Зоя Літвінава. Мой Мінск

0
410
Зоя Літвінава - Мой Мінск
Зоя Літвінава - Мой Мінск

Мінск, які доўгія стагоддзі быў цэнтрам ваяводства, губерні, праз нейкі няясны збег абставінаў не быў тым месцам, дзе 6 нараджаліся выдатныя асобы. Здавалася, нішто таму не замінала… Тым часам Полацк, Наваградак, блізкая Вільня ці далёкі Мсціслаў бясконца выпраўлялі ў людскі свет рыцараў духу, мяча і пяра. Мінск, нібы прадбачыўшы сваё прызначэнне, зберагаў у сабе тыя зярняты, што прараслі толькі напрыканцы дваццатага стагоддзя. Колькі ў Мінску нарадзілася мастакоў? Не так і шмат… Затое тыя, хто знайшоў тут сябе, апявалі сталіцу на ўсе лады, ствараючы ўсё новыя, нязнаныя, нябачаныя вобразы горада над Свіслаччу…

Для мяне мастацтва — гэта маральны ўчынак, шлях стварэння новай рэальнасці, шлях свабоды.

Зоя Літвінава

Зоя Літвінава ўбачыла гэты горад у самым ягоным росквіце, толькі адноўленым пасля вайны, яшчэ не пабляклым, не прыцярушаным пылам. Мастачка ўбачыла Мінск такім, якім ён ужо ніколі не будзе. Тыя ўражанні, што перапаўнялі яе тады, калі яна сканчала Мінскае мастацкае вучылішча, што яшчэ не насіла імя скульптара Глебава, засталіся з ёю на ўсё жыццё. Раптоўнае змякчэнне палітычнага рэжыму і людскіх нораваў, нечакана шырокія кантакты са светам, спадзевы на тое, што заўтра будзе абавязкова лепш за сёння, вызначылі мастацкую i чалавечую атмасферу пачатку 1960-х… Яшчэ студэнткаю Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, яна выстаўляла свае творы ад 1962 г. I ўжо адразу вызначылася, знайшла сваё месца ў мастацкім жыцці краю. Але галоўнае сваё крэда, як выпускніца манументаліста Гаўрылы Вашчанкі, яна вызначыла пазней, апрабаваўшы ці не ўсе формы манументальнага мастацтва, ад энкаўстыкі да габелену.

Шмат хто ведае Літвінаву, перадусім, як знаную манументалістку, аўтарку надзвычай выразных, адметных, паводле кампазіцыі і вобразнай дакладнасці, вялікіх пано і роспісаў… У суаўтарстве са Святланай Катковай яна выканала знакамітыя манументальныя роспісы ў Інстытуце кібернетыкі, Палацы чыгуначнікаў, гатэлі “Планета”. Шырока ў свой час рэпрадукавалася выява роспісу “Стары і новы Вільнюс”, што ў кінатэатры “Вільнюс”, таксама плён яе садружнасці з мастачкай Катковай [2, с. 234]. Гэты дзіўны твор, нібы велізарны габелен, быў увасабленнем наватарства. Адабраныя мастачкамі прыёмы і сам сюжэт — аповед пра сталіцу савецкай Літвы, былі нязвыклымі, нетрадыцыйнымі. Зрэшты, і не навязваліся ані да якіх беларускіх, перадусім, віленскіх традыцыяў. Атрымалася трапная імітацыя мастацтва суседняга краю, твор на матывы тагачаснага літоўскага мастацтва… Ве­льмі значны твор у біяграфіях мастачак, вельмі маштабны паводле тэхнічных задачаў і вельмі яскравы для разгляду супярэчнасцяў мастацкага жыцця Беларусі сярэдзіны 1970-х гг. Вяршыняю яе манументальных пошукаў стаў роспіс капліцы ў царкве аўстрыйскага мястэчка Хопфгартэн у 1995 г.

Ранні жывапіс Зоі Літвінавай ужо красамоўна сведчыў пра тыя адметныя рысы яе творчасці, што аказаліся ёй уласцівыя праз усё жыццё — незалежнасць духу, нонканфармізм і інтэлектуалізм, нястомныя пошукі самой сябе ва ўласных нетрах досведу і свядомасці, у памяці пра вясковае дзяцінства і пра сталічную маладосць. Ужо ў пачатку 1970-х складаецца вельмі адметная жывапісная манера Літвінавай — падкрэсленае памкненне да манументалізму, раскладка на лякальныя жывапісныя роўнядзі, чысціня каляровай гамы. Дамагаючыся чысціні і свежасці колеру, мастачка аддае перавагу не механічнаму змешванню фарбаў на палітры, а супастаўленню іх на халсце. Каб перадаць дакладны тон, напрыклад, зялёнага лісця, Літвінава часам кладзе на палатно побач мазкі жоўтага і сіняга, смела пракладае глыбокія, амаль чорныя цені, што адлегласці ўспрымаюцца менавіта як зялёнае. Альбо, паводле сваёй задачы, барвова-чырвонае, альбо жоўта-залатое. Яе жывапіс, у якім інтэнсіўнасць колеру — відовішчны эквівалент інтэнсіўных эмоцый і сутнасці існага ўвогуле, — вылучаецца тут на абагульненым тле, што імкнецца да зялёных і брунатных таноў каляровага спектру…

