У пачатку XVI ст. Брагінская воласць належала да Кіеўскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага і мусіла межаваць з Рэчыцкай воласцю на поўначы і Мазырскай на захадзе, бо менавіта побач з імі яна названая ў пераліку валасцей у дамове паміж Вільняй і Масквой у 1503 г. [61, с. 395, 400], як і раней у “Спісе гарадоў Свідрыгайлы” 1432 г. [62, с. 118, 121; іл. № 1, 2].


Адміністрацыйная прыналежнасць у Новы час
З абмежавання 1512 г. часткі воласці, якая разам з местам Брагінам аддавалася “на вечнасць” каралём Жыгімонтам Старым князю Міхаілу Васільевічу Збаражскаму, вынікае, што паўночная мяжа яе праходзіла з захаду на ўсход ад вострава Кажушкі праз угоддзі сяла Лісцвін (на поўдзень ад Хойнікаў і далекавата ад Рэчыцкай воласці) у накірунку сяла Дзімамеркі, што на Лоеўшчыне [56, а. 1049-1050 адв.]. Але гэта толькі таму, што паўночная частка воласці, відавочна, была перададзеная іншаму ўладальніку (гл. ніжэй). На ўсходзе і паўднёвым усходзе Брагінская воласць межавала з Любецкай, а на поўдні і паўднёвым захадзе з Чарнобыльскай воласцю; прычым да названых дзвюх валасцей належалі і некаторыя мясціны сучасных Брагінскага і Хойніцкага раёнаў [17, s. 261; іл. № 3]. У ходзе адміністрацыйнай рэформы 1565-1566 гг. была вызначана мяжа Кіеўскага павету на ўчастку, дзе знаходзілася Брагінская воласць:
“<…> Мозырскою границою до Брагиньское границы, а Брагиньскою границою до Днепра, по левои стороне пущаючи волость Речицкую, до Любеча <…>
<…> а Словешнею доловъ ажъ до Припети, по правои стороне поветъ Киевъскии, а по левои Мозырскии, а черезъ реку Припеть, оставуючи полеве Речицу со всими границами, а поправу Брягинь со всим поветомъ Киевским ажъ до Днепра <…>” [65, стб. 892, 893].

М.К. Любаўскі, на падставе гэтых звестак меркаваў, што Брагінская воласць аднесена да Мазырскага павету [49, с. 239]. З ім пагадзіліся А. Ябланоўскі [17, s. 26] і П.Г. Кляпацкі [44, с. 183]. Магчыма, названым даследчыкам падаўся неверагодным вялізны абшар Кіеўскага павету. Аднак беларускі гісторык М.Ф. Спірыдонаў слушна сцвярджае, што воласць належала ўсё ж да апошняга [68, с. 185]. Запіс “Брягинь со всим поветомъ Киевским” (не з Мазырскім) у тым пераконвае. У грамаце князёўны Фенны Любецкай 1568 г. запісана, што Хойнікі, Навасёлкі і Астраглядавічы [А тым болей астатняя Брагіншчына. — С.Б.] “у повете Киевскомъ лежачие” [30, с. 226]. Што праўда, бацька Фенны князь Дзмітрый, не жадаючы адказваць у судзе за дзеянні сваіх падданых перад ігуменам Свята-Міхайлаўскага (Залатаверхага) манастыра ў Кіеве, сцвярджаў у снежні 1556 г.: “А што ся, дей, дотычет жалобы отца игуменови на людей моих села Остроглядовского о подране бчол и о збите людей манастырских тое село Остроглядовичи не ест у повете Киевского воеводства, але Троцкого повету, не повинен бых тут с того именя отказывати” [38, с. 362]. У гэтым выпадку князь Дз. Любецкі ці спадзяваўся на геаграфічную недасведчанасць кіеўскіх урадоўцаў?2 Далей, аднак, і сам пачаў скардзіцца: “<…> и я, дей, теж сам и люди мои кузцовские [Сяло Кузцоўскае — будучае Краснаселле ў Прыпяцкай зоне на Хойнікшчыне. — С.Б.] и хвойницкие от подданых церковных так веле кривды нам <…>” [38, с. 363].
Канчаткова прыналежнасць Брагінскай воласці ў XVI ст. вызначана напярэдадні Люблінскай уніі 1569 г. Указам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня Кіеўскае ваяводства было далучана да Польскай Кароны [14, s. 84-87; 60]. Уладальнік Астраглядаў і Хойнікаў пан Шчасны Харлінскі, польскі шляхціч, які паходзіў з Люблінскага ваяводства, мог сустрэць гэта не інакш як з прыхільнасцю. Нездарма пазней, у 1598 г., сейм прызначыў яго ў склад камісіі па размежаванню спрэчных тэрыторый паміж ВКЛ і Каронай адным з двух камісараў ад Кіеўскай зямлі [іл. № 8]. Урэшце тое ж давялося прызнаць і русінам князям Аляксандру і Міхаілу Вішнявецкім — спадчыннікам Брагінскага маёнтку, хоць спачатку для прыняцця прысягі яны і не з’явіліся [40, с. 22]. Заходняя Хойнікшчына ў складзе Мазырскага павету, з волі тамтэйшай шляхты ды пры падтрымцы ўплывовага сенатара і мазырскага старасты князя Мікалая Радзівіла Рудога, была пакінутая ў Вялікім Княстве і, выведзеная з межаў Кіеўскага, сталася часткай Мінскага ваяводства [60].

Падчас размежавання Мазырскага павету ВКЛ і Кіеўскага ваяводства Кароны Польскай у 1621-1622 гг. Брагінская воласць ужо, мусіць, належала да Оўруцкага павету апошняга. Як зазначана ў земскіх кнігах кіеўскіх, паны камісары разам з сялом кіеўскага біскупства Кажушкавічамі залічылі да Кароны сёлы пана Мікалая Харлінскага Навасёлкі, Храпкаў, Дворышча, мястэчка і вёску Хойнікі, сяло Вялікі Бор і сёлы [Відавочна, асобныя безыменныя сядзібы. — С.Б.] Брагінскай воласці за рэчкай Сычоўкай, а сяло і двор Тульгавічы, сяло Барысавічы (Барысаўшчына) адпаведна паноў Лавейкаў і Храпавіцкага, сяло і двор Загалле “з усімі вёскамі і грунтамі” пана Лозкі, сяло і двор Настолле пана Іскарастынскага, “іншыя прылегласці і грунты” аж да мяжы ўгоддзяў сяла Маканавічы князёў Жыжэмскіх, што ў Рэчыцкім павеце, — да павету Мазырскага ВКЛ3 [17, s. 96- 97; 47, с. 142-143]. Так было і да канца XVIII ст. [іл. № 11].

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. Брагіншчына і Хойнікшчына, падобна, сталі часткай Чарнігаўскай губерні (намесніцтва), з 1796 г. былі ў складзе адноўленага Рэчыцкага павету спачатку Чарнігаўскай, потым Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 г. Мінскай губерні Расійскай імперыі [50]. У дарэформенны час пра падзел на воласці нічога невядома. Пасля рэформы 1861 г. тэрыторыя будучага Брагінскага раёна (уключна і з шэрагам паселішчаў сённяшняй Хойнікшчыны) знаходзіліся ў межах розных валасцей Рэчыцкага павету Мінскай губерні [33, с. 162, 170, 175, 179]:
— Брагінскай (Брагін, Буркі, Валахоўшчына, Глухавічы, Гарадзішча, Дублін, Зарэчча, Іллічы, Кавака, Казялужцы, Каманоў, Катловіца, Крыўча, Лубенікі, Малейкі, Міхнаўка, Нудзічы, Пераносы, Пажаркі, Пецькаўшчына, Пошчакаў, Сялец, Сабалі, Спярыжжа, Сцяжарнае, Тэкліноў, Цюцькі, Вуглы, Хатуча, Шкураты, Юркавічы, Ясяні, Ясьменцы);
— Ёлчанскай (Новая Ёлча, Асарэвічы, Верхнія Жары, Вялле, Галкі, Гдзень, Кацічаў, Камарын, Капоранка, Лукаеды, Ніжнія Жары, Пеўні, Старая Ёлча, Чэрнеў);
— Мікуліцкай (Мікулічы, Бабчын, Бакуны, Багушы, Бардакі, Веляцін, Вялікі Лес, Варацец, Высокае, Вязок, Губарэвічы, Звяняцкае, Дуброўнае, Карпілаўка, Конанаўшчына, Лісцвін, Марытон (Маратон), Мокіш, Астрагляды, Плоскае, Пудакоў, Рудакоў, Рудыя, Рыжкаў, Унігаўка, Чахі, Шчарбіны);
— Савіцкай (Савічы, Верхавая Слабада, Выграбная Слабада, Грушнае, Жалібор, Жэрднае, Калыбань, Крукі, Кулажын, Міхалёў, Нежыхаў, Пясочная Грэбля, Піркі, Пасудаў, Просмычы, Пучын, Сувіды, Хракавічы, Цалуйкі, Чыкалавічы).
Яшчэ шэраг паселішчаў месціліся ў складзе валасцей з цэнтрамі на Лоеўшчыне [33, с. 112, 113]:
— Дзяражыцкай (Бераснёўка, Дабрагошча, Жылічы, Малажын, Чамярысы);
— Ручаёўскай (Жураўлёва Рудня, Новы Макрэц, Петрыцкае, Стары Макрэц).
Такое становішча захоўвалася да бальшавіцкіх адміністрацыйна- тэрытарыяльных пераўтварэнняў пачатку 1919 г. і наступных.
Акт абмежавання Брагінскай воласці 1512 года
Тэкст абмежавання Брагінскай воласці 1512 г. у фондах НГАБ у Мінску вядомы з актавай кнігі Мазырскага гродскага суда як запіс ад 2 жніўня 1776 г. [56, а. 1049-1050 адв.; іл. № 4], а таму выкананы лацінскай графікай, хоць, у адрозненне ад польскамоўных уступу і канцоўкі ўсяго дакумента, “рускай мовай пісаны”. Гэтым тлумачыцца і польскамоўны загаловак “Akt Ograniczenia Hrabstwa Brahinskiego”, які аўтары энцыклапедычных артыкулаў няслушна ўжываюць, калі пішуць аб месцазнаходжанні, скажам, Хойнікаў у пачатку XVI ст. Тэрмін “графства” для азначэння адміністрацыйных адзінак і асобных уладанняў у ВКЛ таго часу не ўжываўся, таму ў “рускай” частцы дакумента і значыцца “воласць Брагіня”. Мы маем справу з больш позняй традыцыяй, калі некаторыя з Вішнявецкіх пісаліся не толькі “князямі на Вішняўцы”, але і “графамі на Брагіне”. Паны Ракіцкія, да якіх урэшце адышоў Брагінскі маёнтак і для якіх складзены запіс 1776 г., у XIX ст. таксама называлі сябе “графамі”. Але ці мелі яны адпаведны тытул насамрэч?

