Сацыяльная барацьба ва Ўсходнім Палессі ў 1650 — вясной 1651 гг.

0
365
Сацыяльная барацьба ва Ўсходнім Палессі ў 1650 - вясной 1651 гг.

Пасля падпісання Збораўскага міру і вываду казацкіх загонаў з тэрыторыі Беларусі, з канца 1649 да сярэдзіны 1650 гг. вастрыня сацыяльнай барацьбы зменшылася. На Украіне фактычна была створана аўтаномная дзяржава, на землях якой стала складвацца новая, казацкая адміністрацыйна-тэрытарыяльная сістэма. На тэрыторыі ў 200 тыс. км2 было створана 16 палкоў, якія падзяляліся на сотні. У склад Старадубскага палка ўвайшлі некалькі вёсак, размешчаных на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь: Бабічы, Свяцілавічы, Галодна, Жалезнікі. Казацкая ўлада засталася яшчэ ў адным уласна беларускім рэгіёне — на Брагіншчыне, якая ўваходзіла ў склад колішняга Кіеўскага ваяводства, а пасля ўвядзення палкавой сістэмы — у склад Кіеўскага або Чарнігаўскага палкоў i пэўны час знаходзілася ў агульным рэчышчы развіцця Украіны.

На тэрыторыі казацкай Украіны вырашальную ролю ў жыцці грамадства сталі адыгрываць прадстаўнікі казацкай старшыны. Старшынская рада пераўтварылася ў галоўны орган улады. У яе руках засяроджваліся асноўныя багацці, яна падмяніла сабой паланізаваную ўкраінскую шляхту, пачаўшы выконваць яе функцыі. На тэрыторыі палкоў улада знаходзілася ў руках палкоўнікаў, сотнікаў, атаманаў. Вырасла сетка казацкіх судоў, якія замянілі сістэму гродскіх, земскіх і падкаморскіх судоў, нязменным засталося толькі гарадское судаводства. Значная частка сялян паказачылася, пачала весці вольную казацкую гаспадарку. Нястача крыніц не дазваляе дакладна прасачыць працэсы, якія праходзілі на землях Усходняга Палесся, што знаходзіліся ў складзе ўкраінскай казацкай дзяржавы, але можна выказаць меркаванне, што характэрныя для ўсёй Украіны працэсы праходзілі і тут.

Нягледзячы на падпісаны Збораўскі дагавор, сітуацыя ва Усходнім Палессі заставалася нестабільнай. Вялікую ролю ў гэтым адыгралі эканамічныя праблемы, звязяныя з ростам цэн у ВКЛ, пагаршэннем матэрыяльнага становішча ў першую чаргу беларускага сялянства і нізоў мяшчанства. Эканамічныя цяжкасці прывялі да такіх формаў пратэсту беларускага “люду паспалітага”, як уцёкі на Украіну і перасяленне на тэрыторыю суседняй Расійскай дзяржавы [2, с. 322-324].

Тым часам на Украіне распачаўся народны рух, накіраваны на працяг барацьбы супраць польскага панавання, які стаў асабліва заўважным ужо на пачатку 1650 г. У той жа час казацкая вярхушка імкнулася да захавання мірных адносін з каралеўскім урадам. Вяртанне шляхціцаў у свае маёнткі выклікала пратэст мясцовага сялянства. У гэтых умовах Б. Хмяльніцкі вымушаны быў праводзіць гнуткую сацыяльную палітыку, сутнасць якой заключалася ў барацьбе з сялянскім рухам, з аднаго боку, і закліках да шляхты да “сціплых” паводзін з падданымі, з другога.

