Анамасіялагічныя асаблівасці дыялектных назваў рыб паўднёвага рэгіёна Беларусі

0
157
Анамасіялагічныя асаблівасці дыялектных назваў рыб паўднёвага рэгіёна Беларусі

Галоўнай крыніцай папаўнення ненавуковага вопьпу ў галіне іхтыялогіі (у кантэксце дадзенага артыкула пад гэтым тэрмінам мы разумеем сукупнасць ведаў аб рыбах) на працягу мно­гіх стагодцзяў з’яўляецца рыбалоўная дзейнасць. Народна-побытавыя і навуковыя погляды ў пытаннях іхтыяфаўны вельмі часта не супадаюць. I тым не менш, традыцыйнае ўяўленне беларусаў аб рыбах і сістэме іх відаў у цэлым адпавядае навуковаму. На Беларусі да рыб адносяць “мясцовыя віды ўласна рыб роду Pisces, а таксама кругларотка роду Cyclostamata” [1; с. 94-95].

Дыялектныя іхтыёнімы (назвы рыб) прадстаўляюць сабой самую складаную ў плане сістэматызацыі і ўпарадкавання лексічную групу з усіх груп, што адносяцца да фаўністычнай лексікі. Абумоўлена гэта тым, што значная частка найменняў рыб “актыўна функцыянуюць толькі там, дзе водзяцца адпаведныя віды ці разнавіднасці рыб, у той час як у мясцовасцях, аддаленых ад вадаёмаў, яны застаюцца цалкам невядомымі ці для асноўнай масы насельніцтва семантычна нявызначанымі” [2, с. 3].

Асноўная задача анамасіялагічнага аналізу заключаецца ў выяўленні і тыпалагізацыі матывацыйных адносін, пакладзеных у аснову таго ці іншага наймення. У якасці вызначальных выступаюць наступныя тэрміны: анамасіялагічная дамінанта, тып матывацыйных адно­сін, матывацыйная прыкмета. Анамасіялагічная дамінанта — гэта комплекс аднародных маты­вацыйных прыкмет, набор якіх адлюстроўвае пэўную назватворчую накіраванасць. Сукуп­насць дамінант, што рэалізуюцца ў межах пэўнага тыпу матывацыйных адносін, фарміруе анамасіялагічны кантэкст. Тып матывацыйных адносін адлюстроўвае характар моўнага выражэння анамасіялагічнай дамінанты. Ён з’яўляецца прамежкавай ступенню паміж анамасіялагічнай дамінантай і матывацыйнай прыкметай, з аднаго боку, і фармальна-структурным абліччам намінацыйнай адзінкі — з другога. У якасці матывацыйнай прыкметы выступае канкрэтная ўласцівасць аб’екта намінацыі, якая вылучае яго на фоне іншых.

Аб’ём корпуса беларускіх народных найменняў рыб — болей за 250 адзінак. Імі прадстаўлена 35 іхтыявідаў. Паўднёвы рэгіён нашай краіны прадстаўлены колькасцю найменняў, крыху большай за 100 адзінак.

Як сведчаць папярэднія даследаванні [4], беларуская народная іхтыянаменклатура базуецца на сямі анамасіялагічных дамінантах. У аснове ўсіх беларускіх назваў рыб ляжаць і наступныя характарыстыкі: 1) характэрная знешняя асаблівасць; 2) характэрная асаблівасць паводзін; 3) характэрная фізіялагічная асаблівасць; 4) час нерасту; 5) пераважнае месца існавання; 6) спосаб здабывання; 7) спосаб спажывання. Паводле асаблівасцей моўнага выражэнняхарактарыстыкі рэалій, што фіксуюцца анамасіялагічнымі дамінантамі, аб’ядноўваюцца ў адпаведныя групы — тыпы матывацыйных адносін. Корпус беларускай народнай іхтыялагічнай лексікі даволі раўнамерна размяркоўваецца па ўсіх тыпах матывацыйных адносін — аб’ектным, атрыбутыўным, дзейнасным, метафарычным і складаным (кантамінацьганым). У ме­жах кожнага з іх рэалізуецца асобны набор анамасіялагічных дамінант.

