Да некаторых мянушак – характарыстык псіхічных якасцей асобы ў гаворках Гомельшчыны

0
165
Да некаторых мянушак – характарыстык псіхічных якасцей асобы ў гаворках Гомельшчыны

Мянушкі, як неафіцыйныя імёны, шырока ўжываюцца ў паўсядзённым жыцці вяскоўцаў і ўяўляюць сабой аб’ёмны лексіка-семантычны пласт лексікі. Адметнасць вулічнай мянушкі ў тым, што яна, выконваючы намінатыўную функцыю, указвае на аднаго чалавека, на ўласцівыя яму спецыфічныя рысы і не толькі называе асобу, але і трапна характарызуе яе, таму большасць мянушак носяць эмацыянальна-ацэначны характар.

Даследчыкі называюць наступныя асноўныя прычыны ўзнікнення мянушак: недастатковую колькасць афіцыйных асабовых назваў у параўнанні з патрэбамі камунікантаў: «ні адна мова (і беларуская не складае выключэння) не мае ў сваім звароце столькі асабовых імён, каб імі можна было без паўтарэння назваць усіх членаў таго ці іншага грамадскага калектыву» [1], «імкненне да дакладнай персаніфікацыі пэўнай асобы, выдзяленне яе па якой-небудзь прыкмеце з пэўнага калектыву, асяроддзя» [2].

У якасці мянушкі практычна можа ўжывацца любое слова, вядомае вяскоўцам. У асноўным гэта агульнаўжывальныя літаратурныя лексемы, хаця шырокаўжывальнымі з’яўляюцца і дыялектныя.

Сабраны багаты фактычны матэрыял дазваляе вылучыць лексічна-тэматычную групу вясковых мянушак, што характарызуюць псіхічныя якасці асобы. У мянушках падкрэсліваюцца наступныя характарыстыкі асобы:

— аматар сварыцца: Брытва (в. Картынічы Лельч.), Каза (в. Карпаўка Лоеўск.), Кіпяток (в. Калыбаўка Жлоб.), Крыса (в. Ціхінічы Раг.), Моська (в. Азяраны Раг.), Скаварада (в. Чорнае Рэч);

— веруючы: Багамол (в. Кузьмінічы Добр.), Варажэй (в. Радуга Ветк.), Ікона (г. Лоеў), Майсей (в. Бяланавічы Петр.), Святы (в. Рудня Калінк.);

востры на язык: Брытва (в. Пірэвічы Жлоб.), Жучка (в. Курганне Раг.), Жыжка (в. Уборак Лоеўск.), Крапіўка (г.п. Церахоўка Добр.), Перац (в. Леніна Добр.), Кактус (в. Рэчкі Ветк.), Мянташка (в. Пірэвічы Жлоб.);

вучоны, шмат вучыцца, усё ведае: Мічурын (в. Азершчына Рэч.), Радыё (п. Красны Маяк Гом.), Цілівізар (в. Ястрабка Лоеўск.), Газета (в. Буда Люшаўская Б-Каш.), Справачнік (в. Маркавічы Гом.), Прафесар (в. Маркавічы Гом.);

вяртлявы, рухавы: Белка (в. Вуглы Раг.), Матыль (в. Чкалава Гом.), Мікроб (в. Ціхінічы Раг.), Юла (п. Вялікі Мох Б-Каш.), Уюн (в. Конкавічы Петр.);

— гаваркі: Балай (в. Рагі Гом.), Балабешка (в. Чамярысы Браг.), Балабон (в. Ляхавічы Жытк.), Балабуха (в. Пірэвічы Жлоб.), Балоба (в. Вуглы Раг.), Балтушка (в. Шкураты Браг.), Бараболіха (в. Хальч Ветк.), Бебко (в. Давыдаўка Гом.), Болбоцько (в. Сямурадцы Жытк.), Бубен (в. Званец Раг.), Гаманіха (в. Шкураты Браг.), Гамоня (в. Яроміна Гом.), Лапатун (в. Пакалюбічы Гом.), Лапоцька (в. Ціхінічы Раг.), Лапоця (в. Зялёныя Лукі Гом.), Мянташка (в. Пірэвічы Жлоб.), Перапелка (в. Пярэдзелка Лоеўск.), Перун (в. Ліпляны Лельч.), Сарока (п. Глушыца Жлоб.), Сініца (в. Пярэдзелка Лоеўск.), Тарапунька (в. Чалюшчавічы Петр.), Трандычыха (п. Каравышань Гом.), Трызор (в. Званец Раг.), Шабля (в Старое Сяло Ветк.), Шчукар (в. Слабада Б-Каш.), Ямеля (г.п. Капаткевічы Петр.);