Аўтар абмежавання, насуперак хойніцкай кнізе “Памяць”, з якой праз дзесяць гадоў тое запазычана і кнігай “Памяць” Брагінскага раёна, быў не дзякам, а дзяржаўцам трахтамірскім і дымірскім, дваранінам каралеўскім. Дзяржаўцы — гэта часовыя ўладальнікі і кіраўнікі дзяржаўных маёнткаў. Трахцеміраў і Дымер — населеныя пункты ў сучасных Чаркаскай і Кіеўскай абласцях Украіны. Прозвішча аўтара не Кніцічаў, а Кміцічаў. І як у згаданых крыніцай Кісялёве і Яльцове адразу пазнаюцца Кісель і Ялец, так у Кміцічаве — Кміціч або Кміта герба “Харугвы”. Гэта ўсё вядомыя не адно ў Кіеўскім ваяводстве шляхецкія сем’і.
З населеных пунктаў воласці, акрамя Брагіна, у дакуменце згаданыя тры памежных сяла — Галэк (“да сяла Брагінскага Галэк” — паланізаваны родны склон назоўніка?), пэўна Галкі, што на Брагіншчыне, Ліштвін — хойніцкі Лісцвін, Дамамірка — лоеўскія Дзімамеркі. Пра Хвойнікі (Хойнікі) ж ніякіх звестак тут няма і быць не магло. Мяжа часткі Брагінскай воласці, што прызначалася князю Міхайлу Васільевічу Збаражскаму, праходзіла ад вострава Кажушкі праз угоддзі Лісцвіна ў накірунку сяла Дзімамеркі, г. зн. на поўдзень ад сяла Хвойнікі, ды яшчэ і за гарою4. Згаданы ў абмежаванні востраў Хойнічак месціўся паміж сёламі Лісцвін і Дзімамеркі, хутчэй за ўсё на тэрыторыі сучаснай Брагіншчыны, а чысты рог Хвайнічок яшчэ далей — паміж с. Дзімамеркі і месцам упадзення рэчкі Пясочанкі (Пясочні) у Брагінку. Пэўна, ні адзін з гэтых Хвайнічкоў не мог быць колішнімі Хойнікамі. Не толькі таму, што не з’яўляўся паселішчам, як даўно заўважылі ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі, але і з прычыны неадпаведнасці свайго геаграфічнага размяшчэння. Абедзве згаданыя кнігі “Памяць” дагэтуль уводзілі чытачоў у зман5.
У акце названыя яшчэ астравы Дронкі і Кажушкі. Не выключана, што ўжо ў 1512 г. існавалі і аднайменныя сёлы, якія ў 1552 г. належалі да Беласароцкай нядзелі Чарнобыльскай воласці [14, с. 588] Кіеўскага ваяводства, а астравы былі ўгоддзямі гэтых сёлаў, памежнымі з Брагінскай воласцю. Востраў Петкаўшчызна, востраў Сеўкоўскі (будучае сяло Сеўкоўцы, як у лісце братоў А. і М. Вішнявецкіх 1574 г., або сучасныя Сеўкі на Лоеўшчыне) у межах самой Брагінскай воласці, востраў Хракаў і востраў Савінскі (Савіцкі?) Жэрдзен (будучая вёска Жэрднае), відавочна, былі ўгоддзямі сёлаў Пецькаўшчына, Хракавічы, Савічы. Апошнія два, паводле І.В. Кандрацева, належалі да Любецкай воласці [46, с. 198, 199], а значыць былі памежнымі з воласцю Брагінскай. Востраў Жэрдзен мог пазначаць мяжу з Чарнобыльскай воласцю.
Наогул гэты невялікі дакумент уяўляецца вельмі прыдатным для вывучэння даўняй тапаніміі сённяшніх Брагінскага, Хойніцкага і Лоеўскага раёнаў. Адныя абазначэнні балот ды забалочаных мясцінаў (алёс, бель, гало, мох, прыд (прыдыскае), тапіла) якія шматлікія, што ўжо казаць пра самыя тапонімы.
Ніжэй змяшчаем пераказ па-беларуску позняй копіі “Абмежавання”.
Акт абмежавання брагінскага графства
для яснавяльможнага яго міласці пана Ракіцкага,
палкоўніка пяцігорскага войск Вялікага Княства Літоўскага служачага
Года тысяча семсот семдзесят шостага месяца жніўня другога дня
На ўрадзе Яго Каралеўскай Міласці гродскім Мазырскім перада мною, Янам Валерыянам Вольскім, падстолім і падстарастам судовым павету Мазырскага, яснавяльможным яго міласцю панам Гедэонам Яленскім, старастам судовым мазырскім, пісарам дэкрэтовым Вялікага Княства Літоўскага ўведзеным на пасаду, прысутны асабіста вяльможны яго міласць пан Алаізы Ракіцкі, ротмістр Ашмянскага павету, Абмежаванне ўсяго графства Брагінскага, рускай мовай пісанае, у копіі яснавяльможнага яго міласці пана Міхала Ракіцкага, палкоўніка пяцігорскага войск Вялікага Княства Літоўскага, у чужым архіве доўгі час захоўванае, па атрыманні яго адразу да актаў падаў наступнага зместу:
Лета Божага тысяча пяцьсот дванаццатага месяца марца сёмага дня
За Указам Гасударскім Найяснейшага Караля Яго Міласці Зыгмонта, а за паданым чалабіццем князя Міхайла Васілевіча Збаражскага, я, Іван Андрэевіч Кміцічаў, дзяржаўца трактамірскі і дымірскі, дваранін Яго Міласці Каралеўскай, выехаўшы на імене воласці Брагіня, каторага воласць раней прыналежная была да Яго Міласці Гасудара Караля Вялікага Князя Літоўскага, аглядаў я рубеж той воласці, каторая пачынаецца з гары рэчкаю Брагінкаю ўніз да ракі Дняпра, а Дняпром угору да сяла Брагінскага Галэк, ад таго сяла ідучы да места Брагіня ад рогу вострава Юркоўскага ў рэчку Быструю, катораю ўперад праваю стараною ў роў, які называецца Рубеж; адтуль ракою ў Шлях і ў востраў Брагінскі Петкаўшчызна, адтуль на белую гару, тою гарою папалам уздоўж у балота, каторым папалам уздоўж на Масток, тым Мастком папалам уперад, з Мастка зноў балотам папалам уздоўж у Хвойку востраў Хракаў, ад Хвойкі ў Дубовік востраў Дубенскі, ад Дубовіка балотам уздоўж папалам у тапіла Кулешаў у Яблонаў востраў Брагінскі, каторы папалам, адтуль у востраў Жэрдзен Савенскі ў Хвашчы востраў Брагінскі, ад Хвашчы балотам папалам уздоўж у востраў Брагінскі Пупаху, ад Пупахі балотам беллю ўдоўж папалам у востраў Бровак, ад Броўка таксама балотам беллю папалам уздоўж у Зварачанскія астравы праваю стараною зноў балотам беллю ўздоўж папалам з астравамі Дронкі Курылушкі і Кажушкі ў лазу, катораю папалам уздоўж у альсы, альсамі ў Тапіла, з Тапіла ў рэчку Ціхую, з Ціхай у рэчку Цеснаўку, катораю папалам уздоўж у пераезд балота, тым балотам зноў папалам уздоўж у Суботнае, з Суботнага ў балота Ператок, каторым папалам уздоўж на гаць, з гаці ў балота, называнае Рокаш, каторым папалам уздоўж праваю стараною ў балота Свістошу, каторым папалам уздоўж у балота брагінскае Ржавец, тым балотам Ржаўцом у сяло Ліштвін Брагінскае прама мяжою праваю стараною ў Роў Вялікі, з таго Рову ў балота Чысцец, каторым папалам уздоўж зноў у Роў Другі Вялікі, з таго рова ў Кашовец, каторым папалам уздоўж з Кашоўца ў балота Казіную Бараду Брагінскую, берагам адтуль у Карчовае балота Брагінскае берагам, з Карчовага праваю стараною ў алёс, альсом ў брод, які называецца Рубеж, адтуль балотам мохам папалам уздоўж у Загацішча, з таго балота праваю стараною ў рэчку Дубровіцу, катораю папалам уздоўж, з той рэчкі на гало, тым галом уздоўж папалам у зацятыя і ў жадныя астравы Брагінскія, ад тых астравоў зноў галом вялікім папалам уздоўж праваю стараною ў востраў Хойнічак балотам Шызоўцам у балота і мох Каровя Лука Брагінская, ад той лукі альсамі ў ляскі праваю стараною ў Караханскі мох балотам, з таго ў Лысную балота ў Шчытаў востраў Брагінскі ў Лецешын балота, каторае балота папалам уздоўж з Лецешына ў Ваўкошынку рэчку, катораю папалам уздоўж, тою рэчкаю ў алёс, з таго альса балотам Цесновым папалам уздоўж, з Цесновага ў Сухое балота папалам уздоўж, з таго балота ў Кабылі Брод, з таго брода ў Пясочню рэчку, тою рэчкаю ўздоўж папалам у сяло Брагінскае Дамамірку, каторая рэчка пайшла тапіламі і балотам у рэчку Чэрэтынскую ў Гнілушу, з Гнілушы праваю стараною ў Іванкаў востраў балотам уздоўж папалам у Белкіну, тою рэчкаю ў Калодну, з Калодны ў Крымок, тою рэчкаю ў востраў Сеўкоўскі, называны Доўгі, праваю стараною ў Сеўкоўку, з той рэчкі балотам уздоўж папалам у Дуброву Сеўкоўскую ў Ператок логам грываю ўперад праваю стараною ў Капец, адтуль у Крыніцу Чэрэтаваху, ад Чэрэтавахі логам праваю стараною ў прыдыскае гало папалам ровам, з таго гала і рову праваю стараною ў Кнітавую лазу ўздоўж папалам, тою лазою ў балота Загацішча, каторым папалам у чысты рог Хвойнічок, з таго рогу на Кражавацік Пуцішчам у Касповы (Каспаровы?) Лес балотам у Доўгі Востраў альсом у Хатчыцкую мяжу, ад той мяжы праваю стараною балотам уздоўж папалам зноў у рэчку Пясочню, каторая бяжыць у рэчку быструю Брагінку, адкуль рубеж Брагінскі пачаўся, там і заканчваецца. Гэтаму майму агляду хоць і зволіў супрацівіцца камісар князя яго міласці Збаражскага пан Хвядос Палазовіч6, толькі ж я па Указу Гасударскім Яго Міласці Каралеўскім гэты ліст рукой маёй падпісаў у замку Брагінскім, а пры тым былі людзі слушныя шляхецкага роду пан Андрэй Кісялёў і пан Міхайла Яльцоў.
У таго Абмежавання ўсяго графства Брагінскага подпіс рукі яго міласці пана камісара Яго Каралеўскай Міласці,тымі выказаны словамі: Іван Андрэевіч Кміцічаў, дзяржаўца трахтамірскі і дымірскі, дваранін Яго Міласці Каралеўскай. Каторае тое такое Абмежаванне графства Брагінскага рускай мовай пісанае, з-за даўнасці падзёртае, за паданнем яго вышэйназванай асобай да актаў, ёсць да кніг гродскіх павету Мазырскага спраў вечыстых прынятае і ўпісанае.
Выпіс выдадзены
Уладальнікі Астраглядаўскага / Хойніцкага маёнтку
А. Ельскі ў слоўнікавым артыкуле “Astrahlady” пісаў, нібы паселішча некалі належала князям Вішнявецкім [8, s. 690]. Тое ж сустракаем і ў папулярным выданні “Россия. Полное географическое описание нашего Отечества” [63, с. 568]. Большасць асобаў, якія звярталіся да тэмы пазней, паўтаралі гэтую версію без праверкі, ператварыўшы яе ў традыцыю. Аднак А. Ельскі і паслядоўнікі (той жа М.В. Доўнар- Запольскі) у сваіх працах не абапіраліся непасрэдна на крыніцы XVI ст., а навуковыя творы аўтары нават навейшых энцыклапедычных выданняў чамусьці не ўлічвалі. Таму агульная карціна атрымалася неадэкватная.
Спачатку Астрагляды ў складзе Брагінскай воласці былі дзяржаўным уладаннем і кіраваліся вялікакняскім намеснікам, як тое было на 1496 г. [21, с. 397]. У 1506 г. кароль і вялікі князь Аляксандр аддаў апошнюю ў трыманне Данілу Дзедкавічу, пакуль той не выбера належныя яму 230 коп грошай [21, с. 37]. Але неўзабаве манарх памёр, яго ж брат і пераемнік Жыгімонт Стары “взяли есмо тую волостку Брягин” пад сваю руку [6, с. 131-132]. Ненадоўга, бо прывілеем ад 25 кастрычніка (4 лістапада) 1509 г. воласць тым жа каралём была аддадзена “до живота его” князю Міхаілу Васільевічу Збаражскаму, які раней ужо карыстаўся даходамі з яе “до воли господаръское” [6, с. 431]. У хуткім часе князь М. Збаражскі, жадаючы атрымаць воласць “на вечность”, біў чалом каралю аб правядзенні яе абмежавання, што і выканаў у пачатку 1512 г. дзяржаўца трахтамірскі і дымірскі І. Кміціч [56].
У Літоўскай метрыцы — М.К. Любаўскі цытаваў гэта яшчэ ў сваёй магістарскай дысертацыі (1892 г.) — ёсць запіс, паводле якога князь Міхаіл Васільевіч Збаражскі, які першы назваўся Вішнявецкім (ад замка Вішнявец на Валыні), у канцы 1512 г. атрымліваў ад караля Жыгімонта Старога на вечнасць “<…> тую волостку Брягин з местом и с корчмами, и з мытом, и з городищом, и со всими селы, и з людми, кром тых сел, што первеи того кому у тои волости будем дали <…>” [49, с. 239]; у публікацыі 2002 г. адпаведнай кнігі Метрыкі падаецца аднак іншая дата — 21.12.1514 [7, с. 240-241]. Заўважым, што ў ранейшым каралеўскім 1509 г. лісце-падараванні Брагінскай воласці князю М.В. Збаражскаму “до его живота” такой агаворкі мы не сустракаем, а гэта значыць, што яна заставалася яшчэ тэрытарыяльна адзіным уладаннем.
Што і каму аддалі “первеи того”? Прынамсі, Астрагляды і Хойнікі ўжо належалі оўруцкаму намесніку Сямёну (Сенку) Палазовічу [іл. № 15]. Ускосна аб гэтым сведчыць вышэйзгаданае абмежаванне 1512 г., з якога відаць, што Хойнікі засталіся па-за межамі ўладання М. Збаражскага, а Астрагляды з наваколлямі — унутры яго [35, т. 1, с. 149; іл. № 5]. Верагодна, напярэдадні падаравання яны з уласна “волостки Брягин” былі выключаныя.


Пакуль невядомы тэкст прывілея самому пану Сямёну Палазовічу, які можа быць пазначаны і больш раннім годам, чым 1512. Але ў 2008 г. украінскім гісторыкам Андрыем Блануцай быў апублікаваны ліст караля Жыгімонта Старога, складзены ў Кракаве 3 (13 н. ст.) сакавіка 1532 г. Ён дазваляе сцвярджаць, насуперак энцыклапедыям, што Астрагляды і Хойнікі князям Вішнявецкім гербу “Карыбут” [іл. № 17], у адрозненне ад іх продка князя Міхаіла Васільевіча Збаражскага7, ніколі не належалі. Гэтым дакументам кароль вяртаў Хвойнікі, Астраглядавічы і Навасёлкі, якія прыгарнуў быў да Кіеўскага замку ваявода Адрэй Якубавіч Неміровіч, зяцю С. Палазовіча князю Дзмітрыю Раманавічу Відэніцкаму (Любецкаму) герба “Друцк” [32; іл. № 16].


Калі ў 1558 г. князь Дзмітрый памёр, яго жонка пані Фенна Палазоўна запісала маёнткі на імя сына Богуша Любецкага, але той пакінуў свет жывых беспатомным у 1564 г., і яго ўдава Ганна не здолела ашчадзіць “добра” ад упартых, нават нахабных, дамаганняў Мельхіёра Насілоўскага, мужа сястры Богуша Фенны [15, s. 206-207]. Князёўна Фенна Любецкая пасля смерці мужа ў 1568 г. узяла шлюб са Шчасным (Феліксам Адауктам) Харлінскім, запісаўшы яму ў вышэйзгаданай грамаце “именя свое отчизные, дедизные, материстые” [30, с. 224-227].

Такім чынам, Астраглядамі і заўжды неад’емнымі ад іх Хойнікамі ў апошняй трэці XVI ст. завалодала кіеўская галіна роду Харлінскіх герба “Бонча” [іл. № 18], гісторыя якога ў дакументах ці не скрозь судовыя працэсы, наезды, сваркі, калатнеча; у валынскай галіне здарылася нават забойства на сямейнай глебе. Паводле Т. Жыхлінскага, Шчасны, чалавек шырокай славянскай натуры, выхаваны ў атмасферы палітычных свабод, сцяснёны адно ранейшым незаможным побытам на пясчаных глебах Харленжа ў Люблінскім ваяводстве, дзякуючы багатаму жончынаму пасагу, пачуўся даволі магутным і зусім не стрымліваў свае буйныя фантазіі, пры кожным выпадку лёгка рабіў наезды на суседнія маёнткі. Найбольш пацярпелі ад яго ўладанні Кіеўскай мітраполіі Унін і Дзедаўшчына Пячорскага манастыра. Дайшоў нават да таго, што пазбавіў пасады аднаго архімандрыта і прызначыў іншага. Прычым манахі думалі, што рабілася гэта згодна з воляй караля і падпарадкоўваліся, ажно пакуль не высветлася, што гэта быў свавольны гвалт [19, s. 17- 18, 24-25; 58, № 72, 83, 120; 2, t. II, s. 345-348].

Што да ўладанняў князёў Вішнявецкіх, у тэксце ліста ад 15 (25 н. ст.) сакавіка 1574 г., які размяжоўваў уладанні князёў- братоў Міхаіла і Аляксандра Вішнявецкіх, Астраглядавічы, “дарога Хвойніцкая” [іл. № 7] выступалі хіба памежнымі арыенцірамі, тады як сёлы Бабчын, Веляцін, сядзіба Высокае, Галкі, Глухавічы, Губарэвічы, Дублін, Дамамірка, Дубна, востраў Дудоўшчына, Зашчоб’е, Крыўча, Лісцвін, Мікулічы, Піркі, востраў Рудакоў, Сеўкі, Сялец, востраў Удалёўка, Юркавічы “цягнулі” да Брагіна. Дарэчы, імя харунжага кіеўскага Шчаснага Харлінскага запісана ў канцы тэкста сярод імёнаў іншых сведкаў, а яго пячатка была адной з васьмі, якія зацвердзілі дакумент [54, а. 17-21 адв.; 68, с. 187-193].

