“Зіма з летом стрэчаецца, да кароль на войну ўбіраецца…”

0
1149
дзеці

Рухаешся па вуліцы кароткімі і хуткімі перабежкамі, сядзіш дома і баішся выйсці на мароз? Бяздзейнічаеш? Нашы ж продкі ведалі, што іх жыццё залежыць ад іх дзеянняў, таму выходзілі на вуліцы шыхтамі і гналі маразы ды гукалі Вясну.

Аднаўляць старажытны абрад сустрэчы вясны, Стрэчанне, узяліся вучні Сіманіцкай САШ. Менавіта 15 лютага, як гэта было заведзена з даўніх часоў у вёсцы Сіманічы, дзяўчаты сабраліся, каб паклікаць Вясну. Самае галоўнае ў гэтым свяце – захаваць усе абрадавыя моманты, якія да нашых дзён, дзякуй Богу, захаваліся ў памяці старэйшых жыхароў вёскі.

Асноўнымі з іх у гэты дзень былі: упрыгожванне кветкамі абрадавай елкі, шэсце ўздоўж вёскі з той жа самай елачкай і, канешне ж, абрадавыя песні-загуканні “Ой, гу-у-у, Весна! / Ой, гу-у-у, красна!”. Завяршэннем усяго абрадавага комплексу было ўшанаванне аброчнага крыжа, што стаіць у канцыі вёскі і пільна абараняе яе жыхароў. Менавіта да гэтага крыжа дзяўчаты прывезлі елачку, увенчаную асвечананй “стрэчанскай” свечкай – надзейным сродкам ад грому і нячыстай сілы. Усе ўдзельнікі з энтузіязмам аднесліся да прапановы зладзіць “веснаванне”, знайшлі нават адзенне сваіх бабуль, каб адпавядаць той самай традыцыі, да якой ім давялося далучыцца ў гэты дзень. І, шчыра кажучы, іх намаганні не былі пустымі – ужо на зваротным шляху дзеці заўважылі, што снег на стрэхах вясковых хат пачаў раставаць, а гэта ўжо, па словах мясцовых жыхароў надзейная прыкмета: “Калі на Стрэчанне певень з-пад страхі нап’ецца – хутка чакай цяпла”.

Будзем спадзявацца, што дадзеная трацыдыя не згіне з апошнімі яе захавальнікамі, а будзе надзейна захоўвацца і перадавацца з пакалення ў пакаленне.

Аўтар: Пятро Цалка