У XVII ст. Рэч Паспалітая ўступала з цяжкай ношай глыбокага эканамічнага, фінансавага і саслоўна-грамадскага разладу. Даведзеныя да галечы Лівонскай вайной і феадальнымі паборамі, беларускія сяляне і мяшчане гатовы былі ўзяцца за вілы і сякеры. Становішча ўскладнялася і наступствамі цяжкіх стыхійных бедстваў. Так, летам 1592 г. на ўсходніх землях ВКЛ адбыліся страшэнныя бураны i град. У ваколіцах Чарнігава, Гомеля, Стрэшына, Рагачова, Рэчыцы, Крычава і многіх іншых гарадоў загінуў амаль увесь ураджай збожжавых.
Восенню — зімой 1595 г. паўднёва-ўсходнюю Беларусь ахапіла магутнае антыфеадальнае паўстанне. Пачалося яно на Украіне сярод «казацкай вольніцы». Але да атрадаў Севярына Налівайкі, якія складаліся з казакаў-украінцаў, далучыліся беларускія сяляне, частка мяшчан і нават малазямельная шляхта. Галоўны ўдар паўстанцаў быў скіраваны супраць буйных феадалаў і каталіцкага духавенства. Маёнткі феадалаў гарэлі па ўсім Палессі. З дапамогай гараджан казацка-сялянскія атрады захапілі Тураў, Петрыкаў, Рэчыцу. Жыхары Гомеля таксама падтрымалі паўстанцаў і ўпусцілі іх у горад. Але ў пачатку 1596 г. велікакняжацкае войска і шляхецкія атрады здолелі расправіцца з дрэнна ўзброенымі паўстанцамі. Страціўшы ініцыятыву, вясной 1596 г. Налівайка вывеў рэшткі сваіх атрадаў на Валынь.
Сутыкнуўшыся з адкрытым узброеным выступлением «людзей простага стану», паны-магнаты не зрабілі для сябе належных вывадаў і не пайшлі на змякчэнне феадальнага ўціску. Таму сяляне, як і дагэтуль, нярэдка здымаліся з абжытых мясцін і падаваліся кружнымі шляхамі на поўдзень, папаўняючы казацкія шэрагі ў Запарожскай Сечы.
А тым часам правячыя колы ВКЛ здзейснілі даўно вынашаныя планы уніі (саюза) праваслаўнай і каталіцкай царквы на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Для Ватыкана i Польшчы унія была сродкам пашырэння ўплыву на беларускія і ўкраінскія землі. Праваслаўныя духоўныя і свецкія феадалы княства, якія падтрымлівалі унію, разлічвалі на пераадоленне канфесіянальнага разладу ўнутры прывілеяваных слаёў грамадства і дасягненне поўнай роўнасці ў правах праваслаўнай і каталіцкай знаці. Аднак большая частка праваслаўнага духавенства і шляхты, не кажучы аб простых, «паспалітых» людзях, ідэю уніі сустрэла варожа.
Акт уніі быў падпісаны ў 1596 г. на Брэсцкім царкоўным саборы. Створаная там уніяцкая царква прызнавала духоўнае вяршэнства Папы Рымскага пры захаванні старой абраднасці на «грэчаскі» ўзор.
Унія, прынятая без адабрэння шырокіх слаёў беларускага і ўкраінскага народаў, правакавала новы ўздым барацьбы за захаванне традыцыйнай веры і культуры. Састаўной часткай дзяржаўнай палітыкі Рэчы Паспалітай першых дзесяцігоддзяў XVII ст. становіцца жорсткая практыка закрыцця праваслаўных храмаў і манастыроў, канфіскацыі іх маёмасці, гвалтоўнага пераводу праваслаўных прыходаў ва уніяцкія. Цяжкі феадальны ўціск дапоўніўся ўціскам рэлігійным. Гэта быў цяжкі пралік правячых колаў у лады.
«Новаўвядзенні» выклікалі чарговы ўзрыў незадавальнення насельніцтва, асабліва гарадскога. Казацкія гарнізоны ўсходнебеларускіх гарадоў хваляваліся, выходзілі з-пад улады гетманаў, займаліся «свавольствам» — рабаўніцтвам, самавольным выездам на Украіну. Вострае незадавальненне выклікала прызначэнне на пасады старост-дзяржаўцаў магнатаў і чыноўнікаў каталіцкага веравызнання. У Гомелі імі былі Андрэй і Павел Сапегі, якія актыўна праводзілі палітыку ўціску мяшчан і закрыцця праваслаўных прыходаў.
Асабліва апантана ідэі уніі ўкараняў у жыццё полацкі уніяцкі архіепіскап Іасафат Кунцэвіч, які спрабаваў перавесці ў новую веру і гомельскую саборную царкву святога Мікалая (1621). Дзеянні Кунцэвіча ў Віцебску, як вядома, скончыліся яго гібеллю ў час мяшчанскага бунту ў 1623 г.
Спробы сілай навязаць унію скончыліся правалам. Правячыя колы, напалоханыя размахам народных хваляванняў, у 1630-я гады пачалі прыслухоўвацца да голасу праваслаўнай шляхты і вымушаны былі згаджацца з легальнай дзейнасцю беларускай праваслаўнай царквы, паслабляць ўціск на яе. Аднак мясцовыя ўлады, у прыватнасці гомельскія старосты Аляксандр Служка і яго сын Зыгмунд, працягвалі ганенні за веру. Гэтым яны распальвалі нянавісць да каталіцтва i наогул да ўсяго польскага.
