За годам — год. Рэчыца з 1950-1990-х гг.

0
752
За годам — год. Рэчыца з 1950-1990-х гг.

У 50-я гады Рэчыца і раён увайшлі з пэўным запасам трываласці. Нарошчвалі тэмпы выпуску прадукцыі буйныя прамысловыя прадпрыемствы — дротава-цвіковы завод імя Інтэрнацыянала, дубільна-экстрактавы імя Варашылава, лесазавод імя Кірава. Ладзілася справа ў калектывах Рэчыцкай суднаверфі, арцелі «Чырвоны Кастрычнік», прыстані, станцыі Рэчыца. 3 ме­сяца ў месяц перавыконваў даведзеныя за­даны! Заспенскі крухмальны завод.

Вытворчую праграму 1950 г. прамысловасць Рэчыцы і раёна ажыццявіла на 105,7 працэнта. За кошт эканоміі сыравіны, павышэння якасці прадукцыі і рацыянальнага выкарыстання тэхнікі рост звышпланавай прадукцыі склаў 11 мільёнаў 500 тысяч рублёў.

На заводзе імя Інтэрнацыянала, які першым у Рэчыцы падтрымаў ініцыятыву прадпрыемстваў Ленінграда і Масквы, накіраваную на датэрміновае выкананне заданняў першай пасляваеннай пяцігодкі, ка­ля 100 рабочых перайшлі на шматстаночнае абслугоўванне. Міністэрства мясцовай прамысловасці БССР і БРК прафсаюза чатыром брыгадам прадпрыемства прысвоіла званне брыгад выдатнай якасці.

За лік эканоміі сыравіны 20 тон звышпланавых танідаў вырабіў у 1950 г. калектыў завода імя Варашылава. Тут не было ні аднаго рабочага, які б не спраўляўся з вытворчым заданием.

Заспенскі крухмальны завод у якасці звышпланавай прадукцыі даў за год 48 тон сухога крухмалу, арцель «Чырвоны Кастрычнік» — 500 метраў тканіны. Суднабудаўнічы цэх верфі выпусціў за год 6 звышпланавых баржаў.

Прадпрыемствы Рэчыцы маглі б мець больш высокія паказчыкі, але адчувалі недахоп электраэнергіі. Рэчыцкая электрастанцыя задания 1950 г. не выканала.

У 1950 г. звыш 100 сем’яў рэчыцкіх рабочых усяліліся ў новыя кватэры.

Пасяўныя плошчы раёна павялічыліся за год на 2549 гектараў. Пасевы яравой пшаніцы ўзраслі на 3,9 працэнта, азімага жыта — на 21,3, тэхнічных культур — на 45 працэнтаў.

Валавы збор збожжа быў вышэйшым, чым у папярэднім, 1949 годзе, але сярэдняя ўраджайнасць з гектара — ніжэйшай.

Многія сельгасарцелі атрымалі ў 1950 г. на асобных участках высокія ўраджаі збожжавых і тэхнічных культур. Брыгада Уладзіміра Скаромнага з узбуйненага калгаса імя Сталіна Вышамірскага сельсавета (узбуйненне гаспадарак адбывалася на працягу 1950—1952 гг.) на плошчы ў 72 гекта­ры вырасціла па 13 цэнтнераў азімага жыта. Звеннявая Ніна Бондар з калгаса імя Малянкова — па 47,7 цэнтнера карэнняў кок-сагызу з кожнага гектара.

Высокі ўраджай ільну быў атрыманы ў сельгасарцелі «Украінец» Сямёнаўскага сельсавета. Тут было атрымана з гектара па 4,57 цэнтнера льнасемя. Брыгада Антона Седлера сабрала на кожным з 10 гектараў па 5,2 цэнтнера льнасемя.

Раён і ў 1950 г. датэрмінова ажыццявіў заданні па пастаўках дзяржаве збожжа, бульбы, садавіны, тэхнічных культур.

У калгасах раёна змагаліся за датэрміновае выкананне трохгадовага плана развіцця грамадскай жывёлагадоўлі. Усе калгасы мелі па 4 фермы прадуктыўнай жывёлы. У 1950 г. пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў параўнанні з годам папярэднім павялічылася на 16,2 працэнта, авечак — на 37, ко­ней — на 7,7 працэнта.

Аднак трохгадовы план па вырошчванню буйной рагатай жывёлы быў выкананы толькі на 83,3 працэнта, свіней — на 46,4 пра­цэнта, авечак — на 93,3 працэнта і па развядзенню птушак — на 27,5 працэнта. Асноўнай перашкодай росту пагалоўя жывё­лы і павышэння яе прадуктыўнасці было нездавальняючае стайовішча ў назапашванні кармоў. Значныя плошчы калгасных сенажацей заставаліся не ўбранымі. План накаплення грубых кармоў у 1950 г. быў выка­наны ўсяго на 75 працэнтаў, сакавітых кармоў — на 49, канцэнтратаў — на 51 працэнт.