ганарысты, самаўпэўнены, фанабэрысты: Барклай (в. Азяраны Раг.), Гусар (в. Пярэдзелка Лоеўск.), Гусь (в. Дзімамеркі Лоеўск.), Дваранін (в. Картынічы Лельч.), Задзірэй (в. Рагі Гом.), Карона (г.п. Церахоўка Добр.), Капітан (в. Ястрабка Лоеўск.), Мэр (в. Баравікі Светл.), Певень (в. Алексічы Хойн.);

— гняўлівы, сварлівы: Байда (в. Глушыца Жлоб.), Бурбалка (в. Ляхавічы Жытк.), Гамус (в. Майскае Жлоб.), Каза (в. Карпаўка Лоеўск.), Крыса (в. Ціхінічы Раг.), Макагон (в. Кавалёўка Раг.), Лыч (в. Чкалава Гом.), Скаварада (в. Чорнае Рэч.), Федзя Канька (в. Елянец Б-Каш.), Чубка (в. Старое Сяло Ветк.), Цігра (в. Радзеева Б-Каш.; в. Радуша Жлоб.);

гультаяваты, гультай: Біндуль (в. Ляхавічы Жытк.), Біч (в. Конкавічы Петр.), Блында (в. Радуга Ветк.), Калодка (в. Салтанаўка Жлоб.), Лабад (г. Тураў Жытк.), Лажбень (в. Кажушкі Хойн.), Лежань (в. Малыя Аўцюкі Калінк.), Лут (в. Лапаціна Гом.), Луцік (в. Шарпілаўка Гом.), Лындзік (в. Азяраны Раг.), Лянчык (в. Шарпілаўка Гом.);

— задзірысты, аматар пабіцца: Баба Каза (в. Чорнае Рэч.), Барэц (г.п. Церахоўка Добр.), Біюк (в. Кузьмінічы Добр.), Боўдала (в. Пірэвічы Жлоб.), Буйнік (в. Бяланавічы Петр.), Буян (в. Малыя Аўцюкі Калінк.), Вайна (в. Аціркі Петр.), Вурка (в. Маркавічы Гом.), Драпец (в. Залунеўе Б-Каш.), Лаза (в. Радуша Жлоб.), Казёл (в. Рудня Целяшоўская Гом.), Канаплюк (в. Колкі Петр.), Калчак (в. Кашалёва Б-Каш.), Клюка (в. Вуглы Раг.), Коршак (в. Колкі Петр.), Мамай (в. Станькаў Раг.), Певень (в. Краснаселле Хойн.), Пятух (в. Азершчына Рэч.), Сонька Вырві глаз (в. Асобіна Б-Каш.), Шэршань (в. Беланавічы Петр.);

злы, злосны: Злыдзень (п. Вялікі Мох Б-Каш.), Клізма (г. Жлобін), Навальніца (в. Маркавічы Гом.), Перац (в. Майскае Жлоб.), Пірання (п. Красны Маяк Гом.), Рог (г. Рэчыца), Рыська (в. Ванюжычы Петр.), Сашка Бык (в. Асобіна Б-Каш.), Соля (Соль) (в. Бяланавічы Петр.), Сучка (в. Кругавец Добр.), Туча (в. Церахоўка Добр.), Храпа (в. Малешаў Жытк.), Хрэн (в. Рудня Целяшоўсквя Гом.), Цыбуліна (г.п. Церахоўка Добр.), Цытра (в. Уборак Лоеўск.), Шакал (в. Бывалькі Лоеўск.), Шмель (вв. Бабунічы, Беланавічы Петр.);

