Замоўная творчасць Жлобіншчыны

0
309
Замоўная творчасць Жлобіншчыны

Даволі часта ў сваім дзяцінстве я чула ад маці аповеды пра жанчын, якія мелі звышнатуральныя сілы: маглі варажыць на картах або перасоўваць стол адным толькі позіркам. їх называл! вядзьмаркамі, якія былі як добрымі, так і злымі. Чараўніц маглі баяцца і абыходзіць іх хаты бокам, або маглі звяртацца да іх па дапамогу. Але, на маю думку, больш моцнай зброяй у руках чалавека з’яўляецца валоданне магічным словам, якое звычайна належала так званым “бабкам-шаптухам”. Яны маглі словам і вылечыць, і прываражыць каханага, і гарантаваць поспех у гаспадарчай дзейнасці.

Людзі вераць, што слова матэрыяльнае: нельга гаварыць штосьці дрэннае, бо яно абавязкова потым здарыцца. У глыбокай старажытнасці слову надавалася яшчэ больш важнае значэнне. Неацэнны вопыт народа — вось якую інфармацыю нясе ў сабе слова, а таму яго раней вельмі шанавалі і баяліся. Людзі верылі, што за сказаным абавязкова наступіць нейкае дзеянне. Менавіта слова наклала той грунт, на аснове якога ўзнікла замова як асобны самастойны жанр фальклору.

Беларускія даследчыкі даюць розныя азначэнні тэрміну “замова”. Напрыклад, Г. А. Барташэвіч называе замовамі “празаічныя (часам рытмізаваныя) творы формульнага характару (або слоўныя формулы), якім прыпісвалася сіла магічнага ўздзеяння” [1, с. 6]. Больш простым для чалавека, не звязанага з навуковай дзейнасцю, паняццем характарызуецца замова ў “Тлумачальным слоўніку беларускай мовы”: “Набор слоў і выразаў, якому забабонныя людзі прыпісваюць магічную сілу; заклінанне” [2, с. 350]. У абодвух прыкладах тэрмін “замова” раскрываецца прыкладна наступным чьшам: славесная формула, якая па меркаванні людзей мае звышнатуральную сілу. Магічнасць замовы праяўляецца не толькі ў словах, але і ў дзеяннях. Гэта могуць бьщь пэўныя рухі рукамі або дзеянні з прадметамі-атрыбутамі (вадой, чырвонай анучкай, крэйдай і г.д.): “Помахать красной тряпкой вокруг рожи три раза, посыпать толченым мелом, прочитать три раза, после каждого раза сплюнуть через левое плечо” (запісана ў г. Жлобін) [3].

Замова — жанр даволі ўстойлівы. Калі разглядаць яго з пункту погляду дыяхраніі, то можна зрабіць вывад, што тэксты замоў не змяняюцца, бо лічыцца, што, уставіўшы хаця б адно лішняе слова ці, наадварот, прыбраўшы, можна згубіць усю магічную сілу заклінання або нарабіць шкоды сабе ці іншым.

Варта адзначыць, што “бабкі-шаптухі”, як звычайна называл! іх на Жлобіншчыне, былі не адзінымі носьбітамі вышэйназванага жанру. Калісьці амаль кожны чалавек ведаў словы, пры дапамозе якіх маглі спыніць кроў ці пазбавіцца ад зубнога болю. Рэшткі замоўнага вопыту нашых продкаў дайшлі да цяперашняга часу ў магічных словах “Соль-вада”, якія нібы абараняюць чалавека ад укусу пчалы і якія не так даўно актыўна ўжываліся (як правіла, дзецьмі) на тэрыторыі Жлобінскага раёна. Яшчэ адным прыкладам выкарыстання замовы звычайным сучасным жыхаром, не надзе­леным звышнатуральнымі здольнасцямі, з’яўляецца бытаванне ў народзе слоў, якімі можна было спыніць ікаўку: “Ікота, ікота, перайдзі на Фядота, ад Фядота на Якава, з Якава на ўсякава” (запісана ў в. Малевічы) [3].