На пленуме РК КП(б)Б 28 чэрвеня 1951 г. адзначалася: у раёне каля 3 тысяч гектараў ворнай зямлі, 4800 гектараў сенакосных угоддзяў, звыш 1000 гектараў выпасаў.. Але яны зараслі кустамі, пакрыліся купінамі. У многіх месцах не закапаны акопы і траншэі. Значная плошча калгас­ных зямель пад неасушанымі балотамі.

Лепшай гаспадаркай раёна з’яўляўся калгас імя Сталіна Вышамірскага сельсаве­та. Гаспадарка была адзінай у раёне, якая ажыццявіла трохгадовы план развіцця гра­мадскай жывёлагадоўлі.

Па васілевіцкай зоне не было роўных калгасу імя Сталіна і саўгасу «Ведрыч».

У 1950 г. двум працаўнікам саўгаса — даярцы Кацярыне Апанасаўне Мятлушка і кіраўніку трактарнай брыгады Сцяпану Дзмітрыевічу Фешчанку — было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. У 1949 г. К. А. Мятлушка надаіла ад кожнай каровы сваёй трупы па 6401 кілаграму малака, што з’яўлялася не толькі ракордам былога Васілевіцкага раёна, а і ўсяе рэспублікі.

Калгасы багацелі на тэхніку. Амаль ва ўсіх гаспадарках былі па дзве аўтамашыны, памольныя машыны, кормазапарнікі.

За адзін год калгас «Савецкая Беларусь» Заспенскага сельсавета набыў 8 малатарань, 7 сартыровак, 4 конныя сеялкі, ілыіацёрку, сенакасілку, веялку.

Набывалі новую тэхніку машынна-трактарныя станцыі. У 1950 г. яны купілі 33 трактарныя сеялкі, 40 сенакасілак, 34 лушчыльнікі, 5 сіласарэзак, 11 культыватараў.

У другой палове 1951 г. сельркагаспадарчыя арцелі раёна набылі бульбасаджалкі і льноцерабілкі, тры лакамабілі ў 25 конскіх сіл кожны, 56 конных сеялак, 25 камбінаваных і простых сартыровак, 20 веялак, 25 конных сенакасілак, 26 кон­ных грабель.

Паўсюдна асвойваліся новыя высокаўрадлівыя культуры. Ажыццяўляўся пераход на суцэльныя гатунковыя пасевы азімага жыта, аўса, пшаніцы, ячменю. Укараняліся чуміза і канатнік.

Ва ўсіх калгасах і дзяржгасах арганізоўваліся трохгадовыя агразаатэхнічныя курсы. Вяскоўцы вучыліся развіваць гаспадарку на навуковай аснове. Выкладчыкамі курсаў з’яўляліся лепшыя аграномы і заатэхнікі. Некалькі лекцый для працаўнікоў калгасаў імя Дзяржынскага Ровенска-Слабодскага сельсавета і імя Варашылава Жмураўскага сельсавета прачыталі вучоныя: правамоцны член Акадэміі навук БССР, прафесар Гарагляд, старшы навуковы супрацоўнік Акадэміі навук БССР кандыдат сельскагаспадарчых навук Забела і заатэхнік Міністэрства сельскай гаспадаркі рэспублікі Любоцкі.

Усё большы размах набывала будаўніцтва. За 1950 г. ва ўзбуйненых гаспадарках былі ўзведзены 11 канюшняў на 510 галоў, звыш 30 кароўнікаў і цялятнікаў на 2205 галоў, 22 свінафермы на 3019 галоў, 6 аўчарнікаў і 11 птушнікаў. У новыя дамы перасяліліся 220 сем’яў.

Шмат якія калгасы пабудавалі цагельныя заводы, якія давалі значныя прыбыткі. У 1951 г. завод арцелі імя Леніна Азершчынскага сельсавета вырабіў 110 тысяч цаглін, імя Чапаева Камсамольскага сельса­вета — 72 тысячы цаглін.

Калгасы ўстанаўлівалі цыркуляркі, гантарэзкі, млыны, маслабойкі, ваўначоскі. Паўсюдна працавалі кузні.

Электрастанцыя калгаса імя Чапаева Камсамольскага сельсавета давала электрычнасць у 300 дамоў членаў арцелі. Заканчвалася будаўніцтва электрастанцый у калга­се «Савецкая Беларусь» Заспенскага і «XVIII партз’езд» Баршчоўскага сельса­вета. Былі радыёфікаваны вёскі Азершчына, Броннае, Жмураўка, Казазаеўка, Перасвятое, Салтанова.

Абсталёўваліся хаты-чытальні. Пры іх адчыняліся бібліятэкі, працавалі гурткі мастацкай самадзейпасці. У раёне працавалі 8 кінаперасовак (без уліку васілевіцкай зоны).

…Новы крок на шляху нарошчвання вытворчасці прадукцыі Рэчыца і раён зрабілі ў 5-ай пяцігодцы.

Планавыя заданні рэгулярна ажыццяўлялі заводы імя Варашылава і імя Інтэрнацыянала, завод масла і сухога малака, суднабудаўнічая верф.

