Зімовыя абрады і звычаі жыхароў Гомельска-Чарнігаўскага памежжа: рэгіянальна-лакальныя асаблівасці

0
550
Зімовыя абрады і звычаі жыхароў Гомельска-Чарнігаўскага памежжа рэгіянальна-лакальныя асаблівасці

Адной з важнейшых тэарэтычных праблем сучаснай фалькларыстыкі ўсходнеславянскіх народаў з’яўляецца праблема суадносін агульнаэтнічнага, рэгіянальнага і лакальнага. Лакальна-рэгіянальнае вывучэнне фальклору адкрывае шырокія перспектывы ў даследаванні мясцовай спецыфікі абрадавага фальклору.

Цэласнае ўяўленне аб развіцці народнай культуры, якая, паводле сваёй прыроды паходжання і функцыянавання, мае лакальна-рэгіянальны характар, немагчыма без канкрэтных назіранняў за творчым жыццём фальклорных традыцый у межах пэўнай вёскі, раёна, вобласці. Як лакальна-рэгіянальныя з’явы, абапіраючыся ў сваім бытаванні на агульнанародныя традыцыйныя прынцыпы паэтыкі, узыходзяць да этнічнага ўзроўню, так і агульнанацыянальныя з’явы народнай культуры маюць рэгіянальныя адметнасці і выяўляюць шматстайнасць мясцовых варыянтаў, праз якія і дэманструецца этнічнае адзінства. Тэарэтычныя аспекты рэгіянальнага-лакальнага даследавання фальклору знайшлі адлюстраванне ў працах даследчыкаў усходнеславянскага фальклору (В.І. Ялатаў, Г.А. Барташэвіч, А.С. Ліс, А.С. Фядосік, В.А. Захарава, З.Я. Мажэйка, Т.Б. Варфаламеева, А.М. Разумоўская, З.І. Уласава, І.А. Марозаў, А.В. Кулагіна, В.К. Сакалова, Л.М. Вінаградава, М.І. Талстой, С.М. Талстая, Т.А. Агапкіна, М.А. Енгаватава, В.А. Пашына, І.М. Коваль-Фучыла, Л.К. Вахніна, А.Ю. Чабанюк і інш.). Аўтар прапанаванага артыкула займаецца вывучэннем рэгіянальна-лакальных асаблівасцей фальклору Гомельшчыны як аднаго з цікавейшых рэгіёнаў Беларусі, дзе да сённяшняга часу захаваліся архаічныя абрады і звычаі. Абраны накірунак даследавання надзвычай перспектыўны, бо, як вядома, рэгіянальная традыцыя – сістэма лакальных традыцый, аб’ектыўныя вынікі вывучэння якіх могуць быць атрыманы ў палявых экспедыцыях. Мэтай дадзенага артыкула з’яўляецца даследаванне лакальна-рэгіянальных асаблівасцей зімовай каляндарна-абрадавай паэзіі жыхароў Гомельска-Чарнігаўскага памежжа. Засяродзім увагу на характарыстыцы адметных рысаў асобных з’яў зімовага цыкла земляробчага календара беларусаў і ўкраінцаў. Заўважым, што зімовыя абрады і звычаі з’яўляюцца выдатнай ілюстрацыяй багацця іх адметных мясцовых праяў, якія датычаць як асобных структурных кампанентаў, так і важных складаемых частак (магіі, мантыкі (варажбы), ахвярапрынашэння). У значнай ступені спецыфіка ўсходнеславянскага фальклору вызначаецца ўстойлівасцю захавання абрадавай паэзіі, найперш, паводле меркавання К.П. Кабашнікава, менавіта “каляндарнай, звязанай з працай хлебароба і яго поглядамі на акаляючы свет” [2, с. 379]. Характарызуючы паняцце “фальклор беларускі” як агульнанацыянальную з’яву, даследчыкі вылучаюць у ім такія рэгіёны, як Цэнтральны, Усходні (Падняпроўскі), Паазер’е, Заходняе Палессе і Ўсходняе Палессе, якія “адрозніваюцца адзін ад другога ў першую чаргу фальклорна-этнаграфічнымі комплексамі і абрадавай паэзіяй, якія склаліся тут” [2, с. 381]. Заўважым, што менавіта каляндарная абраднасць у вышэй-названых рэгіёнах Беларусі ў найбольшай ступені, у параўнанні з іншымі відамі фальклору, вылучаецца архаічнасцю. Як адзначыў К.В. Чыстоў, “найбольш архаічны стан (фальклорнай традыцыі – В.Н.) – гэта найбольшая стракатасць і нераўнамернасць распаўсюджання асобных элементаў традыцыі” [13, с. 80]. М.І. Талстой пераканаўча сцвярджаў, што “разнастайнасць славянскай народнай вуснай традыцыі ў сферы абрадаў, павер’яў, звычаяў, г.зн. дыялектнасць духоўнай культуры, робіць яе незаменнай і амаль адзінай крыніцай для гісторыі міфалагічных поглядаў і форм, для дыяхранічных міфалагічных штудый, для вызначэння дынамікі развіцця асобных міфалагічных сістэм, для іх этнічнай, тэрытарыяльнай і храналагічнай прымеркаванасці ў мінулым” [9, с. 188].

