Замоўная традыцыя Гомельшчыны (адметнае ў сюжэтах)

0
1022
Замоўная традыцыя Гомельшчыны (адметнае ў сюжэтах)

Сярод іншых рэгіёнаў Беларусі зонай найбольш актыўнага бытавання замоў з’яуляецца Гомельшчына, прычым, як засведчылі экспедыцыі, гэты фальклорны жанр і сродак народнай медыцыны ўстойліва захоўваецца ва ўсіх раёнах.

Сучасны стан захаванасці замоў на Гомельшчыне

Сучасны стан захаванасці замоў на Гомельшчыне

Паводле зробленых намі статыстычных падлікаў, у запісах пераважаюць лекавыя замовы — 71,76 %. Другой па колькасці і значнасці групай з’яўляюцца гаспадарчыя — 16,99 %. Сацыяльна-бытавыя замовы складаюць 9,55 % ад усёй колькасці зафіксаваных тэкстаў. Такі падзел тлумачыцца як аб’ектыўнымі, так і суб’ектыўнымі прычынамі. Лекавыя замовы — найбольш старажытная група замоўных формул. Перш за ўсё чалавек клапаціўся (ды і цяпер клапоціцца) пра сваё здароўе, чым і тлумачыцца больш шырокае бытаванне гэтай групы і сёння. Найбольш поўна яны прадстаўлены ў Гомельскім раёне — 17,02 % тэкстаў. 9,58 % гэтых замоў мы запісалі ў Рэчыцкім і Акцябрскім раёнах, 9,19 % — у Буда-Кашалёўскім раёне. Астатнія-у Петрыкаўскім (8,41 %), Жлобінскім (7,24 %), Рагачоўскім і Лельчыцкім (па 6,65 %), Чачэрскім (4,50 %), Хойніцкім (2,34 %), Лоеўскім (2,15 %), Калінкавіцкім (1,95 %), Веткаўскім (1,56 %), Брагінскім (1,36 %), Жыткавіцкім (1,17 %), Светлагорскім (0,78 %) і Ельскім (0,19 %) раёнах.

Шырокая геаграфія распаўсюджання і тэматычная разнастайнасць замоў гаспадарчай тэматыкі тлумачыцца актыўным выкарыстаннем нашымі старажытнымі продкамі ўласнай гаспадаркі і зямлі. Прыродна-ландшафтная своеасаблівасць Гомельскага Палесся выклікала да жыцця значную групу замоў, у якіх галоўным аб’ектам замаўлення з’яўляюцца хтанічныя істоты. Найбольшая колькасць замоў гэтай тэматычнай групы запісана ў Гомельскім (23,96 %), Рэчыцкім (18,18 %), Жлобінскім (9,09 %) раёнах. Астатнія — у Брагінскім і Рагачоўскім (па 8,26 %), Лельчыцкім (7,43 %), Добрушскім (6,61 %), Акцябрскім (5,78 %), Буда-Кашалёўскім (2,47 %), Светлагорскім і Чачэрскім (па 1,65 %) раёнах.

Паколькі пытанні грамадскага і асабістага жыцця, стварэнне і захаванне камфортных умоў існавання таксама хвалявалі чалавека ca старадаўніх часоў, таму і невыпадкова важнае месца займалі і замовы, аб’яднаныя намі ў сямейна-бытавую і сацыяльную групу. Напрыклад, найбольшую колькасць такіх замоў больш за ўсё давялося запісаць у Рагачоўскім (23,52 %) раёне. З актыўным выкарыстаннем сацыяльна-бытавых замоў мы сутыкнуліся ў Лельчыцкім і Петрыкаўскім (па 13,23 % запісаных тэкстаў), Рэчыцкім (10,29 %), Гомельскім (8,82 %), Добрушскім і Буда-Кашалёўскім (па 7,35 %), Акцябрскім (5,88 %), Жлобінскім (4,41 %), Лоеўскім (2,94 %), Светлагорскім (1,47 %) раёнах.

Засяродзім увагу на аналізе адной з тэматычных груп лекавых замоў — «Ад зубнога болю», якія на тэрыторыі Гомельшчыны прадстаўлены найболыпай колькасцю варыянтаў.

