Жаніцьба Цярэшкі-2010 – як гэта было

0
1094
Талака, Гомель

24 студзеня ГМКГА “Талака” ладзіла каляднае ігрышча для моладзі “Жаніцьба Цярэшкі”.

Сярод выдатных з’яў беларускай фальклорнай спадчыны асаблівае месца займае “Жаніцьба Цярэшкі”. Гэта адна з найбольш цікавых нацыянальных форм каляднага абрадавага ігрышча моладзі, якая дасягнула шлюбнага ўзросту. Асноўнае дзеянне ігрышча – падбор шлюбных пар, жаніцьба маладых – мае тут умоўны карнавальны, гульнёвы характар. Аднак распрацаванасць сцэнарыя “Жаніцьбы Цярэшкі” ў беларусаў, багацце песеннага, танцавальнагаі музычнага кампанентаў, асаблівая ўзрушанасць і “прынцыповасць” удзельнікаў дзейства ў выбары пары паказваюць, што для шэрагу пакаленняў нашых продкаў гэтае ігрышча было нечым большым, чым проста святочнай забавай. За ім хаваецца, відаць, яшчэ язычніцкі і вельмі важны для народа абрад, які рэгуляваў фарміраванне новых сямейных гнёздаў.

Калі ж звярнуцца да этамалогіі свята, то можна падаць такі варыянт, што “Цярэшка вядома як імя чалавека, прозвішча, назва вёсак. І антрапонімы і тапонімы канцэнтруюцца найбольш у мясцовасцях, дзе бытавала і аднаіменнае ігрышча. Так, вёскі Цярэшкі вядомы ў асноўным у Віцебскай і прылягаючай частцы Мінскай абласцей. Акрамя таго, в. Цярэшка знаходзіцца ў Бабруйскім раёне Магілёўскай вобласці і в. Цярэшкавічы – у Гомельскім раёне Гомельскай вобласці. Прозвішча Церашковіч вядома з пісьмовых крыніц сярэдзіны ХV ст. Усё гэта сведчыць аб укаранённасці “Цярэшкі” ў Беларусі. Аб старажытнасці яго вытокаў.

Што ж тычыцца удзелу і функцыянальнасці “Цярэшкі” ў народным ігрышчы,то вобраз “Цярэшкі” варта разглядаць як драўляную фігурку, якая пры пэўных умовах ажывае. А якая функцыя Цярэшкі, чаму ў яго гонар названа такое багатае і цікавае ігрышча? Можна меркаваць, што наш Цярэшка ў язычніцкія часы быў альбо ахоўнікам маладой сям’і, альбо памагатым маладым людзям у каханні. Ва ўсякім разе ў песнях-цярэшках вельмі часта сустракаецца зварот да Цярэшкі: “Цярэшка, Цярэшухна, мой мілы пацешухна” (задаволенасць парай), “Цярэшка, бяда, бяда, далі мне старога дзяда”; “Цярэшка цярэх-цярэх, мой дзедзька з арэх, з арэх” (незадаволенасць “шлюбам”). Шматлікія песні пачыналіся проста зваротам да Цярэшкі: “Цярэшка, Цярэшачка, убітая сцежачка, бягу я сцежачкай трушком…”. Існуе шмат тэкстаў, дзе гаворыцца, што Цярэшку трэба жаніць, бо “Цярэшка валочыцца”, што яму “жаніцца ня хочацца” льбо “жаніцца хочацца”, што “Цярэшка жанілася, ды з печы звалілася, галава разбілася” ці “на крошкі разбілася”. Тут у Цярэшкі нават невыразна вызначаны род: то “ён валачыўся, то “звалілася, разбілася”. Аднак разбіцца на крошкі ўсё ж можа Цярэшка тады, калі гэта толькі якаясьці фігурка, а не жывы чалавек.

Калі ж разглядаць сам ход ігрышча, то пачаць патрэбна з падрыхтоўчага этапа да “Цярэшкі”, які, нажаль, застаецца не бачным для недасведчанага назіральніка, аднак інфарматары паведамляюць, што апошнія тыдні перад Калядамі моладзь жыла ў вялікім напружанні і ўпотай вяла сваю работу, каб забяспечыць сябе партнёрам. Не толькі сімпатычным, але і прэстыжным, “роўнага гонару”, аб чым шмат пяецца ў песнях у час самой “Цярэшкі”.

