Зямля пад крыламі Фэнікса

0
296
Феникс птица, Фэнікс, Сяргей Балахонаў

У самы чад кіраваньня ў Грэцыі рэжыму «чорных палкоўнікаў» (1970 г.) археоляг Мікас Тэлемакас у часе раскопак пад г. Касторыя выявіў фрагмэнты рукапісу II ст. да н. э. Пры бліжэйшым азнаямленьні высьветлілася, што гэта ўрыўкі няведамай паэмы, якая паслужыла ўзорам для рымскага паэта Авідыя ў яго «Мэтамарфозах». Першаўзор у пэўных момантах разьмінаўся з клясычным тэкстам. Спаміж гэткіх розьмінаў было і ўдакладненьне легенды пра птушку фэнікс. Калі ў Авідыя рабілася адно цьмяная намінка на асырыйскі радавод гэтай птушкі, то ў грэцкім тэксьце радзіма фэніксаў лякалізуецца зусім у іншых мясьцінах:

«Фэнікс» яго асырыйцы завуць, а ў Нэўрыдзе ваўчынай,
Дзе Барыстэн і Нірэя плывуць, называюць «бацянам» (βατςαυ).
Любіць ня хлеб ці траву – фіміям ды бярозавік трушчыць,
Дык жа паўтысячы год пражыве й не самлее. Прад сконам
Віць пачынае гняздо, напаўняючы нардам і мёдам,
Каб загарэцца пасьля ў дабрапахах, пасьлей жа зьняцейку
З попелу ўзьняцца, паўстаць – Ані лыс! – і зьляцець на радзіму1.

(пераклад Алесі Гарматовіч)

Арыгінал, так і ня ўведзены ў шырокі навуковы ўжытак, згарэў у машыне разам зь Мікасам Тэлемакасам, якога за апазыцыйныя погляды прыбралі спэцслужбы грэцкіх фашыстоўцаў. Фатакопіі ж знойдзеных ім фрагмэнтаў былі абвешчаны камуністычнаю фальшыўкай. Між тым іншыя гістарычныя росшукі сьведчаць, што археоляг дакапаўся да праўды.

Нэўрыдай старажытныя грэкі называлі паўночна-ўсходнюю, усходнюю і паўднёвую Беларусь. Згаданыя рэкі Барыстэн і Нірэя – старагрэцкія назвы Дняпра й Сажа. «Бацяном» у паўднёвых і цэнтральных беларускіх гаворках аж да сёньня называюць бусла. У гэтым канкрэтным выпадку, найбольш верагодна, гаворка вядзецца не пра звычайнага бусла, а пра нейкі пераходны разнавід ад крылатай рэптыліі да птушкі. Toe, што наш край быў радзімаю фэнікса, ускосна пацьвярджае, напрыклад, чарнігаўскі сьпіс XI ст. ператлумачэньня грэцкага «Фізіёляга»: «Так преречено бысть Фисилохом, нам жь видно естьство финиксов, егда летають над сивер и радимичська земли, изроня иноды на головы неблюдников яицы своя желязны»2. Цікава, што пра гэтую ж акалічнасьць праз два стагодзьдзі ўспамінаў і царкоўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага Рыгор Цамблак: «Финиксам час яйце метати, людем веремя гузы собирати»3. Як вынікае з т. зв. «Яцьвяскіх пэргамінаў» (захавалася выданьне ў перакладзе на польскую мову Аляксандра Рыпінскага пад агульнай рэдакцыяй Адама Клакоцкага), у Х–ХІ стст. фэніксы сапраўды вяліся на Палесьсі й шанаваліся, прынамсі, яцьвягамі, як сьвятарныя стварэньні: «Для гадаваньня чуласьці да нашай звабнай Яцьвезі вельмі добра пілігрыміку ў далёкія куткі сьвету чыніць. Адно тады дойдзеш да цяму, чаго ж з-за цёплых мораў бацяны, знаныя там фэніксамі, сьпяшаюцца вярнуцца на Прыпяць»4.

З пратографу «Аповесьці мінулых гадоў» даведваемся, што ключ фэніксаў, які ўвесну 945 г. ляцеў да родных берагоў, выратаваў драўлянскую сталіцу, горад Іскарасьцень, ад першае спробы кіеўскае княгіні Вольгі вынішчыць яго: «Голуби же и врабьеве полетеша до гнезда своя: голуби до голубники, врабьеве под стрехи, абыхом тамо взгарахуться. Но летеша обок финиски и согнаше птичство мало в болото дико»5. Праўда, драўляне не скарысталі з гэтай дапамогі і праз пэўны час ізноў паддаліся кіеўскай правакацыі. Мабыць, за падобныя ўчынкі тагачасныя падпальнікі войнаў ды іхныя прыдворныя ідэолягі ня надта паважалі бацяноў-фэніксаў. Нехта Лука Бяссонны ў лісьце да Аўрама Смаленскага (1199 г.) дазволіў сабе наступнае: «Вы там всегды сплошь бледьню деяете, и фюниксы – черны, аки смоль – в сей бледьне вам напервые пособници»6. Аднак ня ўсе трымаліся гэткіх поглядаў. Кіеўскі мітрапаліт Іларыён (XI ст.) у першым варыянце знакамітага «Слова о законе и благодати», непрыязна азываючыся аб беларускіх землях, пра фэнікса разважаў у станоўчым ракурсе: «Тако имам, иже благостны птици фенексы обитаху в местех, где не чтяху обло законы божи, места си всяк весть – дебри и блаты, ис каких припеть проистекше»7.