Са старажытных часоў замова была надзвычай папулярнай, бо іншых сродкаў уздзейнічаць на небяспечныя з’явы прыроды чалавек не ведаў. І тут можна было спадзявацца толькі на сваю фізічную сілу, а яшчэ болей — на магію слова, адпаведнага дзеяння і абарону прадмета-апатрапея. Замова не такая прымітыўная і наіўная, як на першы погляд здаецца, мяркуючы па часе яе ўзнікнення. Прыцягвае нашу ўвагу тое, што замоўныя сюжэты і іх асноўныя персанажы маюць строга акрэслены характар. Маючы стандартны сюжэт (у межах адной тэматычнай групы), варыянты замоўных формул адрозніваюцца не толькі ўмоўнымі месцамі дзеяння, якія не маюць характарыстычнай адзнакі «тут» і «цяпер», але і рознымі бытавымі рэаліямі. Не ўяўляецца магчымым, зыходзячы з тэкстаў, спрагназаваць тое канкрэтнае месца, дзе адбываецца дзеянне, калі яны амаль усе пачынаюцца з традыцыйнага зачыну «Ехаў Рыгор цераз шэсць гор…» [1, № 132], «Ехаў Рыгор з крутых гор…» [1, №№ 135, 277], «Із-пад яснае зары, із-пад белае гары цякло тры ракі…» [1, № 138], «Ішоў (ці ехаў) Хрыстос цераз калінавы мост…» [1, №№ 146, 170, 172, 181, 194, 196], «Ішла Прачыстая мацъ сінім морам (чыстым полем)…» [1, №№ 264, 366, 401, 462, 503, 540], «На сінім моры-акіяне стаіць дуб…» [1, №№ 154, 155, 420, 507], «адтуль ангельчыкі выходзяць» [1, № 409]. І толькі ў нешматлікіх тэкстах, як, напрыклад, у замове «Ад нарадкі» [1, № 500], запісанай ад Васілеўскай М.Я., 1935 г.н., з в.Бабовічы Гомельскага раёна, названы канкрэтныя геаграфічныя каардынаты: «…Адкуль ты выходзіш і куды прыходзіш, выходзіш ты з-пад захада, сонца, з-пад яснага месяца, з-пад дробных зорак, сходзіш ты ў рэчку, а з рэчкі ў Бесядзь, а з Бесядзі ў Сож, а з Сожа ў Дняпро, а з Дняпра ў мора…». Прыведзены ўрывак замовы дае падставы меркаваць, што невядомы аўтар-творца свядома імкнуўся прыцягнуць увагу да свайго локуса, да сваёй зямлі, да сваіх рэк.

Абазначэнне дакладных геаграфічных або якіх-небудзь іншых рэалій у замоўных тэкстах — рэдкі факт, невыпадкова іншы раз яны з’яўляюцца нечаканасцю для даследчыка і настройваюць яго на пэўныя развагі наконт гістарычнай абумоўленасці прысутнасці ў замовах некаторых уласных назваў.

Што датычыць акрэсленасці часу дзеяння, то яго таксама нельга вызначыць дакладна. Аб гэтым сведчаць уступныя часткі, якія ўяўляюць сабой устойлівыя формулы-«абазначэнні»: «Уставала (устану) я ранюсенъка (раненъка), умывалася (умыюся) бялюсенъка (беленъка)…» [1, №№ 25, 63, 346, 391, 418, 445 (у нядзелю), 468, 494 і г.д.], «ранняй (вячэрняй) зарою, божаю (добрай) парою…» [1, №№ 26, 46, 49, 268, 280, 333, 335, 362, 373 і г.д.].

Такія ж умоўныя і персанажы замоў, якія ў значнай ступені з’яўляюцца абагуленымі вобразамі. Гэтыя персанажы-схемы, хаця і маюць назвы рэальных паўзуноў, птушак, але з нейкімі неверагоднымі ўласцівасцямі: воран (чорны), які прыляцеў «з чужих старон. Сеў на варотах у красных чоботах, стаў шчэбетаць, урокі гаварыць…» [1, №№ 180, 433], арол «без крылляў і без галавы…» [1, № 421] або арол, які «ізнёс яйцо без жаўтка і вывеў арлёнка бяскрылага…» [1, № 606], арол з залатою дзюбаю, з сярэбранымі крыламі [1, № 16]; лютая змяя, гадзюка — сіпуха, рыпуха [1, № 102], гадзюка-царыца, якая «ліху кроўразлівала, серцэ до тугі донесла…» [1, № 104], «.. .пад той калодай ляжыцъ гадзюка, сакоча, рагоча, траву з’едае…» [1, № 416], «змяя з дванаццаццю галавамі, з вострымі касамі…» [1, № 159]; «гад раби, гад полови, гад жоўты, гад чирвони, гад бели, гад серы, гад руды, гад падорожны, гад подколодни, подпорожни…» [1, №№ 103, 104 і г.д.]. Важным паказчыкам замоўнай паэтыкі ў названых замовах з’яўляюцца тыя прадметы і вобразы, якія судакранаюцца з культам, семантыка якіх звязана са старадаўнімі рэлігійнымі ўяўленнямі, з рытуальнымі дзеяннямі.

