З’ява аманіміі ў айканіміі Гомельшчыны

0
350
З’ява аманіміі ў айканіміі Гомельшчыны

Пад тэрмінам тапанімія мы разумеем сукупнасць гідронімаў, айконімаў, урбанонімаў, мікратапонімаў, харонімаў. У апошнія гады ўсё большую ўвагу лінгвістаў прыцягвае да сябе рэгіянальная тапанімія, якая ўяўляе сабою складаную сістэму з разнастайнымі ўнутрысістэмнымі адносінамі.

Паняцце “аманімія” ўключае гукавое супадзенне адзінак, што адрозніваюцца значэннем. Супадаць могуць як адзінкі нізкага (марфемы), сярэдняга (словы), так і высокага (словазлучэнні як сінтаксічныя канструкцыі, сказы) узроўню.

Сярод адзінак нізкага ўзроўню адзначаюцца выпадкі супадзення ўсіх відаў марфем: падводнік, водны (‘звязаны з вадой’) – праводчык (‘пракладванне нечага’), тут (від дрэва) – тут (прыслоўе са значэннем месца) (каранёвыя), цымбаліст (значэнне асобы) – лясісты (прыкмета), цаліна (‘некранутая, але прыгодная для апрацоўкі зямля’) – удовін (значэнне прыналежнасці) (суфіксы), бягу (абвесны лад, 1 асоба, адз. лік) – сталу ( м. род, адз. лік, Д. скл.) (канчаткі), нізка (канчатак у назоўніку) – нізка (прысл., суфікс), прарэктар ‘намеснік рэктара’ і прамова ‘публічнае выступленне’ (прэфіксы).

Аднак больш прадуктыўна выяўляецца аманімія сярод слоў: аўсянка ‘аўсяныя крупы, каша з іх, мука з аўса’ і аўсянка ‘пеўчая птушка з атрада вераб’іных’ [6, с. 33–36], вусны ‘губы, рот’ і вусны ‘які вымаўляецца, не пісьмовы’ [6, с. 72], гасцінец ‘дарога’ і гасцінец ‘рэч, ласунак’ [6, с. 94].

У апелятыўнай лексіцы з’яве аманіміі адводзіцца належнае месца. Гэтым пытаннем найбольш грунтоўна займаўся В. П. Красней, які выявіў прычыны яе ўзнікнення. Ім вызначаны таксама такія тыпы амонімаў, як лексічныя, фанетычныя, марфалагічныя, графічныя, міжмоўныя і іх характарыстыкі [3, с. 31].

Аманімія ўласціва і сінтаксісу (словазлучэнням, сказам). Словазлучэнне, напрыклад, чытаць выразна надрукаваныя радкі можна разумець наступным чынам: 1) ‘выразна чытаць надрукаваныя радкі’ і 2) ‘чытаць радкі, надрукаваныя выразна’, а сказ Яму трэба пазваніць – 1) ‘званіць будзе ён сам’ і 2) ‘яму будуць званіць’. Сінтаксічная аманімія дэталёва вывучалася А. Я. Міхневічам [3, с. 31].

З’ява аманіміі займае значнае месца і ў тапанімічнай прасторы на дыяхронным і сінхронным зрэзах існавання ўласных найменняў (яе можна пазначыць у шырокім сэнсе як тапанімічная аманімія) і ўжо была аб’ектам вывучэння асобных тапанімістаў. Напрыклад, на ІХ Міжнародным анамастычным кангрэсе гэтая праблема займала цэнтральнае месца. Мы можам узгадаць і работы В. Д. Беленькай, у якіх аўтар вывучала тапанімію Англіі, ЗША і Аўстраліі і ў якіх па прычыне спецыфічнасці рэгіёнаў даследчыца “выйшла” на яе [4, 5]. Пытанню тапанімічнай аманіміі ў Аўстраліі быў прысвечаны даклад Д. С. Райана “Храналогія аўстралійскіх тапонімаў” [4, с. 13]. Ва ўкраінскай тапаніміі праблема аманіміі аналізуецца Ю. А. Карпенкам [4 с. 6], у расійскай – працяглы час была адным з накірункаў даследавання тапанімістаў на чале з В. С. Ахманавай [4, с. 3–4]. На жаль, працы такога характару ў беларускай тапаніміі адсутнічаюць, таму мэтай дадзенага артыкула з’яўляецца даследаванне аманіміі ў беларускай тапанімічнай прасторы. Базай фактычнага матэрыялу паслужылі айконімы Гомельшчыны.

