракаюцца ў гаворках усіх дыялектных зон Беларусі [6, т. 1, сс. 59, 322, т. 2, с. 503, т. 3, с. 257; 8, т. 1, с. 62; 13, с. 11]. Найменне адзёр уваходзіць у слоўнікавы састаў беларускай літаратурнай мовы [11, т. 1, с. 135].

Свінка — віруснае, пераважна дзіцячае захворванне — запаленне калявушных залоз. Этымолагі сведчаць, што назва хваробы паходзіць ад слова свіння, якое звязваюць са знешнім праяўленнем хваробы [12, т. 3, c. 578]: От свінкі шыя спухне (Загорыны, Мазырскі). Найменне фіксуецца гаворкамі паўночна-ўсходняга дыялектнага масіву, уваходзіць у слоўнік сучаснай беларускай літаратурнай мовы [3, с. 300; 6, т. 4, c. 392; 10, c. 591].

Асобнымі гаворкамі Усходняга Палесся засведчаны ва ўжыванні і сінанімічны разгледжанаму вышэй семантычны рэгіяналізм абкладка, паходжанне якога можна таксама звязаць са знешнім праяўленнем захворвання (< абкласці): У мене хлопчык буў сем гадоў, да абкладка задушыла (Дзяражычы, Лоеўскі), які ў беларускай літаратурнай мове валодае іншым дыяпазонам значэнняў — ‘пакласці, палажыць што-небудзь вакол каго-небудзь,чаго-небудзь’, ‘тое, чым абкладзена што-небудзь’[10, с. 16].

Для наймення хваробы, якая суправаджаецца з’яўленнем пухіркоў на скуры, ва ўсходнепалескіх гаворках выкарыстоўваецца слова ветранка (< руск. ветрянка — 14, т. 2, с. 332): У два годы хворэў ветранкой (М. Аўцюкі, Калінкавіцкі). Аб устойлівым становішчы гэтага слова ў мове палешукоў сведчыць і наяўны ад яго дэрыват ветраніца (<прасл. vetrьnica — 14, т. 2, с. 104-105), а таксама двухкампанентная назва ветрэная вусыпка: После ветраніцы застаюцца следочкі (Валаўск, Ельскі); I ў велікіх ветрэная вусыпка бувае (Пагост, Жыткавіцкі). Сярэднебеларускім гаворкам, гаворкам паўночна-ўсходняга і паўднёва-заходняга дыялектных масіваў уласцівы ўтварэнні тыпу ахват, ветрыца, вятранка, вятруха, крапіўка [6, т. 1, с. 303, т. 2, с. 516; 8, т. 1, с. 81; 9, с. 44]. У якасці нарматыўнай сучаснай беларускай літаратурнай мовай сведчыцца двухкампанентная назва ветраная воспа [11, т. 1, с. 506].

Назоўнікам кохаль абазначаецца інфекцыйная хвароба, якая выражаецца ў прыступах сутаргавага кашлю: Однэ мучэнне, калі ў дзіцяці кохаль (Пагост, Жыткавіцкі). Этымолагі мяркуюць, што слова з’яўляецца гукапераймальным утварэннем (параўнайце, кохкох) [14, т. 5, с. 106]. Доволі пашырана ва ўжыванні і слова кохлік — словаўтваральны варыянт назоўніка кохаль з памяншальнай суфіксацыяй: Стане жонка даваць параное молоко, то сціхне гэты кохлік (Маркоўскае, Лельчыцкі) [4, с. 84]. Утварэнні кохлік, хохлюш распаўсюджаны практычна ва ўсіх групоўках беларускіх народных гаворак, словаўтваральны варыянт кохлюк набыў пашырэнне ў палескай групе гаворак [2, с. 231; 3, с. 165; 6, т. 2, с. 509, т. 5, с. 318; 8, т. 1, с. 198]. Нарматыўныя слоўнікі сучаснай беларускай літаратурнай мовы фіксуюць два назоўнікі — коклюш і кохлік, апошні з якіх падаецца з паметай размоўнае [10, с. 296-298].

Намінатыўная адзінка кроснуха выкарыстоўваецца для абазначэння заразнай дзіцячай хваробы, якая суправаджаецца чырванаватай высыпкай на целе: Оберні дзіця чым-небудзь красным, коб кроснуха хучэй сышла (Міхедавічы, Петрыкаўскі). Відавочна, што слова з’яўляецца адыменным утварэннем і семантычна звязана з колераабазначэннем красный ‘чырвоны’. У існуючых дыялектных слоўніках гэты лексічны сродак не фіксуецца, аднак ён узуальна пашыраны за межамі даследуемага моўнага рэгіёна. У форме краснуха лексема замацавалася ў сучаснай беларускай літаратурнай мове [11, т. 2, с. 725].