У адрозненне ад іншых фальклорных жанраў (песні, казкі, загадкі, прыказкі) замова лічылася носьбітам магіі слова. Замоўнае слова паступова вызвалялася ад усяго імгненнага, зменлівага, няўстойлівага, шукала нямногія, але бясспрэчныя мастацкія формулы. Слова ў замове выконвае «перфаматыўную функцыю», г.зн. з’яўляецца не проста словам, а словам- дзеяннем, калі слова і ёсць дзеянне. Яно сапраўды выпрацавала паэтыку, якая суадносіцца з ідэяй непарушнасці, пастаянства, — паэтыку строгай і яснай архітэктонікі, дакладнага рытму і адметнай рыфмы, эканомнага параўнання, выразнай метафары, строгай і яснай лініі разгортвання сюжэта. Немалаважную ролю ў рытуалах замаўлення выконваюць прадметы, якія звязаны з пэўнымі культамі (прыродна-касмічны, культ продкаў і інш.), з устойлівымі рэлігійнымі (у тым ліку і язычніцкімі) уяўленнямі. Самыя звычайныя, самыя простыя рэчы ў замове звязаны не толькі з рэальным дзеяннем, але і з’яўляюцца вобразамі-сімваламі, устойлівасць якіх шліфавалася стагоддзямі. Заўважым, што ў працэсе бытавання замоўных формул з пакалення ў пакаленне пераходзілі і каноны сюжэтных кампазіцый. Невыпадкова, у дэталях замоўнае мастацтва вызначаецца здзіўляючым пастаянствам. Тым не менш, яго нельга назваць застылым. Пад покрывам канонаў у ім ішоў працэс унутранага развіцця, і, як гэта ні дзіўна, у сваіх бясконцых паўторах замоўнае мастацтва не страчвала пачуцця жыцця, прыроды, чалавека ў гэтым жыцці і прыродзе, у сусвеце. Гэта тлумачыцца тым, што хаця замоўныя каноны і захоўваліся надзвычай строга, тым не менш яны яшчэ не пакрыліся пылам тысячагадовых традыцый, не былі адпаліраваны да страты аблічча, былі бліжэй да жыццёвых першавытокаў, да жыццёвых першакрыніц. Таму ў іх адчуваецца больш подыху жыцця, так бы мовіць, больш чалавека, чым у многіх пазнейшых класічных творах.

Яскравым пацверджаннем гэтаму з’яўляюцца і лекавыя замовы. Яны на Гомелынчыне складаюць пераважную большасць. З 694 замоў, якія былі запісаны на тэрыторыі Гомельскай вобласці і ўвайшлі ў зборнік «Таямніцы замоўнага слова» (Гомель, 1997), такіх тэкстаў 492, што складає 70,89 %. Сярод іх замовы ад зубоў складаюць 10,16 % (50 тэкстаў). Па колькасці гэта тэматычная група другая, пасля замоў ад уроку (прыстрэку, зглазу, прыгавору, падзівок). У межах гэтай тэматычнай групы можна вылучыць тры падгрупы з амаль аднолькавым сюжэтам: па-першае, замовы, у якіх хворы зуб (хвароба) адсылаецца куды-небудзь — 32 %, па-другое, замовы, у сюжэтную тканку якіх уводзяцца тры супрацьлеглыя персанажы, і, па-трэцяе, тэксты, у якіх зубы хворага чалавека не павінны балець таксама, як і ў мёртвых на «тым свеце» — па 22 %; тэксты, у якіх сюжэты адрозніваюцца адзін ад аднаго і ад вышэйакрэсленых — 24 %.

