Замовы ў гаспадарчай абраднасці беларусаў

0
64
Замовы ў гаспадарчай абраднасці беларусаў

Гаспадарчая дзейнасць чапавека-працаўніка з’яўляецца бадай што самым важным элементам яго існавання. Для таго каб выжыць, земляробу неабходна прыстасоўваць сваю працу да прыродных рытмаў, якія адбываюцца незалежна ад жадання ці нежадання чалавека. Разам з тым цыклічнасць, якая паўтараецца з года ў год, дазваляе гаспадару адабраць для адпаведных сітуацый універсальныя правілы паводзін, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне, замацоўваюцца і з часам набываюць рытуапьна-сакральны сэнс. Усе назіранні, усе веды, уся культура селяніна ўключаецца ў яго эмпірычны вопыт, а гэты вопыт існавання прымушае чалавека на кожны «выклік» прыроды выпрацаваць свой аптымальны «адказ» (А. Тойнбі). I адным з дзейсных сродкаў такога «адказу», на думку нашага старажытнага продка, быў замоўна-заклінапьны рытуал. Так, калі прырода пагражала засухай, у вёсцы Баршчоўка Добрушскага раёна «сыпалі мак у калодзеж са словамі: — Як мак сыпецца, каб так сыпаўся дождж» [*2]. Як адзначае В. Усачова, «у абрадах выклікання дажджу мноства макавых зярнят прыпадабняецца кроплям дажджу, таму … мак сыпалі ў калодзеж, або ў тры калодзежы, у дзевяць калодзежаў; набіралі мак у рот, беглі да калодзежа і высыпалі яго; завязвалі мак у вузялок і на нітцы спускалі ў калодзеж, а калі пачынаўся дождж, выцягвалі…» [7]. Паводле меркавання Т. Суднік і Т. Цыўян, «найбольш яркім імем персаніфікаванага маку з’яўляецца Макар, Макарка». Даследчыкі адзначаюць, што «вядомы абрад выклікання дажджу — сеянне маку ў калодзеж і размешванне вады кіёчкамі» [5, 312] суправаджаўся галашэннямі па Макарку. Яшчэ адным спосабам выклікання дажджу ў в. Баршчоўка быў наступны: «Дзеці забівалі жабу і клалі дагары» [*2]. Паводле народных павер’яў, жабы звязваліся з вадой, «у старажытнасці лічылася, што <…> навальнічныя хмары бываюць напоўненымі змеямі, жабамі (іх шыпенне і кваканне людзі ўспрымалі як гром), якія калі-нікалі падаюць на зямлю разам з дажджом». Адпаведна «забойства жабы здольна выклікаць дождж, таму падчас засухі у многіх месцах здзяйснялася абрадавае забойства, а калі-нікалі і пахаванне яе» [9, 337].

Замоўнае слова ў абрадавай практыцы набывае вялікае значэнне тым болыи, што, як слушна заўважыў С. Няклюдаў, «тэкст становіцца свайго роду рэальнасцю, нібы матэрыялізуецца… Выканаўца рызыкуе выклікаць персанажаў і падзеі, якія апісваюцца ў выконваемым творы (або свядома гэта робіць)» [3, 66]. А калі гэты тэкст агучваецца ў канкрэтны час, то ён набывае яшчэ большую сілу. Першы выган жывёлы на пашу — вельмі адказны момант гаспадарчай дзейнасці. У гаспадарчым календары беларусаў яго звычайна прымяркоўвалі да свята ў гонар Юр’я-Ягорыя — апекуна земляробства і дзікіх звяроў, захавальніка хатняй жывёлы. «У гэты дзень усе славянскія і многія іншыя еўрапейскія народы ў першы раз выганялі скаціну ў поле» [4, 155], звяртаючыся да святога з просьбай аб абароне («Ягоргий, Ягорий, на тебе хлебца, а ты сбережь мою скотину» [2, 221]). Аналізуючы працы М. Нікіфароўскага, П. Іванова, А. Макаранкі, А. Зярновай, В. Сакалова адзначала, што ў некаторых мясцовасцях нават пры неспрыяльных кліматычных умовах рытуальны выган адбываўся непасрэдна на Юр’я. Гэтую ж думку пацвярджаюць і сучасныя запісы, напрыклад у Варонежскай вобласці: «першы выган скаціны ў поле не звязваўся з Ягор’евым днём, ён здзяйсняўся ў адпаведнасці з рэальным станам прыроды вясной. Тым не менш, на Ягорыя здзяйснялі рытуальны выган ската пасвечанай галінкай вярбы, якая захоўвапася ад свята Вербнай нядзелі» [8, 75].