Яшчэ да сваёй смерці каля 1606 г. падкаморы кіеўскі Шчасны запісаў Астраглядаўскі маёнтак старэйшаму сыну Мікалаю. М. Харлінскі і яго жонка Гэлена або Гальшка фундавалі ў Астраглядавічах касцёл, з ім жа ўзнікла і першая ў рэгіёне каталіцкая парафія [5, p. 148, іл. № 14]. Калі гэта адбылося? Паводле А. Ельскага, у 1626 г. [8, s. 690]. Мабыць раней, бо ўжо ў 1623 г. Гальшка Харлінская (з роду Стужынскіх, верагодна, герба “Адравонж”) сама, без мужа (памёр?), судзілася са сваякамі Харлінскімі за іх наезд на замак Астраглядаўскі, вёску Астраглядавічы, на мястэчка Новы Харленж (Хойнікі), вёску Хойнікі і інш. [18, s. 637]. Або ў 1626 г., але тады ўдава сама мусіла фундаваць будаўніцтва касцёла, зяць бо — кальвініст.

Не пазней за 1624 г. маёнтак Астраглядавічы стаў уласнасцю ваяводзіча смаленскага Мікалая Абрагамовіча (Абрамовіча) герба “Ястрабец зменены” [іл. № 19], жанатага з дачкой Гальшкі Харлінскай Евай, народжанай у шлюбе з князем Дзмітрыем Курцэвічам [2, t. I, s. 19-20; 28, с. 396-397; 48, с. 15]. Актавая кніга Жытомірскага гродскага суда 1635 г. са слоў вознага засведчыла, што з-за няўплаты чопавага падатку ён “Перши позовъ по его милостъ пна Абрамовича, воеводича смоленъского, до села Остроглядовичъ, маетности его милости, того року и дня деветнастого мца сепътемъбра однеслъ и въ дворе тамошнимъ урядникови в руки одъдалъ <…>” [20, № 40]. Валодаў маёнткам М. Абрамовіч яшчэ і ў 1637 г., калі за 12 000 зл. перадаў фальварак і вёску Руднае ды вёскі Дворышча і Навасёлкі на тры гады ў карыстанне зямяніну Стэфану Воўку [9, № 62], намінальна, і ў 1639 г., калі заставіў Астраглядавічы гданьскаму мешчаніну Ежаму Гэўлу за 33 600 зл. [11, № 17, 18], і ў канцы 1641 г., калі вяртаў доўг сыну нябожчыка Ісааку Гэўлу [10, № 492, 493]. Уражанне такое, нібы генерал артылерыі ВКЛ М. Абрамовіч ці не кожны раз пазычаў грошы дзеля таго, каб аддаваць папярэднія даўгі то дзяржаве, то прыватным асобам, застаўляючы Астрагляды.

Верагодна з-за тых даўгоў пад 1643 г. уладальнікам былога маёнтку М. Абрамовіча названы ўжо кіеўскі падстолі (пазней кіеўскі кашталян, потым ажно ваявода берасцейскі) Максіміліян Бразоўскі герба “Газдава” [38, с. 386-387; 2, t. II, s. 202-203; іл. № 20]. Праз шлюб з яго дачкой Зофіяй маёнткі Яснагародка і Астраглядавічы ўрэшце дасталіся князю Канстанціну Яну Шуйскаму герба “Святы Юрый” [“Георгій Пераможца”, іл. № 22]. М. Бразоўскі памёр у 1659 г., а яго дачка — недзе каля 1676 г. [15, s. 527]. Ад таго часу Шуйскія ўпершыню і завалодалі “добрами” у Кіеўскім ваяводстве ды трымалі іх каля паўтары сотні гадоў. Дарэчы, менавіта пры іх цэнтрам маёнтка сталі Хойнікі. Размешчаныя на ўскрайку балота, яны былі лепш абароненыя, у тым ліку і ад казацкіх наездаў. Замак у Хойніках, узведзены, відавочна, М. Бразоўскім, паступова пераняў функцыі ранейшага замка Харлінскіх у Астраглядавічах. Што праўда, ён, як і самі Хойнікі, у адрозненне ад Астраглядавіцкага, так і не з’явіўся на картах XVII-XVIII стст., першая з якіх была складзена Томашам Макоўскім і выдадзеная ў 1603 г. ды перавыдадзеная ў 1613 г. [35, т. 2, с. 127, 141; іл. № 9, 10].




Паводле люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводства 1683 г., большая частка колішняга Брагінскага маёнтка Вішнявецкіх8 належала ваяводзічу бэлзскаму, будучаму серадзкаму ваяводзе Яну Канецпольскаму герба “Побуг” [іл. № 21], а астатняе — панам Сілічам, Бялабжэскаму, Чэрскаму, Катарскаму, Гаварэцкаму, Ясінскаму, пані Бруханьскай [28, с. 489-490, 504-505].

Астраглядамі, Хойнікамі і прыналежнымі да іх сёламі прыкладна да 1695 г. аднаасобна валодаў харунжы брэсцкі, пазней пісар літоўскі Канстанцін Ян Шуйскі [28, с. 488-489, 505-507; 25, с. 285-286]. У 1697 г. дзедзічам валасцей Хойніцкай і Загальскай (апошняя воласць каралеўская, таму мог быць хіба яе старастам) названы яго і Зофіі з Бразоўскіх сын Дамінік Ян [25, с. 351-352].
Князі Шуйскія, як і М. Абрамовіч, нярэдка аддавалі сваё “добра” у арэнду альбо ў застаўную пасэсію іншым асобам, як сваім родзічам, так і чужым ахвотнікам. Гэтак, з 1698 г. маёнтак, паводле адпаведнага інвентара, арандаваў пан Зыгмунт Шукшта [52, а. 119, 133]. У маі — чэрвені 1716 г. брэсцкі харунжы князь Д. Шуйскі і стражнік вількамірскі З. Шукшта абмяняліся ўзаемнымі скаргамі ў Кіеўскі гродскі суд, звязанымі з той арэндай [59, № 32, с. 16, 18] (прэтэнзіі па ёй выказвала яшчэ ў студзені 1724 г. удава З. Шукшты пані Елізавета сыну Д. Шуйскага князю Мікалаю [59, № 38, с. 19]). Ад 18 чэрвеня 1715 г. да 29 лютага 1716 г. пасэсарам выступаў князь Станіслаў Шуйскі, скарбнік брэсцкі, пасля чаго была праведзена грунтоўная рэвізія Хойніцкага / Астраглядаўскага маёнтка [52, а. 139-144].
Князь Дамінік памёр блізка да красавіка 1720 г. [15, s. 529]. Відавочна, яшчэ раней Хойнікі і Астрагляды перайшлі ў вельмі няўдалую пасэсію да ксяндза-біскупа Юзафата Парышэвіча, пры якім маёнтак усё ніяк не мог управіцца з выплатай даўгоў, і гэта абмяркоўвалася нават на паседжаннях Радамскага і Люблінскага трыбуналаў [29, с. 699700]. Дзеля іх кампенсацыі ў лютым 1719 г. Жытомірскі гродскі суд пастанавіў перадаць сяло Дворышча і фальварак Храпкаў нашчадкам чарнігаўскага падкаморага Канстанціна Залескага, а ў кастрычніку таго ж года Оўруцкі гродскі суд, выконваючы рашэнне Люблінскага трыбунала, перадаў маёнтак Краснаселле оўруцкаму мечніку Мацвею Трыпольскаму [59, № 34, с. 6, 13].
Ад таго валоскага біскупа Ю. Парышэвіча 20 сакавіка 1721 г., як сведчыць інвентар, “добра” зноў вярнуліся да аднаго з Шуйскіх — да князя Мікалая, сына Дамініка [52, а. 120]. Пасля смерці яго ў 1725 г. новым уладальнікам стаў яго брат Ігнацы. З 1754 г. спадчыннікам выступаў сын Ігнацыя князь Адам, будучы стараста загальскі, які з прычыны малалецтва быў пад апекаю падканцлера ВКЛ Міхала Антонія Сапегі. Апошні здолеў вызваліць маёнтак ад цяжару даўгоў [15, s. 530]. Пасля яго смерці ў кастрычніку 1760 г. апякунства прынялі сваякі Шуйскія, старасты ніжынскія, і зноў жа аблыталі маёнтак вялізнымі даўгамі [3, s. 33-35, 74]. Памёр дваццацітрохгадовы князь Адам незадоўга да нараджэння дачкі Людвікі ў 1767 г. [15, s. 530-531; 3, s. 20].
У 1782 г. пані Марыяна (з дому Халецкіх) Шуйская, удава па князю Адаму, выйшла замуж за ваяводу віцебскага Юзафа Прозара [іл. № 23], а 16 студзеня 1783 г. пабраліся шлюбам і іх дзеці Людвіка Канстанцыя і Караль — будучы вялікі абозны, потым знакаміты арганізатар, а паводле дакументаў смаленскай следчай камісіі, апублікаваных Я.К. Анішчанкам, да Я. Ясінскага яшчэ і лідар у падрыхтоўцы будучага паўстання 1794 г. у ВКЛ [3, s. 21; 23, с. 198-200 і далей].