— маўклівы: Воўк (в. Праскурні Жлоб.), Моўша (в. Краснаселле Хойн.), Рыбіна (в. Уборак Лоеўск.);

— назойлівы, надакучлівы: Гастрыт (в. Азершчына Рэч.), Дапякучка (в. Кароткавічы Жлоб.), Жужка (в. Бывалькі Лоеўск.), Зык (в. Рагі Гом.), Камар (в. Рудня Целяшоўская Гом.), Кароста (в. Тонеж Лельч.), Клешч (в. Залунеўе Б-Каш.), Шашаль (в. Шкураты Браг.);

неахайны: Абезьяна (в. Чорнае Рэч.), Галапупенка (в. Касцюкоўка Гом.), Гламазда (п. Усход Б-Каш.), Дзяружка (п. Каравышань Гом.), Дыдуха (в. Церабееўка Рэч.), Замарашка (в. Рагі Гом.), Кабыла (в. Рэчкі Ветк.), Караўка (в. Рэчкі Ветк.), Квашня (в. Уборак Лоеўск.), Кікімара (в. Сямурадцы Жытк.), Клуша (в. Тонеж Лельч.), Кнюх (в. Саўхозная Б-Каш.), Кулёма (в. Ліпнякі Лоеўск.), Кура (в. Ліпнякі Лоеўск.), Лахудра (г. Жлобін; в. Удалёўка Лоеўск.), Леля (в. Пірэвічы Жлоб.), Мазур (г.п. Церахоўка Добр.), Малпа (в. Конкавічы Петр.), Мурзілка (в. Малінаўка Лоеўск.), Растропа (в. Церабаў Петр.), Рэпанка (в. Сямурадцы Жытк.), Свіння (в. Конкавічы Петр.), Трыпузы (в. Пірэвічы Жлоб.), Хероня (в. Уборак Лоеўск., в. Бушацін Б-Каш.), Цюрыха (в. Маркавічы Гом., в. Уборак Лоеўск.), Чупачка (в. Маркавічы Гом.), Чуханец (в. Зяцькавічы Карм.), Чухонка (в. Зяцькавічы Карм.);

— нелюдзімы: Алібаба (в. Маркавічы Гом.), Воўк (в. Сямурадцы Жытк.), Дзічка (п. Вялікі Мох Б-Каш.), Ёжык (в. Рудня Целяшоўская Гом.), Звярок (п. Нагорная Гом.), Капуста (в. Шарпілаўка Гом.), Рабінзон (в. Каравацічы Рэч.), Тхор (в. Вялікія Сялюцічы Петр.), Тарзан (в. Станькаў Раг.);

— палахлівы, баязлівы: Асіна (в. Карма Добр.), Верабей (в. Алексічы Хойн,; в. Рудня Целяшоўская Гом.), Заяц (в. Леніна Добр.), Трус (в. Алексічы Хойн.), Капшук (в. Колкі Петр.), Суслік (в. Аціркі Петр.), Чайка (в. Сямурадцы Жытк.) Крот Вольга (в. Тонеж Лельч.), Тхор (в. Вялікія Сялюцічы Петр.);

— песіміст, увесь час скардзіцца, жаліцца: Бурбалка (в. Маркавічы Гом.), Бядуха (в. Вуглы Раг.), Гаротнік (п. Красны Маяк Гом.), Журык (в. Радуша Жлоб.), Канька (в. Елянец Б-Каш.), Кароста (в. Кавалёўка Раг.), Кіслы (в. Саўхозная Б-Каш.), Няшчасніца (в. Сямурадцы Жытк.), Обіда (в. Малешаў Жытк.), Уксус (в. Пірэвічы Жлоб.);