Фактычны матэрыял дазваляе заўважыць, што розныя геаграфічныя аб’екты могуць рэгулярна супадаць у сучаснай мове ў плане выражэння. Можна дакладна канстатаваць, што аманімія ўласных імён прынцыпова адрозніваецца ад аманіміі імён агульных. Асноўным крытэрыем размежавання амонімаў у апелятыўнай лексіцы з’яўляецца наяўнасць розных значэнняў аднаго і таго ж слова, якія супадаюць па знешняй форме, але маюць несумяшчальныя значэнні, г. зн. пад увагу бярэцца характар лексіка-семантычных значэнняў, заснаваных на сукупнасці канкрэтна лексічных значэнняў, уласцівых агульным словам [5, с. 68].

Іншая сітуацыя выяўляецца ў тапаніміі. Агляд сучаснага стану сістэмы ўласных назваў сведчыць аб тым, што тапанімічная аманімія ў параўнанні з апелятыўнай мае сваю спецыфіку. Функцыянаванне онімаў ажыццяўляецца незалежна ад пачатковай семантыкі іх матывавальных асноў, таму “асабліва важным аспектам становіцца не сігніфікацыя, а намінацыя, г. зн. тое значэнне, якое тапонім набывае падчас непасрэднага суаднясення з геаграфічным аб’ектам” [5, с. 68–69]. Такім чынам, тапанімічная аманімія развілася ў асноўным у сувязі з тэндэнцыяй называць геаграфічныя аб’екты аднолькавымі імёнамі, вядомымі мясцоваму насельніцтву. Пры гэтым пераносе першапачатковая семантыка назваў неістотная, а вось канатацыі, што развіваюцца, набываюць першараднае значэнне. Дыферэнцыяцыя амонімаў адбываецца на аснове несумяшчальнасці адрасна-ўказальных значэнняў. У выніку атрымліваецца, што назвы, этымалагічнае значэнне якіх ідэнтычнае, маюць неаднолькавае тапанімічнае значэнне, указваючы на розныя аб’екты, а гэта галоўнае для іх успрыняцця і функцыянавання. Шляхі ўтварэння тапанімічнай аманіміі абумоўлены ў цэлым прычынамі гісторыка-геаграфічнага характару.

Спецыфічнасць тапанімічнай аманіміі ў параўнанні з апелятывамі выяўляецца і ў звужэнні тыпаў амонімаў. Вылучаюцца тры тыпы: міжвідавая і ўнутрывідавая аманімія, аманімія паміж апелятывамі і онімамі. Першыя два тыпы ўжо разглядаліся намі.

Агляд сучаснага стану сістэмы назваў Гомельшчыны сведчыць, што ў тапаніміі распаўсюджана і аманімія паміж апелятывамі і онімамі. Узнікла з’ява ў дыяхраніі як фактар свядомага пераасэнсавання значэння апелятываў, да якіх этымалагічна ўзыходзяць тапонімы. Такое ўтварэнне онімаў пазначаецца тэрмінам анімізацыя. У сучаснай мове яны таксама не адрозніваюцца ў плане выражэння, але тапонімы маюць уласна тапанімічны план – адрасна-ўказальны. Носьбітамі мовы для пераасэнсавання былі выбраны лексемы, якія выражаюць і ўспрымаюцца як найбольш канкрэтныя і выразныя сродкі абазначэння аб’ектаў. Фактычны матэрыял дазваляе вылучыць наступныя прадуктыўныя групы такіх амонімаў: назвы, у аснове якіх знаходзяцца:

а) асаблівасці ландшафту і тапаграфіі: азёрны → п. Азёрны (Жытк.), алёс → в. Алёс (Добр., цяпер ні існуе), п. Алёс (Чач.), астравы → вв. Астравы (Гом., Л.), брод → п. Брод (Раг.), востраў (прадуктыўна) → в. Востраў (Е.), гара → п. і в. Гара (Б.-К., К.), града → в. Града (Жытк.), даліна → в. Даліна (Жл.), дунай (‘часовы вадаём’) → п. і в. Дунай (Б.-К., Рэч.), канава → в. Канава (Раг.), курган → п. Курган (Жл.), паляна → п. Паляна (Гом.), стэп → п. Стэп (Добр.), халмы → п. Халмы (Гом.);

б) геабатанічныя тэрміны: бор, барок → в. Бор (Карм.), п. Барок (Гом.), бук → п.і в. Бук (Гом., Нар.), гаёк → п. Гаёк (Чач.), дубнякі → в. Дубнякі (К.), дубрава (дуброва, прадуктыўна ) → в. Дубрава (Дуброва) (Жл.), в. Дуброва (Е.), елкі → в. Елкі (Раг.), лясок, ляскі → в. Лясок (Хойн.), в. Ляскі (К.), пушча → п. Пушча (Б.-К.), хвойка, хвойнае → в. Хвойка (Жытк.), в. Хвойнае (Хойн.), чарот (чараты) → п. Чарот (Б.-К.), п. Чараты (Б.-К.), ясакар → п. Ясакар (Б.-К.), ясень, ясяні → в. Ясень (Карм.), в. Ясяні (Браг.);

в) тэрміны, што адносяцца да пабудоў і тыпаў пасялення: буда (прадуктыўна) → вв. Буда (Акц., Жытк., Раг.), вугал, вуглы ‘тып паселішча без вуліцы, калі двары рэдка параскіданы’ [Яшк., с. 38] → п. Вугал (Гом., зніклы), вв. Вуглы (Акц., Браг., К., Нар., Раг.), гарадок → в. Гарадок (Браг.), гута (прадуктыўна) → вв. Гута (Ветк., Нар.), дварэц → вв. Дварэц (Раг., Рэч.), ёўня → п. Ёўня (Раг.), курані → в. Курані (Рэч., знікла), маёнтак → в. і п. Маёнтак (Нар., Раг., зніклыя), пагост → в. Пагост (Жытк.), хаткі (ад хата) → в. Хаткі (Л.), хутар → п. Хутар (Гом.);

г) тэрміны, якія абазначаюць меры, дарогі, межы, участкі зямлі і іх форму: валокі→ в. Валокі (Раг.), гаць → в. Гаць (Акц.), клін ‘участак зямлі ў форме трохвугольніка’ → п. Клін (Гом., зніклы), (маргі (ад морг) → в. і хут. Маргі (Св., зніклыя), межы → п. Межы (Гом.), рубеж → пп. і в. Рубеж (Гом., Жл., Лельч.);

д) назвы, што паказваюць на месцазнаходжанне аб’ектаў: аколіца ‘ускраіна, канец вёскі’ → п. Аколіца (Рэч.), вярхі (у вярхоўі адносна іншага аб’екта) → в. Вярхі (Ельск.), куты (на вуглу адносна ч.-небудзь) → пп. Куты (Ветк., Гом.);

е) назвы фауны: бабры → хут. Бабры (Рэч.), барсукі → вв. і п. Барсукі (Карм., Раг., Чач.), муравей → п. Муравей (Б.-К.), мядзведзіца → п. Мядзведзіца (Гом.), сом → в. Сом (Лельч.).