Многія жыхары Беларусі XIII ст. сымпатызавалі фэніксам. Рэч у тым, што акурат гэтыя крылатыя стварэньні адбаранілі практычна ўсе абшары нашае краіны ад мангола-татарскага нашэсьця. Блізу 1239 г. пад татарскім націскам паў Гомій (Гомель), але вырушыць на поўнач нязваныя госьці не наважыліся. Італьянскі пілігрым Алінард Гротафэрацкі, што цудам ацалеў ад гомельскага пажару, хаваючыся ў прысожаўскіх зямлянках, згадваў пазьней пра тыя падзеі: «Кароль тартарскі прыслаў на Гомель паглумленьне – дождж стрэлаў гострых і мора страшнае агню. Ваяводы мангольскія зазьбіраліся былі й далей з паўночным ветрам пайсьці, і пэўна зрабілі б тое, калі б фэніксы – птушкі чорныя – іскрою вачэй сваіх не паказілі іхныя замеры»8. Дзіўная прыгадка пра «іскру вачэй» троху разьясьняецца іншай гістарычнай крыніцай. «Тайны летапісец вялікіх князёў літоўскіх», апавядаючы пра паход галіцка-валынскіх князёў Данілы і Васількі Раманавічаў у 1253 г. на яцьвягаў, удакладніў прычыны наяўнасьці ў ваяроў спэцыфічнага рыштунку: «Мняше на ятвингов рушити, имали надобу одевати хытрость резинову на себе, и кони такожде опрятнули. А то не ради похвалки якой, но здравия власного для, ыбо знавали уже в тых краех поражки, которы финисты своими бодцами рыхло чинили през силу их ентарну, она же в еллинах електрикой ся прозываеть»9. Адсюль вынікае, што фэніксы-бацяны мелі здольнасьць выпраменьваць электрычныя разрады. Але як што згадкі пра гэтую свомасьць нерэгулярныя, можна памеркаваць, што біць токам умелі толькі вельмі старыя птахі, якія ўсё жыцьцё назапашвалі прыродную электрычнасьць. Кагадзе памянёныя «яйцы желязны», імаверна, патрабавалі электра-магнітнага імпульсу, каб зь іх маглі вылупіцца птушаняты. Што праўда, фэніксы былі бацькамі нядбалымі, бо многія яйкі так і прападалі. Недасьведчанае паспольства, «ничтоже сумяшеся», уважала іх іншым разам за тэстыкулы старажытных волатаў. Рыскія біскупы, аднак, нярэдка выпраўлялі ў заходнюю Беларусь адмысловыя гастранамічныя рэйды. Прыпамінак пра тое знаходзім у «Другой інфляндзкай рыфмаванай хроніцы» Дытлеба фон Альпэнштока (XIII ст.):

Пойдзем па яйкі, што фэніксы марна губляюць.
Пойдзем і возьмем! Мы – ваяры! Ваяры не купляюць!
Пойдзем пад Берасьце, Пінск, Ваўкавыск не забудзьма!
Браць, забіраць, не пытаць – частавацца яечняю будзьма!10

(пераклад наш. – Аўт.)

Лішне казаць, што часьцей бравым крыжацкім ваякам даводзілася, шылам патакі хапіўшы, вяртацца ў свае калёніі. «Лето 1290 з благославенства божъего немцам в каршель натолкали, дабы не покушалися гнезды ботяновы росскидать, ища Потравы утробам своим ненасытным», – паведамляе прыпіска да «Наваградзкага эвангельля»11. Тагачасныя кніжнікі цудоўна разумелі, што зьнікненьне фэнікса-бацяна можа спрычыніць крызу экалягічнай сыстэмы. У пасланьнях Гедыміна ёсьць добрае таму пацьвярджэньне: «Жывёлу і птушку біем памяркоўна, каб і прырода да нас талеранцыю мела. Вот, скажам, бацян, або фэнікс (batsian sive phaenix), птушка бязладная быццам, але мусім дбаць, каб жыла і яна, бо бязладзьдзе ейнае ёсьць часткай суладзьдзя агульнага»12.

Бязладнасьць фэніксаў прыгадваюць і іншыя дакумэнты. Вышэй паменаваны Р. Цамблак называў нашых бацяноў-фэніксаў не інакш як «блазны летащи»13. Што тут за прычына? У зборніку павучальных карацелек Івана Касабокага «Літуанскі дзесяцідзён» (канец XIV – пачатак XV ст.) занатавана гісторыя пра фэнікса, які спыніў бой паміж ліцьвінамі й крыжакамі:

«В низине под горой да под дубом разложистым сойтися хотели наши литвины руськия з немчины рымськия в бою крывавом, в сечи бесщадной. Брали уже силы и отвагу ку початку сей марсовой деи. Але, оком мигнув, огледили фюнкиста-птицу в небеси, которая в полети оморочны крунгели вписовала и даже в древо тое вечистое ся стукнула звучне. По сем добре ся з дуба ляснула, на земли посела и якбы з подивленьем голову вбок свернула и смешно барзо «о-оу!» молвила. З того ооуканья воины обопольно животы со смеху надрывати стали, и смех трвал годину целую, по сей нихто уже не рачил брань усчинати, поехав восвояси улыбчиво»14.

У т. зв. «Дзёньніку караімаў» XV–XVI стст. (шматтамовы рукапісны мэмуар вялікакняжацкіх целаахоўнікаў ды іх інструктараў) апісваецца сцэна з гаспадарскага паляваньня ў Белавескай пушчы. Вялікі князь Вітаўт, упаляваўшы за дзень пяцёх зуброў, ладзіў на вялізнай лясной паляне імправізаваны банкет для ўсяе прысутнае брацьці. У ёмістых чопах гатаваўся слаўны крупнік – гарачы хмяльны напой на мёдзе й духмяных травах. Почат (то бок сьвіта) усяляк пацяшаўся ў скоках і песьнях. У гэты момант і прыляцеў бацян-фэнікс. Дамо слова сьведку:

«Мы караимы спратов не поискивали, бо ж долг пред князьством великим литовским имали господаря славного от всякой холеры ослонити. То и обуступавали восемью Витовта, а еще пятех на плечи тых восьми постали. И было то, яко намет, мечами навонки ощепереный. Бухтян же не глянул ани до почату, ани до мяса жубрынаго, а як поземлился, ик крупнику пошибовал неуклюдне и, од смаги своей дикий, чан з гестым трункем до дна спорожнил, дуду у дудоря отнял, играти пробуючы, но од хмельной той утехи ся пал невомнози долу и тризнил през сон, песни вояцкие литовския ненадобне кривляючы»15
Птушку на просьбу Вітаўта так і пакінулі на паляне, а самі перабраліся на іншае месца. Караімы змаўчалі, але акурат з тых часоў колькі фэніксаў прыручылі для дзяржаўных патрэбаў. Недалёка ад Вільні быў зладжаны адмысловы гадавальнік. Чарада фэніксаў у небе над сталіцай Вялікага Княства адлюстравана на гравюры ў «Унівэрсальнай хроніцы» Сэбастыяна Мюнстэра (Базэль,1545). У 1579 г., калі войскі Рэчы Паспалітай пад загадам Сьцяпана Батуры вызвалялі ад маскоўскага непрыяцеля Полацак, «дождж і непагода ўвесь час дапамагалі асаджаным так, што просты жаўнер прыпісваў гэта якім-небудзь чарам…». Таму была прынята пастанова выкарыстаць фэніксаў для разгону хмараў. «Кароль загадаў, каб баявыя птахі ляцелі да полацкіх сьцен і не адляталі да тых часоў, пакуль апошняя хмурынка не растане ў нябёсах», – паведамляе каралёў сакратар Райнгольд Гайдэнштайн16. У гаспадарыча Ўладыслава Вазы быў свой пэрсанальны фэнікс (personal phaenix). Ён узяў яго з сабою ў 1610 г. да Масквы, калі сам у выніку геапалітычнага посьпеху атачэньня свайго бацькі быў пасаджаны на тамтэйшы вялікакняскі сталец. Пражыла птушка менш, чым Уладыславу давялося ўладарыць Маскоўшчынай, бо баяры спаілі яе гарэлкай. «Слабовата есть королевская птица, коль нас перепити не в силах», – цынічна заяўляў адзін зь вінаватых у тым злачынстве Фядотка Марозаў17.

Паказальна, што за часы ваеннага ліхалецьця сярэдзіны XVII ст. фэніксы, незадзейнічаныя ў дзяржаўнай службе, упорыста спрабавалі трымацца нэўтралітэту. Ставалася так, што птушкі рабіліся ахвярамі ўсіх бакоў тагачаснага канфлікту. У жніўні 1654 г. пад Шкловам дзесяць маскавітаў пулялі ў фэнікса з ручніцаў, прымаўляючы: «На кой ляд ты здеся кружишь? Коль не имаеш второй головы, то мы тебе сим часом первую твою открутим»18. Троху раней, улетку 1649 г., нехта Рафал Крок загадаў служкам, каб злоўленаму ў сіло бацяну «сто пятдясят прутов прописали, поелику сей мужикам на украйну до Хмеля летати помогал»19. Дзеля справядлівасьці трэба адцеміць, што потым сам распараджальнік быў за сваё самаўпраўства пакараны высокім спагнаньнем у «восемсот грошей пенезных» (амаль кіляграм срэбра), бо «фалчеваных светок для избиенья ботяна притягнул и злым обычаем безвинну птаху звиноватил а на здирство з наругой спустил»20. Між тым самі «мужыкі», напрыклад, ліпеньскім дзяньком 1654 г. у Быхаўскім павеце, «яко мальцы сопливые у батяна из рагулек стрыляли»21. Нейкі Іёна Трывольскі з гэтай нагоды адзначаў:

«Деялося тое не для злоиманья албо улегцыменья онай птицы, а так для утехи своволной. Бачно, же злыя часы для матки всих – Речы Посполитой нашой – настали, бо всяко в тым мальцовским обычаи а способе мыслиться и чыниться: мужыки не знають панов и кроля ягомости, а паны и кроль ягомость не знають мужиков. Мало хто стоить на клопоте а рупности для панства целаго. Вси прагнуть валки и загубленья ближняго свойго. Леч я, як той ботян, не хочю ани валченья, ани побиванья кого люб чого-колвек. Еднако ж не хочю я теж, як и птах той, жебы мене злым обычаем зачепляли»22.

Пра цікавы момант дазнаемся з сатырычнага твору другой паловы XVII ст. «Казанье поляшуцке схызматычне». Ананімны аўтар, прамаўляючы ад імя праваслаўнага, верагодна, насамрэч ня быў ані праваслаўным, ані каталіком, бо ў творы жорстка высьмейваюцца абедзьве канфэсіі. Як што ў сатырычную аблямоўку патрапілі вылучна рэальныя падзеі і асобы, то нельга сумнявацца, што і згадка пра бацяна-фэнікса не разьмінаецца з рэчаіснасьцю:

«Та ж вы нам мерзености робыты горазды. Тильки мы помыслылы, абыхом ку вере наськой истинной ботяна повернуты, яко обачылы в сьроде обитанья оных птыц вас – попов папэжских. И що ж тэпэр маемо? Горэ, бида, огорченье! Ибо крычаты сталы тыя птыцы святодавныя: «Аллах акбар!», од вас одступовавшы. Що вы там робылы?»23.

З азначанага часу фіксуецца сугучча (для некаторых вушэй) клёкату фэніксаў з пачаткам мусульманскіх модлаў. Зусім нядзіўна, што ў 1683 г., на аснове адмыслова заключанага «ряда», колькі фэніксаў разам з войскамі Рэчы Паспалітай пад загадам Яна Сабескага адправіліся да аўстрыйскай Вены, якая цярпела ад асманскае пагрозы. Параза турэцкіх войскаў на чале з Кара Мустафой была прадвызначаная: налёт трох фэніксаў, якія нікога не чапалі, а толькі на ўсю моц дралі горла, прывяла туркаў у сьвятарнае трымценьне, паніку, зь якой і скарысталі нашыя войскі. З кім каралеўскія ўлады заключылі «ряд», з рэшты дакумэнта цяжка даступіцца адказу. Але факт вымушанасьці польскамоўнае вярхушкі Рэчы Паспалітае ствараць па-беларуску афіцыйны дакумэнт той парою, калі палітычныя эліты амаль цалкам зь беларушчынай разбраталіся, вельмі важны. За фэніксамі стаяла нейкая таямнічая палітычная (?) сіла. Што за яна? На жаль, у паперы, папсаванай мышамі й стрыжамі, дзірка між літарамі «К» ды «Ы»24. Купцы? Курвы? Крэвы? Пытаньне застаецца адкрытым.

