Тэрор як форма барацьбы ў казацка-сялянскай вайне 1648-1651 гадоў на Беларусі

0
1255
Казацка-сялянская вайна і тэрор на Беларусі

Казацка-сялянская вайна, якая разгарнулася на землях Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (ВКЛ) у 1648-1651 гг., адыграла значную ролю ў далейшым палітычным і сацыяльна-эканамічным развіцці беларускіх зямель. Гэтая вайна стала прыкладам самай маштабнай у айчыннай гісторыі адкрытай узброенай барацьбы сялянства і мяшчанства Літоўска-Рускай дзяржавы супраць этнаканфесійнай палітыкі кіроўных колаў Рэчы Паспалітай і сацыяльнай палітыкі ў цэлым. Нягледзячы на тое, што пытанне казацка—сялянскай вайны ўжо з’яўлялася прадметам даследвавання беларускіх, польскіх, украінскіх і расійскіх даследчыкаў, аднак асобныя яе фрагменты яшчэ маюць патэнцыял да далейшага даследавання [1]. Адным з такіх аспектаў з’яўляецца пытанне аб ужыванні тэрору варагуючымі бакамі ў адносінах да сваіх праціўнікаў.

Вайна стала наступствам шэрагу этнічных, канфесійных, эканамічных і палітычных супярэчнасцей, якія зліліся да сярэдзіны XVII ст. ў адзіны коплекс і падзялілі грамадства ВКЛ на два супрацьлеглыя лагеры. Да першага лагера можна аднесці магнатэрыю, каталіцкае і ўніяцкае духавенства, сярэднюю і дробную шляхту, прычым не толькі каталіцкую або ўніяцкую, але і дызуніцкую, а таксама прадстаўнікоў «люду паспалітага», што ўжо навярнуліся да уніі. Дарэчы, аб маштабах распаўсюджання царкоўнай уніі ў ВКЛ сведчыць заўвага сучаснікаў казацка-сялянскай вайны, якія адзначалі, што да сярэдзіны XVII ст. «унія у Литві … почала гору брати» [2, с. 51]. Да гэтага ж лагера належыць і яўрэйскае насельніцтва Літвы і Русі, частка якога заняла ў сацыяльнай стратыфікацыі месца паміж землеўласнікамі і землекарыстальнікамі, стаўшы ўвасабленнем эксплуатацыі ніжэйшых пластоў насельніцтва. Удзельнік казацка-сялянскай вайны, таварыш панцырнай харугвы Лось, у сваіх успамінах выказвае меркаванне, што «казацкай вайны прычынай быў празмерны прыціск ад паноў рускіх, настолькі вялікі, што дзяцей ахрысціць неможна было без дазволу яўрэяў-арэндатараў» [3, с. 2].

Другі лагер склалі масы рускага сялянства і мяшчанства, а таксама частка шляхты, якія не ўспрынялі царкоўнай уніі і казакі-запарожцы, якія паходзілі з рускіх зямель ВКЛ. Менавіта гэтыя пласты насельніцтва адкрыта выступілі супраць сацыяльнага прыгнёту, якое супала з этнаканфесійным распластаваннем на Літве, Русі і ў кароннай Украіне. Гэтае расслаенне было абумоўлена паступовым аддаленнем мясцовай эліты ад тутэйшага «паспольства», што было звязана з працэсам канфесійнай і моўнай канверсіі, якая паступова прыводзіла да асіміляцыі рускай шляхты і часткі мяшчанства ВКЛ [4, с. 82-83]. Унія «рускай» царквы Рэчы Паспалітай, спробы яе гвалтоўнага распаўсюджання ў першай чвэрці XVII ст. абвастрылі рэлігійнае пытанне, а поспехі прыхільнікаў царкоўнай уніі на Літве і Русі, нягледзячы на адсутнасць падтрымкі і нават неадназначнае стаўленне да яе з боку каралеўскай улады ў 30-40-х гг. XVII ст., у значнай меры паспрыялі абвастрэнню міжканфесійных адносін сярод рускага насельніцтва ВКЛ.

