Зброя нашчадкаў радзімічаў

0
310

Эпохай амаль бесперапынных вялікіх і малых войнаў можна назваць псторыю Беларусі IX—XIII стст. Крывічы, дрыгавічы і радзімічы не аднойчы са зброяй у руках абараняліся ад нападаў хазараў і варагаў. Даводзілася канчаць свае паходы ў лясах і багнах Белай Русі і крыжакам і татарскім заваёўнікам. Свабодалюбства нашых продкаў добра вядомая. Дасканалая па тым часе зброя дапамагала ім бараніць айчыну ад чужынцаў. Найцікавейшай старонкай нашага мінулага з’яўляецца гісторыя старажытных усходнеславянскіх гарадоў Беларусі. У ёй, як у люстэрку, адбіліся ўзровень развіцця збройнага рамяства і кавальскіх ведаў продкаў, характер і напрамак сувязей з суседнімі краінамі і народамі. Па знаходках зброі IX—XIII стст. можна меркаваць пра склад феадальнага войска, пра змены ў тактыцы баявых дзеянняў на працягу некалькіх стагоддзяў, а таксама вырашыць шэраг іншых істотных гістарычных пытанняў. Менавіта ў гэтым значэнне зброі як помніка сівой старажытнасці і часткі нашай гістарычнай спадчыны.

Дзякуючы намаганням археолагаў, якія праводзяць даследаванні старажытных паселішчаў і могільнікаў на тэрыторыі Беларусі, сучасная навука мае магчымасць вывучаць вялікую колькасць узораў усходнеславянкай зброі і вайсковай экіпіроўкі. Есць сярод іх мячы, шаблі, сякеры, часткі лукаў кальчуг і панцыраў, цугляў і шпор. Значная частка гэтай зброі выраблялася мясцовымі ўсходнеславянскімі майстрамі. Іх прадукцыя карысталася вялікім поспехам нават у суседніх народаў Усходняй Прыбалтыкі, Скандынавіі, Польшчы, а таксама ў полаўцаў.

Вытворчасць зброі, якая знаходзілася пад юрысдыкцыяй дзяржаўнай улады, была яе манаполіяй. Таму гэта рамяство не магло развівацца стыхійна ў кожным паселішчы і было, напэўна, сканцэнтравана пераважна ў гарадзкіх цэнтрах, дзе знаходзіліся галоўныя спажыўцы зброі – дружыннікі.

Да апошняга часу заставалася невядомым, ці былі на тэрыторыі Беларусі з6ройныя майстэрні. Лічылася, што значная частка зброі прывозілася сюды з буйных цэнтраў старажытнай Русі, у першую чаргу з Кіева, а таксама з замежных краін. Толькі некаторыя знаходкі ў Полацку (раскопкі Штыхава) і тэхналагічныя асаблівасці ўзораў зброі з іншых паселішчаў на тэрыторыі Беларусі сведчылі, што тут працавалі і свае майстры.

Першая на тэрыторыі Беларусі збройная майстэрня, якая існавала да пачатку ХІІІ ст., раскапана ў 1987 г. на вакольным горадзе летапіснага Гомія. Знаходка здзіўляе сваёй унікальнасцю і каштоўнасцю. Відавочна, яна карэнным чынам павінна змяніць існуючыя ў навуцы ўяўленні не толькі аб збройнай справе нашых продкаў, але, наогул, аб узроўні развіцця нашай старажытнай матэрыяльнай культуры.

Яшчэ некалькі гадоў таму Гомій – летапісны папярэднік сучаснага Гомеля – асабліва не цікавіў гісторыкаў і археолагаў. Яго лічылі невялічкім валасным цэнтрам старажытнай Русі ў XII—XIII стст., які знаходзіўся па-за межамі галоўных з’яў палітычнага і эканамічнага жыцця раннефеадальных княстваў. Гісторыя Гомія амаль што не турбавала і кіеўскіх летапісцаў,са слоў якіх мы і даведаліся аб існаванні гэтага населенага пункта на паўднёвым усходзе Беларусі. Гомій упершыню згаданы ў летапісу 1142 г. сувязі з барацьбой смаленскага князя Расціслава Мсціславіча і чарнігаўскіх князёў Альговічаў. Расціслаў намагаўся захапіць Гомій, аднак яму давялося задаволіцца толькі ягонай воласцю. Відавочна, горад быў моцнай па тым часе фартэцыяй і не скарыўся гэтаму ваяўнічаму князю. На працягу XII —пачатку XIII ст. Гомій уваходзіць у склад Чарнігаўскага княства, у другой палове XII ст. ён ужо вылучаецца ў самастойны удзел.

Даследаванні рэшткаў Гомія, што знаходзяцца ў цэнтры сучаснага Гомеля на правым беразе Сожа, былі распачаты краязнаўцам I. X. Юшчанкам яшчэ ў 1926 г. Ягоныя шурфы, закладзеныя ў парку каля былога палаца Румянцавых і Паскевічаў, прыйшліся на моцныя напластаванні старажытнага гарадзішча. Пошукі былі працягнуты экспедыцыяй Інстытута гісторыі АН БССР, а пасля археалагічным атрадам Гомельскага абласнога краязнаўчага музея. Асноўны вынік апошніх даследаванняў нечаканы: гісторыя Гомія налічвае каля 1000 гадоў і ён, такім чынам, належыць да найбольш старажытных усходнеславянскіх гарадоў Беларусі. З’явіўшыся на месцы ўмацаванага паселішча другой паловы I тысячагоддзя н. э., Гомій быў аснаваны летапіснымі радзімічамі. Ужо ў XII ст. ён ператвараецца ў буйны горад Верхняга Падняпроўя, адміністратыўна-палітычны, ваенны, гандлёва-эканамічны і рэлігійны цэнтр.

