Зябраўка. Назва паводле легендаў і паданняў

0
291
Зябраўка вёска Зябровка

Некалі ля нашай вёскі працякала невялікая, але даволі свавольная і непрадказальная рэчка. А ў даўнія часы масты праз рэкі не будавалі. Казалі звычайна:

— Навошта той мост? Знайсці водмель — і ўсё на гэтым. Летам няма асабліва часу раз’язджаць — працы па вушы.
— А зімой ды ўвосень?
— Тады маразы такі мост трывалы выштукуюць, што і сякерай яго не прасячэш. Едзь сабе, куды толькі пажадаецца.

Так людзі разважалі, так і pa білі да тае пары, пакуль адзін пан тут добра-такі не брохнуўся. Ca злосці ён нашаму паселішчу і назву прыдумаў. Даўней жа яно безыменным было.

Значыцца, жыў-быў пан,і звалі яго Леакадзем. Дзіўнае імя, ды казалі, што з палякаў паходзіў, а ў тых жа ўсё было незвычайнае. Памешчык той і не надта благі быў. Праўда, часта любіў паздзекавацца з людзей, прычым без асаблівых падстаў. Вось заўважыць каго з прыгонных, а ў самога на гэты момант дрэнны настрой, і пачне выштукоўваць. Ды каб жа толькі жартаваў ці языком малаціў, а то раскрычыцца і загадае слугам:

— Дайце гэтаму лайдаку ў косці, каб на ім шкура засмылела!
— Паночку, даражэнькі, за што? — выкручваецца вясковец.
— Вы гляньце на яго! Ён яшчэ і пытаецца!
— Але ж я не вінаваты!
— Каб вінаваты быў, то зараз позна было б прасіцца. Гайдукі, даць яму гарачых!

Свішчуць бізуны, круціцца, слёзна просячыся, вясковец, які так і не ведае, за якую правіннасць яго лупцуюць, а гаспадар пыхкае сабе люлечкай і пасмейваецца:

— Гупайце да таго часу, пакуль не засмярдзіць!

Гайдукі, выскальваючы зубы, адказваюць:

— Ён з першага разу ў нас засмярдзеў, паночку.
— Тады зрабіце так, каб гэты дурань яшчэ раз уграшыўся!
— Выканаем!

Свішчуць бізуны, пырскае кроў, ахвяра ўжо не рэагуе на ўдары, бо прытомнасць страціла, а памешчык не аддае загаду слугам супыніцца. Адальюць няшчаснага вадой і дапытваюцца:

— Зразумеў?

Той і галавой хіснуць не мог, але ўсё ж адказваў, што зразумеў, каб не атрымаць яшчэ бізуноў.

— Што зразумеў?
— А тое, што вам трэба, — выдыхваў з апошняе сілы скрываўлены вясковец.
— То пусціце яго, няхай бяжыць дамоў, — загадваў пан, але тут жа ўслед неслася са смехам:

— Стой, ідзі сюды!

Чалавек, збялелы ўвесь, ішоў назад, нібы на шыбеніцу. А памешчыку толькі гэтага і трэба было, ён задаволена працягваў:

— Табе даць далі?
— Але, паночку.
— А заплаціць жа не заплацілі?
— Ды якая там плата, родненькі, навошта яна мне? Не трэба мне нічога. Я лепей дамоў падамся.
— Не. Чакай.

Потым звяртаўся да гайдукоў:

— Дайце яму!

Вясковец у думках ужо з жыццём развітваўся, бо не верыў у тое, што вытрымае наступную лупцоўку, і ў гэты момант, нібы з-пад зямлі, да ягоных вушэй даносілася:

— Дайце яму залатовак шапку.

Такія вось справы вырабляў той пан Леакадзь. Але і ён нажартаваўся на сваю галаву, знайшоўся і на яго суцяшальнік — фурман, з якім пан паўсюдна ездзіў. Леакадзь і яго дубасіў так, што той на азадак сесці не мог, а потым сам жа і здзекаваўся.

Дык вось ехалі яны неяк паўз рэчку. Памешчык аглядаў свае ні вы ды палі, ці ўсюды быў парадак, хацеў сам пераканацца ў гэтым. І тут яму нечакана прыйшла думка ў галаву:

— Давай, браце, праз раку пераедзем.
— Глыбока, пане.
— Каму глыбока, а каму і не.
— Тады зараз.

Лёкай той выдатна ведаў, дзе глыбокія мясціны, а дзе мелкія. Выбраў самы засмуроджаны зарожак і туды накіраваў коней. Тыя як рванулі, то і выбеглі на бераг самі, без карэты і, ведама ж, без памешчыка.

Фурман сеў на траву і сядзіць спакойненька ды з-за куста выглядвае. Памешчык пералякаўся і верашчыць:

— Ратуйце!

Ніхто на дапамогу не спяшаецца.

— Дапамажыце!

Нікога няма, а вада ўдарыла ўжо смярдзючым пахам у самы нос.

— Ратуйце!

I напіўся вады. Пачаў сам ратавацца — вылезці не здолеў. Наглытаўся бруду і на дно ўжо пайшоў. Толькі тады фурман выцягнуў яго на бераг. Памешчык ледзьве прыйшоў у сябе і ціхенька загаманіў:

— Гэтая… жабраўка… (значыцца, мясціна, дзе жабы ў глеі ды ў ціне сваіх дзяцей выводзяць)… ледзьве мяне не згубіла… Ніколі болей з цябе не буду здзекавацца.
— І з іншых таксама?
— Ага. І зямлі табе дам, і лесу на хаціну, будуйся прама тут.

Так і паўстала вёска Жабраўка, а ўжо значна пазней перайначылі яе ў Зябраўку.

Аўтар: А. Ненадавец
Крыніца: Гомельшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / Склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. — Мн.: Беларусь, 2001. — 415 с.: іл. — (Мой родны кут). Ст. 9-11.