Фэніксы ня сталіся зьявішчам штодзённым. Іх вобраз захоўваў арэол загадкавасьці і казачнасьці як для многіх абывацеляў ВКЛ, так  пагатоў для жыхароў суседняй Масковіі. Дзіва-птахам уражвалі сваіх сяброў і расчульвалі сэрцы каханых жанчын. Запісы 1695 г. гавораць, што нейкі «пан Михал Богадановский оповедал и до актовых книг головных трибунальских справ вечистых уписати дал светченье, же пан Францишек на Ополю Копаць – каштелянич брестянский – през ботяна-фенекса панов Миколя Кгедройтя, Криштофа Малхеровича а Бальцера Кукшу злякал до хоробливости вомитной. А имали пред тым банкет, игде тылко водку злую за колнер проливали. А Копаць оный пил мизерне, бо юж a priori постанову собе учынил: фортель який-колвек пред другове свои выкинути. Гды тыя три паны добре пьяныя уробилися а хотели кони седлати и ехати до шуканья пригод на подспинье свое, пан Копаць мовил хитре: «Рыцареве, паны-братья мои, ходемте валей цмока звальчим». Панове смехом ся пробрали, але рушили веспол в показуемое Копцем мейсце»25. Захмялелая брацьця сьцяміла, хто сядзіць на ўзгорку, і стала «похвалки чынити», цьвелячы фэнікса выклікамі на бой: «Пане цмоче, растули очи. Имаем мечы готовы ку сечы». Птах тым часам драмаў і «в ленитве своей велькой» пракрумкаў: «А лоха в дар?» Гэтае пытаньне з «цмачынае» зяпы зрынула шляхцюкоў да ўцёкаў. І беглі яны так хутка, што апынуліся неўзабаве ў страшэнным для здароўя стане, калі «похмелье еще не зачалося, а глова юж болестна ест». Як вынікае, праўдзівы сэнс бацяновай фразы быў інакшым, чым многім здавалася. Птах цікавіўся, ці атрымае ён у дарунак за сваю працу цмокаімітатарам лоха. Лохамі ў тыя і крыху пазьнейшыя часы называлі конскіх самцоў (прыраўн. суч. дыял.: «лошадзь», «лашак», «лашонак»).

У верасьні 1715 г. шляхціц з Ашмяншчыны Ян Ранок, кінуўшы жонку і дачку-падлетка, адправіўся ў вёску Сухадолы сватацца да маладзенькай Талімэны Андрыеўскай. Бацька ейны супраць ня быў, мысьлячы, што «стары конь маладое баразны не сапсуе, а фанабэрыю бабскую, якая з дачкі бяз ладу прэ, утаймуе». Фанабэрыя, паводле сьведчаньня т. зв. «Леапардавага раптуляра» Ранка (1714–1718), сапраўды з Талімэны фантанавала. Што ў бацьку, што ў бок ягоных пахолкаў, што ў неспадзяванага жаніха ляцелі ня толькі кепікі ды кпіны, але й глякі ды збаны. «Я чакаю князя», – цьвердзіла ўпартая паненка. Вырашыўшы даць Яну гарбуза, яна шмыгнула із сваіх пакояў да гародчыка. Талімэна меркавала неўпрыкмет для ўсіх падрыхтаваць ганебны падарунак. У блізкіх ліпах ганарліўка ўчула дзіўнаваты шолах, азірнулася на гук і аж зьнерухомела: велізманыя вочышчы плюскалі ў цемры. «Ну шо, красуня? Паляцелі?» – так запыталася няведамае ёй страшыдла. Паненка колькі часу стаяла з разяўленым ротам, урэшце разгледзіўшы «дзюбу, скрыдлы і крывыя капцюры» фэнікса. «Чаго я з табой палячу? – азвалася-такі яна. – Я ўжо вялікая дзяўчына, каб лётаць. Дый ня ведаю я цябе, дзядзьку. А во зараз мой жаніх прыйдзе, ён табе хваста накруціць-надзярэ». Нібыта выпадкова побач апынуўся пан Ранок і як мага больш сур’ёзна спытаўся:

– Хіба князь да пані прыехаў?

Тая толькі кіўнула ў бок ліпаў. Ян з барочнай велягурыстасьцю ўзяўся крычаць да фэнікса:
– Ах ты, злосны, паскудны, брыдкі, нехарошы дракон! Гэта мая нявеста, я абараняцьму яе, хоць бы месяц і зоры абваліліся на галовы збройных чужаземнікаў, нячэсных прыяцеляў нашага гаспадарства!
– А лоха ў дар? – прагучэў прадказальны, але незаплянаваны для гэнага спэктаклю запыт.
– А ў вока даць? – перапытаў кемлівы шляхцюк і кінуўся на фальшывую бітву. Разам з бацяном яны схаваліся за дрэвамі ды сталі «водку жаландковую бахусаваці», а каб Талімэна думала, што «валка цягнецца», ушчалі «па дзераве, каменьні і зялезе грымеці». Па ўсім паненка выйшла замуж за «пераможцу фэнікса», але так і не змагла даўмецца, чаму пасьля бязьлітаснага бою ад рыцара ейнага сэрца патыхала гарэлкай26.