“Мой Мінск”, напісаны Літвінавай у 1974 г., дэманструе самыя адметныя рысы яе жывапісу [1, с. 80]. Жывапісу сакавітага i чыстага. Панарама старажытнага горада, карагод чырвоных дахаў, бляск ракі, патанаючыя ў зеляніне дамкі, а па-над усім лунае амаль прывіднае, не раўнуючы, палярнае ззянне, сама Опера. На сваю эпоху гэтае палатно выглядае нетрывіяльна, цалкам нечакана: скрозь сталічную перадзакатную чырвоную смугу праступаюць глыбокія зялёныя цені дамоў і двароў, неба ахутваецца халодным вэлюмам шарай гадзіны, і на фоне перлавінава-сівога неба зіхціць цёплым жыццём горад. Усё гэта, адбіваючыся ў люстры вады, пачынае свяціцца і вібраваць жывым подыхам, рыхтык суцэльная істота… Апошнія промні вечаровага сонца ператварылі горад у фантастычную феерыю колераў, святла і ценю…

Глядач бачыць зацішныя гарадскія кварталы і знізу, і зверху, становячыся між дзвюх жаночых постацяў на пярэднім плане, што ледзь бачныя ў самога краю палатна. У пярэстай архітэктурнай гурбе гэтыя паасобныя персанажы амаль нябачныя, фігуркі толькі намечаныя хуткімі цёмнымі мазкамі. А старыя будынкі і новыя гмахі яснеюць проста перад намі. Опера, што пануе на вяршыні кампазіцыі, становіцца вобразам сакральным, недасяжным у сваёй галавакружнай вышы, сімвалам дасканалага і ўрачыстага. Праз суплёт меншых аб’ектаў, што даюць нам разнастайнасць паасобных уражанняў, з якіх можна складаць не адно апавяданне, мы бачым цэльнае — вялікі аб’ём рознафарматных архітэктурных элементаў, злучаных у масіве гары і адлюстраваных у вадзе. А на пярэднім плане — двайны аўтапартрэт. З аднаго боку — сама мастачка ля эцюдніка, з іншага — яна ж з дзіцем. У выніку манументальны, эпічны аповед набывае прыватныя, лірычныя ноты. Літвінава вырашае дваістую задачу стварэння велічнага вобраза горада і прыватнага, асабістага прызнання ў сваіх пачуццях, праз раскрыццё трансцэндэнтных і сімвалічных сэнсаў колераў. Жыццядайных — чырвоных і зялёных.

Для Зоі Літвінавай было важна тут не проста адлюстраваць краявід, пейзаж з элементам аўтапартрэта, а стварыць велічны і трапны вобраз, перадаць свежасць персанальных уражанняў ад натуры, удзячнай натуры такога горада, дзе кожнае імгненне нешта змяняецца, на нязменных пагорках, амытых нязменным рухам ракі. Мастачка перадае тое, што бачыць, — імклівыя змены цёплага вечара, калі фарбы набываюць сваю максімальную інтэнсіўнасць. Літвінава працуе рэльефным раздзельным пісягам — ад гэтага паверхня яе палотнаў набывае асаблівую жывапісную фак­туру. Паблізу вачэй успрымае змешванне чыстых, гучных каляровых мазкоў, што на адлегласці ператвараюцца ў дзвонкі спеў сонечных блікаў. Спыненае імгненне пераўтвараецца ў цуд, у яшчэ адну рэальнасць: бязмежнае неба, пад якім пульсуе жыццё, пераліваецца, адлюстроўваючыся ў імклівых водах ракі… Бязмежнае, нерэальна цёплае людское жыццё ў нерэальна гожым горадзе.

***

Зоя Літвінава (27.11.1938, в. Старое Сяло, Веткаўскі раён) — беларуская мастачка. Скончыла Беларускі дзяржаўны тэатральна- мастацкі інстытут (1967). Удзельнічае ў выставах з 1962. Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР. Сябра творчага аб’яднання “Няміга-17” (ад 1986). Мае ордэн “За заслугі ў мастацтве і літаратуры” (Францыя). Сярод галоўных твораў пано “Стары і новы Вільнюс” (кінатэатр “Вільнюс”, Мінск), палотны “Мая Радзіма”, “Мадонна”, партрэты М. Багдановіча (1974, 1982), роспіс капліцы святой Марыі (Хапфагартанс, Аўстрыя). Творы зберагаюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, у зборах Беларусі, Расіі, Аўстрыі, Германіі, ЗША, Італіі, Вялікабрытаніі, Ізраіля.

Крыніцы

  1. Беларускі пейзажны жывапіс. Беларусь. — Мінск, 1982.
  2. Гісторыя беларускага мастацтва. — Мінск: Навука і тэхніка, 1994. — Т. 6.


Аўтар: 
Сяргей Харэўскі
Крыніца: Харэўскі С. Сто твораў XX стагоддзя: нарысы па гісторыі мастацтва і архітэктуры Беларусі найноўшага часу / аўт.-укл. С. В. Харэўскі, Рэд. Баразна М. — Вільня: ЕГУ, 2011. Ст. 308-311.