А. Ельскі пісаў, нібыта сярод гаспадароў Астраглядаў былі паны Ракіцкія [8, s. 690], але ў крыніцах звестак пра тое не сустракаем. Хаця ўвесну 1818 г. Тэкля, дачка графа Людвіка Ракіцкага, сапраўды выйшла замуж за Уладзіслава, сына Караля Прозара, у адрозненне ад Гарадзішча, бацька не мог запісаць іх ёй у пасаг, як падае А.М. Кулагін [36, с. 176]. Канешне, можна было б дапусціць, што напярэдадні паўстання, узначаленага ў 1794 г. Т. Касцюшкам, калі К. Прозар, дзеля атрымання грошай на яго арганізацыю, прадаў не адно сваё спадчыннае ўладанне на Жмудзі (заходняя Літва) [4, s. 328], але і Астрагляды. Тым болей, што Людвіка, як пісаў Марыян Дубецкі, заўсёды падтрымлівала мужа ў яго задумах. Але ў рэвізіі 1795 г. запісана, што Астраглядавічы Людвікі з Шуйскіх Прозар былі не прададзены, а ўсяго толькі здадзены ў “арэндную пасэсію” Яну, сыну Уладзіслава, Ястшэмбскаму (Ястржэмбскаму)9 тэрмінам на 3 гады (з 02.04.1794 да 02.04.1797) за 1 833 дукаты і 6 злотых польскіх [53, спр. 59, а. 208]. Ракіцкія, як бачым, уладальнікамі ані трымальнікамі маёнтка ў заставе не названыя. У шляхецкай рэвізіі 1811 г. Юзаф Парыкевіч запісаны эканомам фальварка Астраглядаўскага — уладання нікога іншага, як пані Людвікі, жонкі Караля Прозара, былога абознага ВКЛ і Кавалера [53, спр. 263, а. 248].
Пасля смерці жонкі і свайго вызвалення з-пад арышту ў 1829 г. К. Прозар уступіў ва ўладанне маёнткамі, хоць вельмі хутка запісаў іх на сыноў Уладзіслава і Юзафа. Памёр абозны, як сведчаць метрычныя кнігі Астраглядаўскага касцёла, 20 кастрычніка (1 лістапада) 1841 г. [5, а. 10 адв.]. З інвентара 1844 г. вынікае, што частка “добраў” разам з мястэчкам Хойнікі захоўвалася за яго малодшым сынам Уладзіславам, да якога пасля смерці ў 1845 г. старэйшага Юзафа [55, a. 44 адв.] перайшло і ўсё астатняе [51].
Пасля Уладзіслава Хойніцкі і Астраглядаўскі ключы, што разам з Гарадзішчам і Савічамі складалі 112 550 моргаў або 75 103 дзесяціны ворыўнай зямлі, пашаў, сенажацяў і лясоў з балотамі, атрымаў у спадчыну яго сын Мечыслаў, рэчыцкі маршалак, жанаты з Зофіяй, дачкой Уладзіслава Аскеркі з Рудакова [8, s. 620, 690]. Прычым сям’я Мечыслава, як сведчыць архіепіскап М. Галубовіч у запісе ад 18 верасня 1860 г., жыла менавіта ў Астраглядаўскім палацы: “Па абедзе я ад’ехаў у Астраглядавічы [З Хойнік. — С.Б.]. Заспеў там толькі гаспадыню дома, жонку маршалка пані Прозараву, яе матку Аскеркаву, брата, глухога і барадатага, Эміля Аскерку, і валынскага Прозара. Вельмі гасцінна быў прыманы” [39, с. 124, 256].
Ад Мечыслава Астрагляды перайшлі да яго сына Канстанціна, жонкай якога была Зофія, дачка Баляслава Свентажэцкага, выбітнога паўстанца 1863 г., і намінальна да дачок Марыі і Зофіі. Гэты нашчадак і змарнаваў атрыманую ад продкаў фартуну, губляючы фальварак за фальваркам, пакуль урэшце ў 1885 г. не прадаў Астраглядаўскую частку маёнтка [8, 690]10 расійскім уладам, хоць на 1889 г. у адпаведным “Списке землевладельцев Минской губернии” гаспадаром яго ўсё яшчэ значыўся Канстанцін Прозар [69, с. 373]. Наступным уладальнікам усяго толькі 1 746 дзесяцін зямлі ў Астраглядах “Список 1911 г.” называе Аляксандра Іванавіча Цямніцкага [70, с. 3].
У 1912 г. па найвысачэйшаму дазволу маёнтак Астрагляды набыў Альгерд Гардзялкоўскі герба “Ляліва” з Друцку, апошні іх прыватны ўладальнік [1, s. 280; 36, с. 176].
Так было і да канца 1917 г.
Чатыры стагоддзі таму ў Брагіне…
У некаторых працах нават буйных спецыялістаў-гісторыкаў здараліся выпадкі скажэння тапонімаў нашага рэгіёна. Напрыклад, у манаграфіі Р.Р. Скрыннікава чытаем пра тое, як будучы Ілжэдзмітрый I у 1603 г. пасля Кіева, Астрога і Гошчы з’явіўся ў маёнтку “Брачин” князя Адама Аляксандравіча Вішнявецкага, дзе ўпершыню і “прызнаўся”, што ён — царскі сын [67, с. 96, 98, 102]. Гэта не апіска11, бо такая форма назвы ўжытая шэсць разоў у згаданай працы, а таксама ў шэрагу іншых кніг аўтара. Звярнуцца да тэмы прымусіла паўтарэнне памылкі ў двух выданнях падручніка для ВНУ, падрыхтаванага калектывам Інстытута расійскай гісторыі РАН [43, с. 438]. Безумоўна, высвятленне таго, як на самой справе гучала назва невялікага паселішча і яго лакалізацыя, для расійскіх аўтараў аб’ёмістых прац не магло стаяць на першым месцы. Можна заўважыць яшчэ, што скажэнне дапускаецца або прымаецца на веру тымі, хто жыве і працуе далёка ад месцаў, якія вывучае. Ураджэнец жа Рэчыцы М.В. Доўнар-Запольскі, знаёмы з мясцовымі крыніцамі, не сумняваўся, што самазванец быў менавіта ў Брагіне [41, с. 115]. Гэты факт прысутнічае ў энцыклапедычных выданнях часоў БССР і сённяшняй Беларусі. На вялікі жаль, даводзіцца канстатаваць і іншае. Калі расіяне назвалі пункты знаходжання Ілжэдзмітрыя ў Рэчы Паспалітай нават у падручніку, дык беларускі даследчык Г.М. Сагановіч і ў навейшай агульнай акадэмічнай працы іх, уключна з Брагінам, праігнараваў. Ці можа “Брачин” гісторыка з сусветным імем увёў у зман, і аўтар, не ведаючы такога паселішча ў Беларусі, абмежаваўся запісам: “У 1604 г. пры двары князёў Вішнявецкіх на Украіне з’явіўся Грышка Атрэп’еў <…>” [37, с. 33]? Але на Валынь у замак Вішнявец Ілжэдзмітрый быў пераведзены ўжо з Брагіна. Пасля адмовы князя Адама выдаць “вора” цару Барысу Гадунову трымаць яго паблізу ад расійскай мяжы стала небяспечна.
Пра тое, як называлася рэзідэнцыя кн. А. Вішнявецкага, маем сведчанне з самога Брагіна. Усяго праз тры гады з часу з’яўлення першага самазванца ў Мазырскі (пазней і ў Уладзімірскі на Валыні) гродскі суд ад імя ўладальніка мястэчка была пададзена скарга (тэкст прыводзім у скарачэнні, з захаваннем стылістыкі, а часткова і мовы арыгінала):
Року тысяча шэсцьсот шостага месяца ліпеня дваццаць восьмага дня. На ўрадзе Яго Каралеўскай Міласці, у замку Мазырскім перада мною, Марцінам Запольскім, намеснікам мазырскім, панам Аляксандрам Палонскім, падстаростам мазырскім, з прычыны ад’езду яго да Кароны на рокаш, дзеля прыняцця спраў гродскіх пакінутым, з’явіўшыся асабіста, возны генерал ваяводства Кіеўскага шляхетны Іван Лозка падаў квіт свой пад пячаткаю і з подпісам рукі сваёй дзеля запісу ў кнігі ўласныя сведчання вяльможнага князя Адама Вішнявецкага, якое падаў мне, на ўласных слуг сваіх, а менавіта: на Юзафа Лісоўскага, на Адама Брозку, як прынцыпалаў, і памочнікаў іх Паўла Плядоўскага, Яна Гаварэцкага, Кажухоўскага, Вармажоўскага, Мікалая Шумскага, Себасціяна Савіцкага, Мацюша Брозку, Янкоўскага, Кардышэўскага і іншых <…>, у тыя словы: названыя слугі з памочнікамі сваімі, задумаўшы непрыстойную, злую, сапраўды здрадніцкую справу, не зважаючы на пачцівасць і павіннасць сваю шляхецкую, у року цяперашнім, тысяча шэсцьсот шостым, месяца ліпеня дваццаць сёмага дня, з серады на чацвер, перад самым світаннем, калі яшчэ ўсе людзі спалі, змовіўшыся як здраднікі на здароўе пана свайго, да замку места Брагінскага з гаспод (г. зн. з двароў) сваіх адначасова сабраўшыся, з полгакамі (з кароткімі стрэльбамі, калібрам удвая меншым, чым гакаўніцы), з аголенымі шаблямі ў замак гвалтоўна ўламіўшыся, але з-за супрацьдзеяння аховы князя да пакою панскага дайсці не здолеўшы, чэлядзь пры ім тады быўшую, як мужчын, так і белых галоў (жанчын), разагналі <…>, як злачынцы і здраднікі да скарбцу, дзе ўся маёмасць рухомая яго міласці захоўвалася, ланцуг і замкі наперад адбіўшы, уламіліся; там жа найпервей узялі лепшых сабалёў шэсць саракоў на 3 000 польскіх злотых, кгермак (шырокі плашч без рукавоў, род епанчы) аксамітавы, сабалямі падшыты, коштам у 1 000 зл., жупан аксамітавы, златаглавам падшыты, у 100 зл., шаблю, золатам апраўленую, у 200 зл., шлык мармурковы (шапку канічнай формы з футра чорна-бурай лісіцы) у 80 зл., рад (дэталь конскага рыштунку) залацісты ў 400 талераў, а таксама, шкатулу адбіўшы, забралі 1 500 залатых чырвонцаў, залаты ланцуг коштам у 200 чырв., манеле (дробныя рэчы) залатыя ў 100 чырв., пару пярсцёнкаў з дарагімі камянямі на 150 чырв. “Побравши, полупивши обычаем злодейским, коней есче до того подданых князя его милости до колко на поли порвавши, з места Брагиня повтекали, яко злодеи и зрайцы, пана своего не ушановавши, але овшем такое злодейство пополнивши, яко одни розбойницы по дорогах розбияючи, и кгвалты чинечи, не ведать где ее подели; а особливе тот то преречоный Лисовский, будучи у князя его милости слугою старшим, праве всю маетность его милости, так шафунок пенязей (грошай) есче на Москве, яко коней, рынштунок маючи на руках своих, а того не здавши, ани личбы учинивши, и овшем есче челядь другую не мало их, которые так же зашкодивши князю его милости не мало, побунтовавши, и оных ку собе розмовивши, так зъехал…” [24, с. 148-151].
Сустракаему дакуменце таксама сведчанне добрасумленнага стаўлення да службы мазыраніна А. Палонскага, які перад ад’ездам у Польшчу не забыў пакінуць “на ўрадзе Яго Каралеўскай Міласці” намесніка. Тут, дарэчы, іронія, калі ведаць, з якой мэтай чалавек ад’ехаў. Справа ў тым, што ў час вайны, як склікалася паспалітае рушэнне, з урадоўцаў у замку заставаліся толькі падстараста і войскі. У нашым выпадку павятовы Мазыр пакінуў сам падстараста. Відавочна, мусіў пайсці на такую крайнасць, калі не цярпеў тыраніі, бо паводле тагачасных шляхецкіх ідэолагаў, рокаш — гэта “апошняя абарона вольнай Рэспублікі” [34, т. 2, с. 513]. У 1606 г. ракашане на чале з кракаўскім ваяводай Мікалаем Зэбжыдоўскім і падчашым ВКЛ Янушам Радзівілам са зброяй у руках выступілі супраць планаў караля Жыгімонта ІІІ Вазы ўвесці спадчыннасць трона, абмежаваць паўнамоцтвы сейма ды залатыя шляхецкія вольнасці. Хаця ўрадавыя войскі разбілі бунтаўнікоў у шэрагу сражэнняў, падавіць іх канчаткова не здолелі. Таму на сейме 1609 г. удзельнікам рокашу была абвешчана амністыя, а кароль яшчэ раз прысягнуў выконваць так званыя Генрыкавы артыкулы і захоўваць вольнасці [34, т. 1, с. 659].
Сярод слуг-рабаўнікоў кн. А. Вішнявецкага старэйшым, паводле судовага акта, быў Ю. Лісоўскі. Даследчыкі ўважаюць яго за здольнага военачальніка і нястрымнага авантурыста.
Сапраўды, Аляксандр Юзаф Лісоўскі (каля 1575-1616 гг.) — адзін з дзевяці сыноў небагатага шляхціча, род якога вядомы ў Беларусі ад сярэдзіны XVI ст. Службу пачаў жаўнерам у 1595 г. пад камандай старосты камянецкага Яна Патоцкага. У 1599-1600 гг. ваяваў у Румыніі супраць валашскага гаспадара Міхала. Пазней паручнік Лісоўскі знаходзіўся ў складзе войск польнага гетмана літоўскага Яна Караля Хадкевіча ў Інфлянтах (Латвія і Эстонія). Але, насуперак энцыклапедыі “Вялікае княства Літоўскае”, ён не браў удзелу ў пераможнай бітве са шведамі пад Кірхгольмам (суч. Саласпілс у Латвіі) у 1605 г. Пры канцы 1604 г. Аляксандр (так яго часцей звалі) Лісоўскі ўзначаліў бунт некалькіх гусарскіх харугваў, павёў іх у Курляндыю, а пасля, відавочна, у Расію пад сцягі Ілжэдзмітрыя [іл. № 24] і рабаўніцтвамі забяспечыў аплату іх службы, чаго не здолелі зрабіць кароль і гетман законным чынам [13, с. 2-4].

Там, “есче на Москве”, авантурыст і наняўся на службу да А. Вішнявецкага, увайшоў у давер ды стаў адказным за паходны скарб. Не кожнаму беднаму шляхцічу выпадала служыць шчодраму пану, то як жа здарылася, што слуга выступіў супраць яго? Мяркуем, да граху рабаўніцтва, акрамя ледзьве не прыроднай схільнасці, падштурхнула А. Лісоўскага адна падзея: у маі 1606 г. князь Адам трапіў у палон, а значыць, сама сабой з’явілася магчымасць прыўласніць скарб. Відавочна, тады ў яго і выспеў план наконт Брагінскага замка. Ці ведаў, што, як засведчыў акт Мазырскага суда, у канцы ліпеня гаспадар быў ужо дома? Калі не, то даведаўся ад паплечнікаў-брагінцаў, якія сабраліся “з гаспод сваіх”, але нішто не спыніла рабаўніка. Ды і вялікі клопат: у замку князь ці адсутнічаў, ахоўваў яго адзін або тры дзесяткі ўзброеных слуг! Сам А. Лісоўскі ў гэты час выступаў ужо ротмістрам асобнай харугвы і калі хацеў заставацца ім надалей, то мусіў займець “скарбец”. Заўважым, што згаданая харугва была першым фармаваннем так званых “лісоўчыкаў” — вершнікаў, узброеных шаблямі, рагацінамі, лукамі або стрэльбамі, якія, не маючы абозу, вылучаліся надзвычайнай рухомасцю, а таму і баяздольнасцю. Нерэгулярная кавалерыя, “лісоўчыкі” часцей, як іншыя вайскоўцы ў Рэчы Паспалітай, аплачвалі ўласную службу, займаючыся жорсткімі рабаўніцтвамі ўсюды, дзе б ні з’явіліся. Не адно пры жыцці свайго стваральніка-эпоніма (таго, чыім імем называліся), але і дваццаццю гадамі пазней, ажно пакуль улады не ачысцілі войскі ад гэтых небяспечных кантынгентаў [34, т. 2, с. 200; іл. № 25].

Эпоніму ж Лісоўскаму пасля прыгоды ў Брагіне, каб пазбегчы судовых пераследаў, не заставалася нічога лепшага, як далучыцца са сваёй харугвай да рокашу супраць караля — таго самага, у якім браў удзел і кіраўнік Мазырскага гродскага суда А. Палонскі. Яшчэ цікавая акалічнасць: у вырашальнай бітве 5-6 ліпеня 1607 г. пад Гузавам (Польшча) ракашанаў разбіў тады ўжо вялікі гетман ВКЛ Я. Хадкевіч, раней патрабаваўшы ад канцлера літоўскага Льва Сапегі суровага пакарання А. Лісоўскага за гусарскі бунт у Інфлянтах [13, s. 4].
Так авантурыст, у ліку іншых неаплачаных, непадпарадкаваных дзяржаве, а значыць небяспечных для Рэчы Паспалітай свавольных жаўнераў, апынуўся ў войску чарговага ў Расіі самазванца — Ілжэдзмітрыя ІІ. На чале каля 3 тысяч данскіх казакоў, чаркасаў (запарожцаў) і нешматлікіх гусараў ён здабыў славу аднаго з лепшых палкаводцаў “Тушынскага злодзея”, пад камандай Яна Пятра Сапегі ўдзельнічаў у аблозе Троіца-Сергіевага манастыра і Масквы. Умеў дзейнічаць і самастойна. Напрыклад, паводле сучасніка падзеяў немца Марціна Бэра, у кастрычніку 1609 г., умацаваўшыся ў Растове, “Александр Лисовский хитростию воинскою хотел покорить мятежный Ярославль, шёл день и ночь, и уже достигал своей цели; раскинув лагерь в 3 милях от Ярославля, он хотел выдать себя за героя Скопина12, чтобы овладеть городом нечаянно; но Скопин, Делагарди успели занять его. Лисовский спешил отступить в ночное время, но уже поздно: дорога к Троицкому монастырю была занята немцами <…> Лисовский не надеялся на своих казаков, отступил к Суздалю, укрепился острогом и держался целую зиму, иногда делал вылазки…” [66, с. 106-107]. Але, падобна, і ў рабаўніцтвах ды забойствах з ім мала хто мог параўнацца. Шведскі дыпламат і гісторык Пётр Петрэй паведамляў, што “<…> польский ротмистр, Александр Лисовский, с пятью тысячами казаков и 600 конных воинов, перебил несколько тысяч русских, разъезжал по всем сторонам в области, куда только ему было угодно, дочиста разорял и опустошал всё и не переставал это делать до тех пор, пока не добрался до городов Галича и Костромы, сжёг их и отступил с огромной и богатой добычей” [57, с. 343].
Пасля краху другой “дзімітрыяды”, у якой, дарэчы, браў удзел і князь Адам Вішнявецкі, А. Лісоўскі перайшоў на сталую службу да караля Жыгімонта Вазы. За вялікія заслугі перад Рэччу Паспалітай яму былі дараваныя ўсе правіны ў Інфлянтах, нададзены чын каралеўскага палкоўніка. Памірыўся са сваім колішнім афіцэрам і Я. Хадкевіч. У цяжкім 1615 г. ён з немалым поспехам выкарыстаў “лісоўчыкаў”. Тады палкоўнік А. Лісоўскі, выконваючы загад гетмана, хадзіў на Севершчыну (рэгіён Бранска, Курска, Чарнігава ды інш.) і Паволжжа, разграміў некалькі атрадаў праціўніка, захапіў шэраг гарадоў і спустошыў вялікія абшары краю, чым адцягнуў ад Смаленска частку расійскіх войск і аблегчыў яго абарону [13, с. 2-28]. Для першага цара новай дынастыі Раманавых Міхаіла Фёдаравіча і яго ваяводаў ён стаў сапраўдным кашмарам, таму і загадана было пра ўсе яго дзеянні даносіць самому манарху. У маскоўскіх разрадных кнігах сустракаем шматлікія паведамленні накшталт: “а Лисовский многие городы повоевал з-за мешкотности князя Михайла Борятинского”, “а вор Лисовский с Литовскими людьми стоит в Костромском уезде в Даниловской слободе”, “И Лисовский з-за Московских городов пришол к Мурому, а от Мурома пошол на Резанские места <…> Лисовский из Резанских мест пошол к Туле” [45, стб. 106, 111, 114, 115]. “Лісоўчыкі” даходзілі ледзьве не да берагоў Белага мора.
Такая вось сувязь брагінскай мікрагісторыі з падзеямі, якія закранулі лёсы цэлых народаў і краін Усходняй Еўропы ў пачатку XVII ст. Нагадаем яшчэ, што ў 2017 г. чатырохтысячны Брагін і адзінаццацімільённая Масква адзначылі 870-годдзе першай згадкі іх у пісьмовых крыніцах.
Як казакі на Брагіншчыне / Хойнікшчыне “гасцявалі”…
Адной з найскладаных праблем для Рэчы Паспалітай заўсёды была аплата службы жаўнераў і рэестравых казакоў. Не атрымаўшы яе своечасова, узброеныя кантынгенты спыняліся на пастоі ў асобных валасцях. Чым гэта абарачвалася для мясцовага насельніцтва, дазваляе ўявіць дакумент ад 28 чэрвеня 1687 г. Гэта пратэст, пададзены ў Оўруцкі гродскі суд Кіеўскага ваяводства ад імя Яна Канецпольскага, ваяводзіча бэлзскага, Ваўжынцом Лавіцкім, падчашым ноўгарад-северскім, супраць “нязносных крыўд, шкод, крыміналаў, наездаў і забоеў”, учыненых у маёнтку Брагінскай воласці палкоўнікам Войска Запарожскага Паўлам Апосталам Шчуроўскім, яго сотнікамі і казакамі. Сведкамі выступілі Станіслаў Дамброўскі (Дуброўскі) і Самуэль Казлоўскі, слугі пана ваяводзіча, а таксама брагінскі войт (кіраўнік местачковай адміністрацыі) Цімафей Ленчанка і селянін Гаўрыла Гацучэнка, войт вёскі Бабчын.
Адбылося наступнае. За восем тыдняў да свята Божага Нараджэння рускага (праваслаўнага), палкоўнік П. Шчуроўскі з чатырма сотнямі рэестравых казакоў стаў на зіму ў мястэчку Брагін і навакольных вёсках, ператварыўшы іх у своеасаблівую кухню. Загадаў, каб кожны селянін даў “свайму” казаку паўвядра (вядро — каля 13,3 л) сухароў, паўвядра жытняй мукі, чвэрць проса, маку, пшаніцы, круп грачаных, мукі грачанай, талакна, солі, пару кашуль, абутку, грошай на порах. У разліку на кожных трох казакоў трое сялян мусілі справіць 1 воз з усім неабходным — з хамутом, раменнай шляёй, касой, сякерай, рыдлёўкай, біклагай, мазніцай з двума гарцамі дзёгцю (гарц або гарнец — 2,8237 л). Такі воз каштаваў добрых 10 злотых (для пана палкоўніка, аднак жыхары мястэчка справілі тры вазы коштам у 150 злотых; багацей забяспечвалі таксама сотнікаў і палкавога пісара). Асобна да воза сяляне давалі здору на 4 злотыя або сала на 6 злотых, аўса і сена для коней “колькі з’ядзяць”, хусты палатна на ўладкаванне паходных шатроў. Яшчэ гаспадар павінен даваць казаку гарэлку, піва, рыбу, у мясны дзень мяса, хлеб толькі белы, пшанічны “bo tez niechcieli nigdy jesc zytniego” [іл. № 26]. Чаго ўбогі селянін не меў у хаце, тое ён мусіў для казака купляць. За адсутнасцю грошай даводзілася забіваць ды прадаваць валоў, бараноў, кабаноў кормленых і падсвінкаў, кур, гусей і качак, бо інакш казакі бязлітасна збівалі, калечылі, а здаралася, нават і забівалі насмерць сялян-мужчын, як і белагаловых (белых галоў), “aby im nalezyta byla wygoda” — сведчыць судовы дакумент. Імем агульным bialoglowa называлі замужнюю жанчыну, ад якой тагачасны этыкет патрабаваў паказвацца на людзях толькі з пакрытай галавой.