У верасні 1951 г. домабудаўнічы камбінат быў перададзены Міністэрству папяровай і дрэваапрацоўчай прамысловасці і рэарганізаваны ў фанерна-мэблевы. У 1955 г. прадпрыемства выпусціла прадукцыі на 46 мільёнаў рублёў.

Адбудоўваліся калгасы і дзяржгасы раё­на, набывалі новую тэхніку, уводзілі ў абарот тарфянікі. Але ўрадлівасць палёў заставалася нізкай, валавы збор сельгаспрадукцыі павялічваўся ў асноўным за кошт пашырэння сельскагаспадарчых угоддзяў.

Сапраўдным штуршком наперад была для Рзчыцы і раёна другая палова 50-ых гадоў.

У 1956 г. прамысловасць горада выпусціла прадукцыі амаль на 14 мільёнаў рублёў болын, чым у 1955 г. Узрасла вытворчая магутнасць прадпрыемстваў. Уступілі ў строй новыя цэхі: масавага пашыву — на швейнай фабрыцы, варкі смол — на фанерна-мэблевым камбінаце. Апроч гэтага на камбінаце былі расшыраны механічны і сталярна-зборачны цэхі, пушчаны дзве паравыя сушылкі і кацельнае аддзяленне.

Заканчваліся будаўнічыя работы на ўзвядзенні кераміка-трубнага завода. У 1957 г. планавалася: завяршыць будаўніцтва льнозавода, камбіната бытавога абслугоўвання, вытворчага цэха шавецкай арцелі «Аб’яднанне»; увесці ў дзеянне падстанцыі Васілевіцкай ДРЭС; забяспечыць далейшае расшырэнне вытворчасці новых відаў прадукцыі. На фанерна-мэблевым камбінаце рыхтаваўся да ўводу цэх струганай фанеры. Калектыў суднабудаўнічай верфі распачаў выпуск 150-тонных металічных баржаўпляцовак для перавозкі будаўнічых матэрыялаў, 60-тонных баржаў для малых рэк і брандвахтаў новай канструкцыі. Вучэбны корпус рыхтаваліся атрымаць навучэнцы землеўпарадкавальнага тэхнікума.

У горадзе былі адкрыты новыя магазіны — гатовага адзення і бакалейна-гастранамічны.

Падыходзілі да завяршэння работы па ўзвядзенні трохпавярховага 24-кватэрнага і двухпавярховага 8-кватэрнага дамоў, закладваўся падмурак пад 12-кватэрны дом. Шырокі размах набывала будаўніцтва жылля за сродкі прадпрыемстваў.

Толькі ў 1956 г. у Рэчыцы былі пракладзены каля 3 тысяч пагонных метраў водаправода, устаноўлены 13 калонак, забрукаваны каля 4700 квадратных метраў маставой, заасфальтавана 6786 метраў тратуараў і г. д.

Датэрміновым выкананнем заданняў па рэалізацыі дзяржаве збожжа, бульбы, ільнопрадукцыі, малака, мяса, яек завяршылі 1956 г. гаспадаркі раёна. Найбольш важкія вытворчыя здабыткі мелі калгасы «Савецкая Беларусь» Заспенскага сельсавета і імя Кірава Свірыдавіцкага сельсавета. Пётр Паўлавіч Шклярэнка і Сцяпан Яфрэмавіч Драгун, кіраўнікі гаспадарак, былі ўзнагароджаны ордэнам Леніна.

У 1956 г. калгасы раёна набылі праз райспажыўсаюз 21 грузавую аўтамашыну маркі «ГАЗ-51», 4 легкавыя машыны «ГАЗ-69» і 4 легкавыя машыны марак «Пабеда» і «Масквіч».

За год у новыя дамы ўсяліліся 186 сем’яў калгаснікаў.

На 1400 кропак павялічылася радыётрансляцыйная сетка, у раёне ўзводзіліся 4 пачатковыя школы, памяшканне для Баршчоўскай СШ. Былі расшыраны памяшканні Салтаноўскай і Камсамольскай дзесяцігодак.

…25 снежня 1957 г. прамысловасць Рэ­чыцы і раёна выканала гадавы план па вы­пуску валавой прадукцыі на 100,1 працэнта. Былі пераўзыдзены заданні па росту прадукцыйнасці працы і зніжэнню сабекошту прадукцыі, датэрмінова ажыццёўлены пла­ны будаўніча-мантажных работ, рознічнага тавараабароту дзяржаўнага і кааператыўнага гандлю.

У 1957 г. пачаў выпуск прадукцыі Рэчыцкі кераміка-трубны завод. На першым часе маладое прадпрыемства сутыкнулася з пэўнымі цяжкасцямі. Але яны былі пераадолены шляхам удасканальвання тэхналогіі вытворчасці. Выпуск прадукцыі няўхільна павялічваўся, яна паспяхова рэалізоўвалася.

Вялізным попытам карысталася прадукцыя Рэчыцкай верфі. 150-тонныя металічныя баржы і брандвахты з жалезабетоннымі карпусамі адпраўляліся Дняпроўскаму рачному параходству і Крэмянчуггідрабуду.

