Знайсці роднае племя, або Крышталі радзімічаў з Марса

5
1234
радзімічы і гісторыя Беларусі

Кожны, хто хоць бы трошкі знаецца ў беларускай гісторыі, памятае, што Гомель лічыцца цэнтрам племяннога аб’яднання радзімічаў, летапісныя звесткі пра якое прыпадаюць на ІХ-ХІІ стст. Усе вядомыя на сёння найстаражытнейшыя сюжэты пра радзімічаў утрымліваюцца ў “Аповесці мінулых гадоў” пачатку ХІІ ст. Гэта паданне пра братоў Радзіма і Вятку, расказы пра плату даніны хазарам, пра ўдзел у паходзе на Візантыю, пра паразу на рацэ Пяшчане ад ваяводы па імені Воўчы Хвост, згадкі пра іх “звярыны абычай” з бясоўскімі ігрышчамі, умыканнем жанчын, пахаваннем “на стаўпах”. Дзякуючы археалогіі, вядома пра сяміпрамянёвыя скроневыя кольцы радзімічанак, пра паступовую змену пахавальнага абраду ад трупаспалення да трупапалажэння і пра некаторыя іншыя аспекты радзіміцкай матэрыяльнай культуры. Між тым даследчыкі здаўна спрабавалі вырвацца з палону Нестара Летапісца і, не ведаючы археалогіі, на свой капыл расквечвалі вобраз радзімічаў.

“Радимичи бо и Вятичи от Ляхов. Бяста бо два брата в лясех, Радим, а другий Вятко, – и пришедъша седоста Радим на Съжю, и прозвашася Радимичи, а Вятъко седе с родом своим по Оце, от него же прозвашася Вятичи”, – чытаем у “Аповесці мінулых гадоў” і не знаходзім звыклага па падручніках азначэння “племянны важак” у дачыненні да хоць кагось з двух легендарных братоў. А вось аўтар «Хронікі польскай, літоўскай, жмудскай і ўсёй Русі» (1582 г.) Мацей Стрыйкоўскі называе іх “князямі” (“xiążęta”), якія, знаходзячыся пад уладай легендарных заснавальнікаў Кіева, “pospolicie u nich hetmany bywali” (“звычайна ў іх гетманамі бывалі”). Пагадзіцеся, калі сказаць “князь Радзім” ці яшчэ больш прыўкрасна “гетман Радзім”, то вобраз летапіснага персанажа пачынае іграць асаблівымі фарбамі. Стрыйкоўскі, згадаўшы Радзіма, агучвае ўжо знаёмую нам версію, што той даў назву радзімічам, якія жылі над “nad rzeką Sassu”. Дапускаю, што назву ракі з яго “Хронікі” чытачы маглі і не суадносіць з рэальнай ракой Сож. Пра гэта ўскосна сведчыць старабеларускім пераклад “Хронікі” (захаваўся ў рукапісе), згодна з якім “радимчане” пасяліліся “над рекою Сасус”.

Гісторык XVIII ст. Адам Нарушэвіч у працы “Гісторыя польскага народа” зноў жа ў адным кантэксце з заснавальнікамі Кіева згадваў “іншых князёў рускіх”: “u Radzynia nad rzeką Sanem, … od Radzynia Radzimierzanie”. Як бачым, тут не засталося месца не толькі рацэ Сож, але і самому Радзіму. Сож ператварыўся ў Сан – раку, што цячэ  па землях Украіны і Польшчы, упадаючы ў Віслу (дарэчы, згадваецца ў поўнай версіі ўкраінскага гімна). Радзім знік, саступіўшы сваё пачэснае эпічнае месца населенаму пункту з назвай Радзынь, якога, здаецца, на рацэ Сан няма. Але ёсць Радымна – акурат на Сане ў Падкарпацкім ваяводстве. Пэўна яго і меў на ўвазе Нарушэвіч. Што так, што гэтак – да Гомеля далёка.

Зрэшты, племянным цэнтрам радзімічаў Гомель лічыўся не заўсёды і не ўсімі. Так, гісторык беларускага паходжання Восіп Турчыновіч у кнізе “Обозрение истории Белоруссии с древнейших времен” (1857 г.), за туманам слоў абмінаючы праблему рэальнасці існавання Радзіма, марна шукаў у назвах гарадоў Пасожжа сугучча са словам радзімічы: “Только одно название нынешнего местечка Чериковского уезда Радомля напоминает радимичей, у которых, может быть, он был столицею”. Калі мне не здраджвае памяць, магілёўскія краязнаўцы, цвелячы гомельскіх, аж дасюль трымаюцца гэтай версіі.