Да інфекцыйных захворванняў адносіцца і вострая заразная хвароба, якая характарызуецца агульнай інтаксікацыяй арганізма і суправаджаецца болем у горле і чырванаватай высыпкай на целе — шкарлат (шкарлят) (< іт. scarlatina < с.-лац. febris scarlatina — 12, т. 3, с. 634): Шкарлат напаў на дзецей (Дарашэвічы, Петрыкаўскі); Седзі ў хаці, бо шкарлят шчэ схопіш (Прудок, Калінкавіцкі). Паралельна з акрэсленым у гаворках Усходняга Палесся выкарыстоўваюцца і аднакарэнныя ўтварэнні тыпу шкарля, шкарляціна: Коб цебе шкарля з’ела (Сямурадцы, Жыткавіцкі); Шкарляціна — цяжкая хвороба, вельмо цяжкая (Загорыны, Мазырскі). Разнастайныя фанетычныя і словаўтваральныя варыянты пазначанай намінатыўнай адзінкі шырока распаўсюджаны па-за межамі даследуемай дыялектнай зоны [6, т. 5, с. 478; 9, с. 351; 13, с. 310], супадаючы ў форме шкарлятына з лексічнай нормай сучаснай беларускай мовы [11, т. 5, ч. 2, с. 365].

Важна адзначыць той факт, што сярод захворванняў і недамаганняў вылучаюцца і такія, узнікненне якіх, на думку палешукоў, мае звышнатуральны характар, г. зн. крыніцай асобных хвароб лічацца прыродныя з’явы, усяленне ў арганізм злых духаў, уздзеянне прыродных стыхій, нядобрага чалавека і г. д.

Да ліку найбольш архаічных адносяцца ўяўленні пра хваробу як варожую акцыю з боку звышнатуральных істот. У першую чаргу ўздзеянню злых духаў прыпісваліся хваробы, якія ўзнікалі раптоўна і незвычайна, без бачных натуральных прычынаў. Прычынай недамаганняў бачылася і сустрэча з самой хваробай, якая ва ўяўленнях людзей персаніфікавалася і таму магла ўздзейнічаць на чалавека голасам, знешнім выглядам, дотыкам і г. д. [5, с. 28-29].

Для наймення хваробы, якая праяўляецца ў перыядычных прыпадках немаўлят, у гаворках Усходняга Палесся выкарыстоўваецца найменне дзецінец, суадноснае з назоўнікам дзіця [12, т. 1, с. 50]: Дзецінец заговорвуюць (Асавец, Мазырскі). Паралельна з адзначанай лексічнай адзінкай досыць актыўна функцыянуе і двухкампанентная назва дзецкая хвороба: Дзецкая хвороба — то прыпадкі (Засінцы, Ельскі). Пазначанае вышэй аднаслоўнае найменне ў форме дзяцінец бытуе ў гаворках паўночна-ўсходняга дыялектнага масіву Беларусі [2, с. 154; 3, с. 143], замацавалася ў беларускай літаратурнай мове — дзяцінец — паралельна са словам радзімец [10, с. 180].

Назоўнікам крыксы, утвораным ад дзеяслова крычаць, абазначаецца хваравіты стан дзіцяці, пры якім яно ноччу не спіць: Малое не спіць, крычыць, мо, крыксы трэ полечыць (Міхедавічы, Петрыкаўскі). Акрамя акрэсленага наймення, у даследуемым моўным рэгіёне атрымалі пашырэнне сінанімічныя ўтварэнні тыпу ночніцы, плаксы, якія таксама характарызуюцца празрыстай семантыкай і выразна адлюстроўваюць асноўную прыкмету недамагання: Калі дзіця не спіць, то ето ночніцы нападаюць (Барыскавічы, Мазырскі); Крыксы і плаксы — тое само, іх вулечваюць (Ліпляны, Лельчыцкі). Словы крыксы, начніцы распаўсюджаны ва ўсіх беларускіх народных гаворках [3, с. 205; 8, т. 1, с. 245; 13, сс. 142, 174]. Зафіксаваны яны і нарматыўнымі слоўнікамі беларускай літаратурнай мовы, аднак з іншымі лексічнымі значэннямі: начніца — ‘лятучая мыш’, ‘той (тая), хто доўга не кладзецца спаць, бадзяецца начамі’, плакса — ‘той, хто многа і часта плача’, ‘той, хто любіць скардзіцца, наракаць’ [10, сс. 382, 478].

Дзіцячае захворванне, калі “выварочвае” косці, суставы, абазначаецца словам потайнік: Потайнік нападзе на дзіця, і не можно рады даць (Галубіца, Петрыкаўскі), якое ўтворана прэфіксальна-суфіксальным спосабам ад назоўніка тайна, што падкрэслівае невядомы характар узнікнення акрэсленага недамагання. Названая лексема сведчыцца нарматыўнымі слоўнікамі беларускай мовы [7, с. 549]. Набыла яна пашырэнне ў сярэднебеларускіх народных гаворках і гаворках паўночна-ўсходняй дыялектнай зоны Беларусі, аднак са значэннямі ‘параліч’, ‘эпілепсія’ [3, с. 232; 6, т. 3, с. 442], што дазваляе кваліфікаваць слова потайнік як семантычнае рэгіянальнае ўтварэнне.