— пітушчы, піток, злоўжывае спіртным: Барыла (в. Дзімамеркі Лоеўск.), Барбос (п. Глушыца Жлоб.), Бітон (в. Пірэвічы Жлоб.), Вінішча (в. Уборак Лоеўск.), Жлукта (в. Церабееўка Рэч.), Кабак (п. Васільеўка Добр.), Кампот (в. Малінаўка Лоеўск.), Кульдзюм (г.п. Церахоўка Добр.), Лізун (в. Іванькаў Лоеўск.), Магарыч (в. Леніна Добр.), Мутны (в. Радуша Жлоб.), Насос (г.п. Церахоўка Добр.), Стакан (в. Іванькаў Лоеўск.), Стаканчык (в. Азершчына Рэч.), Трубіла (в. Завічча Светл.), Цадзілка (в. Малыя Аўцюкі Калінк.), Цундрык (в. Колкі Петр.), Цэбар (в. Сямурадцы Жытк.), Чаркін (в. Азяраны Раг.), Шкалік (в. Неглюбка Ветк.);

— плаксівы, шмат плача: Галасуха (в. Зяцькавічы Карм.), Слёзка (в. Астражанка Лельч.);

пляткар: Аўчарка (в. Дзімамеркі Лоеўск.), Балаболка (п. Усход Ветк.), Босы (в. Кажушкі Хойн.), Варона (в. Каравацічы Рэч.), Зрок (в. Васількова Рэч.), Путля (в. Глушыца Жлоб.), Сарока (в. Шкураты Браг.), Свіста (в. Рагі Гом.), Судак (в. Давыдаўка Гом.), Ціліўкала (в. Кузьмінічы Добр.), Юдка (в. Радуга Ветк.);

— працавіты, працалюбівы: Аганёк (в. Стоўпня Раг.), Буйвал (в. Ціхінічы Раг.), Бык (в. Карпаўка Лоеўск.; в. Хальч Ветк.), Жылін (в. Ванюжычы Петр.), Камета (в. Маркавічы Гом.), Кашэль (в. Хальч Ветк.), Мурашка (в. Сямурадцы Жытк.), Пчолка (в. Хальч Ветк.), Сундук (в. Шарпілаўка Гом.), Сяміжыльны (в. Курганне Раг.), Хвілінка (в. Алексічы Хойн.);

разумова абмежаваны: Апенька (в. Шарпілаўка Гом.), Баран (в. Майскае Жлоб.), Валет (в. Маркавічы Гом.), Грак (в. Старажоўцы Жытк.), Дуб (в. Бывалькі Лоеўск.), Лапух (в. Насавічы Добр.), Пень (в. Буша Люшаўская Б-Каш.);

— сарамлівы: Бурачок (в. Саўхозная Б-Каш.);

скупы, сквапны: Базарнік (г. Жыткавічы), Беда (в. Колкі Петр.), Гнеда (в. Церабееўка Рэч.), Драла (в. Новы Сцепаноў Браг.), Жыд (в. Маркавічы Гом.), Іван Зубар (в. Мікалаеўка Светл.), Канаплюк (в. Колкі Петр.), Коршак (в. Рудня Целяшоўская гом.), Кулак (в. Свяцілавічы Ветк.), Куркуль (в. Азяраны Раг.; в. Сямурадцы Жытк.; г.п. Церахоўка Добр.), Скапчыха (п. Каравышань Гом.), Сыч (в. Кузьмінічы Добр.), Фэбус (в. Бабоўка Жлоб.), Хамідла (в. Саўгаснае Б-Каш.), Хапка (в. Кавалёўка Раг.), Хова (в. Красноўка Нараўл.).

смелы: Жэнька Тарзан (в. Асобіна Б-Каш.), Чэпай (в. Вароніна Жытк.);

спакойны: Рахманы (в. Кажушкі Браг.), Пуховы (в. Малежаў Жытк.);

сонны, санлівы, любіцель доўга паспаць: Драмак (в. Сямурадцы Жытк.), Муха (в. Маркавічы Гом.), Пажарнік (в. Касцюкоўка Гом.), Храпа (в. Малешаў Жытк.), Храпела (в. Асобіна Б-Каш.);

сэрцаед: Альфонс (в. Хальч Ветк.), Амур (г. Жлобін), Жарабец (в. Рудня Целяшоўская Гом.), Кошка (в. Кашалёва Б-Каш.), Луіс (в. Радуша Жлоб.), Манах (в. Леніна Добр.);

