У ноч на 28 сьнежня ў аўтакатастрофе загінула Тацяна Сапач – адна з заснавальнікаў Гомельскай грамадскай арганізацыі “Талака”, беларуская паэтка, журналістка. Трагедыя здарылася ў Літве пад Алітусам. Тацяна са сваім мужам Сяргеем Дубаўцом вярталіся ў Вільню з Польшчы ад дачкі Адэлі, якая тыдзень таму нарадзіла ім унучку. Тацяне было 48 гадоў.
Сябры ГМКГА “Талака” смуткуюць з нагоды смерці выдатнай грамадскай дзеячкі і цудоўнай жанчыны Таццяны Сапач.
Гісторыя ”Талакі” пачалася ў 1986 годзе, калі мужа і жонку Таццяну Сапач і Сяргея Дубаўца, выпускнікоў журфака БДУ, размеркавалі на працу ў Гомель. Таццяна і Сяргей яшчэ студэнтамі ў Менску былі людзьмі грамадска актыўнымі, цікавіліся беларушчынай (перадусім мовай ды культурай), наведвалі “Майстроўню” – суполку, з якой пазней паўстала менская “Талака”, размаўлялі па-беларуску, што было нечувальным для тых часоў.
Сяргей і Таццяна былі захоплены ідэяй распаўсюду шырокага талакоўскага руху па ўсёй Беларусі. Яны марылі стварыць у кожным абласным цэнтры такія арганізацыі, якія б займаліся адраджэннем беларускай мовы,традыцыйнай культуры, вывучэннем беларускай гісторыі. Варта зацеміць, што суполкі з назвай “Талака” паўсталі толькі ў Менску і Гомелі, і ўжо пазней арганізацыі падобнага накірунку дзейнасці ўзніклі ў Гародні – называліся “Паходня”, і ў Віцебску – “Узгор’е”.
У Гомелі ўжо некалькі гадоў існавала кола маладых творчых людзей, якія цікавіліся беларускай гісторыяй, краязнаўствам. У якасці валанцёраў, яны, некалькі разоў ездзілі ў Ветку, дзе працавалі над добраўпарадкаваннем памяшкання і тэрыторый, якія зараз з’яўляюцца Веткаўскім музеем – займаліся будаўнічымі працамі, прыборкай тэрыторыі, выносам смецця.
Шляхі гомельскіх аматараў краязнаўства і сям’і Дубаўцоў перакрыжаваліся ў красавіку 1986 года. Гэтая дата і можа лічыцца датай заснавання “Талакі”, хаця гэтая назва з’явілася пазней. Сяргей Дубавец прапанаваў гомельскім актывістам Алесю Яўсеянку, Алегу Чыжу, Ларысе Сымаковіч ды іншым пачаць рэгулярна збірацца ў памяшканні газеты “Гомельская праўда” і заснаваць “Клуб маладых журналістаў” пры рэдакцыі газеты. На сваіх штотыднёвых паседжаннях маладыя людзі займаліся абмеркаваннем актуальных для іх праблем беларусізацыі горада: як данесці да людзей беларускае слова, як спрыяць пераводу дзіцячых садкоў, школ, ВНУ на беларускую мову.
Пад кіраўніцтвам Таццяны Сапач талакоўцы пачалі вывучаць каляндарна-абрадавыя святы (Каляды, Гуканне вясны, Купалле), развучвалі абрадавыя песні. Яны папулярызавалі іх у розных навучальных ды іншых установах Гомеля, ад дзіцячых садкоў да універсітэта.
Сваімі ўспамінамі пра Таццяну Сапач дзеляцца першы старшыня “Талакі” Алесь Яўсеянка і бард Вальжына Цярэшчанка