Трэба адзначыць, што ў прадстаўленым артыкуле пад тэрмінам «русь» або «рускія» маецца на ўвазе ўсходнеславянскае насельніцтва ВКЛ, якое ў навуковай літаратуры прынята называць старабеларускай народнасцю. Рускае насельніцтва ВКЛ стала продкам сфарміраванай пазней беларускай нацыі і не мае дачынення да рускага насельніцтва Рускай дзяржавы, якое стала продкам сучаснай рускай нацыі. Пад «рускімі» землямі ВКЛ разумеюцца землі, на якіх у XVII ст. пражывала пераважна рускае насельніцтва, якія зараз у асноўным уваходзяць у склад Рэспублікі Беларусь. Адзначым, што нягледзячы на супадзенне этноніма, рускае насельніцтва Літоўска-Рускай дзяржавы і рускія Расійскай дзяржавы ў XVII ст. належалі хаця і да родасных, але ўжо асобных этнасаў, што праяўлялася ў наяўнасці розных моў, рознай канфесійнай (уніяты) і царкоўнай (рознасць царкоўнай юрысдыкцыі і абраднасці ў праваслаўнага насельніцтва ВКЛ і Расіі) прыналежнасці, асобных гістарычных шляхах, якія яны прайшлі з XIII-XIV ст. Выбар тэрміну «рускі», «рускія землі» ў адносінах да старабеларускага насельніцтва і беларускіх у сучасным разуменні зямель былога ВКЛ абумоўлены імкненнем аўтара да максімальнага выкарыстання прынцыпаў канкрэтнасці і апоры на гістарычныя крыніцы, якія дакладна паказваюць этнічную і геаграфічную тэрміналогію, якой аперыравалі сучаснікі падзей.

У ходзе вайны, якая на працягу трох год з 1648 па 1651 гг. ахапіла значную частку ВКЛ, кожны з варагуючых бакоў імкнуўся ўзмацніць свае пазіцыі, шырока ўжываючы для гэтага арганізаваны гвалт — тэрор. Уварванне казакоў у Літоўскую Русь і хуткі захоп імі Палесся паклаў пачатак «казацкаму тэрору» — дзікаму і жудаснаму вынішчэнню сваіх праціўнікаў. Ахвярамі казакоў сталі «шляхта, слуги замковія, жиди й уряди міскіе», таксама іх жонкі і дзеці, каталіцкае і ўніяцкае духавенства. «Рідкій в той кріві на тот час рук своїх не умочил», — адзначае сучаснік [2, с. 52]. У Гомелі, у адным з першых беларускіх гарадоў, дзе замацаваліся казакі, яны «побили Жидовъ человъкъ съ восемьсотъ, съ женами и дътми болши дву тысячь, да тутъ же побили Ляховъ съ щестьсотъ человъкъ» [5, с. 227]. Пры гэтым варта адзначыць, што пад вызначэнне «ляхі» трапляюць не столькі этнічныя палякі, колькі мясцовая шляхта каталіцкай канфесіі. Асабліва жорстка казакі разам з паўстаўшымі сялянамі і мяшчанамі вынішчалі яўрэяў, якіх яны «сталі біць палкамі для таго, каб яны адразу не памерлі» [6, с. 164]. Іншая яўрэйская хроніка паведамляе, што ў Гомелі было забіта 1500 яўрэяў, якіх выдалі казакам «паны» [7, с. 187]. Такая жорсткасць казакоў была ініцыіявана іх лідарам — Багданам Хмяльніцім, які, па звестках расійскіх ваявод, «и урядниковъ, и державцовъ, и Поляковъ и Жидовъ велелъ побивать» [5, с. 211]. Падобны лёс спасціг жыхароў іншых гарадоў Палесся і Падняпроўя, захопленых казакамі. «Ляховъ і Жидовъ побивали безъ милости» ў Рэчыцы, Мазыры, Бярэсці (Брэсце), Старадубе [5, с. 283-284]. «Бресть Литовскую разорили до основанья, Поляковъ и Жидовъ и женъ ихъ и детей побили безъ остатку, хоромы и стены каменные розломали и розметали безъ остатку» [5, с. 247]. Яўрэйскія храністы адзначаюць, што ў Брэсце нельга было знайсці месца, дзе б не ляжалі трупы забітых [7, с. 189]. Пасля прыходу казакоў у гэты павятовы цэнтр, яўрэі «падпалі пад жорсткія катаванні; жанчыны і малыя дзеці былі перабіты, свяцілішчы спустошаны, дамы ўсе разбураны цалкам» [6, с. 165]. Калі літоўскае войска вызваліла горад, перад жаўнерамі паўстала наступная карціна: «Бресть Литовская разорена жъна рынку лавокъ деревяныхъ и каменыхъ нетъ ни одной, и во всехъ дворехъ въ воротахъ, и въ хоромехъ двери и лавки и окна выломаны, ни одного двора целого нетъ, и Жиды все побиты» [5, с. 297]. У руіны казакамі быў пераўтвораны Кобрын [8, с. 70], [2, с. 53]. Казацкія загоны, якія амаль бесперашкодна распаўсюдзіліся па Палессі і Падняпроўі знішчалі цэлыя вёскі. «Черкасы … были Быхова города въ уезде и высекли село, и пошли назадъ къ Белой Церкви», — адзначае расійскі інфарматар [5, с. 229]. Вялікая колькасць яўрэяў была знішчана казакамі ў Брагіне [9, с. 112].