Зімовыя абрады, звычаі і песні, запісаныя на тэрыторыі Усходняга Палесся, – яскравае сведчанне вар’іравання фальклорных з’яў “у межах традыцыйных “дыялектных” зон” (К.В. Чыстоў). “Аналіз характару тэрытарыяльных варыянтаў, іх састава і структуры, высвятленне стабільных паказчыкаў, якія вар’іруюцца або проста адсутнічаюць у некаторых зонах, дазваляе зрабіць некаторыя вывады не толькі структурнага плана, якія датычаць суадносін прыкмет і іх кампанентаў, але і плана генетычнага” [10, с. 49].

Фальклорна-этнаграфічныя комплексы зімовага цыкла асобных раёнаў Гомельшчыны і Чарнігаўшчыны ўяўляюць сабой арганічнае адзінства вербальнага, рэальнага і акцыянальнага кампанентаў, якія маюць адметныя мясцовыя асаблівасці, выяўляюць “ступень нераўнамернасці наяўнасці і функцый абрадавых элементаў і структур у розных дыялектных зонах” [9, с. 189].

Як адзначылі расійскія даследчыкі М.А. Енгаватава і В.А. Пашына, спецыфіку каляндарна-абрадавай паэзіі на Гомельшчыне складае “развіты цыкл зімовых віншавальных песень (шчадровак і засявальных)…” [3, с. 31]. Даследчыца ўкранскага фальклору І.Я. Руснак (Україській фольклор: навч. посіб.—К.:ВЦ “Академія”, 2010) адзначыла факт шырокай распаўсюджанасці на тэрыторыі Украіны калядных песень, якія выконвалі напярэдадні Ражаства, і шчадровак, якія спявалі пад Новы год. Запісаны намі ў фальклорна-этнаграфічных экспедыцыях матэрыял у розных раёнах Гомельшчыны, а таксама архіўныя матэрыялы, якія былі зафіксаваны ў Карукоўскім, Гараднянскім, Ноўгарад-Северскім, Барзнянскім раёнах Чарнігаўскай вобласці, пацвярджае справядлівасць выказаных меркаванняў і дазваляе прадставіць калядна-навагодні комплекс як агульную структурную мадэль з яе кампанентамі, так і вызначыць мясцовую спецыфіку апошніх. Г.А. Барташэвіч, аналізуючы жанравую спецыфіку каляндарна-абрадавай паэзіі ўсходніх славян, выказвае думку аб тым, што “як усе каляндарныя абрады, зімовыя, па сутнасці, маюць агульную мэтанакіраванасць, якая вынікае з практычных патрэб чалавека ў яго ўзаемаадносінах з прыродай, з імкнення нейкім чынам уздзейнічаць на яе, каб, зыходзячы з назіранняў аб паміранні і адраджэнні жыцця, спрыяць гэтаму адраджэнню. Такая функцыя ўскладалася на прадуцыравальныя і засцерагальныя абрадавыя дзеянні, важным, а часам першаступенным кампанентам якіх было слова” [1, с. 142­143].

Назавем асноўныя кампаненты калядна-навагодняга комплексу: гэта тры куцці, абходныя шэсці калядоўшчыкаў (на Каляды) і шчадроўшчыкаў (на Новы год), рытуальныя дыялогі (паміж гаспадаром і гаспадыняй, гаспадарамі і калядоўшчыкамі, закліканне марозу на куццю), ваджэнне казы (мядзведзя, бусла і інш.), хаджэнне са “звяздой”, абрад “засявання”, варажба, гульні, карагоды, распальванне рытуальнага вогнішча, выкананне ў залежнасці ад полаўзроставай катэгорыі песень як агульнакалядных, так і “дыферэнцыраваных функцыянальна” (А. Ліс), прыкметы і павер’і, звязаныя з куццёй. “Вылучаныя элементы не існуюць самі па сабе, ізалявана, а ўсе яны ўзаемазвязаны, пераплятаюцца, часта працягваюць і дапаўняюць папярэднія” [1, с. 149].