… Падвядзенне вынікаў работы за 1958 г. супала са святкаваннем 40-годдзя БССР. Усё болыпы прапагандысцкі размах пачаў набываць лозунг «Сямігодку — датэрмінова!». Рэчыцкі раён браўся ў 1959 г. атры­маць на ўсёй плошчы пасеваў у сярэднім па 10 цэнтнераў збожжавых, па 110 — бульбы, ільнасемя і льновалакна — па 4 цэнтнеры з кожнага гектара. Ставілася задача і на 1965 г. — завяршальны ў сямігодцы. Раён павінен быў атрымаць з кожнага гектара пасяўной плошчы па 15 цэнтнераў збожжа­вых, па 150 цэнтнераў бульбы. На 100 гектараў сельгасугоддзяў меркавалася атрымаць 360 цэнтнераў малака, або ў 3 разы больш, чым у 1958 г., і па 80 цэнтнераў мяса — у 5 разоў больш, чым у 1958 г.

Але жыццё зноў пацвердзіла ісціну: цудаў у сельскай гаспадарцы не бывае. Лічбы, не падмацаваныя рэальнымі магчымасцямі, засталіся нявыкананымі.

У кастрычніку 1959 г. дротава-цвіковы завод імя Інтэрнацыянала быў перайменаваны ў метызны завод.

У 1959 г. адбылося ўзбуйненне Рэчыцкага раёна. У яго ўвайшлі Васілевічы і некалькі новых сельсаветаў — Васілевіцкі, Бабіцкі, Дубраўскі, Караваціцкі, Ліскаўскі.

У 1963 г. новую назву — гідролізнадражджавы — атрымаў дубільна-экстрактавы завод імя Варашылава. Тэта было звязана з будаўніцтвам цэха па вытворчасці бялковых кармавых дражджэй.

Па-сапраўднаму вялікай падзеяй стала для Рэчыцы і раёна адкрыццё ў жніўні 1964 г. радовішча нафты.

20 жніўня пры апрабаванні пластоў міжсолевых адкладанняў у інтэрвале 1996 2026 метраў быў атрыманы прамысловы прыток «чорнага золата».

У пачатку 1965 г., згодна з пасгановай ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР, распараджэннем Савета народнай гаспадаркі рэспублікі, быў створаны Рэчыцкі ўзбуйнены нафтапромысел.

29  красавіка кандыдат у члены Палітбюро ЦК КПСС, першы сакратар ЦК КПБ П. М. Машэраў перарэзаў чырвоную стужку, адчыніў засаўку і націскам на кнопку запусціў у работу нафтавую помпу. Першыя тоны беларускай нафты ўліліся ў магістральны нафтаправод «Дружба».

Прамысловыя прадпрыемствы Рэчыцы паспяхова справіліся з асноўнымі заданнямі сямігадовага плана. Толькі за 1965 г. аб’ём дзяржаўных капіталаўкладанняў у цэлым па Рэчыцы павялічыўся ў 3,5 раза. Былі здадзены ў эксплуатацыю адзін 80-кватэрны дом гарсавета і 60-кватэрны — жыллёвага кааператыва, 8 ведамасных дамоў. 123 дамы жыхары Рэчыцы пабудавалі за ўласныя сродкі. Праз дзяржаўны гандаль гараджанам было рэалізавана тавараў на

мільён рублёў, або на 2,6 мільёна рублёў больш, чым у 1964 г.

Пэўныя здабыткі меў раён. Асабліва ў будаўніцтве. Паказчыкі ж урадлівасці далёка не адпавядалі тым лічбам, на якія раён нацэльваўся ў пачатку сямігодкі. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых у 1965 го­дзе склала толькі 10,8 цэнтнера з гектара.

…На працягу 8-ай пяцігодкі прадпры­емствы Рэчыцы ажыццявілі звыш 900 арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў, што дало 1682 тысячы рублёў эканоміі. Было ўстаноўлена 70 паточных і механізаваных ліній, 1242 адзінкі новага абсталявання і мадэрнізаваны 103 адзінкі дзеючага. Датэрмінова ажыццявілі вытворчыя заданні пяцігодкі метызны і гідролізна-дражджавы заводы, фанерна-мэблевы камбінат, хлебакамбінат, ткацкая фабрыка «Чырвоны Кастрычнік», завод керамічных каналізацыйных труб, прамкамбінат, плодаагароднінны завод.

Паскоранымі тэмпамі развівалася новая галіна гаспадаркі — нафтаздабываючая. Калі ў 1965 г. нафты было здабыта 43 тыся­чы тон, то ў завяршальным годзе пяцігодкі — 4300 тысяч тон.

З 30 верасня 1966 г. пачало работу тэхнічнае вучылішча нафтавікоў № 86.

З году ў год узрасталі тэмпы жыллёвага будаўніцтва. Толькі ў 1970 г. у Рэчыцы былі ўведзены ў эксплуатацыю 30 168 квад­ратных метраў жылля. Наваселлі справілі 594 сям’і.