Падзенне Пінска 26 кастрычніка 1648 г. у выніку змовы мяшчан з казакамі стала апагеем «беларускай жакерыі» 1648-1651 гг. Паўстанцы і казакі сумесна «касцёлы Божыя рабавалі, нападалі .на дамы шляхецкія» [10, с. 34]. Рэктар Пінскага езуіцкага калегіюма ксёндз Станіслаў Тамашэўскі абвінавачваў казакоў і жыхароў Пінска ў тым, што яны «стан шляхецкі і духоўны забівалі, мардавалі, целы са склепаў выцягвалі і ў касцёле айцоў езуітаў вялікія гвалты зрабілі, абразы пасеклі, вокны разбілі, касцёл ў пыл пераўтварылі, целы са склепаў з трунаў вынімаючы выкідалі», аднак гэтым яны не задаволіліся і ўрэшце спалілі касцёл і калегіюм [11, с. 383-384]. Пры тым пагромшчыкі пераследвалі не толькі палітычныя, але і ўласныя матэрыяльныя мэты. Побач з варварскім знішчэннем усяго, што была звязана з «заходнім светам» і шляхтаю, казакі актыўна прыўлашчвалі нарабаваную маёмасць. «Самавідзец» адначае, што казакі добра «збогатилися шарпаниною добр шляхецких и жидовских и иніх людей» [2, с. 57]. У Пінску казакі разам з мяшчанамі разрабавалі ўсе залатыя і срэбраныя ўпрыгожванні з касцёла, а таксама з фальваркаў, якія належалі касцёлу і калегіюму каля Пінска, аж да катлоў і начыння [11, с. 383-384]. Што да яўрэяў Пінска, дык «калі непрыяцель прыйшоў у горад, ён злітаваўся толькі над праваслаўнымі, а мноства бедных і яўрэяў і яўрэяў-жабракоў, якія не здолелі з прычыны недахопу сродкаў уцякчы, былі знішчаны самымі пакутніцкімі спосабамі» [6, с. 165]. Паводле яўрэйскіх хронік менавіта ў Брэсце і Пінску была найбольшая колькасць ахвяр казакоў з ліку яўрэяў. Большасць забітых казакамі яўрэяў належала да ніжэйшых пластоў яўрэйскага грамадства, бо заможныя прадстаўнікі гэтай этнічнай меншасці са «св. абшчын Слуцк, Пінск і Брэст-Літоўскі ўцякалі: часткова ў Вялікую Польшчу, а часткова ў горад Данцыг, што ля мора за Віслай», у гарадах жа засталіся пераважна жабракі [9, с. 112].

