Вяселле ў вёсках Чамярысы і Хракавічы Брагінскага раёна

0
73
Вяселле ў вёсках Чамярысы і Хракавічы Брагінскага раёна

Вяселле – унікальны від мастацтва, праз які і сёння ў народнай памяці захоўваюцца звесткі. “Жывучасць вясельнай абраднасці тлумачыцца вялікай важнасцю сям’і, звязанай з асноўнай умовай існавання народа – яго ўзнаўленнем” [1, с. 303]. Як сведчаць экспедыцыйныя матэрыялы, пра вяселле добра памятаюць і жыхары Брагінскага раёна. Структуру вясельнай абраднасці ў в. (аг.) Чамярысы і в. Хракавічы Брагінскага раёна складаюць такія кампаненты, як сватанне, запоіны (давясельны перыяд), “дзявочы вечар”, падрыхтоўка каравая, “зборы жаніха”, выкуп нявесты, абрад царкоўнага вянчання, першы дзень вяселля (у хаце маладой), ад’езд маладых да хаты жаніха, другі дзень вяселля (у хаце маладога), дзяльба каравая (уласна вясельны перыяд), “куры”, “пярэзвы” (паслявясельны перыяд). Варта адзначыць, што мясцовае вяселле адрозніваецца непаўторным каларытам звычаяў, рытуалаў, песень, багаццем прыкмет і павер’яў. Шкада, што не захаваліся аўтэнтычныя запісы звестак пра вяселле: інфарманты-носьбіты мясцовай традыцыйнай культуры памерлі. Паколькі аснову прапанаванага артыкула складаюць тыя ж фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы па вясельнай абраднасці, але тэксталагічна апрацаваныя Дзям’яненка Ганнай Леанідаўнай, настаўніцай ДУА “Чамярыскі дзіцячы сад – сярэдняя школа”, то дазволім сабе падчас цытавання захаваць прозвішчы і ініцыялы саміх жыхароў вёсак Чамярысы і Хракавічы, ад якіх у 2014 годзе намі, яшчэ вучнямі (мною і маёй сяброўкай Фалей Вольгай) былі зроблены запісы звестак. Засяродзім увагу на характарыстыцы асобных абрадавых этапаў. Як адзначыў даследчык А. С. Фядосік, “ва ўсіх беларускіх рэгіёнах пераважаў шлюб па сватанню, які замацоўваўся не толькі царкоўным вянчаннем, а цэлым комплексам вясельных абрадаў” [2, с. 112].

Вяселле ў маёй роднай вёсцы пачыналася таксама са сватання.

Звычайна ў сваты хадзілі толькі ў чацвер, бо гэты дзень лічылі “чыстым” і права хадзіць у сваты мелі толькі мужчыны. Паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў, у якасці сватоў выступалі хросны бацька, родны дзядзька, жаніх і яго лепшы сябар.

Прыход свата i яго дружыны ў хату нявесты меў свае законы: “Калi сват пераступаў парог хаты, ён пяткай левай нагі грукаў аб парог. Далей сват рабiў некалькi крокаў, даходзiў да першай бэлькi на столi і спыняўся. Станавiцца пад бэлькай нельга было, бо бэлькi лiчылiся ў хаце переходнай рыскай з аднаго свету ў iншы, таму затрымлiвацца пад ёй было нельга” (запісана ў в. (аг.) Чамярысы ад Краўчанка Марыі Яхімаўны, 1929 г. н., Сніцарэнка Марыі Андрэеўны, 1929 г. н.).

Сватанне суправаджалася дыялогам: “А, людцы добрыя, прапала ў нас цялушка, ездзiлi мы днём i ноччу па сёлах, па гарадах i не можам дапытацца цялушкi. Прыехалi да вас, цi не заблудзiла яна сюды. Былi мы ў гаспадара – той сказаў, што ў другой вёсцы. Нарэшце прыехалi да вас” (запісана ў в (аг.) Чамярысы ад Сніцарэнка Марыі Адамаўны, 1928 г. н.). Іншы раз гаварылі так: “Наш бык да вашай цялушкi прывык, каб даў Бог таго нам даждацi, каб вашу цялушку ды к нашаму быку загнацi” (запісана ў в. Хракавічы ад Уласенка Ганны Пятроўны, 1918 г. н.).

Пасля гэтых слоў усiм станавiлася зразумелай мэта вiзiту гасцей, i дзяўчына, да якой прыйшлi ў сваты, імкнулася хутчэй схавацца.