У выніку выпадковай сустрэчы двух немаўлят, на думку жыхароў Усходняга Палесся, узнікае недамаганне, што мае назву ўзносы (зносы): Пока зубоў нема ў роце, дзіця з дзіця не страчаліся, бо ўзносы будуць (М. Малешава, Жыткавіцкі); Знос нападзе: понос, рвота, дзіця нос ручкой трэ (Замошша, Лельчыцкі). Відавочна, што базай для ўтварэння слоў паслужыў дзеяслоў несці (з далучэннем адпаведных прыставак). Варыянтныя назвы ўяўляюць сабой вузкарэгіянальныя дыялектныя ўтварэнні, паколькі не сведчыцца фіксацыя іх іншымі беларускімі народнымі гаворкамі і беларускай літаратурнай мовай.

Прааналізаваны моўны матэрыял практычна не змяшчае запазычанняў, ён сведчыць не толькі пра лексічныя адметнасці ўходнепалескіх гаворак, але і дазваляе выявіць закладзеную ў іх спецыфічную этнакультуралагічную інфармацыю. Разнастайныя праяўленні дзіцячых хвароб, недамаганняў, імкненне да іх дэталёвага апісання, а таксама пазначэнне сімптомаў, знешніх праяўленняў і інш. спрыялі ўзнікненню шматлікіх матываваных намінатыўных адзінак і іх фанетычных і словаўтваральных варыянтаў.

Асобныя народна-дыялектныя назвы пэўных захворванняў утвараюць сінанімічныя рады, дзе фіксуюцца іх лексічныя сінонімы, а таксама адпаведнікі, засведчаныя іншымі беларускімі народнымі гаворкамі і сучаснай беларускай літаратурнай мовай.

Літаратура

  1. Булыка, А.М. Медыцынская лексіка іншамоўнага паходжання ў старабеларускай мове / А.М. Булыка. — Беларуская лінгвістыка. — Вып. 11. — Мінск, 1977. — С. 42-48.
  2. Бялькевіч, І.К. Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны /
  3. І.К. Бялькевіч. — Мінск: Навука і тэхніка, 1970. — 512 с.
  4. Каспяровіч, М.І. Віцебскі краёвы слоўнік / М.І. Каспяровіч. — Віцебск, 1927. — 390 с.
  5. Кучук, І.М. Палескі слоўнік: Лельчыцкі раён / І.М. Кучук, А.К. Малюк. — Мазыр: МазДПІ імя Н.К. Крупскай, 2000. — 156 с.
  6. Народная медыцына: рытуальна-магічная практыка / Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі; уклад., прадм. і паказ. Т.В. Валодзінай; навук. рэд. А.С. Ліс. — Мінск: Беларус. навука, 2007. — 776 с.
  7. Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча: у 5 т. / рэдкал.: Ю.Ф. Мацкевіч (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск: Навука і тэхніка, 1979-1986. — Т. 1-5.
  8. Слоўнік беларускай мовы: Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне / Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР; пад рэд. М.В. Бірылы. — Мінск: БелСЭ, 1987. — 903 с.
  9. Слоўнік гаворак цэнтральных раёнаў Беларусі: у 2 т. / пад рэд. Е.С. Мяцельскай. — Мінск: Універсітэцкае, 1990. — Т. 1.
  10. Сцяшковіч, Т.Ф. Слоўнік Гродзенскай вобласці / Т.Ф. Сцяшковіч. — Мінск: Навука і тэхніка, 1983. — 671 с.
  11. Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы / пад рэд. М.Р. Судніка, М.Н. Крыўко. — 2-е выд. — Мінск: БелЭн, 1999. — 784 с.
  12. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т. / пад агул. рэд. К.К. Атраховіча (К. Крапівы). — Мінск: БелСЭ, 1977-1984. — Т. 1, 2, 5.
  13. Фасмер, М. Этимологический словарь русского языка: в 4 т. / М. Фасмер — М.: Прогресс, 1986-1987. — Т. 1-3.
  14. Шатэрнік, М. Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны / М. Шатэрнік. — Мінск, 1929. — 320 с.
  15. Этымалагічны слоўнік беларускай мовы: у 13 т. — Мінск: Навука і тэхніка, 1978-2010. — Т. 1, 2, 5-7.

Аўтар: Л.М. Мазуркевіч
Крыніца: Чарнобылем не зарасце: традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: зборнік навуковых артыкулаў: у 2 ч. Ч. 2 / рэдкал.: А. А. Станкевіч (гал. рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2016. — 242 с. С. 42-69.