У шэрагу паселішчаў, з якіх карміліся казакі Апостала (так яго часцей называлі) Шчуроўскага, значыліся: мястэчка Брагін (65 дымоў, 65 казакоў і 30 коней на ўтрыманні), вёскі Рудакоў (12 дымоў, 12 казакоў і 13 коней), Бабчын (26 дымоў, 30 казакоў з паўсотняй коней), Спярыжжа/ Сперыж (8 дымоў, 10 казакоў, 14 коней), Нудзічы (6 дымоў, 15 казакоў, 6 коней), Дублін (7 дымоў, 8 казакоў, 9 коней), Галкі (10 дымоў, 12 казакоў, 10 коней), Сувіды (8 дымоў, 10 казакоў, 8 коней), Мікулічы (28 дымоў, 28 казакоў, 20 коней), Веляцін/Вэлятын (4 дымы, 4 казакі і столькі ж коней), Гамолічы (11 дымоў, 11 казакоў, 14 коней), Сялец (20 дымоў, 3 кані, пра казакоў звестак няма), Малейкі і Катловіца (на 8 дымоў ажно 25 казакоў, бо вёскі трымаў ненавісны Шчуроўскаму дзяржаўца, і палкоўнік вырашыў зруйнаваць іх), Шкураты/Скураты (10 дымоў, 5 коней), Мокіш (7 дымоў, 7 казакоў і 2 кані), Еўлашы (3 дымы, 7 казакоў, 1 конь), Глухавічы, Губарэвічы/Губаровічы і Сцежарнае (разам 77 дымоў, якія ўтрымлівалі 80 казакоў і 30 коней), Хатучу і Юркавічы, якія трымаў пан Нячай, а таксама Ёлчу/Юлчу казакі абмінулі, Лісцвін (10 дымоў, 25 казакоў, 2 кані), хутары Маскі (4 дымы), Ільічы (4 дымы, 10 казакоў, 8 коней), Буркі (8 дымоў, 8 казакоў, 6 коней), Крыўча (1 дым, 1 казак без каня), Дамброўскі (1 дым, двое казакоў і 4 кані; у дакуменце запісана, што гэтым пастоем палкоўнік дашчэнту зруйнаваў гаспадарку, бо засценак належаў вышэйзгаданаму шляхцічу Ст. Дамброўскаму, які ездзіў ад адміністратара Андрэя Чэхоўскага з лістом-скаргай на гвалт з боку казакоў і самога Апостала да Яна Канецпольскага, уладальніка Брагінскага маёнтка), Варацец (5 дымоў, 12 казакоў, 18 коней), Конанаўшчына/Конаны (3 дымы, 2 казакі і 2 кані), Чахі (4 дымы, 5 казакоў), Забалоцце і Ясяні (па 3 дымы, 3 казакі і 3 кані), Звяняцкае/Звінярскае (4 дымы, 5 казакоў, 3 кані), Бандары (3 дымы, 3 казакі і 2 кані).
Апісанне усяго аддадзенага сялянамі на ўтрыманне казакоў заняло б шмат месца; грошай жа яны заплацілі 8 686 злотых, што ў пераліку на тагачасныя польскія злотыя складала 17 372.
А які гвалт чынілі!
Сотнік Русановіч моцна збіў брагінскага падстаросту Сташкевіча, а мешчаніна Антоненку ажно да смерці. Здзекваўся са святара Мікольскага [Мікуліцкага? — С.Б.], цягаючы яго за валасы каля царквы і збіваючы за тое, што ён словамі ўшчуваў сотніка, які ў Вялікі пост уздумаў іграць музыку і танцаваць [іл. № 29]. На загад Апостала Русановіч пасля жорсткага катавання абрабаваў, а потым забіў ксяндза- дамініканіна Булгака, які ехаў з Пінскага кляштара да сваіх родных і заначаваў у Брагіне. Казакі сотні Русановічавай, што стаялі ў Мікулічах, забілі каля Бабчына брагінскага яўрэя-купца Гірша з Турава, які вяртаўся з кірмашу. Узяўшы шмат рознага тавару і грошай, завезлі іх да палкоўніка ў Вербкавічы [На Нараўляншчыну? — С.Б.]. Казакі гэтай жа сотні Рабко і Я. Коўтун забілі цяжарных жанчын Чэчэрчыху і Фядорчыху. Апошні ўчыніў названае злачынства ў Лісцвіне.

Сотнік Кіяшка забіў насмерць губарэвіцкага войта Івана, а яго казакі пазбавілі жыцця селяніна, згвалтавалі дзвюх белагаловых Леташыху і Астапіху ды дзвюх дзяўчын у Глухавічах, трох жанчын у Нудзічах; сярод зімы абрабавалі ямы і каморы.
Самуэля Казлоўскага, як сказана ў дакуменце, “шляхціча добрага”, сотнік Гардзей разоў пяць пасылаў казакоў сваіх забіць у яго доме; нарэшце гаспадара знайшлі ў полі, калі той араў зямлю [Такой была засцянковая шляхта. — С.Б.], паранілі і збілі, ледзь жывым пакінуўшы. Жонку яго ганілі і ўчынілі б гвалт, але, на шчасце, суседзі збегліся і абаранілі. Шляхціча Дамброўскага, які прыехаў ад пана Канецпольскага з лістом да пана адміністратара, Апостал узяў пад варту і суткі трымаў, але ён уцёк. Шляхціча Лавіцкага, на той час падстаросту брагінскага, абухом збіў і пад вартай трымаць загадаў.
Палкоўнік Шчуроўскі загадаў “забіць, дзе сустрэнуць на дарозе” брагінскага адміністратара А. Чэхоўскага. На яго двор і вёску [Пэўна, Лісцвін, што на Хойнікшчыне. — С.Б.] наслаў Кіяшку і Русановіча з сотнямі, якія дабро разрабавалі, чэлядзь шаблямі пасеклі, а гаспадара, страляючы з мушкетаў, ледзь не дасталі кулямі. Гэта за тое, што Чэхоўскі абураўся і настойліва патрабаваў ад Апостала спыніць гвалт. Справядлівыя дзеянні адміністратара выклікалі адваротную рэакцыю, казацкі палкоўнік “яшчэ горшым рабіўся і стаяў так да самых swiqtek zielonych у такой зацятасці і злосці”. У выніку, каб пазбегчы гвалту, многія сяляне і мяшчане Брагіншчыны пакінулі свае хаты і выселіліся за Днепр [25, с. 148-158; іл. № 27].

У той жа Оўруцкі суд, але дзесяццю гадамі пазней (2 мая 1697 г.), была пададзена скарга на свавольствы казакоў ад імя князя Дамініка Шуйскага, харунжага берасцейскага, маёнткаў Хойніцкай і Загальскай валасцей, што ў ваяводстве Кіеўскім, а ў павеце Оўруцкім знаходзіліся, дзедзіча (спадчыннага ўладальніка). Зрабіў гэта “urodzony” пан Аляксандр Галаскі (астраглядаўскі зямянін у інвентары 1698 г. [52, а. 132; іл. № 13]), слуга пана харунжага. У скарзе сцвярджаецца, што казацкага палка Ярэмы сотнік Лабада аніяк не паважаў вайсковыя артыкулы і права паспалітае, бо наехаў на двор Астраглядаўскі пана Дамініка года 1697 дня 10 лютага месяца, а наехаўшы, валоў, коней, авечак, свіней і дабро ўсякае пазабіраў. Пазней, таго ж года дня 16 красавіка месяца сотнік Чэпарняка і казакі-ярэмінцы з мушкетамі, пісталетамі, дзідамі і іншай зброяй баявой (тут падкрэсліваецца, што яна не паляўнічая) пачалі рабункі ў мястэчку Хойнікі. Калі пан Фрыдэрык Левенфатэр, эканом, паспрабаваў не дапусціць іх, дык казакі сілаю ўламваліся да людзей, стралялі ў іх, як у непрыяцеляў, а іншых збівалі. Стэфана Пятроўскага, баярына хойніцкага (яго ўдава Ганна запісана ў пераліку астраглядаўскіх зямян 1698 г. [52, а. 132; іл. № 13]), з мушкета два разы ў грудзі пад самае сэрца стрэлілі, ад чаго той і памёр. Страты ад рабункаў ацэньваліся ў некалькі тысяч польскіх злотых [25, с. 351-352].

Як бачым, тыя, хто ў літаратуры нярэдка паказваюцца вызваліцелямі беларускага народа ад панскага ярма, пры магчымасці рабавалі каго заўгодна і чынілі гвалт над усімі, не зважаючы на саслоўную, канфесійную і нацыянальную прыналежнасць. Вядомая ўкраінская песня “Ой, ти Галю” выглядае не адно жартаўліва-павучальнай, якой яе ўважаюць, а з’яўляецца таксама своеасаблівай вершаванай ілюстрацыяй падзеі, падобнай да вышэйапісаных [іл. № 28]. Ці можа нерэестравыя казакі (вольніца) паводзілі сябе інакш?