Да ўнутраных праблем Гомеля ў пачатку XVII ст. дабавіліся пагрозы, што зыходзілі ад усходняга суседа Рэчы Паспалітай — Рускай дзяржавы, а таксама ўкраінскага казацтва. У 1609—1618 гг. Рэч Паспалітая вяла вайну з Рускай дзяржавай за вяртанне Смаленскай зямлі. У 1614 — 1615 гг. у Гомелі чакалі нападу рускіх палкоў. Замкавы гарнізон у гэты час быў зусім малалікі (80 чалавек). Даводзілася спадзявацца хіба што на падтрымку народнага апалчэння.
Чарговая вайна з Рускай дзяржавай распачалася ў 1632 г. Маскоўская дзяржава была намерана вярнуць страчаныя раней Смаленскую i Чарнігава-Северскую землі. Скарыстаўшы смерць караля Жыгімонта III Вазы, рускі цар Міхаіл Фёдаравіч накіраваў пад Смаленск 40-тысячнае войска. Восенню 1632 г. рускія палкі занялі Себеж, Рослаўль, Трубчэўск, Ноўгарад-Северскі і іншыя гарады, у 1633 г. — Друю, Полацк, Прапойск. У 1633 г. да Гомеля падышлі ўкраінскія казацкія сотні Багдана Булгакова і Івана Ярмоліна. Але іх спробы захапіць горад поспеху не мелі. Чакаўся чарговы напад. Таму ў 1633 г. кароль Уладзіслаў IV аддаў загад адрамантаваць Гомельскі замак. Сустрэўшы рашучае супраціўленне Рэчы Паспалітай, у 1634 г. Масква згадзілася на заключэнне Паляноўскага міру.
Становішча беларускіх сялян і гараджан у 1640-я гады пагоршылася. Прыціснутыя падаткамі, даведзеныя да галечы пастоямі ўзброеных атрадаў яны жадалі расплаты. Найбольш рызыкоўныя беглі ў Запарожскую Сеч ці памежныя маскоўскія гарады.
Становішча ўкраінскага народа ў гэты час было яшчэ больш цяжкім, чым беларускага. Да сацыяльнага i рэлігійнага прыгнёту тут дабавіўся i нацыянальны ўціск. Таму рух на Украіне набыў характар не толькі антыфеадальнай, грамадзянскай вайны, як на Беларусі, але i нацыянальна-вызваленчай.
Сацыяльны выбух на Беларусі падштурхнуў буйное паўстанне на Украіне (пачалося ў 1684 г.), якое ўзначаліў Багдан Хмяльніцкі.
Такога размаху і жорсткасці, якія прыняла гэта барацьба, а яна працягвалася да 1651 г., на Беларусі дагэтуль яшчэ не было. У лабавым удары сышліся дзве магутныя сілы, якія налічвалі многія дзесяткі тысяч чалавек: з аднаго боку казацка-сялянскія атрады, радавыя мяшчане, частка праваслаўнага духавенства і шляхты, а з другога боку велікакняжацкія і магнацкія войскі, каталіцкае і уніяцкае духавенства. Нікому не было літасці ў гэтай жорсткай сутычцы. Паўстанцы паставілі перад сабой мэту цалкам выразаць шляхціцаў-землекарыстальнікаў, незалежна ад іх нацыянальнасці, выгнаць усіх католікаў і уніятаў, а феадалы — знішчыць пад корань казацкую вольніцу і жорстка пакараць усіх «хлопаў», якія сталі на бок паўстанцаў.
Грамадзянская вайна забрала жыцці многіх тысяч беларусаў, украінцаў, палякаў і яўрэяў. На поўдні і ўсходзе Беларусі не засталося ні адной воласці, мястэчка ці горада, дзе б не лілася кроў. I ў каторы ўжо раз Гомель апынуўся ў эпіцэнтры гэтых страшных падзей.
Пачуўшы пра першыя перамогі Б.Хмяльніцкага над палякамі пад Жоўтымі Водамі (май 1684 г.), жыхары паўночнай Беларусі — сяляне і гараджане — узняліся на выступление. «Многие люди своевольные и пашенные мужики, побив панов своих в их маетности», абрабаваўшы «по дорогам ляхов и жидов», беглi да казацкага прадвадзіцеля. Злавесныя чуткі аб зверствах бунтаўшчыкоў узрушылі ўсё княства і даходзілі да Масквы.
У канцы вясны — пачатку лета Б.Хмяльніцкі накіраваў надзейных людзей ва ўсе гарады і мястэчкі Белай Русі і паўночнай Украіны, якія цішком распаўсюджвалі яго граматы-універсалы з заклікамі да ўзброенай барацьбы. Адозвы казацкага прадвадзіцеля запалілі порах нянавісці: напады на шляхціцаў, забойствы і рабаўніцтвы заможных людзей, падпалы і разарэнні панскіх маёнткаў сталі звычайнай справай. Армія запарожскага гетмана імкліва расла за кошт уцекачоў з усіх куткоў У краіны і Беларусі. Толькі за перыяд з 9 мая па 26 чэрвеня войска Б. Хмяльніцкага вырасла з 19 да 41-42 тысяч чалавек.