Специфіка анамасіялагічнага падыходу заключаецца ў разглядзе слоў у цеснай сувязі з уласцівасцямі рэальных аб’ектаў, якія яны называюць. У адносінах да рыб гэтая сувязь, як высвятляецца, адыгрывае вызначальную ролю ў працэсе намінацыі. Так, напрыклад, у “Лексічным атласе беларускіх народных гаворак” у каментарыі да карты №320 “Шчупак” адз­начаецца, што ў некаторых рэгіёнах у адказ на пытанне аб мясцовай назве шчупака інфарманты давалі няпэўныя адказы, паведамляючы “аб тым, што паблізу няма вадаёма” [5; с. 129].

У сувязі з тэзісам аб тэрытарыяльнай прывязцы іхтыёнімаў да водных аб’ектаў аптымальным матэрыялам для абагуленага анамасіялагічна-лінгвагеаграфічнага апісання, па нашым меркаванні, з’яўляюцца найменні, што называюць асобін відаў, распаўсюджаных у максімальнай колькасці вадаёмаў рэгіёна, які даследуецца. Такім чынам забяспечваюцца роўныя ўмовы на базавым узроўні назватворчага працэса — найшырэйшая прадстаўленасць аб’ектаў намінацыі ў пазамоўнай рэчаіснасці. Параўнаўшы найболыпую колькасць лакальных назваў, мы зможам вызначыць назватворчыя схільнасці насельніцтва выбранага рэгіёна.

Вынікі папярэдніх даследаванняў дазваляюць нам з упэўненасцю сцвярджаць, што ў найболып абагуленым выглядзе карціна размеркавання іхтыялагічных найменняў па моўнай тэрыторыі выглядае наступным чынам. Назвы рыб (за выключэннем агульнапашыраных) лакалізаваны ў сувязі з натуральнай распаўсюджанасцю пэўнага віда. У межах гэтай лакалізацыі часцей назіраецца суіснаванне назваў. Тэрытарыяльнае размеркаванне іхтыёнімаў паводле анамасіялагічных характарыстык таксама мае змешаны характар: на адпаведных тэрыторыях назі­раецца функцыянаванне семантычна тоесных назваў, якія валодаюць адрознымі матывацыйнымі паказчыкамі. Такое матывацыйнае супрацьпастаўленне можа адбывацца як на ўзроўні розных тыпаў матывацыйных адносін, так і на ўзроўнях анамасіялагічных дамінант і матыва­цыйных прыкмет. Як правіла, анамасіялагічна супрацьпастаўляюцца адзінкі з большым пашырэннем (агульнапашыраныя, агульназанальныя, агульнадыялектныя і г.д.) і мясцовыя (вузкарэгіянальныя). Рэгіёнам (яны могуць быць самымі рознымі па тэрыторыі) уласцівы свае пераважныя шляхі фарміравання (ці прыярытэтнага запазычвання) назваў і, адпаведна, свае назватворчыя схільнасці. Яны вызначаюцца паводле наяўнасці колькасна значнага корпуса назваў з аднолькавымі анамасіялагічнымі характарыстыкамі, якія больш-менш паслядоўна прасочваюцца на матэрыяле некалькіх відаў рыб. Назвы такога тыпу, зразумела, могуць сустракацца і ў іншых рэгіёнах, але там яны носяць спарадычны характар размеркавання.

Заканамернасці тэрытарыяльнага размеркавання беларускіх народных іхтыёнімаў даз­валяюць умоўна вылучыць на тэрыторыі нашай краіны 3 рэгіёны. Яны суадносяцца з воднымі аб’ектамі (рэкамі) на тэрыторыі Беларусі: паўночны (азёры і рэкі басейна Заходняй Дзвіны), заходні (азёры і рэкі басейна Нёмана) і паўднёвы (азёры і рэкі басейна Прыпяці, Заходняга Буга і ніжняга цячэння Дняпра). Паўднёвы рэгіён з’яўляецца самым цікавым і разнастайным з анамасіялагічнага пункту погляду. На ім мы і сканцэнтруем сваю ўвагу.

Агульнымі для вадаёмаў (рэк і азёр) паўднёвага рэгіёна лічыцца 12 іхтыявідаў [6]. Восем з іх — акунь, ёрш, карась, краснапёрка, лешч, плотка, пячкур, шчупак — прадстаўлены дастатковай для лінгвістычнага разгляду колькасцю дыялектных назваў.