У 1970 г. з кожнага гектара пасяўных плошчаў у раёне было вырашчана па 15 цэнтнераў збожжавых. У саўгасе «Ведрыч» гек­тар даў па 31,2 цэнтнера. Ураджай бульбы склаў 266 цэнтнераў з гектара. На сто гектараў сельгасугоддзяў было атрымана па 180 цэнтнераў мяса і па 800 цэнтнераў малака. Гаспадарка была адзначана Памятным сцягам ЦК КПБ, Савета Міністраў БССР і Белсаўпрофа.

Вялікую дапамогу гаспадаркам раёна аказваў калектыў райаб’яднання «Сельгастэхніка». Пяцігадовы план па ўсіх тэхнікаэканамічных паказчыках аб’яднанне выканала на паўгода раней.

Поспех Рэчыцкага раённага аб’яднання «Сельгастэхніка» быў адзначаны прысуджэннем пераходнага Чырвонага сцяга «Саюзсельгастэхнікі» і ЦК прафсаюза.

… Замацаваць дасягнутае. Такая задача стаяла перад Рэчыцай і раёнам ў 9-ай пяцігодцы (1971 — 1975 гг.). I яна была ажыццёўлена.

Аб’ём прамысловай вытворчасці Рэчыцы вырас на 68,9 працэнта. Быў асвоены выпуск некалькіх дзесяткаў новых вырабаў. Увайшлі ў строй Беларускі газаперапрацоўчы і піваварны заводы, рэканструяваны і ўзведзены новыя цэхі на метызным, гідролізнадражджавым заводах, у вытворчым дрэваапрацоўчым аб’яднанні «Рэчыцадрэў», на льнозаводзе, прамкамбінаце. За кошт дзяржаўных капітальных укладанняў пабудавана звыш 147 тысяч квадратных метраў жылля.

Датэрмінова ажыццяўлялі вытворчыя заданні нафтавікі.

Ураджай збожжавых у раёне наблізіўся да 20 цэнтнераў з гектара, бульбы — да 150 цэнтнераў. Колькасць буйной рагатай жывёлы ўзрасла на 30 працэнтаў, надой ад каровы — на 315 кілаграмаў малака.

Гаспадаркі раёна пабудавалі 36 кароўнікаў, 21 цялятнік, 15 свінарнікаў, 4 збожжасклады, 4 рамонтна-механізаваныя майстэрні, 9 збожжасушыльных комплексаў. Былі ўзведзены 3 клубы, 3 дамы быту, 8 лазняў. Звыш 700 сем’яў вяскоўцаў усяліліся ў новыя кватэры.

…10–12-ая пяцігодкі (1976—1990 гг.) для Рэчыцы і раёна адметны не толькі значнымі вытворчымі дасягненнямі, павышэннем дабрабыту людзей, але і страшэннай бядой — аварыяй на Чарнобыльскай АЭС.

Прамысловасць Рэчыцы, як і раней, няўхільна павялічвала выпуск прадукцыі. Асвойваўся выраб новых тавараў. Наладзіў выпуск прадукцыі завод «Рытм». Хуткімі тэмпамі ішло вытворчае і жыллёвае будаўніцтва.

У 1986 г. горад атрымаў цудоўны Палац культуры і тэхнікі нафтавікоў. Велічная будыніна са шкла, жалеза і бетону, узведзеная ў цэнтры Рэчыцы, не толькі ўпрыгожыла горад, але і стала як бы цэнтрам грамадска-палітычнага і культурнага жыцця. Штогод тут праводзяцца каля 300 масавых мерапрыемстваў, удзельнікамі якіх з’яўляюцца дзесяткі тысяч рэчычан. У Палацы працуюць каля двух дзесяткаў гурткоў і секцый па інтарэсах. Іх наведваюць звыш 500 чалавек.

У пачатку 90-ых гадоў бачылася паспяховае выр’ашэнне жыллёвай праблемы. Будаўніцтва кватэр для сваіх працаўнікоў вялі доследна-прамысловы гідролізны завод, метызны завод, аб’яднанне «Рэчыцадрэў» і г. д.

Ураджайнасць збожжавых у гаспадарках раёна перасягнула мяжу ў 20 цэнтнераў з гектара, бульбы — 160 цэнтнераў. Калектыў племзавода «Ведрыч» паставіў перад сабой задачу атрымаць за год па 5 тысяч кілаграмаў малака ад каровы.

Непазнавальна змянілася аблічча вёсак. I ў першую чаргу такіх, як Ведрыч, Ровенская Слабада, Холмеч, Камсамольск, Вышамір, Баршчоўка, Левашы, Артукі і г. д.

Сотні працаўнікоў гаспадарак раёна мелі магчымасць штогод адпачываць у здраўніцах, санаторыях, дамах адпачынку.

Людзі з упэўненасцю глядзелі ў заў трашні дзень.

