З глыбіні тысячагоддзяў (гісторыя Лельчыц)

0
342
Лельчыцы, касцёл

«Лельчыцы — мястэчка, вядомае з XVI ст., у Мазырскiм павеце Вялiкага Княства Лiтоўскага; з 1795 г. у складзе Расii, цэнтр воласцi Мазырскага павета; гарадскi пасёлак з 27 лiпеня 1938 г., цэнтр аднайменнага раёна Гомельскай вобласцi; знаходзiцца на левым беразе ракi Убарць (правы прыток Прыпяцi) на паўднёвым усходзе Палесся», — так скупыя радкi Беларускай Савецкай Энцыклапедыi (1971 г.) паведамляюць пра гiсторыю гэтага палескага кутка. Яшчэ менш дадзеных змяшчае энцыклапедычны даведнiк «Беларусь» (1995 г.). Не шмат звестак, якія б адлюстроўвалі жыццё тутэйшых жыхароў у мінулым, можна знайсцi i ў iншай літаратуры. Аўтар меў на мэце сабраць разам як мага больш інфармацыі пра сваю бацькаўшчыну з самых розных крыніц. Зрабiць гэта не проста, бо, як нехта дасціпна зазначыў, наша спадчына расцерушылася па ўсiм белым свеце: што трапiла ў засекі суседзяў i ўзбагацiла iх гiсторыю i культуру, што мёртвым грузам лягло на замшэлыя палiцы архiваў, што беззваротна згiнула ў полымi шматлiкiх войнаў, а што занядбана праз нашу ўласную недаравальную абыякавасць. Характар і аб’ём сабранага гiстарычнага матэрыялу ўнеслі карэктывы да першапачатковай задумы даць як мага паўнейшы нарыс умоў жыцця i побыту палешукоў у розныя часы: на адных баках дазволiлі спынiцца больш падрабязна, а некаторыя моманты давялося апусцiць.

Спробы вывучэння родных мясцiн рабіліся неаднаразова. Але ўсе яны былі лакальнымі і ніводная з іх не дасягнула нейкага лагічнага канца, яны не здолелі адрадзіць гістарычную памяць народа. Так, яшчэ на пачатку ХХ ст. Мiнскi царкоўны гiстарычна-археалагiчны камiтэт у звороце да духавенства i настаўнiкаў зазначаў: «Высокай каштоўнасцi помнiкi роднай старажытнасцi хутка знiкаюць у нас на вачах: старажытныя курганы ўзворваюцца, нашы славянскiя назвы рэк, балот, гаёў, шляхоў i нават паселiшчаў перайначваюцца; паданнi i легенды забываюцца; рэшткi старажытнай культуры губляюцца»1. З таго часу мінула амаль стагоддзе, аднак, на жаль, гэты зварот застаецца актуальным i цяпер. Прапанаваная ўвазе чытача кнiга змяшчае геаграфiчныя, гiстарычныя, тапанiмiчныя, эканамічныя, этнаграфiчныя i iншыя звесткi пра самабытны, адметны куток Палесся — Лельчыцкi раён Гомельскай вобласці Беларусі, пра заняткі i звычаі жыхароў адпаведнага парэчча Убарцi на працягу стагоддзяў.

Хочацца спадзявацца, што пададзеная тапанімія Убарцкага Палесся, якая налiчвае больш за 1000 геаграфiчных назваў песелішчаў, вадаёмаў, урочышчаў, падштурхне пошукі мясцовых краязнаўцаў. Зразумела, растлумачыць усе назвы немагчыма і аўтар абмежаваўся толькі некаторымі мясцiнамі. Пры даследаваннi тапонiмаў улiчвалiся геаграфiя, этнаграфiя, гiстарычныя i архiўныя дадзеныя, мясцовыя паданнi, а таксама ўплыў рускай i польскай моваў.

