Жніўная абраднасць і песні Гомельшчыны: семантыка дзеянняў і прадметнай атрыбутыкі

0
117
Жніўная абраднасць і песні Гомельшчыны семантыка дзеянняў і прадметнай атрыбутыкі

Жніўную абраднасць беларусаў як адну з важнейшых частак земляробчага календара можна лічыць «апафеозам усяго каляндарнага цыкла». Гэта невыпадкова, бо ў цэнтры абрадавых дзеянняў знаходзіцца жыта (хлеб) — сімвал вечнага жыцця, сродак далейшага існавання чалавека.

Мэтай дадзенага даследавання з’яўляецца вывучэнне жніўнай абраднасці пэўных рэгіёнаў Гомельшчыны ў кантэксце агульнабеларускай традыцыі, вылучэнне агульнага і адметнага, характарыстыка асноўных момантаў, звязаных з міфалагічнымі ўяўленнямі, магічнымі дзеяннямі, жанравым складам жніўнай абрадавай паэзіі.

Сакралізацыя хлеба як асноўнага і благаславёнага віду ежы адбылася невыпадкова, бо менавіта Бог надзяліў хлебам чалавека, калі ў таго ўзнікла патрэба ў ежы: «Бог убачыў, што людзі на зямлі мруць з голаду, і тады ён сыпаў з неба зярно. Людзі сабралі яго і пасеялі хлеб» (Лоеўскі р-н) [2, c. 277]; «Бог здзелаў жыта на добрае, на дапамогу людзям» (Гомельскі р-н) [1, с. 419]. Дарэчы, матыў боскіх дарункаў, прыведзены ў беларускіх міфалагічных тэкстах, нечым блізкі па семантыцы да грэчаскіх: Праметэй таксама надзяліў людзей агнём і рознымі ўменнямі для іх існавання. Паводле народных вераванняў, «першае» жыта было незвычайным: або напоўнены наліўнымі зярнятамі колас пачынаўся ад самай зямлі, або колас уяўляў сабой цэлае суквецце — «елачку»: «Расказвалі, што раней жыта было да самага кораня каласамі» (г. Добруш) [2, с. 277-278]; «Жыта зараз мала родзіць. А раней яно многа радзіла і было не аднім каласком, а «ёлачкай» (Добрушскі р-н) [2, с. 278].

Засяродзім увагу на некаторых аспектах міфалагізацыі жыта ў народнай свядомасці, вылучым функцыянальна-семантычныя падгрупы ў межах тэматычнай групы «Бог — чалавек — жыта»:

— зневажальныя адносіны чалавека да хлеба і Божае пакаранне за гэта: «Бог убачыў, што людзі на зямлі мруць з го ладу, і тады ён сыпаў з неба зярно. Людзі сабралі яго і пасеялі хлеб. Цераз некаторае ўрэмя Бог зноў глянуў на зямлю і ўбачыў, што валяюцца кускі хлеба, тады ён сабраў хлеб і паслаў на зямлю град і мароз і знішчыў пасевы. Тады людзі пакляліся Богу, што не будуць болей так рабіць, і Бог прасціў іх і апяць даў людзям жыта» (Лоеўскі р-н) [2, c. 277].

— скаргі чалавека на жыта і адпаведная Боская дапамога (пакаранне): «Я яшчэ ведаю, што гэта бабы скардзіліся за тое, што ім вельмі цяжка згінацца ўніз. Да срываць жыта пад самы корань. Вось Бог і зрабіў жыта на высокім коласе, каб бабам лягчэй было» (Гомельскі р-н) [2, с. 277; «Жыта зараз мала родзіць. А раней яно многа радзіла і было не аднім каласком, а «ёлачкай». Людзі скардзіліся, што яно колецца. Гэтым і разгнявілі Бога, убраў Бог калоссе […]. Але аставіў Бог толькі адзін каласок» (Добрушскі р-н) [2, с. 278].

— выпрабаванне чалавека Богам на сквапнасць пры дапамозе жыта: «Аднойчы Бог вырашыў іспытаць чалавека. Жадны ён, ці не. Ды й паслаў да яго нішчага. Бедны чалавек прыйшоў у хату і папрасіў у гаспадара хлеба. Гаспадар яму даў толькі маленькі кавалачак. Бог убачыў гэта. Раззлаваўся і садраў усё жыта снізу. Аставіў толькі маленькі кусочак у самым версе, каб скаціна снедала» (Гомельскі р-н) [2, с. 277]. На нашу думку, падобныя павер’і тлумачаць спагадлівыя адносіны беларусаў да жабракоў і выразна ілюструюць веру ў тое, што Бог узнагароджвае тых, хто робіць добрае і аказвае дапамогу: «што далі жабракам, тое і будзе знаходзіцца на вашым белым століку, які будзе стаяць ў райскім садзе, калі чалавек памрэ» (Чачэрскі р-н)*.