Самая вялікая па колькасці група замоў, дзе асноўная сюжэтная лінія пабудавана на адсыланні хваробы. Гэтыя тэксты запісаны ў Рагачоўскім [1, № 215], Петрыкаўскім [1, № 223], Буда-Кашалёўскім [1, №№ 224, 250], Гомельскім [1, № 239], Жлобінскім [1, №№ 265, 267], ад перасяленцаў з Хойніцкага [1, №№ 253, 254, 255], Добрушскім [1, №№ 263, 264, 266], Рэчыцкім [1, № 246], ад перасяленцаў з Веткаўскага [1, № 268], Лельчыцкім [1, № 260] раёнах. Месцы, куды адсылаецца хвароба, самыя разнастайныя, у пераважнай большасці (71 %) непрыгодныя, непрывабныя для жыцця: «…к свінням падаль есці.«…каб бачыў адзін бес.Найбольш распаўсюджаным месцам з’яўляецца дуб у розных выявах. Гэта і зялёны дуб, і сухі дуб, і дубішча, і сухое дубішча. У намінальным тэксце замовы «Ад зубоў», запісанай у в.Хамічы Рагачоўскага раёна ад Сцяпанавай Надзеі Несцераўны, 1929 г.н. [1, № 215], яскрава выражана пагроза дубу пры нявыказаным жаданні, каб хворы зуб стаў такім жа здаровым і крэпкім, як і самае моцнае дрэва, дрэва жьіцця — дуб (жыве да 2000 год). Сапраўды, усё ў свеце адносна і пазнаецца толькі праз супастаўленне, замяшчэнне і атаясамліванне адно праз другое.

Некаторыя асаблівасці анатамічнай будовы і сімвалічна-міфалагічнай суаднесенасці, можна меркаваць, прывялі да з’яўлення ў замовах і аналагічных вобразаў: «Зуб, зуб, ідзі да зялёнага дуба, … пытайся ў дуба: “Скажы дуб, у цябе шырокі, чысты, здаровы ліст, коранъ глыбокі, а ці ты крэпкі, а ці ты моцны? …Каб і ў мяне былі такія моцныя, здаровыя зубы з глыбокімі каранямі, яку дуба» (М.М.С.); «…Зубы, ідзіце вы к зялёнаму дубу, пытайцеся ў дуба: «Ці ты лісту шырокага, ці ты корня глубокага, ці ты крэпкі, ці ты моцны?..» (Б.А.М., 1941 г.н.). У прыведзеным тэксце ў аснове паралелізму — рацыяналістычная выверанасць параўнання: толькі глыбокі моцны корань можа даць сілу здароваму ствалу, на якім узрастае шырокі чысты ліст. Асацыятыўна гэтыя якасці пераносяцца і на зубы, якія адсылаюцца да зялёнага дуба, каб яны ўбачылі, якое прыгожае гэтае дрэва з глыбокім коранем, крэпкім ствалом, шыкоўнай кронай, і самі былі такімі ж моцнымі і прыгожымі.

Да слова сказаць, гэтую асацыяцыю можна працягнуць: дзёсны-зямля, у якой мацуюцца каранямі зубы-дрэвы, нёба-неба, а чалавек-мікракосм усімі сваімі жыццёвымі варункамі знітаваны з макракосмам. Пачуццё еднасці з прыродай, непадзельнасці ўсяго існага ў сусвеце былі манументалізаваны ў замове. Так з дапамогай маляўнічай і вынаходлівай метафары народ-творца мадэліруе свой непаўторны свет, неверагодны і іррэальны, у якім амаль страчваюць рэальныя рысы пэўныя дэталі.

Прыведзеныя вышэй замоўныя формулы маглі выкарыстоўвацца як для лячэння, так і для прафілактыкі зубнога болю. Нягледзячы на ярка выражаны матыў пагрозы ў першай замове, усё ж такі яны маюць пазітыўную афарбоўку, якую ствараюць эпітэты (мора сіняе, ліст шырокі, чысты, здаровы; корань глыбокі; дуб зялёны, крэпкі, моцны), часта ўжываюцца шматлікія заклікі-звароты (маладзік-малады, зуб-зубішча і інш.). У апошнім выпадку для ўзмацнення яшчэ ўжываецца і такі мастацкі прыём, як таўталогія: крэпкі, моцны.