У след за лазутчыкамі на злучэнне з беларускімі паўстанцамі рушылі з-пад Корсуня i Белай Царквы казацкія атрады (загоны). Паўстанне ахапіла раёны Лоева, Брагіна, Мазыра, Турава, Шнека, Кобрына, Чачэрска, Рэчыцы. У верасні 1648 г. Б. Хмяльніцкі нанёс цяжкае паражэнне каралеўскаму войску на Украіне пад Піляўцамі. Да восені — зімы казацкія атрады ўзялі Чачэрск, Рэчыцу, Горваль, Брагін, Лоеў, Тураў, Бабруйск, іншыя замкі на поўдні i ўсходзе Беларусі. Казакі ваявалі адважна, але пры гэтым тварылі і нечуваныя дагэтуль злачынствы: выразалі яўрэяў i шляхту, «не щадячи а не жон и детей их», рабавалі маёмасць, палілі касцёлы, забівалі ксяндзоў. Відавочца тых жахлівых падзей занатаваў: «Редкий в той креве на тот час рук своих не умочил…».)
Амаль паўсюдна казакам дапамагалі мясцовыя жыхары. Людзям заможным тады была «гуга великая… от посполитых людей». Але горш за ўсё даводзілася яўрэям, многія з якіх «боячися смерти, християнскую веру приняли». У сваім данясенні ў Маскву сеўскі ваявода паведамляў: «…белорусцы де, … всякие черные люди всех городов и уездов, которые городы за казаками, стоят против поляков с казаками заодно»/)
У ліпені 1648 г. грэчаскі купец, які пабываў у ВКЛ, паведамляў, што «жидов де всех черкасы побили, нигде мытчиков никаких и жидов не оставили».
Так было і ў Гомелі. У кастрычніку казакі палкоўніка Войска Запарожскага Я. Галавацкага і натоўпы мясцовых сялян занялі горад, выразалі яўрэяў i шляхту. Радавыя ж гомельскія мяшчане, у прыклад мазыранам, тураўцам, рэчычанам і іншым, «все показачились и поклялись друг другу защищаться до последнего». Аднак неўзабаве Я. Галавацкі быў адкліканы Б.Хмяльніцкім на Украіну.
У снежні 1648 г. пад Гомель, Быхаў і Крычаў Б. Хмяльніцкі накіраваў з Ноўгарад-Северскага казакаў Б. Шчабачэнкі, а з Мены — палкоўніка Шабалтоснага. Але і гэтае войска неўзабаве было адклікана з прычыны перамір’я. У канцы 1648 г. і пачатку 1649 г. каралеўскае паспалітае рушэнне (апалчэнне), папоўненае свежымі шляхецкімі сіламі, наёмнікамі (усяго 12—14 тысяч шляхціцаў і наёмнікаў), распачало контрнаступление на поўдні і ўсходзе Беларусі. Агульнае кіраўніцтва гэтым войскам ажыццяўляў Януш Радзівіл, а буйнымі атрадамі камандавалі Пац, Валовіч, Мірскі і Горскі.
У першай палове 1649 г. большасць паўстаўшых гарадоў былі ўзяты штурмам, а іх насельніцтва зведала жорсткія пакаранні і экзекуцыі. Зімой Я.Радзівіл заняў Брэст, Мазыр, Тураў, Рэчыцу.
Устрывожаны такім паваротам падзей, Б.Хмяльніцкі накіраваў на Беларусь новыя казацкія загоны. Вясной у Гомель, зноў пры садзейнічанні мяшчан, уступілі аграды чарнігаўскага палкоўніка Мартына Нябабы, якія налічвалі 2500 казакаў. Нябаба ўчыніў у горадзе страшэнную разню. Былі забіты ці закатаваны согні шляхціцаў і яўрэяў. Адзін з палонных казакаў быў дастаўлены ў Рэчыцу, дзе паведаміў, што Б.Хмяльніцкі і жадаў бы замірэння, але «чернь» так раз’юшылася, што вырашыла або знішчыць шляхту, або загінуць.
Баі паміж паўстанцамі і атрадамі Паца і Валовіча ў ваколіцах Гомеля ішлі некалькі месяцаў.
У пачатку лета 1649 г. Я. Радзівіл узяў Чачэрск. ІІа яго загадзе ў палонных казакаў «отсекли правые руки по запястья, а 50 де человек на колья посажали, а остальных де казаков и их жон и детей порубили всех». Захоплены быў і Лоеў. Там таксама былі выразаны ўсе казакі з сем’ямі. Пасля гэтага армія Я. Радзівіла паспрабавала замацавацца на левым беразе Дняпра i рушыла на Гомель, але казакі не дапусцілі атрады Рэчы Паспалітай да горада.
31 ліпеня 1649 г. каля Лоева адбылася самая буйная за час вайны бітва, у якой Я. Радзівіл разбіў асноўныя казацкія сілы — 30-тысячнае войска Міхаіла Крычэўскага. Шляхта і наёмнікі асадзілі, узялі і спалілі Гомель, перабілі значную частку яго жыхароў. Паўстанне на пэўны час было задушана.
