Бальшавікі дэкларавалі пабудову дзяржавы, заснаванай на класавых прынцыпах, паводле якіх рухавіком прагрэсу з’яўляўся найперш рабочы клас, а таксама, з пэўнымі агаворкамі, сялянства. Беларуская ССР згодна з яе Канстытуцыяй 1927 г. з’яўлялася сацыялістычнай дзяржавай дыктатуры пралетарыяту, якое ажыццяўляе свае задачы на грунце саюза рабочых і сялян. “В целях подавления буржуазии, уничтожения эксплоатации человека человеком и осуществления коммунизма” выбарачага права пазбаўляліся розныя эксплуататарскія і іншыя чужынскія элементы – асобы, якія выкарыстоўвалі наёмную працу дзеля прыбытку, асобы, што жылі на непрацоўны даход (напр., працэнт з капіталу), прыватныя гандляры, святары і манахі, службоўцы і агенты царскай паліцыі і г.д.
І хаця ў рэальнасці дыктатура пралетарыяту, чым дальш, тым больш рабілася “шырмавым тэрмінам” (азначэнне гомельскага мемуарыста Яўгена Акімавіча Ткача) і падмянялася дыктатурай адной партыі, бальшавіцкае кіраўніцтва падкідвала грамадству чарговую цацанку, якім быў тэзіс пра нарастанне класавай барацьбы па меры пабудовы ў краіне сацыялізму. Сэнс тэзісу заключаўся ў тым, што нібыта унутраныя і вонкавыя ворагі сацыялістычнага будаўніцтва не спяць у шапку, а калі і спяць, то мараць толькі пра адно – уставіць палкі ў колы на шляху да перамогі сацыялізму. Паралельна разгортвалася культурная рэвалюцыя з насаджэннем марксісцка-ленінскай ідэалогіі, атэістычнай у сваёй аснове, адбывалася калектывізацыя вёскі з раскулачваннем заможных сялян. І прасоўванне тэзісу аб нарастанні класавай барацьбы, і ажыццяўленне радыкальных пераўтварэнняў у галіне культуры, і калектывізацыя патрабавалі адмысловай атмасферы – атмасферы пошуку ворагаў гэтых працэсаў.
Адпаведная выкрывальніцкая прапагандысцкая кампанія, што разгарнулася на мяжы 1920-1930-х гг., сваім вынікам мела першую хвалю рэпрэсій. Адным са складнікаў гэтай кампаніі быў выпуск спецыфічных па сваім змесце выданняў, аўтары якіх грамілі недапушчальныя з афіцыйнага гледзішча праявы ў жыцці савецкага грамадства. У якасці прыклада мне хацелася б з вамі падзяліцца асобнымі пасажамі, датычнымі Гомеля, з прапагандысцкай кнігі К. Аўсяннікава “Классовая борьба в высшей школе и задачи комсомола” (Масква, 1931 г.).
У рэдакцыйнай прадмове падкрэслівалася важнасць і своечасовасць такой кнігі, якая ў “период развернутого социалистического наступления” раскрывае для чытача “картину состояния классовой борьбы в вузах по всему Советскому Союзу в ее разнообразных формах, начиная от трусливой критики отдельных моментов социалистического строительства и кончая пропагандой с кафедры вуза теорий реставрации капитализма”. Сам жа аўтар, пачаўшы ўводзін з дыфірамбаў сацыялістычнаму будаўніцтву, адразу адзначыў, што небяспека для сацыялізму сыходзіць з боку зласлівай буржуазіі ўсяго свету, якая абапіраецца “на социал-фашизм” і бласлаўляецца “«божественной рукой»” папы рымскага. А да таго часу, пакуль не загучалі гарматныя кананады вырашальных класавых бітваў, варта зірнуць на ўнутраны фронт, у т.л. і на выхаванне моладзі, каб “суметь воспитать новые кадры бойцов на политическом, хозяйственном, культурном и других участках нашего строительства в духе непримиримой классовой борьбы”.
З “добросовестно подобранного фактического материала” (хутчэй за ўсё, са зводак органаў унутраных справаў аб настроях у розных навучальных установах СССР) вынікала, што класавай свядомасці, як і класавай пільнасці, не ставала і выкладчыкам, і навучэнцам. Аўсяннікаў між іншага абрынуўся на выкладчыкаў Гомельскага педагагічнага тэхнікума. У прыватнасці, варожай праявай ён лічыў тое, як “учительница Васильева” тлумачыла сваім падапечным структуру савецкай улады: “Все советское общество разделяется на два класса: «объедающие» – это рабочие, и «голодающие» – это буржуазия”. Частка яе калег, “спекулируя на трудностях”, дазвалялі сабе хваласпевы дарэвалюцыйнаму жыццю і тужлівыя ўздыханні па мінулым часе: “Раньше пойдешь в магазины, тут тебе и сыр с ноздречкой и слезкой, заграничные вина, а теперь этого нет”. Цікава, што падобнае проціпастаўленне колішніх і новых часоў можна знайсці ў бальшавіцкай агітацыйнай п’есе “Наши паразиты”, дзе адзін з персанажаў – домаўладальнік – як прадстаўнік эксплуататарскага класа выконвае адпаведнага зместу песню:
Рестораны все открыты,
Чистой публикой набиты.
Гомель, Гомель, славный Гомель!
Входишь в ресторан с фасоном
И попьешь чайку там с ромом.
Гомель, Гомель, милый Гомель! […]
А теперь вся жизнь пропала,
Развлечений уж не стало.
Гомель, Гомель, бедный Гомель! […]
Ах, куда ушла ты жизнь,
Погубил нас большевизм!