Першы выган суправаджаўся не толькі пэўнымі магічнымі дзеяннямі (пасцёбванне каровы пасвечанай галінкай («Когда первый раз выгоняют бурёнку в поле, надо слегка ударить корову освещенной в церкви на Вербное воскресенье вербой…» — «Чтобы корова сглаза не боялась и давала больше молока» [*3]), перавядзенне яе праз яйка, праз замок), але і прамаўленнем адпаведных замоў, варыянтаў якіх, дарэчы, прадстаўлена няшмат. Так, у вёсцы Карма Добрушскага раёна гаспадары замаўлялі карову наступнымі словамі: «Иди, моя коровка, в поле битыми полями, тёмными, тесными улицами…» [*3]. Адзначым, што ў дадзеным тэксце аб’ект звароту замаўляльніка — карова — здольна сама сябе абараніць ад «чародейницы и лиходейницы»: «У тебя ноги, у тебя рога. Рогами заколи, ногами затопчи, хвостом замети, глаза запороши, а ко мне в свой двор со всем добром иди». У рускай замоўнай традыцыі загаворвалі вярбу («Верба хлёст, бей до слёз. Да красное яйчко, да белое молочко» [2, 100]; «Верба крест, бей до слёз. Верба ксти, Бог прости» [2, 101]) або звяртапіся да Юр’я («Ягорий, Ягорий, сбереги мою скотинку, чтобы она была жива» [2, 100]).

Юр’еў дзень — гэта і свята пастухоў, ад якіх непасрэдным чынам залежала захаванне статку, таму «гаспадары <…> імкнуліся адарыць іх. Дары гэтыя мелі магічнае прызначэнне — яны ўключапі традыцыйныя абрадавыя стравы: яйкі, хлеб, пірагі, акрамя таго, сала, масла, малако і інш.» [8, 16]. Як паведаміла Кацярына Мартынаўна Шлег, 1930 г. н., з в. Крупец Добрушскага раёна, «перад першым выганач каровы на пашу паўтаралі тры разы [замову. — С. В.] і адорвалі пастуха». У дадзеным выпадку акцыянальны кампанент вербалізуецца і набывае выгляд матыву адорвання: «Устрачаю (імя пастуха) з хлебам і соллю, і з пасхай, а ты будзь к маёй кароўцы з ласкай». У рускай традыцыі побач з рытуалам адорвання пастуха («Вся деревня устанавливает стол, застелют скатертью, ставят на стол яйца, хлеб, стакан соли.Тот, кто будет стеречь коров, всё это забирает» [2, 101]) прысутнічае і рытуал ахвярапрынашэння. Як сведчаць запісы, зробленыя ў Варонежскай вобласці, «на яблоню кусочек хлеба несешь: “Ягорий, Ягорий, на тебе хлебца, а ты сбережь мою скотину”» [6, 100]; «носили в лес яйца, сало, чтобы волк несьел скотину» [2, 100]; «Носили в лес кусочек хлеба и сала, оставляли на пеньке, чтобы волк не пришёл в деревню» [2, 101] і г. д. У прыведзеных прыкладах яскрава адлюстраваліся ўяўленні нашых продкаў адносна таго, што ў дрэвах жылі духі, «лес — места жыхарства шматлікіх духоўных або паўдухоўных істот, якія цесна звязаны з прыродай дрэва. Духі дрэў маглі ўздзейнічаць у вядомым сэнсе на чалавека, напрыклад, шкодзіць або садзейнічаць яму. <…> На дрэвы вешалі хлеб, што было праяўленнем ахвяры, або абмазвалі іх цестам» [6, 130-131].

Як адзначае Т. Агапкіна, «у абраднасці паўднёвых і ўсходніх славян Юр’еў дзень прысвечаны магіі, звязанай з забеспячэннем здароўя. У гэты дзень збіралі расу, якую выкарыстоўвалі для лячэння» [1, 399]. З гэтай жа мэтай у в. Уcoxi Добрушскага раёна выганялі карову на Юр’еву расу: «Выганяю сваю кароўку цераз свае вароты на божую расічку, каб маю кароўку не прыгледалі, уроку не давалі, малачка не адбіралі і усім злым і цілім вочы засланялі, зубы замыкал і » або «выганяю сваю кароўку цераз свае вароты на божую расічку; штоб мая кароўка ў товару глядзела і дамой хадзіла» [* 1]. У прыведзеных тэкстах жывёлу праганяюць праз сімвалічную мяжу паміж сваей, асвоенай, прасторай і знешнім светам, што знаходзіцца за варотамі, дзе ёй пагражаюць небяспечныя сілы. Але і там карова знаходзіцца пад абаронай святога Юр’я.

Цікавасць уяўляе вобразная сімволіка замоў, звязаных з першым выганам жывёлы на пашу. Тэкст, запісаны ў в. Крупец Добрушскага раёна, насыпаны вобразамі-сімваламі: «Устрачаю (шя пастуха) з хлебам і соллю, і з пасхай, а ты будзъ к маёй кароўцы з ласкай. Я (імя) дзверы адкрываю, калодаю падпіраю. <…> Храні маю кароўку, бабка Лукер ’я, жачезнымі прутамі і ў гарах, і ў барах, і ў далінах, і ў лугах. У чыстым полі светлая крыніца. Ад той крыніцы возера вадзіцьі. Там (Імя сваё і каровы) цэлае лета ваду пье і дабро нясе. На, мая кароўка (мянушка), хлеба з’ясі, а мне малака пабольш дай і к лету цялятка прынясі» [*4].

