Не будзем шукаць і прыдумваць нешта новае адносна семантыкі фразеалагізму Страшны Суд. Дастаткова поўна і канкрэтна аб гэтым — у “Фразеологическом словаре русского литературного языка” А.I. Фёдарава: “Па рэлігійных уяўленнях, суд, які будзе наладжаны Богам над людзьмі (жывымі і мёртвымі), калі наступіць канец Свету” [1, с. 290].
Як бачна з дадзенага тлумачэння, фразеалагізм распаўсюджаны ў прасторы хрысціянскіх уяўленняў, і таму менавіта ў гэтай прасторы мы лічам мэтазгодным яго аналізаваць. Тэма Страшнага Суда — адна з самых улюбёных у асяроддзі носьбітаў традыцыйнай культуры. Менавіта ў яе прасторы вырашаюцца ўмовы будучага вечнага жыцця. Афіцыйныя уяўленні аб тым, што пазначаецца гэтым спалучэннем, дастаткова падрабязна падаюцца ў Евангеллі ад Матфея і Кнізе прарока Данііла.
На погляд аўтара, уяўленні, распаўсюджаныя ў прасторы носьбітаў традыцыйнай культуры, першасна грунтуюцца менавіта на веданні літаратуры. 1 тое, што было зафіксавана ад жыхарак в. Барталамееўка Еціпнёвай Матроны Цітаўны і Шэвелевай Ганны Цітаўны: “Будзеш на том свеце смалу вазіць, наша матка казала; у такую смалу цябе Гасподзь запячатае. Он жэ аддасць цябе пад Ірадавы ўладзенія. Будзеш пад Ірадам, а па правы бок — нашы людзі, пад Богам астаюцца каторыя, не грэшныя. Благачасцівыя. У той смале ты будзеш век свой кіпець у катле, што хоць з ногціка капне хто цябе на твой язык. Будзеш прасіць: “Піць, піць, піць”, а цябе Гасподзь не пазволе, штоб цябе ў рот капнуў капку. А ты будзеш кіпець у той смале. Эта ж цябе Гасподзь навек туды кіне у ад, к Іраду. А сам каторых людзей забярэ, каторыя благачасцівыя, тыя будуць у раі жыць свой век і ніколі гора не бачыць” [2, с. 99], з’яўляецца вольным пераказам з “Евангелля ад Матфея”: “Тагда скажа Цар тым, хто па правую руку яго: “Прыдзіце, благаславенныя Айца Майго, нашчадуйце Царства, угатаванае вам ад стварэння Сусвету… Тады скажа ён тым, хто па левую руку: “Ідзіце ад мяне, праклёныя, у агонь вечны, што ўгатаваны Д’яблу і анёлам яго” (Матф.; 25,34). Больш за тое, носьбіты культуры настолькі пранікаюць у глыбіню “літаратурнага твору”, што становяцца здольнымі на паэтычныя імправізацыі ў яго прасторы. Сітуацыя, апісаная ў кнізе прарока Данііла: “Тысячы тысяч служылі яму і цьмы прадстаялі перад ім; суддзі селі і раскрыліся кнігі” (Дан.; 7,10); у гэтай прасторы рыфмуецца нібыта з “вершам у прозе” Еўдакіі Аляксандраўны Каўтуновай з неглюбскага пасёлку Рэпішча: “I ён будзе, суд. Там мы нісколька не магём саўраць. Толькі будам тое гаварыць, што зрабілі. Усё запісана. Вот, на небе колькі звёздачак у ясную пагоду. А ў Бога каждая звёздачка пад сваім іменем” [3, с. 35]. У зафіксаваным ад жыхаркі в. Хальч Корнікавай Марыі Хведараўны спалучаюцца тэмы Старога і Новага Запаветаў: “Гасподзь не пойдзе па зямле. Гасподзь на Небясе знаець каждага, што мы гаворым, там усё запісываецца. Ён усё прак каждага знае, Гасподзь. Яму не нада па зямле хадзіць. Эта кагда-та он хадзіў, пака яго не замучалі. А з тых пор, ён усё знае так. Как Ацец Яго нябесны. Так ён усё знае пра каждага з нас” [4, с. 16].
Такім чынам, па ўяўленнях носьбітаў традыцыйнай культуры, Страшны Суд абавязкова адбудзецца. Згодна аднаму з самых распаўсюджаных тэкстаў, на гэты Суд “усё, што зрабіў, з табою пайдзець, дабро ілі худа ніхто не вазьмець” [5, с. 85]. Задача носьбітаў культуры аблегчана апосталам Паулам. У другім пасланні ад Цімафея ім складзены прынцыповы спіс парушэнняў, за якія чакае асуджэнне.
Народная культура, успрыняўшая традыцыі хрысціянства, не крыважэрная, яна хутчэй міласэрная. Гэтая думка, на погляд аўтара гэтых нататкаў, маніфіфістуецца ў Першым Саборным пасланні Іаана Багаслова: “Еслі іспаведуем грахі нашы, то Ён, верны і праведны, дарує нам грахі (нашы) і ачысціць нас ад усякай няпраўды” (1 Іаан, 1,9). Пра гэта ж у Псалтыры (Пс, 31,5) і ў Другой кнізе Царстваў (“Цар., 12,13).