Гомель, Гомель, милый Гомель!
Як бачым, лейтматыў настальгіі па царскіх часах бальшавікі ведалі і выкрывалі яшчэ ў пачатку 1920-х гг.
Кожны, хто дазваляў сабе падобнага кшталту выказванні, аўтаматычна запісваліся ў ворагі і лічыліся рэакцыянерамі, якія не грэбавалі магчымасцямі згуляць на настроях “наиболее отсталой части студенчества”, каб праз яе паўплываць “на неустойчивые элементы в рядах партии и комсомола”. Згадаўшы ў чарговы раз Гомельскі педтэхнікум, Аўсяннікаў звярнуў увагу на тое, што “враг непрочь воспользоваться и национальными чувствами” навучэнцаў. Тамтэйшы “преподаватель Коршук” вывесіў лозунг: “Да здравствует свободная Белорусь!”, а таксама вёў агітацыю сярод настаўнікаў беларускай мовы аб патрэбе аб’яднання дзеля агульнае працы: “Иначе нас задушат”. Сітуацыя зразумелая. Уз’язднанне Гомеля з Савецкай Беларуссю адбылося ў снежні 1926 г. на змярканні беларусізацыі, якую тут адны шчыра віталі, а іншыя крывілі нос. Выкладчык Коршук (ці Карашук?), відаць, быў з ліку тых, каго беларускае нацыянальнае будаўніцтва задавальняла, і хто згортванне беларусізацыі ў канцы 1920-х гг. успрыняў хваравіта.
Яшчэ большую небяспеку аўтар бачыў усюды, дзе “реакционное крыло профессорско-преподавательского состава находит себе поддержку со стороны чуждого нам студенчества”. У тым, што студэнцкія шэрагі засмечаны “чуждым элементом”, ён анічуць не сумняваўся, бо сабраныя факты сведчылі, што і сям, і там “классовый враг дает знать о себе”. У адной толькі Беларусі, “как ни старается враг замаскировать свое истинное лицо, бессильная злоба часто вырывается наружу”: то студэнтка сельгасакадэміі ўсклікае, што пазадушвала б камсамольцаў уласнымі рукамі, то гучаць пагрозы прад’явіць бальшавікам рахунак за дванаццаць гадоў балбатні і разарэнне краіны. Чаму тады здзіўляцца, калі ў Гомельскім чыгуначным тэхнікуме “студент Куликовский выстрелил в портрет Ленина”! Няясна, што праўда, з якой зброі адбыўся (калі сапраўды адбыўся) гэты стрэл: з вінтоўкі, пісталета, рагаткі ці плявальнай трубачкі. На арэнах класавых бітваў магла прыдасца усякая зброя!
Тое, што “чуждый элемент” пранікаў у студэнцкае асяроддзе, было для бальшавіцкага ідэолага прыкрым фактам, як і тое, што часам іх выгнанне з навучальных устаноў сутыкалася з супрацівам выкладчыкаў і студэнтаў. Ён прывёў словы неназванага беларускага выкладчыка, які, праявіўшы “слезливую жалостливость к заядлым врагам”, агітаваў супраць выключэння “чужынца”: “Как вы можете голосовать против своего товарища, с которым вы учились, сидели на одной парте, вместе спали?”. У Гомельскім педтэхнікуме ў падобнай сітуацыі ўвесь трэці курс заступіўся за “студента-чужака”, абвясціўшы забастоўку.
Закранаючы праблему антысемітызму, Аўсяннікаў працытаваў навучэнца Гомельскага чыгуначнага тэхнікума Шведа: “Все отдали жидам, жиды захватили власть”, а таксама адзначыў, што ў Гомельскім педтэхнікуме былая камсамолка Бабіч “договорилась до того”, маўляў “все евреи – эксплоататоры, неспособные честно трудиться, землю жидам напрасно отдали”. У Гомелі, дзе на той час значную частку насельніцтва складалі яўрэі, антысемітызм, на жаль, быў з’явай не новай. Прыведзеныя выказванні надта нагадваюць тыя, што гучалі на берагах Сожа ў пачатку ХХ ст., напрыклад, напярэдадні пагрому 1903 г. Нязводнасць такіх ганебных настрояў сведчыла, што бальшавіцкая палітыка ў галіне міжнацыянальных адносін кульгала. Гэта пры тым, што тады ў БССР яўрэйская мова ідыш была адной з чатырох афіцыйных, існавалі школы, друкаваныя выданні, стваралася мастацкая літаратура.
Далейшы лёс класавых ворагаў з Гомеля, згаданых на старонках цытаванай кнігі, аўтар асвятляць не стаў. У гэтым не было вялікай патрэбы, бо кожны ідэйна падкаваны чытач мусіў і так зразумець, што рознага кшталту чужынцам і рэнегатам няма месца на цягніку (“наш паровоз, вперед лети!”) сацыяльнага прагрэсу ў бальшавіцкім разуменні. Сам факт прыгадвання гэтых людзей і навучальных устаноў у падобным выкрывальніцкім выданні ўказваў на тое, што вінаватыя ўжо зазналі пакаранне, што дадаткова спыняцца на гэтым сэнсу няма. Нам жа сёння было б цікава даведацца літаральна пра кожнага з іх, бо кантэкст іхных фразаў і ўчынкаў вымалёўваецца толькі часткова. Да ўсяго не зусім зразумела, што ў кожным асобным разе станавілася пачатковай крыніцай інфармацыі для органаў і ці не грашылі інфарматары паклёпніцтвам.
Сяргей Балахонаў