Надзеі гэтыя ў многіх перакрэсліла аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Злавесная хмара чарнобыльскага радыеактыўнага бруду прасунулася і над рэчыцкай зямлёй. Даследаванні паказваюць: практычна ўся тэрыторыя Рэчыцкага раёна забруджана радыенуклідамі. Звыш 62 працэнтаў насельніцтва пражывае ў зоне, якая дае права на адсяленне, 33 працэнты — у зоне з перыядычным радыяцыйным кантролем. Найболыпая доля радыенуклідаў прыпадае на цэзій-137 і стронцый-90.

Чарнобыльская бяда не прывяла Рэчыцу і раён да разгубленасці. Была ўведзена ў дзеянне праграма «Здароўе», накіраваная на паляпшэнне ўмоў жыцця і працы людзей. Пракладваўся асфальт, будаваліся водаправоды. Значная работа ажыццяўлялася ў справе наладжвання радыяцыйнага кантролю. 3 мэтай аздараўлення насельніцтва Рэчыца ўзводзіла буйны санаторый-прафілакторый у г. Нальчыку. Працаўнікі горада і раёна мелі магчымасць адпачыць у Крыме, Прыбалтыцы, Грузіі, на базах адпачынку нафтавікоў і г. д. Выдаткі за дастаўку людзей самалётамі на адпачынак у Грузію раён узяў цалкам на сябе.

Школьнікі Рэчыцы і раёна аздараўляліся на Чорным і Азоўскім моры, у Расіі, Малдавіі, на Украіне, у Прыбалтыцы.

За невялікі прамежак часу ў многіх населеных пунктах раёна былі пабудаваны вуліцы прыгожых, сучасных дамоў. Сотні сем’яў з найболын забруджаных раёнаў Гомелынчыны знайшлі ў нас як бы другую радзіму.

Разбурэнне СССР разладзіла эканамічныя сувязі, прывяло да рэзкага падзення вытворчасці, цяжкасцей у збыце прадукцыі і набыцці неабходнага.

Значная доля падзення вытворчасці прыпадае на метызны, доследна-прамысловы гідролізны завод, завод «Рытм», арэнднае вытворча-дрэваапрацоўчае аб’яднанне «Рэчыцадрэў». Але ёсць і станоўчы прыклад. Няўхільна нарошчвае выпуск прадукцыі, якая карыстаецца вялікім попытам у краінах СНД, Рэчыцкі піваварны завод. Толькі ў 1995 г. рэчыцкае піва атрымала некалькі залатых і сярэбраных медалёў на міжнародных конкурсах.

Рэчыца не мае магчымасці ў поўным памеры ажыццяўляць жыллёвую праграму. Але будаўніцтва не спыняецца. Здадзена ў эксплуатацыю прыбудова з басейнам Цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці. Працягваецца работа на ўзвядзенні музычнай школы.

Парасткамі новага сталі прадпрыемствы з недзяржаўнай формай уласнасці. 1х у Рэ­чыцы звыш 150. Кааператыў «Гідратэхнік» займаецца берагаўмацаваннем Дняпра. Кааператыў «Беларусь» узводзіць рамонтна-механічныя майстэрні, падстанцыю, базу ад­пачынку арэнднага вытворча-дрэваапрацоўчага аб’яднання «Рэчыцадрэў», дамоў для перасяленцаў. Радыелагічную лабараторыю, павільёны для свідравін водазабора, памяшканне падатковай інспекцыі і шэраг іншых аб’ектаў будуе кааператыўнае прад­прыемства «У сход».

Адчуваючы паўсядзённыя цяжкасці, прэс цэнаў, Рэчыца і раён змушаны перагледзець і ушчыльняць праграмы, накіраваныя непасрэдна да чалавека. Давялося адмовіцца ад будаўніцтва санаторыяў і дамоў адпачынку па-за межамі рэспублікі. Але нават у гэтых умовах не дала збою праграма «Здароўе» ў дачыненні дзяцей. Школьнікі Рэчыцы і раёна рэгулярна аздараўляюцца ў чыстых ад радыяцыі раёнах СНД і рэспублікі, забяспечаны гарачым харчаваннем.

Ва ўмовах нестабільнасці эканомікі і сельскагаспадарчай вытворчасці супрацоўніцтва паміж Рэчыцай і гаспадаркамі раёна набывае новыя формы. Горад прыняў удзел у фінансаванні будаўніцтва ў раёне аб’ек-s таў мясаперапрацоўкі і садавінасховішча. 3 калгасам «Савецкая Беларусь», які мае свінагадоўчы комплекс на 24 тысячы галоў, і з саўгасам-садам «Іскра» заключаны дагаворы аб долевым удзеле ў маёмасці. Інакш кажучы, частка прадукцыі гаспадарак рэалізоўваецца ў Рэчыцы.

Ажыццёўлена вялікая работа па надзяленні рэчычан участкамі ў сістэме садоваагародніцкіх таварыстваў. 3 мэтай вырашэння гэтага пытання прадпрыемствы выйшлі на прамыя сувязі з гаспадаркамі раёна. Створаны каля 50 садова-агародніцкіх таварыстваў, пад якія адведзены звыш 200 гектараў зямлі.