Бацька нявесты браў хлеб з рук сватоў і клаў яго на стол. Гасцей запрашалі сесці за стол, у гэты момант сват ставiў бутэльку гарэлкi і працягваў дыялог: “Нашу бутэльку прыміце і сваю цялушку пакажыце!” (запісана ў в. (аг.) Чамярысы ад Бабок Алены Радзівонаўны, 1937 г. н.).

У гэты момант наступала цiшыня, гаспадар павiнен быў прыняць рашэнне. Калi бацька дзяўчыны браў у рукі прынесеную сватамі бутэльку i прасiў жонку падаць чаркі, каб напоўнiць іх гарэлкай, то гэта і з’яўлялася сімвалічным знакам згоды нявесты на шлюб. У тым выпадку, калі бацька быў супраць таго, каб аддаць дачку замуж, то прасiў жонку прынесцi сваю бутэльку гарэлкi, наліваў чаркі і гаварыў: “Гарэлкай можна пачаставаць, а цялушку рана аддаваць”. Затым клікалі дзяўчыну і бацька гаварыў: “Прашу, дачушка, адказаць, ці трэба цябе замуж за гэтага хлопца аддаваць?”(запісана ў в. Хракавічы ад Шупан Валянціны Фёдараўны, 1939 г. н.).

Калі нявеста не пагаджалася выходзіць замуж, то ў вясельнай традыцыі нашай вёскі меў месца звычай “выносіць гарбуз”, пры гэтым гаварылі: “Ваш жаніх зусім нядуж, замест нявесты вам ад нас гарбуз” (запісана ў в. (аг.) Чамярысы ад Дзям’яненка Ганны Леанідаўны, 1958 г. н.); “Нявеста не для вас, вось вам гарбуз ад нас” (запісана ў в. (аг.) Чамярысы ад Сніцарэнка Марыі Адамаўны, 1928 г. н.).

Пасля сватання адбываўся абрад, які меў назву “запоіны”, напрыканцы якіх, развітваючыся са сватамі, “бацькі дзяўчыны надзявалі на бутэльку чырвоную стужку і гэтая бутэлька з гарэлкай захоўвалася аж да вяселля, а падчас вяселля стаяла на куце каля маладых. Пасля гэтага нявеста насыпала ў другую бутэльку зерне і перадавала ў рукі жаніха. Гэтую бутэльку абавязкова ставілі ў кораб з зернем, калі рыхтавалі жаніха да шлюбу. У гэты ж вечар радня маладой адорвала падарункамі радню жаніха. Тая нявеста, якая не дала падарункаў, лічылася абясслаўленай сярод мужавай радні” (запісана ў в. (аг.) Чамярысы ад Бабок Алены Радзівонаўны, 1937 г. н.).

У мясцовай вясельнай традыцыі в. (аг.) Чамярысы меў месца такі звычай, як наведванне царквы маладымі: “Жаніх наведваўся асобна, а нявеста – асобна, каб ачысціць сябе ад былых грахоў, паведаміць у царкве пра будучае вянчанне. Служыцель царквы назначаў дзень вянчання” (запісана ў в. (аг.) Чамярысы ад Бабок Алены Радзівонаўны, 1937 г. н.).

Паводле сведчанняў інфармантаў, абрадавы этап “зборная субота” быў вядомы пад назвай “Дзявочы вечар” і адбываўся ў хаце нявесты ў апошні вечар напярэдадні вяселля. Пры гэтым нявеста павiнна была плакаць i кланяцца ўсiм у ногi, пачынаючы ад самых старэйшых.

Сяброўкі падтрымлівалі нявесту і прыгаворвалі:”Паплач сёння з намі, каб не прыйшлося плакаць у мужавай мамы. Бо свякроўка не пашкадуе, а свая маці не пачуе”.

Абавязковым атрыбутам дзявочага вечара была лазня, куды свахі вялі нявесту. Наведванне лазні сімвалізавала “ачышчэнне нявесты ад усiх ранейшых бед” (запісана ў в. (аг.) Чамярысы ад Бабок Алены Радзівонаўны, 1937 г. н. ).

Пасля вяртання з лазнi ў хаце ладзiлi вячэру. Затым нявесту садзiлi на дзяжу, дзе рашчынялі хлеб, i ў апошнi раз у бацькоўскiм доме ёй запляталi касу пад спеў-галашэнне сябровак, якія прыгаворвалі: “Касу заплятаем, а што чакае цябе мы не знаем.