Цікава тое, што падчас палявых фальклорных экспедыцый збіраць замовы цяжэй, чым іншыя фальклорныя адзінкі, бо не кожны носьбіт гэтага жанру жадае падзяліцца з чужымі людзьмі сваёй асабістай інфармацыяй. Майстэрства шаптання жанчыны перадавалі, як правіла, сваім дзецям, унукам або проста вучням. Часцей за ўсё замовы трапляюцца ў сшытках, аддаюць іх даследчыкам звычайна дзеці памерлых “шаптух”, якія не займаюцца такім відам дзейнасці. Акрамя таго, шматлікая колькасць інфармантаў лічыць, што шаптаць — гэта вялікі грэх, амаль што вядзьмарства, таму на просьбы падзяліцца вядомымі їм тэкстамі замоў адказваюць, што нічога не ведаюць і ведаць не хочуць.

Бытуюць сведчанні, што “бабкі-шаптухі” не бяруць грошай за сваю дапамогу. Аплатай могуць служыць прадукты харчавання: каўбаса, сала, бульба і г.д.

У залежнасці ад жаданага выніку замовы, якія бытуюць на тэрыторыі Жлобінскага раёна, падзяляюцца на наступныя тэматычныя трупы:

1) лекавыя (самая вялікая група);

2) гаспадарчыя;

3) сацыяльна-бытавыя;

4) любоўныя, або сямейна-бытавыя.

Нягледзячы на тое, што з цягам часу ўстановы па ахове здароўя сталі з’яўляцца амаль на кожным кроку, дзейнасць “бабак-шаптух” мае месца быць у сучасным свеце. Даволі часта можна пачуць неверагодныя гісторыі пра тое, як чалавек захварэў на невылечную (здавалася б!) хваробу, але пасля наведвання знахаркі паправіўся.

Пасля правядзення аналізу тэкстаў лекавых замоў, запісаных на тэрыторыі Жлобінскага раёна, быў вылучаны спіс хвароб, ад якіх лячылі мясцовых жыхароў: ад зубнога болю (дарэчы, найбольш распаўсюджаная хвароба), ад галаўнога болю, ад звіху, ад рожы, ад уроку (падзівак, ліхога вока, сглазу, зглазу, нагавору, вачэй), ад крывацёку (крыві), ад удару, ад скулы (фурункулаў), ад ліхаманкі, ад лішая, ад залатніка, ад хваробы валасоў (каўгуна, воласа), ад ляку (спужання, пазіўка, перапалоху, іспуду, іспугу, зляку, спугу), ад вогніку, ад начніц (бяссонніцы), ад крыкс, ад жаўтухі, ад ікоты, ад грыжы (кілы), ад падвею, ад ячменя, ад прастрэлу (прыстрэлу), ад бяльма (парушыны ў воку), ад масціта. Акрамя таго, існуюць “універсальныя” замовы, якія вылечваюць некалькі хвароб адначасова або проста падмацоўваюць добрае здароўе чалавека (“Супраць хваробы”, “Каб быць здаровым”). Асобна можна вылучыць барацьбу людзей з ўжо прызнанай хваробай — алкагольнай залежнасцю (“Ад п’янства”).

Асноўным відам дзейнасці старажытнага чалавека была праца па гаспадарцы, таму замовы такога кшталту таксама былі даволі распаўсюджанымі. Слушна зазначае даследчыца Т. Валодзіна: ‘Гэта замовы, звязаныя з гаспадарчай дзейнасцю (пры паляванні, лоўлі рыбы, пры развядзенні пчол і інш.) і ахоўныя ад звяроў: ад гадзюкі, ваўкоў, сабак” [4, с. 295]. Да тэкстаў дадзенай тэматычнай скіраванасці можна аднесці замовы, якія мелі на мэце наступнае: абараніць хатнюю жывёлу — карову, пчол, курыц — ад шкоднага ўздзеяння, забяспечыць добры выпас і павялічыць надой малака (“Як карова не дае малака”, “Пры выгане скаціны ў поле”, “Ад ваўка (змяі, ужа)”, “Ад урокаў у каровы”, “Пры выгане скаціны”, “Абдуццё каровы”, “Для пчол”, “Каб карова стаяла спакойна ва время дойкі”, “Каб карова не лягалась”, “Каб наседка не кідала яйцы”), клопаты аб добрым ураджаі (“На жыта супраць шкоднікаў”), аб поспеху ў паляванні (“Паляўнічая”), старанне абараніць гаспадарку ад няшчасця (“Ад пажару (буры і навальніцы)”, “Ад дамавіка (лесуна, русалкі, злога духа, нячыстай сілы)”).