— чалавечыя праклёны, адрасаваныя жыту, і Божая кара за гэта: «Жыта радзіла дужа харашо. І баба пайшла жыта жаць, і кажа: «Штоб ты проклята было, так цябе цяжка» Тады Гасподзь узяў усе каласы і працягнуў рукой, а падбеглі сабакі і каты і сталі каўкаць. І адзін колас астаўся. Так гавораць, што мы каціны хлеб ядзім» (Рагачоўскі р-н) [2, с. 277]; «Усе хадзілі, снапы вязалі. А яно цяжола, накланяцца нада нізка, каласы рукі рэжуць, спіна баліць. Адна баба і сказала: «Будзь яно проклята!» Ну, цяжола ж сагінацца. І Бог наказаў. Колас і ўшоў. Зацягнуў ён каласы ўніз, у зямлю. Добра яшчэ, што хоць трохі аставіў» (Веткаўскі р-н) [3, с. 207]. Напэўна, падобнымі ўяўленнямі выклікана наступная забарона: «Нельзя ругацца, кагда ў полі робіш. Гэта ж Богам нам усё дадзена» (Веткаўскі р-н) [3, с. 207].

— выкарыстанне жыта нячыстай сілай насуперак волі Бога: «Бог здзелаў жыта на добрае, на дапамогу людзям, а чорт пачаў з яго гарэлку гнаць, таму яно перастала многа радзіць» (Гомельскі р-н) [1, с. 419].

Рэшткі міфалагічных уяўленняў знайшлі адлюстраванне ў этнаграфічных апісаннях жніўнай абраднасці. Напрыклад, пра форму коласа ў выглядзе «ёлачкі» прыгадваецца ў абрадзе «Ёлка», які папярэднічаў пачатку жніва і выконваўся з мэтай засцярогі жыта ад заломаў ведзьмы, павелічэння яго ўраджайнасці: «Калі зацвітала жыта, дзяўчаты бралі сухую галюку, прыбіралі яе сплеценымі вянкамі і няслі ў жыта. Там ужо «ёлку» хавалі — завівалі зярно. Пелі песні і васільковыя вянкі кідалі ў жыта, штоб зберагчы ад залому. Нада штоб, назад ішоўшы, тожа пелі — будзя добры ўраджай» (Веткаўскі р-н) [3, с. 221]. На ўзроўні падсвядомасці, у працэсе выканання і перадачы абраду з пакалення ў пакаленне, міжволі ўзнаўляецца вобраз «першага» коласа, які рос «ёлачкай».

З самага пачатку, калі Бог «падараваў» жыта чалавеку, яно ўжо было асвечана Творцам. Таму і ўсе абрадавыя дзеянні, якія здзяйсняюцца жнеямі падчас збору ўраджая хлеба, пэўным чынам асвячаюцца. У структуры жніўнага абрадавага комплексу можна вылучыць наступныя кампаненты: пакрыванне поля, зажынкі, уласна жніво, дажынкі.

Адзначым, што працэс збору ўраджаю пачынаўся з асвячэння поля: «Мая бабуля ўсегда сама эта дзелала. Возьме бутэлечку з вадою і пайшла, пад нос прыгаворвае што-та» (Веткаўскі р-н) [3, с. 217]. Выконвалі таксама абрадавыя дзеянні, якія б паспрыялі ў працы на ніве: «Кідаем у жыта ў белым палаценцы хлеб і ваду, каб задобрыць поле» (Веткаўскі р-н) [3, с. 218]. Прыведзены прыклад пацвярджае факт адлюстравання міфалагічных вераванняў, звязаных з ахвярадаўствам. «Хлеб і вада» як своеасаблівая ахвяра прызначалася менавіта гаспадару поля і нівы — Жыценю, «які спрыяе росту і выспяванню збожжа» [4, с. 179]. «Гавораць, дзед Жыцень жыве ў жыце і сочыць за ўсім. Калі які гаспадар дрэння ўбярэ на зімку каласкі, то Жыцень іх забярэ ў сноп і пакладзена поле больш рупліваму хазяіну. Дак у яго на наступны год ураджай і большы» (Жлобінскі р-н) [2, с. 278]). Паводле этнаграфічных звестак, часам дадзенае «ахвярапрынашэнне» адрасавалася Жытняй бабе, якая «ўяўлялася ў абліччы нейкай фантастычнай жанчыны з каласамі на галаве і зоркамі па баках» [4, с. 178]. На тэрыторыі Гомельшчыны, у прыватнасці ў Лельчыцкім раёне, «бабкамі» ці «бабамі» называлі невялічкія копы жытніх снапоў, якія мелі антрапаморфны выгляд: нагадвалі постаць «мажнай жанчыны ў вялікім капелюшы».