Абвастрэнне становішча на Украіне не магло не адбіцца на настроях сялян паўднёва-ўсходніх паветаў ВКЛ. Адбываецца актывізацыя сялян памежных з казацкай аўтаноміяй рэгіёнаў Беларусі, тут таксама яны збіраюцца ў атрады, пачынаюць рабіць напады на шляхецкія маёнткі [4, с. 30]. У 1650 г. казацкі атрад пад кіраўніцтвам Шумейкі колькасцю 1 тыс. чалавек напаў на Любеч, чарнігаўскі палкоўнік М. Нябаба падцягнуў значныя сілы пад Лоеў, каб кантраляваць пераправы праз Дняпро [10, с. 160]. У рэчышчы палітыкі замірэння са шляхтай Б. Хмяльніцкі ў сваім лісце да чарнігаўскага палкоўніка ад 6 чэрвеня 1650 г. заўважае, што да яго дайшлі звесткі, што “ў Любетцку сабралося мноства свавольных людзей”, якія “з абодвух бакоў смуту робяць”, таму гетман загадвае злавіць завадатараў сялянскіх атрадаў [7, с. 170]. У лістападзе 1650 г. адрадзіўся полк тураўскіх паўстанцаў, які складаўся з трох соцень: тураўскай — на чале з Сямёнам Праскурняй, алеўскай — на чале з Турчыновічам і сушчанскай — на чале з Уласам Баброўнікам.

Увесну 1651 г. адбылася актывізацыя паўстанцкага руху на Беларусі, што звязана з набліжэннем да Рэчыцкага павета чарнігаўскага, нежынскага і кіеўскага палкоў пад агульным кіраўніцтвам сына Б. Хмяльніцкага — Цімафея [1, с. 26, 80; 3, с. 405-406]. Апроч украінскіх казакаў, каля межаў Беларусі былі сканцэнтраваны значныя татарскія атрады [31, с. 80]. Паміж злучэннямі войска ВКЛ і перадавымі часткамі казацкага войска ў раёне Чарнобыля, Бабіч, Лоева пачалі адбывацца баявыя сутыкненні. Відавочна, што на войска Ц. Хмяльніцкага ўскладвалася задача абароны Украіны ад магчымага наступлення войска ВКЛ, а таксама замацаванне казакаў ва Усходнім Палессі.

З’яўленне казакаў каля межаў ВКЛ спрыяла актывізацыі сялянскага руху, аб чым сведчыць паведамленне ігумена Батурынскага манастыра, што ў казацкія палкі “адны мужыкі пайшлі з рагацінамі, іншыя з сякерамі, … а ісці ім, на літоўскую старану пад Быхаў на Радзівіла” [1, с. 26].

Напрыканцы мая 1651 г. Цімафей Хмяльніцкі і Джэджалій вярнуліся з-пад Лоева да галоўных сіл казацкага войска на Украіне. Кіеўскі полк адышоў да Кіева, каля межаў ВКЛ засталіся чарнігаўскі і нежынскі палкі разам з сялянамі, якія да іх далучыліся, на чале з палкоўнікамі Окшам і Забелам. Агульнае кіраўніцтва казацкім войскам ажыццяўляў Марцін Нябаба. Лагер гэтага памежнага 15-тысячнага казацкага войска размясціўся каля в. Рэпкі недалёка ад Лоева [3, с. 423]. Напрыканцы мая 1651 г. М. Нябаба выслаў 7-8-тысячны атрад пад кіраўніцтвам палкоўнікаў Забелы, Паповіча і Літвіненкі на Г омель і далей на Быхаў, пакінуўшы на ахову пераправы пад Лоевам каля 3 тыс. чалавек [5, арк. 379 адв.].

У Чарнобыль з мэтаю наступлення на Бабічы прыбыў 2-тысячны казацкі атрад пад кіраўніцтвам М. Паповіча. Гэты атрад у хуткім часе значна павялічыўся за кошт мясцовага беларускага і ўкраінскага сялянства і колькасна дасягнуў 5 тыс. чалавек [3, с. 423]. Агульнае кіраўніцтва засяроджанымі ў раёне прыпяцкіх перапраў казацкімі сіламі ажыццяўляу 1 аркуша. Напрыканцы мая паміж загонам Гаркушы і падраздзяленнямі войска ВКЛ С. Паўшы адбылося некалькі баявых сутыкненняў [7, арк. 89-90].

Дзеянні казакаў і паўстаўшых беларускіх сялян лакалізаваліся ў Рэчыцкім павеце, які з поўдня і ўсходу межаваў з падкантрольнымі казакам тэрыторыямі. Ва Усходнім Палессі асабліва вызначыліся актыўнасцю атрады пад кіраўніцтвам Кастырэнкі і Окшы. Ужо ўвесну 1651 г. у Падняпроўі было ахоплена паўстаннем некалькі дзясяткаў тысяч сялян [8, с. 110].