Як заўважыў Я. Карскі, “на свята Каляды ў розных месцах Расіі існуе звычай пераапранання. Гэты звычай асабліва распаўсюджаны ў Беларусі і Маларасіі, дзе на Ражаство Хрыстова і ўвогуле на працягу шчодрых вечароў хлопцы любяць апранацца ў махнатыя скуры і прымаць звярыны воблік: водзяць казу, мядзведзя, жураўля” [5, с. 100]. Даследчыца А.А. Плотнікава адзначыла, што “для палескай этналінгвістычнай зоны характэрны наступныя маскі ражаных з адпаведнымі рэгіянальнымі назвамі: каза (казуля, казёл), конь, мядзведзь (відмедзь), воўк, журавель (жураў), бусел, вол, заяц, дзед (старац), баба, чорт, цыган, смерць, салдаты, цары” [7, с. 136].

Найбольшую распаўсюджанасць у беларускім абрадзе калядавання атрымаў абрад ваджэння казы. Варта адзначыць асобныя факты вар’іравання звычаю калядавання з пераапрананнем у розныя маскі. Адметная рэгіянальная з’ява “конікі” адзначана ў в. Давыд-Гарадок Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Зааморфная маска бусла – адметны сімвал калядавання на Гродзеншчыне, звычай хадзіць з жоравам асабліва распаўсюджаны на Міншчыне, кабылу і мядзведзя вадзілі на Каляды ў асобных раёнах Гомельшчыны. З трэцяй куццёй у в. Новіна Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці звязаны ўнікальны рэгіянальны абрад “цягнуць Каляду на дуба”, які мае мясцовую спецыфіку (цягнулі на дуб упрыгожаны сноп (в. Падваложжа), ступу (в. Падосава). Адзначым, што ў іншых рэгіёнах Беларусі, напрыклад, у в. Рог Светлагорскага раёна Мінскай вобласці галоўным калядным персанажам з’яўляўся Дзед у берасцяной масцы. Падобная з’ява зафіксавана і ў в. Хільчыцы Жыткавіцкага раёна, калі ў агульнатрадыцыйным абрадзе ваджэння казы абавязковай была прысутнасць антрапаморфнай маскі (яркая лакальная спецыфічная асаблівасць) – апранутага ў “лахманы” “шчадраца”, які выразна асацыіраваўся з прадстаўніком духаў продкаў. У в. Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці лакалізаваны цікавы абрад “Калядныя цары”, уключаны ў Спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Удзельнікамі гэтага тэатралізаванага абрадавага дзейства, сюжэт якога нагадваў развіццё падзей рускай драмы “Цар Максіміліян”, “з’яўляюцца хлопцы, якія, пераапранутыя ў салдацкую форму, ходзяць па хатах з песнямі і гульнямі. Адметнай рэгіянальнай асаблівасцю каляднага абраду “хадзіць па казлы” у в. Закальное Любанскага раёна Мінскай вобласці з’яўляецца ўнікальная форма выявы казы (казла) на дузе, а таксама сустрэча двух калядных гуртоў у адной хаце. Важнай дэталлю ў абрадзе калядавання ў в. Раздзялавічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці з’яўляецца хаджэнне калядоўшчыкаў па хатах з гарбузом і свячой. У в. Агародня-Кузьмініцкая Добрушскага раёна Гомельскай вобласці абрад шчадравання ўвогуле суправаджаўся разбіваннем гарбуза. З гэтым дзеяннем была звязана варажба аграрна-магічнай скіраванасці: “Калі шчадроўшчыкі пачыналі пець, гаспадар біў аб пол гарбуз. Калі яму ўдасца яго разбіць ад аднаго ўдару, ды так, каб з яго семкі пасыпаліся ў розныя бакі, – гэта добра, год будзе багатым” (запісана ад Перапанавай Вольгі Ільінічны, 1933 г.н.). У іншай мясцовай інтэрпрэтацыі выкарыстоўваецца гарбуз як важны прадметны атрыбут у абрадзе калядавання ў в. Пасека Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці: “У кожнай хаце ёсць прыгатаваная гарбуза. Калі гаспадар не хоча даваць пачастунак, то залазіць на печ і з-за коміна кідае гарбузу ў шчадроўшчыкаў. Потым выбіраем семкі, сушым іх на насенне, а вясной садзім” (запісана ад Ружыцкай Валянціны Цітаўны, 1932 г.н.).