Відаць, падобнай логікай кіраваліся і тыя даследчыкі старажытнасцяў, хто, інтэрпрэтуючы летапіснае паданне пра паход кіеўскага ваяводы Воўчага Хваста на радзімічаў, месца бітвы 984 г. “на реце Пищане” звязвалі з сугучным па назве малым правым прытокам Сожа за шэсць вёрст ад мястэчка Прапойск (сёння – Слаўгарад). Вядомы гомельскі археолаг Алег Макушнікаў у 1990-я гг. паставіў гэтае атаясамленне пад сумнеў: “Лагічна дапусціць, што сустрэча радзімічаў і Воўчага Хваста адбылася не ў цэнтры  зямель “племяннога” аб’яданання (каля Прупоя-Прапойска), а паблізу граніцы з Кіеўскай дзяржавай. Хутчэй за ўсё, Пяшчана перасякала старажытную дарогу з Кіева ў Зямлю радзімічаў”. На аснове аналізу старых картаў і дакументаў даследчык прыйшоў да высновы, што “бітва 984 года адбылася недзе між сучаснымі пасёлкамі Хутаранка і Пясочная Буда” – за 30 кіламетраў на паўднёвы ўсход ад Гомеля, на рацэ, якая сёння мае назву Пясошанька, а ў паперах XVI ст. называлася Пясочнай.

Калі вяртацца да летапіснага падання пра Радзіма, то наш зямляк, ураджэнец Рэчыцы, Мітрафан Доўнар-Запольскі сумняваўся ў факце існавання Радзіма і крытыкаваў адпаведны пасаж з “Аповесці мінулых гадоў”, пра што адзначыў у адной са сваіх прац канца ХІХ ст.: “Вышеприведенный рассказ летописи составляет обыкновенный прием тогдашних летописцев для вывода какого-нибудь народа: стоит только изобрести “праотца” – и происхождение племени открыто”.

Беларускі гісторык, публіцыст, “неадменны сакратар Адраджэння” Вацлаў Ластоўскі пакінуў розныя версіі паходжанне назвы “радзімічы”. У “Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі” (Вільня, 1926 г.) ён выказаў меркаванне, што назва “крывічы” была агульнай для многіх вядомых нам з “Аповесці мінулых гадоў” племянных аб’яднанняў, у тым ліку дрыгавічоў, драўлянаў, радзімічаў. Паводле яго тэорыі апошнія выступаюць як “галіна крыўскага племя”, што “была сарганізавана ў дзяржаву славянскімі выхадцамі з захаду, з Балтыцкага паморья, якія знаходзіліся пад кіравецтвам двох старшын – Радзіма і Вяткі” (гетману Радзіму ад старшыны Радзіма прывітанне!), з чыімі імёнамі Ластоўскі звязваў паходжанне адпаведных назваў. “Радзімічоў і Вяцьчоў” ён лічыў адзіным “племем”, раскінутым на вялікіх адлегласцях. Між тым, у выдадзеным двума гадамі раней у Коўне “Падручным расійска-крыўскім (беларускім) слоўніку”, які склаў Ластоўскі, знаходзім іншую трактоўку: “Крывічы і Радзімічы выказуюць адно і тое-ж паняцьце сваяцтва: крывіч ад «кроўны»; радзіміч ад «родны»”.