Для аховы свайго жыцця і маёмасці ад набегаў казакоў і паказачаных паўстанцаў кіраўніцтва ВКЛ заахвочвала жыхароў Усходняга Палесся да стварэння атрадаў самаабароны. Менавіта яны і сталі асновай у барацьбе супраць казацкага руху на Беларусі. Увесну 1651 г. атрад А. Шанчэнкі разграміў пад Горвалем паказачаных сялян пад кіраўніцтвам Кастырэнкі [10, с. 166]. Для кантролю за сітуацыяй у міжрэччы Прыпяці і Дняпра і прадухілення пераправы казацкіх атрадаў праз галоўную водную артэрыю Палесся на ўкраінскае памежжа да Хойнікаў і Мазыра былі накіраваны два шляхецкія атрады.

Разам з актывізацыяй казацка-сялянскага руху ў Беларусі ўвесну 1651 г., можна заўважыць рэзкае звужэнне рэгіёна яго распаўсюджвання ў параўнанні з першым перыядам вайны. У барацьбе ў Беларусі ўсё больш праяўляліся яе “ўкраінскія карані”. Перанясенне баявых дзеянняў на тэрыторыю Украіны стала вырашальным у лёсе казацка-сялянскага руху ва Усходнім Палессі. Адсутнасць падтрымкі з боку ўкраінскага казацтва рабіла яго бесперспектыўным, што разам з актыўнымі дзеяннямі атрадаў мясцовай шляхты абумовіла яго паступовае згортванне. Да восені 1651 г. казацка-сялянская вайна завяршылася. Разгортванне новай хвалі вайны на Украіне ў 1652-53 гг. не прывяло да адпаведнай актывізацыі масавых выступленняў паўстанцаў на Ьеларусі, хаця дзейнасць асобных дробных паўстанцкіх атрадаў працягвалася да 1653 г.

Спіс літаратуры

  1. Воссоединение Украины с Россией: док-ты и матер.: в 3-х т. — М.: Издат-во Акад.наук СССР, 1953. — Т. 3. — 646 с.
  2. Воссоединение Украины с Россией: док-ты и матер.: в 3-х т. — М.: Издат-во Акад.наук СССР, 1953. — Т. 2. — 559 с.
  3. Документы об Освободительной войне украинского народа 1648-1654 гг. — Киев: Наукова думка, 1965. — 825 с.
  4. Кондрат’ев, І. До питания про взаемини Любецькоі’ шляхти і замкового мішанства (друга полова XVI-XVII ст.) / І. Кондрат’ев // С1верянський л1топис. — 2000. — № 2. — С. 26-34.
  5. Львоўская навуковая бібліятэка Нацыянальнай Акадэміі навук Украіны (ЛНБ). — Ф. Асалінскіх — Спр. 225/ІІ. — Арк. 379-381. — Данясенне аб аблозе горада і замка Гомеля.
  6. Універсали Богдана Хмельницького. (1648-1657). — Киів: Вид. дім “Альтернативи”, 1998. — 383 с.
  7. Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў Украіны ў Кіеве (ЦДГАУ). — Ф. 1230. — Спр. 33. — Арк. 89-90. — Ліст С. Паўшы (29 мая 1651 г.)
  8. Шуляковский, Х.Г. Из истории борьбы белорусского народа с польским панством в XVII веке / Х.Г. Шуляковский // Уч. записки Ленинград. гос. ун-та. — 1940. — Т. 67. — С. 94-116.
  9. Konstytucje y uchwała Sejmu Walnego Koronnego Dwuniedzielnego w Brześciu Litewskim (marzec 1653) // Volumina Legum — T. 4. — S. 398-442. 307
  10. Kotłubaj, E. Życie Janusza Radziwiłła / E. Kotłubaj. — Wilno-Witebsk, 1859. — 460 s.

Аўтар: С.А. Чаропка
Крыніца: “Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: праблемы вывучэння і захавання ў постчарнобыльскі час”, IV міжнародная навук. канф. (2013; Гомель). IV Міжнародная навуковая канферэнцыя “Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: праблемы вывучэння і захавання ў постчарнобыльскі час”, 31 мая 2013 г. [Тэкст]: матэрыялы / рэдкал.: А. А. Станкевіч (гал. рэд.) [і інш.]. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2013. – С. 18-21.