Некалі жыў у нас мужык адзін. Звалі яго Саўка. Чалавек сабе быў як чалавек, нікога не крыўдзіў, але і сябе ў крыўду не даваў. Як убачыць, што нехта на яго рот разявіў, ці пачуе крыўднае у адносінах да сябе слова, то адразу ж прапаноўваў крыўдзіцелю памахацца на кулачках. Але жадаючых чамусьці не знаходзілася. Можа, таму, што кулачкі ў яго былі, як сярэдняй велічыні гарбузы, а можа, і таму, што да крыўдзіцеляў гаспадар быў бязлітасны.
Пра гэтага вяскоўца гаварылі, што ён нават самога чорта не баіцца, бо адзін раз, маўляў, як спаткаўся Саўка з нячысцікам, то так таго адпэндзіў, што чорт не ведаў куды ўцякаць. Сам чалавек толькі пасміхваўся і прымаўляў:
— Хто ж яго ведае.
— Няўжо не памятаеш, было ці не такое?
— Ды як вам сказаць…
— А прама скажы, не выкручвайся.
— Некалі сустрэўся я з нячысцікам.
— Дзе?
— На балоце.
— А што ты там рабіў?
— Лыка драў.
— Вясной?
— Ведама ж, зімой лыка не дзяруць.
— Чаму не, — зарагатаў нехта з вяскоўцаў, — ёсць такія, што гэтую справу і зімой выконваць могуць.
— Дык што далей было?
— Запрацаваўся я і не пачуў, як ззаду да мяне нехта падышоў.
— Чорт?
— Ды не, ладны такі паніч. Прыгожы, фарсісты, здавалася, што толькі з багатага палаца вылез.
— Але ж ты гаварыў — чорт…
— Гэта і быў нячысцік.
— I што ж ты зрабіў?
— А нічога.
— Зусім?
— Ну, не зусім, крыху папрацаваў.
— Якім манерам?
— Выразаў ладны кій ды як стаў таго паніча лупцаваць, толькі водгулле па балоце ляцела. Крычаў ён не сваім голасам.
— Яшчэ б!
— Ён бегае вакол куста, а я за ім!
— У даганялкі гулялі?
— Ага, толькі ён уцякаў, а я даганяў і яшчэ крыху яму хаду прыспешваў.
— Кіем можна любога падагнаць.
— Нават калі ён і не надта жадае.
— То, кажаш, крычаў?
— Не сваім голасам, браткі, вішчаў!
— I як жа ён ад цябе ўцёк?
— Ды зачапіўся я за купіну і гупнуўся праз яе потырч прама ў балаціну. Вочы заляпіла, гразь не толькі ў вочы, але і ў вушы трапіла. Пакуль я ўсё ачысціў, то нячысцік плетануў напрамкі.
Сяляне прыціхлі, а потым нехта, нечакана для астатніх, запытаўся:
— Саўка! А гэта дакладна нячысцік быў?
— А што?
— Можа, гэта і на самай справе не чорт, а паніч быў?
Усе прыціхлі, чакаючы, што будзе далей. Саўка хітравата прыжмурыўся, сплюнуў пад ногі і прамовіў:
— Адзін чорт — што нячысцік, што пан!
— I то праўда!
— Атрымаў, то хай будзе задаволены, што жывым застаўся.
— Ну, за гэта яму цябе няма чаго дзякаваць.
— Чаму?
— Ён жа сам умудрыўся ўцячы!
— Гэта правільна.
— А ты хоць бачыў, у якім накірунку твой хрышчонік плетануў?
— У залессе, браткі, у залессе.
З таго выпадку стаў Саўка, калі да яго звярталіся надзвычай цікаўныя вяскоўцы, адказваць усім аднолькава. Тыя пыталіся:
— Саўка, дзе ты быў?
А ён ім, не задумваючыся:
— У залессі лазіў.
Зразумей тут чалавека, праўду ён гаворыць ці насміхаецца.
Але аказалася, што тыя чэрці ці панічы, роднага брата якіх Саўка па-свойму правучыў, таксама не забыліся таго выпадку. Вырашылі адпомсціць ганарліваму селяніну. Усё зручны выпадак падбіралі, каб адзін ён аказаўся, каб сведка паблізу не было, і дачакаліся.
Паехаў Саўка па сена. I трэба ж было здарыцца, што менавіта на тое балота, дзе не вельмі даўно таго незнаёмца лупцаваў. Падганяў коніка і песню ва ўвесь голас свой зычны спяваў. Не здагадваўся нават чалавек, што за сустрэчу рыхтавалі яму балотныя жыхары. Каб яго папярэдзіў хто, то і ён падрыхтаваўся б, а так ехаў сабе спакойна. Нёўзабаве ўбачыў свой стог і скіраваў да яго коніка. Пад’ехаў, распрог коніка і давай сена на сані ўкладваць. Нялёгкая гэта справа. Трэба ж акуратна ўкласці, увязаць, каб па дарозе не рассыпалася, бо тады людзі засмяюць. Узапрэў добра, таму скінуў кажух і застаўся ў світцы, ад якой ажно пар ішоў. Працуе, па баках і не азіраецца. Потым нешта як падкінула. Акінуўся ён і ажно аслупянеў: вакол стога стаяла гэтулькі чарцей, ды ўсе ў выглядзе панічоў, што і палічыць немагчыма было.
— Вы чаго тут сабраліся? — запытаўся Саўка, а сам ліхаманкава шукаў выйсце з сітуацыі.
— Табе помсціць будзем!
— За каго?
— За мяне! — выступіў наперад той самы паніч-чорт, якога ён добра пачаставаў пры першай сустрэчы.
— А, гэта ты? То сцеражыцеся!
— Цяпер ты сцеражыся! — пагрозліва завішчалі чэрці і кінуліся да Саўкі.
Але той як развярнуўся, як махнуў віламі ды як перацягнуў імі адразу некалькіх чарцей, то тыя і з ног пападалі. А селянін разышоўся, б’е і прыгаворвае:
— У залессе ўцякайце! У залессе!
Як ні хацелі чэрці яму адпомсціць, а нічога добрага не атрымалася, давялося ім уцякаць. Джгнулі, толькі іх і бачылі. А тое месца людзі жартам так і празвалі — Залессе.
Аўтар: А. Ненадавец
Крыніца: Гомельшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / Склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. — Мн.: Беларусь, 2001. — 415 с.: іл. — (Мой родны кут). Ст. 401-403.