Насельніцтва Рэчыцы мае магчымасць праз гаспадаркі раёна набываць насенне, пладова-ягадныя дрэўцы і кустарнікі, арга нічныя ўгнаенні, парасят і г. д.

…Для прамысловасці Рэчыцы 1996 г. стаў адметным не толькі спадам вытворчасці, але і пэўным ростам. Пачынаючы з верасня мае месца яе дадатная дынаміка. Калі ў 1995 г. спад вытворчасці дапусцілі 10 прадпрыемстваў з наяўных 14, то ў 1996 г. — толькі 4. Увогуле, рост аб’ёму прамысловай вытворчасці супраць запланаванага склаў 106,2 працэнта. Значны ўплыў на стабілізацыю эканамічнай сітуацыі горада аказалі заводы: піваварны выпуск прадукцыі ў гіа раўнанні з 1995 г. павялічыў на 25,5 працэн­та; масларобчы — на 10,3; «Рэчыцкая кераміка» — на 28,3; метызны — на 7,4; «Тэрмапласт» — на 20,7. Рост на ткацкім і дрэваапрацоўчым аб’яднаннях склаў адпаведна 15,1 і 9,3 працэнта, а на прадпрыемстве «Рэчыцанафтамаш» — 6,2. Без адставання 1996 г. завяршыў і калектыў гідролізнага завода.

Значна палепшылася становішча з рэалізацыяй гатовай прадукцыі. У параўнанні з годам папярэднім яе было рэалізавана болып чым у 1,5 раза. На 14,2 працэнта ўзрасла прадукцыйнасць працы.

Прадпрыемствы горада настойліва працавалі над асваеннем новых відаў прадукцыі. Няспынна абнаўлялі асартымент заво­ды «Рэчыцкая кераміка», «Тэрмапласт», вінаробчы, піваварны і метызны, дрэваапрацоўчае аб’яднанне. За год былі асвоены 28 вырабаў з керамікі, парнікі зборныя, два новыя віды піва, пяць відаў малочнай прадукцыі, 17 найменняў метызаў, 56 малюнкаў вырабаў ткацтва, звыш 30 відаў мэблі, плітка керамічная неглазураваная і г. д.

Нягледзячы на недахоп фінансавых сродкаў, шэраг прадпрыемстваў Рэчыцы ажыццяўлялі мадэрнізацыю дзеючага абсталявання і ўстаноўку новага. Дрэваапрацоўчае аб’яднанне выканала значны аб’ём работ па ўводу ў дзеянне новай мэблевай фабрыкі вытворчай плошчай 10 тысяч м2, замяніла значную колькасць абсталявання, зманціравала новую энергазберагаючую аспірацыённа-фільтравальную ўстаноўку. На вінаробчым заводзе працягваліся работы па стварэнні ўчастка перапрацоўкі садавіны і ягад. Вялікі аб’ём работ па тэхнічнаму пераўзбраенню вытворчасці быў выкананы на камбінаце будаўнічых матэрыялаў. На метызным заводзе былі ўстаноўлены 13 новых станкоў і механізмаў, рэканструявана памяшканне нейтралізацыі, пабудаваны склад-модуль і тэрмічнае аддзяленне, зманціравана ўстаноўка для атрымання меднага купарвасу.

Прамысловасць горада няўхільна нарошчвала выпуск экспартнай прадукцыі. Найболыпага плёну дасягнулі калектывы метызнага, піваварнага, доследна-прамысловага гідролізнага заводаў, аб’яднання «Рэчыцадрэў». На экспарт у краіны СНД і далёкага замежжа ў 1996 г. было аднраўлена звыш 7 тысяч тон цвікоў і крапёжных вырабаў, 119 тон кармавых дражджэй, 862 м3 фанеры, амаль 300 тысяч дэкалітраў піва, нафтапрамысловае абсталяванне на суму ў 5 мільёнаў 635 тысяч долараў.

Новы крок наперад прамысловасць Рэ­чыцы зрабіла ў 1997 г. У параўнанні з годам папярэднім рост аб’ёмаў выпуску прадукцыі склаў 107 працэнтаў, у тым ліку тавараў народнага спажывання — 106 працэнтаў. Ра­зам з тым значна павялічыўся выпуск шэрага важнейшых відаў вырабаў. Аб’ём экспарту ўзрос болып чым на 15 працэнтаў.

Пазітыўныя зрухі ў павышэнні эфектыўнасці вытворчасці і адаптацыі яе да рыначных умоў дасягнуты і працаўнікамі Рэ­чыцкага раёна. Так, валавая вытворчасць збожжа ў параўнанні з папярэднім годам узрасла на 23 працэнты, ураджайнасць вырасла на 4,7 цэнтнера з гектара. Найбольшага ж плёну дасягнуў калектыў саўгаса «X гадоў Кастрычніка» (дырэктар В. В. Хлебін), дзе з кожнага гектара пасяўных плошчаў сабрана ў сярэднім па 40,9 цэнтнера збож­жа. Гаспадарка стала не толькі пераможцам раённага спаборніцтва, але і заняла другое месца ў спаборніцтве рэспубліканскім.