У жніўні 1649 г. было падпісана Збораўскае перамір’е, якое скарыстоўвалася абодвума бакамі для на рошчвання сілы. Б.Хмяльніцкі падцягнуў да мяжы з Беларуссю новыя казацкія атрады.
Каля Чарнігава размясціўся гюлк Нябабы, Нежынскі і Кіеўскі палкі, татарскія часці. Усяго на стане на кастрычнік 1651 г. тут знаходзіліся каля 50 тысяч чалавек.
У траўні баявыя дзеянні аднавіліся і на Украіне, і на поўдні Беларусі. Некалькі казацкіх атрадаў былі накіраваны ў ваколіцы Крычава, Рослаўля, Мсціслаўля, Лоева. У чэрвені па загадзе Б. Хмяльніцкага Нябаба паслаў да Гомеля палкоўнікаў Забелу і Окшу з 7 тысячамі казакаў. Пазней да іх далучыліся яшчэ 10 тысяч казакаў. Нябаба гак навучаў сваіх ваяроў: «Ідзіце, малайцы, да сваіх родных і ўсіх мяшчан-ляхаў у Гомелі пад корань сячыце, ніводнага ў жывых не пакідайце. Горад спаліце, а потым у Быхаў ідзіце, яго бярыце… Калі да трох разоў Гомеля не возьмеце, тады да мяне за зброяй хутчэй прысылайце».
Але на гэты раз Гомель, умацаваны і папоўнены ўзбраеннем, казакаў сустрэў не адкрытай брамай, а залпамі гармат. Горад абараняў наёмны гарнізон пад камандаваннем капітана Мантгомеры i мясцовае шляхецка-мяшчанскае апалчэнне. 13 чэрвеня казакі i сяляне, што далучыліся да іх, падышлі да Гомеля і пачалі падводзіць пад драўляны паркан гарадскіх умацаванняў земляныя шанцы. У ноч на 15 чэрвеня яны падступілі пад самыя сцены. Пры гэтым спрабавалі заткнуць ніжні рад байніц, «чтоб пехота не могла мушкеты высовывать, а если где-нибудь осталась бойница, то как только появлялся мушкет, ударяли обухом по концу ствола, сразу же выбивая его из рук». Потым пачаўся агульны штурм горада з усіх бакоў, асабліва моцны з боку Прачысценскай царквы, дзе крапасная сцяна больш слабая. Але пасля гарачай рукапашнай схваткі прыступ быў адбіты.
У час асады сямёра жыхароў Гомеля перабеглі ў лагер казакаў i паведамілі ім звесткі пра гарнізон. Як пісаў гетман Я. Радзівіл каралю Яну Казіміру, гарнізон, убачыўшы здраду, выразаў усіх гарадскіх мяшчан. А тым часам казакі, паслаўшы ў Чарнігаў да Нябабы ганцоў за падмогай, паспрабавалі выманіць абаронцаў з горада, разыграўшы сцэну бою з нібыта падышоўшымі на дапамогу гамялянам каралеўскімі войскамі. Але Мантгомеры разгадаў гэту хітрасць і ні аднаго салдата за гарадскую браму не выпусціў. Пасля гэтага казакі 2 дні рабілі 14 драўляных «гуляй-гарадоў» (перасоўных умацаванняў са шчытоў з байніцамі) і, замаскіраваўшы іх галінкамі, распачалі новы прыступ. З наступлением ночы 4 «гуляй-гарады» падкацілі да Чачэрскай брамы, а 3 — да моста цераз абарончы роў. Аднак абаронцы адкрылі моцны агонь з гармат і мушкетаў. Казакі змушаны былі кінуць «гуляй-гарады» і адступіць. Ноччу казакі палкоўнікаў Паповіча і Літвіненкі разоў з 15 хадзілі на штурм замка. Але безвынікова. Нарэшце 9 ліпеня яны атрымалі загад Нябабы «днём i ноччу вяртацца назад». Пасля гэтага асада Гомельскага замка была знята. Праўда, у канцы месяца казакі зноў з’явіліся каля горада, але гомельскі гарнізон ужо атрымаў падмацаванне ў 1500 чалавек, i горад выстаяў.
«Паўднёвабеларуская» кампанія 1651 г. скончылася для Б. Хмяльніцкага няўдачай. У лютай бітве каля Лоева пяхота і конніца Я. Радзівіла разграміла асноўныя казацкія часці. Нябаба і некалькі тысяч яго падначаленых загінулі.)
Яшчэ больш складаным стала становішча казацтва пасля паражэння пад Берасцечкам. У адпаведнасці з Белацаркоўскім дагаворам ад 18 верасня 1651 г. усе казацкія атрады з Беларусі былі выведзены. Да восені былі цалкам задушаны і ачагі сялянска-мяшчанскіх выступленняў.
Паўстанне скончылася. Яго рахунак быў трагічньі: тысячы папялішчаў, сотні разбураных мястэчак, сёл і пасадаў, згарэлых замкаў і разрабаваных храмаў. А вакол — магілы, магілы … Але перадыху абрабаванаму няшчаснаму народу не было. (У 1654 г. пачалася нябачаная дагэтуль па жорсткасці і шматтысячных ахвярах вайна Рэчы Паспалітай з Расійскай дзяржавай.
Царскі ўрад уважліва сачыў за ходам грамадзянскай вайны 1648-1651 гг. Ён цішком і адкрыта дапамагаў Б. Хмяльніцкаму, збіраў стратэгічныя звесткі пра парубежныя «літоўскія» замкі, вывучаў настроі насельніцтва заходняга суседа — карацей кажучы, вёў актыўную падрыхтоўку да вайны.) Такая вайна задумвалася як лагічны працяг антыфеадальных выступленняў падданых Рэчы Паспалітай. Яна была добра падрыхтавана ідэалагічна: Масква выступала як абаронца інтарэсаў праваслаўнага насельніцтва Беларусі і Украіны.
Мясной 1654 г. цар паведаміў каралю «аб сваіх крыўдах і аб наступленні на праваслаўную веру» ў яго краіне, выказваў занепакоенасць «уніяй сцісненых хрысціянах». Дэталёва азнаёміўшыся з унутрыпалітычнымі пралікамі кіраўніцтва Рэчы Паспал ітай, цар Аляксей Міхайлавіч абяцаў мясцовай шляхце і духавенству пацвярджэнне ўласніцкіх правоў на маёнткі, захаванне ўсіх ранейшых прывілеяў і нават дараванне новых. Гараджанам гарантавалася павага іх вольнасцей, а сялянам — недатыкальнасць уласнасці ў час маючага адбыцца паходу царскіх войскаў.)
Частка шляхты была гатова перайсці «пад руку» рускага дзяржаўны, бо не бачыла магчымасці супрацьстаяць яго ваеннай сіле. Яна спадзявалася, што цар Аляксей Міхайлавіч здолее абараніць яе ад раз’юшанай «чэрні». Прасталюдзіны верылі: пераход пад уладу расійскай дзяржавы абароніць іх ад празмерных падаткаў, шляхецкага разбою і гвалтоўнага акаталічвання.
Такім чынам, значная частка беларускага насельніцтва падтрымлівала намеры цара, таму ўварванне яго войскаў у межы Беларусі, якое пачалося ў канцы мая 1654 г., было імклівым.
Яшчэ ў студзені 1654 г., у адпаведнасці з рашэннем Пераяслаўскай рады, Б. Хмяльніцкі аддаў Украіну пад расійскі скіпетр, таму і яго дзеянні накіроўваліся рускім галоўнакамандаваннем.
З поўдня ўдарыла Северскае запарожскае войска (Нежынскі, Старадубскі, Чарнігаўскі і іншыя палкі — усяго 8). Гэты паход, у якім бралі ўдзел каля 20 тысяч конных і пешых казакаў, узначаліў нежынскі палкоўнік Іван Нічыпаравіч Залатарэнка, швагер Б. Хмяльніцкага, якому апошні «наказное гетманства ўручыў». Актыўна падтрымліваючы рускую армію, казацкія кіраўнікі мелі на мэце і ўласную задумку: далучыць землі паўднёва-ўсходняй Беларусі да Украіны, усталяваць тут палкавое адміністрацыйна-тэрытарыяльнае кіраўніцтва.
У 1654 г. рускія і казацкія войскі занялі Магілёў, Чавусы, Крычаў, Полацк, Оршу, Новы Быхаў, Мсціслаў, Віцебск, Шклоў, Рэчыцу, Прапойск і многія іншыя гарады і воласці. Там, дзе меліся моцныя ўмацаванні і гарнізоны, аказвалася ўпартае супраціўленне. Сярод такіх гарадоў-замкаў быў і Гомель.
За 3 гады мірнай перадышкі гарадскія і замкавыя ўмацаванні Гомеля былі адрамантаваны. Да сакавіка 1654 г. гомельскі гарнізон налічваў 700 чалавек пяхоты, а да лета быў павялічаны да 2 тысяч — пераважна за кошт наёмных немцаў i венграў. У Гомелі дыслацыравалася i рота татараў. Дзейнічала тут мясцовае апалчэнне. У горадзе знаходзіўся староста Рудскі. Гарнізон узначальвалі харунжы князь Жыжэмскі і палкоўнік Бабравіцкі. Немцамі камандаваў Міхаіл Сверскі.
У чэрвені войска Залатарэнкі рушыла на Гомель з Ноўгарад-Северскага праз Старадуб. 29 чэрвеня наказны гетман паведамляў цару Аляксею Міхайлавічу, што Гомель «есть всем местем граничным литовским головою…, место велми оборонное, людей служилых не мало, снарядов и пороху много». Але і казацкі прадвадзіцель «армат узял из собою немало».
20 чэрвеня казакі падышлі да сцен Гомеля, акружылі яго лагерам i без асаблівых цяжкасцей пераадолелі гарадскія ўмацаванні. З замкам было цяжэй.
Вакол крэпасці, па суседніх узгорках i на гарадскіх вуліцах былі расстаўлены гарматы. Казакі пачалі аблогу, «промышляя всеми промыслы ратными». Праз дзень да іх прыбыў прадстаўнік рускага галоўнакамандавання князь А. Трубяцкі, які ў прадбачанні вялікіх страт часова забараніў штурмаваць замак. Тады Залатарэнка пачаў даймаць абаронцаў голадам, бязводдзем і артылерыйскім абстрэлам. Некалькі разоў яму здавалася, што гарнізон вось-вось пахіснецца, і тады казакі, забываючыся на забарону князя А. Трубяцкога, кідаліся на штурм. Да 11 ліпеня яны хадзілі на прыступ 4 разы. Але кожны раз безвынікова.