Знішчаючы яўрэяў, шляхту, каталіцкае і ўніяцкае духавенства, казакі, аднак, не чапалі мясцовага сялянства і мяшчан-дызунітаў. Крыніцы поўняцца звесткамі, што казакі «секли Поляковъ и Жидовъ, а Белорусцевъ никого не секли», «те Черкасы ходять войною въ Литовской земле и побиваютъ Ляховъ и Жидовъ, а Белорусцевъ не побиваютъ» [5, сс. 217, 239-240]. Гэтае лагоднае стаўленне казакоў да ніжэйшых пластоў рускага насельніцтва ў спалучэнні з антыфеадальнай барацьбой, агорнутай ў рэлігійную афарбоўку, спрыяла стварэнню іміджу казакоў у вачах мясцовага «люду паспалітага» як барацьбітоў за веру: «Запорожскія Черкасі бьются съ Ляхи за веру» [5, с. 227]. Этнаканфесійная блізасць казакоў і жыхароў Літоўскай Русі, адзінства сацыяльна-эканамічных і палітычных праблем, абумовіла падтрымку казацкага руху з боку ніжэйшых пластоў рускага насельніцтва ВКЛ. Да казацкіх загонаў сталі далучацца мясцовыя сяляне і мяшчане, пачалі ўзнікаць атрады, якія дзейнічалі разам з казакамі, але абмяжоўваліся сваім рэгіёнам. Такія атрады ўзніклі ў Рэчыцы, Пінску, Мазыры, Давыд-Гарадку і іншых гарадах Палесся [12, с. 103-106], [13]. Такім чынам, разам з уварваннем украінскіх казакоў у ВКЛ, тут пачалося грандыёзнае сялянска-мяшчанскае антыфеадальнае паўстанне, а барацьба паміж варагуючымі бакамі набыла рысы грамадзянскай вайны.

У Старадубскім павеце Смаленскага ваяводства мясцовыя сяляне, перабіўшы сваіх паноў, уцяклі за мяжу Расійскай дзяржавы [5, с. 227]. Мясцовыя паўстанцы разам з казакамі прымалі актыўны ўдзел у спусташэнні і рабаванні касцёлаў, кляштараў і шляхецкай маёмасці. С. Тамашэўскі абвінавачвае мяшчан Пінска ў тым, што яны «здраду робячы супраць Рэчы Паспалітай, мяцеж падняўшы, учыніўшы змову з казакамі мяцежнікамі, пасылаючы ім на дапамогу грошы … казакоў мяцежнікаў украінскіх да павету Пінскага і да самога места Пінска некалькі тысяч направодзячы і злучыўшыся з тымі гультаямі, выступаючы не толькі супраць Рэчы Паспалітай, але і супраць самога Пана Бога», займаліся рабункам і разбоем [11, с. 383-384]. Пуціўльскі ваявода Пляшчэеў паведамляў расійскаму цару, што «копятца и идут многие мужики ис тех литовских городов к тем же самовольным казаком в сход, а иные, собравшися, побивают и грабят по дорогам ляхов и жидов» [14, с. 25].

Сучаснікі падзей адзначаюць жудасныя рэчы, якія рабілі азвярэлыя паўстанцы: «люди своевольные и пашенные мужики, побивъ пановъ своихъ въ ихъ маетностяхъ, а у панскихъ жонъ у беременныхъ брюха роспарывали и многое ругательство делали» [5, с. 227]. У Старадубе паўстанцы разам з казакамі забілі каля 1300 яўрэяў [7, с. 188]. Даходзіла да таго, што «склепи с трупами откоповали, мертвих тіла з гробов викидали и обдирали и в том одіню ходили» [2, с. 54]. «Казацкі тэрор» заспеў аднак не толькі прадстаўнікоў прывеліяванай часткі грамадства ВКЛ і яўрэяў, ён балюча ўдарыў і па саміх сялянах і мяшчанах. Саюзніцтва казакоў з татарамі прывяло да таго, што «многіе в неволю татарскую пойшли». На сабе адчулі гнеў казакоў і паўстанцаў «ремесники молодіе, которіе себі голови голили по-польску, чуприну пускаючи наверх голови» [2, с. 54]. Такім чынам, «казацкі тэрор», які панаваў на Палессі і ў Падняпроўі ўлетку 1648 г., так або інакш закрануў усе пласты грамадства ВКЛ і быў і па форме, і па зместе прыкладам палітыкі татальнага вынішчэння моўна і культурна асіміляванай рускай шляхты, часткі мяшчан і сялян, а таксама яўрэйскага насельніцтва.

