Зніклыя “Грацыі” з Гомеля

0
108
Грацыі - скульптура з Гомеля, якая знікла і грации

У гады Вялікай Айчыннай вайны музеі Беларусі страцілі вялікую колькасць сваіх калекцый. Не стаў выключэннем і сучасны музей Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Аснову тады яшчэ гістарычнага музея складалі прадметы, якія належалі сям’і князёў Паскевічаў, у чыім палацы і размясцілася ўстанова. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны было прынята рашэнне аб эвакуацыі артэфактаў. Пунктам назначэння быў выбраны горад Сталінград, куды ў ліпені 1941 года вывезлі большасць каштоўнасцяў з Гомельскага гістарычнага музея. Але забраць усё, на жаль, не атрымалася — у Гомелі засталося больш за 10 тысяч прадметаў. Лёс большасці з іх застаецца невядомым.

Летась на інтэрнэт-аўкцыёне “Ebay” з’явіўся фотаздымак, зроблены салдатам Вермахта ў 1943 годзе, на якім была адлюстравана скульптурная група з трох жанчын. Фатаграфія ішла ў падборцы са здымкамі Гомеля, таму і гэтая выява, магчыма, была знята ў горадзе над Сожам. Такая скульптура магла знаходзіцца толькі ў палацы Паскевічаў, у сувязі з чым неабходна было праверыць яго вопісы маёмасці, якія захоўваюцца ў гомельскім музеі.

Грацыі на пастаменце ў Гомелі
Фотаздымак з выявай скульптурнай групы, які выстаўляўся на інтэрнэт-аўкцыёне «Ebay». / Фота з калекцыі аўтара

У “Вопісе наяўнасці гомельскага замка”, зробленым у 1910 годзе, сярод іншых прадметаў калекцыі князёў Паскевічаў згадвалася статуя “Тры грацыі” з белага мармуру на мармуровым жа пастаменце. Сапраўды, жанчыны на фатаграфіі падобныя на трох грацый, якія ў старажытнагрэчаскай і старажытнарымскай міфалогіі былі даравальніцамі натхнення і набліжанымі да мастацтва як багіні вытанчанасці, хараства і прыгажосці. Але ці тая ж гэта скульптурная група, якая знаходзілася ў Гомелі?

Пацвердзіць здагадку дапамог нядаўна набыты музеем Гомельскага палацава-паркавага ансамбля альбом “Homel 1911” з відамі палаца і парка. На адной з фатаграфій з выявай паўднёвай галерэі злева сярод раслін бачна мармуровая статуя. Несумненна, гэта і ёсць “Тры грацыі”, чыя выява была на фотаздымку нямецкага салдата.

Фрагмент фотаздымка Паўднёвай галерэі палаца са скульптурай "Тры грацыі" з альбома "Homel 1911"
Фрагмент фотаздымка Паўднёвай галерэі палаца са скульптурай «Тры грацыі» з альбома «Homel 1911». / Асобнік з фондаў музея

Існуе меркаванне, што скульптура была прывезена Фёдарам Іванавічам Паскевічам пасля яго паездкі па Італіі ў 1860 — 1870-я. Аўтар яе, на жаль, не вядомы, але зроблена яна была з арыгінала знакамітага італьянскага майстра-класіцыста канца XVIII — пачатку XIX стагоддзяў Антоніа Кановы. Арыгінал быў выраблены паміж 1813 і 1816 гадамі. Да 1901 года ён захоўваўся ў герцага Лейхтэнбергскага ў Санкт-Пецярбургу, а затым быў прададзены ў Эрмітаж, дзе і знаходзіцца па сёння.

На мармуровым пастаменце гомельскай скульптуры быў накрэслены знак. Што ён азначае, сказаць праблематычна. Не выключана, што гэта мог быць подпіс аўтара.

Дзякуючы знойдзенай нямецкай фатаграфіі, можна з упэўненасцю сцвярджаць, што гомельскія “Тры грацыі” не былі эвакуіраваны ў Сталінград, а заставаліся ў будынку музея, прынамсі, да 1943 года. На здымку бачна, што скульптурная група была пашкоджана, на ёй прысутнічае мноства трэшчын. Але што з ёй здарылася пасля вызвалення Гомеля 26 лістапада 1943 года, можна толькі здагадвацца: яе маглі знішчыць, увезці ў Германію, скінуць у раку ці схаваць у горадзе. Камісія па ацэнцы шкоды, прычыненай Гомельскаму гістарычнаму музею, створаная 15 снежня 1944 года, ацаніла “Тры грацыі” ў 500 тысяч рублёў. Мармуровая скульптурная група стала самай дарагой сярод усіх згубленых скульптур гомельскага музея.

Сёння застаецца толькі спадзявацца, што “Тры грацыі” не былі страчаны назаўсёды і змогуць калі-небудзь зноў з’явіцца ў гомельскім музеі. Альтэрнатывай жа можа служыць стварэнне яшчэ адной копіі з арыгінальнай скульптуры Антоніа Кановы, якая экспануецца ў Эрмітажы.

Аўтар: Юрый Панкоў, супрацоўнік музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля