Зламаная сківіца на службе гомельскай утопіі

0
984
Сківіца або гомельская ўтопія

У нумары санкт-пецярбургскай газеты “Северная почта” за 12 красавіка 1819 г. адзначыўся Гомель. Рэдакцыя падала фрагмент “партикулярного письма”, дасланага з Чарнігава, адкуль неназваны аўтар паведамляў пра здарэнне, якое адбылося з яго вознікам па дарозе. У Чарнігаў дапісчык ехаў з Магілёва “чрез Гомель” у сакавіку таго ж года. Мяркуючы па тым, што ён згадвае не колавую павозку, а сані, у першы веснавы месяц тады працягваў ляжаць снег. Зрэшты, прычынай здарэння стала не гэта.

У Гомелі вознік, “поправляя постромки запутавшейся пристяжной лошади, получил от ней столь сильный удар в голову, что вся нижняя челюсть была разбита, и он, облившись кровию, упал подле саней без чувств”. З ліста не вынікае, ці бачыў аўтар усё гэта на ўласныя вочы, сядзячы ў санях. Прынамсі, сваю рэакцыю на інцыдэнт ён ніяк не апісаў, а паспяшаўся пахваліць увішных гамяльчан: “Жители гомельские, подоспев на помощь, тотчас одержали лошадей, а извощика, едва имевшего дыхание, перенесли в больницу”. Ні род дзейнасці аўтара, ні яго цывільны ці вайсковы чын у публікацыі не паведамляліся Логіка падзей намякае на тое, што знаходзіцца ў Гомелі далей і чакаць папраўкі пацярпелага ён не стаў – разбітая ўдарам конскага капыта сківіца загойваецца не за дзень і не за два. У гомельскай бальніцы “употреблено было о сем нещастном всевозможное попечение, и, как я после узнал, получил он вскорости совершенное исцеление; причем ни за лекарства, ни за содержание ничего с него не взято. Вот вам живой образец милосердия самаритянина!”. Проста ідылія, сацыяльная дзяржава, камунізм (патрэбнае падкрэсліць)!

Гэтая гісторыя, як тое зярно ў гарэху, была размешчана ў сярэдзіне допісу паміж радкамі з хваласпевамі Мікалаю Пятровічу Румянцаву, дзе гаворыцца “о существующем в Гомеле таком благотворительном заведении, которое, принося пользу страждущему человечеству, заслуживает всеобщую признательность г[осподину]. помещику”. “Там находится на 50 человек больница с весьма искусным и усердным врачем, и снабденная всеми нужными медикаментами. Для большого усовершенствования сего спасительного заведения ныне граф Николай Петрович устраивает там надлежащую аптеку, для чего и аптекарь уже принят. Желание его сиятельства не ограничивается тем, чтобы сие заведение служило в пользу одним гомельским крестьянам, но польза сия распространена и на других, посторонних, имеющих в том нужду”, – у характэрнай для таго часу манеры паведаміў невядомы аўтар перш, чым падзяліцца гісторыяй пра няшчаснага возніка. Завяршаецца ж допіс у не менш велягурыстым стылі: “При нынешнем устроении аптеки, почтеннейший друг человечества, граф Николай Петрович имеет целию, как я удостоверился, поставить вновь устрояемую аптеку в такое положение, чтобы она могла снабжать в достаточном количестве лучшими лекарствами не только Гомель и гомельскую больницу, но и окрестные места Могилевской губернии. Цель сия тем важнее, тем спасительнее для человечества, что поблизости нет ни одной аптеки”.

Чытаючы гэтую, амаль двухсотгадовую, публікацыю, я ўяўляў, што бачу перад сабой пернікавы домік – такі салодкі і смачны, але, ясная рэч, непрыдатны для жыцця ў ім. І загваздка тут не ў тым, што ананімны падарожнік схлусіў. Бальніца і аптэка называліся сярод заслуг вышэй памянёнага гомельскага ўладальніка і ў артыкуле Васіля Шабякіна (1848), і ў кнізе Льва Вінаградава (1900). За пяць месяцаў да выхаду адпаведнага нумара “Северной почты” аканом (“управляющий”) Гомельскага маёнтка Андрэй Фёдравіч Дзярабін акрэсліваў у лісце да Румянцава фронт выкананых работ “на каменных строениях” па стане на 6 лістапада 1818 г.: “Каменная больница совсем окончена. Двери и рамы вставляются. Службы при больнице также плотницкой работой совсем окончены. Когда будут вставлены рамы, будут окончены печи в службах. Весной переведены будут больные”. І што ж атрымліваецца? Не паспявае бальніца запрацаваць на прыём хворых, як з’яўляецца траўмаваны канём выпадковы чалавек (вознік), а не давезены ім да Чарнігава господин хороший сядае пісаць ліст у афіцыйны друкаваны орган паштовага дэпартамента Расійскай імперыі з пахваламі “почтеннейшему другу человечества” – Мікалаю Пятровічу Румянцаву – за тое, што гомельская бальніца прымае і бясплатна лечыць не толькі гомельскіх, але і тых, хто за Гомлем ё. Мне асабіста гэтае “партикулярное письмо” нагадвае слаба прыхаваны заказны рэкламны матэрыял. Адна рэч наўпрост пісаць, што ў далёкім Гомелі адкрылі бальніцу, іншая – акунаць чытача ў жыццёвую гісторыю, бо камусьці нібыта “предоставился случай” проста ў Гомелі “на опыте удостовериться” ў плённай працы гэтай дабрачыннай установы. Галоўнае не ўспамінаць, што яна толькі-толькі адкрылася, бо чытачу такое супадзенне і праз дзвесце гадоў можа падацца падазроным.

Зрэшты, з вялікае ахвоты ёсць неблагія шанцы паверыць (credo quia absurdum) і ў рэальнасць апісанай гісторыі. “Ідэальны горад”, якім паводле задумы Румянцава мусіў стаць новы Гомель, сапраўды ўражваў падарожных, хто не чакаў тут пабачыць нешта асаблівае. Допіс у “Северной почте” лішні раз прасоўваў такі вобраз нашага горада сярод чытацкай аўдыторыі, з якой яўна не кожны меў дакладныя ўяўленні пра горад над Сожам. І яшчэ. Не ведаю, ці наўмысна гэта атрымалася, але аўтар месцамі дужа прыпадабняецца Томасу Мору з яго “Утопіяй”: “Бальніцы гэтыя цудоўна абсталяваныя і ўсім патрэбным для аднаўлення здароўя забяспечаныя; догляд у іх самы абыходлівы і старанны; найбольш дасведчаныя лекары перабываюць там пастаянна. Таму хоць туды нікога не адпраўляюць сілай, але няма амаль нікога ў цэлым горадзе, хто, церпячы ад нейкае немачы, не пажадаў бы ляжаць там, а не ў сябе дома”. Гэта “Утопія”, дзетка.

Сяргей Балахонаў