Другім абліччам казацка-сялянскай вайны з’яўляецца «тэрор шляхецкі». Гэтая з’ява прыпадае на другі этап вайны і праяўляецца напрыканцы восені 1648 — у першай палове 1649 г. Наступленне войска ВКЛ на чале з Янушам Радзівілам паклала канец панаванню казакоў у Палессі. Літоўскае войска ў снежні 1648 г. увайшло ў Брэст, а пасля рушыла ў накірунку Пінск — Тураў — Мазыр — Бабруйск — Рэчыца, знішчаючы ўсё і ўсіх, хто быў звязаны з казакамі. Расійскі ганец дзяк Кунакоў паведамляе цару Аляксею Міхайлавічу, што «около Оршы, и Менска, и Новогродка, и Слонима и Брести Литовской на паляхъ многіе люди, а иные на колье четвертованые» [5, с. 297]. У Брэсце, пасля уваходу ў горад шляхецкага войска «жолнери … и доостольное разоряютъ и поклажеевъ мещанскихъ и жидовскихъ ищутъ, и везде землю роютъ, и остальцовъ мещанъ и мещанскихъ детей изъ поклажеевъ мучатъи огнемъ жгутъ» [5, с. 297]. Такім чынам, жыхарам горада пасля казацкай стыхіі давялося адчуць на сабе яшчэ і лютасць раз’юшанай шляхты. Дорага заплацілі мяшчане Пінска за сваю падтрымку казакоў: «Пинескъ разорилъ стражникъ Литовской Мирскій и мещанъ побилъ больши 3000 ч. и женъ ихъ и детей велелъ побить безъ милости» [5, с. 297]. Пінск аказаўся настолькі разбураны, што яго ўладальнік канцлер ВКЛ Альбрэхт Станіслаў Радзівіл у чэрвені 1649 г. звярнуўся ў Галоўны Трыбунал ВКЛ з пратэстам на неапраўдана жорсткія дзеянні «Мірскага ерэтыка, рэгіментара войска». А.С. Радзівіл ацэньвае дэмаграфічныя страты ў Пінску ў 14 тыс. чалавек «маладых і старых» [15, s. 351]. Пакаранне Пінска стала прыкладам для іншых паўстаўшых гарадоў. Жорсткасць у Пінску не была выпадковай, а наўмыснай і мэтанакіраванай, што адзначалі ўжо сучаснікі. «Паколькі гэты горад быў адным з галоўных казацкіх прыстанішчаў, палякі для запалохвання іншых абрабавалі яго і пераўтварылі ў попел», — адзначае французскі вандроўнік П. Шэвалье [16, с. 99].

Пасля захопу войскам Я. Радзівіла Давыд-Гарадка ў мястэчку і наваколлі было пакарана смерцю рознымі прыёмамі 18 чалавек. Пры гэтым варта адзначыць, што пакаранню былі падвергнуты толькі тыя асобы, што супрацоўнічалі з казакамі. «Нявінных як у горадзе, так і ў воласці Давыд-Гарадзецкай усіх вызваліў і цэлымі пакінуў», — паведамляе аўтар [17, арк. 7]. У Тураве, тыя з мяшчан мяцежнага горада, якія падтрымалі паўстанцаў і не здолелі адступіць, паводле паведамлення самога Я. Радзівіла, усе былі «пад корань перабіты». Пасля штурму Мазыра захопленыя казакі і іх паплечнікі былі жорска пакараныя. Казацкі правадыр Міхненка трапіў у палон і быў пасаджаны на палю. Шляхціц Б.К. Маскевіч паведамляе: «Мы ж, калі заканчвалі пачатую перамогу, секлі і палілі дамы. Больш за іншых пры гэтым адзначыліся немцы, якія не шкадавалі не толькі саміх казакаў, але і жанчын і дзяцей, уцякаў хто мог, але не шмат хто з іх выратаваўся, … затым запалілі горад» [18, с. 434-435]. На падзеі ў Палессі рэзка адрэагаваў сам гетман Б. Хмяльніцкі. У лісце да Я. Радзівіла ён абураецца і не разумее, як польны гетман дазваляе сабе «людзей нявінных, хрысціян веры нашай … на палі саджаць і мардаваць» [19, с. 96-97]. У Чэрыкаве жаўнеры Радзівіла «казакаў, выбраўшы з паўтараста чалавек, адсеклі правыя рукі да запясця, а 50 чалавек на палі пасаджалі, а астатніх казакоў і іх жонак і дзяцей парубілі ўсіх» [20, с. 214]. У Лоеве адбылася падобная сітуацыя, тут шляхціцы бязлітасна «казакоў і іх жонак пасеклі ўсіх» [14, с. 39].