Прыведзеныя словы ў групах, апісваючы ў асноўным асаблівасці мясцовасці або населеных пунктаў, маюць дэскрыптыўны характар. Аманімія, як бачна, з’явілася ў выніку непасрэднага выкарыстання наменклатурных тэрмінаў. У выпадку ж, калі матыватарамі выступаюць назвы раслін і жывёл, часта цяжка размежаваць імя ўласнае і агульнае. Магчыма, на першай ступені яны ўтваралі імёны, якія затым сталі другаснай намінацыяй для айконімаў, але на сучасным этапе мяжа ва ўспрыняцці іх насельніцтвам можа знікнуць поўнасцю.

З’ява аманіміі сярод апелятываў і айконімаў атрымала працяг і ў сінхраніі. У гэты перыяд найменні ствараюцца на грамадска-гістарычнай аснове. Новыя назвы адлюстроўваюць усе бакі матэрыяльнага, грамадскага і культурнага жыцця сучаснага насельніцтва. Узнік новы семантычны тып матывацыі – мемарыяльныя онімы. Выбар значэння слова як утваральнай базы падчас стварэння новай назвы становіцца важным фактарам нароўні з іх гучаннем. Для абазначэння  былі выбраны лексемы ідэалагічнага характару або эмацыянальна афарбаваныя, што маюць сацыяльнае накіраванне (экстралінгвістычны фактар). Тэндэнцыя да павышэння экспрэсіўнасці і ідэалагічнай нагрузкі асабліва праяўляецца ў назвах дробных населеных пунктаў або ў перайменаваных. У групу такіх онімаў уваходзяць спецыяльна падабраныя словы-апелятывы са станоўчай канатацыяй. Гэта і назвы накірункаў свету: мясц. васток, васход → пп. Васток (Гом. двойчы, Рэч.), пп. і в. Васход (Б.-К., Чач., Л.); назвы фауны: арол → пп. Арол (Л., Рэч.), сокал → п. Сокал (Рэч.); назвы асоб: баец → п. і в. Баец (Б.-К., К.), барэц → пп. Барэц (прадуктыўна), будаўнік → п. Будаўнік (Хойн.), бязбожнік → п. Бязбожнік (Чач.), мясц. пабядзіцель → пп. Пабядзіцель (Б.-К., Л.), мясц. пахар → пп. Пахар (двойчы Раг.), перадавік → п. Перадавік (Чач.), піянер → п. Піянер (Гом.). Але найбольшую прадуктыўнасць са станоўчай канатацыяй у даследаваным рэгіёне атрымалі наступныя агульныя імёны: авангард → в. Авангард (К.), руск. акцябрАкцябр (прадуктыўна), руск. барба → в. Барба (Ветк.), дружба → п. і в. Дружба (Маз., Раг.), зара, зорка → п. Зара, в. Зорка (Б.-К.), зарніца → п. Зарніца (Гом.), знамя → в. Знамя (Добр.), іскра → вв. Іскра (Св., Чач.), молат і серп → вв. Молат, Серп (Петр.), памяць→ п. Памяць (Ветк.), пабеда, перамога (прадуктыўна) → в. Пабеда (Нар.), п. Перамога (Гом.), прагрэс → п. і в. Прагрэс (Л., Чач.), праўда → п. Праўда (Карм.), савет → п. Савет (Б.-К.), свабода → п. і в. Свабода (Ветк., Петр.), слава → п. Слава (Л.), труд → в. Труд (Карм.), факел → в. Факел (Б.-К.).