Сярод замоў, якія мы аднеслі да другой сюжэтнай групы, 27 % тэкстаў запісана ў Гомельскім, па 18 % — у Добрушскім і Петрыкаўскім раёнах. Астатнія тэксты зафіксаваны ў Буда-Кашалёўскім, Веткаўскім, Лельчыцкім і Жлобінскім раёнах. Развагі над сюжэтамі дазваляюць упэўніцца ў тым, што старажытны чалавек, спасцігаючы свет і асэнсоўваючы сваё месца ў ім, суадносіў сябе з асобнымі прыроднымі з’явамі, прадметамі, «прымяраў іх да сябе», свабодна апеліраваў да іх. А паколькі ў рэальным жыцці ў здаровага чалавека зубы не баляць, так і ў прыродным свеце з’явы, пра якія ўзгадваецца ў замовах, рэальна не могуць сысціся разам, таму і асноўны прынцып пабудовы сюжэта — адмоўнае параўнанне: як не…, так і не: «…Ёсць на свеце тры цара. Першы цар — сонца, другі — месяц, трэці цар — вецер. Як гэтым царам у кучу не сыйсціся, з адной кружкі віна-мёду не піці,так ва век зубной болі не быці» (Н.В.І., 1925 г.н.). Або як так, калі …, тады (когда … тогда): «Месяц на небе высока, а камень у моры глыбока, а дуб у лесе далёка. Як етыя тры браты сойдуцца мёд і віно піці, тоды будуцъ рабе божэй там зубы болеці…» (В.Г.П., 1911 г.н.); «Щука — в воде, червь — в дупле, а месяц — на небе. Когда они вместе сойдутся поговорить, тогда у раба божьего (имя) будут зубы болеть…» (Л.E.T.). Прыведзеныя замовы выкарыстоўваюцца для лячэння. Аднак у в. Масцішча Гомельскага раёна ад Ткачовай Алексіі Яўхімаўны, 1932 г.н., мы запісалі тэкст замовы «Ад зубнога болю», які можна выкарыстаць і з мэтай прафілактыкі, для забеспячэння здароўя зубоў у немаўляці: «У чыстым полі стаяць лясішчы. У тых лясах растуць дубішчы. Адзін дуб — лясовы, другі — палёвы, трэці дуб — прыдарожны. Дубішчы, зубішчы, беражыце ў гэтага младзенца (імя) зубцы: бакавыя, гарлавыя…». У адрозненне ад вышэйпрыведзеных тэкстаў, у гэтай замове толькі адзін галоўны вобраз — дуб, але ён — і ў лесе, і ў полі, і пры дарозе. Ствараецца магічнае замкнёнае кола, у якім станоўчая энергія дуба тройчы ўзмацняецца і аказвае жыватворнае ўздзеянне на зубы немаўляці. Замова цалкам станоўчая, нават у другой частцы зубны боль адсылаецца на блакітнае мора, дзе створаны ўсе ўмовы для жыцця гэтай хваробы.

Замовы, якія мы аднеслі да трэцяй сюжэтнай групы, запісаны у Лоеўскім [1, № 219], Буда-Кашалёўскім [1, № 221], Калінкавіцкім [1, № 226], Лельчыцкім [1, № 228], Рэчыцкім [1, №№ 240, 246], Рагачоўскім [1, № 247], Акцябрскім [1, №№ 256, 258], Гомельскім [1, № 257] раёнах. Усе гэтыя тэксты маюць як форму дыялогу з месяцам, так і звычайную празаічна-апавядальную форму. Тым не менш, нягледзячы на аднолькавасць асноўнай сюжэтнай лініі, кожная з замоў адрозніваецца нейкімі, на першы погляд, нязначнымі штрыхамі, нават калі яны адзначаны ў адным раёне. Параўнаем для прыкладу:

  1. «Молодый молодичёк, ты в море купался и нам паказался, ты на том свеце был, видел живых и мертвых, как у мертвеца зубы не болят, так и не болели б у тебя…» (С.М.М., 1929 г.н.).
  2. «Маладзік малады, у цябе рог залаты, ты ў моры купаўся, а нам ні паказаўся. Пытаўся малады ў старога, ці баляць зубы ў нежывога. Да па моладасці балелі, а цяпер панямелі. Хай так у раба божага (імя) каб панямелі і да смерці не балелі». (Я.В.К., 1918 г.н.).

У першым варыянце апісанне месяца абмяжоўваецца толькі яго назвай — «молодой молодичёк». Здаецца, усё тут зразумела: маладзік мае форму «рога», а месячнае святло нагадвае жоўты («залаты») колер. Тым не менш аўтар другой замовы вырашыў даць больш падрабязнае апісанне, па- мастацку прыгледзеўшыся да звычайнага для нас, але таямнічага для нашых продкаў нябеснага свяціла.

