Жыхары Рагачова ўспамінаюць пра першыя дні Вялікай Айчыннай вайны

0
279
Вялікая Айчынная вайна ў Рагачове і на Гомельшчыне

У Рагачоўскім цэнтры турызму і краязнаўства захоўваюцца шматлікія матэрыялы, якія адлюстроўваюць гераічныя старонкі ўсенароднай барацьбы беларускага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў,  а таксама матэрыялы, якія расказваюць аб падзеях у раённым цэнтры ў час ваеннага ліхалецця.  Прапануем увазе чытачоў успаміны некаторых гараджан пра першыя дні вайны.

Ю.Л. Юдзеніс:

— Мы жылі на вуліцы Молатава (цяпер – Багатырова). У нашым садзе размясцілася мінамётная батарэя чырвонаармейцаў. Праз некаторы час тут быў забіты камандзір гэтай батарэі, старшы лейтэнант. Захавалася ў памяці яго прозвішча – Бялоў. Варожая куля прыляцела з боку так званага Балота, дзе цяпер гарадская лазня. Там на вуліцы Чыгуначны тупік знаходзіўся стары паравы млын, які перад вайной ужо не працаваў. “Стралялі адтуль”, — вырашылі вайскоўцы і паімчалі на гэты млын. На другім паверсе, каля адчыненага акна, убачылі стрэляныя вінтовачныя гільзы. Снайпера-дыверсанта не знайшлі.

У гэтыя ж дні пры незразумелых абставінах загінуў начальнік раённай пошты. У недарэчнай сутычцы быў забіты рэдактар раённай газеты “Камунар”, затрыманы вайскоўцамі. Рэдактар уваходзіў у склад знішчальнага атрада і меў зброю – наган. Вайскоўцы палічылі яго за дыверсанта-шпіёна.

Фашысты ўжо знаходзіліся на тэрыторыі раёна, вось-вось павінны былі з’явіцца каля горада. 29–30 чэрвеня 1941 года чырвонаармейскія падраздзяленні, што знаходзіліся ў Рагачове, адышлі за Днепр. Кіраўніцтва горада перад гэтым аддало загад спецыяльна вылучанай групе знішчыць, узарваць, спаліць, вывесці з дзеяння прамысловыя абъекты горада – заводы, фабрыку, а таксама сенабазу, дзе былі вялікія запасы сена, нафтабазу, спіртбазу, буйныя склады і іншыя аб’екты, каб яны не дасталіся ворагу.

Ад гарэўшых складоў і іншых аб’ектаў агонь пачаў перабірацца і на жылыя кварталы горада. Гарадскія збудаванні ў большасці былі драўляныя, паступова гарэла ўжо ў розных месцах горада.

Узнікалі пажары яшчэ і ад разрываў снарадаў. Па гораду страляла наша артылерыя, якая стаяла за Дняпром у лесе. Але немцы ў палаючы горад не ўвайшлі, гаспадарамі тут былі жыхары, якія засталіся. Адны спрабавалі ратаваць свае дамы ад агню, іншыя бегалі па задымленых вуліцах, спрабуючы запасціся, чым пашанцуе, з гарэўшых складоў, баз, магазінаў…

П.Б. Іваноў:

— У чэрвені 1941 года мне было 14 год. Сям’я наша засталася ў горадзе. Давялося шмат перажыць, перанесці цяжкасцей, бачыць вайну ў розных праявах.

З чыгуначнага палатна-насыпу ля Друці было відаць, як нямецкія самалёты бамбілі тэрыторыю малочнакансервавага завода – спрабавалі знішчыць заводскую цагляную трубу. Казалі, што з яе карэктыравалі артылерыйскую стральбу  нашай цяжкай артылерыі з-за Дняпра па нямецкіх пазіцыях у напрамку вёскі Стрэнькі. На Баравіцы знаходзілася і наша зенітная батарэя. Фашысцкія самалёты рабілі налёты на яе.

У пошуках харчовых тавараў нам даводзілася бегаць да гарэўшых складоў, магазінаў. Аднойчы пабылі нават на тэрыторыі малочнакансервавага завода. У адным з падвальных памяшканняў было многа сыру – брынзы. І там жа ляжалі мёртвыя чырвонаармейцы ў акрываўленых бінтах. Магчыма, тут быў зроблены часовы шпіталь, і байцы памёрлі тут.

