Аблога Гомеля ў 1651 г. праводзілася ўкраніскімі казакамі 3-9.6.1651 у час антыфеадальнай вайны 1648—51. Пасля аднаўлення ваенных дзеянняў на Украіне палкоўнік М. Нябаба накіраваў да Гомеля, які абаранялі войскі князя Радзівіла, каля 8 тыс. казакоў (у складзе іх было шмат беларускіх сялян) на чале з палкоўнікамі П.М. Забелам, Літвіненкам і Паповічам. Паводле сведчання палоннага казака, Нябаба так бласлаўляў іх “Идите, молойцы, к своим родным и всех мещан ляхов в Гомеле в пень рубите, им одного в живых не оставляйте. Город сожгите, а потом в Быхов идите, его берите, но только могилевцам обиды не прнчиняйте. Если до трех раз Гомеля не возьмете, тогда ко мне за орудием (арматой) быстрее прысылайте”.
3 чэрвеня казакі падышлі да Гомеля, пяхота (3 тыс. чал.) за ноч і дзень выкапала шанцы да самай гарадской агароджы (паркана), конніца разгрупавалася па вёсках а 400 коннікаў былі разасланы па ўсіх дарогах у дагляд. На дапамогу казакам кожны дзень прыходзіла па некалькі соцень чалавек. Гомель таксама добра падрыхтаваўся. Паводле звестак уцекачоў з-пад Гомеля “пяхота там гатова добра абараняць горад, мае неабходную колькасць пораху і прадуктаў харчавання на некаторы час”.
На дапамогу абаронцам і для дастаўкі харчавання гетман польны літоўскі Я. Радзівіл паслаў мазырскага старосту з некалькімі сотнямі чалавек. У ноч на 5 чэрвеня пачаўся штурм горада, апоўначы абаронцы адкінулі казакоў ад агароджы, у другім месцы мяшчане разам з воінамі нанеслі казакам значныя страты. У час аднаго са штурмаў казакам удалося залезці на гарадскую сцяну, там пачалася рукапашная бітва. Наёмная пяхота капітана Мантгомеры масаваным агнём адкінула непрыяцеля. Адначасова ішоў штурм горада з боку Прачысценскай царквы, дзе быў слабы паркан і многія слупы падгнілі (месца падказаў здраднік – гомельскі мешчанін), але на абарону гэтага ўчастка была кінута ўся пяхота, і казакі, панесліы вялікія страты ў людзях, адступілі.
Пасля такой няўдачы Забела паслаў сваіх людзей да Нябабы па гармату. 5 чэрвеня казакі зрабілі спробу выбавіць гомельскі гарнізон на адкрытае месца і даць яму бой, з гэтай мэтай яны імітавалі прыбыццё падмогі гамяльчанам. Аднак капітан Мантгомеры разгадаў намер казакоў і нікому не дазволіў выходзіць з гарадской брамы. 6 чэрвеня казакі пабудавалі 14 “гуляй-гарадоў”, 4 з іх падцягнулі да Чачэрскай брамы, 3 – да моста і пачалі чарговы штурм горада, але абаронцы моцным агнём з гармат і гакаўніц вымусілі казакоў адступіць. Няўдачна скончыліся таксама ўсе 15 штурмаў, праведзеных казакамі Літвіненкі і Паповіча. 9 чэрвеня Забела атрымаў загад Нябабы “днём і ноччу вяртацца назад”. Казакі спешна адышлі ад Гомеля, не захапіўшы нават нарыхтаванага правіянту
Літаратура
- Документы об освободительной войне украинского народа 1648—1654 гг. Киев, 1965, С. 457-458;
- Абецедарский Л.С. Белоруссия и Россия. Очерки русско-белорусских связей второй половины XVI-XVII в. Мн., 1978. С. 131.
Аўтар: Васіль Мялешка
Крыніца: Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. Ст. 82-83.