Паказальную сітуацыю мы можам назіраць пры разглядзе характэрных для поўдня Бе­ларусі рэгіянальных назваў асобін віда Gymnocephalus cernua L. — ёрш звычайны. Асноўнай, характэрнай рысай тэрытарыяльнага размеркавання назваў у сувязі з іх матывацыйнымі ха­рактар ысгыкамі з’яўляецца наступны факт. Калі на поўначы і захадзе Беларусі пры называйні ярша пад увагу бярэцца яго “калючасць” (наяўнасць вострых калючак, аб якія можна параніць рукі), то на поўдні Беларусі фактар “калючасці”, паводле рэгіянальных назваў, амаль цалкам ігнаруецца. Для такой высновы дастаткова параўнаць надзвычай распаўсюджаныя на поўначы і захадзе Беларусі назвы тыпу калючык, ваўчок (паводле адной з версій, ад ваўчкі-і расліна з калючкамі [7, с. 77]) і, нарэшце, уласна ёрш (ад літ. entketis ‘цярноўнік’, лат. ёпькіі ‘калючка’ [8, с. 27]) з назвамі паўднёвага рэгіёна — слізун, саплівец, слюнцяй і смаркач і да т.п. У другім выпадку рэалізуецца анамасіялагічная дамінанта “характэрная фізіялагічная асаблівасць”, якая спасылаецца на слізь, што пакрывае луску ярша.

Рэгіянальныя найменні усіх названых вышэй іхтыявідаў дазваляюць разглядаць вылучаны намі паўднёвы рэгіён як вобласць матывацыйна плюралістычную. Гэта значыць, што галоўная анамасіялагічная асаблівасць гэтага рэгіёна заключаецца ў суіснаванні на дадзенай тэрыторыі лексічных адзінак з самымі рознымі анамасіялагічнымі характарыстыкамі. Пры гэ­тым колькасныя паказчыкі прадстаўленасці гэтых адзінак не дазваляюць вылучыць які-небудзь адзін анамасіялагічны напрамак у якасці прыярытэтнага для названага рэгіёна. Так, напрыклад, асобіны віда Esox lucius L. — шчупак прадстаўлены ў паўднёвым рэгіёне найменнямі ўсіх тыпаў матывацыйных адносін: аб’ектны (напрыклад, лабач/лабок), атрыбутыўны (напрыклад, сіняўка/сінюк/сінчук), дзейнасны (напрыклад, жарлюк [ад жэрці — паводле драпежнага характару харчавання шчупака], жаглак/жагаўка [ад укр. жыгаць/жагаць — ‘кусаць’]), метафарычны (напрыклад, спіцун ‘невялікі шчупак’ [доўгі і тонкі, як спіца]). Тое самае адз­начаецца і на матэрыяле назваў ляшча звычайнага (Abramis brama L.). Паўднёвы рэгіён дэманструе характэрны для сябе матывацыйны плюралізм: раўнамерна спалучае назвы аб’ектнага (глазач, губар — анамасіялагічная дамінанта “характэрная знешняя асаблівасць”), атрыбутыўнага (сінец — анамасіялагічная дамінанта “афарбоўка”) і дзейнаснага (кляпец, лескаўка [ад кляпаць і ляскаць — у значэнні ‘біць па вадзе’] — анамасіялагічная дамінанта “характэрная асаблівасць паводзін”) тыпаў матывацыйных адносін. Паралельнае функцыянаванне ў паўднёвым рэгіёне прыкладна аднолькавай колькасці назваў розных тыпаў матывацыйных адно­сін мы адзначаем і на матэрыяле рэгіянальных назваў плоткі (Rutilus rutilus L.). Так, зафіксаваныя на гэтай тэрыторыі назвы, згодна з нашай методыкай класіфікавання, належаць да аб’ектнага (напрыклад, днянка), атрыбутыўнага (напрыклад, клейка), метафарычнага (напрыклад, краўка [ад кароўка — метафарычная назва з эмацыянальна-ацэначным адценнем паводле вялікага памеру]) і кантамінацыйнага (напрыклад, таўстакора) тыпаў матывацыйных адносін. Матэрыял назваў прадстаўнікоў астатніх агульнапашыраных відаў рыб у цэлым не супярэчыць вышэйназваным назватворчым асаблівасцям паўднёвага рэгіёна. Нашы назіранні пацвярджаюцца таксама анамасіялагічнымі асаблівасцямі рэгіянальных найменняў шчупака, акуня, печкура і іншых характэрных для рэгіёна відаў рыб.