Земляробы калгаса «Савецкая Бела­русь» дамагліся высокага ўраджаю бульбы. Кожны гектар, заняты «другім хлебам», даў па 250 цэнтнераў клубняў. Выдатна працаваў і калектыў свінагадоўчага комплексу гаспадаркі. За год атрымана больш трох тысяч тон высакаякаснай свініны, або каля 40 працэнтаў мяса, што рэалізавана калгасамі і дзяржгасамі раёна ў 1997 г.

Пераможцам рэспубліканскага конкурсу за найболын эфектыўную дапамогу працаўнікам вёскі, аб’яўленага газетай «Белорус­ская нива», стала адкрытае акцыянернае таварыства «Рэчыцкая сельгастэхніка» (дырэк­тар А. М. Мацкевіч). За кошт павелічэння выпуску новых дэталяў да збожжаўборачных камбайнаў рост таварнай прадукцыі да ўзроўню 1996 г. склаў тут 210 працэнтаў. Калектыў таварыства забяспечыў неабходнымі дэталямі не толькі гаспадаркі Рэчыцка­га раёна, але і вобласці.

Важнай падзеяй у культурным жыцці Рэчыцы стала адкрыццё помніка знакамітаму рэчычаніну М. В. Доўнар-Запольскаму. У ліпені ў горадзе прайшла і міжнародная навуковая канферэнцыя «Жыццё і дзейнасць М. В. Доўнар-Запольскага», прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння выдатнага гісторыка і грамадскага дзеяча. Ініцыятарамі яе правядзення сталі Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны, Рэчыцкі гарвыканкам і часопіс «Палессе». Паспяховае правядзенне мерапрыемства ста­ла магчымым дзякуючы фінансавай падтрымцы не толькі Рэчыцкага гарвыканкама, але і вытворчага аб’яднання «Беларусьнафта», прадпрыемства па транспартыроўцы нафты «Дружба».

Рэчыцкая зямля ганарыцца Героямі Савецкага Саюза — Андрэем Якаўлевічам Варанчуком, Анатолем Фёдаравічам Дзюбко, Анатолем Якаўлевічам Каваленкам, Уладзімірам Рыгоравічам Масальскім; поўнымі кавалерамі ордэна салдацкай Славы Аляксандрам Карпавічам Васільевым і Аляксандрам Яісаўлевічам Кастрамой; Героямі Сацыялістычнай Працы — Уладзімірам ДаHi лавічам Юрчанкам, Сцяпанам Дзмітрыевічам Фешчанкам, Кацярынай Апанасаўнай Мятлушка, Еўдакіяй Арцёмаўнай Кухаравай, Пятром Іванавічам Жагловым, Іванам Уласавічам Кулешам, Піліпам Сямёнавічам Горбачам, Іванам Рыгоравічам Пырко; перадавікамі вытворчасці, адзначанымі ордэнам Леніна, Дзяржаўнымі прэміямі, іншымі высокімі ўзнагародамі; заслужанымі настаўнікамі, урачамі, меліяратарамі, энергетыкамі; славутымі вучонымі і навукоўцамі, пісьменнікамі і мастакамі, артыстамі і спартсменамі, трэнерамі (даныя ў асобнай падборцы матэрыялаў).

У самыя змрочныя часіны нашы землякі не развіталіся з песняй. Яна дапамагала ў барацьбе з ворагам, адбудоўваць знішчанае вайной, крочыць да лепшай долі. Так яно і зараз. Творчасць Азершчынскага народнага хору, рэчыцкіх народных і лепшых раённых самадзейных калектываў — яскравае сведчанне, што і цяперашнія нягоды будуць пераадолены і рэчыцкая зямля ста­не прыгажэйшай, чым дагэтуль.

Рэчычане і жыхары раёна ўшаноўваюць памяць аб мінулым. Заўсёды людна на добраўпарадкаваным рэчыцкім гарадзішчы. Восенню 1995 г. на месцы правядзення богаслужэння (красавік 1910 г.) у гонар Ефрасінні Полацкай, пры перавозцы мошчаў святой з Кіева на радзіму, узведзена велічная капліца, аўтар праекта якой — выдатны беларускі мастак, наш зямляк Эдуард Канстанцінавіч Агуновіч.

Не згасне памяць пра тых, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, у падполлі і ў партызанах, мірнае насельніцтва, пра хлопцаў-землякоў, якім наканавана было загінуць у Афганістане і Сірыі (даныя ў асобнай падборцы матэрыялаў). Матэрыялы пра іх у Рэчыцкім краязнаўчым музеі, музеі вёскі Ровенская Слабада, у шматлікіх школьных музеях горада і раёна. Дзеля ўшанавання іх, а разам з гым і ўсіх, хто жыў, змагаўся і пакутаваў на рэчыцкай зямлі, і пісалася кніга «Памяць».

Аўтары: Ул. Кунцэвіч, А. Рабянок, П. Рабянок
Крыніца: Памяць. Рэчыцкі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі: у 2-х кнігах / [уклад.: П.П. Рабянок]. – Мiнск: Белта, 1998. Ст. 224-231.