Працягваецца збор сродкаў на напісанне іконы ўраджэнца вёскі Неглюбка Веткаўскага раёна, святара і новапакутніка Аляксея Крацянкова.
Аляксей Крацянкоў нарадзіўся ў 1878 годзе ў вёсцы Неглюбка тады яшчэ Верашчагскай воласці Суражскага павета Чарнігаўскай губерні ў сям’і беларускага селяніна Пятра Крацянкова. У 1902 году ён скончыў Прыснянскую настаўніцкую школу і, вытрымаўшы іспыт, паступіў працаваць настаўнікам у царкоўнапрыходскую школу ў Неглюбцы.
Па сканчэнні пастырскіх курсаў у Маскве Аляксей Пятровіч 13 сакавіка 1911 года быў пасвечаны ў святара да царквы ў пасёлку Ушкеўскае Турынскага павета Табольскай губерні. У 1915 годзе ён быў пераведзены ў храм у вёску Ніжне-Раманаўская Табольскага павета, а ў 1929 годзе — у храм у імя Свяціцеля Мікалая ў вёсцы Ніцынскае Ірбіцкай акругі Уральскай вобласці, дзе праслужыў да дня свайго арышту і расстрэлу савецкай уладай у 1930 годзе.
Па сканчэнні прац над новай іконай яе плануюць перадаць у Свята-Мікалаеўскі храм у Неглюбцы.
Для жадаючых дапамагчы нумар дабрачыннага рахунка «Для напісання іконы новапакутніка Аляксея Крацянкова і перадачы яе ў Свята-Мікалаеўскі храм в. Неглюбка Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці» у Беларусбанку (для жыхароў Беларусі, у беларускіх рублях):
Транзітны рахунак: 3819382102369 (для арганізацый: 3819382102369 МФ 153001614)
Код банка: 614, аддзяленне № 181, філіял 514.
№ дабрачыннага рахунку 000.009 BYR (на імя Смірновай Ірыны Юр’еўны).