Сапраўды жаўнеры бязлітасна знішчалі ўсё звязанае з казацкай стыхіяй: «Литовскіе места отъ жолнерей погибли и развоеваны паче козаков», адзначае расійскі ганец [5, с. 399]. Цікава, што ўжо сучаснік падзей так адгукаецца аб дзеяннях шляхты: «пограбя мещанскїе животы и разоря ихъ совсемъ, на паля взбиваютъ и рубятъ без милости, даючи причину, будто они Речи Посполитой издрайцы, а Черкасомъ и гультайству доброхоты и съ ними одноверцы» [5, с. 296]. Такім чынам, старонні назіральнік ставіць дзеянні казакоў і шляхты ў адзіны шэраг. Жыхары Бабруйска, навучаныя прыкладам папярэдніх гарадоў, вырашалі не супраціўляцца Радзівілу і самі адкрылі брамы горада. Як паведамляе расійскі дзяк Кунакоў ахвярамі «шляхецкага тэрору» сталі больш за 1000 бабруйскіх мяшчан, з якіх 800 чалавек пазбавіліся рукі, 150-ці чалавекам былі сцяты галовы, 100 пасаджаны на палю. Разам з тым, сам Кунакоў не быў у Бабруйску, а непасрэдны відавочца «экзекуцыі» нямецкі храніст Й. Шледэр падае іншыя дадзеныя: «8 старшын пасаджаны на палі, каля 40 былі сцяты, былі адсечаны каля 270 правых рук [у мяцежнікаў — С.Ч.], пасля чаго астатніх адпусцілі, каб яны маглі пайсці да сваіх братоў і распавесці пра тое, як жорстка робяць з падданымі, калі яны паўстаюць супраць улады» [21, с. 24]. Горад застаўся цэлы, жаўнер, які паспрабаваў адабраць у бабруйчанкі хустку, быў павешаны на браме ля яе хаты. Шляхецкі тэрор быў мэтанакіраваным, планамерным і наўмысна жорсткім. Я. Радзівіл сваёй тактыкай у Бабруйску жадаў паказаць мяшчанству паўстаўшых гарадоў Падняпроўя магчымы шлях супрацоўніцтва — разрыў мяшчанамі сувязяў з казакамі гарантаваў паўстаўшаму гораду магчымасць уратавання. Шляхам жорсткіх мер, шляхам тэрору Я. Радзівіл у 1649 г. усталёўваў парадак на Русі.

Казацка-сялянская вайна 1648-1651 гг. стала вынікам вялікіх супярэчнасцей, якія наспявалі ў грамадстве ВКЛ у першай палове XVII ст. Вастрыня праблем і немагчымасць іх вырашыць мірным шляхам, шляхам улічвання інтарэсаў усіх пластоў грамадства Рэчы Паспалітай надалі гэтай вайне такі жорсткі і бескампрамісны характар. Па сваёй форме, дзеянні паўстанцаў у ВКЛ вельмі нагадваюць дзеянні французскіх сялян падчас Жакерыі, хаця паміж абедзвюма падзеямі ляжыць адрэзак часу ў 300 гадоў. У адрозненне ад казакоў, якія пераследвалі дакладна пастаўленыя палітычныя мэты, якія стварылі моцную вайсковую арганізацыю, рускія паўстанцы у ВКЛ не выпрацавалі нейкай канкрэтнай праграмы дзеянняў, а ў якасці мэты паўставала аморфная ідэя знішчэння шляхты, яўрэяў і ўсяго таго, што было звязана з сацыяльным і этнаканфесійным прымусам. Шляхта, у сваю чаргу, шляхам тэрору імкнулася адпомсціць рускім сялянам і мяшчанам за іх падтрымку казакоў, за той жах, які яна адчула ўлетку 1648 г., за тое, што яна страціла ў гэты час. Паміж шляхтаю і сялянска-мяшчанскімі масамі ўтварылася прорва нянавісці адно да аднаго, што значна аслабіла ўнутраную моц Польска-Літоўскай дзяржавы і адыграла вялікую ролю ў падзеях наступных 50-60-х гг. XVII ст.