Звернем увагу на спецыфічна адметныя мясцовыя асаблівасці калядна-навагодняга комплексу ў розных раёнах Гомельшчыны і Чарнігаўшчыны. І ў беларускай, і ва ўкраінскай традыцыях важным структурным кампанентам калядна-навагодняга комплексу з’яўлялася рытуальная трапеза – тры куцці. Як адзначылі жыхары в. Старыя Ярылавічы Рэпкінскага раёна, у іх мясцовасці адзначалі першую куццю перад Ражаством, другую – шчодрую – перад Новым годам, трэцюю – перад Крашчэннем, што вельмі блізка да беларускай традыцыі. Гэтую з’яву можна назіраць не толькі ў раёнах Гомельскай вобласці, але і ў іншых рэгіёнах Беларусі. Адметнай рысай у святкаванні куцці на тэрыторыі Чарнігаўскай вобласці з’яўляецца той факт, што выкарыстоўваліся імёны ў якасці назваў “трох канунаў: “Три кутти – Ёгар, Малашка, Марья” [11, с. 134]. Паводле сведчанняў Надзеі Васільеўны Майсеенка, 1960 г.н., з в. Сахутаўка Карукаўскага раёна Чарнігаўскай вобласці, “каша з ячных крупоў і мёдам мела назву “куцця Насця”. Лыжка з гэтай кашай мела цудадзейную сілу: магла выклікаць вялікую буру і люты мароз. Калі ж у хаце быў хворы чалавек, то яму таксама давалі лыжку святочнай кашы і лічылі, што пасля гэтага ён паправіцца”.

Напрыклад, традыцыйны абрад калядавання на Кармяншчыне, як і ў іншых мясцовасцях, быў звязаны з ваджэннем казы. Паводле ўспамінаў М. Бруевіч з в. Ворнаўка, “на другую куццю вадзілі казу, для гэтага пераапраналі хлопца ў вывернуты кажух, галаву рабілі з бурака, устаўлялі казліныя рогі” [6, с. 62]. У цэнтры песні, якой суправаджалася каляднае прадстаўленне, – міфічная істота “каза”, з ёй звязвалі надзеі на добры ўраджай:

Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэрая,
Го-го-го, белая!

Не хадзі, каза,
Ды й па тых сялах:
Па Журавічах, па Махавічах.
Там стральцы-барцы Нікалаеўцы
Хочуць цябе ўбіць,
Кожу аблупіць, боты пашыць.
Боты-халявы збоку дзіравы.
Ну-тка, козачка, павярніся-тка,
Самому пану павярніся-тка,
За кусок сала, за калбасіцу

[6, с. 62].

Праўда, у прыведзеным мясцовым варыянце гучыць матыў відавочнай пагібелі казы ад “стральцоў-барцоў Нікалаеўцаў”. Ахвярапрынашэнне жывёлы спалучана з ідэяй памірання прыроды зімой і яе ўваскрэсеннем вясной – вызначальнай ідэяй каляндарна-абрадавага фальклору. Абрад ваджэння казы адбываўся ў вёсках Высокае і Зяцькавічы вечарам у першы дзень Каляд, а ў вёсках Лебядзёўка і Ворнаўка быў прымеркаваны да другой куцці [6].

Адметнымі лакальнымі асаблівасцямі адрозніваецца калядна-навагодні комплекс Хойнікшчыны. Напрыклад, падчас калядных святкаванняў у в. Глінішча важнае месца адводзілася абраду ваджэння каня. Звычайна ўдзельнічалі ў абрадзе і дзяўчаты, і хлопцы. Сярод персанажаў калядных прадстаўленняў вылучаліся такія, як “княгіня”, “жыд”, “цыган”, “воін Бурмаіл”: “У ваджэнні ўдзельнічалі княгіня, і быў ужо каторы жыд, што мераў: а во такой вышыны, а во такой шырыны, адзежу ўжэ шыў. А то цыган, а то воін Бурмаіл, каторы па ўсём свеце хадзіў, любезну сястрыцу згубіў, на Марсава поле ўзышоў – любезну сястрыцу найшоў: “Скажы, сястра, манерам, // Перад кім стаіш на каленам? // – Перад воінам Бурмаілам… ” (запісана ад Кудрыцкай Еўдакіі Яфімаўны, 1905 г.н.).

Аналізуючы народную творчасць Хойніцкага раёна, К.П. Кабашнікаў падкрэсліў, што “ладзілі таксама “каня” – корпус, галаву, гуньку, і касцюмы для ўсіх удзельнікаў спектакля, якія хадзілі разам з “канём”: цара, воіна, цыгана, яўрэя, княгіні, доктара і іншых” [4, с. 359]. На пытанне: “Як ладзілі каня?” – інфарматар з в. Глінішча адказала: “Саб’юць зрамак такіх, да насу, ніза абаб’юць белаю матэрыяй, дзірку прарэжуць. Надзене да плеч, дак галава водзя, а нагамі ідзе. Дак тады ўжо як раскажуць, да пойдуць скакаць, дак ужо і конь той скача і ўсе гопаюць. З хаты ў хату іх нападаруюць, каню ўжо даруюць аўса” (запісана ад Кудрыцкай Еўдакіі Яфімаўны, 1905 г.н.). Абрад ваджэння каня быў вядомы і ў іншых рэгіёнах Беларусі. Напрыклад, на Магілёўшчыне падрыхтоўка гэтай каляднай маскі мела своеасаблівы мясцовы характар: “Здзелаюць, як быццам конь: бяруць калыску, дно вымуць, у калыску пралазіць чалавек, і яна ў яго на поясі дзержыцца. Ззаду другі хлопец становіцца, сагнуўшыся, яму хвост з кудзелі прычэпяць. І ўперадзі хлопец: яму галаву зробяць, як у каня, грыву… Абапнуць ета ўсё посцілкаю ці яшчэ чым – настаяшчая кабылка” [12, с. 5].

