Запалі ў сваёй душы любоў

0
869
Гомель


Адна справа – музыка, якая можа
перадаць эмоцыю, і зусім іншая –
эмоцыя, якая імкнецца
выдаць сябе за музыку.

Х. Картасар

Кожны чарговы лісток што мы адрываем ад календара набліжае нас да Новага года, да святаў, у рэшце рэшт. Трэба, аднак, заўважыць, што каталіцкае насельніцтва Беларусі 25 снежня ўжо адсвяткавала Раство. У сваю чаргу гомельскі касцёл Раства Прэсвятой Дзевы Марыі павіншаваў людзей канцэртам класічнай музыкі, які штогод рыхтуюць да святаў Раства і Вялікадня ўдзельнікі інструментальнага аркестра пад кіраўніцтвам Таццяны Томсан.

Агні чароўнай елкі, пад якой размясціўся вертэп з фігуркамі, што ўзнаўляюць біблейскі матыў нараджэння Хрыста. Побач – лампада з агнём са святога гораду Віфлеему, часціцу якога кожны ахвочы мог узяць з сабой. Акрамя таго, класічная музыка, якая адным сваім гучаннем набліжае нас да нябёсаў. А інструменты, якія спяваюць, варта толькі музыканту дакрануцца да іх! Тут і скрыпкі, і флейты, і фартэпіяна, і кларнет, і фагот, і акардэон… Парадавалі выканаўцы гледачоў музыкай А. Вівальдзі, В. А. Моцарта, І. Штрауса, А. П’яцола, Ё. Ланга, Э. Вальтэйфеля і інш. Дадзеная чарадзейная музыка перамяшчае ў цудоўны свет дзяцінства, дзе благім думкам месца проста не можа быць.

Каб даць магчымасць кожнаму інструменту “загаварыць” на канцэрце, творы вялікіх кампазітараў апрацоўвае вядучы майстар сцэны, выпускніца Навасібірскай дзяржаўнай кансерваторыі Таццяна Томсан. Сваю творчую дзейнасць Таццяна Томсан пачынала ў сімфанічным аркестры абласной філармоніі г. Омска, затым працавала ў філармоніі г. Навасібірска. З 1977 г. салістка Гомельскай абласной філармоніі.

Гомель, костел, концертАўтар артыкулу ў атачэнні Таццяны Томсан і Вадзіма Левіна

Як прызнаецца Таццяна, іграць на сваім музычным інструменце яна пачала з 9 гадоў. З таго моманту музыка ідзе поруч з ёй па жыцці, дапамагаючы эмоцыям гаварыць на мове гукаў і музыцы акампаніраваць пачуццям. Адсюль і пажаданні Таццяны чытачам: “Моцнага здароўя, шчасця, класічнай музыкі ў душы, паколькі менавіта класічная музыка прыводзіць у раўнавагу сістэмы і органы чалавечага арганізма. Са святамі!”.

P.S. У назве выкарыстаны радок з верша Г. Бураўкіна.

Аўтар: Марына Маркевіч

Фота: Ксенія Барысава