Са з’яўленнем балцкай канцэпцыі паходжання беларусаў узніклі зусім нечаканыя для папярэдніх часоў версіі адносна радзімічаў. Так, Эдуард Загарульскі у працы “Заходняя Русь” (Мінск, 1998 г.), крытычна ставячыся да паведамленняў “Аповесці мінулых гадоў”, адзначаў, уплыў балцкага субстрату праявіў сябе ў часы складання гэтага летапісу. Маўляў, летапісцу было зразумела, што новыя імёны ў славян узніклі пасля іх рассялення на новых мясцінах, але тлумачэнне іх паходжання той даваў па-свойму, зазвычай, у звязку з геаграфічнымі адметнасцямі пэўнай мясцовасці. “Назвы, якія летапісцы не маглі растлумачыць падобным чынам, вывелі ад асабовых імёнаў (Вятка – вяцічы, Радзім – радзімічы і г.д.). Усё гэта тыпова для народнай этымалогіі”, – заўважыў даследчык. Часам мне таксама даводзіцца спрычыняцца да народнай этымалогіі, просячы шасцікласнікаў выказаць сваю думку наконт слова “радзімічы”. І тыя прапануюць самы відавочны адказ, бачачы сугучча са словам “радзіма”. Між тым, балцкая канцэпцыя адрынае падобнае тлумачэнне, аддаючы перавагу іншаму, у якім імя “радзімічы” выводзіцца ад балцкае назвы, роднаснай літоўскім словам “radimas” (знаходжанне) і “radimiete” (месцазнаходжанне). Калі гэта сапраўды так, то назва “радзімічы” (як і “крывічы, “дрыгавічы”) можа быць славянізаванай формай ранейшае балцкае назвы. Прынамсі, тады становіцца зразумела, куды дзеліся назвы дняпроўскіх балтаў, якія лічацца страчанымі. Вельмі рамантычна ў гэтым кантэксце выглядае спроба ўбачыць семантычную сувязь між імёнамі летапіснага Радзіма і героя народнай казкі “Шкляныя горы” Іванам Знайдзёнам, варыянты якой фіксуюцца этнографамі “на карэнных радзіміцкіх землях” сама мала з ХІХ ст. (адзін з першых варыянтаў апублікаваны ў “Беларускім зборніку” нашага земляка Еўдакіма Раманава ў 1901 г.). Такая сабе гульня са словамі і сэнсамі.

Сярод тых, хто асабліва любіць гуляць словамі і сэнсамі ў радзіміцкім пытанні, цяжка не згадаць гомельскага філолага Аляксандра Рогалева. Што праўда, у яго кнізе “Гомель. Страницы древней истории, формирование улиц, местные тайны и загадки” (Гомель, 2014) здзіўляе не жангляванне этымалогіяй пэўных словаў з летапісных паведамленняў пра радзімічаў, ні тое, што называецца “поўнае імя” Радзіма – Радимир (сугучнае з назвай гомельскага лікёра-гарэлачнага завода) ці робіцца “рэканструкцыя” “личных имён радимичей”. Здзіўляе відавочная фантастычнасць асобных сцвярджэнняў, ад якіх змружыў бы вочы нават Вацлаў Ластоўскі. Без спасылак на якія-небудзь крыніцы Рогалеў на поўным сур’ёзе паведамляе пра “радимичских волхвов”, якія нібыта ўчынялі магічныя дзеі з дапамогай “магического камня”, пад якім ён разумее “бесцветный прозрачный минерал, разновидность кристаллического кварца”, што здабываўся ў мясцовасці, дзе сёння знаходзіцца вёска Пясочная Буда: “Этот минерал воспринимался как камень, отображающий и являющий взору события, удалённые во времени и пространстве, позволяющий читать судьбы живущих, предрекать грядущее, объяснять совершившееся. Прозрачный кристаллический кварц «пропускал» взгляд и якобы служил каналом связи параллельных миров, граница между которыми скрыта от человеческого глаза”.

Дзіўна, што гэткі чароўны і яўна карысны ў гаспадарцы крышталь не дапамог радзімічам адбіцца да войска Воўчага Хваста. Зрэшты, абараныя маглі ўратавацца ў “созвездии Волк”, куды іх, асабліва валхвоў,  “па старой дружбе” павінны былі забраць “существа, напоминающие земных животных из семейства псовых”. Гэта не сон. Гэта ўсяго некалькі радкоў з “краязнаўчай кнігі”, чытаючы якую мне давялося дужа шкадаваць, што я ў свой час для зборніка містыфікацый “Зямля пад крыламі Фенікса” так і не дапісаў эсэ “Эскадрылля Радзіма і Вячкі”, дзе выводзіў летапісных герояў ні многа ні мала з Марса, які на іх мове называўся Радзімай.

Нягледзячы на немалую колькасць інтэрпрэтацый радзіміцкага міфу, з якіх тут згадана толькі частка, Гомель дагэтуль сціпла адмаўляецца нават ад яго першаасновы – летапісных паданняў і археалагічных сведчанняў. Наш горад не пазіцыянуе сябе як колішнюю сталіцу радзімічаў. Радзіміцкія сюжэты адсутнічаюць у гарадскім асяроддзі. Нават скульптурная кампазіцыя Вячаслава Далгова з выявай “першага гамяльчаніна”, якую з нацяжкай можна назваць выключэннем з гэтага правіла, у свядомасці гамяльчан не атаясамліваецца з радзіміцкім перыядам гісторыі Гомеля, называючыся то лодачнікам, то Герасімам, то дзедам Мазаем, але ніяк не Радзімам.

Сяргей Балахонаў