Справы судовыя ў Оўруцкім гродзе (замку)
Сярод дакументаў Оўруцкага гродскага суда, хоць і рэдка, а ўсё ж сустракаюцца вельмі цікавыя звесткі пра людзей Брагінска-Хойніцкага рэгіёна.
Напрыклад, скарга ад 4 чэрвеня 1694 г., пададзеная ў суд панам Казімірам Яроцкім, на адміністратара Хойніцкага маёнтка — спадчыннага ўладання князя Канстанціна Шуйскага, пісара літоўскага, пана Яна Здзітавецкага. У крыніцы паведамляецца, што харугва ваяводзіча інаўроцлаўскага пана Шчавіньскага ў лістападзе 1693 г. стала на зіму ў Хойніках. Але, згодна з воляй і на загад гетмана вялікага кароннага Ст. Ябланоўскага, яшчэ да пачатку хойніцкага кірмашу яна выправілася пад Хвастаў супраць казакоў белацаркоўскага палкоўніка Сямёна Палія. 12 лютага 1694 г. бацька падаўца скаргі Себасціян Яроцкі, мечнік перамышленскі, разам з іншай шляхетнай чэляддзю прыехаў у Хойнікі дзеля закупкі правіянту на ўтрыманне вышэйназванай харугвы. Уладкаваўшы справы, С. Яроцкі спыніўся на ноч у вёсцы Валокі (сёння вул. Катоўскага) у хатніх сенцах удавы Казачыхі, “ні перад кім не быўшы вінаватым”. Але пераначаваць ціха і мірна яму не давялося. У мястэчку сярод людства раптам пачаліся беспарадкі, справакаваныя нібыта з’яўленнем тут Тышэвіча і Тура, збеглых слуг пана Палубінскага, які і сам быў не ў ладах з законам і адышоў “за Днепр”. Ахвяраю іх стаў С. Яроцкі. Яго, калі ён проста ішоў па вуліцы, невінаватага, не распытаўшы, замест вінаватых схапілі, моцна збілі, пасля чаго абаронца спакою ў мястэчку Я. Здзітавецкі памылкова, “як таго злачынцу і здрадніка”, узяў яго пад варту і трымаў у замкавай турме ў жалезных аковах і ў лютым холадзе ледзь не тры месяцы, ажно пакуль не вярнулася харугва і пацярпелы не быў апраўданы [25, с. 285-287].
Іншы дакумент, асноўная частка якога датаваная 23 чэрвеня 1697 г., уяўляе сабой скаргу ад імя князя Дамініка Шуйскага, харунжага брэсцкага, маёнткаў Хойніцкага і Загальскага дзедзіча, і эканома яго маёнтка капітана Фрыдэрыка Левенфатэра, пададзеную ўпаўнаважаным панам Янам Савінскім. Абвінавачваліся скарбнік мазырскі пан Марцін Рэйтан і яго слуга пан Цыпрыян Пятровіч, падстараста глухавіцкі.
Адбылося наступнае. 24 красавіка пан Ф. Левенфатэр паслаў слуг сваіх, паноў Мацея Більскага, Юрыя Гнатоўскага, Стэфана Маркевіча, Аляксандра Галаскага і іншых баяр з уладанняў пана харунжага (у інвентары 1698 г. М. Більскага няма, астатнія ж названыя астраглядаўскімі зямянамі [52, а. 132; іл. № 13]) на попіс або агляд апалчэння Кіеўскага ваяводства. Ц. Пятровіч, пасланы з той жа мэтай панам Рэйтанам, далучыўся да іх. У дарозе ён, затуманіўшы розум лікворам, пачаў чыніць розныя эксцэсы. Як павярнулі да Шаломак (на паўднёвы захад ад Оўруча; тамсама і наступныя ўкраінскія паселішчы), прыналежных пану Рэмігіяну Сурыну, стольніку жытомірскаму, “на вёсцы шумеў моцна, а потым за слугой стольніка гнаўся да самага двара, страляў і з шабляй бегаў, чым увёў у канфуз пані стольнікавую і іншых”. Выхваляўся і пагражаў яшчэ, што казакоў Паліевых будзе лавіць і вязаць. Пра гэта стала вядома казакам, якія пана М. Більскага, пры вазах быўшага ў Хайчы Малой, “nic sobie niewinnego” і ў вышэйзгаданым эксцэсе ўдзелу не браўшага, схапілі, адвялі да мястэчка Норынска і трымалі там пад вартай цэлыя суткі. Вызвалілі яго паплечнікі за выкуп толькі пасля вяртання з мястэчка Вяледнікі, дзе праходзіў агляд.
Але на гэтым прыгоды не скончыліся. Як пачулі казакі, што слугі паноў шляхты вяртаюцца, то дагналі іх каля вёскі Шаломкі, збілі і абрабавалі: грошы князя Дамініка, аддадзеныя на захаванне А. Галаскаму, 20 талераў бітых забралі, а таксама два мушкеты коштам у 10 талераў, дзве шаблі коштам 15 злотых ды яшчэ нямала дробных рэчаў. Не сунімаўся і Ц. Пятровіч. Лаханскага [Названы Саханскім, але такога прозвішча сярод астраглядаўскіх і “calej wlosci” зямян-баяр ніколі не было. — С.Б.], ні ў чым не вінаватага, ён, “як быццам свайго слугу”, паваліўшы на зямлю, біў. Пазней, калі ўжо ўсе вярнуліся да сваіх гасподаў, Ф. Левенфатэр, будучы ў кляштары айцоў-дамініканаў у Астраглядавічах13, абурыўся тым, што Ц. Пятровіч сябе старэйшым над яго слугамі паставіў, біў іх ды з яго віны казакі на слуг напалі і абрабавалі. Ц. Пятровіч, там жа ў кляштары за шаблю схапіўшыся, пачаў пана эканома зневажаць і срамоціць, замах на яго здароўе і годнасць публічна такім спосабам учыніўшы.
У дакуменце ёсць яшчэ звестка пра тое, як 17 ліпеня 1697 г. князь Дамінік, па дамоўленасці з панам ваяводам Патоцкім, адправіў правіянт для жаўнераў яго драгунскай харугвы ў вёску Губаровічы. Даручэнне выканалі хойніцкі войт Грышка з кушняровым парабкам. Аддаўшы груз, яны заначавалі ў тамтэйшага яўрэя-арандатара. Ц. Пятровіч, як даведаўся пра начаваўшых пасланцоў князя Шуйскага, так без якой- колечы нагоды і рацыі ўзяў з сабой дзесятак сялян губарэвіцкіх і напаў на карчму; тых жа людзей “sine omni misericordiae et timore Dei (без усялякай міласэрнасці і страху перад Богам) біў, вязаў і тыранізаваў. Каторы той войт ад такога цяжкага і неміласэрнага збіцця, ведае Бог, ці доўга жыць будзе <…>” — занатаваў судовы пісар [25, с. 353-356].
Справы ў тыя часы вяліся падоўгу, і адказчык з пацярпелым маглі памерці або загінуць раней, чым бываў задаволены пратэст. Таму абвінавачванне, здаралася, выстаўлялі сямейнай пары і ад імя такой самай пары. 7 кастрычніка 1715 г. пан Міхал Камароўскі, падстараста
— слуга пана Аляксандра і пані Людвікі з Чыхроўскіх Бандынэлі, войскіх мельніцкіх, падаў скаргу на пана Антонія і пані Ганну з Грабоўскіх Аскеркаў, маршалкаў Мазырскага павету, за тое, што:
— у 1708 г. А. Аскерка захапіў землі з сенажацямі ва ўрочышчы Тварова(-е), адпісаныя брагінскай царкве св. Мікалая яшчэ князямі Вішнявецкімі, і, не маючы на іх ніякіх правоў, прыўласніў, а вёскі Глухавічы, Губаровічы, Сцяжарнае, Пучын, Мокіш, Еўлашы, што належалі да прыходу названай царквы, у ваяводстве Кіеўскім, павеце Оўруцкім размешчаныя, адабраў і да царквы ў вёсцы Губаровічы, прыватным чынам сялянамі тамтэйшымі збудаванай, самавольна далучыў;
— у 1711 г. таксама ўгоддзі з сенажацямі, але прыналежныя да хутароў Рудых, якімі мясцовыя сяляне здаўна карысталіся, адабраўшы, загадаў араць, засяваць, касіць аж да самай ракі Брагінкі, рыбу лавіць, бортныя дрэвы руйнаваць і “іншыя пажыткі ўсялякія браць і на свой пажытак абарачваць”;
— 22 верасня 1715 г. А. Аскерка, сабраўшы натоўп сялян губарэвіцкіх, узброеных косамі, сякерамі і стрэльбамі, пад камандай свайго падстарасты пана Траскоўскага паслаў на сенажаці, з даўніх часоў прыналежныя да вёсак Бабчын, Рудакоў і хутара Чахі, ды ўсё, што там было назапашана і належала як пану Бандынэлі, так і яго падданым, папаліць загадаў. У выніку сена, у “styrty i stogi” складзенае, вазоў на тысячу і болей, папалілі, ні сцябла не пакінуўшы, а ўбогія сяляне А. Бандынэлі, якія з-за браку сена не мелі чым карміць худобу зімой, вымушаныя былі ад яе пазбавіцца [26, с. 378-379].
Згаданае вышэй урочышча Тварова(-е), як крыніца дадатковага, хоць і незаконнага прыбытку, вабіла суседзяў- свавольнікаў і надалей. 2 мая 1720 г. пан Ян Леўкоўскі падаў скаргу ад імя сужэнства Бандынэлі ўжо на пана Зыгмунта і пані Гелену з Паткоўскіх Шукштаў, падстоліх ковенскіх [26, с. 397-398]. Напэўна, гэта той самы Шукшта, які быў адміністратарам маёнтку Хойнікі / Астраглядавічы і Загальскага стараства князя Дамініка Шуйскага ў 1698 г. і пазней [52, а. 119, 133 адв.]. З. Шукшта таксама не прымусіў сябе доўга чакаць. 10 жніўня т. г. асабіста з’явіўся (comparens personaliter) у суд, куды падаў сведчанне за подпісамі некалькіх шляхцічаў, якія на ўласныя вочы назіралі ў мястэчку Брагін жахлівую карціну: прыходскія могілкі Свята-Мікольскай царквы, зруйнаваныя на загад пана Бандынэлі, а разам косці і чарапы, раскіданыя паўсюдна. Сцвярджалася, што гэтае блюзнерства адказчык учыніў, каб вызваліць месца пад італьянскі сад (ogrod wloski). Дарэчы, возны (судовы выканаўца) Марцін Паўлюкевіч, адзіны з шасці сведкаў, замест аўтографа пад абвінавачваннем krzyzykpolozyl [26, с. 401-402].
Праз год, 11 жніўня 1721 г. У Оўруцкім судзе перад службоўцам панам Міхалам Сінгаеўскім з’явіўся асабіста пан Міхал Ябланоўскі, слуга А. Бандынэлі, падкаморага дэрпцкага. Абвінавачваліся сужэнства Шукшты, айцец Якуб Бярнацкі, настаяцель глухавіцкі, а таксама сяляне Мікіта, Касьян і Улас Канавалы з сяла Глухавічы.
Пацярпелі ўласнасць, а праз тое і людзі, брагінскай царквы14 ды пана А. Бандынэлі. У гэты раз была адабраная зямля ва ўрочышчы Дзяканаўскае, падараваная царкве ўсё тымі самымі князямі Вішнявецкімі. Калі 2 жніўня т. г. айцец Яўхім Давідовіч, настаяцель брагінскі, выехаў касіць сена ва ўрочышча, паны Шукшты падбілі Я. Бярнацкага, дадаўшы яму ў дапамогу людзей, каб Давідовіча адтуль сагнаў. Айцец Бярнацкі з названымі Канаваламі, а яшчэ і больш за дзесятак сялян далучыўшы да крыміналу, наехаў на дзяканаўскую сенажаць і айца Давідовіча za brodq porwawszy, pi^sciq (кулаком) bil, tlukl, za wlosy na ziemiq obaliwszy, targal, wlosy wyrwal (на ўрадзе іх паказвалі, як рэчавы доказ), pokrwawil, з сенажаці сагнаў і касіць не даў, а яшчэ хацеў звязаць і да панскага двара адвезці. Работніка Трахыма, падданага А. Бандынэлі з вёскі Бабчын, які прыйшоў збіраць свой засевак каля Глухавічаў, пані падстоліна ковенская зусім невінаватага збіць загадала.
4 жніўня т. г. паны Ян Сакальскі, возны генерал ваяводства Кіеўскага, А. Бандынэлі, Ян Паўлоўскі і Ян Банькоўскі былі ў Бабчыне, дзе бачылі селяніна Трахыма, кіямі збітага і скалечанага, смяротна (letaliter) хворага, а таксама вялебнага айца Я. Давідовіча, пакрываўленага і пабітага [26, с. 407-409].
Такія вось сумныя тэмы з жыцця продкаў нашых утрымліваюць актавыя кнігі Оўруцкага гродскага суда.
Напрыканцы падаём звесткі з ведамасці аб асобах, якія пад прысягай засведчылі ў Оўруцкім гродскім судзе ўбыванне насельніцтва ў розных мясцовасцях Кіеўскага ваяводства. Крыніца датаваная 1686 годам, г. зн. часам, калі аселыя людзі нашага краю, перажыўшы “хмяльніччыну” (казацка-сялянскую вайну), “патоп” або “руіну” (вайну паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай), працягваў цярпець ад гвалту і казацкай вольніцы, і ўрадавых войск, і шляхецкіх узаеманаездаў.
Вось жа брагінскі мешчанін Юры Андрыевіч 14 верасня паведаміў у судзе, што з мястэчка Брагін адышлі, акрамя яўрэяў, пятнаццаць дымоў (“z miasta Brahinia dymow odeszlych z zydami piqtnascie”). Паводле ляснічага Лаўрына, вёску Бабчын пакінулі сямнаццаць дымоў, Рудакоў — восем, Пятрыцкую слабаду — пяць, Удалёўку — чатыры, Хаткі — восем, Дублін — чатыры, Сувіды — шесць (“tak przez kozakow iako y przez woyska wielkiego xigstwa Litewskiego odeszlych, odprzysiqgl”). Апошні сведка, згаданы ў дакуменце, селянін Мацвей з Хойнік, пана харунжага брэсцкага (ім быў тады князь Канстанцін Ян Шуйскі), 30 кастрычніка назваў і наогул нечуваную лічбу — семдзесят сем дымоў. Верагодна, меліся на ўвазе страты ўсяго Хойніцкага (Астраглядаўскага) маёнтка, тады як папярэднія інфарматары казалі пра асобныя паселішчы [28, с. 550-551, 553].
Гайдамакі ў нашых краях
Цюркскае слова “haydamak” утрымлівае значэнні “той, хто нападае”, “рабаўнік”, “угоншчык”. У XVIII ст. на Украіне і Беларусі так называлі ўдзельнікаў узброеных атрадаў, што налічвалі ад некалькіх чалавек да тысячы і нападалі на панскія маёнткі, лацінскія касцёлы і кляштары, уніяцкія цэрквы і манастыры, на яўрэяў і на заможных жыхароў мястэчак незалежна ад канфесійнай прыналежнасці. Зачынальніцай руху гайдамакаў была запарожская казацкая бедната (галота), з асяроддзя якой звычайна выходзілі кіраўнікі — атаманы і ватажкі. Потым ужо да яе далучаліся сяляне і парабкі.
Гісторыкі канстатуюць бясспрэчна антыфеадальны характар Калііўшчыны (1768 г.) — найбуйнейшага паўстання за ўсю гісторыю гайдамацкага руху; бяруць пад увагу сацыяльны склад самых згуртаванняў і тое, што дзеянні гайдамакаў нярэдка падштурхоўвалі да ўзброеных выступленняў сялян, у тым ліку суседніх рэгіёнаў, як гэта здарылася ў 1754-1756 гг. на Каменшчыне Мазырскага павету — уладанні віленскага капітула; што пры магчымасці гайдамакі знішчалі дакументы з зафіксаванымі ў іх сялянскімі павіннасцямі і правамі на шляхецкую або царкоўную ўласнасць, як адбылося ў выпадку з Юравіцкай езуіцкай рэзідэнцыяй у 1748 г., калі былі спаленыя таксама паперы падпарадкаванай ёй Мазырскай місіі. Усё гэта нібы дазваляе ўвесь стыхійны рух назваць антыфеадальным [іл. № 30].