Абрад ваджэння каня вядомы быў і на Брэстчыне, напрыклад, у каляднай традыцыі в. Велута Лунінецкага раёна ў абрадзе калядавання мелі месца маскі і казы, і каня, пераапраналіся і ў “цыганоў”, і ў “салдата”: “Коня робілі гетак: два хлопцы накідвалі на сябэ посцілку, да якое прышывалі зроблену з пэркалю голову, набіту соломою, прышывалі сено ззаду – гето быў хвост” (запісана ад Гардзюк Вольгі Апанасаўны, 1935 г.н.). Прысутнасць маскі каня пад час калядавання патлумачылі вяскоўцы: “Коня водзілі для того, штоб пожэлаць хозяінам прыбутку ў хозяйстве” (запісана ад Гардзюк Вольгі Апанасаўны, 1935 г.н.).

Трывалай была на Хойнікшчыне і традыцыя калядавання са звяздой, якую ў в. Слабажанка ладзілі ў Піліпаўку. “Куплялі каляровую паперу, свечкі, рабілі корпус. Звязда “была на 8 і больш рагоў, у сярэдзіне змяшчалася выява Боскай Маці, вакол яе свечкі. “Звязда” круціцца, а прысвечнік і абраз застаюцца нерухомыя. Гэту “звязду” на Каляды насілі ад хаты да хаты, спяваючы адпаведныя песні рэлігійнага зместу: “Раждзяство тваё, Хрысце Божа” [4, с. 359]. У в. Глінішча “звязду” насілі меншыя дзеці, гадоў дванаццаці. Паводле ўспамінаў Еўдакіі Яфімаўны Кудрыцкай, “звязда” была круглая, як рэшата, а ў сярэдзіне ікону паставяць, а за іконаю свечку запаляць, дак яна гарыць, свечка, дак гэта ікона зіяе ўжэ, відно ж вельмі. Пойдуць пад вакно, дак стаяць і круцяць гэтую звязду да спяваюць песні: “Ражджаство Хрыстовае! // Хрыстос нарадзіўся – // Богам апладзіўся, // Ангелы ігралі – людзям вазвешчалі: // “Спяшайцеся, устрачайце // Хрыстова Ражджаство… ” (запісана ад Кудрыцкай Еўдакіі Яфімаўны, 1905 г.н.).

Абрад калядавання ў вёсках Вялікі Бор і Рудыя адбываўся на шчадрэц, а персанажамі калядных абыходаў выступалі “дзед-павадыр”, “маладзіца”, механоша, а таксама “каза”, “баран”, рабілі і “звязду”. Рытуал заклікання марозу меў у в. Вялікі Бор свае мясцовыя адметнасці. Напрыклад, “есці куццю клікалі ўсіх – мароз (каб не марозіў гародніны і садавіны), вецер (каб не зрываў стрэх, не круціў, не слаў упокат на зямлю жыта, ячменю, проса), дзядоў (каб не злавалі, спрыялі гаспадарцы, гаспадыні і гаспадару)” [8, с. 40]. Паводле ўспамінаў Праскоўі Данілаўны Харошка, 1915 г.н., не толькі гаспадар заклікаў мароз есці куццю, “каб не марозіў ячменю, пшанііы, про са, грэчкі і ўсяго таго, што Бог дасіь пасеяіь”, але і гаспадыня “тожа звала мароза і прасіла, каб не марозіў буракі, гуркі, гарбузы, моркву” (запісана ад Харошка Праскоўі Данілаўны, 1915 г.н.). Рытуал заклікання марозу – важны структурны кампанент калядна-навагодняга комплексу і на тэрыторыі Чарнігаўскай вобласці. Напрыклад, у в. Сахутаўка Карукаўскага раёна, “калі ўся сям’я села за стол, тады гаспадар браў драўляную лыжку і стукаў ёй аб што-небудзь (акно, сцяну і г.д.) і гаварыў: “Мароз, мароз, ідзі куіію есіі” (запісана ад Майсеенка Надзеі Васільеўны, 1960 г.н.). У мясцовай каляднай традыцыі было прынята “малых дзяіей іягаіь за вушы, каб хутчэй выраслі”, а таксама мелі месца дзеянні прадуцыравальнага характару: “Бралі яйкі, лажылі іх у кошык невялікі і гаварылі некалькі разоў: “Чубатэнькі, кашлатэнькі, на покуте кво-кво”. Гэта было звязана з тым, каб вясною вывелася шмат іыплят” (запісана ад Майсеенка Надзеі Васільеўны, 1960 г.н.). Па-мясцоваму адметнай была і аграрна-магічная варажба, звязаная з першай куццёй: “Ноччу таксама выходзілі на вулііу, трымаючы ў руках невялічкія пучкі жыта, авса і інш. Іх патрэбна было палажыць каля варот да ранка. На якую з культур больш выпадзе інею за ноч, то й будзе добры ўраджай летам” (запісана ад Майсеенка Надзеі Васільеўны, 1960 г.н.).