У абедзвюх замовах месяц адлюстроўваецца ў вадзе («ты ў моры купаўся…»), аднак у першым выпадку людзі яго бачаць, а ў другім — не. У другой замове апісваецца цікавая размова паміж «маладым» і «старым». Можа таму і «не паказаўся» месяц чалавеку, бо немагчыма адначасова ўбачыць яго ў розных фазах. «Сходні» месяц памірае, а маладзік нараджаецца, і менавіта ў гэты перыяд адбываецца дыялог паміж імі. «Стары» «ўспамінае», што яго зубы «па моладасці балелі, а цяпер панямелі».

У асноўным на пытанне, ці баляць зубы ў мёртвых, мы чуем катэгарычны адказ: «Не, не баляць». Тым не менш у нешматлікіх тэкстах мы бачым не такі катэгарычны адказ, што раней зубы балелі, а цяпер занямелі. У абедзвюх замовах няма нічога лішняга, нічога дэструктыўнага, што магло б хоць якім-небудзь чынам завуаляваць, парушыць архітэктанічную логіку. Такі ж стрыманы і паэтычны дэкор стварае ўсяго толькі адзін эпітэт, які абазначае не столькі рэальны ўзрост, колькі фазу месяца, ды метафара. Аналізуючы замоўныя тэксты, мы можам з упэўненасцю сказаць, што мова замовы простая, у ёй няма штучнасці, мудрагелістасці, вычварнасці. Але ж вядома, што для перадачы простых, натуральных пачуццяў трэба больш майстэрства, чым для перадачы фальшывых, ненатуральных перажыванняў. На наш погляд, у гомельскай калекцыі замоў найбольш пашырана параўнанне менавіта з зубамі мёртвых людзей, у параўнанні, напрыклад, з замовай, запісанай на Магілёўшчыне, дзе прысутнічае параўнанне з зубамі мёртвых «ваўкоў, лісаў».

Ад усіх іншых варыянтаў замоў «Ад зубнога болю» адрозніваецца, напрыклад, тэкст, запісаны ў г.Пінску Брэсцкай вобласці ад Шаламіцкай Анастасіі Севасцьянаўны, 1932 г.н.: «Ішоў Хрыстос цераз раку Іардань, сказаў рацэ Іардань: «Стань, стань». А ты, зуб, балецъ перастанъ». У тэкстах замоў, якія нам давялося сустрэць, параўнанне зубнога болю з чым- небудзь іншым амаль не характэрна.

Яшчэ адна цікавая замова была запісана ў Брэсцкай вобласці [1, № 251]. У прыведзеным тэксце можна вылучыць тры розныя сюжэтныя часткі, прычым 1 і 2 часткі гэтай замовы з’яўляюцца самастойнымі тэкстамі асобных замоў, запісаных у Лоеўскім раёне, а 3-я частка ўяўляе сабой тэкст, зафіксаваны ў Светлагорскім раёне.

Праведзены аналіз сучасных запісаў тэкстаў замоўных формул пераконвае ва ўстойлівасці захавання гэтага жанру не толькі ў пасіўнай памяці інфарматараў, але і ў факце іх даволі актыўнага практычнага выкарыстання ў розных жыццёвых сітуацыях.

Літаратура

  1. Таямніцы замоўнага слова. Гомель,
     

Спіс скарачэнняў (інфарматары)*:

  1. Б.А.М., 1941 г.н. — Баранава Аляксандра Мікалаеўна, в. Аляксандраўка Буда- Кашалёўскага раёна.
  2. В.Г.П., 1911 г.н. — Вянгура Ганна Паўлаўна, в. Тонеж Лельчыцкага раёна.
  3. Л.Е.Т. — Лявоненка Е.Т., в. Ляды Жлобінскага раёна.
  4. Н.В.І., 1925 г.н. — Навуменка Вольга Іванаўна, в. Краўцоўка Гомельскага раёна.
  5. С.М.М., 1929 г.н. — Сілкевіч Марфа Мікалаеўна, в. Сасноўка Акцябрскага раёна.
  6. Я.В.К., 1918 г.н. — Якубовіч Васіліна Кузьмінічна, в. Мушычы Акцябрскага раёна.

* Фальклорны архіў кафедры беларускай літаратуры ГДУ імя Ф.Скарыны.


Аўтар:
Святлана Вяргеенка
Крыніца: Фалькларыстычныя даследаванні. Кантэкст. Тыпалогія. Сувязі: 36. арт. / Пад нав. рэд. Р. М. Кавалёвай, В. В. Прыемка. — Мн.: Бестпрынт, 2004. С. 50-57.