Але гайдамаччына працягвалася некалькі дзесяцігоддзяў і выглядае занадта разнароднай, каб яе можна было кваліфікаваць агулам. У пераважнай жа большасці гэта былі не звязаныя між сабой дробныя выступленні, якія мелі за мэту хіба адно — рабаўніцтва. Да прыкладу, напады гайдамакаў у 1750 г. на вёскі, што знаходзіліся “за некалькі міль ад Лоева” і належалі ротмістру ашмянскаму Францішку Антонію Ракіцкаму, у 1751 г. на Нароўлю маршалка мазырскага Рафала Алаізія Аскеркі, Брагін таго ж Ракіцкага і Бабічы [Бабіца; будучы Барбароў. — С.Б.] харунжага мазырскага Багуслава Леапольда Аскеркі [31, с. 396398]. Згаданы Францішак Ракіцкі паведамляў кіеўскаму генерал- губернатару М.І. Лявонцеву: “сего 1752 г. мая 10-го н. с. два гайдамаки именем Грицько Киселенко, а другой Пархоменко пойманы с товарищи в розбое и в допросе сего мая 15 в лоевском замке показали: <…> оттуду миновав Чарнобиль, Теремце и Жары деревни ограбили, корчму с двома домами мужичими сожгли, и тамошнего помещика гд-на Вышпольского били и подкололи. Из Жаров вышев, имев всякое к пропитанию изобилие, плыли Днепром до реки Брагинки и хотели прийти до местечка Брагина, но имея предосторожность, что были в опасности, поплыли вверх Днепром к Лоеву, мимо Любеча…” [42, с. 13, 16]. Нярэдка, рабаўніцтвы суправаджаліся забойствамі. Уражвае наступнае сведчанне: “Тот же секунд-майор Галцов 25 августа 1750 г. рапортовал: “сего августа 25 дня писал к нему польского местечка Лоева, владельца конюшенного и ротмистра Антония Рокицкого местечка Брагина управитель шляхтич Верига, что сего августа против 25-го числа разбойников 12 ч-к, в ночи при селе Игрушине попа Павла Лазниченка разбили и двор огнем спалили, и жида разбили и огнем сожгли, а жидовку до смерти скололи; да в деревне Сувиде жида разбили, а жидовку огнем же зжгли и жиденка до смерти скололи, которое де село Игрушин и дер. Сувида разстоянием от Днепра против Любич с 15 верст” [42, с. 30].
Якраз падобныя гайдамацкія ватагі, разам з узброенымі атрадамі мясцовых сялян, паны Халецкія выкарыстоўвалі ў барацьбе супраць князя А. Радзівіла за валоданне маёнткамі Хальч (Веткаўшчына) і Жлобін [34, т. 1, с. 481]. Якая ўжо там антыфеадальная накіраванасць!
Яшчэ, дзеля ілюстрацыі, можна прывесці ўрывак з паказанняў арыштанта Івана Падалякі ў Кіеўскім гродскім судзе ад 20 кастрычніка 1750 г.: <-…> гайдамакі, з паміж сябе абраўшы мяне, Івана Падаляку,
за ватажку, ішлі каля Яснагародкі [Тады належала князю Ігнацыю Шуйскаму, дзедзічу Астраглядаў і Хойнікаў. — С.Б.] аж да Дняпра <…>, насупраць Любеча выйшлі на бераг Польскага панства і там у лесе селяніна здыбалі [Г. зн. злавілі. — С.Б.], які вязаў дранку, на імя Сцяпан, з сяла якогась ксяндзоў цыстэрцыянцаў Кімбараўскіх, каторае сяло гадоў таму сем як зрабавалі сяляне з Любеча; той Сцяпан узяўся дабраахвотна правесці гайдамакаў на Брагін; ідучы да Брагіня каля млыноў, што завуцца Гарадзішчам, здыбалі аднаго чалавека, з імя і прозвішча невядомага, які таксама ўзяўся дабраахвотна праводзіць, і пайшлі да Брагіня; у Брагіню ўначы зрабавалі двух яўрэяў: сукмані [Вопратку. — С.Б.], маніста, серабро ігрошызабралі; кожнамугайдамаку ў цвёрдай манеце дасталася па дзесятку рублёў, а ў дробнай манеце маскоўскай — па пяць рублёў і шэсць грывень; тую дробную манету ўсю аддалі правадніку Сцяпану, а шэлягі — другому і таго адправілі; той жа Сцяпан з Брагіня праводзіў іх да дому свайго бацькі і, там накарміўшы, у бацькі пакінуў грошы, а сам павёў іх да сваіх паноў, да Кімбараўкі [Сёння ў межах Мазыра. — С.Б.], але калі паведаміў ім, што ў ваколіцах Кімбараўкі няма вялікіх лясоў, то вярнуліся і ўдаліся да Масаноў; там у яго міласці [Гэта выраз судовага пісара, а не гайдамака; яго патрабаваў тагачасны этыкет. — С.Б.] пана Грузевіча ўзялі рублёў шэсць і яго самога, з якім пайшлі да ракі Прыпяці і, пераправіўшыся, прыйшлі да Старых Шэпелічаў; там узялі чалавека Пятра і яўрэя, а Сцяпана і пана Грузевіча перад Прыпяццю адправілі; з тым Пятром пайшлі да Рудак, там узялі Вакулу; з тымі трыма дабраахвотнымі праваднікамі ішлі да Хабнага; недаходзячы яго нагнаў іх верхам на кабыле Пракоп, брат Вакулы, просячы, абы Вакулу адпусцілі, а яго ў гайдамакі прынялі; Вакула, аднак, пайсці не захацеў, але, прыйшоўшы пад Хабненскі мост, дзе Вакула і Пятро ўпарта патрабавалі ісці да места дзеля здабычы, я, ватажка, на трэці раз ледзьве здолеў іх прагнаць; Пракоп жа быў на зрабаванні Хабнага і далей з імі пайшоў <…>” [27, с. 529-530].
Зразумела, што ў Рэчы Паспалітай уся шляхта наогул, а асабліва ўрадоўцы дзяржаўнага і павятовага ўзроўняў ставіліся да гайдамакаў, як да “валацугаў і гультаёў”, звычайна прымалі меры дзеля іх арышту і пакарання. Напрыклад, 20 верасня 1750 г. у Оўруцкі гродскі суд асабіста з’явіўся возны генерал Кіеўскага ваяводства пан Андрэй Святкоўскі. Ён паведаміў, што 14 жніўня т. г., у адказ на занепакоенасць прывялебнага ў Богу ксяндза Габрыэля Касцюшкі, прыёра канвенту Кімбараўскага, у кампаніі годных даверу людзей, паноў Дамініка Пухоўскага і Яна Арлоўскага, быў у Хойніцкім замку ў мясцовага губернатара [Тут: кіраўніка ключа. — С.Б.] пана Мікалая Страчынскага. Дык вось у Хойніках вознаму пашанцавала і ён здолеў арыштаваць краснасельскіх падданых М. Страчынскага сялян Саўку Лутчанку, Лук’яна Кананенку, Ігната, войтавага сына, Селівона, Іванавага ўнука, Цімоха і Івана Панчанкаў і “іншых”, а таксама Кулешыка, слугу пана Загароўскага. Іх абвінавачвалі ў гайдамацтве; менавіта — у нападзенні на Малочкі і ў зрабаванні мясцовага яўрэя-арандатара Бені Ізраэлевіча, у якога забралі 20 тыс. грывень польскіх. Прычым атаманам гайдамакаў з Краснаселля быў вышэйпамянёны Кулешык. М. Страчынскі, ад імя паноў сваіх (верагодна, князёў Шуйскіх) арышт падданых “прыхільна прыняўшы <…>, ad decisionem causae (да заканчэння судовай справы) затрымаць паабяцаў <…>” [27, с. 511-512].
Упэўнена можна сцвярджаць, што ў часы адноснага спакою не падтрымлівалі гайдамакаў і добрапрыстойныя жыхары сёл і мястэчак. 31 чэрвеня 1750 г. ад імя пана Мацея Дзядовіча- Трыпольскага, падсудка земскага кіеўскага, у Оўруцкі суд звярнуўся пан Станіслаў Васілкоўскі, прысяжны субдэлегат гродскі кіеўскі, які абвінаваціў губернатара Оўруцкага стараства пана Станіслава Быстрыцкага ў тым, што ён адмовіўся прыняць у турму гайдамака Астапа Луцкага і не загадаў выканаць над ім смяротны прысуд. Апошні быў “zlapany” (схоплены) ў мястэчку Хойнікі і не адміністратар, а менавіта грамада Хойніцкага ключа асудзіла яго “на горла”. Рашэнне было прызнана слушным, бо як заявіў субдэлегат, следствам высветлена, што А. Луцкі на працягу ажно шасці гадоў “у гультайскіх эксцэсах жыццё праводзіў” [27, с. 464- 466]. Чым можна растлумачыць пазіцыю С. Быстрыцкага? Магчыма, бояззю пацярпець ад гайдамацкай помсты. Асабліва, калі яго двор знаходзіўся па-за межамі павятовага Оўруча. Раней бывала, што сёй-той з мясцовых шляхцічаў, а нават і ўрадоўцаў падтрымліваў сувязі з казацкімі атаманамі і выдаваў ім рашэнні шляхецкіх сходаў [напрыклад, падольскі чашнік Шумлянскі — палкоўніку Сямёну Палію ў 1702 г., гл.: 25, с. 436-440]. Усё, каб выратаваць свой маёнтак ад разрабавання!
Гайдамаччына — не інакш тое, у што вырадзіўся казацкі рух на Украіне да сярэдзіны XVIII ст. Менавіта казацкі, бо і вышэйзгаданая Калііўшчына, стыхія якой ахапіла Кіеўскае ваяводства, Брацлаўшчыну, Падолію, Валынь, сярод удзельнікаў якой значна пераважалі сяляне, ніколі не набыла б такога размаху без казакоў. Нагадаем: у 1709 г. расійскі ўрад за ўдзел запарожцаў у паўстанні пад кіраўніцтвам К. Булавіна і за дапамогу шведам у кульмінацыйны перыяд Паўночнай вайны скасаваў Запарожскую Сеч. Хаця ў 1734 г. была створана гэтак званая Новая Сеч, казацкі рух няўхільна працягваў дэградаваць. У шматлікіх выпадках, з пункту гледжання якой бы эпохі і ідэалогіі ні ацэньваць характар апошняга, яго праявы падаюцца ўжо звычайным бандытызмам. Выступленні гайдамакаў былі падаўленыя войскамі Расіі і Рэчы Паспалітай і спыніліся назаўжды толькі пасля канчатковай ліквідацыі Запарожскай Сечы ў 1775 г.
- Тут жа А. Ябланоўскі, акрамя таго, адвольна змясціў Брагінскую воласць у складзе Любецкай акругі побач з Любецкім і Лоеўскім староствамі. І.В. Кандрацьеў пайшоў у гэтым пытанні яшчэ далей, залічыўшы прынамсі палову Брагіна да Любецкага староства [46, с. 20, 196-97] і нават да Любецкай (!) воласці [46, с. 69, 79].
- Яшчэ ў 1550 г. са слоў ігумена Савы было запісана: “К тому теж люди кнзя Дмитреевы остроглядовцы в члвка их манастырскогоХодоса в погонном острове [Пазнейшая вёска Пагоннае на Хойнікшчыне. — С.Б.] вчале дубье бортное со бчолами отнимают, бчолы дерут и свои знамена новыи на дереве бортном кладут, а их стары казят и коли тыи люди манастырскии о тыи крывды и шкоды свои вряднику его жалуют, он их збивает, отповеди и похвалки чинит <…>”. Урадовец выслухаў тады адказ князя, у якім — ані слова аб прыналежнасці да Троцкага павету [38, с. 359]. Падобна, у 1556 г. князю важна было ашчадзіць ад судовых разбораў цэнтральны двор свайго маёнтка.
- Сітуацыя, бадай, унікальная: тэрыторыя сённяшняга г. Хойнікі ў раёне вул. Настольскай і канца досыць працяглай вул. Пралетарскай, якая пачынаецца паблізу яго гістарычнага цэнтру “на Замку”, да 1569 г. была часткай Мазырскага павету, тады як тагачасныя Хойнікі належані да павету Кіеўскага, пасля ж абедзве паловы апынуліся яшчэ і ў розных ваяводствах — Мінскім і Кіеўскім, ды ў розных частках федэратыўнай дзяржавы — адпаведна ў ВКЛ і Кароне (С.Б.).
- Тую гару за паўтысячагоддзя, зразумела, нішто не магло зруйнаваць, яна і сёння аддзяляе Лісцвін, Паселічы, урочышча Пальміру ад Хойнікаў, але хвайнікоў, з-за якіх райцэнтр атрымаў сваю назву, на ёй няма, бо векавыя дрэвы даўно высечаныя, а зямля пад імі разараная. Лес, што яшчэ прымыкае да гары з усходу і паўночнага ўсходу — пасляваенны, ды і той, падобна, будзе неўзабаве высечаны, не з-за караеда…
- Гл.: Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Хойніцкага раёна. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 1993. — С. 26; Памяць. Брагінскі раён. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2003. — С. 38. Дарэчы, гэтыя памылковыя звесткі выкладаліся настаўнікамі задоўга да з’яўлення кніг “Памяць”, прынамсі, аўтар сустракаў іх у экспазіцыі музея СШ № 3 г. Хойнікі ў лістападзе 1977 г., калі яшчэ і раённы краязнаўчы музей не існаваў (С.Б.). Адкуль усё?..
- Чаму мог супрацівіцца «камісар» князя Збаражскага? Усё ж праводзілася ў яго інтарэсах. Пан Фёдар (Хвядос), пэўна, бацька Сямёна Палазовіча, уладальніка Астраглядавічаў і Хвойнікаў, а Астраглядавічы пры абмежаванні апынуліся ўнутры ўладання М. Збаражскага (гл. ніжэй). Вось для каго з’явіўся клопат: а ці не паспрабуе князь альбо яго нашчадкі ў будучыні прыгарнуць да сваіх і землі Палазовічаў? І ці мог старэйшы Полаз быць упаўнаважаным Збаражскага? Выглядае так, нібы каралеўскі камісар І. Кміціч досыць адвольна вытлумачыў незадавальненне суседа.
- Хоць усе яго сыны князі Фёдар, Іван, Аляксандр і Федка ўжо стала зваліся Вішнявецкімі [15, s. 553, 576].
- Паловай Брагінскага маёнтка пэўны час валодаў, а ў 1638 г. заставіў яе на чатыры гады за 65 000 злотых і знакаміты князь Іерамія Вішнявецкі, ваявода рускі, які пазней узначаліў барацьбу з “хмяльніччынай” [12, s. 112, 113].
- Людзі гэтага роду пазней жылі ў маёнтку Барысаўшчына на Хойнікшчыне і ў фальварку Тэкліноў на Брагіншчыне, належалі да астраглядаўскай рыма- каталіцкай парафіі, хоць дзяцей да скасавання ўніі хрысцілі ў базыліянскім кляштары ў Сяльцы [гл.: 2, t. VIII, s. 324-326; Кісялёў Г. Радаводнае дрэва: Каліноўскі — эпоха — наступнікі. — Мінск: Маст. літ., 1994. — С. 162-180]
- Хойніцкі ключ у 1887 г. набылі расійскія купцы М.П. Аўраамаў і Г.С. Курындзін [НГАБ. Ф. 299. Воп. 5. Спр. 861].