Літаратура

  1. Абецедарский, Л.С. Борьба белорусского народа за воссоединение Белоруссии с Россией в середине XVII века / Л.С. Абецедарский // Воссоединение Украины с Россией: сб. статей. — М.: Из-д-во АН СССР, 1954. — 440 с.
  2. Літопис Самовидця. — К. :Наукова думка, 1971. — 207 с.
  3. Pami^tniki Losia towarzysza chor^gwi pancemej Wiadyslawa margrabi Myszkowskiego wojewody Krakowskiego, obiemuj^ce wydarzenia od r. 1646 do 1667. — Krakow : Nakladem ksi^garni D.E. Friedlena, 1858.-120 s.
  4. Piwarski, K. Opozycja litewska pod koniec XVII wieku / K. Piwarski // Pami^tnik V powszechnego zjazdu historykow polskich w Warszawie. — Lwow nakladem polskiego towarzystwa historzcznego, 1931. — S. 82-83.
  5. Акты, относящіеся къ исторіи Южной и Западной Россіи, собранные и изданные Археографическою комиссіею. — СПб. : Въ тип. П.А. Кулиша, 1861. — Т. 3. — 604, 134, 22 с.
  6. Тяготы времён. Хроника Мейера из Щебржешина // Еврейские хроники XVII столетия : (Эпоха «хмельничины»). — М.; Иерусалим: Гешарим, 1997. — 287 с.
  7. Сабботай Гакоген. Послание / Гакоген Сабботай // Еврейские хроники XVII столетия : (Эпоха «хмельничины»). — М.; Иерусалим: Гешарим, 1997. — 287 с.
  8. Pami^tnik o wojnach kozackich za Chmielnickiego przez Nieznanego autora. Wydanie z r^kopismu. — Wroclaw : Nakladem Zygmunta Schlettera, 1842. — 144 s.
  9. Пучина Бездонная. Хроника Натана Ноты Ганновера // Еврейские хроники XVII столетия : (Эпоха «хмельничины»). — М.; Иерусалим: Гешарим, 1997. — 287 с.
  10. Исторический памятник о Пинске // Чтения общества истории и древностей Российских. — М., 1847. — Т. 5. — С. 33-35.
  11. Собраніе древнихъ грамотъ и актовъ городовъ Минской губерніи, православныхъ монасты — рей, церквей и по разнымъ предметамъ. — Минскъ : Въ Губернской типографіи, 1848. — 402 с.
  12. Документы об освободительной войне украинского народа 1648-1654 гг. — Киев : Наукова думка, 1965. — 825.
  13. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). — Ф. 694. — Воп. 6. — Спр. 4233. — Л. 569-672.
  14. Белоруссия в эпоху феодализма. Сб. документов: в 3 т. — Мн. : Изд-во Акадамии наук БССР, 1960. — Т. ІІ. — 560 с.
  15. Pami^tniki Albrychta Stanislawa X. Radziwilla kanclerza W. Litowskiego. Wydane z r^kopismu przez Edwarda Raczynskiego. — Poznan : u braci Scherkow, 1889. — T. 2. — 490 s.
  16. Шевальє, П. Історія війни козаків проти Польщі. З розвідкою про їхне походженя, країну, звичаї, спосіб правліня та релігію і другою розвідкою про перекопськіх татар / П. Шевальє ; Пер. з франц. вид. 1663 р. — Київ : Вид-во Акад. наук УРСР, 1966. — 199 с.
  17. НГАБ. — Ф. 694. — Воп. 4. — Спр. 899. — Арк. 7. — Ліст Я. Радзівіла аб пакаранні казакаў і паўстанцаў у Давыд-Гарадку і наваколлі (9 лют. 1649 г.).
  18. Дневник Богуслава Машкевича. 1643-1649 // Мемуары, относящиеся к истории Южной Руси: вып. II. (первая половина XVII ст.) ; под ред. В. Антоновича. — Киев : Тип. Г.Т. Корчак — Новицкого, 1896. — С. 406-438.
  19. Документи Богдана Хмельницького (1648-1657). — К. : Вид-во Акад. Наук УРСР,1961. — 740 с.
  20. Воссоединение Украины с Россией. Документы и материалы: в 3-х т. — М. : Издат-во Ака — д.наук СССР, 1953. — Т. 2. — 559 с.
  21. Уривки з німецької хроніки «Театр Європи» // Сіверянський літопис. — 1999. — № 2. — С. 24-31.


Аўтар:
С.А. Чаропка
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины. Сер.: Гуманитарные науки. — 2016. — № 4(97). — С. 67-72.