Наступным этапам падрыхтоўкі да “Цярэшкі” з’яўляюцца танцы, калі моладзь, сабраўшыся разам у прыдатнай для агульнай забавы гаце, танцуе ўвесь вечар, не выяўляючы намеру “жаніць Цярэшку”. Толькі пад поўнач. Па загаду ці напамінку старэйшых аб’яўляецца ўсім, што будзе “Цярэшка”.

Першым актам уласна “Жаніцьбы Цярэшкі” з’яўляецца выбар “маткі” і “бацькі”. Іх “скручванне” ў танцы. Часам “бацькоў” чым-небудзь вылучалі: надзявалі “матцы” доўгую спадніцу, завязвалі хустку, “бацьку” прычаплялі  бараду, вусы.

Наступны этап “Цярэшкі” – падбор пар. Параіўшыся з “бацькам”, “маці” брала хлопца, а “бацька”  дзяўчыну. Пратанцаваўшы з імі, яны ў танцы ж злучалі маладых, якія з гэтага моманту станавіліся “дзедам” і “бабай”.

“Пажэненыя” маладыя не проста танчылі паміж сабой; узяўшыся намітусь пад рукі. Яны “перакручваліся” млыном на месцы пад музыку “Лявоніхі”, г.зн. “скручваліся”. Як скручваецца, звіваецца з дзвюх столак нітка ці вяроўка, каб быць трывалай, моцнай. У гэтым бачыцца магія “скручвання” маладых людзей у адну сям’ю, трывалую сямейную пару.

Падбор пар – гэта кульмінацыйны этап ігрышча. Вельмі клапатлівы і адказны для “бацькоў” і вельмі істотны для “дзяцей”: ад удалага выбару пары залежаў настрой не толькі на гэты вечар, але і на ўвесь год, больш таго, успаміны пра “Жаніцьбу Цярэшкі. Радасць ці прыкрасць з нагоды гэтай падзей многія праносілі праз усё жыццё. Калі ж пары падабраны. Расстаўлены, лёс маладых вырашаны – напружанне спадае.

Цяпер пачынаецца самы вясёлы, насычаны песнямі, гумарам этап пералоўлівання маладых. Кожная пара двойчы выступае на першы план, калі “дзядулька” ловіць сваю “бабульку” і наабдварот. Тут адкрываюцца неабмежаваныя магчымасці выявіць свае здольнасці, свій настрой, адносіны да партнёра, сваё адчуванне гумару. Уменне зграбна рухацца, спрытна злавіць партнёра. Гэтыя якасці цаніліся, стваралі маладым добрую славу, заваёўвалі прыхільнасць сяброў. Нягледзячы нна тое што песні-цярэшкі ад імя маладых удзельнікаў часам спявалі прысутныя тут жанчыны. З саміх пескнь відаць, што ўменне спяваць, выказацца праз песню неабходна было ўсім маладым удзельнікам. А нясмеласць ці невалоданне фальклорнай традыцыяй адзначалася як недахоп, як пэўная загана і дзяўчыны, і хлопца:

Дам я бабцы дуката,

Каб наняла адваката…

Тое ж гаварылася і хлопцу, калі яму “памагалі” ў спеве-дыялогу:

Мой дзядулька языка ні маіць,

Адвыката наймаіць.

Адвыкат набрэшыцца,

Дзядулька пацешыцца.

Пасля таго як двойчы пералавіліся ўсе пары, праспяваліся ўсе цярэшкі, іграецца на заключэнне агульная полька.

Як мы бачым, з прыведзеных вышэй радкоў, традыцыйнае калядна-абрадавае дзейства “Жаніцьба Цярэшкі”, у яеім атрымалі своеасаблівае, жартаўліва-гульнявое праламленне некаторыя найбольш важныя матывы сапраўднага вяселля, вылучаецца, як і само вяселле, шчодрасцю і шматколернасцю свайго мастацкага афармлення. Дсягаецца гэта выкарыстаннем розных па сваёй прыродзе і выразным магчымасцям мастацкіх кампанентаў – музыка-песеннага і інструментальнага, харэаграфічнага, вусна-паэтычнага і драматычнага. Усе яны – кожны паасобку ці ў разнастайных спалучэннях-узаемадзеяннях – садзйнічаюць раскрыццю “вясельнай ідэі” гульні, стварэнню атмасферы ўсёахопнай весялосці і гарэзлівасці, узнікненню неспадзяваных камічных эфектаў.

Было выдатна, ды й што тут казаць! Гэта трэба ня толькі бачыць, у гэтым трэба удзельнічаць!

Чакаем новых сустрэч на “Жаніцьбе Цярэшкі” ў 2011 годзе!!!