Той парой, калі Ян Ранок фальшывымі баямі вырашаў свае любосныя праблемы, па Беларусі грымелі рэальныя баі яе нячэсных прыяцеляў і чэсных непрыяцеляў. Ішла т. зв. Паўночная вайна паміж Расеяй і Швэцыяй. Калі беларускім аднарогам удавалася часьцяком караць чужымнікаў за зьдзекі, дык фэніксы, трымаючыся сваёй даўняй мірнай традыцыі, больш самі цярпелі ад ворагаў. Нельга, аднак, сказаць, што дзівотныя птахі зусім ухіліліся ад супраціву. Іх супраціў меў выразна негвалтоўны характар, у чым яны значна апярэдзілі і Магатму Гандзі, і нават Джына Шарпа із сваімі 198 мэтадамі негвалтоўнага супраціву.

«Сраженье у Головчина обещало зело претруднейшим быти. Его императорское величество Петр Алексеич бдели деннонощно целую седмицу, радея об одержании виктории над супостатами шветскими, – згадвае невядомы расейскі мэмуарыст пра падзеі 1708 г. – И всей времянный промежуток претерпели Они неединожды сильно от летающего урода литовскаго. Сие уродище прилетало к шатрам царским и корчило рожи, коих описать здеся никак нельзя, дабы не оскорбляти паметь об императоре руссийском. Белоруссцы полоумно рекут оного летягу «бацяном» (сиречь отцем) всего птичства. Средь буйной шляхты литовской сей выблюдок крилатый называется фениксом. Бывают в людех умопомрачения!»27.

А вось што прыгадваў пра падзеі сярэдзіны 1708 г. швэдзкі жаўнер Ёхан Свэнсан: «Сутоньнела ў ваколіцах Магілёва (Mohuljew), i ў гэтую брыдкую шарую гадзіну, калі нам не дазвалялі запальваць агнёў, у небе зьявіліся велізманыя птушкі. Яны ціха ляцелі над намі і мелі ў сабе (у каго пазычыць глуздоў, каб зразумець, як гэта выйшла!) агні, што стваралі сабою асобныя літары і іх спалучэньні. Сэрца паўспаўнялася трывогай, шлуньне пераварочвалася ад вусьцішы. «Фіндос пад нос вам, швэды», – разабралі нашыя знаўцы тутэйшых моваў усю фразу, але перакласьці яе ў швэдзкую цалкам так і не змаглі. Гэта кепскі знак»28.

У 1768 г., калі ў ваколіцах Рагачова ішлі ўпорыстыя баі паміж расейцамі і партызанамі барскай канфэдэрацыі, фэнікс засьведчыў сябе іначай. Расейцы ўлетку таго году напалі на сьлед аддзелу нейкага Іванькі Балахона. Аддзел быў тым болей для іх ненавідным, бо складаўся не із шляхты, а зь мяшчанаў і сялянаў. Пасьля кароткага, але дужа зацятага бою партызаны былі разьбітыя і ўзятыя ў палон. Расейскае камандаваньне лічыла супраціўленцаў «мятежниками» і рыхтавала жорсткае пакараньне. Пяць дзясяткаў паланёных па чарзе былі прывязаныя да гарматаў і расстраляныя ў сьпіну (празь якія 90 гадоў гэтакі спосаб пакараньня пазычаць ангельцы для расправы над індыйскімі паўстанцамі-сіпаямі). Сьведкам гвалту стаўся фэнікс. Але ратаваць беларусінаў было запозна – на вачах птаха апошнім гарматным стрэлам быў разарваны Іванька Балахон.

«Сей воровской разбойник Ваня Болохонин пред смертию восклицал в небеси, взывая не к Богу, но к иному могуществу, – прыпамінае ў сваім тайным дзёньніку расейскі афіцэр Павал Галаўнёў-Седаўласаў. – В очех солдат, кои приводили присуд в исполненье, замелькало сомненье, ибо над главами нашими воспарила преотвратительнейшая птица. Я приказал продолжать исполненье присуда, а остальным – начать стрельбу по страшилищу. Оное изронило истошный вопль, от коего средь многих наших кровь чрез уши проступить изволила. По сем же оно начяло в нас огнем, аки Змей Горыныч, рыгати. Огонь его, справедливости ради укажу, невидимым был, ибо обуглилися наши ребятушки прямо на месте, не воспламеняясь даже. Как спасенье обрел, предположить не смею, уповая токмо на Господа, восхваляя Его. Укрылся я на телеге в сундучке древляном, мысля, коль уж умереть суждено, так пускай хоть в подобии гроба лежащим»29.

Пасьля гэтага інцыдэнту расейцы перасталі выкарыстоўваць у сваёй практыцы памянёны разнавід пакараньня беларускіх партызанаў. Лавіць фэнікса тады ніхто не рызыкнуў, хаця Галаўнёў-Седаўласаў «кровную обиду на белорусскаго финиста поимел».

І ўсё-такі цяжка адказаць на пытаньне: адкуль «усмирители» ды «освободители» назапасілі ў сабе столькі нянавісьці да нашай чароўнай птушкі? 4 ліпеня 1796 г. злоўлены пад Лошыцай бацян-фэнікс быў дастаўлены расейцамі ў Менск. Там на нейкім «низком месте», паводле сьведчаньня Тадэя Булгарына, апавітай ланцугамі птушцы расейцы «пытались отсечь главу. Попытка превратилась в пытку как для яе, тако ж и для русских, – тлумачыць акалічнасьці мэмуарыст. – Мастерить гильотину местные высшие чины поленились, и десяток русских солдат был вынужден орудовать топорами». Кроў цэлымі патокамі хлынула з фэнікса, і нягеглыя ваякі апынуліся «сначала по локоть, а затем и по горло в густой крови». Выбрацца з той гушчы не ўдалося нікому 30…

У сьнежні 1812 г. на Віцебшчыне расейскія войскі без стратэгічнай мэтазгоднасьці ўпалявалі фэнікса і, зьвязанага канатамі, залілі на марозе халоднай вадой31. У красавіку 1831 г. пад Ашмяной казакі і чаркесы пасеклі на кавалкі хворага, зь перабітым крылом, фэнікса-бацяна32. У часе паўстаньня 1863–1864 гг. расейская карная група ў няведамы спосаб замардавала нашу чароўную птушку. Жаўнеры нават сфатаграфаваліся каля трупа. На зваротным баку здымку, што захаваўся да нашых дзён, цынічны надпіс: «Смотрите, милочка, с одним чудовищем справились. Осталось найти Калиновскаго. Эжен. 1 июня 1863 г., село Накрышки Гродненской губ.»33.