Пакуль ратныя справы Залатарэнкі ішлі не так удала, як яму хацелася, ён аддаў частцы войска загад ісці «здабываць пад меч» Рэчыцу, Жлобін, Горваль, Стрэшын і Рагачоў, чые замкі ранейшым часам «чынілі» казакам нямала шкоды. Да сярэдзіны ліпеня гэтыя замкі былi спалены, але асада Гомеля працягвалася.
Разумеючы, што гамяляне сваёй упартасцю «ўсёй Літве i войскам ix сэрца і мужнасці дададуць», гетман ад імя пара Аляксея Міхайлавіча і Б. Хмяльніцкага некалькі разоў накіроўваў у замак лісгы, у якіх прасіў абаронцаў здацца. Але тыя адмаўляліся, казалі злыя і зняважлівыя словы ў адрас рускага дзяржаўца. Разам з тым яны некалькі разоў рабілі нечаканыя вылазкі з замка. Пад час адной з іх быў забіты чарнігаўскі палкоўнік Сцяпан Падабайла.
14 ліпеня паглядзець за ходам асады наведваўся царскі слуга Я. Партамоін. Ён перадаў Залатарэнку грамату з пералікам поспехаў маскоўскай зброі. 26 ліпеня ад цара Аляксея Міхайлавіча прыбылі ганцы І. Краўкоў, Г. Куракін і Л. Аляксееў. Яны прывезлі загад зняць асаду і рушыць на дапамогу рускай арміі пад Магілёў. Але казацкі прадвадзіцель паказаў упартасць. Ён баяўся, што гомельскі гарнізон пойдзе ў казацкія вобласці і гарады «ўкраінныя спустошыць». У разліку на хуткую перамогу Залатарэнка ў пачатку жніўня накіраваў ад сябе толькі тысячу казакаў на чале са сваім родным братам нежынскім палкоўнікам Васілём, суддзёй Іванам Несцярэнкам і борзенскім сотнікам Пятром Забелам. Злучыўшыся 8 жніўня з маскоўскімі войскамі каля Чавусаў, казакі і маскоўскія войскі нанеслі паражэнне атрадам Рэчы Паспалітай.
У гэты ж час гетману стала вядома, што абаронцы гомельскага замка пакутуюць ад гол аду, з’елі нават катоў і сабак. Залатарэнка загадаў страляць па замку распаленымі ядрамі, што выклікала пажар. Быў выяўлены i патаемны ход да вады. Яго тут жа ўзарвалі. Гэта i прадвырашыла падзенне замка. 13 жніўня гарнізон здаўся. Залатарэнка прапанаваў гамялянам i абаронцам горада прынесці прысягу на вернасць рускаму дзяржаўцу. Гэта было зроблена. Частка гарнізона і жыхароў Гомеля запісалася ў казацкае войска. Некаторых адправілі разам з трафейнымі сцягамі да пара, іншых адпусцілі. Разні на гэты раз не адбылося. Рудскі i Жыжэмскі нават суправаджалі Залатарэнку ў паходзе на Чачэрск, але, прычакаўшы ўдалы момант, яны ўцяклі да сваіх у Быхаў.
Цар Аляксей Міхайлавіч, рады поспехам наказнога гетмана, падараваў казакам памятныя залатыя медалі-«капейкі».
Пасля захопу Гомеля Іван Залатарэнка ўзяў Чачэрск, Прапойск, Новы Быхаў і загінуў над сценамі Старога Быхава. Гэта адбылося ў 1655 г. На некалькі гадоў Гомель застаўся пад уладай казакаў.
Вайна працягвалася з перавагай маскоўскага боку. Ужо ў 1654 г. маскоўскія войскі занялі амаль усю ўсходнюю Беларусь. Пазнаёміўшыся бліжэй з расійскімі «служылымі людзьмі» і паспытаўшы на сабе буйны нораў казакаў, якія неаднойчы чынілі рабаўніцтвы, здзекі і забойствы, беларускае насельніцтва ўсё больш траціла веру ў цара-«вызваліцеля». Ужо далёка не ўсюды рускія ваяводы мелі дапамогу сялян і гараджан, усё цяжэй даводзілася ім «здабываць замкаў літоўскіх», падвозіць амуніцыю і вайсковы рыштунак, здабываць харчаванне. У шэрагу месцаў «чорныя людзі», якія некалі рабілі «крэснае цалаванне», падымаліся на ўзброеную барацьбу супраць царскіх улад, стваралі атрады так званых «шышоў».