- Памылка, відавочна, не створана аўтарам, а запазычана з рукапісу, бо, напрыклад, у “Русской исторической библиотеке” (Изветъ старца Варлаама по убіении розстригине царю Василію Иванновичю всея Росіи) апіска крыніцы, г. зн. “Брачин”, аўтарамі геаграфічнага паказальніка выпраўлена на “Брагин” [64, стб. 22, 973].
- Рускі палкаводзец Міхаіл Васільевіч Скопін-Шуйскі, з таго самага роду князёў Суздальскіх Шуйскіх, да якога нібыта належалі і ўладальнікі Астраглядаў ды Хойнікаў. Іх агульным продкам, магчыма, быў князь Аляксандр Яраслававіч, празваны Неўскім за перамогу над шведамі ў 1240 г. Але дакладна: апошнія з мужчын і жанчын Шуйскіх у нашай старане — стараста загальскі Адам (пам. каля 1767 г.), сын Ігнацыя, і яго дачка Людвіка Канстанцыя (пам. у 1828 г.), жонка абознага Караля Прозара.
- Пра Астраглядаўскі кляштар братоў-прапаведнікаў (Ordo fratrum Praedicatornm), як афіцыйна называлі дамініканаў, гл.: 16, s. 201-203. У інвентары 1698 г. сярод яго падпісантаў, акрамя ўладальніка маёнтка князя Дамініка Шуйскага і новага адміністратара пана Зыгмунта Шукшты, названы ксёндз Даніэль Міклашэвіч, вікарый астраглядаўскі OP, а таксама пан Самуэль Янкоўскі, пэўна, родзіч пераемніка А. Даніэля, згаданага ў 1702 г., айца Рафала Янкоўскага, таксама вікарыя. У 1712 г. А.Д. Міклашэвіч памёр тут жа ў кляштары [іл. № 12; 16, s. 203]
№ 12. Урыўкі з інвентара 1698 г. - М. Запольскі ўважаў яе за царкву св. Міхаіла [41, с. 116], але ў дакуменце сказана, што пацярпелы айцец Я. Давідовіч — настаяцель Свята-Мікольскай царквы.
Крыніцы і літаратура:
- Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych Kresach Rzeczypospolitej. Tom 11. Wojewodztwo kijowskie oraz uzupelnienia do tomow 1-10. / R. Aftanazy — Wroclaw; Warszawa; Krakow: Zaklad Narodowy imienia Ossolinskich Wydawnictwo, 1997. — 787 s.
- Boniecki, A. Herbarz Polski. / A. Boniecki — Warszawa, 1899. — T. I. — 391 s.; 1900. — T. II. — 399 s.; 1905. — T. VIII. — 401 s.
- Dubiecki, M. Karol Prozor, obozny W.W.Ks. Litewskiego. Przyczynek do dzieow powstania Kosciuszkowskiego. Monografia / M. Dubiecki — Krakow, 1897. — 335 s.
- Jelski, A. Zarys obyczajow szlachty w zestawieniu z ekonomik^ i dol^ ludu w Polsce i Litwie / Skreslil A. Jelski — Krakow, 1898. — T. II. — 359 s.
- Orlowski, K.N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey / Ks. K.N. Orlowski — Lwow, 1748. — 365 s.
- (Lietuvos Metrika). Kniga Nr. 8 (1499 — 1514) / A. Baliulis ir kt. — Vilnius: Mokslo ir enciklopedj leidykla, 1995. — 649 p.
- Kniga Nr. 9 (1511-1518) / K. Pietkiewicz — Vilnius: Zara, 2002. — 615 p.
- Slownik geograficzny Krolewstwa Polskiego і innych krajow slowianskich. — Warszawa, 1880. — Т I. — S. 620; 1886 — T. VII. — S. 690.
- SMK (Sumariusz Metryki Koronnej). Ksi^ga wpisow MK184 z Archiwum Glownego Akt Dawnych [Electronic resource] / Oprac. Janusz D^browski — Mode of access: http://www.agad.gov.pl/inwentarze/6SumariuszMK184.pdf
- Ksi^ga wpisow MK186 [Electronic resource] / Oprac. Anna Wajs — Mode of access: http://www.agad.gov.pl/inwentarze/8SumariuszMK186.pdf
- Ksi^ga wpisow MK187 [Electronic resource] / Oprac. Adam Korczynski k. 1-130, Wojciech Krawczuk k. 130-242 — Mode of access: http://www.agad.gov.pl/inwentarze/9SumariuszMK187.pdf
- Tomkiewicz, W. Jeremi Wisniowiecki (1612-1651) / W. Tomkiewicz — Warszawa, 1933. — 406 s.
- Tyszkowski, K. Aleksander Lisowski i jego zagony na Moskw§ / K. Tyszkowski — Tom V: Przegl^d Historyczno-Wojskowy / Red. Mir. Otton Laskowski. — Warszawa, 1932. — S. 1-28.
- Volumina Legum — Tom II. — Petersburg: Nakladem i drukiem Jozafata Ohryzki, 1859. — 482 s., XII.
- Wolff, J. Kniaziowie litewsko-ruscy od czternastego wieku / J. Wolff — Warszawa, 1895. — 724 s.
- Wykaz klasztorow dominikanskich prowincyi Ruskiej / Zebral Wolyniak (J. M. A. Gizycki) — Czesc II. — Krakow, 1923. — 400 s.
- (Zrodla dziejowe) — T. XX: Polska XVI wieku pod wzgl^dem geograficzno-statystycznym; T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijow — Braclaw) / A. Jablonowski — Warszawa, 1894. — 307 s.
- ZD — T. XXI: Polska XVI wieku pod wzgledem geograficzno statystycznym; T. X. — Warszawa, 1894. — 654 s.
- Zychlinski, T. Zlota ksiega szlachty polskiej. Rocznik XV / T. Zychlinski — Poznan, 1893. — 325 s.
- Акти Житомирського гродського уряду: 1590 р., 1635 р. / B.М. Мойсієнко. — Житомир, 2004. — 260 с.
- Акты, относящиеся к истории Западной России — Т. 1(6): Сборник документов канцелярии великого князя литовского Александра Ягеллончика, 1494-1506 гг. Шестая книга записей Литовской метрики / М.Е. Бычкова (отв. сост.), О.И. Хоруженко, А.В. Виноградов; отв. ред. тома С.М. Каштанов — Москва; С.-Петербург: Нестор-История, 2012. — 664 с.
- Акты, относящиеся к Южной и Западной России — Т. 12 (1675- 1676). — С.-Петербург, 1882. — 874 стр.
- Анішчанка, Я.К. Ля вытокаў паўстання 1794 г. / Я.К. Анішчанка // Беларускі археаграфічны штогоднік (БАШ) — Мінск, 2000. — Вып. 1. — С. 198-209
- Архив ЮЗР (Архив Юго-Западной России). — Киев, 1863. — Ч. 3. — Т. 1: Акты о казаках (1500-1648 гг.) — 557 с.
- Архив ЮЗР — Ч. 3. — Т. 2: Акты о казаках (1679-1716) — Киев, 1868. — 846 с.
- Архив ЮЗР — Ч. 1. — Т. 4: Акты об унии и состоянии православной церкви с половины XVII века (1648-1798) — Киев, 1871 — 938 с.
- Архив ЮЗР — Ч. 3. — Т 3: Акты о гайдамаках (1700-1768). — Киев, 1876. — 897 с. — С. 128.
- Архив ЮЗР — Ч. 7. — Т. 1: Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. — 746 с.
- Архив ЮЗР — Ч. 2. — Т. 3: Постановления провинциальных сеймиков в 1698-1726 гг. — Киев, 1910. — 942 с.
- Архив ЮЗР — Ч. 8. — Т. 6: Акты о землевладении в Юго-Западой России XV-XVIII вв. — Киев, 1911. — 624 с.
- Белоруссия в эпоху феодализма. Сборник документов и материалов — Том 2: С середины XVII до конца XVIII века, до воссоединения с Россией / Под ред. А.И. Азарова, А.М. Карпачева, Е.И. Корнейчик. — Минск: Издательство Академии наук БССР, 1960. — 562 с.
- Блануца, А. Земельні надання Сигізмунда і Старого на Українські землі Великого Князівства Литовського / А. Блануца // Україна в Центрально- Східній Европі — Київ, 2008. — № 8 (дакумент) — С. 69-70.
- Волости и важнейшие селения Европейской России. Вып. 5. — С.-Петербург, 1886. — 259 с.
- Вялікае Княства Літоўскае. Энцыклапедыя: у 3 т / рэд. Г.П. Пашкоў і інш. — Т 1 — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 688 с.; Т. 2. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2006. — 792 с.
- Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў 3-х тамах. — Т 1. — Мінск: Белкартаграфія, 2009. — 248 с; Т 2. — Мінск: Белкартаграфія, 2013. — 370 с.
- Габрусь, Т. Страчаная спадчына / Т. Габрусь, А. Кулагін, Ю. Чантурыя,
- Квітніцкая, М. Ткачоў — Мінск: Полымя, 1998. — 351 с.
- Гісторыя Беларусі: у 6 т / Рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) і інш. — Т 3: Беларусь у часы Рэчы Паспалітай (XVII-XVIII стст) / Ю. Бохан,
- Голубеў, У Емельянчык і інш. — Мінск: Экаперспектыва, 2004. — 344 с.
- Документальна спадщина Свято-Михайлівського Золотоверхого монастиря у Києві ХVІ-ХVШ ст. З фондів Національної бібліотеки України імені В.І. Вернадського. Зб. док. [Текст] / Ю.А. Мицик,
- В. Сохань, Т.В. Міцан, І.Л. Синяк, ЯВ. Затилюк — Київ, 2011. — 559 с.
- Янушкевіч, Я. Дыярыюш з XIX стагоддзя. Дзённікі Міхіла Галубовіча як гістарычная крыніца / Я. Янушкевіч — Мінск: Хурсік, 2003. — 350 c.
- Жизнь князя Андрея Михайловича Курбского в Литве и на Волыни — Том 1. — Киев, 1849. — 337 с.
- Запольский, М. Брагинская волость (исторический очерк) / М. Запольский // Календарь «Северо-Западного края» на 1889 год. — Москва, 1889. — С. 113-117.
- Исторические материалы из архива Киевского губернского правления. Выпуск 5. / Сост. ред. неофициальной части Ал. Андриевский. — Киев, 1883. — 226 с.
- История России / Под ред. А.Н. Сахарова — Т. 1: С древнейших времён до конца XVIII в. — Москва, 2003. — 944 с.
- Клепатский, П.Г. Очерки по истории Киевской земли / П.Г. Клепатский — Т. 1: Литовский период. — Одесса, 1912. — XLIV, 599 с.
- Книги разрядные — Том 1. — С.-Петербург, 1853. — 707 с.
- Кондратьєв, І.В. Любецьке староство (XVI — середина XVII ст.) / І.В. Кондратьєв — Чернігівський національний педагогічний університет ім. Т.Г. Шевченка; Історико-археологічний музейний комплекс «Древній Любеч». — Чернігів: Видавець Лозовий В.М., 2014. — 384 с.
- Крикун, Н.Г. Административно-территориальное устройство Правобережной Украины в XV-XVIII вв. / Н.Г. Крикун — Киев, 1992. — 184 с.
- Літвін, Г. Сувязі эліты ВКЛ з Кіеўшчынай у 1569-1648 г. / Г. Літвін // Беларускі гістарычны агляд (БГА). — Мінск, 2011. — Т. 18. — С. 3-19.
- Любавский, М.К. Областное деление и местное управление ЛитовскоРусского государства ко времени издания первого Литовского статута. Исторические очерки / М.К. Любавский — Москва: Университетская типография, 1892. — 984 с.
- Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. — Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. — C. 181-182.
- Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Мінску (НГАБ) — Ф. 142. — Воп. 1. — Спр. 1475, 1481.
- Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Мінску (НГАБ) — Ф. 320. — Воп. 1. — Спр. 1.
- Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Мінску (НГАБ) — Ф. 333. — Воп. 9. — Спр. 59, 263.
- Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Мінску (НГАБ) — Ф. 694. — Воп. 7. — Спр. 871.
- Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Мінску (НГАБ) — Ф. 1089. — Воп. 1. — Спр. 3.
- Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Мінску (НГАБ) — Ф. 1728. — Воп. 1. — Спр. 19.
- О начале войн и смут в Московии / Исаак Масса. Пётр Петрей. — Москва: Фонд Сергея Дубова, Рита-Принт, 1997. — 560 с.
- Описание архива западнорусских митрополитов. — Т. 1: 1470-1700. — С.-Петербург, 1897. — VIII, 503 с.
- Описи актовых книг Киевского центрального архива. — № 38 / Сост. Е.П. Дьяковский — Киев: Типография Т.Г. Мейнандера, 1906. — 110 с.; № 32, 34 / Сост. А.Т. Белоусов — 1907. — 23 c., 32 c.
- Падалінскі, У. [Рэцэнзія] / У. Падалінскі // Беларус. гіст. агляд. — 2012. — Т. 19. — С. 329-337. — Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Rowni do rownych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569-1648. — Warszawa, 2009.
- Памятники дипломатических сношений Московского государства с Польско-Литовским. — Т. 1. (1487-1532). — С.- Петербург, 1882. — 870 с.
- Полехов, С.В. «Список городов Свидригайла». Датировка и публикация / С. Полехов // Древняя Русь. Вопросы медиевистики. — Москва, 2014. — № 4 (58). — С. 111-125.
- Россия. Полное географическое описание нашего Отечества / Под ред. В.П. Семёнова. — Т. 9: Верхнее Поднепровье и Белоруссия: [Смоленская, Могилевская, Витебская и Минская губ.] / Сост. В.П. Семенов, М.В. Довнар-Запольский, Д.З. Шендрик [и др.]. — С.-Петербург: Издание А.Ф. Девриена, 1905. — VIII, 620 с.
- Русская историческая библиотека (РИБ).- Т. XIII. — С.-Петербург, 1891. — 524 с.
- Русская историческая библиотека (РИБ) — Т. XXX: Литовская метрика. Отд. 1-2. Ч. 3. Т. 1. — Юрьев, 1914. — 538 с.
- Сказания современников о Дмитрии Самозванце. — Изд. 3-е. — Ч. 1: Бер, Паерле, Маржерет и Де-Ту. — С.-Петербург, 1859. — XII, 464 с.
- Скрынников, Р.Г. Россия в начале XVII в. «Смута» / Р.Г. Скрынников — Москва: Мысль, 1988. — 283 с.
- Акт о разделе имения Брягин. 1574 г. // Беларускі археаграфічны штогоднік — Выпуск 1. — 2000. — С. 185-194.
- Список землевладельцев Минской губернии. 1889 г. — Минск: Мин. губ. стат. ком., 1889. — 419 с.
- Список землевладельцев Минской губернии. 1911. — Минск: Мин. губ. стат. ком., 1911.
Аўтар: С.В. Бельскі
Крыніца: Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А.Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. — 142 с.: ил. Ст. 4-39.