Журналіст vs актывіст: як выгадна суіснаваць разам

0
1659
Журналіст і актывіст - прэс-клуб у Гомелі

Кампанія “Будзьма беларусамі!” накіравалася ў Гомель, каб разабрацца, ці могуць актывісты з журналістамі знайсці паразуменне, калі сабраць іх разам і даць слова.

Няпростыя ўзаемаадносіны журналістаў, НДА і грамадскіх актывістаў — што называецца, адзін з адвечных сюжэтаў беларускай рэчаіснасці. Журналісты часцяком не разумеюць, як актывісты могуць убачыць значную для СМІ тэму ў сваіх праектах, а актывісты ў сваю чаргу крыўдзяцца за недастатковую ўвагу з боку медыяў.

“Адна з праблем нашай супольнасці палягае ў тым, што нас шмат, актыўных, але чамусьці мы працуем паасобку, — кажа каардынатар кампаніі “Будзьма” Марыя Шарый. — Задача нашага сённяшняга прэс-клуба — знайсці, як наладзіць дыялог паміж грамадскім сектарам і СМІ”.

Каардынатар кампаніі “Будзьма” Марыя Шарый“Сёння класічная схема СМІ — галоўны рэдактар, рэдактар, журналісты, гэткая класічная каманда — пачынае паступова знікаць, — кажа рэдактар партала CityDog Сяргей Сахараў, які паспеў за апошнія дваццаць гадоў пабыць і грамадскім актывістам, і пасупрацоўнічаць з НДА, а цяпер займаецца СМІ. — Рэч у тым, што цяпер мы маем прыклады таго, як ініцыятывы ствараюць СМІ, часопіс “Имена” — добры прыклад. Ці расійскія “Такие дела”. Добры прыклад — блогер Варламаў, пасты якога пра падарожжа ў той ці іншы горад (часам спрэчныя) абмяркоўваюцца на дзяржаўным узроўні”.

Рэдактар партала CityDog Сяргей Сахараў
Рэдактар партала CityDog Сяргей Сахараў

Па словах спадара Сахарава, сённяшні чытач (а гэта ў тым ліку людзі, якіх называюць крэатыўным класам) вельмі зацікаўлены чытаць пра актыўнасці неабыякавых людзей. Нехта зарабіў грошай і ўпрыгожыў пад’езд відамі Сан-Францыска? Раней такое было нецікава, цяпер жа для крэатыўнага класа гісторыя чалавека, які зарабіў на ІТ і паляпшае прастору вакол сябе, — выйгрышная тэма.

“Датычна грамадскіх актывістаў: цяпер трэба фармуляваць, чым вы адрозныя і класныя, рабіць гэта арыгінальна і нават нахрапіста, каб апынуцца на першай старонцы сайта, — кажа спадар Сяргей. — Таксама для таго, каб тэкст “стрэліў”, патрэбны экспертны погляд на праблему. Чытачу важна паказваць, як пачынаецца новы гарадскі феномен. Напрыклад, каб патлумачыць, чаму падземныя пераходы — гэта дрэнна, мы звярнуліся да ўрбаністаў, бо менавіта яны — эксперты ў гэтай галіне.

Прэс-клуб у ГомеліМы ўсе супольна спрабуем надаць моду актывізму — незвычайныя вечарынкі, грошы з якіх ідуць у дзіцячыя інтэрнаты, тэма дабрачыннасці цяпер надзвычай папулярная сярод крэатыўнага класа”.

Рэдактар партала CityDog Сяргей Сахараў у ГомеліГалоўная праблема для СМІ? Не кожны матэрыял будзе звышчытаным. Ёсць класныя ініцыятывы, на тэксты пра якія людзі рэагуюць надзвычайна — сёлета такой стала тэма псіханеўралагічнага інтэрната.

Тэма мала таго што актуальная — людзям было вельмі цікава паглядзець, як жывуць людзі іншыя. Ці вось вельмі карыстаўся попытам тэкст пра калекцыю моднай вопраткі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Наведнікі ў Гомелі“Што ж трэба рабіць актывістам, каб “падабацца” медыям? Па-першае, ведаць пра інфармацыйную палітыку выдання, да якога вы звяртаецеся, — кажа спадар Сяргей. — Па-другое, умець літаральна “разжаваць” для медыяў свае ўнікальныя гандлёвыя прапановы. Ствараць вельмі ўцямныя рассылкі і рэлізы. Прапаноўваць незвычайных герояў і цікавыя гісторыі. Прапаноўваць сябе ў якасці эксперта. Прапаноўваць супольныя медыягенічныя праекты”.

“Мы з’явіліся восем гадоў таму і сталі гэткім мясцовым фэйсбукам, — расказвае Зміцер Новікаў, супрацоўнік гомельскага сайта “Моцныя навіны”, аднаго з найлепшых рэгіянальных СМІ краіны, суполка ў сацсетцы vk.com якога налічвае 92 тысячы падпісчыкаў, а штодзённая аўдыторыя — каля 40 тысяч наведнікаў. — Спачатку мы былі сайтам для грамадзянскіх ініцыятываў і мясцовага палітычнага жыцця, чаму і кажу пра фэйсбук, пасля сталі навінавым парталам.

Зміцер Новікаў — супрацоўнік гомельскага сайта “Моцныя навіны”
Зміцер Новікаў — супрацоўнік гомельскага сайта “Моцныя навіны”

У чым сакрэт нашай папулярнасці? Мы наступілі на горла ўласным інтарэсам. Асабіста я люблю пісаць пра культуру і, прыкладам, пра дыназаўраў, але гэтыя тэмы, мякка кажучы, не запатрабаваныя. Нас часам папракаюць, што празмерна шмат “чарнухі” на сайце, але калі яна не з’явіцца ў нас, яе пойдуць глядзець на іншы сайт. Што да ініцыятываў, то існуюць такія, што не цікавыя чытачу, але важныя самі па сабе.