Сваім адметным мясцовым каларытам вылучаюцца абрады, звычаі і песні Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. Доказам рэлігійна-абрадавага сінкрэтызму ў каляндарнай абраднасці дадзенай мясцовасці з”яўляецца не толькі выкананне абраду ваджэння казы, але і хаджэнне са “звяздой”. Напрыклад, у в. Дуброўнае адбываліся і абрад шчадравання, у якім удзельнічалі такія калядныя персанажы, як “урач”, “дзед Мароз”, “санітарка” і інш., і абрад хаджэння са “звяздой”. Апошні выконваўся гуртом хлопцаў і мужчын, якія, праспяваўшы велічальную песню, “хазяіна з хазяйкаю садзяць на стулы і да паталка падкідаюць іх, падкідаюць і гавораць: “Хазяіна з хазяйкай на многае лета! Дай Бог пераждаць і на будучы год даждаць. Штоб у вашым доме була радасць, була здароўе, штоб у вас усё адбылося: і худобка, і сям”я була здарова. Дай Бог вам усяго харошага!” (запісана ад Міхаленка Вольгі Якаўлеўны, 1932 г.н.). Паводле палявых экспедыцыйных матэрыялаў, запісаных у в. Хатунічы Гараднянскага раёна Чарнігаўскай вобласці, у дадзенай мясцовасці таксама мелі месца і язычніцкі абрад ваджэння казы, і хаджэнне з зоркай. Як і ў беларусаў, калядна-шчадроўныя песні, якія выконваліся гуртом калядоўшчыкаў, былі адрасаваны і гаспадару, і гаспадыні, і дзецям (“Ой, чи е, чи нема пан-господар дома”, “А в дядька Тимоша гарная жона”, “Ой, у полі овес рясний”).

Калядна-навагодні комплекс Брагіншчыны вылучаецца наступнымі вузкалакальнымі асаблівасцямі: ваджэнне казы дзецьмі (в. Вязок), выкананне абраду шчадравання дзявочым і жаночым гуртамі (в. Дуброўнае), падкідванне калядоўшчыкамі пасля велічання са “звяздой” гаспадароў да столі, (в. Дуброўнае), выкананне рытуалу заклікання марозу гаспадыняй (в. Малейкі), строгая рэгламентацыя выканання абрадавых дзеянняў сярод калядных гуртоў (вв. Зарэчча, Дуброўнае, Новая Іолча). Адметнай лакальнай з’явай у калядна-навагоднім комплексе в. Касачоў з’яўляецца наведванне хроснымі бацькамі сваіх хрэснікаў на другі дзень Новага года: “На другі дзень Новага года быў такі звычай, ён і шчас ёсць: хросным бацькам насіць шчадроўнае сваім хрэснікам” (запісана ад Прышчэп Юліі Аляксееўны, 1932 г.н.). У в. Пучын выконвалі рытуал абвязвання пладовых дрэў на Крашчэнне (Вадохрышча), каб “не было вуснёў” (запісана ад Філінавай Марыі, 1928 г.н.). У якасці параўнання адзначым асноўныя структурныя кампаненты каляднай абраднасці ў в. Ядуты Барзнянскага і Хатунічы Гараднянскага раёнаў Чарнігаўскай вобласці: абходныя шэсці калядоўшчыкаў (“Ватага”, “Мядзведзь”, “Цыган з казой”, “Лекар”, “Механоша”), варажба аграрна-магічнай і шлюбнай скіраванасці (“Заносылы пивня уночы, ставылы його сэрэд доливки, купку жыта сыпалы и дзэркало ставылы. Колы пивэнь пидэ до дзэркала, то чоловик будэ хвастун, як до жыта – будэ хлибороб, а як заспивае – будэ шалтай-болтай, гидки чоловик” – запісана ў в. Ядуты ад Юхіменка Надзеі Пятроўны, 1916 г.н.), гульні (“У овса”), абрад засявання, рытуалы, звязаныя з Вадохрышчам (выраб на рэчцы з лёду “століка” і крыжыкаў, выкананне святаром малітоўнай службы, асвячэнне вады і апрыскванне ёю гаспадарчых пабудоў і хаты, маляванне крэйдай крыжыкаў на вокнах, дзвярах, посудзе, выпечка абрадавага печыва ў выглядзе крыжыкаў, выкананне калядна-шчадроўных песень. Як бачна, вылучаюцца і агульнаэтнічныя абрадавыя моманты, і маюць месца лакальна адметныя абрадавыя з’явы, як, напрыклад, у в. Ядуты Барзнянскага раёна, калі пасля правядзення малітоўнай службы “выпускалы голубыв и стрелялы з ружжа” або “хлопцы бэруть дивчат, тягнуть их до ополонки и умывають” (запісана ад Сушковай Галіны Іванаўны, 1921 г.н.).