Спынімся на самым значным, на наш погляд, вобразе-сімвале. Наяўнасць у тэксце прадметаў-артэфактаў, наприклад, хлеба — абярэга і сімвала дабрабыту, указвае на сувязь абраду першага выгану скаціны на пашу з вясельнай абраднасцю, бо, паводпе меркавання даследчыкаў, спецыфіка юраўскай абраднасці «заключаецца ў тым, што ён аб’ядноўвае абрады земляробчыя, жывёлагадоўчыя і вясельныя» [10]. Аднак «вясельная тэматыка, якая займала ў веснавой абраднасці вельмі важнае месца, — як адзначала В. Сакалова, — ва ўсходніх славян у егор’еўскім цыкле прадстаўлена слаба (толькі ў некаторых беларускіх юр’еўскіх песнях)» [4, 156]. У замовах прысутнічае матыў рытуальнага кармлення жывёлы хлебам, які павінен быў садзейнічаць добрым надоям і забяспечыць прыплод («амне малака паболъш дай і к лету цялятка прынясі» [*4]).

Такім чынам, паспяховая гаспадарчая дзейнасць, як бачым з прааналізаваных тэкстаў, непасрэдным чынам звязвалася не толькі з канкрэтнымі дзеяннямі, скіраванымі на забеспячэнне дабрабыту сям’і, але і з уплывам магічнага слова праз замоўна-заклінальны рытуал.

Заўвагі

У артыкуле выкарыстаны матэрыялы архіва вучэбна-навуковай фалыслорнай лабараторыі кафедры беларускай культуры І фалькларыстыкі УА «ГомельскІ дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны».

Інфарманты

*1. Запісана студэнткам І Н. Бураковай, І. Гапонавай, Д. Ягоравай у 2000 г. у в. Усохі Добрушскага раёна Гомельскай вобласці ад Куляшовай Ганны Самсонаўны, 1921 г. н., мясцовай.

*2. Запісана студэнткай I. Сільчанка ў 2003 г. у в. Баршчоўка Добрушскага раёна Гомельскай вобласці ад Машуковай Пелагеі Лукінічны, 1921 г. н., мясцовай

*3. Запісана студэнткай А. Атрошчанка ў 1999 г. у в. Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці ад Хацковай Кацярыны Кузьмінічны, 1925 г. н., мясцовай

*4. Запісана студэнткай Н. Нікіценка ў 1999 г. у в. Крупец Добрушскага раёна Гомельскай вобласці ад Шлег Кацярыны Мартынаўны, 1930 г. н., мясцовай.


Літаратура

  1. Агашина, Т. А. Юрьев день / Т. А. Агапкина // Славянская мифология: энциклопед. словарь. — М., 1995.
  2. Календарные обряды и обрядовая поэзия Воронежской области. Афанасьевский сборник. Материалы и исследования. Вып. III / сост. Пухова Т. Ф., Христова Г. П — Воронеж, 2005.
  3. Неклюдов, С. Ю. Звучащее слово в фольклоре / С. Ю. Неклюдов // Евразийское пространство: звук и слово. Международная конференция 3-6 сентября 2000. Тезисы и материалы. — М., 2000.
  4. Соколова, В. К. Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев и белорусов (XIX — начало XX в.) / В. К. Соколова. — М., 1979.
  5. Судник, Т. М. Мак в растительном коде основного мифа (Balto-Balcanica) / Т. М. Судник, Т. В. Цивьян // Балто-славянские исследования 1980. — М., 1981.
  6. Сумцов, Н. Ф. Хлеб в обрядах и песнях / Н. Ф. Сумцов — Харьков, 1885
  7. Усачева, В. В. Мак [Электронный ресурс] / В В. Усачева. — Режим доступа: http://www.pagan.ru/slowar/m/makQ.oho. — Дата доступа: 21.11.2010.
  8. Христова, Г. Я. Календарные праздники и обряды Воронежской области / Г. П. Христова, С.Н. Ревнева // Календарные обряды и обрядовая поэзия Воронежской области. Афанасьевский сборник.Материалы и исследования Вып. III / сост. Пухова Т. Ф, Христова Г.П. — Воронеж, 2005
  9. Шапарова, Н. С. Краткая энциклопедия славянской мифологии: Ок. 1000 статей / Н. С. Шапарова. — М., 2003.
  10. Шаповалова, Г. Г. Егорьевский цикл весенних календарных обрядов у славянских народов и связанный с ним фольклор / Г. Г. Шаповалова // Фольклор и этнография. Обряды и обрядовый фольклор. — Л., 1974.

Аўтар: Святлана Вяргеенка
Крыніца: Фалькларыстычныя даследаванні: Кантэкст. Тыпалогія. Сувязі: зб. навук. арт. Вып. 8 / пад нав. рэд. Р. М. Кавалёвай, В. В. Прыемка; уклад.: Т. А. Марозава. — Мінск: Права і эканоміка, 2011. — С. 106-109.