Жалезная руда на Мазыршчыне

0
418
Жалезная руда

У часопісе „Наш Край“ № 8-9 (11-12) (старонка 43-44) за 1926 год падаваліся зьвесткі аб вынаходках жалезнае руды на Мазыршчыне каля наступных паселішч: 1) в. Рэдзька, Мялешкавіцкага сельсавету, в. Балажэвічы, Скрыгалаўскага сельсавету, Слабадзкога раёну1), в. Аголіцкая-Рудня, Пасад-Капцэвіцкага сельсавету, 4) в. Скалодзіна, Глініцкага сельсавету, 5) в. Глініца, таго-ж сельсавету, Пятрыкоўскага раёну, 6) в. Руданька (Белка), Капаткевіцкага сельсавету і раёну, 7) п. Яўтушкавіцкая-Рудня, Яўтушкавіцкага сельсавету, 8) в. Карані, таго-ж сельсавету, в. Хамічы таго-ж сельсавету, Азярыцкага раёну, 10) в. Дзямідаўская-Рудня, Дзямідаўскага сельсавету, Нараўлянскага раёну, 11) в. Есіпава-Рудня (Восіпава-Рудня) Зеляноцкага сельсавету, Каленкавіцкага раёну.

Аднак, у выніку далейшае працы па выяўленьні распаўсюджваньня жалезнае руды ёсьць мажлівасьць папоўніць раней надрукаваныя матар’ялы новымі зьвесткамі, больш дэталізаваць пададзеныя зьвесткі, а таксама ўдалося выявіць яшчэ і значную колькасьць новых мясцовасьцяй распаўсюджваньня жалезнае руды на Мазыршчыне.

Па Азарыцкім раёне

Жалезная руда, паказаная вышэй каля в. Хамічоў таго-ж сельсавету, знаходзіцца, згодна паведамленьня настаўніка Старавойтава, у вурочышчы Падліпка, на беразе р. Іпы, а ня Уны, як аб гэтым памылкова надрукавана ў „Нашым Краі“. Вурочышча Падліпка распаложана на паўночны ўсход ад в. Рылавічы, якая знаходзіцца побач з Хамічамі, у адлегласьці 1,7 кілёмэтра. Пліты жалезнае руды сустракаюцца тут вагою каля 245 кілёгр., а наогул руда сустракаецца на плошчы да 327 гэктараў, залягае на глыбіні да 0,17 мэтра ад паверхні. Таўшчыня слою руды не ўстаноўлена, але паводле некаторых фактаў трэба меркаваць, што яна даволі значная, бо як капалі канаву праз плошчу заляганьня жалезнае руды, дык грабары, прарэзваючы яе на паўаршына ў глыбіню, не дакапаліся да падсьцілаючага слою. У мясцох заляганьня жалезнае руды вада ў р. Іпе не замярзае ўзімку, а на лузе дрэнна расьце трава. Жалезная руда сустракаецца яшчэ ў апісанай мясцовасьці і ў вурочышчы Віляўка.

У Каранёўскім сельсавеце жалезная руда сустракаецца ў вурочышчы Вытрашч, распаложаным на поўнач ад в. Карані, на адлегласьці 2-х кілёмэтраў; плошча заляганьня руды, згодна паведамленьня настаўніцы Нядзьведзкай, дасягае 5,68 гэктара.

Па Жыткавіцкім раёне

Жалезная руда знойдзена на абшары, пачынаючы праз 1,5 кілёмэтра за п. Пасталамі ў кірунку да в. Кузьміч, Старобінскага раёну, Менскае акругі. Руда залягае тут абапал канавы, якая перасякае чыгуначную ветку, уніз па цячэньні, адступіўшы 0,5 кілёмэтра ад чыгункі і цягнецца амаль што да самага Князь-Возера, займаючы, згодна паведамленьня раённага т-ва краязнаўства і настаўніка Майзьліка, плошчу даўжынёю ў 8-10 кілёмэтраў. Паводле вестак з месц, нямецкія прадпрыемцы, уладаўшыя да Кастрычнікавае рэволюцыі дрэваапрацоўчым заводам у Пасталох, дасьледвалі памянёную жалезную руду і нібыта зьбіраліся адчыніць завод для выплаўкі жалезнае руды, каб жалезнымі вырабамі абслугоўваць патрэбы мясцовага насельніцтва, але гэтаму пашкодзіла вайна 1914 году.

Па Каленкавіцкім раёне

Аб памянёнай у папярэднім апісаньні жалезнай рудзе каля в. Есіпавае-Рудні, Зеляноцкага сельсавету можна на падставе зьвестак, дастаўленых настаўнікам К. Шанько, даць больш падрабязнае апісаньне. Руда знаходзіцца ў вурочышчы Гарадок у адлегласьці 200 мэтр. ад вёскі, займае плошчу каля 50 гэктараў; у вурочышчы Сечаны Лес на плошчы да 15 гэктараў, а за межамі зямель Есіпавае-Рудні плошча з жалезнаю рудою да 250 гэктараў цягнецца пад в. Буду і Галявіцу, Дудзіцкага сельсавету. Апрача гэтага, жылы руды цягнуцца па рэчцы Ненач на поўнач і на захад да в. Антонаўкі, таго-ж сельсавету. Руда залягае на глыбіні ад 0,17-0,35 мэтра ад паверхні, сустракаецца даволі вялікімі і дробнымі кавалкамі. У 1918 г., у часе окупацыі, немцы дасьледвалі жалезную руду, але вынікі гэтага невядомы.