Даволі цяжка паддаюцца зьясьненьню пэўныя падзеі 1905–1906 гг. Традыцыйна лічыцца, што ў адпомсту за загад расстраляць мірную маніфэстацыю ля Віленскага вакзалу ў Менску (17 кастрычніка 1905 г.) эсэр Іван Пуліхаў ажыцьцявіў замах на губэрнатара Курлова, быў схоплены і неўзабаве павешаны на варотах Пішчалаўскага замку. Ягоны труп чатыры дні вісеў, нібыта для застрашэньня гараджан. Як высьвятляецца, насамрэч улады ніяк не маглі знайсьці сьмеляка, каторы б наважыўся зьняць цела з бэлькі. Іван Пуліхаў быў не зусім чалавекам. Знойдзеныя нядаўна Ахрэмам Шыбтымавым фрагмэнты апісаньня патолягаанатамічнага агляду цела знакамітага эсэра сьведчаць пра мноства дзіўнотаў: «элементы чешуи по всему телу», «строение глаз выразительно птичье», «шестипалость обеих рук», «странные уплотнения на предплечьях». «Провести должным образом вскрытие не удалось. После первого надреза по неизвестной причине тело воспламенилось», – занатаваў патолягаанатам Ёсель Цынгель34. Магчыма, Пуліхаў быў фэніксам-пярэваратнем – апрычоным адгалінаваньнем ад галоўнага віду? Такія, як Пуліхаў, вырозьніваліся меншымі памерамі і дзівоснай здатнасьцю выглядаць як homo sapiens. Пра ix нам гавораць і беларускія легенды: часьцяком у іх прыгадваецца, як вогненны зьмей або цмок здатны абяртацца ў чалавека35. А беларускаму народу мы можам цалкам давяраць, бо ён мудрэйшы за ўсе акадэміі навук.

Фэніксы ахвотна супрацоўнічалі зь дзеячамі навукі й культуры Беларусі XIX ст. Філяматам, што надта любілі праводзіць досьледы з электрычнасьцю, даводзілася камунікаваць з такім перастарым фэніксам, што жыхарыў у ваколіцах Вільні. Да нас дайшлі чарнавыя запісы для спавешчаньня «Апісаньне досьледу для высьвятленьня наступстваў узьдзеяньня электрыкі птушкі-фэнікса на малако і мёд» (каля 1817 г.). Аўтарам спавешчаньня быў адзін зь філямацкіх фізыкаў Аляксандар Карнэліюс Дзядэцкі. Вынікі экспэрымэнтаў былі сэнсацыйнымі: што з малака, што зь мёду пасьля электраўдару ўтваралася гарэлка36. Як ведама, удзельнікі тайных студэнцкіх таварыстваў у бальшыні сваёй гэты напой не паважалі, стараліся піць слабейшае. Апошняе і тлумачыць, чаму адкрыцьцё ня стала ведамае для шырэйшага навуковага й грамадзкага кола.

У 1880-я гг. нейкі фэнікс жыў на Ўзьдзеншчыне ў маёнтку Над-Нёман, які належаў прыродазнаўцу Якубу Наркевічу-Ёдку. Маёнтак быў ператвораны пад экспэрымэнтальную лябараторыю, у якой дасьледаваўся шырокі спэктар фізычных зьяваў улучна з электрычнасьцю. Дзякуючы фэніксу ставіліся досьледы і з радыёхвалямі. Паводле сьведчаньня юрыста Януар’я Плескачэўскага, 29 кастрычніка 1887 г. Наркевіч-Ёдка, «выкарыстоўваючы электраздатнасьць фэнікса, бяз дроту перадаў гук з Над-Нёмну ўва Ўзду. З адмысловай скрынкі ў маіх узьдзенскіх апартамэнтах я пачуў у хрыпеньні і шоргаце знаёмы голас навукоўцы: «Літва! – родна зямелька, – ты маўляў здароўе!» Радасьць мая крэсаў ня знала»37. Запатэнтаваць вынаходку, на жаль, не ўдалося – у навуковых колах расейскай імпэрыі вельмі моцнымі былі прапапоўскія настроі (але ці праводзіў тады Папоў свае вышуканьні, невядома). Дый сам ліцьвін-беларус не жадаў лішні раз нагадваць расейцам пра дзівоснага птаха, які так моцна ад іх цярпеў.

Асобна варта адцеміць заслугу беларускага фэнікса ў нашай Нацыянальнай Рэвалюцыі 1918 г. (паводле выразу Антона Луцкевіча). Калі Беларусь рэзалі лініяй фронту, калі ейны лёс, як і лёс усёй Сярэдняй Эўропы, здаваўся вельмі няпэўным, найлепшыя сыны нашае Бацькаўшчыны гучна абвесьцілі сьвету пра незалежнасьць Беларускае Народнае Рэспублікі. Было гэта, як ведама, 25 сакавіка 1918 г. Вырашальную ролю ў прыняцьці Вялікага Сакавіковага Акту – Трэцяй Устаўной Граматы БНР – адыгралі віленскія дзеячы, якія 23 сакавіка далучыліся да працы Рады БНР. А маглі б і не далучыцца, бо падарожжа па віленска-менскім адцінку Лібава-Роменскай чыгункі ледзьве ня скончылася трагедыяй. Недалёка ад вёскі Турэц-Баяры банда маладэчанскіх разбойнікаў на чале з Антонам Шадрыным (мянушкі – Ангел, Белы, Сьняжок) рыхтавалі напад на цягнік. Атаман меркаваў, нібыта ў адным з вагонаў тайна перавозіцца каштоўны груз: золата і дыямэнты. Разбойнікі зазвычай нікога з пасажыраў жывым не пакідалі. Нездарма ж на сваім чорным сьцягу з выяваю белага чэрапа і костак атаман зьмясьціў покліч: «Без царя во главе». Віленчукоў чакала немінучая расправа. Аднак у бандыцкія пляны ўмяшаўся злы рок. Калі бандыты ўжо сядлалі коняў, над лесам, дзе яны таіліся, праляцеў незвычайна вялізны фэнікс. I хоць цемра агарнула хеўру на зусім кароткі адцінак часу, яна (гэтая цемра) падалася бясконцаю. Атаман Шадрын, які ўперад быў настаўнікам расейскае славеснасьці, адразу прыгадаў «Слова пра паход Ігараў» і сьпехам адмяніў выправу38.