Новая сітуацыя дазволіла паспалітаму рушэнню ВКЛ у канцы 1654 г. — пачагку 1655 г. нанесці маскоўскім войскам некалькі адчувальных паражэнняў і адваяваць Барысаў, Бабруйск, Оршу, шэраг іншых гарадоў і мястэчак на захад ад Дняпра. Але і велікакняжацкія салдаты паводзілі сябе не лепш, а часам i як захопнікі: насельніцтва гарадоў і вёсак, якое раней прысягнула цару, бязлітасна выразалася, а самі населеныя пункты спальваліся. Так, жлобінскі войт пісаў у Магілёў, што польскае войска «нашествия мучительские чинят людем, рубят городы и деревни до основания искореняют». Спробы «літоўскага» боку ўзяць Новы Быхаў і Магілёў, нягледзячы на жорсткія баі, поспеху не мелі. Ужо да пачатку лета 1655 г. руская армія і казакі Залатарэнкі зноў адкінулі «людзей літоўскіх» далёка на захад ад Дняпра. I зноў гарэлі гарады, мястэчкі, вёскі, рабіліся страшэнныя злачынствы. Асаблівыя ліхадзействы чынілі казацкія атрады. 17 ліпеня 1655 г. цар Аляксей Міхайлавіч пісаў І. Залатарэнку: «… Твоего полку казаки места и села, и деревни жгут, и женский пол, и девиц, и малых робят секут и побивают до смерти. И тебе б своего полку казакам учинить заказ крепкой, под смертной казнью, чтоб мест и сел и деревень не жгли и не пустошили, для того, что нам великому государю, нашего царского величества ратми в здешних местах зимовать, а также и крестьян, которые нашим царского величества ратным людем не противны, не побивали до смерти, и женского полу и девиц и малых робят нигде не секли и не побивали до смерти».
У час кампаніі 1655 г. амаль уся Беларусь са стольнай Вільняй апынулася ў руках рускага дзяржаўцы. Беларускае грамадства падзялілася на тры групы. Многія шляхціцы, прадстаўнікі духавенства, мяшчане i сяляне прысягнулі пару; іншыя — адмовіліся «цалаваць крыж» і чакалі, што будзе далей; трэція — «здраднікі» — стваралі антырасійскае шляхецкае апалчэнне. Да трэцяй групы часта далучаліся і атрады казакаў-мяцежнікаў. Беларусь зноў уцягвалася ў братазабойчую грамадзянскую вайну.
Барацьба на занятай Расіяй тэрыторыі рэзка абвастралася ў 1656 г., калі замест загінуўшага І. Залатарэнкі быў ирызначаны новы прадвадзіцель казацкага войска на Беларусі чавускі палкоўнік Іван Нячай, які пачаў «знаходзіць варожыя ўмыслы» супраць цара. Яшчэ ў маі да Масквы дайшлі чуткі, што Нячай, не спытаўшы дазволу ў яго царскай вялікасці, прысвоіў сабе тытул «палкоўніка беларускага, магілёўскага і гомельскага». А ўжо ў наступным годзе змову супраць цара арганізаваў гетман Войска Запарожскага Іван Выгоўскі. Адна з галоўных роляў у дзеяннях «бунтаўшчыкоў» адводзілася беларускім часцям Нячая. Яны скаардынавалі свае дзеянні з каралеўскай арміяй і ў 1658 г. пачалі аказваць узброенае супраціўленне расійскім войскам.
Значная частка беларускага насельніцтва, якая страціла веру ў цара і спадзявалася на тое, што Нячай абароніць іх і ад магнатаў, і ад ненасытных царскіх намеснікаў, падтрымала ўладу «зладзейскіх» казакаў. Пад іх сцягі станавіліся цэлыя паселішчы і воласці, да іх перабягалі шляхціцы, якія раней прысягалі цару. Гомель ледзь не апынуўся пад уладай «бунтаваўшай партыі». Але становішча выратавалі Чарнігаўскі і Чаадаеўскі палкі, а потым Задзяснянскія казацкія сотні, якія засталіся вернымі пару. Нягледзячы на гібель у Быхаве «здрадніка» Нячая, да 1659 г. значная частка Беларусі ўжо апынулася ў руках яго прыхільнікаў, і іх барацьба з гасударавымі «людзьмі ратнымі» супраць настроенай па-прамаскоўску часткай насельніцтва доўжылася да 1661 г.
Казацкае паўстанне і знешнепалітычнае паражэнне Расіі дазволілі сілам Рэчы Паспалітай у канцы 1658 г. пачаць рух, хоць і марудны, на ўсход і да восені 1661 г. вызваліць Вільню. А тым часам рускі цар Аляксей Міхайлавіч падараваў Гомель «з воласцю і з паветам і з землямі і з усялякімі ўгоддзямі да яго належачымі і даходы» за ратныя заслугі брату нябожчыка Івана Залатарэнкі Васілю, «ягоным дзецям і нашчадкам». Гэта падзея адбылася 31 сакавіка 1660 г. Аднак Васілю не ўдалося прыняць уладу ў новым маёнтку, бо Гомель захапіў «злачынны» казак Андрэй Дзянісавіч Мурашка, былы канатопскі палкоўнік, натхнёны вопытам Івана Нячая.
На здзіўленне прамаскоўскага казацтва і расійскага боку, скарыстаўшы поўную неразбярыху і адсутнасць цвёрдай улады на паўднёвым усходзе Беларусі, Мурашка здолеў (не без падтрымкі такіх жа айчынных казакаў і пры садзейнічанні Рэчы Паспалітай) пратрымацца ў Гомелі да 1672 г. Набыўшы ўладу «правіцеля» горада, Мурашка хутка паспытаў усю прывабнасць «вольнай» улады. Аднак, даведзеныя вайной да галечы гамяляне, ужо не маглі ўтрымліваць ні новага гаспадара, ні разнашэрсную чараду яго прыхільнікаў. Менавіта таму Мурашка для папаўнення скарбу пачаў чыніць разбойныя «наезды» ў бліжэйшыя землі казацкага войска — Чарнігаўшчыну, Старадубшчыну, Ноўгарад-Севершчыну.