Сацыяльна-бытавыя замовы прадугледжваюць ахову чалавека падчас службы ў армії (“Замова салдата, які адпраўляецца ў армію”), ад’езду з хаты або вяртання дадому (“В дорогу”, “На добрае вяртанне”, “Калі едзеш у госці”, “У пуць-дарогу”), абарону ад іншых людзей (“Ад врагоў”, “Против лихого человека”, “Каб не ругаліся на цябе”), каб усё было добра (“Чтобы дело ладилось”, “На добрае жыццё”).

Да апошняй трупы адносяцца любоўныя замовы, якія маглі быць скіраваны як на паляпшэнне зносін паміж мужчьшам і жанчынай (“На мужа”, “Присушка”, “Вызывание желаемой особы”, “Ад разлучніцы”, “На брак”, “Любоў закрапіць”), так і наадварот, на перарыванне ўсіх стасункаў (“На разлуку”, “Любоў знішчыць”, “Адсушка”, “Ад любві”). Варта адзначыць, што выканаўцам такога роду замоў у болынасці выпадкаў былі жанчыны. Да гэтай жа трупы можна аднесці тэксты, звязаныя з паляпшэннем дзяўчынай свайго знешняга выгляду (“Для красивого лица”), бо гэта таксама спрыяла поспеху ў асабістым жыцці, прываблівала мужчын.

Нягледзячы на тэматычную скіраванасць, для любой трупы тэкстаў замоўнага жанру характэрна ўжыванне пэўных сродкаў мастацкай выразнасці:

1) звароткаў (“Рожа, рожа, ты непрыгожа, ідзі ты на мхі, на балоты, на гнілыя катоды, на ніцыя лозы, на сцюдзёныя росы, на быстрыя воды” (запісана ў в. Беліца) [3], “Вадзяніца-лесавіца, шальная дзявіца!” (запісана ў в. Верхняя Алба), “Ты, небо, слышишь, ты, небо, видишь, што я хочу делать над телом раба (імя)” (запісана ў в. Касакоўка) [3]);

2) пастаянных эпітэтаў (“Прынесі-ка ты, матушка быстра рака, сваей быстрыной, залатой струёй в чісто поле, зімняе море, за тапучыя гразі, за зыбучыя балоты, за асінавы лес, за асінавы тык!” (запісана ў в. Малевічы) [3], “У полі стаяла Божая стаянка, а ў стаянкі — Божая кароўка, у якой залатыя рожкі, мядовыя ножкі, сярэбраны язык” (запісана ў в. Пірэвічы) [3]);

3) лексічных паўтораў або таўталогіі (“Скула-скуліца, красная дзявіца” (запісана ў в. Касакоўка) [3], “Ад зубнога болю гаварылі, як узойдзе маладзік: “Маладзік ты малады, у цябе зубы не баляць, хай і ў мяне не баляць” (запісана ў в. Кіцін) [3], “Каўтун-каўтун, каўтуніха-каўтуніха, чаго вы схадзіліся, чаго вы зыграліся, ці вы з вады, ці вы з яды, ці вы з піцця (запісана ў в. Малевічы) [3]).

Даволі часта ў замовах прысутнічае лічбавая сімволіка. Напрыклад, “двойка” сімвалізуе пару, мужчынскі і жаночы пачаткі: “Два браты камень сякуць, дзве сястры ў вокны глядзяць, дзве свякровы ў варотах стаяць” (запісана ў г. Жлобін) [3].