Не зусім ясна, ці ведалі самі беларускія дзеячы, якая злая доля іх абмінула. Мабыць, што так. Ускосна пра гэта цьвердзіць агентурнае паведамленьне з Акадэмічнай канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (лістапад 1926 г.). Агент ГПУ «Катя» перадаў у цэнтар наступнае:

«Антисоветские вылазки наблюдались и в кулуарах. Иосиф Лесик по неизвестным, однако заведомо провокационным причинам затеял спор о белорусском правописании слова «феникс». Отказывая трудовому белорусскому народу в праве иметь в своем алфавите букву «ф», он предложил писать это слово через «п», а вторую букву, дабы не выкликать неуместных ассоциаций, – заменить на «ё» («пёнікс»). Присутствовавшие при этом отдельные участники конференции, согласившись с первым утверждением, в остальном воспротестовали. Степан Некрашевич настаивал на написании «хвэнікс» или даже «хэнікс». Петр Бузук – «тэнікс». Лишь Ластовский, категорически отметая все варианты, в свойственном ему мелкобуржуазно-нацдемовском угаре заявил о необходимости воскрешения давнего смысла белорусского слова «бацян», предлагая писать его через «цьц» («бацьцян»), а после возможной реформы по возврату старобелорусской письменной традиции – через «тт» («баттян»). При этом он ссылался на какие-то «дакумэнты» беспросветного прошлого Белоруссии времен крепостничества и поповско-ксендзовской вакханалии»39.

Чым бліжэй да нашага часу, тым менш сьведчаньняў пра дзівоснага птаха. Вельмі цяжка выявіць сярод размаітых паведамленьняў пра НЛА над Беларусьсю апісаньне менавіта бацяна-фэнікса, а не лятучай талеркі ці чайніка. Наконадні нямецка-савецкай вайны ў 1941 г. чырвоныя памежнікі неаднакроць фіксавалі зьяўленьне ў небе рознага кшталту летакоў – ня толькі звычайных самалётаў, але й самалётаў, нібыта «окрашенных в подобие птиц, со странным механизмом помахивания крыльями и непривычной амплитудой полёта»40. Сяляне вёсак Ласі й Мясота, што туляцца да дарогі Маладэчна–Радашкавічы, захавалі легенду пра вялізнага чорнага бусла, які ўлетку векапомнага 1941 г. урэзаўся зь неба ў калёну фашысцкае тэхнікі. Пэўны час гэтае паданьне лічылася народным ліра-эпічным пераўвасабленьнем зьвестак аб вычыне лётчыкаў экіпажу Міколы Гастэлы. Аднак больш дакладныя апытаньні бабуляў і дзядуляў падчас палявых дасьледзін дазволілі маладым этнографам выясьніць праўду. «Не, дзіцятка, самылёт патом паляцеў на немцаў. Пярвей жа пціца, вялікая, з магутнымі крыламі, у фашысцкія машыны зь неба ўпала», – адзначыла сьведка падзеяў, настаўніца гісторыі Васіліна Язэпаўна Арцюшэня (1926 году нараджэньня).

Вучэньні войскаў беларускай вайсковай акругі 1952 г. пад Слонімам фактычна ператварыліся ў бітву між Савецкай Арміяй і беларускімі партызанамі з атраду «Чорны кот». Партызаны блякавалі камандзіра Беларускай вайсковай акругі Сямёна Цімашэнку, і партызанскі генэрал Міхал Вітушка, пераапрануты ў савецкую форму, камандаваў замест яго вучэньнямі, аддаючы наўмысна няправільныя загады41. Страты былі як з боку савецкіх салдатаў, так і з боку беларускіх партызанаў. Яны маглі быць у колькі разоў большымі, каб не ўмяшаньне ў канфлікт фэнікса. Птах замаруджваў, а то нават і спыняў у лёце артылерыйскія снарады, што ляцелі на галовы вайскоўцаў. Пасьля арышту Вітушка быў абменены на Цімашэнку. Даведаўшыся пра фэніксаў учынак, партызанскі генэрал упаў у задуменьне і ўрэшце вырашыў спыніць збройную барацьбу супраць савецкае ўлады42.

Ці ня самы апошні раз бацяна-фэнікса беларусам давялося бачыць у сярэдзіне 80-х гг. XX ст. 26 красавіка 1986 г. адбыўся выбух на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Радыяактыўныя аблокі вецер гнаў у бок Масквы. Савецкае кіраўніцтва прыняло рашэньне разьвярнуць аблокі, каб зьняць імаверную пагрозу савецкай сталіцы. Лётчыкі, што засталіся жывымі пасьля гэтай спэцапэрацыі, пазьней апавядалі пра агромністую птушку, што паглынала аблокі. «Было очень страшно от осознания непонятности происходившего. Нам ведь толком что к чему не объяснили, – успамінаў лётчык Клім Алегаў, – тем более пришлось ужаснуться, видя, как эта птица пожирала тучи, словно старалась опередить нас»43.