Калі гарэлі жылыя кварталы, дзе жылі і мы, — вуліца Тэльмана, Гуменная, Інтэрнацыянальная, Максіма Горкага – вогненныя віхуры, нясцерпная гарачыня паветра вымушалі людзей шукаць паратунку каля ракі Друць.

Е.І. Пухоўскі:

— У той час мне было 16 год. Блізкіх родзічаў не было. Голад вымушаў блукаць па гарэўшаму гораду ў пошуках харчу. На складах  райспажыўсаюза (пасля вайны ўцалеўшыя сцены яго будынка прыстасавалі пад кінатэатр “Перамога”) было шмат розных прамысловых тавараў: абутак, адзенне, тканіна. А харчовых не было. Было толькі віно ў бочках. Бачыў, як дарослыя дзядзькі выбілі дно з бочкі і пілі віно, зачэрпваючы яго жаночымі чаравічкамі-“лодачкамі”, бо ў складзе не было ніякага посуду.

У пошуках хлеба мы наведвалі тэрыторыю ваеннага гарадка. Знаходзіўся ён паміж вуліцамі Максіма Горкага, Цымермана і Кастрычніцкай. Частка пабудоў на яго тэрыторыі згарэла: стайні для коней, розныя вучэбныя і падсобныя памяшканні. А вялікія трохпавярховыя каменныя казармы засталіся цэлымі. Іх не ўзарвалі, не падпалілі нашы, пакідаючы горад. Захаваліся і сталоўка з кухняй. На кухні ў катлах засталіся некранутымі ўжо даўно перакісшыя боршч і каша. Хлеб знаходзіўся ў замкнутай кладоўцы, дзверы ў якую былі вельмі моцныя, не ўзламаць. Боханы хлеба даставалі праз аконныя краты знойдзенай вінтоўкай са штыком…

А. Рутштэйн (1932 года нараджэння):

— Да пачатку вайны мы жылі ў аднапакаёвай кватэры камунальнага дома па вуліцы імя Дзяржынскага. Насупраць дома была тэрыторыя настаўніцкага інстытута.

Бацька мой працаваў выкладчыкам у гарадской яўрэйскай сямігодцы, памёр у 1938 годзе пасля хваробы. Маці, малапісьменная жанчына, неяк усё ж “выкручвалася”, каб накарміць і напаіць нас, чатырох малых дзяцей. Старэйшым быў я.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, маці не змагла выбрацца з намі з горада. На нашых вачах гарэлі дамы навакольных жылых кварталаў, у тым ліку і галоўны будынак настаўніцкага інстытута. Наш дом нейкім чынам уцалеў. Цяпер на гэтым месцы будынак ваенкамата.

Калі гарэлі дамы і былі артылерыйскія абстрэлы, мы хаваліся ў падвальных памяшканнях галоўнага корпуса настаўніцкага інстытута (цяпер тут сярэдняя школа №2). Акрамя нас, хавацца ў падвальныя памяшканні беглі і іншыя гараджане.

Па гораду стралялі і чырвонаармейцы, і немцы: нашы гарматы  — з-за Дняпра, фашысцкія – з-за Друці. У час аднаго з такіх абстрэлаў варожы снарад разарваўся ў аконнай нішы з заходняга боку будынка. Жанчына, якая сядзела ля акна, загінула. Пра тое, колькі разрывалася нямецкіх снарадаў, сведчаць шматлікія выбоіны на сценах галоўнага корпуса СШ №2 з заходняга боку.
У пошуках ежы мы хадзілі па суседніх садах і агародах, збіралі садавіну і гародніну. Да гарэўшых складоў мы з-за свайго ўзросту хадзіць яшчэ не маглі, дый маці не адпускала нас ад сябе.

Бачыў аднойчы, вылезшы з падвала, як па вуліцы Луначарскага жанчына з мужчынам кацілі калымажку з поўным мяшком. У гэты момант побач з імі разарваўся снарад, і яны засталіся ляжаць каля калымажкі нерухома…

Аўтар: Міхась Кавалёў