упарты: Баран (в. Уборак Лоеўск,; в. Чорнае Рэч.), Бычок (в. Званец Раг.), Бык (в. Яроміна Гом.), Казёл (Козёл) (в. Майскае Жлоб.; в. Сямурадцы Жытк.; в. Целяшы Гом.), Паўло Стрык (в. Сямурадцы Жытк.), Убой (в. Дзімамеркі Лоеўск.), Чурбан (в. Азяраны Раг.; в. Колкі Петр.);

усюды ўлазіць, умешваецца: Вінт (в. Свяцілавічы Ветк.), Калумб (в. Дзімамеркі Лоеўск.), Кулік (в. Сямурадцы Жытк.), Пракурор (в. Дзімамеркі Лоеўск.), Шыла (в. Грохаў Лоеўск.);

— хітры: Жук (в. Давыдаўка Гом.), Змей (в. Дзімамеркі Лоеўск.), Круцька (в. Рудня Целяшоўская Гом.), Ліс (в. Буда-Люшаўская Б-Каш.), Ліса (в. Ціхінічы Раг.), Лука (п. Вялікі Мох Б-Каш.), Лявіцкі (в. Кажушкі Хойн.), Мендаль (в. Алексічы Хойн.), Пінцэт (в. Пірэвічы Жлоб.);

— хлуслівы: Брэхуль (в. Клімаўка Гом.), Соя (в. Стоўпня Раг.);

— ціхі, мірны: Голуб (в. Лучын Раг.), Марат Казей (в. Ціхінічы Раг.), Рахманы (в. Кажушкі Хойн.), Цюлень (в. Рудня Целяшоўская Гом.);

шкодлівы, шкоднік: Жыган (в. Кузьмінічы Добр.), Кот (в. Алексічы Хойн.), Шчупак (в. Азершчына Рэч.).

Багаты фактычны матэрыял сведчыць, што мянушкі, якія характарызуюць псіхічныя якасці асобы, складаюць значны пласт лексікі. Многія мянушкі ўтрымліваюць як прамую характарыстыку асобы, так і ўскосную. Некаторыя найменні сведчаць пра ўплыў на неафіцыйны імяннік літаратуры, фальклору, мультыплікацыйных і кінафільмаў. Гумар, народная дасціпнасць і назіральнасць носьбітаў гаворкі з’яўляюцца рашаючымі фактарамі іх утварэння і ўжывання. Яны з’яўляюцца натуральнымі прадуктамі жывога ўжывання і на канкрэтных прыкладах дэманструюць шырокія словаўтваральныя магчымасці народна-дыялектнай мовы.

Заўвага: * — страчаныя вёскі.

Літаратура

  1. Усціновіч, А.К. Найменні асоб мужчынскага полу ў актавых запісях Гродзеншчыны і Брэстчыны ХУІ-ХУІІ стст. / А.К. Усціновіч // З жыцця роднага слова. — Мн., 1968. — С. 54.
  2. Беларуская антрапанімія: вучэбны дапаможнік / Г.М. Мезенка (навук. рэд.) [і інш.] — Віцебск: УА «ВДУ імя П.М. Машэрава», 2009. — С. 118.

Спіс умоўных скарачэнняў (раёнаў):

Б-Каш. — Буда-Кашалёўскі; Браг. — Брагінскі; Ветк. — Веткаўскі; Гом. — Гомельскі; Добр. — Добрушскі; Жлоб. — Жлобінскі; Жытк. — Жыткавіцкі; Калінк. — Калінкавічскі; Карм. — Кармянскі; Лельч. — Лельчыцкі; Лоеўск. — Лоеўскі; Нараўл. — Нараўлянскі; Петр. — Петрыкаўскі; Раг. — Рагачоўскі; Рэч. — Рэчыцкі; Светл. — Светлагорскі; Хойн. — Хойніцкі.

Аўтар: У.А. Бобрык
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины. Сер.: Гуманитарные науки. — 2020. — № 1 (118). — С. 81-84.