Нельга забыць таго наймацнейшага патрыятычнага парыву, зь якім птушка фэнікс імкнулася асланіць сваю родную зямлю ад жудаснай бяды. Ці выжыла яна пасьля гэтага, мы ня ведаем. Вельмі хочацца верыць, што яна й да сёньня жыве ў гушчарах Палесься, дзе не ступае нага чалавека. Жыве і гоіць свае раны, каб урэшце зноў зьявіцца ў нашым небе, даводзячы сьвету сваю і нашу неўміручасьць.

Бібліяграфія

1 Погибшие открытия: Хрестоматия утраченных литературных находок. Екатеринбург, 1999. С. 12–13.
2 Греческий «Физиолог» по черниговскому краткому списку XI века. Киев, 1848. С. 39.
3 Церковь и литература в Западной Руси во времена литовских князей (от Гедимина до Витовта). Ревель, 1898. С. 91.
4 Pergaminy Jadz’wingo’w. Paryz., 1834. S. 15.
5 Цыт. паводле: Коленко Ф., Шанцев И. История Руси: Что от нас прятали? Ростов-на-Дону, 1995. С. 60.
6 Эпистолярное наследие русской православной церкви: Древний период. Сергиев Посад, 1912. С. 140.
7 Летяго В. В. Вокруг «Слова о законе и благодати»: источники, черновики, наследования. Орел, 1992. С. 56.
8 Quellen des Mittelalters. Darmstadt, 1962. Band XIa. S. 654.
9 Тайный летописец Великих князей Литовских: [Рукапіс з прыватнага збору гомельскага калекцыянэра старасьветчыны Стывэнсана Я. П. Пагінацыя адсутнічае.]
10 Scriptores Rerum Livonicarum. Riga–Leipzig, 1854. Band 1. Teil 2. S. 272.
11 Штогоднік Беларускага Архіву Сноў. Менск, 2002. С. 18.
12 Послания Гедимина. Калининград, 2000. С. 42.
13 Церковь и литература в Западной Руси во времена литовских князей (от Гедимина до Витовта). Ревель, 1898. С. 92.
14 Decameron di Lithuania; албо Литуанский Десятиден, где кратко припадки вшелякие оповедаеть Иван Кособоцкий, котрый был за Витовта господаря часы: Рукапіс Новасібірскай абласной аб’яднанай унівэрсальнай бібліятэкі. Інв. № 4591. С. 69.
15 Дневники караимов: [Рукапіс Публічнай бібліятэкі Буэнас-Айрэсу. Інв. № 1506-1410.] Сшытак 10. С. 140.
16 Гайдэнштайн Р. Над Полацкам ізноў дажджы: Фрагмэнты ўспамінаў. Рэгенсбург, 1946. С. 8.
17 Сношения с Польшей. Цэнтральны дзяржаўны архіў старажытных актаў (Масква). Ф. 79-біс. Воп. 1. Спр. 86. Арк. 31.
18 Цыт. паводле: Цьвін Л. Начырк з гісторыі беларуска-маскоўскіх дачыненьняў цягам XVI–ХVIII стст. Чыкага, 1975. Б. 75.
19 Литовская метрика. Книга публичных дел // Русская историческая библиотека. Юрьев, 1914. Т. XXX. Ч. 2. Слупок 681.
20 Там жа. Слупок 690.
21 Быховская хроника XVII в. // Новое в палеографии восточных славян. Москва, 2003.
22 Дыяриуш, албо Спис деев и дум о всем чисто Ионы Тривольского: [Рукапіс Галоўнага архіву старажытных актаў (Варшава). Інв. № 2000/ХР.] С. 80.
23 Казанье поляшуцке схызматычне. [Рукапіс Галоўнага архіву старажытных актаў (Варшава). Інв. № 5903-43.] С. 2.
24 Акты Литовской метрики, собранные И. Я. Погранзоновичем. Варшава, 1887. Т. 2. Вып. 1. С. 431.
25 Присовокупление к части первой Архива Юго-Западной России. Киев, 1860. С. 315–318.
26 Леопардов раптуляр Яна Ранка: [Рукапіс Тамбоўскай абласной бібліятэкі. Інв. № 6144-3 (пер). Пагінацыя адсутнічае.]
27 Рассказ неизвестного солдата российского, бывшего участником Северной войны. Санкт-Петербург, 1800. С. 5.
28 Krigares Dagbo»cker. Lund, 1902. V. 2. S. 57.
29 Головнев-Седовласов П. Ю. Вспоминанья о ратных трудах. Нижний Новгород, 1832. С. 220.
30 Булгарин Ф. Кое-что о птицах // Южная муха. 1827. Сентябрь.
31 Cudzoziemcy о Polsce i Litwie. Krako’w, 1973. S. 75.
32 Dodatek do pamie;tniko’w Ignacego Domeyki. Warszawa, 1901. S. 18.
33 Фатаграфія з прыватнага збору гомельскага калекцыянэра старасьветчыны Стывэнсана Я. П. У публікацыі адбітку адмоўлена.
34 Нацыянальны гістрычны архіў Беларусі (Менск). Ф. 346. Воп. 22. Спр. 29. Арк. 88.
35 Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны даведнік. Менск, 2004. С. 188–189, 544.
36 Dziedecki A. K. Lustracja sproby… [Рукапіс Нацыянальнай бібліятэкі Польшчы (Варшава). Інв. № 68958.] С. 9.
37 Pleskaczewski J. Wspomienia z przesz?os’ci. Lwo’w, 1933. S. 125.
38 Новое русское поле. 1923. №10 (Париж). С. 30–32.
39 Нацыянальны гістарычны apxiў Беларусі (Менск). Ф. 13. Воп. 66. Спр. 619. Арк. 37 аб.
40 Шалупеня И. Какой провокации боялся в 1941 году Сталин? // Суперсенсация. 2000. № 12 (июнь).
41 Ёрш С. Генэрал Вітушка // Наша Ніва. 1997. 12 траўня.
42 На варце Сакавіка. 1952. № 40 (Мюнхен).
43 Орловский У. Загадки Чернобыльской катастрофы // Тайны и сенсации XX века. Москва, 2003. С. 50.

Гомель, 2003-2004 гг.