Некаторыя пазіцыі ca спіса, складзенага апосталам Паўлам, інсцэніраваны ў Евангеллі ад Матфея (Матф., 25, 35-40), дзе Гасподзь у выглядзе падарожнага разам з апосталамі ходзіць па зямлі і выпрабоўвае людзей на адданасць хрысціянскай маралі. Паралельна з гэтым існуюць псалмы, духоўныя вершы, легенды і былічкі, якія сюжэтна нагадваюць вершы з Евангелля, але аздобленыя бытавымі і жыццёвымі дэталямі на ўзроўні мастацкіх здольнасцей і жыццёвага вопыту носьбітаў культуры. Акрамя гэтага, дастакова шырока распаўсюджаны былічкі пра падарожжы на той свет, дзе носьбіты культуры знаёмяцца з патубаковым жыццём сваіх родзічаў і знаёмых, ужо памёрлых [6, с. 98-102]. У гэтым месцы было б няблага паразважаць пра суадносіны паміж малой і вялікай эсхаталогіяй — г. зн., пасмертным судом над кожнай душой і агульным Судом, які чакае ўваскрэслае чалавецтва. Але паколькі дадзенае пытанне было ў свой час прааналізаванае Г. П. Фядотавым, спашлем заікаўленых да яго публікацыі [7, с. 105].
Веданне гэтых тэкстаў — сваеасаблівая школа выхавання, школа, урокі якой дапамагаюць апынуцца носьбіту культуры не па левы, а па правы бок ад Цара. Разглядаючы падобныя тэксты, на прыкладзе легендаў, А.М. Афанасьеў падкрэсліў, што яны “хотя и касаются некоторых действительных лиц и событий, тем не менее подобно другим народным произведениям не знают и не преследуют исторической верности. В этих легендах не столько важна правда передаваемого события, сколько правда христианского воодушевления” [8, с. 18].
Кожны з гэтых тэкстаў нібыта інсцэніроўка асобных сцэн Страшнага Суда, які мае адбыцца. Але гэта ўжо і самы сапраўдны Суд. Толькі ён адбываецца ў шырокім сэнсе не над асобнымі носьбітамі грахоў, а над грахамі — як з’явамі, як уласцівасцямі. Гэта паказальны Суд, які не карає, а выхоўвае. Прысутнасць носьбіта традыцыі на гэтым Судзе ў якасці гледача дазваляе яму спрагназаваць свой будучы лёс, пры неабходнасці выправіцца, прайсці праз гэты Суд нібыта праз Часцілішча, уяўленні пра якое звычайна адсутнічаюць у праваслаўнай традыцыі [9] i ca спакойнай душой чакаць Другога прышэсця.
Літаратура
- Фразеологический словарь русского литературного языка. В двух томах. Сост. А. И. Федоров. — М., 1997, т.2.
- Ад жыхарак в.Барталамееўка Еціпнёвай М. Ц. (1919-1996) і Шэвелевай Г. Ц. (1912-2000) зап. Лапацін Г. I. у 1993 г. — Этнаграфічныя матэрыялы Веткаўскага музея народнай творчасці (ЭМ ВМНТ), сш. 53.
- Ад жыхаркі п. Рэпішча Каўтуновай М. Ф., 1928 т.н., зап. Лапацін Г. 1. у 1998 г. — ЭМ ВМНТ, сш. 62.
- Ад жыхаркі в.Хальч Корнікавай М. X., 1928 г. н., зап. Лапацін Г. I., Раманава Л. Д. у 2001 г. — ЭМ ВМНТ, сш. 97.
- Ад жыхаркі в. Барталамееўка Сяржантавай М. I., 1917 г. н., зап. Лапацін Г. I., Раманава Л.Д. у 2000 г. — ЭМ ВМНТ, сш. 53.
- Падобныя тэксты былі прыведзеныя аўтарам гэтых нататкаў у публікацыях “Маральныя уяўленні ў традыцыйнай культуры жыхароў веткаўскага рэгіёну” // Гуманистическое и христианско-духовное содержание наследия Кирилла Туровского. Материалы межрегиональной научной конференции. — Гомель, 2000. — С. 98-102.
- Федотов Г. П. Стихи духовные. — М., 1991.
- Народные русские легенды А. Н. Афанасьева. — Новосибирск, 1988.
- Тэма “Чысцілішча” ў прасторы праваслаўнай культуры ўзнікла нечакана нават для аўтара гэтых нататкаў. Яна падаецца аўтару дастаткова глыбокай і цікавай. Аднак межы гэтай публікацыі дазваляюць толькі пазначыць яе існаванне.
Аўтар: Г.І. Лапацін
Крыніца: Славянская фразеология в ареальном, историческом и этнокультурном аспектах: Материалы международной научной конференции / Отв. ред. В. И. Коваль. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2001. С. 126-129.