Да гэтай групы адносяцца і назвы, утвораныя ад невытворных і вытворных якасных прыметнікаў: бодры → п. Бодры (Л.), верны → п. Верны (Жл.), вольны → п. Вольны (Б.-К.), вясёлы → пп. Вясёлы (Жл., Рэч.), мірнае, мірная, мірны → в. Мірнае (Лельч.), в. Мірная (Раг.), п. Мірны (Гом.), перадавы → п. Перадавы (Маз.), светлы → пп. Светлы (Б.-К., Добр.), ударнае → в. Ударнае (Лельч.), руск. уютны → п. Уютны (Б.-К., Ветк.), чырвонае → п. Чырвонае (Жытк.), юбілейны → п. Юбілейны (Гом.), юны → п. Юны (Чач.). З пералічаных якасных прыметнікаў лексема чырвоны і руск. красны ўжыта адпаведна 17 і 19 разоў у складзе састаўных назваў тыпу пп. Чырвонае Знамя, Чырвоны Акцябр (Б.-К.), в. Чырвоная Кветка (Рэч.), п. Красны Маяк (Гом.), п. Красны Свет (Б.-К.). Многія з іх маюць варыянты: п. Красны БагатырЧырвоны Багатыр (Гом.), п. Красны ПахарЧырвоны Пахар (Ветк.) і інш.

Такім чынам, аманімія сярод апелятываў і онімаў назіраецца як у дыяхраніі, так і ў сінхраніі. Унутраная форма тапонімаў у гісторыі арыентуе на выяўленне гістарычнай геаграфіі рэгіёна, умоў грамадскага і эканамічнага жыцця тагачасных носьбітаў. Сучасныя ж тапанімічныя мадэлі адлюстроўваюць розныя бакі грамадскага і культурнага жыцця нашага насельніцтва ў паслярэвалюцыйны перыяд.

Літаратура

  1. Багамольнікава, Н.А. Айканімія Гомельшчыны: Слоўнік / Н. А. Багамольнікава, А. А.  Станкевіч; навук. рэд. В. П. Лемцюгова. – Гомель: УА “ГДУ імя Ф. Скарыны”, 2003. – 392 с.
  2. Багамольнікава, Н. А. Тапанімія Гомельшчыны: структурна-семантычная характарыстыка: манаграфія / Н. А. Багамольнікава; навук. рэд. А. А. Станкевіч; М-ва адукацыі РБ, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. – Гомель: УА “ГДУ імя Ф. Скарыны”, 2008. – 242 с.
  3. Беларуская мова: Энцыклапедыя: Бел. Энцыкл. / пад рэд. А. Я. Міхневіча; рэдкал. Б. І. Сачанка (гал.рэд.) [і інш.]. – Мінск: БелЭн, 1994.
  4. Беленькая, В. Д. Топонимы в составе лексической системы языка / В. Д. Беленькая. – М.: МГУ, 1969. – 166 с.
  5. Беленькая, В. Д. Очерки англоязычной топонимики / В. Д. Беленькая. – М.: Высш. школа, 1977. – 227 с.
  6. Гамеза, Л. М. Комплексны лексічны слоўнік беларускай мовы (сінонімы, антонімы, амонімы, паронімы) / Л. М. Гамеза. – Мінск: ТетраСистемс, 2008. – 304 с.

Спіс умоўных скарачэнняў

Акц. – Акцябрскі раён, Браг. – Брагінскі раён, Б.-К. – Буда-Кашалёўскі раён, в. – вёска, Ветк. – Веткаўскі раён, Гом. – Гомельскі раён, Добр. – Добрушскі раён, Е. – Ельскі раён, Жл. – Жлобінскі раён, Жытк. – Жыткавіцкі раён, К. – Калінкавіцкі раён, Карм. – Кармянскі раён, Лельч. – Лельчыцкі раён, Л. – Лоеўскі раён, Нар. – Нараўлянскі раён, п. – пасёлак, Петр. – Петрыкаўскі раён, Рэч. – Рэчыцкі раён, Св. – Светлагорскі раён, Хойн. – Хойніцкі раён, хут. – хутар, Чач. – Чачэрскі раён.

Аўтар: Н.А. Багамольнікава
Крыніца: Надзённыя праблемы лексікалогіі і анамастыкі славянскіх моў: матэрыялы II Міжнароднай навуковай канферэнцыі: г. Мазыр, 22-23 красавіка 2010 года / Васіль Шур, МДПУ імя І. П. Шамякіна, 2010.