“Тройка” лічыцца больш моцным лікам, які сімвалізуе трываласць (бо калі яго падзяліць, то застаецца кропка раўнавагі) і рух наперад. Пры прамаўленні замовы тройка сустракаецца амаль у кожным магічным тэксце (зааміньванне, якое прамаўляецца тройчы, і інш.): “Трижды крестятся и трижды произносят: “Щука в воде, червь в дупле, а месяц на небе” (запісана ў в. Ляды) [3], “Угавараю, умаўляю па 3 гады, за 3 тары, за мхі, балоты, за ніцыя лозы, за крутыя горы” (запісана ў в. Праскурні) [3], “Тры ангелы ў галаве. Адзін відзіт, другі слышыт, трэці гаворыт” (запісана ў в. Пірэвічы) [3].

Сярод замоў, запісаных на тэрыторыі Жлобінскага раёна, шматлікія тэксты ўтрымліваюць у сабе лік дванаццаць (або дюжыну), якому ca старажытных часоў надавалася вельмі важнае значэнне — дванаццаць месяцаў у годзе, дванаццаць сектараў на гадзінніку: “12 раз памаліцца “Отче наш” (запісана ў в. Пірэвічы) [3], “На моры-акіяне, востраве Буяне стаіць дуб па 12 каранёў, па 12 какатоў, на тых какатах па 12 гняздоў, у тых гнёздах па 12 віхроў” (запісана ў в. Праскурні) [3], “Дванаццаць разоў загаворваю і замаўляю: не гарэць, не балець, не ламіць і жыл не сушыць” (запісана ў в. Верхняя Алба) [3].

Замовы маглі паддаваццца ўздзеянню іншых фальклорных жанраў, напрыклад, казкі, таму такія магічныя лікі, як трыдзевяць і г.д., у тэкстах вышэйназванага жанру таксама сустракаюцца: “На сінім моры ё камень, на тым камні расце дуб, на тым дубе трыдзевяць гнёзд. На гэтых гнёздах трыдзевяць сарок, трыдзевяць урок — ад жаноча, ад дзявоча, ад мужчынска — русыя валасы, чорныя валасы, рыжыя, белыя валасы” (запісана ў в. Пірэвічы) [3].

Такім чынам, замова — даволі пашыраны жанр на тэрыторыі Жлобіншчыны. Шмат ў чым замоўныя словы падобныя да казак: у іх ёсць пэўная структура, даволі часта выкарыстоўваецца лічбавая сімволіка. Дзякуючы ўжыванню ў замоўных тэкстах сродкаў мастацкай выразнасці (звароткаў, эпітэтаў, лексічных паўтораў), можна казаць пра эмацыянальнасць і экспрэсіўнае адценне дадзенага жанру, што пацвярджае прыналежнасць замовы да мастацкіх твораў.

Спіс выкарыстанай літаратуры і крыніц

  1. Замовы / уклад., сістэм. тэкстаў, уступ, арт. і камент. Г. А. Барташэвіч; рэдкал.: А. С. Фядосік (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск: Навука і тэхніка, 1992. — 597 с.
  2. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т. / пад агул. Рэд. К. К. Атраховіча. — Мінск: Беларус. Савец. Энцыкл., 1977— 1984. — Т. 2. — — 768 с.
  3. Выкарыстаны архіўны матэрыял вучэбна-навуковай фальклорнай лабараторыі пры кафедры рускай і сусветнай літаратуры УА “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны”.
  4. Валодзіна, Т. Пчалярскія замовы беларусаў: склад, матывы і вобразы / Т. Валодзіна // Białorutenistyka Białostocka. — Białystok: Uniwersytet w Białymstoku Wydział Filologiczny Katedra Filologii Białoruskiej, 2016. — T. 8. — C. 295-313.

Аўтар: В.І. Глузд
Крыніца: Шматмернасць тэксту: структура, разуменне, інтэрпрэтацыя: зборнік навуковых артыкулаў / рэдкал.: А. Μ. Воінава (гал. рэд.) [і інш]; Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны. — С. 53-59.