Гладзім цябе па галоўцы, каб папала ты добрай свякроўцы, каб цябе яна шкадавала, мужу біці не давала, каб стала для цябе роднаю маці, каб не будзіла рана, а давала паспаці. Каб муж цябе моцна любіў і па галоўцы не біў, каб на другіх жонак і не паглядаў, а табе косы заплятаў” (запісана ў в. (аг.) Чамярысы ад Сніцарэнка Марыі Адамаўны, 1928 г. н.). Тут жа прысутнічала і маці, якая таксама прыгаворвала: ”Як жа, донька, мне цяжка цябе адпускаць, у чужую сям’ю аддаваць. Хто ж цябе там пашкадуе, калі муж засярдуе? А я ж цябе шкадавала, рабіць не застаўляла, раніцай не падымала, а спаць табе давала. Дай, Божа, каб добры муж папаўся, каб п’яны не валяўся, каб цябе шанаваў і ва ўсім дапамагаў. А я ж буду кожны дзень Бога маліць, каб табе добра было жыць” (запісана ў в. Хракавічы ад Шупан Валянціны Фёдараўны, 1939 г. н.). У гэты вечар выраблялі для нявесты вянок, упрыгожвалі стужкамі рознага колеру, акрамя чорнага і жоўтага: “Колькі ў хаце было гасцей, столькі прымацоўвалі і стужак на вянок. Чым больш было ў доме нявесты дзяўчат, тым яна будзе шчаслівейшая” (запісана ў в. Хракавічы ад Шупан Валянціны Фёдараўны, 1939 г. н.).

Заслугоўвае ўвагі і мясцовы вясельны абрадавы этап, які называлі “Зборы жаніха”. Цікавым быў той момант, што жаніха абавязкова “садзілі на кораб з зернем”, і ў яго адрас гучалі пажаданні ад сваякоў: “Калі на корабе сядзеў, каб ты грошай многа меў”, “Каб было столькі дзіцянятак, як у корабе зярнятак ”, “Рашыў жонку ты займець, будзеш дома з ёй на корабе сядзець”. “Жонцы адразу волі не давай, а да працы прывучай”, “Жонку слухай і на вус матай, але сваю галаву не губляй”, “Калі надумаў жаніцца, то вучыся пра дом клапаціцца” і іншыя.

Калі ўсё было падрыхтавана да ад’езду дружыны маладога, бацькі ставілі ў цэнтры хаты стол і засцілалі яго белым ільняным абрусам. Бацька браў саматканы ручнік, якім перавязваў рукі сына і, тройчы абвёўшы яго вакол стала, вёў яго да парога. Маці, трымаючы ў руках свечку і хатні абраз, бласлаўляла сына ў дарогу.

Першы дзень вяселля гулялі ў хаце маладой. Як адзначылі мясцовыя жыхары, “маладых сустракалі бацькі хлебам-соллю і іконай Божай Мацеры. Маладыя абавязкова павінны былі разам укусіць хлеб. Хто большы кавалак адкусіць, той і будзе галоўным у сям’і.

Маці маладой абавязкова частавала маладых мёдам, каб жыццё салодкім было. Мёд бралі ў рот тры разы і абавязкова з адной лыжкі, каб усё было агульным. Перад тым, як зайсці ў хату, перад маладымі сыпалі жыта і прыгаворвалі: “Жытам вас пасыпаем, каб у шчасці жылі вам жадаем” (запісана ў в. (аг.) Чамярысы ад Бабок Алены Радзівонаўны 1937 г. н.).

Перад тым, як сесці за стол, хросная маці звязвала ручніком рукі маладых і тры разы абводзіла іх вакол стала. Затым падзывала бацькоў і казала: “Бацька і маці благаславіце за стол маладых саджаці”. Бацькі ж адказвалі: “Бог благаславіць”. Пасля трохразовага благаслаўлення маладыя садзіліся за стол. Падчас вяселля сядзелі маладыя ў “чырвоным” куце пад абразамі на кажусе, каб вяліся дзеткі.

А пад лаўкай абавязкова стаяў кораб з жытам, каб маладыя былі багатыя. Тут жа, на покуці, сядзелі хросныя бацькі, якія і кіравалі застоллем” (запісана ў в. (аг.) Чамярысы ад Сніцарэнка Марыі Адамаўны, 1928 г. н.).