Ва ўкраінскай калядна-навагодняй традыцыі быў вядомы абрад заклінання неўрадлівага дрэва, арганічнай часткай якога з’яўляўся рытуальны дыялог: “Напярэдадні Каляд хто-небудзь садзіўся на дрэва, якое не дало ўраджаю, а другі рабіў выгляд, што хоча секчы дрэва сякерай.

– Не рубай мене, буду вже родіті, – гаворыць чалавек на дрэве замест духа дрэва.

– Ні, зрубаю, чомусь не роділо.

Гэта паўтараецца тройчы, потым чалавек з сякерай са словамі “Глядзі ж” адыходзіць, а другі абвязвае дрэва саломаю”[1, с. 150]. У в. Макішын Гараднянскага раёна Чарнігаўскай вобласці “на Галонну куттю иде хазяин у сад из сакыраю, дык хазяйка за йим салому нясе. Хазяин гаварыть: “Павырубаю”, а хазяйка кажэ: “Вона на лито ўродыть”, дай объяжэ кажнэ дэрэво (каб дрэвы былі ўраджайнымі)” [11, с. 65]. У в. Казярогі Лоеўскага раёна быў зафіксаваны звычай, блізкі да ўкраінскага: “Яблыні ж сакірай страшаць, штоб яблыні радзілі” (запісана ад Кардаш В.М., 1927 г.н.). “А падходзіш к яблыне з тапорыкам да кажаш: “Не будзеш пладаносіць – ссяку цябе. Глядзіш, на следуюшчы год усё добра”. Заўважым, што з сякерай як вострым металічным прадметам была звязана не толькі ахоўная магія, але і прадуцыравальная – магія забеспячэння ўраджаю. У в. Крупейкі, “калі яблакі і грушы не родзяць”, таксама падходзілі з сякерай і казалі тры разы: “Калі не будзеш радзіць, засяку”. Падкрэслім, што рытуал абвязвання пладовых дрэў сенам, якое ляжала падчас калядных святкаванняў на стале, павінен быў садзейнічаць ураджайнасці (“каб радзілі яблакі і грушы”). На Мазыршчыне таксама быў зафіксаваны звычай абвязвання саломай, узятай з-пад гаршка з багатай куццёй, пладовых дрэў, бо яны былі перакананы, што “садавіна ад гэтага будзе саладзейшай і добра ўродзіць”: “На багатую куццю ставілі салому, ставілі на яе куццю, а раніцай, да сонца, ішлі, трусілі садавіну, каб ураджай быў. Саломай перавязвалі дзерава. Гэту салому круцілі на перавяселькі, імі і абвязвалі дрэвы. Пры гэтым казалі: “Зарадзі, Божа, на кожнага долю: на старога, на малога, на ўсіх, хто веруе” (в. Майская, ад Лепеш Алены Юр’еўны, 1920 г.н.). У в. Усохская Буда Добрушскага раёна “перад Калядамі з саломы дзелалі перавёслы і перавязвалі яблыні, каб радзілі яблыкі” (запісана ад Ярмошкінай Матроны Сцяпанаўны, 1938 г.н.).