Пасля ўдалага асвячэння поля жанчыны распачыналі зажынкі: «Выбіраюць на палосы жніцу, каб яна зажала жыта — зжала першы сноп. Абавязкова трэба, каб гэтая жанчына была добрай гаспадыняй. Апранаецца яна ў чыстае адзенне. Зажынае першы сноп і звязвае яго, калі ў час жніва ніхто не парэзаў рукі і нічога дрэннага не здарыцца, то кажуць: «Ой, добрая жніца была, добра зажала, што ніхто не захварэў» (Веткаўскі р-н) [3, с. 204]. Такім чынам, моц і спрыт жанчыны, якая зажынала, перадаваліся нейкім чынам астатнім жнеям. У некаторых этнаграфічных апісаннях зажынак не толькі моц жанчыны, якая зажынала першай, а нават моц зямлі перадавалася працаўніцам: «Першы сноп жыта перавязвалі лентачкай, утыкалі па кругу цвіточкі. Прыбіраліся і ішлі на поле к зажыну з ядой, елі, а ўжо затым качаліся па полю (ржэўнішчы) і, каб быць здаровымі, кажам: «Ніўка, ніўка, аддай маю сілку». Так гаварылі тры разы» (Веткаўскі р-н) [3, с. 204]. Г.А. Барташэвіч адзначае, што «такія ж прыгаворы-песні добра вядомы ўкраінцам, калі таксама жнеі качаліся па жніўю, а перад тым з заламаных да зямлі каласоў абсыпалі зерне, клалі хлеб, ставілі ваду: «Оце тобі, борода, хліб, сіль і вода». Магічнасць вышэйназваных дзеянняў падкрэсліваецца і трайным вымаўленнем-зваротам да «ніўкі».

Асноўны атрыбут абраду зажынак — сноп жыта — надзяляўся разнастайнымі функцыямі: апатрапеічнымі («Першыя каласы прыносяць дахаты. Вось і ў мяне ёсць пасвянцонае жытцо, яно ж абараняе» (Веткаўскі р-н) [3, с. 205]; «Зажынкавы дзядок старажыць хаты, яго торкалі за абразы» [4, с. 452]), лекава-прафілактычнымі («Калі жалі, дык прывязвалі снапок к спіне, штоб не балела сярэдзіна» (Веткаўскі р-н) [3, с. 216]; «Кагда зажыналі жыта, ставілі першы сноп у начале паласы. Ета штобы спіна не балела» (Веткаўскі р-н)*) і інш.

Сам працэс жніва быў даволі складаным і працаёмкім, таму не вылучаўся абрадавымі дзеяннямі, аднак суправаджаўся вялікай колькасцю жніўных песень, якія адрозніваліся «асаблівай паэтычнасцю і драматычнасцю» [5, с. 545] і былі прысвечаны цяжкай працы жанчын, іх лёсу, нешчасліваму каханню, лютасці пана.

Дажынкі як заключны этап жніва суправаджаліся пэўнымі абрадавымі сімвалічнымі дзеяннямі. Напрыклад, калі у г.п. Уваравічы Буда-Кашалёўскага раёна завяршалі жаць, то «завівалі бараду»: «У самым канцы поля астаўлялі штук сколькі калоссяў. Завязвалі ў вузел так, каб каласкі глядзелі ўніз, у зямлю. Патом плялі з цвятоў, якія растуць на полі, вянок і клалі на бараду. Яшчэ туды, у вянок, клалі кусок хлеба, соль і вадзічку і гаварылі ўсе жанчыны: «Барада, барадзіца. Харошая маладзіца, табе хлеб, соль і вадзіца. Будзь здарова, зямля-карміцелька, да будушчага года»*.

Менавіта праз такія магічныя дзеянні людзі імкнуліся ўлагодзіць зямлю, захаваць яе ўраджайнасць на будучы год.

* Выкарыстаны ўласныя запісы аўтара

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Міфалагічныя ўяўленні беларусаў / уклад В. С. Новак. — Мінск: Права і эканоміка, 2010. — 538 с. — (Серыя «Гуманітарныя навукі»)
  2. Народная міфалогія Гомельшчыны: фальклорна-этнаграфічны зборнік. — ЛМФ «Нёман», 2003. — 320 с.
  3. Вечнае: Фальклорна-этнаграфічная спадчына Веткаўскага раёна / аўт.-уклад.: І. Ф. Штэйнер, В. С. Новак. — Гомель: УА «ГДУ імя Ф. Скарыны», 2003. — 362 с.
  4. Міфалогія беларусаў: Энцыкл. слоўнік. / склад. І. Клімковіч, В. Аўтушка; навук. рэд. Т. Валодзіна, С. Санько. — Мінск: «Беларусь», 2011. — 607 с.
  5. Памяць: гіст. дакум. хроніка Лельчыцкага раёна. — Мінск: «Паліграфафармленне», 2002 — 606 с.

Аўтар: П.М. Цалка
Крыніца: Актуальные проблемы филологии: сборник научных статей / редкол.: А.В. Бредихина [и др.]; М-во образования Республики Беларусь, Гомельский государственный университет им. Ф. Скорины. — Гомель, 2012. — Вып. 5. С. 170-175.