Такім чынам, вылучаны намі паўднёвы рэгіён (азёры і рэкі басейна Прыпяці, Заходняга Буга і ніжняга цячэння Дняпра) з’яўляецца вельмі багатым і арыгінальным у плане матывацыі мясцовых народных іхтыялагічных найменняў. У якасці яго вызначальнай характарыстыкі выступае матывацыйны плюралізм — суіснаванне на адной тэрыторыі лексічных адзінак, утвораных у адпаведнасці з рознымі тыпамі матывацыйных адносін. Пры гэтым ні адзін з тыпаў не можа быць вылучаны ў якасці прыярытэтнага. Гэта ўнікальная рыса ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі — паўночным і заходнім. дзе ў колькасным плане ярка акрэслены прыярытэтныя шляхі ў галіне народнай іхтыялагічнай назватворчасці (дамінуюць адпаведна, аб’ектны і метафарычны тыпы матывацыйных адносін). Такая асаблівасць можа тлумачыцца, на нашу думку, некалькімі прычынамі. Па-першае, вялікая тэрыторыя, на якой вылучаюцца некалькі арыгінальных у культурна-побытавым плане этнаграфічных раёнаў, у тым ліку з багатымі традыцыямі рыбалоўнай дзейнасці. Па-другое, надзвычай багаты і разнастайны (у тым ліку і у параўнанні з паўночным і заходнім рэгіёнамі) склад насельнікаў водных аб’ектаў, што адносяцца да басейнаў трох буйных рэк. Па-трэцяе, наяўнасць на тэрыторыі названага рэгіёна не толькі рэк, азёр і штучных сажалак, але і шматлікіх балотных комплексаў ca своеасаблівым складам іхтыяфаўны.

Літаратура

  1. Крывіцкі, А.А. Народныя назвы відаў рыбы / А. А. Крывіцкі // Лексічныя ландшаф­ты Беларусі: Жывёльны свет — Мн.: Навука і тэхніка, 1995. — С. 93 — 136.
  2. Коломиец, В.Т. Происхождение общеславянских названий рыб / В.Т. Коломиец. — Киев: Наукова думка, 1983. — 159 с.
  3. Жывёльны свет: Тэматычны слоўнік / Рэд. Л П. Кунцэвіч, А. А. Крывіцкі. — Мн.: Беларуская навука, 1999. — 239 с.
  4. Маліцкі, Ю.В Беларуская дыялектная іхтыялагічная лексіка: Анамасіялагічная характарыстыка тэрмінагрупы / Ю.В. Маліцкі // Беларуская дыялекталогія. Матэрыялы і даследаванні. Вып. I / Пад рэд. Л.П. Кунцэвіч, В. М. Курцовай. — Мінск: Бела­руская навука, 2010. — С. 119 — 122; Маліцкі, Ю.В. Анамасіялагічныя асаблівасці бе­ларускай народнай іхтыялагічнай лексікі / Ю.В. Маліцкі // Весці НАН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. — 2011. — і№1. — С. 101-105 і інш.
  5. Лексічны атлас беларускіх народных гаворак: У 5 т. Т. 1. Раслінны і жывёльны свет. Мн.: Фонд фундаментальных даследаванняў Рэспублікі Беларусь, 1993. — 160 с.
  6. Рыбы: Попул. энцикл. справ. / Под ред. П.И. Жукова. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 311 с.
  7. Этымалагічны слоўнік беларускай мовы Т. 1 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т мовазнаўства. Пад агульн. рэд. В.У. Мартынава, Г А. Цыхуна. — Мінск: Навука і тэхніка, — 440 с.
  8. Фасмер, М. Этимологический словарь русского языка: В 4 т. Т. 2 / М. Фасмер. Пер. с нем. и доп. О Н. Трубачёва. — М.: Прогресс, 1986 — 671 с.

Аўтар: Ю. В. Маліцкі
Крыніца: «Скарына і наш час», V Міжнародная навуковая канф. (2011, Гомель). Міжнародная навуковая канферэнцыя «Скарына і наш час», 14-15 кастрычніка 2011 г.: [матэрыялы] / рэдкал.: А. А. Станкевіч (гал. рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі РБ, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2011. — С. 69-72.