Прыкметы і павер’і як важны кампанент зімовай абраднасці ў найбольшай ступені яднаюць калядна-навагоднія комплексы беларусаў і ўкраінцаў. Напрыклад, паводле ўяўленняў жыхароў в. Маканавічы Рэчыцкага раёна, калі “на першы дзень Каляд жанчына зайдзе, карова ацеліць цёлку, а мужчына – бычка” (запісана ад Пырко Ганны Рыгораўны, 1923 г.н.). Аналагічная прыкмета была зафіксавана і ў в. Плехаў Чарнігаўскага раёна: “На первы день Ражэства як прйшоў хлопчык, то ў каровы буде бычок, а як девочка, дак теличка буде” [11, с. 209]. Устойлівасць захоўваюць народныя вераванні беларусаў і ўкраінцаў, звязаныя з “рассяканнем” веніка на парозе хаты або ганку. Амаль ва ўсіх раёнах Гомельшчыны вядомы гэтыя магічныя ахоўна-засцерагальныя дзеянні з венікам, прыгадвалі гэты звычай і жыхары в. Старыя Ярылавічы Рэпкінскага раёна: “На Галодну кутю перед Крешчэнем деркач секли. Пасекуть, пасекуть на парози у хати и викинуть на двор. И казали хто рубае – хазяин ци хазяйка: Што рабили, атробляйся, што шыла, атшывайся, што вышывала, атшывайся” [11, c. 65].

Як бачым, прыведзеныя фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы па зімовай абраднасці асобных мясцовасцей Гомельшчыны і Чарнігаўшчыны – яскравае сведчанне шырокага і ўстойлівага бытавання гэтых абрадаў і звычаяў у названых рэгіёнах. Захоўваючы агульнаэтнічную аснову сваёй структуры, калядна-навагодні комплекс у асобных раёнах Гомельска-Чарнігаўскага памежжа адрозніваецца яркімі адметнымі абрадавымі элементамі, якія датычаць асобных кампанентаў: абраду калядавання: калядных масак, рытуальнай трапезы – абрадавай кашы, рытуальных дыялогаў, варажбы аграрнай і шлюбнай скіраванасці, прыкмет і павер’яў.

Выкарыстаная літаратура

  1. Барташэвіч, Г.А. Жанравая спецыфіка каляндарна-абрадавай паэзіі ўсходніх славян // Узроўні агульнасці фальклору ўсходніх славян / Л.П. Барабанава, Г.А. Барташэвіч, К.П. Кабашнікаў і інш. – Мінск: Навука і тэхніка, 1993. – С. 138-258.
  2. Восточнославянский фольклор: Слов. науч. и нар. терминологии / Редкол.: К.П. Кабашников (отв. ред.) и др. – Мінск: Навука і тэхніка, 1993. – 478 с.
  3. Енговатова, М.А., Пашина, О.А. Русско-белорусское пограничье: взгляд российских этномузыкологов / М.А. Енговатова, О.А. Пашина // Живая старина. – 2000. – № 3. – С. 30-32.
  4. Кабашнікаў, К.П. З глыбінь народнай творчасці // Памяць: Гіст.- дакум. хроніка Хойніцкага раёна / БелЭН; Рэдкал.: М.А. Ткачоў (гал. рэд.) і інш. – Мінск: БелЭН, 1993. – С. 358-365.
  5. Карскій, Е.Ф. Белорусы. Т. ІІІ. Очерки словесности белорусского племени. Народная поэзия. – М.: Типо-литография т-ва И.Н. Кушнерев и К0. Пименовская ул., соб. д., 1916. – 557 с.
  6. Новак, В.С. Не згасне жывое народнае слова (пра багацце і шматграннасць фальклору Кармяншчыны) // Крыніц кармянскіх перазвоны (абрады і песні ў сучасных запісах). – Гомель: Гомельскі цэнтр навукова- тэхнічнай і дзелавой інфармацыі, 2000. – 210 с.
  7. Плотникова, А.А. Первый выгон скота в Полесье // Славянский и балканский фольклор. – М.: Индрик, 1995. – С. 108-141.
  8. Сачанка, Б. Вечны кругазварот / Б. Сачанка // Полымя. – 1986. – № 6. – С. 3-52.
  9. Толстой, Н.И. О предмете этнолингвистики и ее роли в изучении языка и этноса / Н.И. Толстой // Ареальные исследования в языкознании и этнографии (Язык и этнос): сб. науч. тр. – Л., 1983. – С. 181-190.
  10. Толстой, Н.И. Язык и народная культура. Очерки по славянской мифологии и этнолингвистике / Н.И. Толстой. – М.: Индрик, 1995. – 509 с.
  11. Толстая, С.М. Полесский народный календарь / С.М. Толстая. – М.: Индрик, 2005. – 600 с.
  12. Традыцыйны фальклор Магілёўскага Падняпроўя / Бел. ін-т праблем культуры; уклад. Т.Б. Варфаламеевай. – Мінск, 1996. – 126 с.
  13. Чистов, К.В. Народные традиции и фольклор / К.В. Чистов. – Л.: Наука, 1986. – 304 с.

Аўтар: Валянціна Новак
Крыніца: Матеріали міжнародної наукової конференції «Одеські етнографічні читання». – Одеса: вид-во КП ОМД, 2012. – С. 340–352.