У Антонаўскім сельсавеце жалезная руда знойдзена каля в.Рудні-Гарбавіцкае на адлегласьці 2-2,5 кілём. У заходнім кірунку ў вуроч. Узлужжа. Згодна паведамленьня н-ка А. Шанько, руда раскідана на паверхні кавалкамі рознае велічыні, найбольшыя з якіх важаць да 8 кілёграм. Жалезная руда знойдзена таксама ў вурочышчы Папова Града, якое ляжыць у адлегласьці 4-х кілёмэтраў ад в. Рудня-Гарбавіцкая ў заходнім кірунку, паміж р. Іпаю і возерам Рачышча. Руда залягае на глыбіні да 0,5 мэтра ад паверхні. Згодна вестак, дадзеных настаўніцаю М. Бакман, плошча заляганьня руды, праўда не кампактнаю масаю, дасягае да 10,9 гэктараў. Таўшчыня пласту ня выяўлена. У мінулым у апісанай мясцовасьці (у Антонаўскім сельсавеце) была і гута па выплаўцы жалезнае руды.

Па Капаткевіцкім раёне

Жалезная руда знойдзена каля самага м-ка Капаткевіч на балоціне Гальца, але, як плошча заляганьня руды, так і глыбіня заляганьня, таўшчыня пласту ня выяўлены.

Па Каралінскім раёне

Згодна паведамленьня н-ка Малашчыцкага, жалезная руда знойдзена каля в. Санюкоў таго-ж сельсавету на балоціне, якая прылягае да рэчкі Мытвы; у Рамязоўскім сельсавеце — на балоціне, якая ляжыць на поўнач ад в. Рамязоў за вур. Крывавая Ніва, паасобныя кавалкі якое тут важаць да 4-х кілёгр., а таксама — на балоце па цячэньні р. Чэрцень на 6-7 кілёмэтраў уверх і ўніз ад Рамязоў. Паводле апавяданьняў старажылаў, у Рамязох была і гута для выплаўкі жалезнай руды, аб чым яшчэ сьведчыць і тая акалічнасьць, што частка цяперашняй в. Рамязоў сярод мясцовага насельніцтва мае назву Рудня.

У Махнавіцкім сельсавеце, згодна паведамленьня н-ка Шаўцова М., жалезная руда знойдзена: 1) у вур. Вярбаньск, распаложаным на поўдзень ад х. Заводны-Востраў. Руда сустракаецца на плошчы да 1-го кв. кіл., на глыбіні да 36 см. ад паверхні, таўшчыня пласту месцамі дасягае ад 40 см. — 1 мэтра; 2) у вурочышчы Рудая Валока, Папоў Востраў, Вілкі, Сьлепча, Рачыца. Гэтыя вурочышчы распаложаны наўкола Заводна-Астроўскай школы ў адлегласьці ад 1-2 кілёмэтраў. Плошча, занятая рудою, у кожным вурочышчы дасягае каля 1 кв. кілёмэтра, залягае руда ад паверхні ня глыбей 1-го мэтра, таўшчыня-ж пласту ня выяўлена. Сяляне зрэдку цяпер ужываюць кавалкі руды на мураваньне апечча.

Па Нараўлянскім раёне

У Дзямідаўскім сельсавеце, згодна паведамленьня настаўніка Л. Бастуна, руда сустракаецца ў вурочышчах: 1) Мутаўка, 2) Руда, 3) Роя, 4) Сьціжа і 5) Лобчэ. Першыя тры вурочышчы знаходзяцца на ўсход ад. в. Дзямідава, у адлегласьці ад 2-5 кілёмэтраў, а апошнія два — на поўдзень у адлегласьці ад 3-5 кілёмэтраў. Плошча заляганьня руды ня выяўлена, таўшчыня-ж пластоў дасягае ў кожным вурочышчы ад 1,5 дц. — 3 дц., глыбіня заляганьня пластоў ад паверхні дасягае ад 7 дц. — 1, 2 мэтра.

Колісь на тэрыторыі сельсавету былі дзьве гуты па апрацоўцы руды — адна ў в. Дзямідаве, другая — у в. Мальцы. На гутах, якія належалі б. графу Горвату, у дзень выраблялася ад 7-10 пудоў жалеза, якое шло на выраб сякер, сашнікоў, зубоў для барон.

У Вербавіцкім сельсавеце, паводле зьвестак н-ка Леванюка, руда знойдзена ў вурочышчах: 1) Жалезьніца, 2) Каршакі, 3) Катагань, Згон і 5) Беражкі. Першыя тры вурочышчы распаложаны на поўдзень ад в. Белабярэзкае-Рудні ў адлегласьці 2-х кілёмэтраў, вурочышча Згон — на паўднёвы ўсход у адлегласьці 4-х кілёмэтр., вур. Беражкі — на ўсход у адлегласьці 3-х кілёмэтраў. Руда выходзіць на паверхню і займае плошчу каля 400 гэктар. у вурочышчах: Жалезьніца, Каршакі і Катагань. У астатніх-жа двух вурочышчах плошча заляганьня руды пэўна ня высьветлена.

Таўшчыня слою з рудою ў кожным вурочышчы дасягае месцамі ад 1-2 мэтраў.

Паводле апавяданьняў старажылаў, тут-жа была яшчэ ў часы паншчыны гута па выплаўцы з руды жалеза для патрэб маёнткаў.

  1. У сувязі з ліквідацыяй Слабадзкога раёну памянёныя мясцовасьці ўвайшлі ў склад Пятрыкоўскага раёну.

Аўтар: А.Я.Крукоўскі
Крыніца: часопіс “Наш край”, № 1 (28), 1928. С. 24-27.