Дзяльба каравая – важны момант у сістэме мясцовай вясельнай абраднасці: “Вясельны стол і завяршаўся падзелам каравая, якi выносiлi хросныя бацькi. Ручнiк слалi так, каб каравай абавязкова знаходзiўся на яго чырвонай частцы, а жаніх і нявеста павінны былі апранаць белую вопратку. Бывала, што жаніха накрывалі белым саматканым матэрыялам, калі сарочка ў яго не была чыста белай” (запісана ў в. (аг.) Чамярысы ад Бабок Алены Радзівонаўны, 1937 г. н.).

Звычайна, запрашаючы гасцей на каравай, прамаўлялі: “Запрашаем вас i Бога на каравай! Бацька і маці, благаславіце каравай дзяліць”.

Бацькі адказаюць:”Бог благаславіць”. Яго дзялiлi наступным чынам.

Верхнi ярус называлi “доляй” маладых. Яго акуратна адразалi ад каравая i перадавалi жанiху з нявестай. Яны павiнны былi яго з’есцi, не дзелячыся нi з кiм. Другi ярус сiмвалiзаваў блiжэйшую радзiну, i яго iмкнулiся падзялiць памiж “сваiмi”. Нiжнi ярус, самы вялiкi, дзялiлi памiж усiмi гасцямi на вяселлi” (запісана ў в. (аг.) Чамярысы ад Дзям’яненка Ганны Леанідаўны, 1958 г. н.).

Паслявясельную частку ў вёсках Чамярысы і Хракавічы называлі “Куры”, “Пярэзвы”. Паводле ўспамінаў Дзям’яненка Ганны Леанідаўны, 1958 г. н.,“на трэці дзень пераапраліся некалькі гасцей «цыганямі» і з музыкаю, песнямі, танцамі збіралі па дварах курэй.

І называўся трэці дзень вяселля “куры”. Звычайна аб’язджалі ўсіх удзельнікаў вяселля. Калі ў двары не было курэй, то “цыганам” давалі розныя прадукты. А затым пачыналася прыгатаванне на вясельным двары: курэй скублі, варылі, рыхтавалі іншыя стравы і ўвечары зноў збіраліся госці за вясельным сталом. Калі гэта было ў двары жаніха, то маладая павінна была падаваць на стол. Гэтым яна паказвала павагу да родных мужа” (запісана ў в. (аг.) Чамярысы).

Праз тыдзень гасцей ужо чакалі ў хаце бацькоў жаніха: “Зяць павінен перазваць родных жонкі ў госці, каб тыя маглі паглядзець, як жыве іх дачка. У госці запрашаліся хросныя бацькі маладой, родныя бацькі, дзядзькі і цёткі, “закасянкі”. Запрашаць павінен быў сам малады. На працягу тыдня сама дзяўчына не мела права наведваць бацькоў, бо гэта была непавага да мужа. Нават, калі дзяўчына за нялюбага ішла, то да бацькоў яна не ішла, а лепш мірылася з лёсам сваім. Часцей дзяўчына аб горы сваім расказвала бярозцы, вярбе ці іншаму дрэву. Калі прыязджалі “закасянкі”, то спявалі песні. Але маладая не мала права спяваць” (запісана ў в. (аг.) Чамярысы ад Дзям’яненка Ганны Леанідаўны, 1958 г. н.).

Такім чынам, прадстаўленыя ў артыкуле матэрыялы пра вяселле ў вёсках Чамярысы і Хракавічы, сведчаць аб добрай захаванасці гэтых звестак у памяці інфармантаў, а таксама дэманструюць адметныя рысы правядзення асобных абрадавых этапаў, іх арганічнай повязі з прыкметамі і павер’ямі.

Спic выкарыстаных крынiц

  1. Беларускі фальклор: энцыклапедыя: у 2 т. – Т. 1: Акапэла – Куцця / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. – Мiнск: БелЭк, 2005. – 768 с.
  2. Фядосік, А. С. Функцыянальнасць і семантыка абрадаў, жанравыя і мастацкія своеасаблівасці паэзіі асноўных этапаў вяселля // Сямейна-абрадавая паэзія. Народны тэатр / А. С. Фядосік, А. С. Емяльянаў, У. М. Сысоў, В. М. Каладзінскі; Навук. рэд. К. П. Кабашнікаў. – Мiнск: Бел. навука, 2001. – 422 с.

Аўтар: А.У. Дрывайла
Крыніца: Славянские языки и культуры в современном мире: cборник научных статей / редкол.: И. Г. Гомонова (отв. ред.) [и др.]; Гомельский гос. ун-т им. Ф. Скорины; Представительство Россотрудничества в Республике Беларусь, Рос. центр науки и культуры в Гомеле. – Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2019. – С. 70-77.