Мы ж робім выбар па колькасці патэнцыйных праглядаў”.

Па словах спадара Новікава, самае галоўнае для актывістаў — уявіць сябе на месцы нейтральнага чалавека, які не знаёмы з вашай кампаніяй, і зрабіць так, каб зацікавіць яго. Медыянагоду заўжды можна стварыць.

Памяшканне ў Гомелі“Была гісторыя, калі кампанія “Наш дом” пісала, што ў Гомелі не хапае грамадскіх прыбіральняў. Падрыхтавалі матэрыял з кучай фота. З прыбіральнямі як яны ёсць. Бывае, што здымкі амаль перадаюць пах. Тым не менш гэта вельмі зацікавіла чытача. Чым лепшы ваш прэс-рэліз, тым болей шанцаў, што СМІ на вас адрэагуюць. Любы івэнт ад НДА — зрабіце анонс, калі мы будзем мець магчымасць і зацікавімся, прышлём каго-небудзь. Ці зрабіць тэкст і дашліце нам”.

Ці не парушае гэта журналісцкія стандарты?

“На сёння мы не маем рэсурсу, каб не парушаць такія правілы, — кажа Зміцер. — Нам трэба кампенсаваць свае затраты на стварэнне кожнага матэрыялу”.

Аўдыторыя ўздымае пытанне беларускай мовы: чаму беларускамоўных матэрыялаў на абодвух сайтах, чые прадстаўнікі прысутнічаюць на прэс-клубе, так мала?

“На вялікі жаль, беларускамоўныя тэксты чытаюцца менш, — кажа спадар Новікаў. — Гэта статыстыка, а не беларусафобія”.

“Ёсць прыклад “Нашай Нівы”, але некарэктна параўноўваць нас з “НН”, — кажа спадар Сахараў. — Бо “НН” — гэта вельмі стары брэнд, з вялікай аўдыторыяй. Калі б “Наша Ніва” зараз пачала з нуля, параўнанне было б карэктным. Што, дарэчы, вельмі прыемна — прапановы ад бізнесоўцаў, камерцыйных кліентаў часцяком маюць пункт, што тэкст мусіць быць па-беларуску”.

Добры прыклад супрацы СМІ і актывістаў — тэксты гамельчука Ігара Случака, які заўзята змагаецца за беларускую мову і вядзе суполку “Справаводства па-беларуску”.

Ігар Случак з Гомеля“Да рознага даходзіла, — кажа спадар Ігар. — Мне нават прапаноўвалі вывучыць рускую мову”.

У асабістым актыве спадара Случака некалькі кейсаў, калі ненавіснікаў беларускай мовы прыцягвалі да адказнасці. Кожны раз менавіта спадар Ігар уздымаў хвалю, калі бачыў парушэнне заканадаўства.

Дзякуй за ўвагу сказаў Ігар Случак“Я ўвесь час супрацоўнічаю з журналістамі, — кажа спадар Ігар. — Раблю пост у фэйсбуку, даношу інфармацыю да СМІ, ды і сам з задавальненнем дапамагаю СМІ. Мы шмат працавалі, напрыклад, з “Беларускай федэрацыяй футбола”, і цяпер гэта ледзь не самая беларускамоўная ўстанова ў краіне. Калі стваралі “Справаводства па-беларуску”, з першым кейсам нас падтрымалі БелаПАН і “Камсамольская праўда”. Дарэчы, суполка “Справаводства” вельмі пашырылася. Там можна знайсці і звароты, і людзей, якія нас падтрымліваюць — вялікі аб’ём інфармацыі”.

Дыскусія ў Гомелі“Людзі, з якімі мы працуем, — нашы патэнцыйныя калегі, а неабавязкова толькі апаненты, — кажа каардынатар дыскусіі Андрэй Стрыжак. — З некаторымі, канечне, цяжка дамовіцца, але ўспрымаць іх як ворагаў таксама няправільна”.

Каардынатар дыскусіі Андрэй Стрыжак
Каардынатар дыскусіі Андрэй Стрыжак

“У нашай справе вельмі дапамагаюць сацыяльныя сеткі, — кажа спадар Ігар. — Дарэчы, цурацца некаторых з іх, як, прыкладам, “Аднакласнікаў”, таксама не варта. Там вельмі вялікая патэнцыйная аўдыторыя, галодная да навінаў, якая не чытае больш нічога. Трэба даваць ёй такую магчымасць.

Абмеркаванне ў ГомеліДык, урэшце, хто ў больш моцнай пазіцыі — журналіст альбо актывіст? Часам жа і НДА могуць адправіць журналіста хадзіць па коле, ад актывіста да актывіста, як па кабінетах выканкама. З іншага боку, ёсць і НДА, якім не патрэбнае асвятленне ў СМІ, і гэта нармальна.

Беларуская ўсмешка ў дзяўчат у Гомелі“Для НДА вельмі важна стварыць якасны прэс-рэліз, падстрахавацца паблікамі ў сасцетках. Мерапрыемствам, якія на першы погляд падаюцца “сухімі”, надаць прыгожую абгортку, — падсумоўвае Андрэй Стрыжак. — Для журналістаў важна патлумачыць НДА, што камера — гэта не камера СІЗА, што гэта не балюча і нават карысна, але цікавяць іх не ўсе тэмы. На гэтым можна выбудаваць узаемавыгадныя стасункі”.

Каляндар ад КК "Будзьма беларусамі!"