Пад час раскопак былі знойдзены рэшткі некалькіх абарончых збудаванняў, жылля, майстэрняў, гаспадарчых пабудоў, вуліц, мноства каштоўных рэчаў X—XIІІ стст. Але асаблівую цікавасць выклікала знаходка рэштак збройнай майстэрні. Майстэрня загінула ў пачатку XIII ст., калі на землі ўсходнеславянскіх княстваў прыйшлі манголы. Магчыма, гэта здарылася ў 1239 г., калі быў захоплены і спалены Чарнігаў. У выніку пажару падлога будынка была літаральна пахавана пад гарэлымі бярвеннямі і дош­камі сцен і даху. Зверху ўпала печ, ад якой застаўся толькі пласт чырвонай гліны. На падлозе ж захавалася велізарная колькасць рэчаў, больш за 1500 адзінак, многія з якіх спякліся пад уздзеяннем агню. Большасць знаходак — гэта дэталі наступальнай і абарончай зброі.

Частка з іх адносіцца да распаўсюджаных у XII —XIII стст. тыпаў: гэта перакрыжаванні і навершы мячоў і шабляў з бронзы і чорнага металу, наканечнікі ножнаў. Але сустракаюцца нечаканыя знаходкі, напрыклад, кавалкі жалезнага наруча (ці наручаў). Такая частка экіпіроўкі цяжкаўзброеных ратнікаў ва усходнеславянскіх землях да XIV ст. сустракаецца надзвычай рэдка, а ў Беларусі наогул з’яўляецца першай знаходкай. Вядомы толькі адзін старажытнарускі аналаг – наруч з гарадзішча «Дзявіч-Гара» пад Каневам на Кіеўшчыне, які паходзіць з пласту мангольскага пагрому 1240 г.

Былі знойдзены і цікавыя фрагменты кальчужных палотнаў, складзеныя з сотняў кольцаў. Амаль усе кавалкі належаць да розных кальчуг: дыяметр і форма кольцаў у асобных фрагментах адрозніваецца. I, нарэшце, самай вялікай па колькасці і самай каштоўнай знаходкай з’яўляюцца пласціны ад баявых панцыраў («броней дощатых» — па тэрміналогіі летапісцаў), што ляжалі на падлозе пабудовы. Па самых прыблізных падліках, іх колькасць больш за 1000 адзінак. Тут гомійскі комплекс не мае сабе роўных на тэрыторыі Усходняй Еўропы. Па падліках аўтарытэтнага даследчыка усходнеславянскай зброі А. М. Кірпічнікава, на помніках старажытнай Русі IX—XIII стст. знойдзена толькі 270 пласцін прыкладна ад 26-ці «броней».

Колькасць пласцін у комплексе значна перавышае тую, што неабходна для вырабу адной «брони». Па падліках вучоных, панцыры перыяду сярэднявякоўя складаліся прыблізна з 600 пласцін. Размяшчэнне знаходак у пабудове выключае іх прыналежнасць да некалькіх скончаных вырабаў: мы маем справу менавіта з наборам панцырных «запчастак». Аб гэтым жа сведчыць і выключная тыпалагічная разнастайнасць знойдзеных у Гоміі пласцін. Калі разгледзець выявы самых розных «броней» на старажытнарускіх мініяцюрах, іконах і інш., то (пасля гомійскіх знаходак) робіцца зразумелым, што мастакі XII—XIV стст. не выдумлялі іх, а засноўвалі свае малюнкі на рэальна існаваўшых разнастайных сістэмах панцырнай абароны ратнікаў.

Былі знойдзены бракаваныя і неапрацаваныя пласціны, што сведчыць аб іх вырабе на месцы. Гэта думка пацвярджаецца таксама фрагментамі кальчуг і неапрацаваным канчаткова навершам мяча. Цікава, што на падлозе пабудовы знойдзена вогнішча. Суседства яго побач са звычайнай печчу пераконвае ў тым, што тут адбываўся вытворчы працэс, які патрабаваў агню. Нарэшце, і гэта галоўны аргумент на карысць майстэрні, побач з «запчасткамі» знойдзены і металаапрацоўчыя інструменты, сярод якіх каля 20 тачыльных камянёў, круг-тачыла, а таксама вялікі напільнік.

Гомельскія знаходкі не толькі канчаткова пацвярджаюць тэзіс аб мясцовай панцырнай вытворчасці ў нашчадкаў радзімічаў перад мангольскім нашэсцем, але і ўдакладняюць уяўленні аб узроўні спецыялізацыі старажьітнага збройнага рамяства на Беларусі. Так, лічылася, што ад каваля зброя адразу трапляла да спажыўца-дружынніка. Новыя матэрыялы дазваляюць вылучыць у ланцуг «каваль — спажывец» яшчэ і майстра, які выконваў толькі апрацоўку зброі і яе рамонт.

Аўтар: Алег Макушнікаў