Наогул, крыніцы, з якіх чэрпаліся звесткі для кнігі, вылучаюцца сваёй разнастайнасцю і інфармацыйнасцю. Толькi ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (далей — НГАБ) выяўлена больш за 250 спраў з матэрыяламi па гісторыі Убарцкага Палесся за 1651-1917 гг. Гэта — лісты ўласнікаў зямлі, пратаколы візітаў і кліравыя ведамасці цэркваў, устаўныя граматы, судовыя справы ў межавых спрэчках і ў продажы маёнткаў за даўгі, вопісы маёмасці і зямлі, крымінальныя справы і рапарты паліцыі, справаздачы па народнай асвеце і ахове здароўя, прамысловая статыстыка, метрычныя кнігі ды інш. Каштоўная унікальная інфармацыя сацыяльна-эканамічнага характару змешчана ў інвентарах маёнткаў. Не менш цiкавымi і значнымі з’яўляюцца разнастайныя акты гродскіх (замкавых) і земскіх судоў. Канкрэтныя дадзеныя для аналiзу маюцца ў статыстычных матэрыялах, у т. л. у перапісах насельніцтва, iншых афiцыйных дакументах. У ходзе пошукаў былі выяўлены звесткі пра матэрыялы, якія, на жаль, пакуль не ўдалося выкарыстаць, бо яны знаходзяцца за межамi Беларусi — у архівах Варшавы, Вільнюса, Санкт-Пецярбурга і Масквы. Мала даследаваныя матэрыялы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (далей — НАРБ) у Мінску, дзе захоўваюцца дакументы перыяду пасля 1917 г., а таксама Мазырскага занальнага архіва Гомельскай вобласці (далей — МЗАГВ). Застаецца спадзявацца на тое, што ў будучым дакументы з гэтых сховiшчаў пашыраць нашы веды пра Лельчыцкі край.

Мэтанакіраванаму пошуку ў бібліятэках шмат дапамаглі бібліяграфічныя матэрыялы З. М. Пенкіна2. Нямала спасылак на дакументы, што датычаць Убарцкай воласці, і іншых самых старадаўніх звестак мае кніга польскага гісторыка Е. Ахманскага «Узнікненне і развіццё латыфундыі Віленскага біскупства»3. Цiкавыя звесткі аб прыродзе, побыце і звычаях жыхароў сабраны ў асобных артыкулах XIX ст., дзе выказаны ўражанні сучаснікаў ад наведвання гэтых мясцін. Суб’ектыўны псіхалагічны каларыт часу адлюстраваны ў мемуарнай літаратуры. Апошнія крыніцы, зразумела, не могуць замяніць дакладнай дакументальнай інфармацыі, але іншы раз дапамагаюць акрэсліць самі падзеі хронікі. Вялікі пласт інфармацыі знаходзіцца таксама ў перыядычным друку, найболей у мясцовых газетах «Калгаснік на варце» (1933-1937 гг.), «По сталинскому пути» (1945-1946 гг.), «Па сталінскаму шляху» (1946-1956 гг.), «Савецкае Палессе» (1956-1960 гг.), «Светлае жыццё» (з 1965 г.), а таксама ў рэспубліканскім часопісе «Наш край» (1928-1929 гг.) і інш. Яшчэ адной крыніцай звестак, асабліва з геаграфіі і тапанімікі, з’яўляюцца карты розных часоў.

Вядомыя старажытныя дакументы са звесткамi пра Убарцкае Палессе напісаны на латыні, большасць дакументаў перыяду Вялікага Княства Літоўскага — на тагачаснай беларускай («рускай») i польскай, а перыяду Расійскай імперыі — на рускай мовах. Хроніка XX ст. прадстаўлена як беларускамоўнымi, так i рускамоўнымi матэрыяламi. У кнiзе прыведзены некаторыя найбольш цiкавыя паводле зместу дакументы і артыкулы. Пераклады старадаўнiх тэкстаў з лацінскай мовы зроблены А. А. Жлуткам, з польскай — У. М. Свяжынскiм. Некаторыя беларускамоўныя дакументы пададзены ў арыгінальным напісанні, без дастасавання да правілаў сучаснай арфаграфіі.

Аўтар выказвае падзяку старшаму навуковаму супрацоўнiку Iнстытута гiсторыi Нацыянальнай акадэміі навук Беларусi М. Ф. Спiрыдонаву за кансультацыi і канкрэтную дапамогу на працягу ўсяго часу падрыхтоўкі рукапісу. Аўтар будзе ўдзячны ўсім, хто дашле свае заўвагі, прапановы і, галоўнае, новыя звесткі ці дакументы, якiя могуць дапоўнiць нашы веды пра мiнулае ўбарцкай зямлі.

Лельчыцы, мапа, карта, ЛельчицыКарта археалагiчных, архiтэктурных i гiстарычных помнiкаў Лельчыцкага раёна.

1:1 000 000 (1999 г.)

Аўтар: Анатоль Атнагулаў

Крыніца: http://lelcity.com/publ/lelchycy/3-1-0-70