У лютым 1663 г. Мурашка напаў на ваколіцы Сеўска, але сустрэў рашучы адпор «абкрадзенага» В. Залатарэнкі і іншых казацкіх прадвадзіцеляў. Зімой наступнага года ён рабаваў i паліў сёлы каля Ноўгарад-Северскага, а восенню 1665 г. з’явіўся каля Старадуба. На шляху назад яго дагнаў Дзёмка (Дзям’ян Ігнатавіч) Мнагагрэшны — казацкі палкоўнік — i модна «пабіў» яго атрад. Паранены Мурашка цудам дабраўся да гомельскага замка.
Украінскія казакі, што засталіся верныя рускаму цару, вырашылі расправіцца са «злахітрым ваўком» Мурашкай. Вясной 1666 г. запарожскі гетман І.М. Брухавецкі выправіў на асаду Гомеля палкоўнікаў: чарнігаўскага Дзям’яна Мнагагрэшнага, старадубскага Ляско Астраніна, нежынскага Мацвея Вінтоўку, браслаўскага Дзмітрашку Райча, а таксама зборныя казацкія сотні. Вялікае войска акружыла Гомель i пачало падводзіць пад яго сцены шанцы.
Маскоўскія ўлады, якія ўсур’ёз узялі курс на прымірэнне з Рэччу Паспалітай, былі вельмі заклапочаны казацкай актыўнасцю. Таму і забаранілі Брухавецкаму штурмаваць Гомель. Цар дамовіўся з каралём аб перамір’і, а таму накіраваў казакам пад Гомель ліст «аб затрымцы вайны». Але казакі арыштавалі царскіх ганцоў і не выканалі загаду. Тады Мурашка прыслаў двух сваіх прыхільнікаў — Чарняка і Нарматовіча (іх суправаджаў гомельскі пратапоп) для знаёмства з тымі «перамірнымі лістамі», але казакі затрымалі і яго парламенцёраў. Спатрэбілася яшчэ некалькі «крутых» царскіх загадаў, каб казакі адышлі ад сцен Гомеля. Але як толькі яны знялі асаду, Мурашка зноў здзейсніў (студзень 1667 г.) некалькі разбойных набегаў у ваколіцы Старадуба і Ноўгарад-Северскага. Ёсць звесткі, што жыхары Гомеля быццам бы неаднойчы «са слязьмі прасілі міласці ў вялікага гасудара і да гетмана пасылалі, каб вялікі гасудар узяў Гомель і іх усіх прыняў пад сваю царскай вялікасці вялікадзяржаўную руку ў вечнае падданства». У 1672 г. такую просьбу выказаў i новы гетман Дзям’ян Ігнатовіч. Але з Масквы пісалі, што ўзяцце казакамі Гомеля супярэчыць умовам Андрусаўскага перамір’я з Рэччу Паспалітай.
У 1672 г. велікакняжацкія ўлады пачалі ўсур’ёз наводзіць парадак на ўсходніх землях абяссіленай вайной дзяржавы. Мурашка, баючыся адказнасці і суда, перабег да цара і кляўся яму ў вернасці. Пасля гэтага яго накіравалі ваяваць з туркамі. Але Мурашка перабег ужо да турак. Сваё бясслаўнае жыццё былы гомельскі ўладар скончыў у 1674 г.
Варта адзначыць, што ўлады Рэчы Паспалітай, разумеючы стратэгічнае значэнне Гомеля, неаднойчы рабілі яму палёгку. Так, у лютым 1664 г. кароль Ян Казімір за «адважныя заслугі i захаванне веры» гамялянамі вызваліў іх на 4 гады ад усіх падаткаў і павіннасцей. У 1670 г. Гомель атрымаў каралеўскую грамату на вольны гандаль і бяспошлінны правоз тавараў. На думку караля, гэтыя меры павінны былі спрыяць аднаўленню разбуранай вайной гаспадаркі. У тым, што Гомель атрымаў згаданую вышэй грамату, была, хутчэй за ўсё, немалая заслуга М.К. Радзівіла, які ў 1667 г. быў прызначаны ў Гомель каралеўскім старостам.
Нягледзячы на аднаўленне ў горадзе каралеўскай улады, спробы стабілізаваць становішча і нейтралізаваць «праказацкія» настроі сярод жыхароў Гомеля, браджэнне працягвалася. Так, у 1684 г., пры запарожскім гетмане Іване Самойлавічы, усе гомельскія і сумежных валасцей сёлы на левым беразе Сожа зноў «паказачыліся» і перайшлі пад кіраўніцтва старадубскай казацкай адміністрацыі.
Аўтар: А.А. Макушнікаў
Крыніца: Памяць. Гомель: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі: у 2-х кнігах / [уклад.: П. П. Рабянок]. — Мiнск: Белта, 1999. С. 58-67.